— Ганіце яго ў шыю, — махнуў я рукой.
   І палез да сябе наверх, і толькі ля самых сваіх дзвярэй мяне як стукнула, і я пачаў зноў спускацца.
   І ў гэты час ляснулі парадныя дзверы. Я кінуўся да іх, расчыніў, але па вуліцы вяртаўся з кіно народ, і чорт яго на ёй было каго заўважыць.
   Дзверы ў сутарэнне: павуціння няма.
   «Ёлуп з дэдуктыўным мысленнем! Павуціння яму! Пад ім можна прапаўзці, не зачапіўшы парога. І няўжо ты думаеш, што той не абмысліў слядоў адступлення? Ідыёт! Перачніца старая! Ясна, што калі палез бы, то атрымаў бы, пэўна, па чэрапе. І добра. Па такім чэрапе толькі й атрымоўваць».
   Але на гэтым вечар не скончыўся. Ледзь я паспеў запаліць святло і ляснуцца на тахту, зазваніў тэлефон. У мяне заўсёды прадчуванне, калі тэлефон — дрэнна. Я не хацеў падымаць трубкі, але той аж разрываўся. Давялося зняць, і тут я пачуў здалёк роспачны лямант Косціка Красоўскага:
   — Антон! А-антон!
   — Я. Што такое?
   — Антон!!! Божа! Божа!
   — Ды што з табою?
   — Зо… Зо… Зо…
   Тут я зразумеў: не толькі нешта не да ладу. Здарылася нешта непапраўнае.
   — Кастусь, супакойся.
   — К… К…
   — Ну што? Што?
   — Зоя… памерла.
   — Як? — па-дурному спытаў я, яшчэ нічога не разумеючы.
   — К… к… калій цыян. І запіска: «Я прадала свайго сапраўднага, — ён зрабіў націск на гэтым слове, — мужа. Не вініце нікога, акрамя мяне».
   — Я еду! Еду!
   — Н… не… Я еду… Туды, — рыданні былі такія, якія мне рэдка даводзілася чуць.
   І ён паклаў трубку. І тут на мяне абурылася ўсё. І, галоўнае, я не ведаў — чаму? Што здарылася ў два апошнія прыходы? Нічога. Усё тое ж, і нават рукапісы на стале, і ўсё на сваім, упарадкаваным, месцы: чыстая папера — справа, спісаная — злева, попельніца — тут, цыгарэты — тут. Свет перавярнуўся, але толькі для мяне. І тая самая пахмурая красавіцкая ноч за акном, і зноў, здаецца, сячэ вокны дождж. Ну так, расставаліся.
   Але ж гэта было вырашана даўно — пры чым тут раптам яе слёзы.
   «Яна рыхтавалася, гэта ясна, цяпер я зразумеў. Чаму? Калі ў ёй было шкадаванне па мне толькі як аб згубленай забаўцы. У мяне было крыху больш сур'ёзна, але таксама… Чаму ж зараз так ломіць душа. Што я падмануў Красоўскага? Я не ведаў аб гэтым, а яна не надавала гэтаму значэння. Што раптам змянілася?»
   Я сядзеў і тупа глядзеў за акно ў ноч. Пасля пайшоў, узяў том энцыклапедыі. «Цианистый калий». «Ужываецца ў працэсе атрымання золата і срэбра з руд…» Нашто мне золата і срэбра? «Вельмі атрутны». Прызнакі атручвання: лоб жаўтаваты, сінюха на выліцах і шыі, вусны злепленыя, скура ледзяная і сухая.
   Не, не мог я ўявіць Зою з жаўтаватым лобам і ледзяной скурай. «О божа неўблажымы! Што ўсё ж здарылася?»
   Усё было скончана між нас. Усё было ўвогуле скончана. Чаму ж у мяне пачуццё такой віны?! Я ж умаўляў, ледзь не ўмаляў яе.
   І вось канец.
   Чэрап мой расколваўся… Стужка… Крокі пад акном… Смерць Мар'яна…
   Яшчэ адна смерць…
   Зноў згасла неба.
   І тут пачалося маё… няладнае.
   За акном дождж. Мокрыя плямы ліхтароў. Цягнецца нябачны саладкавы дымок тытуню. І раптам дробныя рознакаляровыя кропкі, як на карцінах пуанцілістаў і як выбух, як чорныя крылы. І цемра, і я ляжу на тахце, і павольна, слаіста сцелецца нада мною блакітны туман, у якім устаюць мілыя абліччы.
   …Раніцай я пазваніў Хілінскаму і расказаў пра ўсё.
   — Нікуды не заходзь, — устрывожыўся ён. — Ні аб чым не думай. Ні аб экспертызе, ні аб чым. І ўвогуле, збірай ты манаткі і едзь у свае Альшаны. За маю галаву, у выпадку чаго, не непакойся, знойдуць.
 

РАЗДЗЕЛ ІX КЛАДНА. ДАРОГА. АДРАШЭННЕ

   Я люблю Кладна больш за іншыя гарады. Люблю за прытульнасць зблытаных на павуцінне, залітых ранішнім сонцам вулачак, за шырокую плынь ракі, што змяіцца водарасцямі, за грыфель сцен і аранжава чашуйчатую чарапіцу касцельных дахаў, за ўсё тое, што недабурыла вайна.
   За дзікі вінаград, што абвівае крэмавыя муры, за зелень. І хаця зелені не было, а над горадам проста горача і сіне свяціла неба канца красавіка — я ўсё адно нібы крыху адышоў ад закамянення. Ва ўсякім разе, дзейнічаў не па інерцыі.
   Аўтобус на Альшаны быў толькі пад вечар, але я не зайшоў нават у цудоўны мясцовы музей: мне не хацелася глядзець на рэчы, мне хацелася глядзець на людзей. І крыху адыходзіць, прыпаўшы да іх цеплыні. Першае маё прыпадзенне адбылося, аднак, не зусім у тым ключы. Я зайшоў у другарадны рэстаран, адзін з тых, што раніцай гарбатня, а рэстаран толькі а другой палове дня. І, аднак, ужо натрапіў на тое, чаго не люблю, на тое, як невялічкі аркестр рыхтаваўся да сваёй занадта гучнай музыкі. Папрасіў біфштэкс, яшчэ сёе-тое і бутэльку піва.
   «Рэстаран» быў сучасны, без копій Хруцкага на сценах (бедны мастак!), але затое з роспісамі, на якіх плылі розныя «царэўны-лебедзі» і «лады» (дзеўкамі б ім старымі застацца ці замуж далёка выйсці, ды каб ім бог сем дачок даў). І страшэнна не гарманіравала з гэтым мэбля: шафкі для посуду, сталы, крэслы і цяжкая старая стойка. І тут ужо зараз было хмельна і моцна накурана.
   Афіцыянтка ў белым венчыку прынесла мне ўсё і прытулілася да падаконня непадалёк ад мяне. Я еў і слухаў «гвар».
   — Нічога, алкаголікаў лечаць.
   — Пазычыў ёй грошы. Ніхто ў гэта не паверыць, але гэта так.
   — П'яныя, як гарылы, былі.
   — Глупства зрабіў. Пачаў бараніцца ад міліцыі. А гэтага рабіць не след. З уладаю не звязвайся, — павучаў нейчы станоўчы голас. — Проста пайдзі дарогаю. Прэч.
   Біфштэкс быў з гумы са сталёвым каркасам. Але, як казаў калісьці камісар нашага атрада: «Вычарпай усе сілы пры выкананні задання, мабілізуйся — а зрабі».
   Я — мабілізаваўся.
   Тым часам аркестр, відаць па заказу, раўнуў апрацаванае ў сучасным суперджазавым духу папуры з беларускіх песень. І гэта было ўжо занадта. Два смаркачы з кудламі, за суседнім столікам, падпявалі і рыдалі адзін аднаму ў камізэлькі.
   Афіцыянтка прыкрыла ружовай далонькай рот, хаваючы пазяханне.
   — Гэта што ў вас, заўсёды такая гнюсь? — спытаў я.
   — Амаль заўсёды, — сумна сказала яна. — Акрамя позняй ночы і выхадных. У вялікія рэстараны перасталі хадзіць.
   — Угм, — сказаў я. — Перасталі. Тут дырэктар і аб'явы дае, і ўсё бегае па ўстановах, і арганізоўвае калектыўныя наведванні: «Напіцеся ў нашым рэстаране». Ніхто не напіваецца.
   — Тады дырэктара лаюць, — сказала яна. — Моцна.
   Упершыню за апошнія дні я засмяяўся.
   …Аўтобус адыходзіў каля сямі. Заставалася нешта з гадзіну да захаду. Поўны аўтобус людзей, якіх так рэдка сустракаеш у Менску. Бурым зімовым загарам загарэлыя твары, хатулі, галава качкі, што тырчыць з кошыка. Я сеў на задняе сядзенне: кідае, але затое вышэй за ўсіх і ўсіх можна аглядаць — і паляцеў насустрач мяккім, ружовым ужо ад нізкага сонца ўзгоркам, у лясы, якія свяціліся добрым светла-аранжавым агнём, і слухаў музыку мовы, і піў, і не мог напіцца.
   Божа, такую размову з такой лаянкай можна пачуць ва ўсім свеце — ад Аляскі да Аўстраліі — толькі ў беларускіх аўтобусах і на нашых рынках, асабліва на Магілеўскім, Рагачоўскім, ну і яшчэ крыху на Слуцкім. Можна было калісь і на Камароўцы, але там цяпер саромеюцца цывілізацыі і міліцыянераў. Кажуць, праўда, нешта пра адэскі «Прывоз», але я бываў там і скажу: не тое, не тое.
   Чым яны прыкрашалі сваю мову, гэтага я з павагі да вас не выкажу. Але аўтобус гаманіў і не крыўдаваў ні на кога.
   — У яго ў родным доме заўсёды карчма.
   — Ну гэта лепей, чым карчма была б яму заўсёды родным домам.
   Хлопцы з гарадскімі валізкамі. Апусцілі акно і крычаць дзеду, які выходзіць на вуліцу з глухога, у цямнеючых шатах дрэў, вясковага кветніка:
   — Гэй, дзядзька, сядзіце ў хаце, не выходзьце на вуліцу, а то вас тралейбус задавіць.
   — Або метро.
   — Гы-гы-гы, — і падымаюць акно.
   — Ну гэта ты ўжо занадта. Захлусіўся. Нерэальная і таму дурная фантазія. Адкуль у такой Занюханцы метро?
   Рагочуць. Едуць дадому, насустрач святу. А я еду насустрач сутонню. І я расчулены, і нават слёзы просяцца на вочы.
   — А ты, хлопча, часам не быў у Навінках?
   — Не быў.
   — Ну то трапіш.
   — Разам пойдзем.
   І ўмешваецца нейкі зусім сабе інтэлігент:
   — А гэта яго лупнулі меднай каструляй па галаве. То ён з таго часу калі-нікалі загаворваецца… на тэму аб медных рудніках на Балхашы.
   — А ён, відаць, у Булак-Балаховіча калісьці служыў. Коням хвасты круціў. І таму дасюль баіцца званкоў у дзверы.
   Цемра бегла насустрач, падскоквала і ападала наперадзе плахта святла, аўтобус засынаў, а я сядзеў і слаба ўсміхаўся чамусьці.
   …Да Альшан, маленечкага мястэчка, я дабраўся гадзін у дзесяць з нечым вечара. Можна было разгледзець толькі агні ў вокнах, цьмяныя мётлы голых яшчэ дрэваў, ды пляму святла ля клуба, ды натоўп ля яго, пераважна з моладзі — вясёлай, бесклапотнай.
   — Дзе тут можна начлег знайсці? І каб бліжэй да замка.
   — Ай, дзядзечка, — пляснула рукамі нейкае дзяўчо. — То гэта вам Альшанка трэба. Гэта прыгарад. (Яна так і сказала: «прыгарад», і я ледзь не пырснуў са смеху.) І кіламетра не будзе. Унь туды, і ўсё про-оста, про-оста.
   Я чартыхнуўся. Памылка. І не першая. Памылкі нават у працах па гісторыі. Чорт бы іх пабраў! Свайго не ведаць. Усё адно як славутая Мала-Мажэйкаўская царква, шэдэўр наш, на самай справе стаіць у вёсцы Мураванае. І невядома, хто першы яе назваў Мала-Мажэйкаўскай. А сотні ёлупаў паўтарылі за ім, не ўдасужыўшыся нават пабываць на месцы. Працаўнікі мастацтвазнаўства, мастакі, гісторыкі, архітэктары. Работнічкі.
   Я ўжо зусім быў сабраўся ісці, калі нехта сказаў:
   — Пачакайце. Вось загадчык клуба ідзе. Вячорка. Падыходзіў невялічкага расточку чалавек. Валасы нібы прыліпнулі да круглай галавы. Хада нейкая ладненькая, вясёлая.
   — Зеляпушчанак… Мікола Чэсевіч.
   — Косміч. Антон Глебавіч.
   — Дык вы да нас? Хадзем разам.
   — Вячорка, да заўтра, — сказаў нехта нам наўздагон.
   — Чаго гэта яны так? — спытаў я, калі мы заглыбіліся ў цемру.
   — Ат. Гэта яны па-вулічнаму. Паважаюць, а адвыкнуць не могуць. Паважаць, здавалася б, няма за што. Шэсць класаў у мяне асветы. Але ў нас не толькі кіно і танцы, а і лектары, і па два спектаклі ў месяц. Вядома, пад суфлёра.
   Я быў вельмі рады спадарожніку. У гэтым цямноцці рысь пераламала б усе чатыры лапы, а я да раніцы абавязкова б трапіў назад у Кладна, а тут спакойна ішоў сабе побач з маленькім чалавечкам, які ўпэўнена каціўся наперад. І было зусім не так і кепска, бо пахнула вясной і не зусім яшчэ прасохлая зямля спружыніла пад нагамі.
   — То чаму б вам не падвучыцца?
   — Э-э, дзе там. І гаспадарка, і клуб. Жонка рукі на рабоце сцерла. Часта аж стогне на печцы. Ды на маё месца сюды і мёдам не прывабіш і на ланцугу не прывядзёш.
   — Чаго так?
   — Месца глухое. І — чартаўшчына нейкая ў нас у наваколлі завялася. Сам бы зароў ды збег некуды, дык няма куды. Ну, але нічога.
   — Якая чартаўшчына?
   — А самі пабачыце… Ну, не думайце, што ў нас там так ужо кепска. У нас там замак, касцёл — прабачце, вядома — з плябаніяй, млын, ссыпныя пункты, філіял клуба. Вось пачнуцца работы, народу прыбудзе — будзе ён функцыяніраваць і там тры дні на тыдзень. Тады хоць разарвіся. Не, месца ў нас добрае, але ўсё прыгарад… А вы сюды чаго?
   Я сказаў, што буду даследаваць замак.
   — Замак у нас-с ог-го. Недагледжаны толькі. У нас яго ўжо тыдні два як даследаваюць. Навука! Археолагі. Дзяўчына кіруе. Ды ладненькая. Худая толькі. Нічога. Як кажуць, дзеўкай поўная вуліца, а жонкай поўная печ.
   — А дзе б там спыніцца можна ў вас?
   — Ды, на першы выпадак, хаця б і ў мяне. На пару дзён.
   — Чаму так?
   — А далей вам наўрад ці самім захочацца. Бо… я Вячорка. Бацька мой быў Вячорка. І дзед. Што казаць, люблю бяседу. І не тое там каб бойка ці лаянка — такога я сам выкіну. А бяседу абшчэнія срэдзі людзей.
   Не, усё ж добра «абшчацца з людзьмі». Я ішоў і пасмейваўся сам сабе. Добра мне было і пасля, калі зразумеў, што агеньчыкаў Альшанкі не было відаць проста таму, што парк быў такі густы, і гэта ён, нават яшчэ голы, закрываў іх, і што агеньчыкаў тых няшмат, і што чуваць рознагалосы брэх сабак, і што хата Вячоркі такая ўтульная з сярэдзіны, беленая, з ручнікамі, з печчу і газавай плітой у трысцене, з трыма пакоямі і бакоўкай з асобным уваходам, куды гаспадар з жонкай, Марыяй Сямёнаўнай, мажной смяшлівай кабетай, адвялі мяне.
 

РАЗДЗЕЛ X ІДЫЛІЯ Ў КАНТРАСТАХ

   Раніцай, калі я, паснедаўшы, выйшаў з хаты, дык ажно ахнуў, настолькі ўсё вакол было хораша. Невялікая, двароў на пяцьдзесят-семдзесят вёсачка, «прыгарад», шырока раскінулася па схілах акруглых мяккіх узгоркаў і патанала ў садах, дзе ўжо зялёнымі хмарамі марылі хмызы агрэсту. Нешырокая рачулка дзяліла гэтыя дзве грады ўзгоркаў і самую вёску. Яна змяілася, гэтая рэчка, хутка знікала з вачэй і злева і справа, і таму не адразу можна было зразумець, адкуль далятае пляск вады на млынавым коле. Справа, далёка, відаць было ссыпныя магазіны.
   І гэтыя зялёныя ад моху дахі, і ледзь прыкметны зялёны налёт на галінах дрэў. І гарлавое, лянотнае гарланне пеўняў, і зямля гародаў, чорная, ільсняная, якая аж паравала пад свежапабеленымі стваламі яблынь. І дзве вежы касцёла наводдаль.
   І над усім гэтым сіняе-сіняе глыбокае неба, якім аж хацелася дыхаць.
   Найперш я пайшоў да касцёла, бо першы кінуўся ў вочы. Дый хто ведае лепей гісторыю таго ці гэтага месца, як не настаўнік гісторыі і не ксёндз.
   Касцёл быў магутны, з дзвюма высачэзнымі вежамі. Тое велікапышнае і адначасова простае беларускае барока, якім яно было на пачатку XVІІ стагоддзя. А можа, на самым канцы XVІ. На адной з вежаў быў «дзыгар» — каляндар-гадзіннік, які, на маё здзіўленне, ішоў.
   Дзверы касцёла, нягледзячы на будзённы дзень, былі адчынены. Убаку, пад разложыстымі старадаўнімі дрэвамі, стаяў матацыкл. Я падумаў, што гэта цывілізацыя і што вось нехта здорава ўмудрыўся падкаціць на ім пад самы касцёл свенты.
   У дзвярах з'явіўся чалавек невысокага росту ў цывільным, каротка стрыжаны. Шатэністыя валасы ўжо моцна сівелі. Усмешка была па-дзіцячы хітраватая, твар лісіны, але ў нечым прыемны. Такі, напэўна, быў ва Ўленшпігеля. Насцярожвалі толькі вочы: то смяюцца, а то прамільгне ў іх нешта пранізліва-ўважнае, быццам пытае цябе да дна. То шэрыя прамяністыя, а то шэра-ледзяныя вочы.
   — Чы тутай ест пан пробашч?
   І тут загучала чысцейшая — у тэатры Купалы пашукаць — беларуская мова:
   — Так. Чым магу быць карысным грамадзяніну-у…?
   — Косміч Антон.
   — Леанард Жыховіч. Дык што прывяло вас у гэты гожы, але забыты куток роднай старонкі?
   — Ойча…
   — Які я вам «ойча»? Я быў і ёсць заходнебеларускі, просты хлопец. Прынамсі, для вас, а не для касцельных дэвотак.
   У двух словах я, не адкрываючы сваёй мэты, сказаў, што прыехаў даследаваць замак, і паказаў дакументы.
   — Гм. Добра, хаця дакументы ёсць, — на маё здзіўленне, ён узяў іх і ўважліва разгледзеў. — А то за апошні час чагосьці дужа многія зацікавіліся гэтым няшчасным замкам… якога, магчыма, скора зусім не будзе.
   — Чаму?
   — Даб'юць людзі, калі не дабіў час.
   — А што?
   — Збіраюцца бурыць кавалак мура. Будуць рабіць двор для быдла.
   — Гм. Нават калі двор для быдла, — Жыховіч няўхвальна пакасіўся на мяне, але ўбачыў, што я ўсміхаюся, — то што, брамы няма?
   — Ёсьць. Вузкая. А на выпадак пажару, прабачце, правілы пажарнай бяспекі прадугледжваюць два ўваходы. А касцёл глянуць не хочаце?
   — За тым і прыйшоў.
   Зайшлі. Ксёндз прысагнуў калена. Я, вядома, не.
   Продкі не кленчылі. Проста заходзілі, думалі, колькі ім трэба, і зноў выходзілі да жыцця.
   Вялізная пячора касцёла была тое, што завецца «змрок, напоены святлом». У нефах паўцемра. Пад скляпеннямі, на алтарнай частцы, на калонах — радаснае і ўзнёслае святло. На роспісах, разьбленні, шматлікіх фігурах.
   Не маю тут змогі апісаць усё багацце старажытных абразоў. Некаторыя з XІV стагоддзя. Не магу апісаць і запісаў, якія зіхацелі цёмнай і светлай барвай, жоўтым і глыбока-сінім. Нельга апісаць і цудоўнай, старой дыспрапорцыі фігур алтара. Пра гэта нельга.
   Калі мы ўлезлі да аргана, які матава свяціўся чорным, залатым, крыху ржавым і прыглушанай зеленню, ксёндз раптам сказаў мне:
   — Гэта яшчэ што? А вось калі з карніза глядзець — галава закружыцца ад прыгажосці.
   Карніз апаясваў знутры, з трох бакоў, увесь храм, вісеў на вышыні метраў васемнаццаці, меў лёгкі схіл уніз і шырыню сантыметраў семдзесят.
   — Хадзем, — і Леанард Жыховіч лёгка пералез цераз балюстраду хораў, пайшоў, як па дарозе, па гэтым кашмары.
   — Не дрэйф! — сказаў я сабе і літаральна адарваў руку ад балюстрады. А пасля ўжо было ўсё адно. Я глянуў уніз, убачыў фігуркі людзей, з мезены палец, і фотаапарат адчувальна пацягнуў мяне ўніз. Ксёндз ішоў наперадзе і даваў талковыя, выразныя і ўразумляльныя тлумачэнні. Ён, здавалася, зусім не думаў, што іншы можа ісці па гэтым мосце ў пекла зусім не як па дарозе:
   — Бачыце, волхвы! Які каларыт!… А маці божая — гэта ж цуд! Якая прыгажосць! Галава кружыцца!
   У мяне сапраўды кружылася галава ад «гэт-кай прыгажосці»! Я стараўся толькі ліхаманкава не чапляцца за мур, ды гэта і не ўдалося б, бо ён плаўна пераходзіў у паўкола скляпення.
   Калі я ўрэшце вылез зноў на хоры і зірнуў на маленькіх, бы ў перакулены бінокль, людзей унізе, я адчуў, што яшчэ хвіліна і я стану мокры, як мыш.
   — Ну як? — трыумфальна спытаў Жыховіч.
   — Цудоўна! — сказаў я. — Wunderbar. І часта гэта вы так «развлекаетесь»?
   — А што? — нявінна сказаў ён. — Голуб часам заляціць, б'ецца — нельга ж, каб разбілася божая істота. Ідзеш адчыняць акно.
   — Нельга, каб разбілася божая істота, гэта верна, — сказаў я, глянуўшы ўніз.
   Калі спусціліся ўніз, у сонечную паўцемру, мяне ўсё яшчэ нібы пагойдвала. Калісьці, падлеткам, я зусім не баяўся вышыні, мог сядзець на даху пяціпавярховага дома, звесіўшы ўніз ногі. Але «да яснай халеры», як кажуць палякі, ногі ў трыццацівасьмігадовага зусім не такія, як у васемнаццацігадовага.
   — Што вас яшчэ цікавіць? — спытаў ксёндз.
   — Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі.
   — Той?
   — Той. Што то быў за чалавек?
   — Слуп веры. Шмат што для яе зрабіў. У прыватнасці, гэты касцёл.
   — Словам…
   — Словам, ледзь не блажэнны.
   — Beatus?
   — Beatus.
   — А што то за легенда пра ягоную жонку?
   — А, і вы чулі? Змова Валюжыніча і ўцёкі?
   — Легенда шырокавядомая.
   — Што ж, няўдзячная жанчына. Як многія з іх. Нездарма яе біскуп Геранім з Кладна папракаў. Уцяклі, скарб пабраўшы. Суддзя Станкевіч (а вы ведаеце, тады суддзя почасту быў і следчы), сярэдневяковы беларускі Холмс (а ён быў чалавек для тых часоў гуманны, катаванні, рэч тады звычайную, прымяніў толькі два разы ў жыцці), пагоню спыніў, а тады і сам магнат пакаяўся, што быў у гневе.
   — Але ж казалі…
   — І ён і людзі на Евангеллі кляліся, што ўцекачы жывыя… Шкада, скончыўся род. І апошні з іх павёў сябе не найлепшым чынам. Удавец, дзеці памерлі — яму б пра бога думаць. А ён…
   — Што ён…
   — Зблытаўся з немцамі, — коратка кінуў ксёндз.
   — Як?
   — Ну не з гестапа. Тут шэфам Кладзенскай акругі гестапа быў такі… а, ну яго. Дык Альшанскі звязаўся з імі толькі пад самы канец. А тут камрадамі яго былі камендант Альшан, граф Адальберт фон Вартэнбург, ды з айнзацштаба Франц Керн. І гэта горш, чым з гестапа.
   — Так, у поўным сэнсе горш.
   — Чаму згадзіліся з маёй думкай?
   — Гэта ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей. Набыткаў людскога генія за стагоддзі.
   — Так. І ўжо чаго яны ў Кладзенскай акрузе ні нарабавалі! Толькі вось Альшанскі цэлы быў. Аж пакуль у траўні сорак чацвёртага не пачала гуляць па загаду Гімлера «kommenda 1005», заціранне слядоў злачынства, «акцыі санітарныя».
   — І што тады?
   — Тады палац Альшанскага разам са скарбамі згарэў. А сам ён прыбраўся з немцамі. Па чутках, неўзабаве памёр… Ну гэта ён адзін такі быў… А нагробак таго Альшанскага — вось ён.
   На высокім, метры ў два вышынёю, ложы з дужа-дужа рэдкага зялёнага мармуру ляжаў у паставе спячага чалавек у латах. Меч ляжаў пры баку, шалом адкаціўся набок. Магутная пастава, шырачэзныя грудзі, доўгія зграбныя ногі. Твар мужны, бровы нахмураныя, рот цвёрда сціснуты, але нейкая такая складка ў гэтых вуснах, што не хацеў бы я з ім звязвацца пры жыцці, і добра, што гэта мне не пагражае. Рассыпаліся буйныя валасы.
   І кагосьці мне нагадвае гэтая статуя. З тых, каго бачыў у жыцці. Крыштафовіча, які выратаваў мяне тады пад Альберцінам? Не, у таго твар быў мякчэйшы. Кагосьці з артыстаў? Габена? Не, у гэтага аблічча не такое простае, хаця такое ж суровае. Жана Марэ? Падобна. Або кагосьці з гістарычных асоб? Медычы? Калеоне? А, усе надгроб'і досыць падобныя адно на адно. Як большасць сярэдневяковых статуй. Нягледзячы на некаторыя індывідуальныя рысы. Бо заказчык або нашчадкі хацелі бачыць у творы, у сваім партрэце нешта, акрэсленае самой эпохай.
   Мы выйшлі, я зірнуў на касцельную галерэю. Якраз у гэты момант пачаў мякка біць «дзыгар».
   — У вайну стаяў, — сказаў ксёндз. — Але я, прыйшоўшы сюды, вырашыў адрапараваць. А рапараваў наш арганіст. Механік хоць куды. І нават каляндар працуе. Ну, пра сёе-тое не здагадаўся. Механізмы ж зусім не тыя. Месячны каляндар хлусіць, невядома якія там валікі-малаточкі і чамусьці ўвагнутыя люстэркі. Тут і Галілей не разабраўся б.
   — Я, на жаль, таксама. Прафан. Ну і як арганіст?
   — Выключны. Рэдкасць гэта — здабыць добрага арганіста. Толькі…
   — Што?
   — Часам гарэзнічае. Узяў аднойчы і сярод імшы «Лявоніху» разануў… Ну, а дзе іншага ўзяць?
   — Н-на, вясёлы ў вас касцёл.
   — Бываюць весялейшыя, — ён гукнуў касцельнага і аддаў нейкія распараджэнні.
   Мы падышлі да чырвонай «Явы». Ксёндз спрытна адкінуў падножку.
   — Ваша?
   — Так, — ён убачыў маё здзіўленне. — Вось і адзін мой цывільны… гм… здзівіўся і паўшчуваў. «Што ж гэта вы так свой аўтарытэт падрываеце? Ксёндз. Ну, чаму матацыкл?» А я яму: «Таму, што грошай на машыну не хапае».
   — Дзе тут замак?
   — А унь, цераз роў. Я не пайду з вамі. Брыдка часам глядзець.
   Матацыкл затрашчаў і вокамгненна знік з маіх вачэй. Я пакруціў галавою і пайшоў у бок замка.
   Зелянела трава. Мяккія, ужо жывыя, удзячныя вясне дрэвы рыхтаваліся да вялікай сваёй штогадовай справы: прабіць пупышкі, выпусціць лістоту, даць свету і людзям зелень, прыгажосць, кісларод, літасціва прыбраць з паветра тое, што надыхалі людзі са сваімі заводамі, а пасля пажаўцець ад гэтага і ад блізкага подыху зімы і, нічога не патрабуючы ўзамен, пакорліва, ціха і рахмана апасці долу. Але да гэтага яшчэ далёка, але якія радасныя ў прадчуванні гэтай працы былі дрэвы старажытнага, запушчанага, парадзелага дрэвамі і пагусцелага хмызамі парку, які даўно стаў падобны на лістоўны лес з ліпамі, таполямі, пагрозна ўзнесенымі патрыярхамі-дубамі і з падлескам ляшчыны, крушыны, глогу, парэчкі, перавітым ліянамі хмелю і калючым ажыннікам.
   Было дзіва як хораша.
   Бліснула наперадзе яшчэ чыстая, непазелянелая вада (гэта прыйдзе пазней, з цеплынёй): рэчка не рэчка, а хутчэй рукаў рэчкі, ператвораны калісьці ў роў. Лядашчы мосцік ляжаў над вадой. І тут я спыніўся, нібы мяне нехта ўдарыў.
   Вачам адкрылася нешта такое, што не да веры, чаго не бывае, не павінна быць сярод гэтай разнежанай весняй прыроды, сярод гэтых ласкавых дрэў і зялёнай травы.
   На тым баку ўзвышаўся мур і вежа (астатняе хавалі дрэвы), крыху-крыху толькі ў пражоўць, цёмна-свінцовага, амаль чорнага колеру.
   Замак. І які пагрозны, пачварны замак!
   І не на ўзгорку, не наводдаль, каб чалавек паспеў неяк падрыхтавацца, а твар у твар, як нечаканы цёс мяча.
   Ясна, што парк быў пасаджаны пазней, калі замак перастаў быць замкам, а стаў палацам, хай сабе і невыгодным, але прыдатным на тыя часы, і ўсё адно ўражанне было сапраўды ўразлівым, нібы чалавек падышоў да гушчару і раптам убачыў там разверстую ў рыку пашчу льва.
   І гэта было так, таму што я ўбачыў проста перад сабой цёмную і дужа нізкую арку брамы.
   І гэта была брама-праём, брама-тунель, брама-ўваход у пячору страшнага гіганта-волата са злоснай казкі.
   Нават з нейкім трымценнем набліжаўся я да гэтай пашчы. І тут убачыў, што мур з абодвух канцоў замыкаюць дзве кутнія вежы. Пяць граняў знадворку. Шостая, відаць, выходзіла ва ўнутраны двор. Мур вышынёй метраў дзесяць-дванаццаць даходзіў вежам да пояса, да байніц сярэдняга бою. Вежы былі пустыя і часам свяціліся гэтымі байніцамі. Дахі на вежах спічастыя, і засталіся ад іх амаль толькі кроквы ды латы і толькі сям-там чарапіца.
   Замак разбілі год дзвесце таму тагачасныя фашысты.
   Я ішоў брамаю-тунелем. Ага, праёмы пад завалу знешніх, надворных, варотаў. Ніз тунеля, як і ўвесь, відаць, замкавы ніз, выкладзены цыклапічнымі неабчасанымі валунамі. Сляды ўнутраных варот. Божа, даўжыня тунеля метраў пятнаццаць! Няўжо такой таўшчыні муры? Не, проста, відаць, над тунелем было памяшканне.
   І святло. Што ж, планіроўка простая. Квадрат. Кожны бок метраў па сто дваццаць. Злева тры вежы і справа. Насупраць, калі не лічыць дзвюх бакавых, яшчэ дзве, разам чатыры. А ўсяго, значыцца, па перыметры, восем. Мур збольшага, трэці на дзве, збярогся, сям-там развалены амаль данізу, але ўваход калісьці быў толькі адзін. І па перыметры муроў (таўшчыня, там, дзе развалена, на вока метра паўтара-два) рады вокан жылых памяшканняў. Вокан і дзвярэй. Так, дзвярэй, бо там, дзе муры не развалены, абкружае іх каменная галерэя, дзе закрытая аркамі і дахам, а дзе і адкрытая, унь, злева і там, дзе збераглася, проста перада мной. Там калодзеж. Справа, калі зірнуць за мур, над верхавінамі дрэў, вежы касцёла і «дзыгар».