- Да нас даходзяць весткi, што Кароль рыхтуецца да вайны з намi. Што мы яму на гэта скажам?
   Пагляд Гаспадара спынiўся на Фёдару, як-бы заклiкаючы выказацца. Але Ваявода моўчкi вытрымаў гэты пагляд, не прамовiўшы нi слова.
   Шумiлiнскi Войт з глухiм стогнам заскрыгатаў зубамi. Такая вялiкая была яго ненавiсьць, што адбрала яму дар мовы. Як заўсёды гарачы, Яраслаў Смаленскi ў лютасьцi грымнуў кулаком па сталу, мала ня выкруцiўшы пры гэтым сабе руку. Ваявода зь Вiцебску падскочыў са свайго крэсла з крыкам:
   - Да зброi! Лiтва й Пярун!
   Гэты клiч падхапiла бальшыня прысутных. Вымахваючы булавамi, мячамi, сякерамi, усе пазрывалiся са сваiх мейсцаў з крыкам ненавiсьцi, заклiку й праклёнамi. Разьнесьлiся выгукi:
   - ...Даволi! Хай жыве Вiтаўт - Кароль Белай Русi! Да зброi! Лiтва й Пярун! ...на Кракаў! Сьмерць Ягайлу!...
   Нарада прыняла гучны й ваяўнiчы выгляд, лязгат жалеза, крыкi, тупат зьлiлiся ў адзiн гул. Гул трывожны й страшны - вяшчаючы прыблiжэньне навальнiцы...
   Але па знаку Вiтаўта, як ад чарадзейства, наступiла магiльная цiшыня, гнятучая й жудасная, як сама сьмерць.
   Карыстаючы з гэтай цiшы, Ваявода Фёдар загутарыў рашучым i цьвёрдым голасам:
   - Вялiкi Гаспадар! Шаноўныя Драбы! Мы сабралiся тут не для таго, каб выкрыкваць ваяўнiчыя клiчы й размахваць зброяй. На гэта будзе свой час. А для таго, каб вырашыць, як нам быць i як нам прынесьцi найбольшую карысьць нашай Вялiкай Дзяржаве. Уважаючы гэта за нашую першачарговую мэту, я лiчу, што ўвязвацца ў вайну з Польшчай у гэты час нам нельга, - Па залi прайшоў ропат незадавальненьня, але Фёдар, не зважаючы на гэта, працягваў. - Нашы разлад з Каралём адразу-ж выкарыстаюць Немцы, Маскалi й Манголы. Я ўжо бачу, як яны падзеляць мiж сабой нашыя й каронныя землi: Старая Кiеўская Русь i Валынь разам з Кiевам дастанецца Хану, Жамойць - Немцу, а Белая Русь разам зь Вiльняй i Полацкам - Маскалям. Гэта будзе канец Вяклiкага Княства Лiтоўскага! Польшчу й Мазоўша, разам са Жамойцю забяруць Крыжакi. Гэта канец Кароне Польскай!
   - Дык што-ж, Ваявода, прапануеш? - пачуўся строгi голас Вiтаўта.
   - Я прапаную паклiкаць пасла Польшчы й спытаць у яго, што значаць непрыязныя й нядобрасуседзкiя паводзiны Караля. Калi ён нам нiчога пацяшаючага ня скажа, то... - Ваявода спынiўся й абвёў позiркам сваiх слухачоў. Адны ўважлiва слухалi канца прамовы, другiя крывiлiся ад незадавальненьня, а трэцiя, толькi з павагi да ўважлiва слухаўшага Вiтаўта, стрымлiвалi крыкi незадавальненьня. Шумiлiнскi Войт Пётра Ларывонавiч ледзь стрымлiваўся, каб ня кiнуцца зь мячом на Ваяводу. Але Фёдар, перакананы ў сваёй праваце, гучна закончыў. - Трэба выслаць пасла ў Кракаў. Толькi тады, калi гэта нам нiчога ня дасьць, мы будзем у праве ўзяцца за зброю.
   Iзноў настала цiшыня. Маўчалi ўражаныя неспадзяванай прапановай.
   Раптам ускочыў Войт Велiкалукскi. Паказваючы на Фёдара пальцам, ён хрыплым ад шалу голасам закрычаў:
   - Ваявода! Ты альбо баягуз, альбо здраднiк! Iнакш тваёй прапановы вытлумачыць нельга! Ганьба!... Ганьба!... I ты яшчэ маеш нахабства насiць залатыя шпоры? Ганьба!...
   Ваявода Фёдар у сваю чаргу падскочыў i, схапiўшы баявую рукавiцу, са злосьцю кiнуў яе Скабелю. Рукавiца з грукатам пакацiлася па каменнай падлозе пад ногi атарапелага й адразу спужанага Войта. Скабель добра ведаў спрыт i ўменьне, зь якiм Ваявода ўпраўляецца са зброяй. I таму ён адразу пашкадаваў аб сваей гарачнасьцi, але нiчога ня зробiш - слова не верабей, выляцела - i назад ня зловiш. Ён з паказным гонарам падняў рукавiцу на кончык мяча й, працягваючы яе Фёдару, прамовiў:
   - Я прыймаю твой выклiк, Ваявода! Хай Бог разсудзiць, хто з нас мае рацыю.
   - Я хачу бачыць цябе заўтра! - адказаў Фёдар. - Там, дзе адбываюцца паедынкi: на Воўчай Паляне!
   - Згода!...
   Умяшаньне Вiтаўта спынiла гэтую гутарку. Незадаволеным тонам ён заўважыў:
   - Дагаворыцiся потым! А Вялiкi Гэрольд зробiць усё, што для гэтага трэба... Зараз вернемся да справы! Хто яшчэ хоча што-небудзь сказаць?
   Маўчаўшы дасюль Князь Жыгiмонт Карыбут зь мейсца прамовiў:
   - Польшча прычынiла нам шмат зла й стараецца рабiць яго далей. Але гэта ня значыць, што мы зараз-жа павiнны яе правучыць. Не! Усяму свой час. Ваявода Грозаўскi мае рацыю, заклiкаючы да асьцярожнасьцi. I я, са свайго боку, падтрымваю яго. Нават болей, я ўважаю выгадным для нас пайсьцi на некаторыя ўступкi, калi Кароль гэтага зажадае. Да пары трэба захаваць з Польшчай мiр. Яна не такi ўжо страшны сусед, як камусьцi гэтага хацелася-бы. Ёсьць суседзi й пажахлiвей! Iх трэба сьцерагчыся, а Польшчу мы заўсёды ўправiмся прысьмiрыць!
   Гэты выступ Жыгiмонта зрабiў сваё. Князя ведалi як разумнага й адважнага мужа. I бальшыня прысутных прызнала й пагадзiлася зь неабходным. Не зважаючы на адзiнкавыя галасы пратэсту, вырашылi выслухаць польскага пасла. Вiтаўт даў сваю згоду, i за паслом было паслана.
   Праз кароткi час Маршал урачыста абвесьцiў:
   - Пасол Польскi Станiслаў, Ваявода Крэўскi!
   Пасол у суправодзе невялiкага але пышнага пачоту, горда падняўшы галаву, увайшоў у залю.
   Вочы Вiтаўта злосна блiснулi - ён яшчэ не забыўся, што гэты самы Станiслаў быў нядаўна ягоным турэмшчыкам.
   Кiрым Бей, стаяўшы за крэслам Фёдара, уздрыгнуў i нешта хуценька ды ўпэўнена зашаптаў яму на вуха, паказваючы вачамi на ўвайшоўшага. Фёдар у адказ толькi крыва ўсьмiхнуўся й упiўся вачамi ў пасла.
   - З ласкi Божае Караля Польскага й Вялiкага Князя Лiтоўскага Ягайлы Альгердавiча, пасланьнiк да двара Князя Вiтаўта Кейстутавiча, Ваявода Станiслаў з Крэва! - прадставiўся пасол. Ён упэўнена выставiў уперад правую нагу, бразнуўшы пры гэтым шпорай, i застыў у чаканьнi высьвятленьня прычыны такога надзвыйчайна пасьпешнага выклiку. Уся яго постаць дыхала гонарам i пыхай. I можна было падумаць, што стаiць не звычайны пасланьнiк, а сам Кароль, прыйшоўшы надзяляць ласкай цi няласкай.
   Вялiзарным высiлкам волi Вiтаўт прымусiў сябе праглынуць гэтую абразу. Але затое, насуперак усiм правiдлам, устаноўленым цырыманiялам, ён вымiнуў усе належачыя ў такiх выпадках фармальнасьцi й абмен прывiтаньнямi. Чым выказаў сваю пагарду як да самаго пасла, дык i да таго, хто яго паслаў.
   Наўмысьля выгодна развалiўшыся ў крэсьле й бавячыся з залатой бахрамой мяча, ён загутарыў зь лянiвым выглядам, але выклiкаючым тонам:
   - Слухай, пасол Яго Мосьцi! Да нас дайшлi весткi, што наш дарагi Брат, а твой Ваявода Валадар, хоча пазабавiцца звонам зброi? Кажуць, што ён хоча пачуць, як грымiць зброя Лiтвы! Напэўна думае, што пайржавелi мячы ў похвах Лiтоўскiх Драбаў, што прытупiлiся сякеры й ня востраны дзiды? Ад таго часу як Яго Мосьць уйшоў у Польшчу, ён, вiдаць, забыўся, як крышыць панцыры лiтоўская булава... Як пралазiць праз краты забрала лiтоўская страла... Я думаю, што ён забыўся, бо кажуць людзi, нiбы зьбiрае ён свае Дружыны на нашых межах. Цi так гэта, Ваявода? I хай твой адказ будзе праўдзiвы! - на апошнiх словах голас Вiтаўта грымеў, як раскаты грому.
   Па сьпiне Станiслава пабеглi мурашкi. Не ад страху, ён ня быў баязьлiвы. Але ён добра зразумеў адказнасьць хвiлiны, пагэтаму пастараўся адразу прыняць самы прыязны выгляд, а словам сваiм прыдаць як найболей шчырасьцi й сардэчнасьцi:
   - Гаспадар! Ты сам добра ведаеш, што гэтыя весткi йлжывыя. Злыя языкi, варожыя табе, Княжа, i Яго Мосьцi Каралю, разпускаюць iх. Яснавельможны Кароль лiчыць за гонар мець такога Брата й суседа як ты, Княжа! Няма ў Лiтвы вярнейшага прыяцеля, чым мой Валадар. - Станiслаў пачцiва пакланiўся, баючыся вынiку гэтае нарады. - Ня вер, Княжа, злым плёткам!
   - Лiчыць за гонар, кажаш?... Ну добра! Хай Крэўскi Замак будзе таму зарукай!
   Пры гэтых словах Вiтаўта Ваявода Станiслаў засмучана апусьцiў вочы й, разьвёўшы рукамi, прамовiў:
   - Забудзь, Княжа!... Не варта... Хто старое памяне, таму вока вон...
   Пачаўшы было супакойвацца гнеў Вялiкага Князя ўспыхнуў з новай сiлай i залiў твар густой чырваньню. Стрымлiваючы сябе, ён зашаптаў, але так, што нават у самых аддаленых кутках залi было выразна чуваць:
   - Бач як яно выходзiць! Калi Вiтаўт нешта крыўднае ўспомнiць, дык яму кажуць: "Не памiнай! Забудзь!" А калi Кароль успомнiць i зброяй бразгаць пачне, то гэта нiчога. А мо нават i добра... Так, Ваявода? Не?
   - Што Ваша Высокасьць мае на ўвазе?... - Станiслаў ужо бачыў ва ўяўленьнi, як Лiтоўскiя Дружыны, на чале з гнеўным Вiтаўтам, руйнуюць Кракаў...
   - Што маю на ўвазе? Шмат! Шмат, Ваявода! Аж зашмат!
   - Ваша Высокасьць, я прасiў-бы...
   - I не патрабуеш прасiць! - перабiў Вiтаўт. - Я сам табе прыпомню! Толькi маленькую частку!... Памятаеш, калi я замест таго каб ехаць у Кракаў, на хрэсьбiны, павёў Дружыну на ўзбунтаваўшыся Бранск? Памятаеш, калi я адмовiўся парушыць старыну Лiтоўскую й ня даў нiшчыць Праваслаўе? Калi я ня даў багатых банiфацыяў[13] Каталiцкiм Кляштарам?... Цi ня бразгаў тады Кароль зброяй!? Цi не напамiнаў ён мне ўсё гэта пры кожнай нагодзе й нават без нагоды? Чаму-ж ты яму тады не сказаў, што за гэта "вока вон"?
   - Ваша Высокасьць перабольшвае! Кароль ужо даўно прабачыў усе гэтыя правiны, i нiколi аб iх не ўспамiнае!
   - Вось ты кажаш: "прабачыў". А хто ў яго прасiў прабачэньня?... У кожным разе ня я! Можа з вас хто? - i Вiтаўт зьвярнуўся да Нарады.
   Суровае маўчаньне было яму адказам.
   - Ваша Высокасьць злаўжывае цярпеньнем i дабратой Яго Каралеўскае Мосьцi... - абразiўся Станiслаў.
   - Чуеце, што ён кажа?! - ускочыў Вiтаўт. - Я злаўжываю! Я, каторы сурова й пiльна даглядаю, каб усе дамовы выконвалiся сумленна й непарушна. Цi думеш ты, Ваявода, аб тым, што гаворыш? Твой Валадар злаўжывае нашым цярпеньнем! I цярпеньню прыходзiць канец! Сьцеражыцеся тады!...
   - Ваша Высокасьць! Я ведаю, што я кажу! I адказваю за сказанае! Па першае: Кожнае слова Вашай Высокасьцi гучыць як абраза майму Валадару - Каралю Польскаму! Па другое: Ваша Высокасьць не дагледзiлi, што дагавор аб свабодзе руху падданых Кароны Польскай на землях Лiтоўскiх парушаны! I стала парушаецца! Каталiцтва ў Лiтве перасьледуецца й гонiцца горш за паганства! Жыцьцё й маёмасьць Лiтоўцаў-Каталiкоў знаходзiцца ўвесь час у небязьпецы! Цi ня гэта, Ваша Высокасьць называе суровым i пiльным даглядам за выконваньнем дагавароў?... Але Кароль добры. Ён церпiць i молiцца!
   Вiтаўт доўга маўчаў, пiльна ўглядаючыся ў вочы Станiслава. Нарэшце ён загаварыў - ня так сурова, як перад тым, але насьмешлiва:
   - Ваявода, ты сам ведаеш, што хлусiш. Ведаю я, куды ты гнеш. З хворай галавы на здаровую зьвярнуць хочаш? Ня выйдзе! Бо б'е банда апрышак ня толькi Каталiкоў i Палякаў, а й Лiтоўцаў i Праваслаўных! Доказам гэтаму могуць быць Мацей Вадзянiк, перавожчык з Прыпяцi, зь сям'ёю. Пасёлак Чапрукi, спалены разам з жыхарамi. Стары гусьляр Макар Сьляпы й яго павадыр, забiтыя недалёка Вiцебску. Праўда, хлапчука знайсьцi не ўдалося... I шмат, шмат iншых... Але ведай, Ваявода, што пасьля гэтае нарады нядоўга ўжо будуць гуляць апрышкi!
   Станiслаў адчуў, што навальнiца прайшла: Вiтаўт зьмякчыўся, а раз так, то й апасацца болей няма чаго. Ён крыва ўсьмiхнуўся й, неяк нязграбна пакланiўшыся, папрасiў:
   - Вялiкi Княжа, дазволь мне пайсьцi. Я сёньня вельмi стамiўся...
   - Можаш iсьцi сабе! Усё, што нам было трэба, мы пачулi.
   Пасьля таго як Пасол выйшаў, нарада хутка наблiзiлася да канца. Вырашана адправiць свайго Пасла ў Кракаў. Выбар Вiтаўта й згода прысутных палi на iнiцыятара гэтай задумы - Ваяводу Фёдара Грозаўскага, калi ён будзе жывы й здаровы пасьля паядынку з Войтам Скабелём.
   - А цяпер, вырашым каго пашлём на пошукi гэтай банды апрышак, - сказаў Вiтаўт. - Можа, ёсьць ахвотнiкi?
   Нiхто з прысутных не абазваўся, бо лiчылi, што мала гонару, а яшчэ менш задавальненьня ў "шуканьнi ветру ў полi".
   - Значыць, ахвотнiкаў няма? - запытаў iзноў Вiтаўт. - Ну што-ж, прыйдзецца кагосьцi вызначыць. Дык вось! На пошукi пайдзе сотнiк Васiль з Капыля, палку Ваяводы Грозаўскага! Ваявода, клiч яго сюды!
   - Ён тут, Ваша Высокасьць!
   Васiль, выступiўшы ўперад, нiзка пакланiўся Вялiкаму Князю. Усе прысутныя зь цiкавасьцю прыгледзелiся гэтаму невядомаму дасюль чалавеку, i кожны адчуў, што Гаспадар выбраў яго не надарма - гэта была нейкая, яшчэ нiкому не зразумелая ласка...
   10. СУСТРЭЧА
   Цэлыя хмары вераб'ёў зь вясёлым i клапатлiвым шумам варушылiся на вулiцы, вышукваючы на абмёрзлым i ўтаптаным сьнезе чаго-небудзь да ежы. Мароз адпусьцiў зусiм, i надвор'е стаяла яснае й сьвежае. Празрыстая нябесная далячынь зiхацела асьляпляючым блакiтам. I адтуль радасна ўсьмiхалася сонейка, як-бы абяцаючы хуткую вясну. У адказ яму звонка барабанiла капель.
   З самай ранiцы Вялiкi Князь адправiў сотню жаўнераў на Воўчую Паляну, каб для паядынку добра ўтапталi сьнег.
   Вялiзарная паляна напоўнiлася людзьмi. Маладзейшыя дружыньнiкi адразу завязалi бой у сьнежкi, умiнаючы рыхлы сьнег цэлымi дзялянкамi. Стары сотнiк з усьмешкай пагладжваў вусы, назiраючы за абаротамi "бою". Старэйшыя й паважнейшыя воi ўпарта й сумленна тапталiся на мейсцы, прымiнаючы сьнег стапа за стапою. I хоць праца тут выконвалася шчыра, аднак у моладзi яна йшла хутчэй. I ня дзiва - бо цi-ж умнеш столькi нагою, колькi прыплешча шырокая сьпiна...
   I вось паляна ўбiта. Засталося толькi дзе-нiдзе выраўнаць няроўнасьцi. Пакiнуўшы гэта старэйшым, сотнiк загадаў маладым iсьцi падправiць лаўкi для гледачоў i бар'еры, працягнуўшыяся на ўскраiнах. Стук сякер i звон маладых галасоў рэхам пакацiлiся па пушчы.
   Дзесь зь непраглядных лясных нетраў вылез лясьнiчы, валасаты й страшны як зубр. Акiнуўшы вокам паляну, ён, нiчога ня кажучы, сеў на сьвежы бярозавы пень i, нешта перажоўваючы, стаў прыглядацца да працы.
   У поўдзень стук сякер зацiх. Жаўнеры, сабраныя каля вялiзарных вогнiшчаў, падагравалi мяса й пiва на абед, зь нецярпеньнем чакаючы на прыезд працiўнiкаў.
   Першымi на мейсца паядынку прыехалi чужаземцы на чале з Графам дэ ля Шэр. Ваяўнiчы Шкот, Алан Марцiмер Мак Марцiмер, адразу-ж памалу аб'ехаў паляну, прымяркоўваючыся да магчымасьцяў бою, i стараючыся вызначыць найвыгаднейшую пазiцыю. Падняўшы некалькi разоў на дыбкi свайго рудога каня, ён пераканаўся ў цьвярдынi сьнежнай падлогi. З задавальненьнем ён пад'ехаў да сьпешыўшыхся каля вогнiшча сваiх спадарожнiкаў.
   - Я спадзяюся, Вы знайшлi масу недахопаў? - з насьмешкай заўважыў Граф, пацiраючы над агнём рукi.
   - Не, на вашы жаль, не знайшоў - прахрыпеў у адказ Шкот, - але думаю, што байцы, к вашаму, Граф, задавальненьню, будуць у горшым стане...
   - Чаму гэта к майму задавальненьню?
   - А таму, што начныя прагулянкi па лесе, ды яшчэ напярэдадне паедын...
   Гутарка раптоўна абарвалася. Да вогнiшча пад'ехаў усiмi нелюбiмы Камандор фон Кройцэнбэрг. Шкот памаленьку адыйшоў ад сабраных i йзноў апынуўся каля свайго каня. Ласкава пагладзiў па шыi й занёс нагу ў стрэмя. Умошчваючыся ў сядле, недаверлiва зiрнуў на Графа й прамармытаў:
   - Лiс сьнiўся не на дарма! Гэта верны знак... I клянуся Сьвятым Андрэем, нешта будзе! Дый Граф у лесе бадзяецца ў ночы таксама не надарма!...
   На паляне, мiж тым, сабралося ўжо шмат гледачоў. Паедынкамi ў Полацку цiкавiлiся, i народ сьцякаўся сюды як на кiрмаш. Прыехаў i пасол Польскi Ваявода Станiслаў, i пасол Маскоўскi Баярын Рацiшчэў, i пан Келябовiч з дачкой, i Шумiлiнскi Войт, i Захар Кузьмiч, i шмат iншых. Чакалi толькi на байцоў i на Вялiкага Князя з Дваром.
   Мак Марцiмер ад няма чаго рабiць накiраваўся ў лес. Прадзiраючыся па глыбокаму сьнегу праз кусты, ён увесь час пiльна прыглядаўся наўкола, нiбы чагось шукаючы. Конь, тузаючы павадамi, крок за крокам зварочваў направа, iмкнучыся выйсьцi на цьвёрдую дарогу. Шкот ня надта працiвiўся гэтаму, бо чым далей у лес, тым гусьцей рабiўся хмызьняк, i тым цяжэй было празь яго прадзiрацца.
   Памiж дрэваў ужо абазначыўся прасьвет дарогi. Як раптам да вушэй насьцярожанага Рыцара даляцеў моцны шопат:
   - Цсссс!
   Гэта было настолькi неспадзявана, што, разгубiўшыся на момант, Мак Марцiмер застыў нерухома. У гэты час на дарозе пачуўся лязгат зброi i людзкiя галасы - наблiжаўся невялiкi аддзел коньнiкаў. Адразу з кустоў падняўся чалавек у скураной паддзеўцы i зь сякерай у руках. Не абарачваючыся, ён выгукнуў па-нямецку:
   - Сякi, Паўль!
   Але не пасьпеў ён узмахнуць сякерай, як у галаве Шкота прамiльгнула страшная здагадка, i ён з крыкам: - Стой, няшчасны! - прабiў дзiдай незнаёмца.
   У гэты самы момант, у дзесяцi кроках ад iх, Паўль секануў па пню й перацяў шворку, трымаўшую падпiленую бярэзiну. Дрэва з грукатам i трэскам абрынулася на дарогу. Адтуль данесьлiся крыкi, праклёны, конскае йржаньне.
   Адразу-ж затрашчэлi кусты пад напорам прадзiраючыхся ў лес некалькiх барадатых вояў.
   Паўль, убачыўшы небязьпеку з двух бакоў, не палез у загадзя падрыхтаваную нару, а кiнуўся бегчы ў лясны гушчар, пакiнуўшы глыбока ўбiўшуюся сякеру ў пнi.
   Правальваючыся амаль да калена ў мяккi й мокры сьнег, ён не зрабiў i сотнi крокаў, як адчуў, што Шкот вось-вось схопiць яго за каўнер. Напружыўшы ўсе сiлы, Паўль скочыў убок i схаваўся за дрэва. Шкот з разгону праскочыў мiма. Але затое цяпер становiшча ўцекача пагоршылася: з аднаго боку адрэзаў дарогу конны Рыцар, з другога - чатыры барадатыя й злосныя Лiтоўцы. Застаецца толькi рашыць - "каму здацца?" Але доўга думаць не прыходзiцца, i Паўль выйшаў к Шкоту. Аднак падбегшыя барадачы, без усякiх гутарак, скруцiлi яму ззаду рукi й накiнулi на шыю пятлю.
   Мак Марцiмер паспрабаваў было пратэставаць, але адзiн з вояў, у чорным панцыры й з чырвоным рубцом на шчацэ, так злосна на яго зiрнуў, што Шкот рашыў болей не спрачацца. Падпарадкуючыся загаднаму жэсту гэтага самага воя з рубцом, Мак Марцiмер паехаў у накiрунку дарогi. Туды-ж пацягнулi й палоннага.
   Убачыўшы на дарозе Вiтаўта, скрыўджаны Шкот пад'ехаў да яго са скаргой:
   - Гаспадар, вашы людзi адабралi ад мяне майго палоннага!
   Разгневаны здарыўшымся Вiтаўт сурова адказаў:
   - Кожны злодзей i забойца ў межах Вяiкага Княства Лiтоўскага ад самага пачатку сваiх злачынстваў зьяўляецца маiм палонным! Я буду яго караць цi мiлаваць!
   - Ваша Высокасьць! Дазвольце мне аднак спытацца, - не адставаў Шкот. - Што тут здарылася, i за што я забiў таго бедака?
   Нягледзячы на трагiчнасьць здарэньня, у вачах Вiтаўта блiснулi жартаўлiвыя агенчыкi:
   - Далi Бог! Дарагi госьць, вы заслугоўваеце на тое, каб стаць перад Рыцарскiм Судом Гонару! Забiць чалавека й ня ведаць, за што!... Раскажыце нам, як гэта сталася!
   - Ваша Высокасьць прабачыць мне, бо я й сам ня ведю добра, - пачаў Шкот. Алё сёньня ўночы мне прысьнiлася, што еду я адзiн па лесе й на мяне напаў вялiзарны лiс. Здаецца мне, што адбiваюся ад яго дзiдай, але ён усё з большай i большай зацятасьцю нападае й намагаецца ўчапiцца ў горла майму каню. Нарэшце, зусiм стамiўшыся й выбiўшыся зь сiл, я ўцэлiў яму ў чэрава. Але замест таго каб iздохнуць, ён крыкнуў мне чалавечым голасам: "Пачакай, Мак Марцiмер! Будзеш ты ведаць, як станавiцца мне ўпоперак дарогi!" Ён прамовiў гэта так голасна, што я прачнуўся й ня мог болей заснуць. Апрануўшыся й асядлаўшы каня, я выехаў на вулiцу, каб трохi разважыцца. Ня ведаю чаму, але гарадзкая брама была адчыненая, i я выехаў празь яе ды апынуўся на ўскраiне лесу. Раптам пры сьвятле месяца, я ўбачыў аднаго з маiх прыяцеляў, якi, ухутаўшыся ў белы плашч i ў суправодзе шасьцi чалавек, зьнiк у цемры лесу. Ваша Высокасьць прабачыць мне, што не называю ймя гэтага прыяцеля?
   - Добра, прабачаю! Але кажыце далей! Вашая гiсторыя пачынае мяне цiкавiць!
   - Так, Ваша Высокасьць! Гэтая гiсторыя цiкавiць i мяне самога! Бо сны нiколi ня йлгуць, яны заўсёды кажуць праўду! Дык вось, калi я ўбачыў, што яны зьнiклi ў лесе, я кiнуўся сьледам, бо мне здалося, што гэты начны шпацыр у лесе мае нейкую сувязь з маiм начным лiсам i зь сёньняшнiм паядынкам. Але як я нi шукаў, ня мог знайсьцi нават iхнага сьледу. У вялiкай злосьцi я вярнуўся назад, дзе знайшоў майго прыяцеля моцна сьпячым. Сёньня-ж, успомнiўшы мой сон i начную прыгоду, я абразiў майго прыяцеля, i, сам ня ведаю чаго, паехаў бадзяцца па лесе. Тут i адбылося ўсё тое, чаго я дасюль не магу зразумець: Бачу, з кустоў выскачыў чалавек i крычыць: "Сякi, Паўль!" ды сам падняў сякеру. Мне здалося, што гэта мой начны лiс, i што ён хоча забiць кагосьцi праяжджаючага ў гэты час па дарозе. Ну й, нiчога ня думаючы, я й тыркнуў яго дзiдай. У гэты час на дарозе пачуўся крык, шум i трэск, а вось гэты нягоднiк, - Шкот указаў на палоннага, - кiнуўся ўцякаць. Падпарадкуючыся нейкаму нутранаму голасу, я кiнуўся яго даганяць i тут зразумеў, што ў лесе бачыў яго, а не майго прыяцеля. З тылу яны вельмi падобныя.
   - Так, так! - прамовiў Вiтаўт. - Лiс выявiўся ў двох асобах... А нiчога ён вам не сказаў, калi вы яго злавiлi?
   - Не, Ваша Высокасьць. Але дазвольце мне ўсё-ж даведацца, у чым тут рэч?
   - А рэч у тым, што каб вы, шляхетны Мак Марцiмер, ня торкнулi лiса дзiдай, то сёньняшнi паядынак мог-бы не адбыцца!... Нехта ў гэтым зацiкаўлены!... I я думаю, што ведаю, хто! - i Вiтаўт з пагрозай зiрнуў на пад'яжджаючага Войта Вялiкалукскага.
   Як толькi Скабель наблiзiўся, Вялiкi Князь указаў на ляжачую ўпоперак дарогi бярэзiну, з гневам спытаў:
   - Ты?
   - Што, Ваша Высокасьць?
   - Цi твая гэта работа? - i Вiтаўт iзноў указаў на паваленае дрэва.
   - Не разумею, Ваша Высокасьць! Як гэта "мая работа?"...
   - А так, што нехта намагаўся забiць Ваяводу Грозаўскага! З гэтым намерам i абвалiў на яго дрэва. Добра што шляхетны Мак Марцiмер выратаваў сiтуацыю, ня даўшы завалiць другую бярэзiну. Ваявода застаўся жывы й здаровы, але ягоны конь паранены! Што ты на гэта скажаш? Вось ён, адзiн з забойцаў...
   - Ваша Высокасьць! - ускрыкнуў абражаны Скабель. - Калi Вы лiчыце мяне здольным на такi ўчынак, то загадайце арыштаваць мяне, забярыце мае шпоры й пас! Але клянуся ўсiмi Сьвятымi, i заклiкаю Неба ў сьведкi, я тут не вiнаваты. Я собскiмi рукамi згодны пакараць вiнаватага! - з гэтымi словамi ён выхапiў меч, i не пасьпеў нiхто й вокам мiргнуць, абрушыў яго са страшнай сiлай на галаву палоннага, разьсёкшы яе напалам.
   - I так! Сьведкi ня стала, - зь некiм дзiўным спакоем прамовiў Вiтаўт. Але я ведаю, што ня гэты няшчасны быў галоўным вiнаваўцам. I я дабяруся да карэньняў гэтага злачынства! Няшчасны будзе той, хто пасьмеў!...
   - Ваш Высокасьць! - падыйшоў Ваявода Фёдар. - З канём нiчога страшнага няма. Некалькi драпiнаў на нагах... Пасекла гальлём...
   Вiтаўт зiрнуў на Фёдара й з усьмешкай адвярнуўся. Ён зразумеў, што Фёдар прагне хутчэй разпачаць бой i баiцца, каб раптам i сапраўды Войта Скабеля не арыштавалi. Страшэнная нянавiсьць палымнела ў вачах Ваяводы, i прага помсты так зь iх i выпырсквала. Вiтаўт прыгадаў сабе, як зусiм нядаўна назiраў гэты бляск у вачах Фёдара - пры iх першым спатканьнi пасьля Ворсклы, i прамовiў:
   - Ваявода, супакойся! Доўгатрывалая злосьць i ненавiсьць стамляюць чалавека якраз у той момант, калi яму найболей патрэбная бадзёрасьць. Злавацца й ненавiдзець пачынай тады, калi апусьцiш забрала!
   - Гаспадар! - ускрыкнуў Фёдар. - Уся кроў у маiх жылах кiпiць! Як я магу не злавацца? Дазволь нам рушыць далей?
   - Просiм, Ваша Высокасьць... - дадаў Скабель.
   - Едзем! - пагадзiўся Вiтаўт i, даўшы шпорамi каню, вынесься ўперад.
   На паляне зь нецярпеньнем ужо чакалi глядачы й жаўнеры, пакiнуўшы мейсца для Вялiкага Князя й пачоту насупраць сярэдзiны поля.
   З усiх бакоў разьнесьлiся прывiтаньнi:
   - "Жыве Вялiкi Князь Вiтаўт!" "Слава Гаспадару Лiтоўскаму!" "Вiват!"...
   Зь невялiкае групы чужаземцаў прагучэў звонкi малады голас, вылучаючыся з агульнага гулу:
   - Вiват Чароўная Княгiня Рынгайла! Вiват!
   Яраслаў Смаленскi крута павярнуўся ў той бок. Правая рука сама ўхапiлася за дзяржаньне мяча. Падпарадкуючыся нацягнутым павадам, яго конь узьвiўся на дыбкi й, танцуючы на заднiх нагах, таксама павярнуўся на голас.
   - Хто пасьмеў? Выхадзi! - зарычэў, як леў, узвар'яваны Яраслаў. Але нiхто яго не пачуў. Пастаяўшы трохi на мейсцы, ён ускач дагнаў сьвiту Вiтаўта й, параўняўшыся з Рынгайлай, запытаў:
   - Я бачу, Вы задаволены? Вам падабаецца?
   - А Вы не задаволены? Вам не падабаецца? - усьмiхнулася яна.
   - Я найду яго й скручу яму шыю!...
   - Тады не пападайцеся мне на вочы! - i Рынгайла выехала ўперад, пакiнуўшы няшчаснага Яраслава скрыгатаць зубамi ў бязьсiльным шалу.
   - Што за жанчына! - прашапацеў ён. - Чарадзейка! Зьмяя! Якая нячыстая мяне сюды прынесла? Сядзець-бы спакойна ў Смаленску.
   А бедны малады Бургундзец, Олiвер дэ Арно, стоячы побач Графа, згараў ад зайздрасьцi, бачачы, як усьмiхаецца Каралева ягонага сэрца Спадкаемцу Смаленскаму...
   Паступова гул прывiтаньняў зацiх. Гэрольды абвесьцiлi аб пачатку паядынку. На супрацьлежных канцах паляны разгарнулiся харугвы працiўнiкаў.
   Ваявода Фёдар i Войт Скабель, з паднятымi забраламi, пад'ехалi да Вялiкага Князя й, адсалютаваўшы мячамi, застылi нерухома.
   Вiтаўт падняўся зь мейсца й, перадаўшы чырвоны шаль Вялiкаму Гэрольду, загутарыў:
   - Хай Усемагутны й Справядлiвы Бог будзе мiж вамi судзьдзёй! Абвiнавачаньне цяжкое. Цяжкая й абраза, калi яно не справядлiвае. Фёдар, Ваявода Грозаўскi! Табе, як пакрыўджанаму, належыць права выбраць зброю й род паядынку!
   - Я жадаю вольнага паядынку, Ваша Высокасьць!
   - Войт! - павярнуўся да Скабеля Вiтаўт. - Ваявода жадае вольнага паядынку. Цi прымаеш ты?
   - Гаспадар Вялiкi Князь! Я прыняў выклiк Ваяводы! Мушу прыняць i яго выбар! Хай Ваша Высокасьць i ўсе тут прысутныя будуць мiж намi судзьдзямi! Я абвiнавачваю Ваяводу Фёдара Грозаўскага з Княства Слуцкага ў баязьлiвасьцi й здрадзе!
   Рынгайла зь ненавiсьцю й пагардай адвярнулася ад Скабеля. Вiтаўт мiмаволi ўсьмiхнуўся. А ў наступiўшай цiшынi пачуўся голас Графа дэ ля Шэр:
   - Гэты чалавек вынес сам сабе сьмяротны прысуд!
   - Як так? - пацiкавiўся Олiвер дэ Арно.
   - На паядынках, Ваявода Грозаўскi яшчэ нiколi не забiваў свайго працiўнiка: звалiць з каня й памiлуе, - разтлумачыў Граф. - Ён рэдка бывае выклiканы, i яшчэ радзей выклiкае сам. Але такую абразу наўрад цi прабачыць, а як ён валодае зброяй, зараз убачыце самi!
   Працiўнiкi, тым часам, паскакалi да сваiх збраяносцаў. Над палянай запанавала магiльная цiшыня.
   Княгiня Рынгайла, з жалем i непакоем, не адрывала вочы ад аддаляючагася Фёдара.