— Я не паразіт, — запярэчыў кум.
   — А хто калісьці ў калгасе яшчэ мех жыта ўкраў?
   — Я не краў.
   — Ну ўсё адно. Ды ты паглядзі на сябе. Ва ўсіх сумленных людзей чупрына на галаве, а ў цябе — плеш. І кажаш, што не паразіт.
   Торкаючы відэльцам у талерку, няшчасны кум стараўся перавесці размову на іншыя, больш прыемныя, рэйкі:
   — А я сала ем.
   — Вось-вось! — І з абурэннем: — Ды чэсныя людзі — мьякіну! — ядуць. А ты сала. І кажаш, што не паразіт.
   Я пайшоў і сеў у кветніку. Галава пасля сну і ўсяго балела несамавіта. Трэба было менш курыць. Ясна, што тут забаліць што хочаш. І гэтыя нажэрліся гары. Як няшчасце гэта нейкае на люд. А за акном зноў размова, высакапарная.
   — …прыкрашае траву тым, што яшчэ нядаўна было высакаякаснай беларускай ежай. Аж шкада стала. Такі прадукт зглуміў, — і пасля паўзы: — Аднаго поля ягады. Што Лапатуха, што Альшанскі Нічыпар, княскае адроддзе, што гэты юрод айцец Леанард, пацук такі.
   «Трэба з'язджаць, — падумаў я. — Да Мультана. Іначай спакою не дадуць, п'яныя чэрці. І ўвогуле, чорт ведае што. Усе ў акрузе нейкія звіхнутыя, а ўсё, што даведаўся за дзень, не вартае і выедзенага яйка».
 

РАЗДЗЕЛ XV ПРА НОВУЮ ХАТУ, СПРАЎДЖАНЫЯ СНЫ І ПРА ТОЕ, ЯК ЗАБІВАЮЦЬ ЧАЛАВЕКА І ЦІ ЛЁГКА ДРУГОМУ ДВУХНОГАМУ ЗРАБІЦЬ ГЭТА

   Раніцаю я другі раз зайшоў са сваёй прапановаю да дзеда Мультана. І мне спадабалася ў яго яшчэ болей.
   — Калі ласка, — сказаў ён, — мне што? Толькі начамі самотна будзе. Я начамі хаджу.
   І вось я перабраўся ў другі пакойчык небывала вялікай «вартоўні» дзеда. Той, асабліва прытульны, нягледзячы на запушчанасць. Прытульны ад старых партрэтаў, ад складу непатрэбных ікон у адным з кутоў, ад таго, што адны дзверы (другія вялі непасрэдна ў дзедаву вартоўню) і акно выходзілі проста на абсады і цераз нізкі каменны мур — у цяністы ўжо зараз сад. Калі высунуцца ў акно, справа было відаць «першакасцёл», да якога пасля быў прыбудаваны гмах навейшага з яго цудоўным іканастасам моранага дубу з пазалочанымі фігурамі (роўны яму мне давялося бачыць хіба што ў Будславе).
   Першым госцем быў Шаблыка. Прынёс вялізны пачак паперы: нямецкія лістоўкі і нашы лістоўкі, газеты, у якіх казалі аб нападах партызан і аб нападах на партызан. І аб расстраляных дзеячах руху апору, і аб заложніках. Было нават з дзесятак нумароў «Нашага шляху».
   — Нашто ты гэта г… трымаеш?
   — Трэба ведаць, хто ёсць хто і хто быў хто. Нават калі гэта бессаромная прапаганда. Гэх, браток, колькі такой бессаромнай прапаганды на свеце! Глядзеў я пасля вайны «Індыйскую грабніцу». Вывад: «немец спрытны хлопец, паўсюль пройдзе». Нейкія там фільмы пра «Агента 007» — «англічанін спрытны хлопец паўсюль пройдзе»… Цьху! На жаль, нават першакласныя людзі часам не паўсюль праходзяць. «Тому в истории мы тьму примеров слышим». Вось, можа, нешта цікавае пра тых і знойдзеш. Хаця наўрад: у апошнія дні тым было не да газет… Вось дастаць бы газеты тых часоў, калі брат Высоцкага правакатара забіў. Хаця адкуль іх дастанеш? Такі пажар пракаціўся.
   — Ну, мабыць, не ўсё ж згарэла.
   З другім візітам з'явіліся Васілька Шубайла і Стасік Мультан. І мы адразу пашыбавалі з імі да лазу ў падпол касцёла, проста квадратнай адтуліны, за якой ход ішоў уніз, як быццам тут збіраліся ссыпаць у бункер бульбу.
   — Вы, дзядзька, можаце плячыма не пралезці, — сіпатым шэптам сказаў Васіль.
   — Пралезе. Рукамі наперад. Там нешта накшталт прыступкі. Да яе сантыметраў пятнаццаць.
   Яны слізнулі туды, як маляўкі пад камень. Але нічога, пралез і я. Адна рука наперад, другую — пад сябе, каб далонню падштурхоўваць чэрава. Непрыемна, калі звісаеш над пустою цемраю.
   Але і сапраўды, не больш чым пятнаццаць сантыметраў да каменнай пляцоўкі.
   Не люблю я гэтых падзямелляў, асабліва запушчаных. Затхла, паўсюль кавалкі атынкоўкі, стаяць саркафагі, і ў кожным нечае былое жыццё. Вартае ці не вартае гэтага саркафага — іншая справа. І асабліва мяне мярзіць такое відовішча пасля таго, як давялося мне бачыць «зацны гроб» аднаго вялікага саноўніка былых часоў. Мумія ляжала ў мундзіры пры ўсіх рэгаліях, але… без портак. Порткі былі суконныя, і іх з'ела моль. Варта было ліслівіць, царадворстваваць, выракаць людзей на горшае, забіваць іх, каб пасля ляжаць без портак.
   — Вось дойлід, — сказаў Стах. — Камісія нейкая з год назад прыязджала, здымала века. Як жывы, ляжыць, толькі трохі ўсох.
   Галасы нашы гулка выбухалі пад скляпеннямі, так што й гэтых маглі б разбудзіць. І ўсё ж я непамерна здзівіўся, калі паўзмрок прарэзала вертыкальная смуга святла. Нечакана павярнулася вакол восі вялізная і, як я цяпер бачыў, непамерна тоўстая дошка (раней я думаў, што проста на ёй калісьці нешта было напісана ды фарба злезла), і ў гэтым святле ўзнікла постаць чалавека са свечкай у руцэ.
   — Хто там? — спытала постаць, і я пазнаў ксяндза. — А-а, гэта вы?… Якім чынам вы тут?
   Я паказаў рукою на лаз.
   — Нашто ж вы так? Я сам бы мог паказаць. І было б зручней.
   — Прабачце, дзеці сказалі, што іншага ходу няма.
   — І дарэмна сказалі. Ну добра, дзеці, ідзіце, гуляйце.
   Ён паказаў на патайныя дзверы, але малыя кінуліся ў лаз.
   — Каб мне іхні спрыт, — усміхнуўся ксёндз.
   — Яго ў вас і зараз хапае.
   — Не. Для некаторых рэчаў ужо не. Тут пад касцёлам, дый пад замкам, цэлая сістэма хадоў. Кажуць, ёсць і ход, што злучае касцёл і замак. У некаторыя з іх я не рызыкую хадзіць. Дужа рэдка не хапае смеласці. Часцей — спрыту. Хочаце, я вам некаторыя пакажу.
   — Чаго ж, ахвотна, — я падумаў, што, можа, гэта ў нечым дапаможа маім пошукам.
   — То хадзем.
   Я праціснуўся за ім у атвор. То была нейкая касцельная прыбудова (я кепска разбіраюся ў гэтай тапаграфіі). Жыховіч адамкнуў нейкія нізкія дзверы, і вачам адкрыўся нешырокі калідор з нізкай скляпенчатай столлю. Гэта было падобна на пячоры ў Кіеўскай лаўры. Толькі што вакол быў дзікі камень, а не сцэментаваны пясок.
   — І доўга ён цягнецца? — Мы прайшлі ўжо, мне здалося, метраў сто пяцьдзесят, і канца гэтаму не было відаць.
   — Да канца не даходзіў. Тут ёсць і іншыя хады, бакавыя, але я іх не ведаю. І ніхто не ведае. Тут падчас татарскага набегу недзе ў тысяча пяцісотым, ці што, годзе хавалася ўсё насельніцтва Альшан і навакольных вёсак.
   — То што, катакомбы старэйшыя за касцёл?
   — Непамерна старэйшыя.
   Я ішоў наперадзе. Раптам я адчуў нібы павеў нечага па твары. Полымя свечкі затрапятала, адбіткі замітусіліся па камені.
   — Асцярожна!
   У той самы момант я паслізнуўся, адчуў, што падаю, і раптам адчуў неверагоднай сілы штуршок у спіну. Такі, што ўзляцеў у паверта, мабыць, з метр патрымаўся так, а пасля не дужа мякка прызямліўся ў пыл, адчуваючы, што ступакі мае вісяць над пустатой.
   — Езус-Марыя! Матка боска Астрабрамска. Матка боска Бытэньска.
   — Што гэта было?
   — Студня. Я ж сказаў, асцярожна!
   Я сапраўды ледзь пераскочыў дзякуючы ксяндзоваму штуршку круглы чорны правал у падлозе. А можа…
   — І чаго вы паслізнуліся? Ну так і ёсць, — ён узняў свечку ўгору. — Калонія кажаноў! Бач, за зіму які блін на падлозе атрымаўся.
   Ён звесіўся і правіснуў, гледзячы ўніз. Пасля ўзяў каменьчык і кінуў у чорную пашчу. Праз незлічоныя стагоддзі адтуль даляцела нібы звонка, а нібы і глуха:
   «Глок». Тут мы абодва, калі аб гэтым можна меркаваць пры свечцы, збялелі.
   Наступныя пару хвілін ішлі моўчкі. Калі-нікалі трапляліся ў сценах закратаваныя адтуліны пад іржавымі замкамі.
   — Ключы ў каго?
   — Ключы ў мяне, — сказаў ксёндз. — І ад замкавых хадоў таксама. У мяне і ў Мультана. Дзеці панадзіліся лазіць. Каб не зваліўся каторы. Добра вам у яго? Хаця, чаму ж? Чалавек добры, станоўчы. Патомны вартаўнік. Ад прапрадзеда, а можа, й раней.
   …Арганіст у пустым касцёле, калі мы папрамавалі праз прэсбітэрыюм на выхад, зноў граў нешта падобнае на «Бычка».
   — Чаго ён так?
   — А, я ж вам казаў. Ён аднойчы падчас імшы і «Лявоніху» ададраў.
   — І нічога яму?
   Трымаю. Я ж вам казаў: майстра на ўсе рукі. Тут і арганіста знайсці цяжка, а гэты… яшчэ і гадзіннік адрамантаваў. І каляндар амаль што. І сонечны і месячны.
   Мы паволі ішлі да замка. А мяне ўсё не пакідала думка, чаму ён хацеў забіць мяне? А мо я і сапраўды паслізнуўся? Тады — што азначалі словы Вячоркі? Ведае нешта ці проста п'яная балбатня?
   — Чуткі хадзілі, вы нешта шукаеце? — спытаў ён. — І трапіла вам у рукі нейкая шыфроўка?
   «Ясна. Усё тая злашчасная балбатня ў машыне па дарозе ў Езна».
   Сяк-так, у самых агульных рысах, я расказаў яму аб нязначным, асабліва напіраючы, што нічога не расшыфраваў, бо мне невядомы прадмет, вакол якога трэба тую стужку намотваць.
   — Ведаючы матэматыку, гэта не так цяжка, — здзівіў ён мяне, а пасля яшчэ раз здзівіў: — Літарэю спрабавалі? А можа, спалучыць яе з Кеплераўскім прынцыпам?
   «Чаму ён мне зараз дапамагае, — падумаў я. — Што за чалавек? Адкуль?» А ён, нібы сапраўды ведаючы мае думкі, раптам сказаў:
   — Вы сабе можаце што хочаце думаць пра тое, што адбывалася тут трыста год таму. Гэта і дурню невядома. А вось што рабілася тут на нашай памяці! Гэта разблытаць! Тады, магчыма, і таямніца нашага правалу выйшла б на свет.
   — Ну а калі б і раскрылі правакатара. Што тады вы?
   — Хрыстос казаў, што ворагам трэба дараваць не да сямі разоў, а да сямідажды сямі…
   — І вы?…
   — Я, на шчасце, не Хрыстос. І нават не самы лепшы з яго служак.
   — Гэта як?…
   — Каб улады побач не было — кішкі матляў бы, — раптам праз зубы працадзіў ксёндз. — За маю апошнюю. Мне можна. Я — крыважэрны. Я — рука Ватыкана.
   І я зразумеў: гэты сапраўды матляў бы кішкі. Не «рукой Ватыкана», а сваёй, вось гэтай, здатнай на ўсё. Пры ўспаміне аб сябрах і аб каханні, якое загінула недзе ў сутарэннях СС або СД — хто ведае?
   Я пайшоў ад яго ў самых растрапаных пачуццях. Нашы рамантыкі мінулага стагоддзя сказалі б, што пагрозныя «цені», «анёлы начныя» кружлялі над маёй галавой. Чаму кніга? Нашто дзве смерці? Чаму чатырыста забітых у вайну? Каменныя брылы мне на галаву? Ксёндз над студняй? Банды Боўбеля і Куляша? Лапатуха? Бязладная балбатня Вячоркі пра цені і нейкія страшныя яйкі?
   Цені, анёлы начныя. Кашмарны, бязлітасны свет.
   Я не ведаў, што ўсё гэта — ружовая дзіцячая казка ў параўнанні з тым, што чакала мяне.
 

ЧАСТКА II КАТАКОМБЫ, ЗМРОК І АГОНЬ

РАЗДЗЕЛ I У ЯКІМ НІХТО З «ТРОХ МУШКЕЦЁРАЎ» АМАЛЬ НІЧОГА НЕ ВЕДАЕ, А ТОЙ, ХТО ВЕДАЕ, НЕ МОЖА РАСКАЗАЦЬ

   Травень быў такі, што каб такіх не бывала на зямлі — яго варта было б выдумаць. Начамі некалькі разоў ласкава шапталіся з дахамі цёплыя, ледзь не парныя дажджы. Раніцамі зямля курэла добрай парай нават праз шматлікія густыя парасткі, а на травах віселі падвескі з расы: зробіш крок і раптам заззяе, зробіш другі — і ўжо ў іншых месцах успыхваюць маленькія аранжава-зялёныя сонцы.
   Травень абяцаў спакойнае лета, добрую восень, сытую зіму, і мала хто з мужыкоў не бласлаўляў яго.
   Акрамя, мабыць, мяне.
   Для мяне ён быў не квеценню садоў, якая пасля ўкрыла цёплым снегам зямлю, не дажджамі, не росамі, што прарочылі раскошныя жыватворныя дні, а хутчэй нейкімі змрочнымі падземнымі сутарэннямі, пераходамі, бясконцымі катакомбамі ды кашмарамі па начах.
   Я жыў, кажучы словамі старога ананіма:
 
На мяжы святла і змроку,
На мяжы жыцця і смерці.
 
   А калі прыйшлі тыя падзеі — да ўяўлення аб гэтых лазах, ямінах, правалах, падземных калодзежах прыйшлі і яшчэ радкі (чые, я забыў) аб тым, як:
 
У змрочным пекле, дзе з чорным
Агністы схапіўся бог.
 
   Таму настрой у мяне, як кажуць браты-палякі, быў «на псы», калі недзе ўжо ў дваццатых чыслах месяца я сядзеў на лавачцы ля Шаблыкавай хаты разам з гаспадаром і Міхасём Змагіцелем, займаючыся вельмі ўхвальнай справай (мы паволі-паволі папівалі «беларускі бальсан», змешаны са слязой божай, і закусвалі з рэшата парніковымі трускалкамі (хай яго бог любіць, гэтага Шаблыку, усё на свеце ў яго ёсць або знойдзецца).
   Дундзелі ў залатым вячэрнім паветры хрушчы. Зусім ужо нізкае сонца зрабіла з Альшанкі райскую раку святла. Густыя ўжо шаты дрэў нерухома рыхтаваліся да сну.
   І размова ў нас ішла нейкая сонная і, спачатку, ні аб чым.
   — Ты вось заўсёды што — «БТ» гэтае курыш? — лянотна спытаў Змагіцель.
   — Так.
   — А я вось выключна «Нёман».
   — Дый я люблю, але як пакуру доўга — кашаль. Кінуць не спрабаваў?
   — Раз дзевяць месяцаў не курыў. А тут выбары. Піва рэдкага на вёсцы прывезлі: «Лідскае». Сушаная рыба знайшлася. Ну, а я ўрну вазіў па тых, хто сваімі нагамі прыйсці не можа. Сябры набралі ўсяго на маю долю і, заразы, забыліся, тры пачкі «Нёмана» купілі. Як толькі галасы падлічылі — складчына. А я намерзся за дзень на марозе, адвёў каня, прыйшоў, ну, выпілі. Забыўся, закурыў. І… як не было гэтых месяцаў.
   Шаблыку гэтая бяседа была такая цікавая, што здохнуў бы разам з мухамі. Таму размова перайшла на тэму, ад якой, мяркуючы па нашых літаратурных газетах, здохлі б мухі ўва ўсім свеце: на «кніжнасць».
   — Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?
   — А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілотку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў… з танкамі.
   Мылі, мылі костачкі інжынерам чалавечых душ (пачулі б яны гэта з трыбуны), і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма:
   — Ну а гэты… Караткевіч? — спытаў Шаблыка.
   — А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць.
   — Кажуць, бабнік, — сказаў Змагіцель.
   — А пра каго гэтага не кажуць? Ты вось лепей, Антось, скажы, што ты так нарасшыфраваў? — перавёў нудную размову на іншае Шаблыка.
   Я коратка расказаў пра літарэю. Сказаў толькі, што цвёрда ўпэўнены, што патрэбная мне вежа — з паўночнага боку, там, дзе была замураваная пасля Слуцкая брама. Сказаў і пра вугал намотвання (я верыў гэтым хлопцам і дужа спадзяваўся, што яны былыя дзеячы партызанкі і падполля, умеюць, калі трэба, заціскаць у ціскі язык), але сказаў (даруй мне божа за хлусню), што прадмета, вакол якога трэба матляць, у мяне няма і што вызначэнне па транспарціры вугла між асявой лініяй стужкі і кірункам напісання слоў мала што дае, а канец мне і зусім няясны (і гэта было праўдай). Няясна было толькі, якую вежу трэба лічыць ад кутняй. Трэцюю?
   — А ты яшчэ пачухай свой глобус, — сказаў Змагіцель, — можа, нешта надумаеш.
   І сапраўды, што заставалася рабіць?
   І тут раптам за шчыкетамі кветніка пачалася дзікая какафонія. На розныя ступені гвалту брахалі дзесяткі сабачых глотак, і нечы голас верашчаў на ўсю вуліцу:
   — Забойцы! Забойцы!
   Мы падышлі да агароджы. Справа рухаўся ўжо вядомы мне картэж: Лапатуха ў суправаджэнні дзесятка сабак. А насустрач яму ішлі старшыня Альшанскі і бухгалтар Ганчаронак. І адчувалі сябе, відаць па ўсім, як дзве мухі ў місцы з кіслым малаком.
   Усе робяць вывады, усе бачаць, а задавальнення аніякага.
   — Забойца! — гарлаў Лапатуха.
   — Чаму, Людзвік? — спытаў Альшанскі.
   — І вы! І вы! Заб'ець мяне! Схаваюся!
   — Чаму я забойца? — спытаў Ганчаронак.
   — Таму, — і да Альшанскага: — Бычкоў забіваеш! Цялятачак! Авечачак! Схаваюся!
   — Ідзі, Людзвік, — сумна сказаў старшыня. Але вар'ят, заўважыўшы, пераключыўся ўжо на мяне:
   — Ага, да праўды ідзеш? Тым хутчэй галаву скруціш. Абселі ўжо цябе, абселі. І бац* табе не паможа. Бац у сутане. Вось Боўбель, Боўбель прыйдзе. Прыйшоў.
   * Бац — пацук (дыял.).
   І мы, і тая пара рванулі ад яго, нібыта ён размахваў вядром з варам.
   Ледзь адсапліся, пакуль не перанеслі рэшткі «бальсану» і рэшата з трускалкамі на другі, садовы, столік, за хатай.
   — Ну, джэнтльмены, — спытаў я, — як самаадчуванне? І што гэты сон увогуле павінен азначаць?
   — Не ведаю, — сказаў Шаблыка. — Можа, сапраўды, з розуму з'ехаў чалавек. А можа… надта ўжо зручны спосаб замаскавацца.
   — Ну кінь, — сказаў Змагіцель. — Тут тады такое чынілася, што і самы здаровы чалавек з'ехаў бы з глузду. А ў гэтага, відаць, псіхіка была хірлявая. Добра яшчэ, што хаця душою не загавеў.
   — Як гэта ўсё было? — спытаў я.
   — Ну ў траўні сорак чацвёртага па загаду Гімлера, як вядома, была створана «Kommenda 1005», — сказаў Шаблыка. — Знішчэнне слядоў усяго, што яны тут нарабілі. «Акцыі санітарныя». Прысуд загібелі на вёскі і хутары, дзе маглі быць сведкі. Нам яшчэ пашанцавала. Не паспелі знішчыць, надта хутка лыжы падмазвалі. Але выселіць людзей — выселілі. У лес. А акцыі былі падпісаны, гэтыя, аб масавых экзекуцыях. Быў тут такі шэф кладненскай акругі гестапа. І падпісваў ён іх як «Przewodniczacy sadu gestapo». Старшыня «суда» гестапа… Ну і пачалі тут па акрузе машыны гойсаць. А ў машынах — нашы з лесу сачылі за імі. А ў машынах СС — оберштурмбанфюрэр, доктар права (як быццам можа быць нейкае права ў краіне бяспраўя) і ён жа вышэйпамянёны шэф кладненскай гестапаўскай акругі, нехта па прозвішчы Гешцёбер ды з ім нейкі штандартэнфюрэр, палкоўнік, значыць. Ды оберштурмфюрэр Зейтц з памочнікам унтэрштурмфюрэрам Штофкенам (зямля яму бітым шклом, такая сволач). Ну і ў іншых машынах драбнейшыя, шарфюрэр Лінц (гэты аховай кіраваў) і чамусьці фон Эйхгорн, маёр «ТОДТ»аўскіх частак, ваенна-будаўнічай арганізацыі. Ясна, што не будаваць яны нешта тут збіраліся, а хаваць… А мо шукалі нейкага натуральнага яра, каб менш было работы па засыпанню…
   — І дакументаў няма? — спытаў я.
   — Шукалі мы іх некалькі год назад. Бо некаторыя нашы людзі часам усё ж пракрадаліся ў вёску забраць нешта забытае ці трохі ежы са схованак і, хочаш не хочаш, сёе-тое бачылі.
   — Хто?
   — Мультан. Арганіст. Ды ці мала яшчэ хто… Ну вось. У сярэдзіне ліпеня падступалі нашы. І тут зноў пачалася катавасія. Гэтай акцыяй кіраваў ужо камендант Альшан граф Адальберт фон Вартэнбург.
   — Часам не з тых? Не сваяк таго Іёрка фон Вартэнбурга Іягана-Людзвіга, што з генералам Дзібічам у 1812-м Таўрагенскую канвенцыю заключыў? — спытаў я. — Ну, што немцы з расейскімі войскамі будуць супраць Напалеона ваяваць.
   — Угм. А раней, у 1778-1789 удзельнічалі ў вайне за Баварскую спадчыну. Не прамыя нашчадкі, а, здаецца, ад траюраднага брата.
   — Ты скуль ведаеш?
   — А я ў прамежку паміж дзвюма партызанкамі не толькі па падазрэнню ў «бандытызме» ў гестапа сядзеў, а да гэтага ў гестапа некаторы час перакладчыкам служыў.
   — Як?!
   — А так.
   — Ну і што?
   — Сам бачыш. Не з белымі мядзведзямі выхаваўчую работу вяду, а з юнацтвам. Значыцца, ясна, як я немцам наработаў.
   — Н-так, — упершыню азваўся «каўбой», — не жыццё, а слоены пірог: лес — перакладчык гестапа — падвальны падапечны гестапа — выкуп — зноў да лесу.
   — Добра, канчай. Ну вось. А з графам Франц Керн з айнзацштаба, з ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей. Значыць, і іх вывезці не здолелі, бо кальцо амаль замкнулася… А з імі штандартэнфюрэр Зігфрыд (прозвішча не ведаю) і — трымайся за нешта, закачаешся — апошні Альшанскі стары, Юзаф-Ксаверы.
   — Ён, кажуць, памёр скора пасля, — сказаў я.
   — А я думаю, яго памерлі, — сказаў Змагіцель. — Магло быць і гэта.
   — Як?
   — А ты што думаеш, Вартэнбургу і Керну патрэбны былі лішнія сведкі? Дык вось, увальваюцца тады ў Альшаны і сюды пад непрабойнай аховай некалькі «опеляў», два «даймлербенцы», адна машына сістэмы «Монці» (дзень п…ь — год на рамонце) з эсэсманамі і тры легкавушкі: «бээмвэшка» сіняя, «опель-капітан» і «мерседэс» з генералам. І амаль ва ўсіх машынах нейкія скрыні, цюкі, зашытыя ў брызент і цырату рулоны. А ля адной увесь час круціцца, рукамі махае і распараджаецца стары Альшанскі, а на астатнія і плюнуць не хоча… Ну, а пасля пагналі калоны вязняў і проста мірных… Эсэсманы сваімі «вальтэрамі» ды «манліхерамі» трасуць, блокэльтэстары, блочныя старосты ды блокфюрэры кіямі махаюць: «а мо за руплівасць ды дбайнасць не будзе ім апошняй ямы». Бо прадчувалі, ой прадчувалі ўсе. Як добры сабака землятрус ці пажар у доме. Скулля гэтым старостам з макам, і не прысудзілі ім немцы іншы лёс… Там і нашы былі ў напаўвайсковай форме — Мультан бачыў. Некалькі чалавек. Але далёка было, не пазнаеш у твар. А нашы ж, сволачы.
   — Якая эпоха, такія і таленты, — з чорным гумарам сказаў Змагіцель.
   — Ты б, Міша, і пра іншыя таленты нашай эпохі ўспомніў, — злосна буркнуў Рыгор.
   — І ўспомніў бы, ды тыя забыць не даюць.
   Ужо ладныя прысмеркі ляглі на вёску, на Альшанку, лясы і грувасткі чорны сілуэт далёкага замка.
   Шаблыка ўздыхнуў:
   — Ну вось. Мультан у лесе сядзеў. Бачыў, як разгружалі скрыні, як валаклі некуды.
   — Ён пасля вайны іх нават шукаў. Мацаў латай дно замкавага возера. «Глей, — кажа, — засмактаў», — працадзіў «каўбой».
   — А я думаю — дарэмна там шукаць, — сказаў Шаблыка. — Думаю, не там. Думаю, ці не ў рачулцы пад замкам, там прамоіны пад берагам. Або, вярней за ўсё, недзе ў катакомбах. Бо там д'ябал нагу зломіць, бо да канца іх ніхто не ведае. Ведаў толькі стары Альшанскі, у яго план старадаўні быў.
   — Хто бачыў, — уздыхнуў я.
   — Лапатуха.
   Я бязмерна здзівіўся.
   — Ён гады два да трыццаць дзевятага ў замку бібліятэкарам працаваў. Бо куды было паткнуцца беларускаму хлопцу, хай сабе і з універсітэтам.
   Памаўчаў:
   — І ўвогуле, ён зашмат бачыў. Аж да небяспекі жыццю шмат бачыў. І апошнюю «акцыю» бачыў. Трызніць, балбоча, а сэнс нейкі ёсць. Я вось толькі не ведаю, ці ён яе таксама назіраў аднекуль, ці быў у калоне смяротнікаў. Я з паасобных словаў гэтага ягонага блекатання склаў для сябе такую карціну, можа, і няверную.
   — Якую? — спытаў я.
   — Бачыў, але не да канца. Цягнулі палонныя скрынкі да гарба (там возера з аднаго боку, а рачулка-роў і замак з другога). Смяротнікам пасля вочы завязалі, павялі туды, а праз пару гадзін, зноў з завязанымі вачыма, — адводзяць назад. І ў лесе — залпы. Жывыя зносілі мёртвых у купы. І тут ці Лапатуха спалохаўся (ён, відаць, ужо і тады быў — таго…) і кінуў назіральны пункт, ці ўдалося яму дзівам уцячы. А астатніх паклалі там, на горцы. Дзе пахаваныя — ведаеш.
   — А хто ведаў і ведае, дзе яны тое схавалі?
   — Ну нашых туды не пусцілі. Вартэнбург пад бомбы трапіў у Дрэздэне, а «мастацтвазнаўцу» Керна нашы ў Беластоку пасля прылюдна павесілі.
   — Вось яно, — уздыхнуў я. — Атрымоўваецца, ніхто не ведае, што хавалі, дзе і як.
   — Ускосна здагадацца можна: архіў і нарабаванае і асабістае майно Альшанскіх. То ж бо замак пуставата выглядаў, як мы ўвайшлі. А ведаеш? Лапатуха ведае. Ды гэта ўсё адно што сабака ведаў бы. Не кажа… І ніколі не скажа.
   — А можа, так, што прасвятленне?…
   — Наўрад ці, — сказаў Змагіцель. — Што могуць даць бязладныя лапатанні накшталт: «І вы… Заб'еце мяне… Забойцы… Запавет іхні там». Калі і ёсць недзе там запавет Альшанскага ды княскія граматы ды сцверджанні годнасці магнацкай — каму яны зараз патрэбны? Апошні, апошні Альшанскі воляю божай «Умре».
   Так, вясёлага было мала. Мы сядзелі ўжо амаль у цемры, і такая ж цемра была ў нашых мазгах. Я ўспомніў пра сваё абяцанне Хілінскаму і першы парушыў маўчанне:
   — Хлопцы, а што яно такое — Боўбель? Гэта я для аднаго там чалавека. Ён і сам трохі ведае, але яму цікава, што ведаюць, як глядзяць на гэта тут, на месцы.
   — Кгм, — Змагіцель кінуў у рот трускалку. — Гэта, браце, славуты бандыт. Тэрарызаваў з бандаю ўсё наваколле ў 1945-1947 гг. Два іх тут такія былі. Ён ды Кулеш. У акупацыю «партызанілі». А папраўдзе іхняя партызанка ў асноўным была — харчамі разжыцца ды каня ці кажух у мужыка ўзяць. Ну, хлусіць не буду, нападалі часам і на немцаў. Пасты здымуць, камендатуру падпаляць, мост спалілі аднойчы, два эшалоны пад адхон ракам паставілі. Яшчэ пакуль такое — цярпелі. Але перад вызваленнем бывалі ў іх ужо сутычкі і з намі. Амаль як анархісты ў грамадзянскую: «Бі справа — белага, злева — краснага».
   — Так, — сказаў Шаблыка, — аж па сорак восьмы пекла было ў нас. Праз іх. Вяртаюся аднойчы са сходу ўначы — аж нехта цыгарку курыць за нядальнім хмызам. Ясна, перастраюць. Засада. Ну я «вальтэр» з кішэні, крадуся, думаю: «Гэта яшчэ хто каго». Падышоў бліжэй — цьху ты, маць тваю не займаць… Светлякі! Звычайны святляк!
   Пасмяяліся. І зноў Шаблыка:
   — А бывалі і сапраўды засады. Дужа палявалі. За ўсімі, а за мною чамусьці асабліва.
   — Можа, баяліся.
   — Сам думаю. Магчыма, у бандзе быў нехта з калабарацыяністаў. А я мог яго выпадкова ведаць, бо пэўны ж час «немцам служыў». Мог апазнаць. Цалкам магчыма, што па гэтай прычыне і палявалі… Ну не ўпалявалі, і добра. А пасля міліцыя ды ястрабкі ды звычайныя людзі, якім ён горш за гнілую рэдзьку агоркнуў, пачалі яго ганяць, прыціснулі да балота — і гамон. Боўбель сам, здаецца, забіты.
   — Чаму «здаецца»?
   — Ніхто з нашых яго ў твар не ведаў, а «ягоныя» ўсе паляглі.
   — Так ніхто і не ведаў?
   — У цемры — толькі нехта Шчука. Здаецца, у чынах цяпер. У Менску жыве. А з тых, што бачылі пры няпэўным святле і ўсё ж жывыя выйшлі, — бадай што, ці не адзін Ганчаронак.
   — Ганчаронак?
   — Ну так. Боўбель паслаў з ім «праважатым у апошнюю дарогу» хлопца, ды, відаць, малавопытнага. А ў Тодара ў кішэні махра была… Другая памылка, рук яму не звязалі… То ён у балоце пасля два дні сядзеў, аж пакуль ноччу ў Альшаны не прыйшоў і ў жонкі не даведаўся, што Боўбеля напярэдадні разбілі ўшчэнт.
   — Ніколі б не падумаў, што гэткая мужнасць, — пакруціў я галавой. — Гэты п'янюга, вечна ад яго гарай нясе.
   — Ён, кажуць, і піць пачаў з таго часу. А ўвогуле, мужны не мужны, а гадзёнак ён, гэты Тодар Ігнатавіч, — сказаў Шаблыка.