Убачыў гэта й Васiль - ён адразу пазнаў сястру.
   "Бедная Марылька... Так знудзiлася!" - падумаў ён. Захацелася паддаць шпорамi, вынесьцiся ўперад i абняць яе - бедную сястрычку, прыцiснуць да грудзей, ды пацешыць радаснымi навiнамi аб Гаспадарскай ласцы, аб дастатку й багацьцi... Аж сьлёзы выступiлi ў беднага Васiля ад разчуленасьцi. Аднак уперадзе скача Ваявода, i выпярэджваць яго нельга. Васiль не адрывае радасных вачэй ад каханай сястры, i ўжо... гатовы прамаўляць ёй словы пацехi... Ужо блiзка... Блiзка... Аднак...
   Марыля спыняецца пасярод дарогi й, задыхаючыся ад хуткага бегу, крычыць:
   - Фёдар! Каханы мой! - твар яе пламенiцца, вочы iскрацца, i высока ўздымаюцца грудзi...
   Ваявода на поўным скаку асаджвае каня й, нiзка перагнуўшыся ўбок, падхоплiвае яе ў сядло...
   - Як гэта? - зьбянтэжана аглядаецца Васiль, ня верачы сваiм вачам. Марыля... Ваявода... Хто-ж бы сказаў?... А я?... Вось табе й маеш! Не, як-жаж гэта?...
   А шчасьлiвая маладая пара ўжо скача далей, шчыльна прытулiўшыся адно да другога. Моцная рука Фёдара пяшчотна трымае дарагую ношу, а Марыля, плачучы ад радасьцi, углядаецца ў яго мужны й прыгожы твар.
   - Фёдар... - шапоча яна. - Ты мой?...
   - Твой, мая каханая!... Твой, да скананьня!...
   Прасьлязiўся й стары Бай, разабраўшыся ў здарыўшымся. Забыты вянок споўз яму амаль на нос i казыча пад вокам намоклымi ад сьлёз пялёсткамi. Зоська, падабраўшы спаднiцу, саскочыла з возу й, сама ня ведаючы чаго, схавалася за атарапелых дзяўчат...
   Не апрытомнеўшы яшчэ Васiль, адчуў, як на плячо яму лягла цяжкая рука, i голас Кандрата Тура прамовiў:
   - Ну вось, а цяпер будзем дзеўку прапiваць! Цi што?...
   - Ды яно нiбы так... - пагадзiўся Васiль. - Толькi як-жа яно атрымоўваецца? Калi-ж яны? Так цi што?
   - Тады, як мы i ты спаў! - супакоiў Кiрым.
   - На гэтым i маё сватаўство канчаецца! - задаволена накручваючы вуса, прамовiў, пад'яжджаючы, Князь Жыгiмонт. - Але рушнiка ўсёроўна не падарую! Такi ўжо звычай! - i, трохi памаўчаўшы, павярнуўся да Архiрэя Рыгора. - А цяпер, няхай Ваша Прэасьвяшчэнства не марудзiць, бо й мне ня церпiцца за вясельны стол сесьцi, дый iм... - усьмiхаючыся, паказаў ён на аддаляючыся вiхрык пылу, падняты капытамi Фёдаравага скакуна...
   30. ТУТ I ТАМ
   Вясельле было гучнае. Гасьцям ня ведалi лiку. У Слуцку, Грозаве й Копылi два тыднi не змаўкалi песьнi й покатам валялiся п'яныя. Тады йзноў два тыднi апахмялялiся. Навакольны народ чатыры тыднi пiў бяз просыпу.
   На вясельных турнiрах i гонках - удзельнiчалi паўсотнi ведамых Драбаў i Рыцараў. Шаснаццаць зь iх было цяжка параненых i чатыры забiтых. Мова аб вясельлi разышлася па ўсёй Лiтве, а чужаземцы вынесьлi яе ў далёкiя куткi Эўропы, i нават Палястыну.
   Васiль усё нiяк ня мог паверыць у здарыўшаеся й, абдымаючыся зь Князем Жыгiмонтам, мармытаў:
   - Як-жаж так?... Нечакана, негадана!...
   - Так яно й бывае... Як зь неба... - ледзь варочаючы языком адказаў Князь, забыўшыся, што ведаў аб рыхтаваным сватаўстве, i нават, што сам быў сватам.
   Сенька з Пагосту квартамi пiў мёд i пiва, i загадаў свайму напаўжывому ад хмелю пачоту, каб насiлi за iм, праз увесь час вясельля, хмяльныя напоi ў вёдрах. Дзе зьяўляўся ён, там пiлi да безпрытомнасьцi.
   З ганцом выслалi ў Трокi скiбу караваю й баклагу старога мёду.
   * * *
   А ў Троках кiпела зусiм iнакшае жыцьцё. Ганцы, паслы й дарадчыя, удзень i ўночы соўвалiся па Замку. Нясьлiся па дарогах конна, прабiралiся пушчамi, палямi, пераапранутыя жабракамi, мнiхамi, гандлярамi... Вiтаўт - Гаспадар Зямлi Лiтоўскае, працаваў. Нiхто ня бачыў яго адпачываючым, нiхто ня ведаў, калi ён сьпiць...
   Спатканьне ў Гораднi, але затым у Вiльнi. Ягайла пры вiдзе моцы Лiтоўскае, мусiў адрачыся ад пасаду Вялiкага Княства Лiтоўскага, i вызнаць на вякi вечныя пасад гэты за Вiтаўтам Кейстутавiчам - на ўцеху й радасьць усёй Лiтвы, Жамойцi, Лiвонii й Земляў Кiеўскiх ды Валынскiх.
   Станiслаў быў пазбаўлены Ваяводзтва Крэўскага, i яму быў забаронены ўезд у межы Лiтвы.
   У Мальборку, Крыжацкая Капiтула, пачуўшы гэтыя весткi, у поўным складзе сабралася й доўга слухала апраўданьняў Камандора Кройцэнбэрга аб яго няўдачы. Куно фон Лiхтэнштайн у душы радаваўся правалу пляну Кройцэнбэрга, i намячаў свае пляны.
   Ульрых фон Юнгiнген скрыгатаў зубамi - ён прагнуў вайны. А Вялiкi Магiстар Ордэну Конрад, з надзеяй i ўдзячнасьцю малiўся Богу - вайны зь Лiтвой ён баяўся, i яе адцягваў, хаця добра ведаў, што яна няўхiльная.
   - Чым даўжэй ня будзе вайны, - прамовiў ён, - тым даўжэй будзе служыць Богу наш Ордэн! Вайна не прынясе нам нiчога. Лiтва моцная й непераможная! На ёй Масква паламала зубы, на ёй Арда Мангольская разьбiлася, яе баiцца Iмпэратар Рымскi!... Польшчы, мы яшчэ далi-б раду, нават i з Мазурамi разам, а вось Вiтаўта ня зломiм. Гэта не гарэх, а камень!
   - Але на камень ёсьць молат! - запальчыва ўскрыкнуў Ульрых фон Юнгiнген, якому прамова брата зусiм не спадабалася.
   - Не па нашаму молату гэты камень! - супакоiў яго Конрад. - Ярылам ён створаны, Пяруном гартаваны, а Збаўцам душою надзелены!...
   Канец Першае часткi
   ЗАЎВАГI
   1. Вавель - Каралеўскi Замак у Кракаве.
   2. Камандор - Вышэйшы ступень у Рыцарскiх Ордэнах.
   3. Тэмплiеры - Рыцары Храма, хаўрусьнiкi Крыжакоў, удзельнiкi Крыжовых паходаў у Палестыну. У 14-м стагодзьдзi Ордэн канчаткова заняпаў. Адзнакi: Чырвоны плашч i белы крыж.
   4. Прыёр - Настаяцель Манастыра.
   5. Мiзэрыкордыя - Цi "Ласка Божая", доўгi тонкi кiнжал, служыць для дабiваньня паваленага ворага праз краты забрала.
   6. Капiтула - Ордэнская Рада.
   7. Магiстар - Вярхоўны кiраўнiк Рыцарскага Ордэну.
   8. Мальборк - Марыенбург, Сталiца Крыжацкай Прусii й сядзiба Магiстра.
   9. Сотня Рыцараў - Разам з пачотамi тварыла добра ўзброены полк звыш за 1000 чалавек.
   10. Здабыў шпоры й пас - Быў пасьвечаны ў Рыцары (У Лiтве - у Драбы).
   11. Доннэр вэтэр - Нямецкi Праклён. Даслоўна: доннэр - гром, вэтэр пагода.
   12. Брат - Памiма кроўнага сваяцтва мiж Вiтаўтам i Ягайлай, iснуе й да сёньня звычай, што Гаспадары Краiн называюць адзiн аднаго Братам.
   13. Банiфацыi - Зямельныя абшары, падораныя Гаспадаром Царкве цi Манастыру.
   14. Крупэр i нагруднiк - Сталёвы панцыр, закрываючы грудзi й зад (круп) каня.
   15. Ня ўзяў лупу - Па праву, да пераможцы пераходзiць у форме "лупу" (здабытку) узбраеньне, конi й маёмасьць пераможанага, быўшая зь iм.
   16. Панцырныя баяры - Сяляне, атрымаўшыя зямельны надзел з Гаспадарскiх рэзэрваў. У адплату павiнны па першаму зову зьявiцца ў Вялiкакняжую Дружыну з канём, са зброяй i ў панцыры (адсюль i назоў гэты). Мелi свае прывiлеi.
   17. Талака - Звычай у Беларусi дапамагаць усёй вёскай пацярпеламу.
   18. Галябарда - Сякера на доўгiм тронку. Замест абуха мае гак, каб сьцягваць працiўнiка з каня. Зброя пяхоты.
   19. Капа - Цi Копны Суд, адпраўляны народам на мейсцы капой (грамадой).
   20. Сьвяты Юры - Апякун i патрон сусьветнага Рыцарства.
   21. Гараднiчы - Камандант Замку (вайсковы).
   22. Дзядзiнец - Цэнтральная, каменная частка Замку.
   23. Трапеза - Прасторная заля пры Царкве, служачая сьвецкiм мэтам.
   24. Чорныя Яры й Мёртвы Камень - Баечныя мейсцы зборак нячыстай сiлы.
   25. Паедынкi сурова забароненыя - Вельмi часта гэтая забарона парушалася. Яна йснавала толькi для выгляду.
   26. Зьвярнуць рукавiцу на канцы дзiды - Прыняць выклiк.
   27. Засьценак - Селiшча дробнай шляхты, ненавiдзячай простае сялянства.
   28. Пасаднiк - Намесьнiк Вялiкага Князя.
   29. Забарола - Зубцы на сьцяне ўмацаваньняў (бар'ер). Скважнi - прамежкi мiж зубцамi.
   30. Фартуна - Мiфiчная Багiня шчасьця.
   31. Грыднiца - У дадзеным выпадку, кашары дружыньнiкаў (грыдзей). Але Грыднiцай звалася й вялiкая заля, дзе адбывалiся нарады й бяседы Князёў з дружынаю.
   32. Гарод - Загарожа, частакол. Адсюль: Горад, Гараднiчы, i г.д.
   33. Гот мiт унс! Форвэртс! - З намi Бог! Уперад!
   34. Луп - Водкуп. Ад слова лупiць, злупiць.
   35. Славянская калегiя (Сэмiнар) - Навуковая ўстанова для апалячваньня дзяцей Беларускiх магнатаў i шляхты. Закладзена Ядзьвiгай i Ягайлам у 1390 годзе.
   36. Кунак - Сябра (татар.).
   37. Гарматнае зельле - Порах.
   38. Намеднi - Учора (рас.).
   39. Досуг - Вольны час (рас.).
   40. Леньнiк - Чалавек, атрымаўшы маёнтак цi Замак, бяз права спадчыны.
   41. Збраяносец - Вучань i памочнiк Драба. Кандыдат у Драбы (Рыцары). Звычайна збраяносцамi былi маладыя людзi з шляхетных сем'яў.
   42. Валяць! - Iдуць. Ад словаў "iдуць валам".
   43. Вяночак - Адзнака дзявочай нявiннасьцi.