Ранiцай, пасьля кароткага але моцнага сну, Сыч загадаў прывесьцi да сябе прабудзiўшагася Несьцяровiча, у каторага трашчала галава ад учарашняй папойкi.
   Няроўнай хадой падыйшоў Несьцяровiч да стала, за якiм разьмясьцiлiся Сычаняты, i налiў сабе кубак вiна.
   - Пахмелка, гэта дар Божы! - прамовiў ён, перакiдаючы кубак у рот. - Я бачу, нашага палку прыбыло? - дадаў ён, акiнуўшы вокам стол.
   - Каму прыбыло, а каму й убыло! - ня вытрымаў Францiшак. - Ксяндза трэба паклiкаць для падлiку...
   Несьцяровiч, якi не зусiм яшчэ прачухаўся й ня ведаў аб тым, што здарылася ўночы, не зьвярнуў увагi на гэтую заўвагу й, працягваючы руку да баклагi, запрапанаваў:
   - Вып'ем, панове, за добра прайшоўшую ноч!
   - Хто вып'е, а хто й паскача! - адказаў iзноў Францiшак, i, пад агульны рогат, выхапiў у яго баклагу з рук.
   - Ня будзь, пане, такi рэзвы! - ускочыў Несьцяровiч. - Тут я пан! I не дазволю нiкому зь сябе насьмяхацца, будзь то хоць сам Ваявода цi Князь!
   - I добра зробiш, пане! Але мяне гэта не датычыцца, бо я не Ваявода, i ня Князь, а звычайны Францiшак Сычонак! - i Францiшак адчапiў бараду.
   Увесь хмель мiгам зьляцеў зь Несьцяровiча i ён, яшчэ ня верачы сваiм вушам, упiўся вачамi, поўнымi жаху, у круглы ўсьмехнены твар Францiшка. Усё гэта было так неспадзявана й непраўдападобна, што небарака Несьцяровiч рашыў, што ўсё гэта яму сьнiцца цi бярэдзiцца. Ён заплюшчыў вочы й, пад аглушальны рогат Сычанят, моцна ўшчыпнуўшы сябе за лытку, адплюшчыў iзноў. Усё тое самае, толькi цяпер сусед Францiшка, перад гэтым таксама барадаты, стаў да немагчымасьцi падобны да Дашы.
   - Не!... Не!... Гэта ня можа быць!... Гэта сон!...
   - Не, Несьцяровiч, ня сон! Гэта сапраўднасьць! А пагэтаму, памалiся Богу, бо песенька твая сьпета! - прамовiў маўчаўшы дагэтуль Сыч. - Ды пасьпяшайся!
   - Збан да пары ваду носiць, дзяржак адырвецца - i збан паб'ецца! - дадаў Францiшак.
   Да абеду гняздо Несьцяровiча апусьцела. Ляскалi па ветру паадчыненыя дзьверы. Сiратлiва глядзелi павыбiваныя вокны...
   На перакладзiне брамы вецер разгойдваў трупы Несьцяровiча й некалькiх гайдукоў, ацалелых ад начнога абходу Сыча...
   12. ПАСЛАНЬНIК
   Па прыезьдзе ў Кракаў, Ваявода Фёдар спынiўся ў доме капiтана Лiтоўскiх Лучнiкаў Ваяводы Пашкевiча. Гаспадар прыняў госьця з усiмi адзнакамi чэсьцi й павагi, на якiя заслугоўвае Лiтоўскi Ваявода, ды яшчэ Пасланьнiк самаго Гаспадара Вялiкага Князя.
   Празь некалькi дзён, Пашкевiч з затоенай пяшчотай i зайздрасьцю пазiраў на дарагi й радзiмы Ярылаў Крыж, гафаваны золатам на плашчы Фёдара. Зь якою ахвочасьцяй ён насiў-бы сам гэтае Двукрыжжа, замест чужога й нялюбага Белага Арла, якому воляй лёсу й абставiнаў прыходзiлася служыць i пакланяцца.
   - Эх, маладосьць, палкая й неразважная!... - з жалем прашаптаў Пашкевiч, прыцiскаючы да вуснаў каваны шчыт Фёдара. - Каб можна было вярнуць мiнулае, быў бы я сёньня ў Полацку цi Троках...
   - Цяжка, Ваявода! - заўважыў Фёдар. - Нiхто цябе ня прымушаў iсьцi за Ягайлам, дык i шкадаваць ня трэба. На раду табе, знацца, напiсана быць Палякам. Не наракай-жа на волю Божую.
   - Ня быў я Палякам, i не буду! - успыхнуў Пашкевiч. - Уся iстота йрвецца да родных пушчаў, балот, сенажацяў! Я там нарадзiўся, вырас, там i памерцi хачу! Скажы, Фёдар, ты, хоць i малады, але розум у цябе за дзесяць старых варты. Што я правiнiў, калi пайшоў за сынам Альгерда? Альгерда Вялiкага й Справядлiвага! Цi-ж мог хто тады падумаць, што малады й разумны Ягайла Альгердавiч Княства сваё на спаднiцу прамяняе? Скажы, мог?...
   - Дык я цябе й не вiню. Ты выбраў свой шлях, i па свойму правы, калi лiчыш яго правiдловым...
   - Вось у тым i бяда, што не лiчу! - распачлiва ўскрыкнуў Пашкевiч.
   - Як так? - зьдзiвiўся Фёдар. - Ня лiчыш?...
   - Фёдар, зразумей мяне! Цяжка тады было разабрацца, за кiм пайсьцi, цi за Ягайлам, цi за Кейстутам i Вiтаўтам. Час быў лiхi. Ягайла шукаў падтрымкi ў Польшчы й дамагаўся рукi Ядзьвiгi. Кейстут i Вiтаўт абапiралiся на Белую Русь i шукалi дапамогi ў Немцаў. Як было не згубiць галавы? Я выбраў Ягайлу, твой пакойны бацька - Вiтаўта... Ты, можа, не зразумееш гэтага, бо тады занадта малады быў... Кожны ймкнуўся зрабiць як найлепей... А што выйшла? Не маўчы, Фёдар, скажы хоць слова суцехi!... Не надарма цябе Вiтаўт за Пасланьнiiка абраў, думаць можаш...
   - Я цябе разумею, Ваявода, - нерашуча пагадзiўся Фёдар. - Але парадзiць нiчога не магу, i на здраду падмаўляць не буду... Не ў маiх гэта сiлах. Ты стаў Палякам, i Палякам пам...
   - Не! Няпраўда! Я заўсёды быў i буду Лiтоўцам! Белая Русь гэта мая Радзiма, маё каханьне, мая мара! Застаючыся ў Польшчы, я служу ня ёй, а свайму Гаспадару Ягайлу Альгердавiчу... Каталiком я стаў не за якiя-небудзь прывiлеi, а зь перакананьня, i за гэта не шкадую. Перадай, Фёдар, што мая душа, каханьне й розум належаць Яму! - Пашкевiч замоўк, i, трохi падумаўшы, з жалем дадаў. Але меч i рука мусяць служыць Каралю... Я прысягаў!...
   У дзьверы пастукалi, нягучна, але настойлiва. Пашкевiч з выразам незадавальненьня падыйшоў i адчынiў iх. На парозе зьявiўся багата апрануты шляхцiц са срэбным жэзлам у руках.
   - Ваявода Фёдар з Гозава, ад Яго Мiласьцi Князя Вiтаўта?... - пытальна зьвярнуўся ён да Пашкевiча. - Цi ня мог бы Яснавяльможны Пан Капiтан правесьцi мяне да яго?
   Пашкевiч моўчкi ўказаў рукой на Фёдара й з пагардай выйшаў з пакою, бразгаючы шпорамi.
   Шляхцiц урачыста выйшаў на сярэдзiну пакою, стаў у маляўнiчую позу, паправiў левай рукой даўгiя вусы й прамовiў:
   - Харунжы Яго Каралеўскае Мосьцi, Ежы з Чэрвiцы!
   Фёдар моўчкi, ледзь прыкметна ўсьмiхаючыся, разглядаў маляўнiчую постаць Харунжага.
   Не дачакаўшы адказу, Харунжы прамовiў iзноў:
   - З Божае Ласкi Кароль Польскi й Вялiкi Князь Лiтоўскi Ўладыслаў Ягайла жадаюць заўтра ранiцаю, пасьля раньняе ймшы, бачыць Яснавяльможнага Пана Ваяводу ў Вавэлi!
   Фёдар iзноў прамаўчаў, забаўляючыся нарастаючай разгубленасьцю Харунжага. Бядак пачаў тылам пасоўвацца да дзьвяроў, не спускаючы вачэй зь Фёдаравага твару, нiбы баючыся чагось неспадзяванага зь яго боку.
   Раптам iзноў зьявiўся Пашкевiч, i, насунуўшыся, як гара, на перапалоханага Харунжага, прарычэў:
   - Скончыў, Пане Харунжы? Дык папрашу вызвалiць майго Высокага Госьця ад тваёй прысутнасьцi: Заўтра зьявiсься й правядзеш шляхетнага Ваяводу ў Вавель! Усё!...
   Харунжы бокам высьлiзнуў з пакою й бегма кiнуўся да выхаду з гэтак страшнага закутка ў Кракаве.
   Пашкевiч са злосьцяй плюнуў яму ўсьлед i, зварочваючыся да Фёдара, прамовiў, не хаваючы пагарды:
   - Вось такiмi блазнамi абкружыў сябе гэты няшчасны чалавек, каторы носiць Карону Польшчы, а нядаўна быў Гаспадаром Лiтоўскiм! Усе найлепшыя й найвыдатнейшыя Рыцары адсунутыя ў цень... Нават сам Жындрам з Машкевiц - гэты слаўны Ваявода й майстар вайны - у няласцы... Аднаго мяне ён яшчэ якась церпiць i давярае...
   * * *
   На Каралеўскую нараду Ваявода Фёдар зьявiўся добра падрыхтаваным, дзякуючы ўсё таму-ж Пашкевiчу.
   Кароль вачавiдку быў ня ў добрым настроi, пагэтаму, скарацiўшы ўсе фармальнасьцi, адразу перайшоў да справы. Прачытаўшы лiсты й граматы ад Вiтаўта, заявiў:
   - Мы, як i нашы Брат, жадаем мiру памiж нашымi дзяржавамi! Але словы й дзеяньнi нашага Брата Вiтаўта не заўсёды супадаюць мiж сабою. Наша церпялiвасьць вялiкая, а й ёй можа наступiць канец. I вось, пасьля доўгага малiтоўнага прашэньня, Усемагутны Бог паслаў на нас сваю ласку й мудрасьць. Мы рашылi згодна й па-хрысьцiянску ўладзiць усе спрэчныя пытаньнi, а таму прапануем нашаму Брату наступнае: Для супольнага дабра Польшчы й Вялiкага Княства Лiтоўскага, абодва бакi павiнны пайсьцi на ўступкi! Князь Вiтаўт мусiць вызначыць над сабою зьверхнiцтва Кароны, i нiчога ня чынiць бяз згоды Караля ў пытаньнях суадносiнаў з суседзямi. Мы-ж, са свайго боку, адмовiмся ад так неабходнага нам адпачынку, i возьмем на сябе цяжкасьць валадараньня Лiтвой i яе Людам, дбаючы роўна аб дабрабыце як земляў Каронных, так i Лiтоўскiх. Уступкi будуць вялiкiя з абодвух бакоў, i пагэтаму нiхто ня будзе ў крыўдзе.
   Ад такой "някрыўды", Фёдар толькi ўсьмiхнуўся, бо ведаў, што Ягайла мае зайздросную й фальшывую душу, ды спадзяваўся чагось падобнага.
   - Ваш Каралеўская Вялiкасьць, - адказаў ён, - аб такiх справах я гутарыць не ўпаўнаважаны. Толькi сам Гаспадар Вялiкi Князь можа вырашыць i пастанавiць аб вызнаньнi Лiтвой зьверхнiцтва Кароны Польскае! Я-ж усё дакладна перакажу Майму Гаспадару, i буду прасiць Яго Высокасьцi, каб вырашыў гэтае пытаньне згодна Гонару, Справядлiвасьцi й Годнасьцi!
   Ягайла адразу адчуў, што Фёдар хацеў сказаць, падкрэсьлiваючы гонар, справядлiвасьць i годнасьць. Вочы Караля звузiлiся, а пальцы нэрвова забарабанiлi па сталу, i, не варочаючыся да папярэдняе прапановы, ён прамовiў:
   - Застаючыся паўнаўладным Гаспадаром у межах Вялiкага Княства, наш Брат Вiтаўт можа рабiць, што хоча, са сваiмi падданымi, але мусiць загарантаваць Прысягаю недатыкальнасьць асобаў Веры Польскае й Народнасьцi, таксама як i iхную маёмасьць! Мы, ад сябе, абяцаем ня чынiць розьнiцы мiж Рыцарамi Польскiмi й Драбамi Лiтоўскiмi, Шляхтаю Польскаю й Баярамi Лiтоўскiмi, у судох, узнагародах i службе. Нават болей, мы дамо Шляхецкiя Граматы й прывiлеi ўсiм Драбам, Баярам i Чэлядзi Высокай зь Лiтвы!
   - Ваша Каралеўская Вялiкасьць ведаюць самi, - запярэчыў Фёдар, - што Гаспадар Вялiкi Князь гарантыяў даць ня можа! Пад прысягаю цi безь яе!
   - Як ня можа? Чаму? - успыхнуў Кароль.
   - Бо ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, ад дзядоў i прадзедаў, iснуюць Суды Копныя, Суды Царкоўныя й Суд Гаспадарскi Вялiкакняжы, каторыя караюць злачынцаў усiх аднолькава, бяз розьнiцы Веры цi падданства. Парушыўшы гэты звычай, Гаспадар Вялiкi Князь скрыўдзiў-бы бальшыню падданых сваiх, i даў-бы злачынцам магчымасьць, перайшоўшы ў Веру Польскую, застацца без пакараньня!
   - Я прымушу яго! - ускрыкнуў Ягайла.
   - Гэта немагчыма, Ваша Каралеўская Вялiкасьць! - рашуча адрэзаў Фёдар. Лiтва ўжо ачуняла ад Ворсклы...
   - Ваявода! Цi ты думаеш, што маеш дзьве галавы?..
   - Не, Ваша Каралеўская Высокасьць, адну!
   Ягайлу надзвычайна зьдзiвiла адвага й рашучасьць, зь якiмi Ваявода Фёдар адстойваў правы сваёй Бацькаўшчыны. Ён, трохi памаўчаўшы й гледзячы проста ў вочы адважнаму пасланьнiку, запытаўся, стараючыся захапiць зьнянацку:
   - Цi ведама табе, Ваявода з Грозава, што твой Гаспадар вядзе патаемныя перамовы з гэрэтычнымi Чэхамi? З тымi самымi Чэхамi, якiх пракляў Найсьвяцейшы Айцец у Рыме! Супраць якога выступае Хрысьцiянскае Войска Сьвяшчэннай Iмпэрыi, на загад Ратысбонскага Сойму!
   - Не! Мне гэта невядома! - прызнаўся Фёдар.
   - Дык вось, перадай нашаму Брату Вiтаўту, што мы дамагаемся прыпыненьня гэтых ганебных перамоваў! Мы дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт на чале Хрысталюбiвых Лiтоўскiх Драбаў прыяднаўся да Войск Сьвяшчэннай Iмпэрыi й прыклаў усе свае сiлы й стараньнi да хутчэйшага зьнiшчэньня Гусытскае Гэрэзыi й пакараньня вiнаваўцаў!
   - Я ўжо сказаў Вашай Каралеўскай Вялiкасьцi, што аб гэтых перамовах нiчога ня ведаю, таму й гутарыць не магу! - але тут Фёдар успомнiў, што ў Полацку на нарадзе прысутнiчаў Князь Жыгiмонт Карыбут, каторы прыехаў з Чэхii, але прамаўчаў, бо зразумеў, што Вiтаўт сапраўды аб чымсь дамаўляецца з Чэхамi, але стараецца трымаць гэта ў таямнiцы.
   - Слухай, Ваявода, апошняе нашае жаданьне, i перадай свайму Гаспадару! Мы хочам мiру, i таму дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт прысьпешыў Хрышчэньне Лiтвы, бо аж сорам падумаць, што Сваяк Хрысьцiянскага Караля сам застаецца паганiнам i не дапускае да Хрышчэньня ўвесь свой вялiкi Народ, каторы толькi аб тым i думае, ды зь нецярпеньнем чакае таго моманту, калi зможа прыняць Дабраслаўленьне Божае.
   - Ваша Каралеўская Вялiкасьць моцна памыляецца! - запярэчыў Фёдар, уражаны такой абразай. - Iнакш я не магу вытлумачыць сабе таго, што Ваша Мiласьць забылiся цi не заўважылi, што Лiтва ўжо спрадвеку Хрысьцiянская, i Гаспадар Вялiкi Князь - Хрысьцiянiн! I таму ня можа быць i мовы аб паўторным Хрышчэньнi!
   - Ён мусiць! - закрычаў у гневе Ягайла.
   - Ён гэтага ня зробiць, Ваша Каралеўская Вялiкасьць!
   - Я прымушу яго!... Я зруйную Лiтву!... Я... - захлiпнуўся гневам Кароль.
   У насталай цiшы пачуўся моцны голас Ваяводы Фёдара:
   - У такiм разе, я, Фёдар, Ваявода з Грозава - упаўнаважаны ад Яго Высокасьцi, Гаспадара Вялiкага Князя Лiтоўскага, Вiтаўта Кейстутавiча, падняць рукавiцу Вашае Каралеўскае Вялiкасьцi! I даставiць яе ў Трокi!
   Ягайла йзноў уважлiва прыглядзеўся да Фёдара, нэрвова пацiраючы двома пальцамi сабе пераносьсе (знак найбольшага здэнэрваваньня). Гэты горды й бязстрашны Лiтовец, адначасна падабаўся й злаваў яго. У памяцi Караля ўсплылi ўспамiны з маладосьцi. Ён прыпомнiў, як яшчэ зусiм нядаўна, сам стаяў на чале вось такiх-жа, як гэты Ваявода, Драбаў. Ганарыўся iх адвагай i мужнасьцю. А яны, у сваю чаргу, нягледзячы на ягоную жорсткасьць, сябелюбства й хваравiтую недаверлiвасьць, верна яму служылi. Цяпер усё зьмянiлася. Кароль адчувае, што ў сэрцы гэтага Ваяводы, пасланьнiка яго роднае неабдымнае Лiтвы - голасна крычыць пагарда й зьнявага да свайго былога Гаспадара. На адзiн момант у сэрцы Ягайлы варухнулася пачуцьцё сораму, але толькi на адзiн момант. Ледзь прыкметна ўсьмiхнуўшыся, ён прамовiў:
   - Слухай, Ваявода! Я бачу, што наш Брат Вiтаўт мае верных i адданых слугаў. Я вельмi з гэтага цешуся, але цешыўся-бы яшчэ болей, каб мог пахвалiцца, што й я маю такiх-жа верных падданых. Таму, прапаную табе, шляхетны Ваявода, стаць на маю службу, каторая дасьць табе болей гонару й багацьця, чым тая, якую нясеш зараз!
   - Я вельмi ганаруся, што заслужыў ласку такога Вялiкага Валадара, як Ваша Каралеўская Вялiкасьць! - адказаў з паклонам Фёдар. - I з радасьцю прыняў-бы прапанову Вашае Мiласьцi, каб гэта не супярэчыла майму Гонару Драба й жаданьням маёй Бацькаўшчыны!
   - Як? Ты... ты адмаўляесься ад маёй ласкi? - ускочыў Ягайла, хаця й чакаў такога адказу.
   - Так! Я адмаўляюся! Але не таму, што яе не жадаю, а таму, што не магу прыняць!
   Прысутны на нарадзе Пашкевiч з радасьцю й павагай глядзеў на зграбную постаць Фёдара - у iм ён бачыў увасабленьне сваёй суровай i гордай Бацькаўшчыны, непадкупнай i сумленнай. Яму да болi ў грудзёх захацелася быць побач Фёдара, моцна сьцiснуць яму руку, углядацца ў яго спакойныя, разумныя вочы...
   Але йнакш адчуў сябе Кароль, каторы быў не з такiх людзей, якiя прапануюць сваю ласку й прыхiльнасьць двойчы. Пагрозьлiва блiснуўшы вачамi, ён прамовiў, нацiскаючы на кожнае слова:
   - Ня хочаш?... Ня трэба!... Але ўважай!...
   - Ваша Каралеўская Вялiкасьць самi Лiтовец, i мусяць ведаць...
   - Досыць, Ваявода! - перабiў рэзка Ягайла. - Усё, што мы хацелi пачуць, мы пачулi! Чуў i ты, што мы казалi! Цяпер можаш iсьцi... Але ад'яжджаць не сьпяшайся, мы цябе яшчэ паклiчам!
   Фёдар пакланiўся й выйшаў, моцна рашыўшы адразу-ж паслаць ганца да Вiтаўта ў Полацак.
   Прыйшоўшы ў свой пакой, ён склаў падрабязны лiст аб нарадзе й выклiкаў Кандрата Тура.
   - Сёньня-ж ад'едзеш у Полацак! - загадаў Фёдар i ўсьмiхнуўся, бачачы, як узрадаваўся Кандрат. - Возьмеш з сабою двох вояў, на ўсякi выпадак!
   - Калi загадаеце выяжджаць, Ваша Сьветласьць? Я гатоў хоць зараз!
   - Зараз i паедзеш! Толькi йдзi папярэдзь сваiх спадарожнiкаў. Каго сабе хочаш... Ды перавер зброю й каня, каб у дарозе не абышлося без непатрэбных затрымак!
   - Усё зраблю, Ваша Сьветласьць!
   - Ну, iдзi!
   - А больш нiякiх даручэньняў ня будзе? - хiтра блiснуў вачамi Кандрат.
   - Не, нiякiх... А там глядзi, калi ўсё добра будзе, заскоч па дарозе ў Слуцак... Як там стары Бай чуецца?... Не забудзься на дарогу паесьцi, ды людзей накармiць, але глядзi - ня пi нiчога, бо кагось iншага пашлю.
   - Надарма палохаеце, Ваша Сьветласьць! Калi трэба, то мы й устрымацца ўмеем.
   - Добра, Кандрат, iдзi. Перад ад'ездам зойдзеш па лiсты!
   Кандрат жвава выскачыў з пакою, i адразу-ж у стайнi пачуўся ягоны моцны голас:
   - Сядлай! Сядлай майго Буланага, хлопцы! Кандрат на шпацыр выпраўляецца! i, не чакаючы нi на чыю дапамогу, пасьпешна, але старанна, узяўся рыхтавацца ў дарогу. Выбраўшы сабе спадарожнiкаў i дапiльнаваўшы, каб i ў iх усё было ў парадку са зброяй i коньмi, зьявiўся да Ваяводы за апошнiм загадам i лiстом.
   - Ну, Кандраце, яжджай, ды хутчэй варочайся... Набрыдла мне ўжо тут сядзець.
   - Вядома, Ваша Сьветласьць, усякаму набрыдне. У гасьцях добра, але ўдому лепей.
   - Так, так! Таму й пасьпяшаць мусiш. Перадасi Вялiкаму Князю вось гэты лiст! - Фёдар падаў Кандрату скрутак. - Але ўважай, нiкому iншаму! Толькi самаму Гаспадару! Унiкай па дарозе ўвязвацца ў сваркi! I ня пi! Адгуляеш потым.
   - Усё выканаю дакладна, Ваша Сьветласьць!
   Фёдар трохi памаўчаў, як-бы раздумваючы, а потым рашуча запытаў:
   - Язык ты ўмееш трымаць?
   - Як мур, Ваша Сьветласьць!
   - Добра, слухай! Але, як перадасi Гаспадару, адразу каб забыўся! Зразумеў?
   - Так, Ваша Сьветласьць!
   - Скажаш, што Кароль вайны ня хоча й баiцца, але намагаецца нацкаваць на Лiтву Крыжакоў i Маскалёў. Ведае аб пермовах з Чэхамi. Млынар маўчыць, бо за iм сочаць. Пашкевiч - наш. Зразумеў?
   - Так, Ваша Сьветласьць!
   - Гэта ўсё! Можаш ехаць. Нiчога не забудзь, - i Фёдар абняў разгубiўшагася Кандрата. - Ды вось грошы на дарогу...
   Праз кароткi час, тры ўзброеныя коньнiкi на поўным скаку вынесьлiся з Кракава й зьнiклi з вачэй на дарозе ў Люблiн i Берасьце.
   Ваявода Фёдар доўга глядзеў iм усьлед, хаця даўно ўжо асеў сьнежны пыл на гасьцiнцу...
   13. ГНЕЎ
   У сярэдзiне Лютага, Вiтаўт са сваiм дваром ад'ехаў у Трокi.
   У Полацку на чале Дружыны застаўся Князь Жыгiмонт Карабут. Брачыслаў, Князь Полацкi, быў з гэтага незадаволены, але ўголас супярэчыць волi Гаспадара не адважваўся. Яраслаў Смаленскi, правадзiўшы Князёўну Рынгайлу да Вiльнi, сьпешна вярнуўся ў Смаленск, у душы праклiнаючы турботных Рослаўльцаў, "каторым вечна не сядзелася на мейсцы". Яны, апрытомнеўшы пасьля Ворсклы, пачалi задзiраць Смаленскiя паўдзённыя межы.
   Баярын Лука Рацiшчэў - разам зь Вiтаўтам выехаў у Вiльню, а адтуль намерваўся зьезьдзiць у Наваградак. Кройцэнбэрг зьбiраўся пакiнуць Лiтву, але ўсё марудзiў з ад'ездам, спадяючыся знайсьцi нешта спрэчнае мiж Лiтвой i Польшчай.
   Станiслаў, Ваявода Крэўскi, выслаўшы пана Януша з патаемным даручэньнем у Берасьце, зьбiраўся наведаць Слуцак, Пiнск i таксама завiтаць у Берасьце. Полацак ён пакiнуў зусiм непрыкметна.
   Рэшта чужаземцаў, у тым лiку Граф дэ ля Шэр, Мак Марцiмер, Олiвер дэ Арно i iх сябры выехалi разам зь Вялiкiм Князем.
   Пасьля гаманлiвага й кiпучага часу знаходжаньня тут Гаспадара, Полацак здаваўся апусьцелым i заснуўшым.
   Ваявода Станiслаў хутка пасоўваўся на поўдзень. Было вiдаць, што гэты чалавек добра ведае мяйсцовасьць, i ня ў першы раз вандруе па гэтых краёх. Бо часта зварочваў з дарогi ў самых неспадзяваных мейсцах i, перасекшы засьнежаныя абшары па ледзь прыкметных сьцежках, выносiўся са сваiм пачотам iзноў на бiты гасьцiнец.
   Ужо на другi дзень свайго падарожжа, маленькi адзьдзел Польскага Рыцара наблiжаўся да Барысава, дзе Ваявода думаў даць адпачынак сваiм людзям i коням. Аднак неспадзяванае спатканьне прымусiла яго перамянiць намер.
   На дарозе, уперадзе, паказалася група вояў, iдучая ў тым-жа кiрунку, што й Ваявода. На плячах пешаходаў паблiсквалi рыдлёўкi й пiлы. На загад Вiтаўта войска праводзiла направу дарог, мастоў i ўмацаваньняў. Вось адзiн з такiх працоўных аддзелаў i напаткаў Станiслаў.
   Воi зь цiкавасьцяй пачалi азiрацца на наблiжаючыхся коньнiкаў. Здагадаўшыся, што гэта нейкi Рыцар сьпяшаецца ў Барысаў, пачцiва разступiлiся. Але ў той самы момант, калi Ваявода хацеў, не спыняючыся, праехаць мiма, адзiн з вояў закрычаў:
   - Браткi! Трымай iх!... Гэта тыя самыя, што Чапрукi спалiлi! Трымай! - i, выхапiўшы з похвы меч, выскачыў на сярэдзiну дарогi.
   Пакуль яго сябры зразумелi, што ўсё гэта азначае, Станiслаў даў шпорамi каню й, зьбiўшы воя з ног, выскачыў наперад. Але гэты яго ўчынак абурыў спадарожнiкаў пацярпелага. З разьлютаванымi крыкамi яны засланiлi дарогу рэшце коньнiкаў з выразным намерам адпомсьцiць за сябру.
   Бачачы, што яго пачот у небясьпецы, Станiслаў завярнуў каня й, пад'ехаўшы на небясьпечную адлегласьць, гнеўна спытаўся:
   - Чаго хочаце, быдлё? Цi ня бачыця, з кiм маеце справу?
   - З катам!... З забойцам!... - прахрыпеў, падымаючы галаву, упаўшы. - Суда хочам!... Трымай яго, браткi, трымай! На суд да Князя!...
   Станiслаў зразумеў, што гэта жывы сьведка аднаго са шматлiкiх ягоных злачынстваў у Лiтве, i штось падобнае на страх варухнулася ў ягоным заканябелым сэрцы. Але раздумваць доўга нельга, бо кожны момант на дарозе можа зьявiцца вайсковая варта цi другi працоўны аддзел, i тады... Тады найгоршае, што можа стацца.
   Раптоўна выхапiўшы сякеру, Станiслаў прышпорыў свайго каня й урэзаўся ў самую гушчу працiўнiкаў.
   Ягоны пачот мiгам зразумеў намер свайго пана, i ў сваю чаргу абрынуўся на пешых вояў. I, хаця перавага яўна была на баку Лiтоўцаў, рашучы напор Палякаў зрабiў сваё - Лiтоўцы разгубiлiся.
   Некалькi вояў павалiлiся з разьцятымi галовамi. Пачуўся енк параненых, праклёны ацалелых, конскае йржаньне, стук i звон сталi. Нарэшце два коньнiкi, адзiн за другiм, выляцелi зь сёдлаў.
   - На шлях! - прагучэла каманда Станiслава. I коньнiкi, прарваўшыся праз напасьнiкаў, галёпам панесьлiся к Барысаву.
   Ад'ехаўшы некалькi крокаў, упаў яшчэ адзiн коньнiк, але Ваявода нават не азiрнуўся: "Ня мог абаранiцца - сам i вiнаваты!"
   Упаўшага мiгам прыкончылi разьюшаныя воi, якiя не маглi сабе прабачыць, што выпусьцiлi з рук самаго Рыцара, згубiўшы пры гэтым сямёра, супраць трох Палякаў.
   - Эх! У дваццацёх не змаглi васьмёх затрымаць... - уздыхнуў адзiн. Сапраўды быдлё!
   - Пешаму супраць конных цяжка... - нiбы апраўдваючыся прамовiў другi. - Не парадзiш...
   - Другi раз зь лiшкам адплоцiм! - выцiраючы кроў на лобе, заспакоiў Дзясяцкi, ачольваючы аддзел. - Толькi каб не спалi... Разам навальвацца трэба, i бiць - умеючы! Адны па людзях, а другiя коням па нагах. Iнакш не парадзiш. З галавою трэба да ўсякай справы падыходзiць, а ня сiлаю перцi! Ня дзiва, калi рагочуць яны зараз. Зарабiлi! У другi раз каб ведалi!
   - Дзе ты ў другi раз адплочваць будзеш? Дзе нагоду напаткаеш? Не наскокваюць-жа на нас штодня?
   - А ты таксама разумны! Штодня, штодня... - перадражнiў Дзясяцкi. - Кажу табе, каб да галавы ўзяў. Вайна не за гарамi! Хутка Крыжака вучыць будзем, цi Караля... Дык каб ведаў, i нахрапам ня пёрся. Зразумеў?...
   Станiслаў пасьпяшаўся не надарма. На мейсца сутычкi падыйшоў сьвежы аддзел, якi ўжо, здалёк забачыўшы бойку, сьпяшаўся, як мог, але спазьнiўся.
   - Слаўна вас правучылi! - заўважыў адзiн з прыйшоўшых, прыглядаючыся да забiтых. - Будзеце ведаць, як Драбаў на дарозе займаць!
   - Што слаўна правучылi, то слаўна, - пагадзiўся Дзясяцкi. - Але й навукi дадалi. Ужо нас зьнянацку нiколi й нiхто не захопiць! Так цi што?
   - Ды яно нiбы так... - пагадзiлiся яго воi. - Усякая навука на карысьць iдзе!
   Было ўжо зусiм цёмна, калi абодва злучыўшыяся аддзелы ўвайшлi ў Барысаў, вязучы на перанятых на дарозе санях сваiх пабiтых сяброў i ворагаў. Адразу-ж даклалi Тысяцкаму й кiнулiся на пошукi. Але ў горадзе нiхто ня бачыў i ня чуў пра Рыцара з арлiным крылом на шоламе...
   Мiж тым, Станiслаў, не даяжджаючы да Барысава, зьвярнуў направа й, перасекшы Бярэзiну каля Вялiкага Стахава, усю ноч не вылазiў зь сядла.
   Ужо зашарэў сьвiтанак, калi, напаўжывыя ад стомы й холаду, пяць коньнiкаў спынiлiся каля першае-жа карчмы, на ўскраiне Iгуменя.
   Не пасьпеў заспаны карчмар управiцца ў стайнях з конямi, як госьцi ўжо спалi мёртвым сном. Паўкладалiся, хто дзе змог, нават не паадшпiльвалi зброю.
   У Iгумернi адпачывалi ўвесь дзень i ноч, адаграючыся ад начное гонкi. Станiслаў увесь час хмурыўся, раздратаваны ўчорашнiм здарэньнем. Яго людзi, ведаючы свайго пана, старалiся лётам выконваць яго загады. Нават Ксёндз Карафа, якi дазваляў сабе часам спрачацца з Ваяводай, зараз пазьбягаў выклiкаць чым-небудзь ягоны гнеў. Ведаў, чым гэта магло-бы скончыцца.
   Таму ранiцай, другога дня, ледзь зашарэў сьвiтанак, невялiкi пачот Ваяводы моўчкi выехаў за сваiм панам з умацаваньяў Iгуменя.
   Станiслаў злосна паганяў каня, далёка выперадзiўшы свай пачот. Нестрыманы гнеў яшчэ не прайшоў, i яго прыгожы твар заставаўся злосным i змрочным. Гора таму, хто трапiўся-бы зараз яму пад руку.
   Адпачнуўшыя конi бадзёра ўмiналi дарогу, пафыркваючы на марозе. Цёмны лес, блiзка насунуўшыся на шлях, мiльгаў мiма коньнiкаў сваiмi засьнежанымi прагалкамi, прасекамi й палянамi. Лапчастыя сiвыя ялiны, як заварожаныя воi, зграбна вылучалiся мiж карчакаватых дубоў i грабаў, сумных бярэзiн, вольхаў, раскiнуўшыхся на неабдымных абшарах.
   Часам праз дарогу пераходзiць горды зубр цi магутны тур, i тады ў Станiслава ўспыхваюць вочы, i рука сама цягнецца к луку. Крывi! Ваявода прагне крывi! Але неасьцярожны волат пушчы зьнiкае ў густых зарасьнiках, пакiдаючы за сабою толькi асаблiвы пах - стойла, малака, ветру й абамшэлага каменя. Ад чаго ў Ваяводы шырока разьдзiмаюцца ноздры на сухiм, храшчаватым носе, вочы набягаюць крывёю, i сутаргава бегаюць жаўлакi.
   З кожным такiм спатканьнем - едучы з тылу ксёндз, напаўгалос (каб ня чуў Станiслаў) пачынае чытаць модлы, просячы Бога, каб яно было апошнiм. Бо ведае, верны духоўнiк, што гэта дратуе Ваяводу ўсё болей i болей, ды добрым ня скончыцца. Збраяносец i два чэляднiкi - перапалохана жагнаюцца, не разумеючы лацiны, але ведаючы, да Каго ён зварочваецца, уяўляюць сабе, што знаходзяцца дзесь каля брамы самаго пекла, дзе мiтусяцца й варушацца драўляныя й глiняныя, намацальныя й ненамацальныя бажкi, чэрцi, духi й наагул розная погань, маючая сiлу й здольнасьць ператварыць любога зь iх у чорнага гругана, абамшэлы пень, мокры камень, цi мала там у вашто. I толькi Ксёндз ды Крыж Сьвяты, маглi ад гэтага абаранiць. Вялiкая сiла, дадзеная ксяндзу!
   Пасьля палудзённага перапынку, у часе якога Станiслаў не прамовiў нi слова, ксёндз з жахам назiраў за бледным тварам свайго пана. Гнеў, нялюдзкi гнеў расьпiраў душу Ваяводы. Здавалася, што ўсе сiлы пекла ўсялiлiся ў гэтага самалюбнага й самаўладнага чалавека.