Высокі і, нягледзячы на старасць, худы, не азызлы. Худы не ад «злога жыцця», а па-спартыўнаму. Жоўтае, сухое, вельмі класічнае аблічча, і на ім сіні нябеснай вочы. Не хацеў бы я сустрэцца з такімі, каб мяне судзілі.
   Не, не выглядае на старога. Нос не адвіслы, сівыя, аж срэбныя, валасы толькі крыху парадзелыя з лоба, рот цвёрды, вусны хаця і страцілі колер, але харошай формы. Рухі хаця крыху й замаруджаныя, але дакладныя і выразныя. Відаць адразу былы склад і былую пароду.
   А ў вачах побач з гумарком пранізлівая ўвага, адметны шырокі розум.
   Не, не хацеў бы я быць падсудным пры такім пракуратары. Справядлівы-то справядлівы, але як ты вінаваты — літасці не чакай.
   — Значыць, вам працэс «сваякі Юлляна Сая супраць Крыштофа Высоцкага»? Ліпень — жнівень трыццаць дзевятага? Ну, паколькі ўжо спатрэбіліся жывыя архівы, то да вашых паслуг. Ну, вядома, настолькі, наколькі можна спадзявацца мне на сваю памяць. Тым больш што я той працэс не вёў, а аддаў яго весці памочніку, віцэ-пракуратару Рышарду Мыслоўскаму.
   — Чаму?
   — Ну, малады чалавек. Маладое імкненне да пашаны і славы. А мне было тады ўжо амаль сорак. Трэба было даць яму магчымасць высунуцца. Я яго паважаў…
   — А акрамя?…
   — Гледзіцё ў корань? Гэта добра, што адразу заўважылі і «акрамя»… Я амаль ніколі не звязваўся з працэсамі, дзе хаця крыху пахла палітыкай. А калі звязваўся, то пракуратар з мяне быў нікуды не варты. Калі бачыў, што чалавек сумленна ішоў у сваю справу, — адвакат амаль абавязкова выйграваў працэс.
   — І можна было?
   — Так, каб ніхто не мог прычапіцца — цяжка, але можна… Не верыце, думаеце, языком віляю. Каб віляў, каб быў пракуратар-інсінуатар, пракуратар-каланізатар, то не пенсія б мне ад новай улады была, а віляў бы я языком недзе ў Вілюі.
   — Хіба палітычнае было забойства?
   — Спачатку выходзіла на ўсе сто, што палітычнае. Толькі занадта ўжо нейкае… гідкае, з паскудзінкай. Нібы не «палітык» рабіў, а такая сабе дробная вужачка. Хаця ў палітыцы і такіх хапала і хапае. Хадзілі чуткі, што хлоп нібы ўваходзіў у нейкую падпольную студэнцкую групіроўку. Звязвалі з яго імем справу лістовак у Кладненскім тэатры, «экс»* банкаўскай машыны. Але два сведкі былі звязаны з паліцыяй. І гэтыя справы, у якіх ён ці ўдзельнічаў яшчэ, пашкодзілі Крыштофу больш, чым забойства. Ну, а пасля пайшло такое, што я за галаву хапіўся, і адзіным суцяшэннем было тое, што пакарання смерцю яму і Рышард Мыслоўскі даб'ецца. Дык вось як яно было.
   * «Экс» — ад «экспрапрыяцыя». Рабунак не дзеля сваёй кішэні, а для патрэб партыі.
 
Апавяданне былога акруговага пракуратара Яраслава Мірашэўскага аб працэсе 1939 года, на якім абвінавачваўся ў забойстве мешчанін Крыштоф Высоцкі
 
   — Зноў папярэджваю: кажу толькі тое, што памятаю. І ручацца за кожную дэталь, за кожную дробязь, за кожны валёр — не буду. Так з папраўкамі і запісвайце. З папраўкамі на тое, што я гэта так запомніў.
   Гэта было, калі я не памыляюся, вясною 1939 года. У той дзень я якраз падпісваў так званыя «уможэнювкі». Адзін з самых непрыемных абавязкаў у пракуратара. Гэта значыць, «марыў» кароткім рашэннем справы, падрыхтаваныя віцэ-пракуратарам: «няма складу злачынства», «самагубства», «спраўца не знойдзены», «няшчасны выпадак». Разабрацца ў гэтым толкам часу няма, і калі твой віцэ — лянцюх, то цалкам можа быць, што ўморыць нехта, ды хоць бы й ты сам, за нейкі там дзень і поўны куль улік, і забойства, і самога злачынцу, які ў скверы па той бок вуліцы ў гэты час цыгарэтку прыкурвае.
   Настрой у мяне — хоць вешайся з такой прычыны. І тут папка, а ў папцы паперкі. І я тыя паперкі павінен «умарыць» з той прычыны, што няма складу злачынства і не наша зямная справа яго судзіць, а судзіць яго будзе бог, таму што самагубства — гэта парушэнне божага закона і злачынства супраць бога і сваёй неўміручай душы.
   Што ў папцы? Рапарт пастарунковага, прызнанні сведкі, нейкага Язэпа Шаўца, што, збіраючы вясною журавіну, выбіўся проста на мёртвае цела, нічым не прыкрытае, пратакол лекара судовага, пісаны, відаць, левай нагой, адна гільзачка ад пісталета — а калібр ягоны 7,65. Ну і аркушык бруднаваты паперкі, на якім чорным па белым:
   «Бывайце, людзі. Бывайце і вы, мае сваякі, што не паверылі майму цяжкаму становішчу і цягнулі з тым, каб памагчы мне. Маю на імя Крыштоф сын Леана Высоцкі. Дзякуючы няўхільнаму, фатальнаму збегу абставін учыніў у Кладна махлярства і растрату. Баюся не таго, што за мною па пятах ідзе паліцыя. Ад яе я ўцёк бы. Але куды ўцячы ад уласнага сумлення! Не хачу жыць заплямленым і таму адбіраю ў сябе жыццё». І подпіс з вензэлямі. І аніякіх, да яснай халеры, дакументаў.
   Сабраўся я ўжо і гэтую справу падмахнуць, але шкрабе нешта ў мяне на душы. «Не, — думаю чамусьці, — марыць гэтую справу шчэ ранавата».
   Чаму? А таму, што раны дзве (у ямку на мяжы шыі і грудзей, тую, дзе «душа жыве», і ў левую скронь). Першае месца смяротным сяляне лічаць, а мяшчане ды яшчэ з прэтэнзіямі на «культуру» — радзей. А левая скронь? Ляўшун быў, ці што? Ці, можа, па старой «царскай» яшчэ памяці? Тады леўшуноў (здаецца), ды людзей з пляскатай ступнёй, ды яшчэ імпатэнтаў у армію не бралі. І столькі іх тады ў нас развялося — Нарач запрудзіць можна. А пасля, глядзіш, такі са «ступой» так ад палясоўшчыка ўцякае, што лаўжы трашчаць. А пасля ў такога імпатэнта поўная хата дзяцей. І правальваецца справа аб пастаўцы дзяржаве толькі паўнацэнных егераў. З трэскам.
   Прытым гільза адна. Прытым нідзе ў справе ані слова пра пісталет.
   Ну, праз дзяжурнага асэсара загадваю высветліць справу са зброяй, зрабіць ускрыццё трупа. І тэлефаную ў паліцыю, ці не аб'явілі яны росшук такога і такога махляра і растратчыка.
   Не паспеў філіжанкі кавы выпіць, з камісар'ята адказваюць: зброі пры тленных астанках не знайшлі (сам, мёртвы, занесці нікуды, вядома ж, не мог, значыць, падабраў нехта і цяпер чакай новых эксцэсаў, калі яна, зброя, у нягожыя рукі трапіць).
   Марудзіць тут не было чаго. Замовіў машыну (памятаю як зараз, што нямецкі «мерседэс-бенц») і еду ў каменду павятовую ў мілай кампаніі суддзі следчага, кіраўніка следчай брыгады і пары пастарунковых.
   Едзем на месца здарэння.
   Спыніліся, помніцца, на ўзлессі і папрамавалі на месца здарэння. Пастарунковы торкае пальцам у месца, на якім, «здаецца», знайшоў астанкі той мужык.
   — Як ляжаў?
   — Галавою вось сюды, да таго малога ўрвішча. І песць адной рукі звешвалася з яго.
   Глянуў я ўніз — у пары метраў унізе дрыгва. Ды не такая, на якой сівец расце, а значыць, пры асцярожнасці прайсці можна, а тая, што зеляненькі такі дыванок, а ў рэдкіх разрывах ягоных — нешта накшталт толькі што замешанай вадкай цамянкі. Калі адкінуў руку пасля стрэлу, то да страшнага суда ніхто таго пісталета не знойдзе. І якраз такі разрыў на гэтым месцы.
   — Левая рука была адкінута?
   — Гм… дайце саабразіць… Не, правая. Правая была.
   «Што ж ён, — думаю, — цераз галаву страляў? Або, прабіўшы скронь, акуратна пераклаў пісталет у правую, будучы практычна ўжо мёртвы, і толькі тады руку адкінуў? Не клеіцца нешта».
   Ну і на месцы паспяшаліся. Паверылі занадта запісцы. Гэта не тое, што цяпер (хаця і цяпер зрэдку здараецца), калі ў гэткім выпадку такі тарарам падымуць, што не толькі ўвесь крымінальны вышук, але і ўсіх чарцей у пекле вадун водзіць.
   А тут акрамя іншага ўсяго столькі слядоў натапталі, нібы на гэтым месцы ўсім добрым людзям наваколля бясплатна голую Мэры Пікфард паказвалі. У кампаніі з Дугласам Фербенксам, бо і жаночыя сляды ёсць. І яшчэ паказвалі нейкую свінячую кіназорку, бо ляснічы ўказаў нам, што прайшла вялікая чарада дзікоў і яны маглі таксама затаптаць чыйсьці патрэбны нам след.
   Словам, ані следу, ані пісталета, ані другой гільзы (урэшце, такую дробязь лёгка і згубіць вясной у гліцы ды апалай асенняй лістоце, а тут яшчэ якраз пачаў аблятаць зімні дуб — густымі шатамі ў паветры, тоўстым дываном — на зямлі).
   Дык вось, пацалавалі мы на страсе салому ды вярнуліся дадому.
   А тут і вынік ускрыцця. Дзве агнястрэльныя раны: грудной клеткі — трохі зверху ўніз, справа-налева (нічога сабе манько!), і галавы — ад левай скроні ўгору, і куля ў чэрапе. Першая рана — мог яшчэ нават і дваццаць хвілін жыць, другая — адразу б страціў прытомнасць. І — вось што такое гэтая клятая магія агульнай прадузятасці, агульнай думкі, агульнага пераканання, агульнага памылковага погляду, халера б іхняй матары — лекар робіць выснову, што «не выключае самагубства».
   Ну першы стрэл, ясна, нават тыповы для самагубцаў у сэнсе кірунку кулі. Але каб яшчэ ўмудрыўся пісталет перакласці ў левую руку ды другі раз — гэта так жа рэдка, як у самурая, калі робіць харакіры. Два ці тры выпадкі за ўсю гісторыю Японіі, што ўзразаў жывот не толькі злева направа (ці як там), але і знізу ўгору.
   Не, нешта не так. А тут тэлеграма, што служачы фірмы такой і такой змахлярыў два разы на оптавых пастаўках тавару (лічы, пяць тысяч злотых у кішэні) і з пачатку ліпеня мінулага года прысвоіў яшчэ тры тысячы. Як на той час — вялізныя грошы. Вось калі па-сялянску лічыць, то гэта чатыры тысячы пудоў жыта, сто дужа харошых і восемдзесят элітных, чыстапародных кароў, сорак вельмі добрых коней. Кормных кабаноў пудоў на дзесяць — восемдзесят, пойных цялят узростам у месяц — пяцьсот з гакам. Дамоў з мезанінам у такім гарадку, як Слонім, — штукі чатыры-пяць. Ну, а калі быць моднікам, то чатырыста пар саманайлепшых пантофляў, самых модных, самых дарагіх, хай бы сабе хаця й кракадзілавай скуры.
   А калі мець крыху спрыту, то падчас крызісу і пасля яго, падпаліўшы застрахаваную хату (а страхоўка да крызісу сто злотых каштавала), можна было на тыя страхавыя грошы дзве хаты пабудаваць, лепшыя, часам нават каменныя.
   «Што ж гэта ты, — думаю, — хлопча, не пакутаваў залішне — аж да прывідаў, — сумленнем, як махлярыў, а тут табе толькі жыць, смажаныя гусі самі ў рот падаюць, а ты раптам каяцца пачаў? Дый не трэба было баяцца, бо сплацілі сваякі ўсю суму, аб чым самагубца, уцёкшы, не ведаў (а чаго тады на іх чэрствасць спасылаецца?)».
   Фотакарткі разаслалі. Цётка Высоцкага сказала, што напэўна ідэнтыфікаваць пляменніка не можа, даўно бачыла (мілая патрыярхальнасць сямейных адносін!), але цалкам можа быць, бо і тып на фота і пляменнічак — абодва шчарбатыя, няма двух пярэдніх зубоў. Цалкам як у мудрай нашай казцы, калі мядзведзь адцяпаў аднаму нашаму суайчынніку галаву, а суседзі задумаліся, ці была ў таго галава, ці не, і ўрэшце вырашылі звярнуцца да жонкі безгаловага. Адказ той быў дакладна такі, як у цёткі: «Раніцай, калі капусту сёрбаў, то барадзёнка целяпалася, а ці была галава, ці не — не прыпомню». І яшчэ прызнала гэтая мондрая дама куртку лесніка, якую пляменнік з нейкага капрызу часам насіў.
   Выклікалі яе асабіста — вынік не лепшы: «Бадай што, ён, але вельмі змяніўся».
   — Асобныя прыкметы былі?
   І зноў прыйшлося тлумачыць, што гэта такое.
   — Ну як жа, — узрадавалася, — след па выдаленні апендыкса.
   Паглядзелі — ёсць шнар, цэлых дванаццаць сантыметраў даўжыні. Яна ўжо хацела ісці, але тут мне нібы цюкнула:
   — Калі яму выдалілі адростак?
   — Ну, добра не ведаю («была галава ці не»), але год сем-восем назад.
   — А з якога часу гэты шнар? — гэта да лекара.
   — Ну, труп нават на лёдзе пачаў пакрысе… гм… цяжка каб з дакладнасцю. Але здаецца, што год гэтаму шнару. І не болей як два.
   — Ды не, даўней было, — абурылася цёцечка. — Яшчэ ў лясной школе вучыўся.
   «Трэба будзе памышкаваць па лясніцтвах і леснічоўках ад Кладна да Альшан», — падумаў я, ды на некаторы час і забыўся на гэта.
   А між тым графічная экспертыза дала катэгарычнае заключэнне: запіска напісана рукою Крыштофа Высоцкага.
   Ніхто з нас не падумаў, што гэта, уласна кажучы, не мае аніякага значэння. Дык вось, і нявеста Высоцкага, нейкая Антасевіч, апазнала на фатаграфіі жаніха. Словам, адначасова і тупік і выйсце, гледзячы, хто чаго хацеў ад следства.
   І вось тут я і перадаў справу ў рукі віцэ-пракуратара, Рышарда Мыслоўскага. Не таму, што баяўся цяжкасцей, а таму, што хацеў ягонай перамогі, хацеў, каб ён цвёрда стаў на свой шлях. Абодва мы ўнутрана былі перакананыя, што гэта не метад Юды, але метад Каіна, не самазабойства, а забойства і што забойца — сам Высоцкі. Назавіце гэта інтуіцыяй, плодам вялікага вопыту і назіранняў. Але я быў упэўнены. Ён таксама. І няма, як кажуць, прычыны тлумачыць чаму. Заставаліся пытанні, на якія мы не маглі адказаць.
   Хто быў забіты? Чаму пераапрануўся ў вопратку Крыштофа? Як быў заваблены ў гэтыя нетры?
   А тут яшчэ папаўзлі чуткі, што забойства адбылося на глебе палітыкі (язык без костак, а палітыку тады — і, на жаль, не толькі тады — шукалі ва ўсім). Трэба было спяшацца. Кожны наступны акт, сапраўды ўчынены ў імя палітыкі, мог зрынуць з месца лавіны. Мы не ведалі, што праз нейкія паўгода Польшчы будзе не да палітычных паляванняў за вядзьмаркамі і ведзьмакамі, а адзінае, што ёй будзе важліва, — гэта ні менш ні больш, як права дыхаць і ўвогуле жыць.
   Антасевіч, праўда, прызналася яшчэ, што пасварылася з жаніхом дні за два да смерці таго (ён расказаў ёй пра грошы, і яна патрабавала іх вярнуць фірме, а ён не хацеў) і больш з ім не бачылася. А паколькі няма чаго святому месцу стаяць пустым, то завяла яна сабе ўжо і новага «рыцара».
   І вось што азначае перасаліць, нагрувасціць больш, чым трэба, яўных і ўскосных доказаў. Больш, чым іх магло быць.
   Прыбегла панна Антасевіч у камісар'ят і кажа: ліст ад Крыштофа. А ў лісце словы, што, «калі атрымаеш гэты ліст, мяне ўжо не будзе ў жывых. Мне не шкада пакінуць зямлю і цябе. Шчасця!».
   А штэмпель нашай пошты… на пяць дзён пасля самагубства пазнейшы. А штэмпель адпраўлення такі невыразны, што невядома, адкуль дасланы ліст: з Кракава, Гдыні, Наваградка або яшчэ аднекуль.
   А здымак — на вуліцы. І недзе я тую вуліцу бачыў. І здаецца мне, што ў Варшаве. І ці не кракаўскае гэта прадмесце? І ці не рог гэта касцёла свентэго Кшыжа? І ці не пашукаць недзе ў раёне Свентакшыжскай, дзе-небудзь на Новым Свеце або на Крулеўскай фотамайстэрні, дзе тое фота зроблена?
   Запытанне. І адказ. Ёсць такі вулічны фатограф. Ёсць фатаграфія, што аперыруе ў гэтым раёне горада. І змяшчаецца яна якраз на Крулеўскай. І фотку вышэйпамянёнага пана аддалі друкаваць праз два дні пасля ягонага самагубства, а наступнага дня ён сам зайшоў за ёю. Як кажуць, повен жыцця.
   Ясна, што жыве, і ясна, амаль з поўнай поўнасцю, што гэта ён зрабіў тады ў лесе тое паршыўства.
   І тут хада падзей, гэткая павольная, раптам сарвалася на шалёны намёт. Галопам прыбягае ў Кладзенскі камісар'ят панна Антасевіч і кажа, што ішла са сваім «новым» па Замкавай вуліцы (вы ішлі ёю да мяне), і, здаецца, бачыла Крыштофа, і ён юкнуў у натоўп, і што цяпер ён яе нажом ці яшчэ нечым «залатвіць», як у славутай песні «Чтэры мілі за Варшавон», той самай, што зараз уваходзіць у залаты фонд рэпертуара спевака Ярэмы Стэмпкоўскага.
   Ну абклалі яе дом, устанавілі назіранне над раёнам. І ўжо праз два дні функцыянеры паліцыі перастрэлі яго ў пад'ездзе дома «на Кладніцы», дзе жыло былое каханне. Невядома, ці сапраўды яно «не ржавее», ці павінна было змоўкнуць.
   Спыталі, ці не Высоцкі? Не, я Юллян Сай. І метрыку адпаведную паказвае. Але не скандаліў, калі яго пасадзілі ў «кошык для радыскі» і адправілі куды трэба.
   І вось тут я падумаў, што метрыкай карыстаюцца пераважна на вёсцы, што шукаць, між іншым, трэба і ў леснічоўках. І ўжо ў сёмай з іх жыла сям'я па прозвішчы Сай, і нічога там пра забойства не чулі, а сын іхні Сай з'ехаў, каб паступаць у школу «на ляснічага».
   І тут закруцілася кола.
   І паказанні Саяў: бацькі і дзвюх дачок. І паказанні сваякоў Высоцкага. І пазней вочныя стаўкі — усё пайшло ў ход. А карціна злачынства зрабілася такой яснай, як быццам я яго назіраў ад пачатку да самага канца.
   Ну, спачатку біяграфію. Біяграфія звычайная. Выслухалі яе з суддзёю следчым і віцэ-пракуратарам і не здзівіліся.
   Байструк, бацькі не памятаў, дый матка яго, відаць, не ведала. Таму прозвішча — матчына. Пасля і маці паехала кудысь — ці на працу ў Баварыю (вербавалі тады), а яго, двухгадовага, кінула бабцы, сваёй маці. Праз дзесяць год тая памерла, і падлетак перайшоў на рукі цёткі, малодшай сястры маці. Тая настаўніца, муж яе — таксама. І яна за хлопца старэйшая толькі на дзесяць год, і… словам, з тых, пра якіх кажуць: «Пробы ставіць няма дзе…» Вучыўся хлопец і нават розум і здольнасці паказваў не абыякія, але вучыўся няроўна. А тут яшчэ родная цётка дапамагла. Адкрыла яму, пятнаццацігадоваму, усе, якія сама ведала, «таямніцы Амура». Словам, зрабіла з няўстойлівай асобы, ды яшчэ й не асобы пакуль што, матар'ял на скончанага, закаранелага нягодніка.
   Дзядзечка нешта падазрае. Дзядзечка пляменнічка і сабрата выпіхвае ў лясную школу ў Бялай-Падляскей. Той канчае, нават з поспехам. На службе ў дзяржаўных лясах. А пасля калейдаскоп. Жаніцьба на ўдаве, прадажа гаспадаркі, пераезд у Варшаву. Абкраў маладую да ніткі і ўцёк. Спаймалі. Далі восем месяцаў. Добрыя людзі часам гадамі чакаюць дарэмна, а нягодніку, як заўсёды, амністыя тут жа падваліла. Прыказка гэтая наша непрыстойная, але «багатаму чорт і ў кашу валіць, а беднаму і ў поліўку лье». Словам, дзе і так густа, то каб яшчэ гусцей было.
   На волі ўладкаваўся практыкантам у ляснічага Хмялевіча. Амаль адразу выпараецца разам з грашыма, асабістым пасведчаннем і пісталетам (вось яна адкуль віцца пачала, нітка замшанскай трагедыі).
   Зноў Кладна. Тут і пазнаёміўся з Антасевіч. Што ж, хлопцу дваццаць восем (ёй дзевятнаццаць), прыстойны, ясна ж, «не жанаты». Коміваяжор, але ж не так складана і якар кінуць, скажам, у фірме «Ян Пліцка і сын». Лясная фірма. І ён — знаходка. Лес ведае, знаёмствы ў LP (lasy panstwowe) ёсць, ледзь не да вуліцы Вавельскай, 54, дзе дырэкцыя галоўная (прынамсі, так кажа). Спец і па дыхце, і па тэрпентынарнях, і па дыстылярнях жывіцы. Ён табе і кнігі весці і інкасатар — знаходка, і толькі. Расце давер — расце і махлярства і ашуканства. Ну, тут падрабязнасці не патрэбны. Тонкае было круцельства. Так і накруціў ён сабе восем тысяч злотых. Ну і тут чамусьці адкрыўся Антасевічуўне. Тая — каб вярнуў. Ён — у аніякую. Пасварыліся. І тады ён «звяў» адзін.
   Прыглядаўся да розных месц, куды можна было б укласці капітал. А тым часам раз'язджаў на веласіпедзе ў мундзіры палясоўшчыка прыблізна ў шматкутніку Аўгустоў — Беласток — Наваградак — Альшаны — Ліда. Кладна, вядома, мінаў.
   І вось Замшаны і леснічоўка ў Цёмным Бары. Стары Андрон Сай, старэйшая дачка Агата, сын Юллян ды малодшая доня — Ганна. Зайшоў папіць дый начаваць застаўся. Ну, а дзе начлег, там у нас і вячэра. Знайшлася і бутэлька. Знайшлася пад яе і добрая бяседа… Даверлівасць гэтая наша, прастата — горш яны за любое крымінальнае, за кожнае нават дзяржаўнае злачынства.
   Стары быў старой школы, калі ад палясоўшчыка толькі і патрабавалася, што веданне лесу на ўчастку ды сумленнасць. А новыя часы патрабавалі яшчэ і сякой-такой асветы. І палясоўшчык «з асветаю» выдаўся ім асобай прыблізна таго самага гатунку, што ў нашым коле доктар ганорыс каўза Сарбоны або лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне кібернетыкі.
   Разгаварыліся па душах. Андрон паскардзіўся, што яго наследны прынц не ўспадкуе пасля яго ляснога каралеўства Замшанскага, што адзіны цяпер спосаб вывесці дзяцей у людзі, уратаваць іх ад галечы — даць ім асвету або хаця б патрэбную спецыяльнасць. І вось і хацеў бы Юллян у палясоўшчыкі, але грошы ўзяць дзе, дзе заручыцца падтрымкай? Ясна, што нейкі з горада заўсёды мае перавагу над вясковым, тым болей над лясным чалавекам. І чуў многае, і чытаў, і, нават хай сабе без ахвоты, бачыў. Хаця, можа, і дурнейшы за таго вясковага, як амаль кожны пародзісты сабака дурнейшы за дварнягу. І куды больш не прыстасаваны да жыцця.
   — А можа, і я дапамагу, — сказаў Крыштоф. — Я скончыў Вышэйшую лясную школу ў Цешыне. Знаёмствы ў лясніцтве засталіся.
   Не ведаю, магчыма, з гэтага выхваляння, якое не мела аніякай мэты, — от, так сабе, хлестакоўскае выхвалянне! — усё і пачалося.
   Юллян з'явіўся. Год на шэсць маладзейшы, але фігура, колер валасоў, рысы аблічча былі крыху падобныя. Усміхнуўся — двух пярэдніх зубоў няма.
   Пачалася размова. Дзе, ды што, ды як з хлопцам вялося, ды ці мае сяброў недзе на Кракаўшчыне, ці недзе там пад Бельскай-Бялай, Цешынам, Рыбнікам ці Жыўцам. Не меў аніякага, дый тут — мала.
   — Там перавагу аддаюць людзям стопрацэнтна здаровым. Нават каб гландаў і апендыкса не было.
   — Апендыкс выдалілі.
   — Там на здароўе не менш глядзяць, як у арміі. Адбор і адбор.
   — Ясна, што адбор, — уставіў і стары. — Толькі ж і маем права на трыста шэсцьдзесят тысяч войска.
   — Па Версальскаму дагавору, — сказаў Крыштоф, «прасвяціў» цёмных. — Ясна, што ўжо няшмат, але патрэбны адборныя.
   Гэта пазней ужо, калі мы яго, скурвысына, раскалолі, ён прызнаўся, што ўжо тады задумаў «падстаўку», бо паліцыя яго і сапраўды рана ці позна спаймала б.
   Раніцаю сказаў, што хутка вернецца, вось толькі ў Цешыне спраўкі навядзе і на каго трэба націсне. Ну, а паколькі пашпарты тады былі не абавязковыя і многія, асабліва з вёскі, іх не мелі, то досыць і метрыкі і пасведчання за чатыры класы школы паўшэхнай. Ну і грошай крыху на вопратку і на першы час.
   І пасведчанне ляснічага Хмялевіча — на стол. І дзе ўжо тым было, простым, нямудрым людзям, нязвыклым да ашуканства, заўважыць, што Хмялевіч год на пятнаццаць старэйшы і што «дыстынкцый» ляснічага ў Высоцкага на мундзіры няма.
   Ні ў які Цешын ён, ясна, не ездзіў. Вярнуўся дзён праз колькі, прадыктаваў заяву ў дырэкцыю, заверыў, што прымуць. Толькі трэба трыста злотых за інтэрнат заплаціць (з поўным пансіёнам, хаця хатняй каўбасы вэнджанай ды паляндвіцы падкінуць і не шкодзіць). І трэба яшчэ дзесяць злотых за маркі казны.
   Дамовіліся сустрэцца праз пару дзён на бліжэйшай станцыі і ехаць некуды аж пад Беласток, дзе ў леснічоўцы, блізка, збор кандыдатаў.
   Як вы думаеце, што мне было ў гэтай гісторыі асабліва брыдка? Не ведаеце? А тое, што гэтая… ухітрылася яшчэ пасля са старэйшаю дачкою цалавацца за гумнамі. Ведаючы ўжо ўсё.
   Ну і вось. Перон паўстанка. З'яўленне Юлляна. Цень лёгкага незадавальнення, калі той сказаў, што здолелі сабраць толькі дзвесце пяцьдзесят злотых. Некалькі прыпынкаў цягніком. Пасля некалькі кіламетраў на таксі. Калі тое ад'ехала — выявілася, што злезлі зарана, што трэба яшчэ метраў дзвесце прайсці да патрэбнай сцежкі (таксіста пасля знайшлі, і ён паказаў і паваротку — не тую, і сказаў, што «палясоўшчык» даў яму звыш таксы тры злотых, а астатнія грошы і дакуманты «маладога» схаваў у кішэнь). Урэшце паварацілі ўлева. Надыходзіў змрок. Ужо і сцежку было відаць кепска. І тут упершыню нешта, мабыць, стукнула ў галаву Саю:
   — Куды мы?
   — Ды тут, блізка ўжо.
   І тут, бы ў дрэннай меладраме, закрычаў пугач (Крыштоф адзначыў гэтую дэталь пазней, калі стала марнай справай маўчаць). І гэта было злавесна.
   — Не пайду далей, — сказаў Юллян. І ўбачыў, як сказаў нехта, «самае сумнае відовішча на свеце», дзірку чужога пісталета.
   — Скідай вопратку.
   — Што ж я зрабіў вам? — дрыжучы, пачаў маліць небарака.
   Сярод вясковых хлопцаў з глухіх месц хапае такіх ціхіх, «вады не замуцяць», людзей. І гэта, на мой погляд, было адзіным апраўданнем «ідыятызму вясковага жыцця», калі ён яшчэ не адыходзіў у нябыт.
   — Вы мяне не забівайце. Злітуйцеся. Грошы бярыце. Я маўчаць буду. Не вярнуся ў Замшаны. Далёка-далёка з'еду.
   — Кінь енчыць. Памяняемся адзеннем, дый ідзі сабе.
   Той нават не спытаў, нашто тым адзеннем мяняцца. Скінуў усё і чакаў, пакуль Крыштоф з пісталетам павольна апранае ягоныя порткі, пінжак, а ўсё сваё кідае пад ногі хлопцу. Яму б у той час скочыць у гушчар і бегчы: у адной калашыне не пабегаеш. Але ён быў запалоханы, і ён… паверыў. Яму хацелася верыць. Бо хто ж не паверыць, калі хочацца жыць?
   І таму, калі ён пераапрануўся, ён адразу атрымаў кулю ў скронь. З правай рукі і таму ў левую скронь. Упаў. Яшчэ варушыўся і таму атрымаў, зверху, другую кулю, у сэрца.
   А пасля забойца падцягнуў Сая да невялічкага ўрвішча, адкінуў яму адну руку так, каб звісала над дрыгвою. У запале не заўважыў, што адкінуў правую, не тую, калі ўлічыць, што рана была ў левую скронь.
   Ну а потым засунуў забітаму за борт пінжака загадзя напісаны ліст і пайшоў сабе. А пісталет дарогаю — трэцяя памылка — кінуў у нейкую ручаіну.
   Думаеце, канец? Ды не. Што там дзвесце сорак злотых, калі з васьмісот — сотню паспеў пражыць. Калі ўжо зроблены першы крок па дарозе, на якой чалавек ператвараецца ў брутальнага і без лішняй маралі звера, то астатнія крокі даюцца лягчэй. А тут яшчэ ён не ведаў пра свае памылкі, пра існаванне нас, верыў, што ў скуры Сая яму бяспечна. І яшчэ ведаў, што простыя лясныя людзі не ведаюць усёй меры цынізму такіх, як ён.
   Таму з Варшавы піша ліст і дасылае фота Антасевіч. А пасля з Цешына, падрабіўшы почырк (узор — заява Сая), піша бацьку забітага, што дзякуючы пану Хмялевічу паступіў, што ўсё добра, толькі патрэбен новы касцюм, гадзіннік і сто злотых на выдаткі.
   Гэты забойца так і застаўся ў душы дробным кавалачнікам, які памёт здатны з-пад сябе з'есці.
   І прыехаў. І расказаў аб планах Юлляна, аб сябрах. І атрымаў усё, што хацеў. А ад старэйшай дачкі — таксама. Вось што самае страшнае!
   — Малодшая цяпер за Салвэсем Цяцерычам, — сказаў я.
   — А старэйшая за маці-зямелькай. Пасля суда вешацца хацела (і яна і стары давалі паказанні, ясна ж, пры замкнёных дзвярах, але ўявіце сабе адчуванне: абдымаць забойцу брата). Знялі. То пасля ніводнага хлопца да сябе не падпускала, а ў партызанах, як знарок, лезла ў самыя небяспечныя справы. І смерць яе мучыла-мучыла, а пасля і злітавалася.