Страница:
Нарэшце, пад аглушаючыя крыкi прывiтаньняў, з невялiкай сьвiтай, паказаўся вярхом на белым канi, Вялiкi Князь Лiтоўскi Вiтаўт Кейстутавiч.
Нягледзячы на жалобны дзень, Вiтаўт ня мог стрымаць радасьцi, расьпiраўшай яго, пры вiдзе гэтага заўсёды суровага й стрыманага Народу, у такiм радасным i буйным выяўленьнi вернасьцi, даверу й любасьцi да свайго Гаспадара, i ён прыветлiва ўсьмiхаўся.
Побач Вiтаўта едзе яго сястра, чароўная Княжна Рынгайла, маладзенькая ўдава Князя Гэнрыка Мазавецкага. Пасьля раптоўнай i не вытлумачанай сьмерцi свайго мужа паўманаха-Князя, яна не пажадала заставацца пад апекай свайго швагра Януша Мазавецкага, i вярнулася ў родную Лiтву. Сваiм надзвычайным хараством паражала чужаземцаў, тым болей, што астатнiя ў пошуках прыгод ехалi ў Лiтву, спадзяючыся сустрэць тут напоў дзiкуноў, напоў зьвяроў - штось такое валасатае, брыдкае, выразна не акрэсьленае. I вось зараз, убачыўшы Княжну, малады Бургундзец Олiвер дэ Арно аж анямеў з захапленьня. Граф дэ ля Шэр, прыкмецiўшы, што робiцца зь яго маладым зямляком, паляпаў яго па плячу й прамовiў:
- Зачынiце вашы рот, дарагi сябра! Вы, здаецца, прыехалi сюды, каб змагацца з чараўнiкамi? Але, сустрэўшы першую чараўнiцу, вы зрабiлi такую дурную мiну, што калi вам ня ўдасца зараз-жа перамянiць выраз вашага шляхетнага твару, то нас паднiмуць на сьмех. Што зусiм не адпавядае нi нашым намерам, нi жаданьням. А тым болей, у яе прысутнасьцi...
Бургундзец адразу схамянуўся й прыняў самую ваяўнiчую паставу, але з запалам прашапацеў:
- Клянуся прахам маiх продкаў, я заваюю яе сэрца й прыхiльнасьць!...
- I вы двойчы абразiлi памяць вашых слаўных продкаў, - халаднакроўна заўважыў Граф. - Бо нi сэрца, нi прыхiльнасьцi не заваюеце!
Граф быў у гэтым пэўны, i не без падстаў. У недалёкiм мiнулым, ён сам быў бязьмежным паклоньнiкам чароўнай Рынгайлы, але, пераканаўшыся ў безнадзейнасьцi сваiх высiлкаў, захаваў палаючае каханьне пад маскай абыякавасьцi.
Аднак, палкi Бургудзец не зьвярнуў нiякай увагi на гэтую заўвагу, што й адпавядала яго маладосьцi. Затое як ён успыхнуў ад зайздрасьцi, калi Княжна, кумiр яго сэрца, праяжджаючы мiма й пазнаўшы Графа, ветлiва памахала яму ручкай. За такое шчасьце, Олiвер аддаў-бы не задумваючыся сваё жыцьцё. Граф-жа нiзка ўкланiўся, нават занадта нiзка, каб ня выдаць сябе з галавой, i Олiвер зразумеў адразу, што робiцца ў душы гэтага паважнага й халоднага з выгляду чалавека.
Раптам прыкмецiўшы, што княжна зьбiраецца злазiць зь сядла, малады Бургундзец кiнуўся з усiх ног, каб падасьпець першаму й падтрымаць ёй стрэмя. Але не пасьпеў ён зрабiць i некалькi крокаў, як адзiн з Драбаў з пачоту Вiтаўта ўжо выпярэдзiў яго. Княжна, абапёршыся аб яго магутнае плячо, лёкка саскочыла на ўтаптаны сьнег.
Злы ад няўдачы, Олiвер пахмура вярнуўся да сваiх сяброў.
- Што гэта за Прынц такi? - гнеўна спытаў ён, паказваючы на свайго сапернiка, у ярка зялёным плашчы, з-пад якога зiхацеў багаты панцыр. Яскрава выступаючы на зялёным полi плашча, кiдаўся ў вочы гэрб шчасьлiўца: на чырвоным шчыту залаты квадрат з прыгожым выгiбам бакоў, у сярэдзiне каторага зь левага нiжняга кута ў правы верхнi працягнуўся белы Маршальскi жэзл.
- Гэта й ёсьць Прынц! - супакойна адказаў Граф. - Спадкаемца Смаленскi, Княжыч Яраслаў. I магу дадаць: такi-ж нешчасьлiвец, што датычыць гэтае чараўнiцы, як i вы, мой сябра! Супакойцеся й назiрайце... гэта будзе карысьней!
Шкоцкi Рыцар, вялiзарны ростам i адважны да безразсуднасьцi, Алан Марцiмер Мак Марцiмер, прыглядаўшыся больш уважна да Вiтаўта, чым да яго прыгожай сястры, з падзiвам зьвярнуўся да Графа:
- Скажыце, шаноўны Граф, гэта й ёсьць той самы Вялiкi Князь Вiтаўт, каторага так баiцца Кароль Ягайла, i каторы ўнушае гэтакую баязьлiвасьць паважанаму Тэўтонскаму Ордэну?
- Што-ж вы тут знаходзiце дзiўнага? - у сваю чаргу зьдзiвiўся Граф. Але ён не прызнаўся, што й сам пры першай сустрэчы зь Вiтаўтам, быў зьдзiўлены ня менш за шкота. Але з часам прызвычаiўся й не падзяляў ужо таго падзiву, якi выклiкаў выгляд Вялiкага Князя.
- Па праўдзе сказаць, - удакладнiў Шкот, - будучы ў Мальборку й у Кракаве, ды наслухаўшыся ўсякiх дзiваў дзiвосных аб сiле й мужнасьцi гэтага Князя, я ўяўляў яго сабе калi ня большым, то ў кожным разе такiм, як я, i ростам i сiлай, аднак...
- Вас увяло ў блуд слова "Вялiкi" ў яго тытуле.
- Так! Напэўна! Але клянуся Сьвятым Андрэям, гэтакi маленькi ростам i з такiм лагодным тварам, ён ня ўмее трымаць мяча ў руках! А ўся слава, якая ходзiць аб iм, належыць вось гэтым малайцам зь яго пачоту! - не сунiмаўся ваяўнiчы шкот.
- А я, са свайго боку, не радзiў-бы вам сустрэцца зь iм у полi, нягледзячы на вашы вялiзарны рост, магутныя плечы й двуручны меч! - быў адказ Графа, каторы ўжо ня раз меў нагоду пераканацца ў баёвых здольнасьцях Вiтаўта.
- Пастараемся ў гэтым пераканацца! - груба адрэзаў Шкот, пакрыўджаны зьнявагай да сваёй асобы, прасьлiзнуўшай у тоне Графа. - I папрашу падобных парадаў мне больш не даваць!
На гэта Граф змаўчаў, тым болей, што задзiрацца са Шкотам зусiм не хацеў. Рэшта чужаземцаў, не ўступаючы ў гэтую спрэчку, уважна прыслухвалiся да словаў дасьведчанага й разважнага Графа, ведаючы, што ён ня новы ў Лiтве, а таму сьведамы сваiх слоў i парадаў.
Тым часам, Вiтаўт, прыняўшы дабраславенства Мiтрапалiта, узыйшоў на прыступкi, хутка перахрысьцiўся, i, яшчэ раз махнуўшы натоўпу рукой, зьнiк у дзьвярах Сабору. Рынгайла, Пачот i Полацкая знаць падалiся сьледам. Стаяўшы дагэтуль нерухома народ рынуўся ўперад i хутка запоўнiў Сабор.
I якi ён нi быў вялiкi, туды не ўмясьцiлася й паловы жадаючых быць на панiхiдзе разам з Гаспадаром. Анi праймаючыся гэтым, застаўшыяся на марозе людзi падрыхтавалiся адбыць панiхiду пад адкрытым небам - як нехта пусьцiў жарт: "Блiжэй да Бога!"
Праз адчыненыя дзьверы Сабору данесься голас Мiтрапалiта:
- Дабраславен Бог наш...
Натоўп заварушыўся, i соткi сьвечкаў заiскрылiся на марозным паветры. Чужаземцы, праймаючыся ўрачыстасьцю моманта, пайшлi за прыкладам Графа й, паскiдаўшы шоламы, таксама запалiлi сьвечкi.
Баярын Лука, хаця й трымаў сьвечку, аднак думкамi быў далёка ад панiхiды. Яго турбавала тая пашана й любасьць, якой быў акружаны Вялiкi Князь Вiтаўт з боку сваiх падданых. А вялiкая колькасьць чужаземцаў i iх пашана да Гаспадара - зусiм палохала яго, бо як мог ён пры гэтакiх абставiнах пераконваць Вiтаўта аб патрэбе хаўрусу зь дзiкай Масквой (хоць i адзiнавернай). Глыбока задумаўшыся, Баярын Лука прастаяў усю панiхiду, i ачуўся толькi тады, калi натоўп вернiкаў укленчыў, з пабожнасьцю прыслухваючыся да даносячагася з Сабору голасу:
- Ва блажэннам усьпенii вечны пакой падаждь Госпадзi, здзе памiнаем рабоў Тваiх, палажыўшых жывот свой на поле бранi за Веру Праваслаўную i Айчызну.
Пачуўшыеся ўсьлед за гэтым усхлiпваньнi й плач патанулi ў стройным сьпеве хору:
- Вечная памяць...
* * *
Дом купца Мюльлера, гасьцiнна прыняўшы пад свой дах Камандора фон Кройцэнбэрга, фасадам выходзiў на базарны пляц. Леваруч у вокны быў вiдзён Полацкi Замак - сёньняшняя рэзыдэнцыя Вiтаўта, праваруч - Сабор Сьвятое Сафii. Мейсца, як i належыцца базару, вельмi жывое. А для Кройцэнбэрга лепшага ды выгаднейшага становiшча нельга было й прыдумаць: назiраць за рухам i людзьмi праз вокны, прымаць афiцыйных гасьцей з параднага ўваходу, неафiцыйных - з тылу, праз зарослы бэзам i шыпшыньнiкам сад, выходзячы на глухую вулку, вядучую аж да самае Дзьвiны.
Чым даўжэй Камандор знаходзiўся ў Лiтве, тым болей пераконваўся ў фантастычнасьцi свайго пляну. Усе яго задумы, каторыя здавалiся такiмi простымi й латвымi да зьдзейсьненьня ў Кракаве, цяпер разьвеялiся, як сны пасьля прабуджэньня. Воляй-няволяй, прыходзiлася падумаць аб выпрацоўцы новага, больш рэальнага пляну. Але за што ўхапiцца, на што абаперцiся?
Кройцэнбэрг у задуме сядзеў за сталом, падпёршы чало рукой. Перад iм ляжала мапа Вялiкага Княства Лiтоўскага. Бальшыня гарадоў i мястэчак рукой Камандора былi абведзеныя роўненькiмi колкамi. Гэтыя колкi больш за ўсё й турбавалi яго...
Прыехаўшы ў Лiтву, ён у першую чаргу пастараўся прыдбаць сабе iнфарматараў. У ход былi пушчаныя золата й абяцанкi, i праз кароткi час Кройцэнбэрг ужо меў выразны малюнак становiшча ў гэтым "дзiкiм" i "паганскiм" краю. Штодня, ён наносiў усё сьвежыя й сьвежыя колачкi на мапу. Гэтыя зьнявiдныя колкi разбурылi дашчэнту такi выразны й разпрацаваны плян, бо кожны зь iх азначаў, што з дадзенай мясцовасьцi ў канцылярыю Вялiкага Князя надыйшла вестка аб утварэньнi палка. I зараз, нягледзячы на пайшоўшыя марна надзеi, ды на нянавiсьць да ўсяго Лiтоўскага, Кройцэнберг ня мог не захапляцца арганiзацыяй i парадкам у гэтым, як здавалася на першы пагляд, хаосе. Паняволi ўспомнiўся прадбачлiвы й асьцярожны Брат Тэмплiер. Вось калi ён прыдаўся-бы са сваёй абдуманай парадай. Але паколькi яго няма, i няма надзеi на хуткае зь iм спатканьне, трэба шукаць выйсьця самаму. Разпалiць вайну мiж Польшчай i Лiтвой цяжка, бо Кароль Ягайла напэўна таксама ўжо ведае аб надзвычайных дасягненьнях Вiтаўта па збору Дружыны, i гэта адаб'е яму ўсякую ахвочасьць задзiрацца. Не дапаможа нават калi-б Кароль даведаўся аб патаемных перамовах Вiтаўта з Чэхiяй. Гэта, праўда, выклiча незадаваленьне Караля, але да вайны не давядзе. Трэба козыр захаваць - можа, яшчэ прыдасца.
Раптам блiскавiчная думка зьявiлася ў галаве Кройцэнбэрга: А што калi паспрабаваць з другога боку? Падбухторыць Вiтаўта супраць Караля! Так, так! Над гэтым трэба падумаць! Цяжка, але не немагчыма! Самаму йсьцi да Вялiкага Князя ня можна - ён нават цярпець выгляду Крыжака ня можа, ня тое каб зь iм гутарыць, а тым болей яму паверыць. Не дапаможа нават i напамiн аб той дапамозе, якую аказаў Ордэн Лiтве ў бiтве на Ворскле. Вiтаўт ведае цану гэтае дапамогi. I на што было патрэбна брату Рудольфу фон Шёнiнген душыць гэтых Вiтаўтавых дзяцей? Незразумела! Хацеў гэтым забойствам уцiхамiрыць яго? А чаго асягнуў? Узьлютаваў толькi супраць нявiннага Ордэну, i болей нiчога. I зусiм зразумела, што сьмерць сваiх сына й дачкi - Вiтаўт нiколi не прабачыць, i пастараецца адплацiць самай страшнай i жудаснай помстай. Але раз самому ня можна - значыць, трэба шукаць адпаведных людзей. Кройцэнбэрг стаў перасыпаць у памяцi сваiх iнфарматараў. Выбраўшы некалькiх зь iх, ён пазванiў у срэбны званочак.
Зараз-жа зьявiўся прыслужнiк, сваiм ростам i выразам твару падобны хутчэй на малайца зь вялiкае дарогi, чым на манашага прыслужнiка.
- Паўль! Зараз-жа паклiч гэтага дурня, што заве сябе панам Келябовiчам. Калi яшчэ не ад'ехаў гэты скнара - Шумiлiнскi карчмар-Захар - дык паклiч яго. I абавязкава знайдзi й прывядзi Войта зь Вялiкiх Лук. Як будуць прыходзiць, размясьцi iх па розных пакоях, каб ня бачылi адзiн другога!
Паслушнiк моўчкi ўкланiўся й выйшаў. Кройцэнбэрг весела пацёр рукi:
- Ну цяпер, здаецца, пойдзе! Мусiць пайсьцi! - хутка налiў шклянку Мальвазii й выпiў. Скруцiў мапу й, ласкава яе пагладзiўшы, схаваў у скураны футарал. Прайшоўся некалькi разоў па пакою, зь нецярпеньнем чакаючы выклiканых людзей. Прамармытаў:
- Гром i маланкi! Калi я зараз не папхну гэтыя Лiтоўскiя палкi на Польшчу, i йзноў усё сарвецца, варочаюся ў Мальборк!...
Першым зьявiўся Шумiлiнскi карчмар Захар Кузмiч. Даведаўшыся, што Вялiкi Камандор жадае яго бачыць, ён, не зважаючы на сваю грузную камплекцыю, пусьцiўся так хутка бегчы, што маўклiвы Паўль ня здолеў за iм угнацца й згубiў з вачэй у натоўпе каля Сабору. Праклiнаючы ўсiх карчмароў на сьвеце, зь iхнай прагнасьцю разам, ён накiраваўся да дому пана Келябовiча. Па дарозе яму здалося, што ўбачыў знаёмую постаць, але не пасьпеў як сьлед прыгледзецца, як чалавек у чорным плашчы зьнiк з вачэй. Паўль ня стаў ламаць сабе над гэтым галавы й пусьцiўся выконваць загад Камандора.
Захар Кузьмiч, гэтым часам, задыхаючыся ад хуткага бегу, зьвярнуў на бераг Дзьвiны. На яго твары быў намаляваны такi неакрэсьляны выраз, што прахожыя спатыканыя на вулiцах, па якiх ён бег, са спачуваньнем глядзелi яму ўсьлед, думаючы, што чалавек апанаваны найвялiкшым горам i роспачай.
Падбегшы да маленькай i мала прыкметнай форткi ў высокiм частаколе, Захар Кузьмiч з трывогай азiрнуўся. Нiкога!... З грукаючым сэрцам ён прасьлiзнуў у фортку й апынуўся ў засьнежаным садзе купца Мюльлера.
Як з-пад зямлi перад iм вырас здаравенны мужчына, апрануты ў скураную куртку й зь сякерай у руках. Нiчога ня кажучы, незнаёмец засланiў дарогу, i з падозрай ды злосьцяй пазiраў на перапалоханага карчмара.
- Да пана Магiстра... ласкава прашу... - задыхаючыся, залапатаў Захар Кузьмiч. - Да пана Магiстра... Iх Сьветласьць загадалi мне... Ласкава прашу... Далiбо загадалi. Зрабiце такую ласку... Ласкава прашу... гэту сякерку... - i ён пачаў адвешваць нiзкiя паклоны суроваму ўласьнiку страшнае баявое сякеры.
Вартаўнiк (а гэта быў вартаўнiк, пераапрануты ў садоўнiка, аб чым хiтры карчмар адразу здагадаўся) з пагардай зiрнуў на ягоную агiдную постаць i рухам рукi загадаў iсьцi ўперад. Захар Кузьмiч скурчыўся й накiраваўся па сьцежцы мiж кустоў да дому, адчуваючы, як яму здавалася, вострае лязо сякеры ў сябе на карку. Але азiрнуцца не адважыўся.
Кройцэнбэрг прывiтаў Захара Кузьмiча вельмi ветлiва, называючы яго сваiм сябрам, i запрапанаваў кубак вiна, якое той выпiў з задавальненьнем, адзначыўшы ў думках, што вiно заморскае й найлепшага гатунку.
Да вартавога Кройцэнбэрг прамовiў некалькi адрыўчастых словаў па-нямецку, зь якiх Захар Кузьмiч не зразумеў нi воднага, але, мяркуючы па тону, рашыў, што Камандор лае таго за грубае абыходжаньне да яго - Захара Кузьмiча. Але на самай справе гэтыя словы гучалi так: "Калi гэта мярзотная свiньня будзе выходзiць, зрабi выгляд, што яго паважаеш. Ён нам зараз патрэбен."
Як толькi вартаўнiк выйшаў, Кройцэнбэрг усадзiў свайго госьця ў мяккае крэсла, а сам у задуме закрочыў па пакою. Карчмар ад такога абыходжаньня быў на вяршынi раскошы. Ну а як-жа? Гэта табе ня хам - Войт з Шумiлiна, каторы толькi й умее: "Кварту, Захар!..." Нарэшце Камандор загутарыў:
- Слухай, мой сябра! Цi ведаеш ты, што Кароль Ягайла рыхтуе войска, каб ударыць на Лiтву й зьнiшчыць усе вашы правы й вольнасьцi?
- Не, Ваша Сьветласьць... Ласкава прашу, не даводзiлася чуць такога...
- Як не? - удаў зьдзiўленьне Кройцэнбэрг. - Табе, чалавеку каторы павiнен усё ведаць, ня ведама такая рэч? Ты-ж карчмар!
- Няхай Ваша Сьветласьць ня гневаецца, ласкава прашу... Але мне здаецца, што Войт нашы, Пётра Ларывонавiч, нешта такое казалi... Яны заўжды чакаюць на вайну з Польшчай...
- Вось бачыш! - падхапiў Кройцэнбэрг, зразумеўшы хiтрык карчмара. - Людзi ведаюць, а ты не... А хто ў вас Войтам?
- Вы, Ваша Сьветласьць, ня ведаеце нашага Войта Пётру Ларывонавiча? Ласкава прашу, ласкава прашу. Гэта-ж сын Ларывона Кiрмунтавiча, таго што зь Вялiкiм Князем Альгердам на Маскву хадзiў... - i Захар Кузьмiч пераказаў Кройцэнбэргу ўсю гiсторыю Шумiлiнскага Войта так, як калiсь разказваў Баярыну Рацiшчэву. Камандор, не перабiваючы, выслухаў гэтае апавяданьне да канца, i як-бы мiмаходам зазначыў:
- Вось бачыш, ваш Войт усё ведае.
- Так, Ваша Сьветласьць, так! Ён заўсёды ўсё ведае, бо сам Гаспадар Вялiкi Князь яму кажуць...
- Добра!... - перабiў Кройцэнбэрг. - Хочаш, каб я даклаў аб табе й тваей вернасьцi Вялiкаму Магiстру Конраду?
- О! Ваша Сьветласьць! Ласкава прашу, зрабiце такую ласку! Век за вас буду Бога малiць...
- Ну то слухай! Паколькi ты й безь мяне ведаў аб намерах Караля, я мушу табе сказаць, што нашы Вялiкi Ордэн лiчыць сябе шчырым прыяцелем Лiтвы й Вялiкага Князя, але Ён, на жаль, нам ня верыць... Дык каб прадсьцерагчы ад такога вялiкага няшчасьця як вайна, я й паклiкаў цябе, Захар Кузьмiч. Толькi ты можаш уратаваць твой народ ад бяды... Iдзi й перадай твайму народу гэтыя весткi, а ў першую чаргу твайму адважнаму Войту. Каб яны ведалi й былi гатовыя! А я... у сваю чаргу раскажу аб табе вялiкаму прыяцелю Лiтвы Магiстру Ордэну Крыжа.
Хiтры карчмар, зразумеўшы, што яд яго хоча крыжак, i хутка зважыўшы ўсе выгады такой зьдзелкi, прамовiў:
- Ваша Сьветласьць, усё зраблю, усё перадам! Абы правучыць гэтую зьмяю падкалодную з Кракава й верна паслужыць вам, Ваша Сьветласьць, i вашаму Найвялiкшаму й Найшляхетнейшаму Рыцарству...
- Але памятай! - спынiў Кройцэнбэрг, гэты слоўны паток. - Калi Вялiкi Князь даведаецца, адкуль у цябе гэтыя весткi, то не пазьбегнуць тады табе шыбенiцы...
Захар Кузьмiч пакiдаў дом купца Мюльлера той самай дарогай, па якой прыйшоў, але ўжо ня так пасьпешна. За пазухай прыемна муляў туга набiты грыўнамi капшук. Вартаўнiк зь ветлiвай мiнай выпусьцiў яго за фортку, буркнуўшы ўсьлед: "Доннэр вэтэр..."[11] Але Захар Кузьмiч прыняў гэта за "добры вечар" i пацяшаўся ў душы з "дурнога" немца, так як зараз быў якраз поўдзень.
Гутарка, падобная гэтай, адбылася й з другiм выклiканым - панам Келябовiчам. На тым-жа яна й закончылася.
Вялiкалукскi-ж Войт Платон Скабель, хаця й не адзначаўся вялiкiм розумам, але ня быў на столькi дурным, каб паверыць завярэньням Кройцэнбэрга аб ягоным сяброўстве й шчырасьцi. Таму ён паставiў пытаньне проста:
- Для чаго вам, шаноўны Камандорэ, патрэбная гэтая звадка? I да чаго яна павiнна прывесьцi?
Кройцэнбэрг пабачыў, што гэта не карчмар i не пусты шляхцiц, i таму рашыў часткова адкрыцца, тым болей што Скабель быў ужо завербаваны:
- Да вайны...
- А якой узнагароды я маю спадзявацца?
- Ад каго ўзнагароды? - удаў, што не разумее, Кройцэнбэрг. - Ад Вiтаўта?
- Ад Тэўтонскага Ордэну... Найсьвяцейшага Папы... цi хто там яшчэ ў гэтай вайне зацiкаўлены? - вытлумачыў Скабель. - Ад Вiтаўта за такiя справы можа быць толькi адна ўзнагарода - вяроўка!
- Узнагарода будзе вялiкая й багатая, але вялiчыня яе будзе залежаць ад стараньняў Войта Вялiкалукскага...
Па выхадзе Платона Скабеля, Кройцэнбэрг прысеў да стала й, хутка напiсаўшы лiст, зь мейсца адправiў яго з ганцом у Мальборк. Цяпер толькi заставалася чакаць на вынiкi разпачатае гульнi, што Камандор i зрабiў.
9. НАРАДА
Першае, на што зьвярнуў увагу Ваявода Фёдар, прыехаўшы ў Полацак, былi чуткi аб хуткай вайне з Польшчай.
Пры першым-жа спатканьнi зь Вiтаўтам ён пацiкавiўся, цi ёсьць падставы да гэтых чутак.
- Гэтага мы яшчэ й самi ня ведаем, - адказаў спакойна Гаспадар. - Ведаем толькi, што дыму без агню не бывае. А калi так, то, значыць, нешта ёсьць! - I ён шматзначна пацёр рукi, як бы паказваючы, што яны яму сьвярбяць.
- Няўжо вы, Ваша Высокасьць, дапусьцiце да вайны?
- Я прагну яе! Яна мне патрэбна як паветра!
- Але-ж не з Каралём Ягайлам?
- А чаму-б i не?! - з запалам ускрыкнуў Вiтаўт.
- Я ня радзiў-бы...
- Я бачу, ты нiяк баiсься, Фёдар?
- Не, не баюся, Ваша Высокасьць! Але-ж ён сын Вялiкага Князя Альгерда й Вашы Кузын. Вы сваякi!
- То што з таго, што сваякi? Чаму гэта я павiнен уважаць на сваяцтва, а ён не? Чаму ён, гэты ханжа й сьвятоша, не глядзеў на сваяцтва, калi задушыў майго бацьку?
Падаграючы сябе такiмi словамi, Вiтаўт разпаляўся ўсё болей i болей. Гнеў i прага помсты так i пырскалi зь ягоных блiскучых вачэй. Яго прыгожы твар зьмянiўся да непазнаньня.
- Чаму ён не глядзеў на сваяцтва, калi засадзiў мяне самаго ў Крэўскiя падзямельлi, ды загадаў таксама задушыць? Не глядзеў, нарэшце, на сваяцтва й тады, калi зь яго ведама Крыжакi задушылi маiх малалетнiх дзетак?... Чаму?...
- Ня ведаю, Ваша Высокасьць, - разгубiўся Фёдар.
- Ня ведаеш? Дык я ведаю! I пагэтаму таксама ня буду ўважаць на сваяцтва! Яму мала Кароны, яму й мой Пасад патрэбен!... Дык хай-бы ён быў мне родным братам усёроўна! Я мушу перад Богам i людзьмi аддаць яму тое, што ён заслужыў! Пакараю й пайду! Не патрэбна мне ягонае Каралеўства! Хай яго чарты з панамi дзеляць... Бог мне сьведка!
- Ваша Высокасьць, не ўпамiнайце Бога, бо гаворыця ня так, як належыць Хрысьцiянiну!... - цьвёрда запярэчыў Ваявода.
- Фёдар! Кубак цярпеньня перапоўнiўся! Я яму больш не прабачу! А ты, бачу, хiстаесься... Цi не прыслаў ён табе чаго-небудзь звонкага? Га? Калi так, то едзь лепей у сваё Грозава й больш мне на вочы не пападайся!
- Я нiколi не хiстаўся, iдучы за Вашаю Высокасьцю, i ад нiкога нiчога не атрымлiваў! Уся мая маёмасьць здабытая маiмi продкамi й мною зусiм сумленна й ганарова! Мячом i дзiдаю! I вы, Ваша Высокасьць, аб гэтым ведаеце ня горш за мяне! - прамовiў абражаны да глыбiнi душы Фёдар. - Але калi Вашай Высокасьцi пажадана адправiць мяне ў Грозаў, воля ваша! - Ён хутка адшпiлiў свой Рыцарскi пас i разам зь мячом працягнуў Вiтаўту.
Адразу разгубiўшыся ад такога выпаду, Вiтаўт зразумеў сваю вiну i, ляпнуўшы Фёдара па плячу, вылаяўся:
- Каб цябе Пярун разразiў! Спачатку раздратуе, а тады крыўдзiцца! Фёдар, а ну апярэзвайся назад!
- Але Ваша Высокасьць пажадалi адаслаць мяне...
- Пачакай! - перабiў Вiтаўт. - Ведаю, што ты хочаш сказаць. Але я цябе абразiў, i я цябе... прашу: Прабач.
Фёдар моўчкi глядзеў у вочы Вялiкаму Князю. Любiў ён свайго Гаспадара над усё на сьвеце, i балюча было, што дайшло да такога непаразуменьня.
- Ну добра! - працягваў Вiтаўт, зусiм апанаваўшы сябе. - Бачу, што ты, Фёдар, занадта ганаровы, каб прабачыць такому сьмерду, як я. Але пакiнь сваю крыўду на потым, бо зараз ня той час, каб мы сварылiся мiж сабой!
Ваявода паволi падпярэзаўся сваiм пасам.
- Вось гэтак будзе лепей! - ускрыкнуў Вiтаўт. - А разьлiчымся калiсь пазьней.
- Пазьней дык пазьней, - усьмiхнуўся Фёдар. - Я думаю, што на тым сьвеце вугалькамi.
- I я так думаю! - адразу пагадзiўся Вiтаўт.
Вялiкi Князь i Ваявода па брацку абнялiся, i гэтым шляхам мiр быў устаноўлены.
- Слухай Фёдар, - пачаў iзноў Вiтаўт. - Заўтра адбудзецца вайсковая нарада, i ты мусiш быць на ёй абавязкова.
- Буду. Абавязкова!
- Добра, iдзi адпачывай! Тваiх людзей ужо разьмясьцiлi. А слаўны ў цябе пачот, сам Кароль мог-бы пазайздросьцiць!
- I пазайздросьцiць, калi на тое прыйдзе час!
- Вось гэта мне падабаецца! - ускрыкнуў радасна Вiтаўт, разгадаўшы сэнс гэтага нацяка. - А ну, разказвай, колькi ты сабраў такiх малайцоў?
- Дзевяць сотняў лучнiкаў ды капейшчыкаў пешых i пяць сотняў конных.
- I гэта ўсё са Слуцку? З таго Слуцку, каторы паўгоду таму аддаў мне амаль усю сваю Дружыну?...
- Так, Ваша Высокасьць!
- I ты не памыляесься ў лiку?
- Не, Ваша Высокасьць!
- Фёдар! Ты заслужыў на найбольшую ласку, а я гэтак цябе абразiў... Яшчэ раз прашу - Прабач мне... I Князь Стары - малайчына. Дзякую й яму.
- Забудзьце, Ваша Высокасьць! Не для падзякi робiм, а на славу Краiне й Гаспадара яе. А пра выбачэньне пакiнем... Хто старое памяне, таму вока вон!
- Фёдар, можа маеш якое жаданьне? Прасi! I калi гэта ў маёй моцы, зраблю! Я ў цябе ў даўгу.
Ваявода Фёдар хацеў ужо было адмовiцца, як раптам у галаве склалася адна цiкавая камбiнацыя, i ён прамовiў:
- Маю жаданьне. I прасiць буду Вашу Высокасьць даць шпоры й пас аднаму з маiх сотнiкаў - Васiлю з Копыля.
- А чаму для сябе нiчога ня просiш? - зьдзiвiўся Вiтаўт.
- Гэта й ёсьць для мяне... - пачырванеўшы, адказаў Фёдар.
- Калi так, то добра. Толькi-ж ты ведаеш, што нiхто не дастае годнасьцi Драба, не заслужыўшы гэтага.
- Ён iх заслужыў, Ваша Высокасьць! У абароне Вiльнi й у сутычках з Крыжакамi ў Жамойцi...
- Веру табе, Фёдар, але ўсё-ж мушу праверыць яго, што й зраблю ў найкарацейшым часе. Абяцаю табе.
- Дзякую, Ваша Высокасьць, наперад, бо ведаю, што ён не падвядзе.
* * *
- Ойча наш нябесны! Хай сьвецiцца ймя Тваё, хай прыйдзе валадарства Тваё, ды будзе воля Твая, як на небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штадзённага дай нам сёньня й выбач правiны нашыя, як i мы выбачаем вiнаватым перад намi, i ня дай нас у спакусу, але ратуй нас ад лiхога. Бо Тваё валадарства й сiла й слава - Айца, i Сына, i Сьвятога Духа - цяпер, на ўвесь час, i вякi вечныя. Амiн. Апошнюю частку малiтвы Вiтаўт прамовiў наўмысна з моцным прыцiскам.
- Амiн! - адказалi ў разнабой сабраўшыеся на нараду Драбы.
Вялiкi Князь акiнуў паглядам абедзенную залю, у якой вакол наўкола велiзарнага стала стаялi, чакаючы дазволу сесьцi, удзельнiкi нарады.
Усiх прысутных Вiтаўт добра ведаў i таму, ня доўга не цырымонячыся, адразу сеў у крэсла, паклаўшы меч памiж кален. Сабраныя, а было iх чалавек каля сарака, з шумам i бразганьнем зброi, пазаймалi свае мейсцы.
Пашукаўшы вачамi Ваяводу Фёдара, Вiтаўт моцна зьдзiвiўся, бачачы за ягоным крэслам двух добра ўзброеных збраяносцаў. Не было нiчога дзiўнага, што за крэслам Яраслава Смаленскага стаялi тры воi, за крэслам Жыгiмонта Карыбута (толькi што прыехаўшага з Чэхii) аж пяць. Але калi Фёдар, каторы заўсёды прыходзiў з адным стрэмяным, прывёў двух, значыць тут нешта ёсьць. Аднак задумвацца над гэтым не было часу, i Вiтаўт адразу перайшоў да справы:
- Шаноўныя Гаспадары Рада! Верныя й адважныя Князi, Ваяводы, Войты й Драбы! Баронячы нашыя землi й правы, мы ня раз ужо сустракалiся ў полi зь Немцамi, Маскалямi ды Манголамi. Пакладаючыся на Ласку Божую, ды сiлу й мужнасьць Народную, мы заўсёды з гонарам выходзiлi з усiх цяжкасьцяў, i заўсёды былi пераможцамi. Шануючы Сьвятую Памяць нашых слаўных Продкаў, мы дабрасумленна выконвалi ўсе забавязаньнi, узятыя iмi на сябе. Але, нягледзячы на гэта, наш подлы брат[12] Кароль Польскi Ягайла - палiчыў для сябе прыстойным здраднiцкi схапiць у часе перамоваў нашага бацьку Кейстута й задушыць яго. Недастойным Караля ашуканствам ён заманiў i мяне ў разстаўленую iм пастку, ды, захаваўшы ў падзямельлi Крэўскага Замку, загадаў задушыць i мяне. I толькi дзякуючы самаахвярнасьцi простае жанчыны мне ўдалося ўратавацца. Вы таксама ўсе добра ведаеце, якую ролю гуляў Ягайла ў забойстве маiх дзяцей. Я тады-ж хацеў паказаць нашаму брату ягонае мейсца, але закалот у Бранску прымусiў мяне ўстрымацца. Наступна мы мусiлi спынiць навалу Тымура Кульгавага, i вось цяпер, калi нашымi шматтысячнымi ахвярамi, куплена воля ўсяе Эўропы, наш брат вырашыў, што прыйшоў найлепшы час падпарадкаваць Вольную Лiтву кароне Польскай. Ён разьлiчвае на падтрымку Князя Мазавецкага й на нашае, як яму здаецца, бязьсiльле!
Па залi пракацiўся гул абурэньня й гучны бразгат зброi. Вочы Вiтаўта заiскрылiся, i ён дадаў: