Ён глядзеў пранізліва:
   — Глядзіце, гэта страшна. І каб вы ведалі гэта і не манкіравалі сваім здароўем, а лекаваліся — паедзем заўтра са мной. Паглядзіце, што гэта такое. Ну і абследаванні некаторыя зробім. Гэта занадта важлівая штука — здароўе, гэта адзіна вартая рэч — розум. А мы, аднак, гэтага не цэнім.
   — Добра, — хутчэй каб адвязацца, сказаў я.
   Крыху адпачнуўшы, я ўрэшце вырашыў зайсці да Хілінскага і амаль не здзівіўся, што гэтыя двое цалкам дарослых людзей (ён і Шчука) сядзяць у паўцемры і разглядаюць праз эпідыяскоп слайды.
   — Сядай, зараз скончым, — сказаў Адам. Слайды былі з «маіх» мясцін. Кладна. Дарога на Альшаны. Замак. Касцёл.
   — Дзе гэта вы іх настругалі? — спытаў я, калі запалілі святло.
   — Ды даўно ўжо, гады два як зняў, — сказаў Хілінскі, і я чамусьці не паверыў яму. Асабліва таму, што каля брамы замка не відаць было ахоўнай дошкі.
   «Ой, круціш ты, Адам Пятровіч», — толькі й падумаў я.
   Калі на стале з'явілася кава і тое, што да кавы, часам спажыўнае, а часам і не дужа, і мы ўжылі і тэго і другэго (ці овэго?), як кажуць браты-палякі, Шчука адкінуўся на спінку крэсла:
   — Расказвай.
   Я расказаў. На гэты раз нічога не скрываючы, аж да недарэчнасцей, да маіх начных кашмараў, да размовы ў леснічоўцы і да ўчарашняга нападу ў балацявіне. Відаць, раздражненне прарывалася ў маім голасе, таму што Шчука раптам сказаў:
   — Лічыш, што мы тут «гаў!» ловім? І што мы ўвогуле, як шведы спяваюць: «Паліцыя, паліцыя — бульбянае пюрэ».
   — Я толькі раз чуў, як спявалі шведы. Імчалі ў турысцкім аўтобусе. І спявалі, на жаль, не пра пюрэ, а па-расейску: «І-ван І-ва-на-вітш, І-ван І-ва-на-вітш энд містэр Шчука тоже э-ро-тыч-ный».
   — Брэшаш.
   — Ясна, што брашу. Спявалі: «Энд бе-ло-рус он тоже э-ро-тыч-ный».
   — Добра, добра, не злуй… Та-ак, пачынае рабіцца горача. І канцэпцыі адзінай пакуль няма. З'ехаў бы ты адтуль, хлопец.
   — Яшчэ чаго?! — абурыўся я. — Нехта вінаваты, а з'язджаць павінен я. У вас няма канцэпцыі, а я адказвай.
   — Канцэпцыі няма. Затое, як мяркую, падазроных шмат.
   — Вось і паспрабавалі б найбольш падазроных абмежаваць у дзеяннях. Паслаць некуды. А то дойдзе да гэтых вашых, як іх — пісталетаў, рэвальвераў, — тады позна будзе.
   — Бывае, даходзіць і да пісталетаў.
   Шчука раздражняў мяне. З гэтым яго падвойным хобі: чытаць дэтэктывы і здзекавацца з іх, і яшчэ ведаць назубок усю, якая ёсць і была на зямлі, зброю. Аж да шасцістрэльнага (круціліся рулі, а не барабан) рэвальвера бельгійскай сістэмы Марыет, вырабу 1837 г. І таму я быў несправядлівы:
   — Рэвальверы… Слухайце, а вы ўмееце з імі абыходзіцца?
   Пакасіўся на мяне:
   — Не сумнявайцеся.
   — Тады нічога, а то, бывае, пальне, сам не думаючы.
   — Вы затое многае думаеце. І плачаце: «Ох, курку забілі», — нечакана суха працадзіў Хілінскі. — А я не плачу. Затое я ведаю іншае. Курцы, можа, пакуль і трэба быць засмажанай, а вось наконт твайго «абмежавання ў дзеяннях» — дык я вось ведаю, што абмяжоўваць не трэба, што чалавеку ні ў якім разе не трэба сядзець у турме, хай сабе і некалькі дзён.
   — І такім?
   — А раз ужо сеў — гэта няшчасце. І наш агульны позор, — ён чамусьці сказаў па-расейску «позор», а не «ганьба». Мабыць, так здалося мацней.
   — Ну добра ўжо, досыць, — сказаў Шчука. — Я, уласна, чакаў цябе вось чаму.
   Ён дастаў з блакнота малы квадрацік паперы:
   — Гэта табе адрас і тэлефон Яраслава Мірашэўскага. Былы юрыст. Былы пракуратар у Кладна. І, самае галоўнае, не памятаю ўжо, ці ён, пракуратар акруговы, займаў у 1939 годзе, на працэсе Крыштофа Высоцкага, крэсла абвінаваўцы, ці ён тады саступіў гэтае месца свайму віцэ-пракуратару… Так што і без архіва павінен сёе-тое памятаць.
   — Добра.
   — Калі паедзеш?
   — Ну-ну-у… заўтра ў мяне яшчэ тут сякія-такія… справы, — я ўспомніў аб прапанове Лыганоўскага і, цалкам для сябе нечакана, вырашыў, што паеду з ім. — Паслязаўтра — гэта напэўна.
   — Ну, браце, тады табе шанцуе. І мы паслязаўтра машынай дабіраемся. Дакінем цябе да Кладна, а калі не затрымаешся надоўга і дужа папросіш, то дакінем амаль да Альшан. Перад самым мястэчкам у нас паваротка.
   — Хто ды хто едзе?
   — Я, Клепча, — відаць, ён заўважыў грымасу на маім абліччы і таму дадаў: — Ну і Адам вось збіраўся, здаецца, да цябе рыбу лавіць.
   — Рыбы многа.
   — Ну вось, — сказаў Адам, — дакінеце мяне да Кладна, пакінеце Антона, а я наступнага дня прыеду. Так, паверце, будзе лепей. Нешта і мяне, старога каня на пакоі з падвойным гарцам аўса, — гэтыя ножычкі ды дамы з манахамі зацікавілі. Можа, свежым вокам нешта і заўважу.
   — А можа, і так лепей, — згадзіўся Шчука. — Ты ж не пры справе. Проста, можа, пагаварыць вечарам, з вудачкай пасядзець. Хай лішніх размоў не будзе.
   Мы зварылі свежай кавы, але падумалі, што гэтым напэўна заробім сабе бяссонніцу, калі да «гэтага» не дадаць па малому каньяку, і сядзелі цяпер вакол нізенькага стала, як тры пенсіянеры, якія дастойнай работай заслужылі сабе дастойную пенсію і зараз кейфуюць, але ўсё аніяк не могуць забыць «дела давно минувших дней» і «битвы, где вместе рубились они», хаця ніхто ўжо на новыя бітвы іх не кліча.
   — Так, — сказаў Хілінскі, — гэта адчуванне цяперашняе нагадвае мне, як адзін нямецкі язык, лётчык, якога мы аднойчы ўмыкнулі, і на радасцях, што даў вычарпальныя паказанні, далі паўтары шклянкі ашмянскай самагонкі.
   — Дык што ён? — спытаў Шчука.
   — А ён напіўся і на радасцях, што яго не расстраляюць, а цераз фронт перакідваць будуць, зусім разлезся і думаў, што ён «штукас». Ну, Косміч, што такое «штука»?
   — «Юнкерс-87», — машынальна адказаў я. — Такі сабе пікіроўшчык-бамбардзіроўшчык з крыламі, як у чайкі.
   — Ведаеш, — пахваліў Шчука.
   — Проста не забыў, — сказаў Адам. — То немец гэты, расставіўшы рукі, выў — усё «в-ву-у, в-ву-у» і ўсё хацеў падаць галавой на брук.
   — На які брук?
   — То гэта ж у саміх Ашмянах і было. Мы яго пераапранутыя вялі. І п'яны быў ён нам замест лепшага аўсвайса.
   — Успомніў вясёлае. Ну гэта на такія штукі толькі ты і майстар быў. Рызыкант паршывы.
   — А што ўсё ж з тым Крыштофам Высоцкім?
   — Псуеш ты нам адпачынак, — сказаў Шчука. — Спускайся з даху і не псуй гонту. Казалі ж табе, што забойства. Што архіў згарэў ці часткова разрабаваны. Павесілі чалавека — і ўсё табе.
   — Не шанцуе роду, — сказаў я. — Ну а Ўладак той?
   — Таксама незразумелая справа, — сказаў Хілінскі. — Тут архіваў увогуле не магло быць. Падполле. Які там архіў? А Ўладак той то знікаў з Кладна, то зноў з'яўляўся. На чорным рынку (жыхары кажуць) дзейнічаў.
   — Ну за гэта не дужа стралялі, — сказаў Шчука, — асабліва разам з патрыётамі ды ў прахадным двары, ледзь не на вуліцы, на вачах у народу. Ды яшчэ такога «лаяльнага». Ён жа тады яшчэ і ў пашпартным бюро служыў.
   — І чорны рынак? — здзівіўся я.
   — А ты б паспрабаваў на нямецкую платню без рынку пражыць.
   — Адкуль ведаеце?
   — Я… жыў. Быў такі выпадак. Вось і гэты. І што яго трымала? Мог бы да брата, на вёску, на гаспадарку. Можа, і сапраўды падполле, патаемная сувязь з партызанамі, адкрылі выпадкова перад самым акружэннем?
   — Што ж, не помніць ніхто яго сапраўднага аблічча? — хмыкнуў я.
   — А хто мае помніць? Можа, косці іхнія даўно зямлю параць, сведкаў гэтых, якія дамаўляліся, ведалі аб ім. Ведала, скажам, два чалавекі (больш і немагчыма, канспірацыя). І вось — адзін бой, налёт, блакада — і гатова, не разведчык, а здраднік. Ці мала такіх, сумленных, у якіх сведкі загінулі, пасля вызвалення і ў нас пасядзела?
   — А бывала, — буркнуў Адам, — што з-за нейкіх разлікаў і жывыя сведкі не пацвердзілі.
   — Як то?
   — Ну, хлопец, ты хіба на Месяцы жыў, ці што? — І сказаў пасля змрочнай паўзы: — Там таксама не толькі героі. Там розныя людзі былі. Была і выпадковая сволач, накіп… Залілі такому сала за шкуру — ці свае, ці немцы. Адчувае — застанешся на месцы — каюк, а ў лесе, можа, і ўратуешся. Дав-вай у партызанку!
   Пусціў цыгарэтны дым, не зацягваючыся.
   — І вось пасылаюць кагосьці на самае страшнае, на службу ў немцаў «верай і праўдай». «Ідзі, — кажуць, — даражэнькі, туды і сюды: у бургамістры, ва ўправу, перакладчыкам, трасцай, халерай…» І вось, уявім, застаўся адзіным сведкам адзін вось такі, медузападобны. Адзіным сведкам, адзінай надзеяй таго, хто «ў немцаў» працаваў, «у СБМ кіраваў», і каго зараз за месца між нагамі і спінай бяруць.
   — То што? — амаль злосна спытаў я.
   — А тое. Бывае, што і адхрысціцца гэтая «адзіная надзея». «Не чуў, не бачыў, можа, забыў, але, здаецца, не, не ведаю». Адрачэцца. Каб цень не лёг, каб, крый божа, кар'еры не сапсуць, каб вылезці наверх, як паганка… Баіцца, дрыжыць: а раптам не разбяруцца дый мяне як саўдзельніка. А можа, той, калабарацыяніст, нешта пра яго ведаў? Думаеце, ён на карысць другога, абылганага, пасведчыць? А ўжо на карысць добрага імя мёртвага? Нашто? Гэта яму, — ён так, паскуда, лічыць, — жыць і жыць, лезці ўгору і лезці. А мёртваму што, мёртваму ж не лягчэй? Мёртвым усё роўна, ім не баліць.
   — Магло быць і так, — сказаў Шчука. — Чаго не бывае?
   Зноў раздарожжа. І па якой, урэшце, дарозе ехаць, каб дабрацца да праўды.
   Мы ехалі з Лыганоўскім у горад у ягоным блакітным «Масквічы». Вярталіся з псіханеўралагічнай клінікі.
   Гэтаму было як быццам усё нічога. Прыгожыя моцныя рукі цвёрда ляжалі на баранцы, і здавалася мне, ён не глядзіць на дарогу, не адчувае машыны, а проста зліўся з імі ў адно, як кожны ас аўтамабілеваджэння.
   А мяне ледзь не калаціла ад гэтага візіту ў дом вар'ятаў, ад павароткі з шашы ў доўгую і цемнаватую алею з высачэзных туй і ядлоўцаў, ад двара, па якім хадзілі бы ў сне нейкія невыразныя фігуры, нават у сваіх піжамах і халатах падобныя на тую маўклівую постаць у саване, што, стоячы, падплывае ў ладдзі да «Вострава мёртвых» Бёкліна.
   Я ўдзячны быў Лыганоўскаму, што ён не павёў мяне па палатах, а проста папрасіў санітараў прыводзіць тых хворых, якіх ён укажа, і кожнаму з іх выдаваў мяне не за старонняга чалавека (магчыма — я страшыўся такога — будучага іхняга суседа), а за лекара, які паглядзіць іх пакуль, а пасля абавязкова дапаможа.
   Я толькі ўрыўкамі лавіў яго каментарыі, калі чарговага хворага адводзілі. Перада мною ўсё яшчэ стаяў твар, вочы, пастава няшчаснага, ягоная мова, часам, здаецца, і складная, а часам як на дзве трэці сапрэлая тканіна з кургана, па рэштках якой толькі з цяжкасцю можна ўявіць першапачатковы ўзор.
   — Казаў… аднаго… не таму што ракета ўзарвецца… Космасу не баліць… загад урада… магло там… Аэліта.
   Адзін з дзесяткаў магчымых разгадак гэтай галаваломкі мог быць такі:
   — Казаў жа я, каб паслалі мяне аднаго. І не таму, што ракета ўзарвацца можа, калі лішні ў экіпажы. На зямлі не ўзарвецца. Космасу не баліць. І гэта быў загад урада, а на месцы не паслухаліся. Самае горшае, што ўзарвацца магло там, а там Аэліта.
   А яго змяняў другі, які быў упэўнены, што жонка рвецца да яго (калісьці яна не толькі здрадзіла яму, але й прадала яго), ужо дзесяць год чакае, ды яе да яго не пускаюць.
   — Яна выйшла другі раз замуж дзевяць год назад, — буркнуў Лыганоўскі, калі чалавека, які захлынаўся ў рыданнях, павялі.
   І яшчэ. І яшчэ. А тут голас чалавека, які звыкнуў да такога, хаця недзе ўнутры яму, можа, і баліць. Каменціруе:
   — Псіхоз Корсакава — асобая форма псіхічных расстройстваў на глебе алкагольнай інтаксікацыі. Характарызуецца змяненнямі памяці і множнымі паражэннямі нерваў. Або: рознасць палёў зроку. Але праведзена праверка з дапамогай вымяральніка мазгавых хваль, і розніцы ў іхняй форме я не бачу.
   Ці яшчэ:
   — Ні вар'ятам, ні эпілептыкам, па ўсім відаць, яго лічыць нельга. Няма ніякіх падстаў казаць аб арганічных мазгавых зменах. Трэба лічыць, што прычынай, хутчэй за ўсё, псіхічныя, душэўныя ўласцівасці.
   Ён пільна пакасіўся тады на мяне:
   — Як у гэтага вашага тыпа з Альшанкі. Хацеў бы я неяк пагаварыць з ім.
   — Хто забараняе? Збярыцеся вось ды прыедзьце туды на дзень-два. Паназірайце.
   — А можа, і трэба будзе. І не толькі за ім, — дадаў ён са значэннем. — Можа, і ў вас некаторыя «пачаткі» пачалі праяўляцца.
   — Воля ваша. Але што гэта дасць?
   — Вопытнаму дасць. Хаця, вядома, лепей было б правесці тэсты на здольнасць запамінання і элементарныя разумовыя здольнасці і… зрабіць праверку рэакцыі на наркоз.
   — Запамінаю — на выдатна, здольнасці — ну, як здольнасці. Наркотыкаў не ўжываю. Дый і мала хто, відаць, у нас іх ужывае. Гэта не Ганконг.
   — І трэба было б правесці, — гнуў ён сваё, — больш усебаковую праверку разумовых здольнасцей і аналіз характару па метаду Роршаха*.
   * Роршах Герман (1884-1922) — швайцарскі псіхіятр, які прапанаваў свой спосаб класіфікацыі характараў.
   А перад намі ішлі новыя і новыя цені. Адзін, дэгустатар з вінзавода:
   — Да 1878 года — прафілаксера. Пасля яе віны ўжо не тыя… Корак мянялі, а то трэба было адбіць рыльца… Пад рыльцам трымалі свечку, каб быць упэўненым, ці не трапіла ў віно парушынка. І ані гарчычнай лыжачкі асадку. Вы ўжо такіх, тых вінаў, не будзеце піць.
   — Ні аб чым іншым гаварыць не можа.
   А за ім акцёр, які граміў кагосьці кавалкамі з п'есы, якой ніхто не бачыў і ніхто бачыць не будзе. Жэсты аратара на форуме.
   — І ролю ў ёй мне не далі… Англійская… Мова Шэкспіра — гэта ясна. А тое, што вы называеце проста англійскай, — гэта шэраг мыканняў і варыяцый аднаго-адзінага галоснага, пры дапамозе якога маюць зносіны дзевяць дзесятых жыхароў гэтага вострава. — І кінуўся да акна, нібы расчыняючы яго. — Слухайце! Перазвон! Звон па нас! Слухайце вы ўсе. Хай паможа бог гэтаму старому дому.
   Я не мог болей.
   — Што, адчуваеце faux pas?* — спытаў псіхіятр.
   * Падманны крок, няёмкасць.
   — Felix opportunitate mortis*. Мне сорамна.
   * Шчаслівы, хто ў час памірае.
   — Што зробіш. Многіх з іх не вылечыш. І саромецца няма чаго. Прыйдзе час, на гэтых, безнадзейных, мы накопім матар'ял надзеі для іншых. І тады адзіным невылечным адхіленнем у псіхіцы будзе тое, пра якое і зараз кажуць: «Балван, якіх мала».
   — Абы не пры штурвале.
   — Ну гэта ўжо не псіхіятраў справа.
   — Хадзем, хадзем адсюль.
   Ён гаварыў з усмешкай, хаця і сумнай. А на мяне каціліся хвалі чалавечага гора. Вялізныя хрыбты чорнай вады. І гэта былі нашы няўдача і непаспяховасць, нашы нядоля і злашчасце. Усе грані нашай нядолі: атамнай, мілітарысцкай, сексуальнай. Пагрознай. Чым мог памагчы супраць гэтых няспынных навал нейкі там стары добры бром. Стары экіпаж Флінта цяпер нават сваю славутую песню спяваў бы зусім іначай:
   Йё-хо-хо, і бутэлька брому.
   Я не мог больш глядзець у вочы гэтым людзям і ўзмаліўся перад Лыганоўскім аб літасці.
   І вось мы ехалі назад, паступова ўязджаючы ў позняе весняе сутонне.
   — Ну вось, — сказаў лекар. — Цяпер вы самі бачылі гэты адчай. І менавіта каб не дайсці самому да такога, кіньце ўсе вашы заняткі, перастаньце думаць аб усім і — куды-небудзь, куды хочаце. На мора, у горы, у стэп. Сцеражыцеся ілюзій.
   — Добрая ілюзія, калі я сам бачыў цені на галерэі і іншае… Гэта што, неаб'ектыўнае ўражанне?
   Ён усміхнуўся гожым ротам:
   — Сярэдневяковыя вядзьмаркі, каб «лётаць», націраліся маззю. У яе склад уваходзіў аконіт. Ён даваў цалкам «аб'ектыўнае» адчуванне палёту. Але ж вы не будзеце адмаўляцца, што гэта была чыста суб'ектыўная ілюзія.
   — А гэта што, таксама суб'ектыўная ілюзія, што мае паперы пару разоў былі пераварушаныя?
   — А вы не маглі самі гэтага зрабіць… гм… ва ўзбуджаным стане.
   — Клянуся вам, што падчас гэтых «ілюзій» я з месца не мог скрануцца. Як прыкуты. Усе мускулы здраўнелі… Вы лепей, чым разважаць, парады мне нейкія далі б.
   Сказаў я гэта ці не занадта палка. І не дзіва: я такі досыць моцна спалохаўся тых дантавых колаў пекла, праз якія ён мяне сёння правёў.
   — Парады? Ну, піць. Вы шмат п'яце?
   — Выпадкова і досыць рэдка.
   — Курыць… Лепей за ўсё… Абавязкова кіньце курыць.
   — Ну, гэта вы занадта патрабуеце.
   — Можа. Ды гэта ў вашым выпадку, можа, і не дужа шкодзіць. Лепей, вядома, кінуць, калі хопіць волі. Проста выдатна было б, каб кінулі. Але тут я дрэнны парадчык дый патрабаваць не маю права. Сам дымлю, як цягнік. З вайны. З фронту. Самі разумееце… Ну, можа, крыху меней курыце… Урэшце гэта не самая вялікая бяда. А вось кінуць справы, каб сонца, зелень, свежае паветра, спакой, — тады і дыміць можна. Крыху.
   Прыпаркаваўшы машыну, мы ішлі да сваіх хатаў.
   — Што, Герардзе? — спытаў Пахольчыка лекар. — Як там з дамоўленасцю?
   — Ды вініцца мушу. Не дастаў, і пэўны час, мусіць, не будзе. Перабоі.
   — А, ладна, — махнуў рукой Лыганоўскі. — Пакурым пару тыдняў штось іншае.
   …Падымаліся да сябе. І на пляцоўцы, дзе была кватэра лекара, убачылі Хілінскага, які спускаўся ўніз.
   — Дзень добры панству. А дзе гэта вы, Косміч, прападалі цэлы дзень? Кампанія? Кабеты?
   — Кампанія ў мяне была невелька, але бардзо пожондна, — сказаў я словамі не дужа прыстойнага польскага анекдота.
   — Пробашч? Арганіста?
   — Не, тыя ў Альшанцы…
   — Няўжо астатнія з таго анекдота?
   — Ды не…
   Я гатовы быў ляпнуць нешта праўдзівае пра падзеі гэтага дня. Але тут, дай божа яму здароўя, мяне перабіў Лыганоўскі. І праўда, калі кліент не хоча берагчы лекарскай таямніцы, то гэта хочаш не хочаш павінен рабіць за яго сам лекар. Нават наступаючы дурню на язык.
   — Ён не скажа, — сказаў Лыганоўскі. — Бываюць такія рэчы, што трэба трымаць язык за зубамі. На мой погляд, ён сёння цалаваўся з чужой жонкай.
   — Божа мой! — уздыхнуў Хілінскі. — І ўсё гэта адбываецца ў прававай дзяржаве.
   Памаўчаў.
   — Хаця цяпер пайшлі мужчыны спрэс як з анекдота: «Ваша мэта што? Пацалаваць маю жонку? Ну то, скончыўшы сваю справу, вы можаце пайсці…» Словам, Антоне, калі ты кажаш, што рыба добра ловіцца, то я, можа, неяк днямі заеду да цябе. Стаць там на пастой можна ў каго?
   — Гэтага дабра хопіць.
   — А ведаеце, — сказаў Лыганоўскі, — можа, і я падскочу на дзень-другі. Адгулаў некалькі скапілася. І так абрыднуў горад. Горача. Ногі ў асфальце вязнуць. А там жа — канец траўня.
   — І ў дадатак, — сказаў я, — дзякуючы позняй вясне сям-там у гушчары ды ў баравінных ярах ёсць яшчэ апошнія смаржкі. Ну, не кошык, а на патэльню назбіраеце.
   — І смаржкі? — вохнуў псіхіятр. — Усё. На каленках прыпаўзу. А можа, разам пад'едзем? Вы калі, Адам Пятровіч?
   — У тым і справа, што дакладна не ведаю. З'ездзіць тут на дзянёк да сваякоў трэба. Пад Кладна. Ну, можа, усё ж там, у Альшанцы, сутыкнемся. Будзе яшчэ лепей.
   — Так. Запланаванасць заўсёды пасуе перад сюрпрызам.
   Мы разышліся.
   Больш за ўсё я люблю вось такія нечаканыя, як з яра галавой, паездкі. Калі збіраешся спехам, калі не залежыш ні ад аўтобуса, ні ад білетных касаў, ні ад папярэдняга продажу гэтых білетаў, а залежыш толькі ад майстэрства вадзіцеля ды ад спраўнасці машыны, калі дзе захацеў, там і спыніўся. Ці на беразе ракі, ці на ўзлессі, ці паляжаць у сакавітым канюшынніку або ў дурманных каноплях.
   Калі выходзіш у пяць раніцы, яшчэ пазяхаючы ад соннага холаду, як паступова разаграешся, як запальваеш першую цыгарэту, і яна асабліва смачная ў ранішнім, зусім яшчэ чыстым паветры.
   Як ідзеш загадзя ўмоўленым маршрутам і цябе недзе дарогаю падхоплівае Шчукаў «казёл» (адна з улюбёных мною машын, асабліва калі лета і брызентавыя «сцены» падабраныя ўгару, і вецер як сабе хоча жартуе з людзьмі, з іхнімі валасамі, каўнярамі, і ўсё такое іншае). Ды яшчэ калі акрамя вадзіцеля тут жа на заднім сядзенні з табою Шчука і Хілінскі.
   Псуе, праўда, крыху настрой прысутнасць побач з шафёрам сардэчнага сябра, «няўхільнага» Якуба Клепчы. Але што зробіш, ніколі на зямлі не бывае стопрацэнтнага шчасця. Прымірымся і з васьмі-дзесяціпрацэнтным.
   Мільгаюць рэчкі, сялянскія вазы ля апушчаных шлагбаўмаў, лясы, паляны сярод жыта (і на некаторых — вялізныя, як свяшчэнныя дубы продкаў, дзічкі).
   Пралятаюць проста пусткі, зарослыя верасамі, і на іх беларускімі кіпарысамі ўзвышаецца змрачнаваты елянец.
   А там мільганулі на ўзгорку руіны замка ці даўняга абарончага касцёла. Хаткі прыляпіліся над аранжавым рачным абрывам, а крыху далей, у затоцы, варушацца ад плыні плеці жабніку і цвіце вадзяная грэчка.
   Край мой! Родная мая зямля! Як жа мне жыць, калі я пайду з цябе? Як мне быць, калі я памру і, можа, быццё маё яшчэ некаторы час не скончыцца — і гэта й ёсць абяцанае мне пекла? Без цябе.
   Каго спытаць пра гэта? Ясна ж, не Клепчу, які гаворыць штампамі і, там, дзе гэтага не трэба, занадта ўзнёсла, а на самай справе самы сапраўдны тупак увогуле. І ўсё адно было б яму дзе нарадзіцца, бо паўсюль бы ён «спаўняў справу». І ніколі б не прыйшлі яму ў галаву словы славацкай песні, якія прыдумаў калісьці нейкі бязведамны славацкі чабан, горскі «бача»:
   Кто тя буде, вінко, піці,
   Кед я будем в хробе гніці?
   Ясна, што спытаю ў астатніх двух, якія плацілі за тое «вінко», за елянец на пустках, за гэтае беларускае паветра — самім жыццём. Ды і ў іх не спытаю. Проста буду глядзець на іх і, часам несвядома, рабіць вывады.
   І вось ужо цягнецца злева імклівая празрыстая рака, а на гарызонце будынкі, стрэлы званіц.
   Кладна, ледзь не самы ўлюбёны мною горад на ўлюбёнай мною зямлі. Кварталы свежаспечаныя, а пасля і старыя з крываватымі вулачкамі, з дамамі, вокны якіх ледзь глядзяць на свет праз сцяну буяну — зялёнага, кучаравага дзікага вінаграду. І глухі комплекс кляштара візітак, а далей узносіцца ў неба ўжо трыста год «фара».
   Горад мой горад, са сваімі тварамі, пахамі, поліфаніяй гукаў, са сваім нязмерна прыўкрасным абліччам.
   «Казёл» спыніўся ля скверыка на плошчы. Я вылез.
   — Мы тут на Аптэчную звернем, а ты, хлопча, шыбуй па Замкавай і пасля ўправа. Падвозіць цябе пад ганак няма чаго. Ды тут і недалёка. Даем табе пяць гадзін максімум. Пасля чакаем ля Бернардынаў. Застанешся — прыходзь папярэдзіць. Не — падкінем цябе да Альшан.
   — Ну а я тут у гасцільні затрымаюся, — сказаў Адам. — А прыеду ці то заўтра, ці на трэці дзень.
   …Дом пад патрэбным мне адрасам стаяў на адной з тых зялёных ці то вулачак, ці завулкаў, што збягалі ў прырэчны яр. Унізе бегла адна са шматлікіх рэчак (ці не Кладнічанка), і кожны завулак канчаўся мосцікам цераз яе, а на другім беразе зноў караскаўся па схіле яра, на гэты раз угору.
   «Мой» дом быў тыповы фальваркова-шляхецкі дом, якія тысячамі калісь былі раскіданыя па Беларусі, а зараз сустракаюцца ўсё радзей і радзей і якія так любіў і ўмеў маляваць Генрык Вейсенгоф. Доўгі, аднапавярховы, з высокім дахам і пабеленымі драўлянымі калонамі на ганку, з блакітнымі акяніцамі і вясёлкавымі ад старасці шыбамі, якія глядзяць у запушчаны сад, у стары дрэвападобны бэз.
   Здавалася б, такія някідкія, сціплыя, мілыя, нават нібы несамавітыя — яны, аднак, сэрца краіны нашай. Бо гэта ў такіх вось дамках нарадзіліся, акрылелі і ўзмужнелі не толькі нашы, беларускія, але і польскія хвала і слава. З такіх вылецелі ў свет Багушэвіч і Чачот, Купала і Каліноўскі. У такіх заззяла першая іскра жыцця Міцкевіча, Манюшкі і Касцюшкі.
   Я, вядома, не чакаў, што мяне нейкім дзівам сустрэне ў дзвярах нейкая з вышэйпамянёных асоб. Штурхнуў рыплівую фортку, прайшоў алейкаю пад бэзамі, перамяшанымі з брызглінай, бружмелем і махровай шыпшынай, таргануў за язык меднага цмока (забрынчаў недзе ў доме званочак) і пачуў праз хвіліну досыць яшчэ ўпэўненыя крокі. Дзверы адчыніліся, нечая рука зрабіла запрашальны жэст, закрыла за мной дзверы (на падлогу ляглі рознакаляровыя плямы ад двух акон, што былі паабапал дзвярэй) і толькі тады націснула на выключальнік.
   Стары ў трэніровачных портках і палатнянай кашулі з кароткімі рукавамі разглядаў мяне зусім не старэчымі, не выцвілымі шэрымі вачыма.
   — Антон Косміч, — сказаў я.
   — Мне званілі, я чакаў вас, — голас быў барытанальна-басісты, крыху надтрэснуты, але таксама яшчэ досыць малады. — Яраслаў Мірашэўскі, былы акруговы пракуратар, а цяпер… гм… пенсіянер. Праходзьце.
   Хата была абстаўлена, мабыць, модна ў часы сэцэсійнага сімвалізму, стылю, які на нашым беларускім усходзе і ў Маскве на рубяжы стагоддзяў называўся «купецкім мадэрнам». Гэта вельмі б не пасавала з вонкавым выглядам хаты, каб не тое, што «мадэрну» ў той час заўсёды спадарожнічала так званая «хлопаманія». Таму побач з вітражамі ў некаторых вокнах, з дзвюма-трыма карцінамі, якія былі б якраз да месца на сценцы ў Яме Міхаліковай*, побач з іншым такім, вычварным, віселі на сценах і ляжалі на падлозе і тахце народныя кілімы, віселі дубовыя, разьблёныя паліцы і лыжнікі. Віселі груба намаляваныя на шкле «Уцёкі ў Егіпет» і беластоцкія, з аленямі, тканіны, стаяла і некалькі старых мэбляў. І ўсё гэта разам стварала нейкае падабенства гармоніі.
   * Вядомае артыстычнае кафэ ў Кракаве з мадэрнісцкімі малюнкамі на сценах.
   Ён правёў мяне ў кабінет (груба абгабляваныя паліцы з кнігамі, пісьмовы стол велічынёю з поле бою пад Оршай, драўлянае, саматужнай работы крэсла з вышыванай падушкай на ім).
   — Жонка з'ехала да ўнукаў. Я адзін. Пасля, значыцца, сходзім у рэстарацыю. А пакуль будзем піць гарбату. З сунічным варэннем. Леташняе. Ну цяпер і да сёлетняга недалёка… Любіце з сунічным?
   — Яшчэ б.
   — І я люблю.
   Калі з'явіўся фарфоравы пузаты імбрык-самавар, срэбныя, хаця і крыху памятыя, імбрычак з заваркай, цукарніца і смятаннічка з вяршкамі і талерка (так, звычайная талерка) з сунічным варэннем ды дзве разеткі, ён пасадзіў мяне на старадаўнюю драўляную шляхецкую канапу, наліў гарбаты, паклаў варэння і стаў мяне разглядаць.
   А я ў гэты час разглядаў яго.