І ён не скажа. Ведаю толькі, што хату — на горшую недзе выменяў: «Што мне, я адзін. І гэтай бы замнога, каб не кнігі ды фоткі».
   Гэта адзіны мой друг на пад'езд. Не друг, уласна, а прыяцель па шахматах, па самотнай мужчынскай выпіўцы. Нячаста толькі. Бо метад жыцця ў яго дзіўны. Бывае, што ўдзень спіць, а начамі чорт ведае дзе. Часам месяц-другі няма ўдома. Завітае на гадзіну — і зноў няма.
   Я не распытваю пра яго работу, калі сам не ўспомніць чагосьці. Па-першае, не ведаю, пра што можна спытаць. Па-другое, не ведаю, на што можа адказаць, і не хачу ставіць чалавека ў нязручнае становішча. Па-трэцяе, увогуле не люблю ніякіх устаноў, нават больніц. Кашмар! Твары хворых, плявальніцы, пах. Яшчэ з даваеннага дзяцінства, з крывава-чырвонага плаката ў зубной лячэбніцы.
   Толькі на кватэры я магу звесці з некім знаёмства. На службе чалавек не сам сабою, не тая асоба, якая толькі й цікавіць мяне.
   Нават са сваім шэфам я разгаварыўся толькі тады, калі ён запрасіў мяне ў госці.
   Так і тут. Мабыць, я псіх, але што зробіш? Але розум у яго жывы. Сам мог бы пісаць, а не падбіваць мяне.
   Высокі, сівы, увесь нейкі дужа неславянскі — такіх толькі ў замежным кіно ўбачыш. Англіец? Нарвежац? Але падобен на дужа выцягнуты трохкутнік — плечы шырокія, а клубоў амаль зусім няма, і ногі пры хадзе, каб не парушыць гэтага трохкутніка, заўсёды ставіць блізка адну да адной.
   Апрануты заўсёды бездакорна, ды яшчэ й з доўгай люлькай у зубах: «Містэр Сміт на Бобкін-стрыт». І толькі на паляванні, ці рыбалцы (ездзілі некалькі разоў), або ў кватэры, дзе няма старонніх, усё гэта замяняецца тыпова славянскай, мала таго, беларускай разбоўтанасцю. Сон дзе папала: куцавейкаю ля вогнішчаў, пяцьсот разоў «лісіцу» спаймаў»; стаптаныя чобаты — лата на лаце. І ўсё адно, нават у лахманах, — фацэт, нічога не скажаш. І азартны, зараза. Аднойчы, калі бесталковы сабака шукаў у другім баку, проста сам, ва ўсёй амуніцыі, з чаўна ў ваду скочыў. Па качку.
   Знаёмства наша пачалося з балбатні ў двары. Гаварылі ўсе нешта пра чалавечыя захапленні. Ён маўчаў, ну я і вырашыў спытаць яго, а якое ў яго хобі.
   — Бабачкі, — адказаў ён не толькі сур'ёзна, але й змрочна.
   — Матылі?
   — Я з вамі па-беларуску гавару. Жанчыны.
   Нічога сабе манера жартаваць. На самай справе хобі ягонае — гравюры і кнігі. Частка знікла ў той час, калі гаспадарку вяла адна сястра, але нават тое, што засталося, здзіўляе. Багацюшчы кнігазбор: гісторыя права, філасофія, біялогія асабліва. Хрыбта гэтага падбору я, шчыра кажучы, так і не здолеў намацаць.
   Пасля бібліятэка тая папоўнілася, ды яшчэ з'явіліся на сценах розныя егіпецкія, інданезійскія, афрыканскія рэчы.
   Сястра і зараз прыходзіць са сваёй кватэры, дапамагае весці гаспадарку, прыводзіць і сваю хатнюю работніцу. Раз на два тыдні. Астатняе робіць сам. Ён гэта ўмее лепей, чым я. Уладкавацца паўсюль з максімальным камфортам.
   Пра сябе гаварыць ён не любіць. Аднойчы толькі выплыла сёе-тое наверх. Глядзелі мы «Іванава дзяцінства». Геніяльны фільм. Справа, відаць па ўсім, адбываецца ў Беларусі. І хлопчык з Беларусі. Вось там гэты хлопчык і задае пытанне, нешта накшталт: «А што такое Трасцянец, ты ведаеш?» Тут я і адчуў, як яго скаланула.
   Ну, пра яго пакуль што досыць. Пачнем зверху. На пятым паверсе тры майстэрні мастакоў. Хто яны дома — не мне меркаваць, але, на маю думку, у майстэрнях сваіх усе мастакі — кавалеры, за выключэннем, магчыма, цалкам сумленных ды дурняў, што, можа быць, адно і тое ж. Калі паўз мае дзверы коціцца запознены вал спрэчкі або раніцай ціха пазвяквае шкло ў чамадане, я ведаю, гэта альфа і амега маіх мастакоў.
   На чацвёртым паверсе жыве ўдавец Кяневіч з падлеткам-сынам, не дужа цікавы чалавек, а насупраць яго, з мамаю, Росцік Грыбок, чалавек дваццаці аднаго годзіка.
   Грыбок з аднаго ведамства з прыяцелем Хілінскага, палкоўнікам крымінальнага вышуку Андрэем Арсенцевічам Шчукам, які почасту заходзіць да Хілінскага гуляць у шахматы (тады той з нас, хто прыйшоў пазней, вымушаны капацца ў бібліятэцы). Яшчэ яны ездзяць разам на паляванне і рыбалку, і, часам, да іх прыядноўваюся я. Таму што мы ў нечым падобныя. І паляванне, і рыбалка, і патрэбнасць вечна ні з Дняпра, ні з поля дасціпнічаць.
   Так што ў нас поўны давер і адноснае веданне адзін аднаго.
   Хілінскі сам захацеў жыць менавіта ў гэтым доме і Грыбка (проста любіць яго) перасяліў за сабой. А мо проста так.
   Грыбок ніякі не грыбок, а здаравенны грыбіна, хаця і зусім малады, свежанькі, крамяны. А ўсё ж грыбок. Па цвёрдых (так і хочацца мне заўсёды ўшчыкнуць) шчочках, па цёмна-карычневых вачах, па агульнаму адчуванню чысціні, баравой яснасці і лёгкай, па ўзросту, ну… бяздумнасці, ці што.
   Ну, давайце спускацца з маёй пляцоўкі разам са мной. Лёгкае рэха крокаў па прыступках.
   Другі паверх. На ягонай пляцоўцы жыве лекар, да якога я, дзякуй богу, яшчэ ніколі не хадзіў і хадзіць не хачу і вам ніколі не раю, і няхай ён увогуле застанецца без працы і гладыёлусы разводзіць. Бо ён псіхіятр і, здаецца, працуе ў доме вар'ятаў. Калі я сустракаю яго, мне заўсёды хочацца заспяваць маскоўскую песеньку:
 
Балалаечку свою
Я со шкафа достаю,
На Канатчиковой даче
Тихо песенку пою.
Вижу — лезет на забор
Диверсант, бандит и вор,
Я возьму свою гранату
И убью его в упор.
 
   Комплекс гэта нейкі, ці што?
   У гэтага чалавека ў дзвярах ёсць вочка, якое ўставіла адна з жанчын, што часам прыязджаюць да яго. Мне ўвесь час здаецца, што гэта ён пабойваецца масавага візіту сваіх пацыентаў на дом. Імейка ягонае, да вашага ведама, Вітаўт Шапо-Калавур-Лыганоўскі. Калі б такое мне — я б ажаніўся з Жаклін Кенэдзі. Не, не ажаніўся б. Бо з ёю, як казаў адзін мой знаёмы, ужо «ажаніліся дзве гэтыя старыя балканскія малпы. А я лепей ажанюся з… Мерлан Мурло».
   Аднойчы ішлі разам да тралейбуса, і неяк размова перайшла на тое, хто адкуль, на імёны і г.д.
   «Чорт яго ведае адкуль такое, — сказаў ён. — Пра свайго прадзеда толькі й ведаю, што імя. Інтэлігентны. Мабыць, з лапцявой шляхты. Гонар, пэўна, вось і ўся музыка. Грошай няма, то давай паболей прозвішчаў».
   А вось і ён сам. Выключна складзены, з пародзістым бронзавым абліччам, нібы сярэдневяковы кандацьер з медаля. Хвалістая грыва срэбных валасоў, рот з цвёрдым прыкусам, шэрыя вочы глядзяць пільна. Рэдка мне даводзілася бачыць прыгажэйшы мужчынскі твар. І разумнейшы таксама.
   Гаворыць з маладым чалавекам, сваім суседам. Той у меру прыстойны, у меру ладны, у меру мілавідны. А ўвогуле, пра яго толькі й можна сказаць, што ў яго руцэ вядро для смецця.
   — Дзень добры, суседзе.
   — Дзянёчак і добры.
   Першы паверх. Злева на пляцоўцы кватэра, у якой ці кінастудыя, ці тэатральны інстытут, ці балетная студыя (так і не зразумеў што, а пытаць нязручна) размясціла інтэрнат на чатырох сваіх дзяўчатак. Там часта песні, весялосць, гітара. Вечарамі яны з хлопцамі нейкімі стаяць у пад'ездзе ля радыятараў, і раніцаю там многа недакуркаў. Калі я іду, дзяўчаты праводзяць мяне вачыма. Досыць часта. І я з гэткай жарабячай вясёласцю дрыгаю паўз іх зухаватымі нагамі.
   Значыць, пакуль што я яшчэ нішто сабе. Хо-хо!
   Дзяўчаткі гожанькія, з пульхнымі роцікамі, з дурнаватымі яшчэ, нібы ў кацянят, шырокімі «глядзелкамі», з пышнымі агонамі валасоў. Штонікі абцягваюць формы, якія з часам абяцаюць зрабіцца дужа ладнымі.
   Прыгожыя. Толькі не для мяне. Мне без малога сорак, а з іх самай старэйшай, на вока, дваццаць-дваццаць адзін. Звязацца? Каб праз дзесяць год рогі наставілі? Гэткае задавальненне саступаю вам. Стары я для іх. Часам, калі ўспомніш бомбы, і палон, і ўсё, што потым, дык нават здаецца — і ўвогуле стары.
   Справа на першым паверсе дзвярэй няма. Там уваход у сутарэнне. Даведка аматарам дакладных лічбаў.
   Кватэра № 22 — дзявоча-цыганская багема (масленае масла).
   Кватэра № 23 — цікавы малады чалавек з вядром.
   Кватэра № 24 — Вітаўт-Ксаверы-Інэзілья-Хасэ-Марыя Шапо-Калавур-Лыганоўскі, майстар па чалавечых мазгах з медным абліччам Скалігера Кан-Грандэ.
   Кватэра № 25 — азартны палкоўнік з Бобкін-стрыт.
   Кватэра № 26 — я з усімі сваімі комплексамі.
   Кватэра № 27 — Кяневіч са сваім даўгалыгім парасткам.
   Кватэра № 28 — паляначка з Грыбком. «У лузе на адной назе…»
   Пяты паверх — тры майстэрні нежанатых мастакоў.
   Двор. Звычайны новы двор з маладымі дрэўцамі, лавачкамі, газонамі, выбітымі на бубен футбольным мячом. Толькі што ў двары засталіся ад знесеных хат ускраіны двухпавярховы дамок, дуб, зарасці ясеню, пара груш ды некалькі асуджаных яблынь і вішань.
   Дворнік Кухарчык дае мне «драстуйце». Гэткі сабе доўбня з каляным абліччам і кароткімі валасамі. І паўсюль ён лезе, дае парады, расказвае. І ўсё яму трэба ведаць, а мяне ён чамусьці лічыць самым разумным чалавекам вуліцы. Мяне гэта крыху абражае: чаму толькі вуліцы. Але яго не саб'еш, і ён узнікае за спінаю (у яго ёсць уласцівасць і ўмельства ўзнікаць як з-пад зямлі) і задае пытанне. Часцей за ўсё ўражанне пасля пытання, нібы праглынуў жарынку, адначасова атрымаўшы ўдар пад лыжку.
   — А кітаец кітайца ў твар адрозніць?
   — А вось цікава б ведаць, Антоне Глебавічу, які сэнс у кіпарысах, што на поўдні?
   Сёння гэта:
   — Не ведаеце часам, як «дворнік» па-латышску?
   — Setnieks, — «часам ведаю» я.
   — Цікава, і там і там амаль аднолькава.
   І ён працуе і думае.
   Выходжу з двара. Вуліца. Не «вясковы» бок, а «гарадскі». Аўтобусы, дамы, рэклама, марсіянская трынога тэлевежы наводдаль. Шум гарадской плыні, упарты і неўблажымы.
   І як апошні акорд таго, што ёсць мой дом і мой двор, тытунёвы кіёск, у якім сядзіць стары знаёмы, «брыгадзір Жэрар», як яго называю я, Герард Пахольчык, якому я актыўна дапамагаю выконваць план.
   Ён і сапраўды, як герой, сядзіць у сваёй будцы. Просты, сярэдняга расточку, вусаты. У дзіцячых, шырока раскрытых вачах наіў. І схожасць з дзіцем падмацоўвае жаўтавы пух на галаве.
   Гэты таксама з цікаўных, як і Кухарчык. Але той з «мітуслівых» цікаўных. А гэты «цікаўны філосаф». Той лезе, падазрае, сумняваецца, гэты — сядзіць на троне і пытаецца ўедліва і сур'ёзна. Той бачыць непатрэбнае і неістотнае, гэты — «зрит в корень». Той толькі слухае — гэты яшчэ дае й парады з вышыні вопыту, набытага ў бяседах з разумнымі людзьмі. А вочы сочаць і свідруюць і бачаць усё.
   Але абодвум уласцівы шырокі дыяпазон зацікаўленняў. Толькі першы цікавіцца сэнсам кіпарысаў, якія не даюць ні пладоў, ані драўніны, а другога цікавіць палітыка ў Непале і ўвогуле ўсё ад касмічных пералётаў і спосабу варыць малінавае варэнне — і аж да тэорыі чырвонага ссоўвання і лётаючых талерак, якія ён абавязкова называе НЛА (неапазнаны лётаючы аб'ект).
   Купляю пачак «БТ». Глядзіць пільна, нібы наш разведчык у стаўцы Гудэрыяна.
   — Дзіўна вы неяк цыгарэты адкрываеце. Тут пацягнуў за стужачку дый… А вы нажніцамі. І толькі ражок. І вось ужо колькі месяцаў гляджу — заўсёды толькі правы ражок. Можна ж вось за стужачку дый крышку зняць.
   — Я, пане мой вялебны Герардзе, тое, што ў кепскіх старых раманах называлі «стары кавалер з устойлівымі звычкамі».
   — «Устоявшимися привычками», — перакладае начытаны Герард. — Ды нашто ж ражок?
   — Партсігараў не люблю. А здымаць усю крышку — тытуню тады ў кішэнь натрасеш.
   — Ды чаму ж правы?
   І сапраўды, чаму правы? Чаму я заўсёды першым узуваю левы туфель?
   — Літары туды глядзяць.
   — А-а.
 

РАЗДЗЕЛ III ДАМЫ, МАНАХІ І ПАРШЫВЫ БЕЛАРУСКІ РАМАНТЫЗМ

   У адказ на званок з глыбіні кватэры даляцеў, набліжаючыся, гарматны сабачы брэх.
   — Ганец да скарбніка Мар'яна, — сказаў я.
   Два тыгравыя догі, кожны з добрую цялушку, пазнаўшы мяне, са свістам замалацілі тоўстымі ля кораня хвастамі.
   — Эльма! Эдгар! На месца, слінцяі паршывыя!
   — Смачны, вось і слінцяі, — сказаў я.
   Кватэра ў Пташынскага гэта чорт ведае што, толькі не кватэра. Старая, прафесарская, бацькоўская, дзівам ацалелая ў гэтым амаль дашчэнту знішчаным горадзе.
   На вокнах візэрункавыя краты: бібліятэка татачкі была ледзь не самай багатай прыватнай бібліятэкай краю (не лічачы, вядома, магнацкіх). Дзівам ацалела ў вайну й бібліятэка, але сынок струбіў яе ва ўсім, шго не датычылася гісторыі, — дзяржаве, каб вызваліць месца сваім улюбёным гатычным і барокавым монстрам. Монстры выжылі адсюль не толькі кнігі, але й… урэшце, я няўдала пажартаваў.
   Мар'яна б да нас замест дзяўчат. Быў бы цалкам кавалерскі пад'езд. Але ён адсюль не паедзе, бо тут хапае месца для ягоных лялек, хаця кватэра й нязруч ная: былы загарадны дом, да якога зараз падпаўзае горад. Чатыры вялізныя пакоі са столлю пад неба. А за вокнамі пустыр: дно былых велічэзных, даўно спушчаных ставоў і бераг з рэдкімі купамі дрэў, за якімі праглядаюцца будынкі парніковай гаспадаркі.
   З другога боку да дома прымыкаюць закінутыя могілкі. Іхнюю браму ў стылі позняга барока відаць, калі падыходзіш да дома напалову выпляжанай алеяй высачэзных ліп.
   У пакоях сапраўдны Грунвальд: лётаюць пад столлю анёлы, ускідваюць крыжы з лазы Яны Ксціцелі, а Яны Непамуцкія нясуць пад пахаю ўласныя галовы, нібы кавун у трамваі. Юры з вылупленымі ад жаху вачыма папірае нагою цмока, рыдаюць ужо трыста год Магдаліны. Іконы на сценах, іконы, нібы ўкрытыя ржою па кутах, і іконы, распасцёртыя на сталах, свежанькія, нібы толькі з Ярдані, усміхаюцца чалавеку, што іх зноў стварыў. Пахне хіміяй, дрэвам, пахучай старой фарбай. Залацяцца спінкі кніг. Скаляць зубы грыфоны, падобныя на сумных курэй.
   І ўсё гэта дзіва як хораша! І сярод усяго гэтага, створанага сотнямі людзей, два сабакі і чалавек. Лепшы мой сябар.
   — Ёсць што-небудзь з марозу, іконнік?
   — Адліга сёння, залатар, — сказаў ён.
   — А з адлігі ёсць? — сказаў я.
   — З адлігі ёсць сухія цёплыя батарэі… Вось.
   — Законы продкаў забываеш? — спытаў я з пагрозаю.
   — Пры Жыгімонту лепей было, — сказаў ён, несучы на нізенькі столік пачатую бутэльку віньяку, лімон, «мікалашку», талерку бутэрбродаў, сыр і, чамусьці, мочаныя яблыкі, — аднак і кароль Мар'ян немцаў не любіў, і ляхаў, і ўсіх іншых, а нас, беларусцаў, шкадаваў і любіцельна мілаваў.
   — Пача-атая, — сказаў я.
   — Будзе і поўная.
   — То і ставіў бы.
   — Ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам?
   — Ну?
   — Бляваць на сярэдзіну стала. Вось што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам. Старажытны кодэкс прыстойнасці. «А нудзіць на сярэдзіну стала — кепска і пагана і нягожа ёсць».
   — На край, значыцца, можна? — спытаў я.
   — Нічога не сказана. Мабыць, можна. Дазваляецца. Што ж тут страшнага?
   — Невук ты. На свой край дазваляецца. На чужы, vis a vis — ані!
   — Прыемнага вам, — сказаў ён.
   — Сам пачаў.
   Сабе ён наліў на донца.
   — Ты не сярдуй, — нібы апраўдваючыся, сказаў ён, і толькі тут я заўважыў, што на пазногцях ягоных блакітнае адценне. — Крыху — гэта не шкодзіць сэрцу. Наадварот, карысна. Усе лекары гавораць. Акрамя таго, мне хутка ўвогуле нічога не будзе шкодна.
   — Ну-ну, — сказаў я.
   — Самы момант, пэўна, не страшна, — задуменна сказаў ён. — Чаканне — вось што дзярмо сабачае. Сабачае прадчуванне на бяду.
   Эльма і Эдгар уважна глядзелі на яго, часам пераводзячы на мяне вочы.
   — Як вось яны. Уяўляеш, сёння пад раніцу вылі з гадзіну. Ніколі ў жыцці такога не чуў. І не дварнягі ж яны, а сабакі цывілізаванага стагоддзя… Ці ўдасца нам з табою яшчэ ў рыбку? Паедзем, як чыстая вада будзе?
   — Нягож.
   Усё жыццё буду катаваць сябе за свой тон падчас той размовы. Нібы чуў, як чалавек унутрана ўздыхае: «0-ох, пажыць бы», а сам у гэты час адказваў, таксама ўнутрана: «Не ный, хлопча, усё добра».
   — Паказвай кнігу, — сказаў я.
   Мы трымалі том на каленях і павольна гарталі старонкі. Падбор гэтых трох пераплеценых у адну кнігу быў дзіўны, але ці мала дзіўнага рабілі людзі тых часоў. Іхняя логіка цяжка даецца нам. Пераплёў жа невядомы манах у адну турму са скуры: «Казанне аб Індыі багатай», «Казанне аб Максіме і Філіпаце» і «Слова аб палку Ігаравым».
   Евангелле Слуцкага. Дужа рэдкая рэч, але нічога асаблівага. Статут 1580 года. Сапраўды, першае друкаванне, паколькі я мог меркаваць (колькі б статут ні перадрукоўваўся — год ставілі той жа самы, 1580-ты). Але з ініцыяламі Евангелля Цяпінскага было сапраўды цікава.
   Друк гэтай кнігі вызначаўся строгасцю. Кожная балонь тлуста, упоперак, нібы перарэзана напалам. На верхняй палове старонкі стараславянскі тэкст, на ніжняй — старабеларускі. Сухі, строгі шрыфт, нічога лішняга. І раптам, сярод гэтай пратэстанцкай пустэчы, я ўбачыў дзіва: застаўкі і ініцыялы, што цвілі макамі, срэбрам і золатам так, што вачам рабілася балюча. Кветкі, сцябліны, воіны, коні — усё імкнулася ў зыркім, вычварным, радасным палёце са старонкі на старонку.
   — Язычнік, — сказаў я. — Адкуль такое дзіва?
   — Вось надпіс.
   Надпіс на адвароце вокладкі быў, відаць, з чарнільных арэшкаў і камедзі: рыжыя чарнілы выцвілі. XVI-XVII стагоддзі. Самы пярэдадзень шалёнага націску Польшчы. Але я не мог адарваць вачэй ад цвітучага поплаву, і мне не хацелася ўглядацца ў блытаную рыжую вязь.
   — Ты не адказаў. То ўсё ж адкуль?
   — Альшаны.
   — Нешта чуў, але цьмяна. Дзе?
   — Гісто-рык. Мястэчка… Кіламетраў трыццаць ад Кладна… Князям Альшанскім належала. Гедымінавічы. Дужа старажытны беларускі род. Шматлікія маёнткі па Нёмане і Пцічы, некалькі ўласных гарадоў. Увесь час высокае становішча. Падмацоўвалі тым, што каралям гарады дарылі.
   — Памятаю, — сказаў я. — Гэты ж адзін з іх Голаск — гарадок Жыгімонту Аўгусту «падарыў», а той яго «падарыў» Яну Хадкевічу.
   — Но.
   — І гэта адзін з іх падчас розбрату Свідрыгайлу ў палон захапіў.
   — З гэных, — сказаў Мар'ян з некаторым задавальненнем, што вось, маўляў, і сябар не нагою шморкаецца. — А тыя Альшаны іхні маёрат і спрадвеку ім належалі. З бортнымі дрэвамі, і вёскамі, і рэчкамі, баброў каб ганіці.
   — І кожнага пятага бабра сабе, — пачаў хуліганіць і я, — а астатніх пану або сабе пачэраўе ад кожнага бабра.
   — Гля-адзі-і ты! І «ўстаў на валокі» ведае. Начытаны, халера!… Ну дык вось. Кнігу тую я знайшоў у Альшанах на гары ў хаце такога дзеда, Мультана. Вартаўнік пры замку і, галоўнае, пры касцёле. Надзвычай цікавы тып. Сагнуты, як мядзведзь. Паляўнічы крыху. Філосаф.
   — Ты гэта мне дзеля чаго?
   — Ды ўсё ў сувязі з гэтай трывогай. Мозг шукае. Ліхаманкава. Усе абставіны ўспамінае, усе самыя нязначныя здарэнні.
   Ён глядзеў у акно на пустку і на шаты могілак воддаль.
   — Замак той — звычайны палацава-замкавы ансамбль, — нібы прыпамінаючы, нібы трызнячы, сказаў ён. — Толькі што адзін з першых такога роду. Самая сярэдзіна XVI стагоддзя. Можа, дзесяццю — дваццаццю гадамі пазней. Ужо не зусім замак, хаця і бліжэй да яго, чым да палаца. Страшны будынак. Мясцовы валунны граніт, браце, барвяна-карычневы з куродымам, амаль чорны. Ну і вада вакол. А крыху наводдаль касцёл са званіцай. Гэты крыху пазнейшы. Пачатак семнаццатага. І ўсё гэта разам нешта гнятучае нараджае, цяжкае, змрочнае. Ну, як праклён на ім які, як здані ў ім дагэтуль блукаюць.
   — Кніжак начытаўся, ёлупень.
   Ён раптам павярнуўся. Рэзка. Імкліва.
   — Так. І кніжак. Уяўляеш, не ў аднаго мяне ўсё гэта такое пачуццё выклікае. Ва ўсіх выклікала. Заўсёды. І гэта не маё, суб'ектыўнае, а агульнае пачуццё. Вось глядзі…
   Мар'ян кінуўся да стэлажоў і, не шукаючы, — відаць, не раз ужо глядзеў, — дастаў маленькую пузаценькую кніжачку.
   — Вокладкі няма. Нейкі з мясцовых правінцыяльных рамантыкаў мінулага стагоддзя. Ясна, што мясцовы, бо дыялектызмы на кожным кроку. І ясна, што піша па-польску, не дужа й тую мову ведаючы, а ведаючы яе мясцовы, шляхецкі дыялект. Р-рамантык! Знаеш усіх гэтых аўтараў «Пёсэнэк вейскіх з-пад Нёмана і Шчары» ды «Чароўных Янаў з-пад Нарачы». Напіша кнігу пад назваю «Душа ў чужым целе, або Незямныя радасці на берагах Свіслачы», дый радуецца.
   Мне таксама стала ніякавата. Добры ўклад унеслі браткі-беларусы ў культуру свайго і братняга, польскага, народаў… І ўсё ж колькі ў гэтым было прыемнага: наіў, дабрыня, лёгкае адценне дурнаватай і шчырай чуласці, сардэчнасць. Словам, кажучы словамі аўтара «Завальні», «зацны прохі ойцув». І потым, не будзь гэтых людзей, не выраслі б на гэтай глебе ні Баршчэўскі, ні паэт-тытан, ад уласнай беднасці падораны намі Польшчы. Хай спяць спакойна: яны сваё зрабілі.
   Мар'ян, аднак, не быў настроены так лагодна. Ён аж кіпеў.
   — Чорт бы іх пабраў. Калі ўжо на тое пайшло, то гэта яны насаджалі правінцыялізм, а не Дунін-Марцінкевіч, на якога столькі сабак вешалі з-за гэтага. Самі і вешалі. Дый рамантызм наш дурацкі, беларускі, паршывы, менавіта яны насадзілі.
   — Паршывы беларускі рамантызм і гафманізм мы ў іх насадзілі, — сказаў я. — Але ў чым справа? І чаго ты той кантычкай у мяне пад носам махаеш?
   — Адчуванне ад Альшан, — нібы асекшыся, сказаў ён і пачаў чытаць.
   Сто разоў з таго часу перачытваў я гэтую легенду, напісаную наіўным і ўзнёслым стылем рамантыка (харошыя яны былі людзі, сумленныя аж да святасці, чыстыя да апошняга, не даносчыкі, не паршыўцы!). Сто разоў учытваўся ў радкі, то няладныя, а то й зусім някепскія. Нават, для зручнасці, пераклаў усё гэта на сваю мову, дарма што з юнацтва не пэцкаў рыфмамі паперу. Я і зараз падам яе вам у гэтым каструбаватым перакладзе. А тады я слухаў яе ўпершыню.
 
Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах.
Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.
Слухаюць вецер золкі, вой далекі ваўчыны,
Слухаюць, як на мурах са страху трасуцца асіны…
У, як ціха і мёртва! У, які змрок глыбокі!
Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!
Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,
Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.
 
   Далей быў звычайны рамантычны сюжэт, для нас ужо ў чымсьці дзяціны. Высакародны разбойнік з багатага, даведзенага да галечы роду зрабіў замах на жонку альшанскага князя. Тая таксама кахала яго. Князь быў скупы і жорсткі стары звер — па ўсіх канонах гэтага жанру.
   Каханкі, забраўшы казну, уцяклі з замка. Князь пагнаўся за імі і забіў. І вось іхнія прывіды ходзяць пад аркадамі замка, чула і цяжка ўздыхаючы і палохаючы стогнамі добрых людзей.
   — І што, праўда гэта? — спытаў ён, скончыўшы.
   — А чорт іх ведае, — сказаў я, — гэтых рамантыкаў. Што, была на свеце Гражына? Ці горад на месцы Свіцязі?
   — І цябе нічога не насцярожыла? — ён дапытліва глядзеў мне ў вочы.
   — Насцярожыла, — сказаў я.
   — Што?
   — Адзіная рэальная дэталь. Тое, што княскую казну пабралі. Неяк такі ўчынак з рамантычнай паэтыкай не вяжацца. А ўжо да іхняга маральнага кодэкса — ані божа мой!
   — Пр-равільна! — ляснуў ён мяне па плячы. — Разумнік! Сапраўды, як на рамантыка, то гэта хаця й пачварная, а рэалія. А калі так, то чаму б не быць праўдаю і ўсёй легендзе?
   — І прывідам? — паддзеў я.
   — Прывіды таксама ёсць на свеце, — пазмрачнеў ён. — Іх болей, чым мы думаем, дружа.
   Ён закурыў. На гэты раз па-сапраўднаму, зацягваючыся. Я таксама выцягнуў з надрэзанай пачкі цыгарэту.
   — Дык вось, — сказаў ён. — Я пачаў правяраць. І, самае дзіўнае, падобна тое, што наш паэт, як на легенду, не дужа і нахлусіў. Пастарайся слухаць мяне ўважна.
   За акном ляжала шэрая пустка з рэдкімі бадыллямі бур'яну на ёй.
   — Ты, мабыць, не ведаеш, што Альшанскія былі ледзь не самым багатым родам у Беларусі. Але толькі пэўны перыяд. Прыблізна сто год. Да гэтага часу і пасля яго — ну звычайная магнацкая фамілія, як усе. Але ў гэтае стагоддзе — крэзы, якія пабівалі багаццем самога караля.
   — З чаго тое стагоддзе пачалося?
   — З 1481 года. Ану, што за год?
   Была ў нас такая гульня, ад якой іншы чалавек пасінеў бы. Так проста, бы з яра ў ваду, задаваць адзін аднаму пытанні накшталт таго, на якіх мовах быў напісаны бехістунскі надпіс (старажытнаперсідскай, эламскай і вавілонскай) або якога колеру былі выпушкі ў інжынерных войсках пры Мікалаі Першым (чырвоныя).
   — Кішкі ў вас слабыя, дзядзька Мар'ян, — сказаў я. — Гэта год змовы Міхайлы Алелькавіча, князя Слуцкага і яго стрыечніка Хвёдара Бельскага.
   — Правільна. І іншых, сярод якіх Пятро Давыдавіч, князь Альшанскі. Што далей?
   — Ну-ну, хацелі яны вялікага князя Казіміра на смерць прыправіць і самім правіць краінай. А як ужо не пашанцуе, то ўзняць край і трымацца да апошняга. А як і гэтага не атрымаецца, то з усімі сваімі ўладаннямі ад княства адсесці і шукаць падмогі ў Масквы.
   — Так. І чым гэта скончылася?
   — Змову раскрылі. Паляцелі галовы. Каго ў цямніцы прыдушылі, каго на плаху пры паходнях, каго, прасцейшага, на палю. Сотні ахвяр з тых людзей, што хацелі самастойнасці. Бельскі Хвёдар Іванавіч, кінуўшы ўсё, уцёк у Маскоўшчыну да Івана Трэцяга і прынёс яму ў «пасаг» «северскія землі».
   — А іншыя землі куды падзеў? — іранічна спытаў Мар'ян.
   — Ну не ў кішэні ж панёс. Кінуў.
   — Вось яно як, — сказаў Мар'ян. — Палі, плахі, прэнг. А хто з галоўных змоўшчыкаў застаўся?
   — Валі.
   — Альшанскі застаўся. Адзін з усіх. Адзін з усіх, якому нічога не было. Наадварот, сеў у маёнтак моцна, як ніколі. Чаму?
   — Моцны быў. Баяліся. Род княскай крыві і з каралямі павязаны не раз.
   — Глупства. Не паглядзелі б.
   Ён адкінуў кніжку на стол. Моўчкі мы сядзелі адзін насупраць другога. Урэшце Мар'ян правёў рукою па твары, нібы ўмыўся:
   — І якраз з гэтага года пачынаецца неверагоднае, проста несамавітае, фантастычнае багацце роду. Тысяча і адна ноч. Скарбы Галконды і Эльдарада. Дораць гарады. Сустракаючы вялікага князя, апранаюць у золата тысячы шляхцюкоў і сялян. Ліставым золатам абабіваюць замкавыя дахі. Словам, усё, на што здатны быў чалавек, раптам узбагаціўшыся.