Трэба было як мага ратаваць справу, калі я ўжо не мог уратаваць сваё жыццё. Ратаваць справу, за якую налажыла галавою столькі людзей.
   Мне дужа не хацелася кідаць перадчасна гэты лепшы са светаў (ці лепшы, калі па ім швэндаецца такая сволач?), але як ужо такое было кімсьці прадвызначана, то я хацеў быць апошнім, які заўчасна яго кіне.
   Каб пасля мяне болей — ніхто.
   Свет быў да краёў заліты абыякава-прыўкрасным святлом поўні. Лагчына, у якой мы сядзелі, да краёў, аж з коптурам, перапоўнена цёмным прысмеркам. І справа ад сябе бачыў я чалавека з тварам, які быў пасечаны дробнай сеткай зморшчын і з вушамі вялікімі, як у Буды, а злева — другога, вялізнага і моцнага, які з лянотнай грацыяй разваліўся на камені.
   — Вы лічылі, што, калі разнесяце мур каля вежы, вам лягчэй будзе забрацца ў яе сутарэнні. Пад шумок. То адны разбіраюць, то вы. І вось Ганчаронак з усім уласцівым яму шармам пераконвае старшыню ва ўсёй мэтазгоднасці зачыніць мячэць і зрабіць у ёй свінюшнік.
   — Якую мячэць?
   — Ну, прабіць запасны ўваход у замкавы двор і зрабіць у ім даржнік, скацінны двор… А тут я, з фотаапаратам. І нават старшыню напускаць на мяне не трэба, каб самім застацца ўбаку. Старшыня сам на ражон лезе. Дошку ж ахоўную знялі. Закону няма бурыць, а тут — на гарачым… Невялічкая, але непрыемнасць. А тут яшчэ два Іванавічы, што яму на гэтым краязнаўстве даўно вушы аб'елі. А вам з гэтым іхнім «Ведай свой край» ды «Ніхто не забыты, нішто не забыта» і пагатоў. Бо вам якраз і трэба было, каб людзі менш ведалі свой край і трывала забылі пра некаторых тыпаў і іх учынкі.
   — Ігнась, я яго зараз ромбну, — сказаў Ганчаронак.
   — Дай спакой. Хіба табе не цікава, да чаго ён там дадумаўся? Хай балбоча. Далёка ён сваіх ведаў не данясе. А нам цікава будзе ведаць, чаму ён западозрыў. Я ўжо не дужа разумным выглядаў, а пра цябе й казаць няма чаго. Настолькі тупая жывёліна, што падазрэнняў не павінна было быць.
   Ганчаронак палез рукою ў кішэнь.
   — Кінь, — сказаў Высоцкі, — нож ты добра кідаеш, але яго праз кішэнь, як кулю, скажам, не кінеш. Сядзі і слухай.
   — Часта трапляўся ты мне, Тодар, на дарозе. Часам ноччу. І скакаў цераз канаву, поўную вады, каб малую патрэбу справіць. А нашто?
   — А на тое… Сустрэліся тут з адным…
   — А да гэтага, на другой дарозе, пра «страшныя яйкі» размаўлялі? — Я спадзяваўся толькі, што хлусня і дапушчэнні, збудаваныя на пяску, не занясуць мяне ўбок.
   — Ч-чорт.
   — Полем вы адтуль ішлі, каб вярнуцца іншай дарогай, чым той.
   Хто «той» было для мяне цёмнай ноччу, як многае і многае ў гэтай справе. Многае, аб чым я ўжо ніколі не даведаюся. Але я павінен быў удаваць, што мне вядома куды болей, чым на самай справе (толькі б не перагнуць!), і таму нават брахаць з большай ці меншай доляй верагоднасці.
   — Вы спяшаліся. Тым болей што тады, падчас дарогі на станцыю, у грузавіку, я прабалбатаўся, што звязваю ўсё, што адбываецца, не толькі з тым скарбам, але і з падзеямі перад уцёкамі немцаў. Тут ужо трэба было і справу з Лапатухам неяк давесці да ладу (дуэль ліхтароў), а заадно і са мной, калі ўжо ноччу палез у вежу, трапіўся пад руку. І ўцякаць нават не было як. Прывязаныя да архіваў… То ж бо ты тады на станцыі, Высоцкі, так на дзядзьку ў піжаме псіхануў. Сапраўды, едзе сабе куды хочаш, а ты, «тубылец», вымушаны на месцы сядзець, дрыжаць і чакаць на вынікі. Дый дзіўна, што чалавек не ведае, дзе ягонага брата расстралялі, у Кладна ці ў Беластоку. Больш усё ж на Кладна чуткі кажуць. І прозвішча на помніку чорным па белым.
   — Якую справу з Лапатухам? — нібы нічога пасля ўпамінавення аб ім не слухаў, спытаў Высоцкі.
   — А вы думалі, што калі ён замак за сваю крэпасць лічыць, вас штодня бачыць і падсвядома пабойваецца, і напускае на сябе большую дурыну, чым на самай справе, то ён можа нейкі там патаемнічак уладкаваць. Для вернасці вы тады ноччу ў вежы і мур ламалі. У падазроным для вас месцы.
   — Разумны ты чалавек, Косміч, — з млявай пагрозай сказаў Высоцкі. — Разумны. Толькі ты, як поляк, мондры по шкодзе. Спахапіўся позна.
   — Так. Я ведаю. Але не думаю, каб вы дужа выйгралі ў часе. Не толькі вас тут нешта трымае. Трымае тут сёе-тое і яшчэ аднаго чалавека.
   — Загадкамі гаворыш, — сказаў Ганчаронак.
   — Але.
   — Ну, далей, — сказаў Высоцкі.
   — Пра спробу ўзлому маёй кватэры, пра «маю» запіску да Мар'яна я казаць вам нічога не буду. І без таго доўгі сказ. Не ведаю таксама, што вас вяло да другой вежы? Пэўна, лагічны працяг, праекцыя на будучае, маіх учынкаў. Але трэцяй вежай я вас на хвіліну збіў з панталыку.
   — Ненадоўга, — сказаў Высоцкі.
   — Правільна. Іначай вы б мне там магілу не ладзілі. Тады б апошняй ахвярай быў бы не я, а Лапатуха. Надта вам словы лекара не спадабаліся, што той Людзвік можа ачомацца, апрытомнець… Так, многае адбывалася. Шмат аб чым я не ведаю, шмат аб чым не ведаеце і вы.
   «Цягнуць болей няма чаго. Ды я і стаміўся. Дужа стаміўся духам. Хутчэй бы, сапраўды, канец. Доўжыць гэтую камедыю няма ані сілы, ні жадання».
   — Вас так ці іначай спаймаюць. Рана ці позна. І тады ўсе будуць адпомшчаныя. І я таксама.
   — Ды не, — сказаў Высоцкі, — пакуль тое, дык гэта перад намі адкрыты шлях. І калі мы возьмем усё ў свае рукі — малойчыкі накшталт вас не спатрэбяцца.
   — Некаторыя і раней казалі тое самае. Дзе яны? Але як гэта, на агульнае няшчасце, і здарыцца — вось толькі тады мы па-сапраўднаму і спатрэбімся. Нават тыя, каго зараз не дужа бяруць усур'ёз (з розных бакоў), аматары і знаўцы «справы».
   — Гэта яшчэ чаму? — уеў Ганчаронак. — Пакуль мы тут гаспадары. І з часам будзем гаспадарамі поўнымі. У нас здаровы сэнс.
   — Не будзеце, — быў я амаль спакойны. — Думаеце, божыя і чалавечыя законы адмененыя на карысць гэтага кутка ці якога-небудзь іншага на зямлі? Толькі таму, што мы нарадзіліся тут? А нейкі там Гітлер у Германі? А Ўласаў у Расеі? Не, гэтыя законы нідзе не адмяняюцца. Карабель ваш дужа стары і зараз ляціць на рыфы.
   — То што ж нам, бедным, рабіць? — у фальшывай скрусе спытаў Высоцкі.
   — А трэба было вучыцца з дзяцінства сумленнасці, якая ў тым моры жыцейскім замест навігацыі. Вывучыць яе, і жыць, і плысці сабе. Або пагарджаць ёю і тады — будзьце вы праклятыя ў вякі вякоў!
   — Што ж, пагаварылі. — Высоцкі дастаў пісталет.
   Я гатовы. Мне амаль не страшна. Так, нібы крыху смокча пад лыжкай. Але тут я ўзнімаю вочы.
   …Далёка-далёка, за цемрай, за месячнай імглою, гарэла іскра вогнішча. Як жа я мог не падумаць пра яе?!
   «Выхаду! Выхаду кожнай цаной, акрамя прыніжэння!»
   Ён прымерваўся. Прымерваўся і я. Мне трэба было толькі, каб ён страціў спакой, каб рука ў яго не была цвёрдая.
   І таму я пусціў у ход апошнюю сваю здагадку, амаль сумежную з упэўненасцю:
   — Што ж, да хуткага спаткання, Высоцкі… І ты да хуткага спаткання… Боўбель.
   — Што-о?!
   — Боўбель. З двайной бухгалтэрыяй. Па даходах і па трупах. Перадрыжалі вы, бедалагі. Што, Боўбель, усе гэтыя гады не піў, толькі рот гарэлкай паласкаў?
   — Здагадаўся, — хмыкнуў Ганчаронак-Боўбель. — Анягож.
   — Ясна, уцёк ты тады балотнай сцежкай. Аднаму табе вядомай. Адзін уцёк. А сябры-сведкі накрыліся. Таксама двайную бухгалтэрыю вёў? Са сваёй бандай і з немцамі? А ты, Высоцкі, ці не мачаў ты пальцаў у кроў павешаных у Кладна? Архіў вам быў патрэбны. Грошы — абодвум.
   — Ну вось, — перапыніў Высоцкі. — Тут табе і канец. Мала мы вас, гадаў, перакоцалі.
   — Брудныя вы падлы… На што спадзяецеся?
   Пісталет рыўцом узняўся ўгору, пасля пачаў апускацца. І тут я адкінуўся назад і ўпаў за валун. Упаў на правы бок (крый божа, каб не на руку!), клубком, як трэба падаць з каня, адкаціўся далей ад каменя.
   У момант падзення проста нада мною сцёбнуў, як тоўстым бізуном, стрэл. Я падымаўся ўжо, але падвяла, паехала па вільготнай траве правая нага, і я ледзь не торкнуўся ў дзірван носам, адначасова адчуўшы, як нешта апякло левы плячук вышэй ключыцы.
   Ганчаронак-Боўбель кінуў-такі нож, і, каб я не асклізнуўся, не тыцнуўся, нож гэты зараз стырчэў бы ў мяне з-пад левай лапаткі.
   Цяпер нож ляжаў на траве, і я падхапіў яго: усё ж нейкая зброя ў руках. Хаця што азначала тая зброя супраць пісталета?
   …І тут успыхнула вакол з дзесятак кішэнных ліхтароў, і я, аслеплены, убачыў толькі, як з адхону ўскінулася ў паветра доўгае, чорнае ў гэтым святле цела і нібы злілося з постаццю Высоцкага, насела на яго. Адначасова з гэтым ляснуў другі стрэл, які не трапіў у мяне толькі таму, што «фурман», «возны», ці як там яго, упаў. І сабака ўжо прыціснуў яго да зямлі і трымаў у пашчы ягонае правае запясце.
   У наступны момант яны пакаціліся па зямлі, і нічога ўжо не было разабраць. А я скочыў на Боўбеля. З нажом. Той прысеў, каб унікнуць удару, бо я ў гарачцы мог-такі паласнуць яго або ўсадзіць яму некуды нож па самую рукаятку.
   Ён зручна ўнікнуў нажа і тым самым вельмі зручна падставіў падбароддзе якраз пад маё калена, якім я не замарудзіў і лупянуць яго з усёй сілы, так, што аж ляснулі зубы і ён закінуўся дагары, усёй спінай і патыліцай прыпячатаў матку-зямлю. І тут я насеў на яго, перахапіў правую руку з шыпастым кастэтам. Мне трэба было дарвацца да гэтай глоткі.
   Трэці стрэл аднекуль. Куды? Я не ведаў гэтага, здатны дзерці, ірваць на кавалкі, грызці.
   Калі мяне адцягнулі, крывавы туман усё яшчэ стаяў у мяне ў вачах. Я выскаляў зубы і хрыпеў. І толькі паступова праз гэты туман пачалі праступаць у святле ліхтароў абліччы. Перш за ўсё я ўбачыў Шчуку… Пасля невядомага міліцыянера, які толькі што надзеў на Высоцкага наручнікі. У Ігнася з правага перадрамення сплываў цурок крыві.
   — Застрэліцца хацеў, — сказаў міліцыянер. — Здолеў-такі перакінуць тую цацку ў левую руку. Каб не стукнуў па ёй — тут бы яму і апошняе рыданне.
   Цяпер я ўжо адрозніваў і Велінца, які ледзь адцягнуў Рама за ашыйнік, і яшчэ двух невядомых, якія закручвалі за спіну рукі ўсё яшчэ напаўпрытомнаму Боўбелю.
   Плылі перада мной абліччы Змагіцеля… Дзеда Мультана з дубальтоўкай у руцэ… Шаблыкі… Вячоркі… Седуна… Сташкі.
   Агні закруціліся ў маіх вачах. Зямля пайшла некуды ўбок.
   Хілінскі (ён трымаў мяне справа) сціснуў мой локаць.
   — Трымайся. Трымайся, браце. Нічога. Мінула ўсё.
   А я рэшткамі прытомнасці, якая амаль знікала, падсвядома адчуваў, што не… не… яшчэ не ўсё. Нешта настойліва свідравала мозг, павінна было вось-вось усё праясніць, але бясследна знікала пры першай спробе спыніць, затрымаць яго, здагадацца. Апошніх шкельцаў так і не было ў гэтым калейдаскопе аблуднай хлусні і падступнай подласці.
   Пад'ехала машына. Не ведаю, як яна завецца цяпер. А ў сярэдневяковай Беларусі воз, якім адвозілі затрыманых, называўся «кошыкам для салаты» або «для капусты».
   «Вось так. Несучасны вы чалавек, таварыш Косміч. Несур'ёзны».
   Арыштаваных павялі туды. Боўбель паспрабаваў было рэкнуць нешта накшталт: «Не я пачынаў. Гэта другія…»
   — Расчараваны я ў табе, — пагардліва плюнуў Высоцкі і сказаў нахабна: — Ну вось, цяпер на пэўны час будзем гасцямі міністра ўнутраных спраў.
   — Мабыць, і не толькі, — сказаў я.
   Трэба было адпомсціць гэтай навалачы за «трубу архангела», і я вырашыў пусціць апошні пробны шар:
   — Ад усёй душы спадзяюся, што гэта апошнія твае гасціны…
   Ён не пашкадаваў сліны і сплюнуў таксама і ў мой бок.
   — Апошнія, Ігнась Высоцкі… Ён жа Крыштоф за польскім часам… Ён жа Ўладак пры немцах… І хто яшчэ пасля вайны… Кулеш?
   Высоцкі раптам ірвануўся ў мой бок з такою сілай, што міліцыянеры ледзь затрымалі яго. Твар у яго зрабіўся барвяна-сіні, жылы надзьмуліся на лобе. З глоткі вырываліся ўжо амаль не словы, а пагрознае і ўражанае, ашалелае хрыпенне. І выглядаў ён, як пакінуты і загублены назаўсёды ў свеце, дзе пануе бясконцы кашмар.
   — Ты… Гад… Ты.
   — Нічога, — сказаў я, — твой інсульт вылечаць. Каб ты ў трэці раз не вымкнуў кудысь. Каб хоць на трэці раз атрымаў тройчы заслужаную вышку.
   Знік перакошаны твар. Калі машына ад'ехала, я сеў на траву і пачаў збіраць і складаць у купку нейкія галінкі і трэсачкі.
   Сташка падышла да мяне і паклала далонь на маю галаву.
   …Зноў гарэла вогнішча на Белай Гары. Бульба, што мы напяклі, была з'едзена, хаця й была апошняя, а не першая, асенняя.
   Усё адно было смачна. Ды яшчэ з буйной кухоннай соллю.
   І зоры над галавой. І сябры вакол. І вочы ўсіх глядзяць у адзін на ўсіх агонь.
   — Проста паскудныя тварыны, — азваўся ўрэшце я, ужо амаль супакоены.
   — Во, — сказаў Адам, — каб гэта Клепча чуў, ён бы адразу няўхільна і пранікнёна прамовіў: «Нешта я ані разу не чуў ад вас слоў «свядомы» і іншых».
   — А ты паступай свядома, — у тон яму азваўся я, — а не плявузгай. А то свядома мянціць языком і без цябе шмат аматараў.
   — А ён адразу да твайго дырэктара, — усміхнуўся Шчука. — І скажа, што не месца сябру Космічу ў дружных шэрагах навукі, бо ён дае іншым выспятка ў азадак.
   — Хопіць, — мне ўжо самому стала моташна ад тэмы. — Закурым, ці што?
   Хілінскі павучальным тонам сказаў:
   — Хто не курыць і не п'е — той здаровенькі памрэ.
   Я застыў з пачкам цыгарэт у руцэ. Зноў нешта нібы раптоўна стукнула ў маю свядомасць. Але што? Гэтага я так і не мог да канца зразумець. А тут і Адам сваім пытаннем досыць недарэчы парушыў маю сабранасць.
   — Як ты дайшоў да сваіх вывадаў?
   — Цьху. Зноў сканцэнтравацца не далі. Тут дзіўнае не тое, што я дайшоў, а што столькі рэчаў старонніх маю думку адцягвала ўбок, а я, нягледзячы ні на што, усё ж здагадаўся. Як вы кажаце, «дайшоў». Сапраўды, з чаго ўсё пачалося? Ага, здаецца, так.
   — Аднойчы мне проста стукнула ў галаву… Ну, нібы раптам сумясцілася несумяшчальнае. Смерць, пакаранне смерцю двох братоў Высоцкага. Калі яны адбываліся? З чым супалі?
   — Ну, прысуд Крыштофу Высоцкаму гэта, здаецца, канец жніўня, — сказаў Шаблыка. — Ці сярэдзіна.
   — А што першага верасня адбылося?
   Паэт з мордай каўбоя і такімі самымі манерамі ціха кінуў:
   — Вайна.
   — Ну вось. Маглі замарудзіць? Маглі.
   — Мацыеўскі выехаў.
   — І мог не даехаць. Або падумаць, што перад тварам вечнасці… адзін нейкі.
   — Ясна, — сказала Сташка.
   — Трубіць яму ўрачысты марш, — сказаў Сядун.
   — Маршы — паскудства, — сказаў раптам Мультан. — Не люблю маршаў. Дрэнь. Што ваенны, што вясельныя. Усё адно бойка будзе. І невядома яшчэ, якая будзе страшнейшая. З ворагам ці з бабай. Так што мне нават дзіўна, з чаго гэта некаторыя (няўлоўны позірк у мой бок) самі ў мех лезуць.
   — Ваісціну, — падтрымаў яго Вячорка. — Так ужо я кавалерам зайздрыў. Думаю, вось разумныя людзі.
   — А далей? — спытаў Шчука.
   — А калі быў арыштаваны і асуджаны Ўладак Высоцкі? Мы ведаем, першыя два гады ён недзе па-за Кладна. Пасля з'яўляецца. Служыць у пашпартным аддзеле ці як там. Гэты час супадае з тым, калі была разгромлена арганізацыя, у якую ўваходзіў наш цяперашні… Словам, Леанард Жыховіч. Яго не схапілі — лішні повад для дурнога майго падазрэння. А ён і асеў тут, каб сачыць за ўсімі, хто цікавіцца замкам. Пыталі ў яго?
   — Так, кажа, што была размова з нейкім членам арганізацыі аб Альшанцы і гэтак далей. Той, здаецца, таксама не трапіў у гестапа. Але твар ягоны ксёндз памятаў невыразна, — сказаў Шчука.
   — Дык калі быў пан Уладак арыштаваны і асуджаны?
   — Шаснаццатага ліпеня, здаецца, — сказаў Шаблыка. — «Прысуд выканаць у дваццаць чатыры гадзіны».
   — Нашы калі горад узялі?
   — Васемнаццатага, — буркнуў Шчука. — Усё адно не супадае. Паспелі б яго пусціць у расход.
   — Так, — сказаў я. — А што адбылося семнаццатага?
   — Ах, чорт, — узвіўся Хілінскі. — Паўстанне ў горадзе. Вось пра гэта, Шчука, неяк ты і не падумаў. Цяпер ясна, чаму раптам выскачыў жывы, як чорт з табакеркі.
   — Верна, паўстанне, — сказаў я. — Ноччу на семнаццатае. Перадчаснае паўстанне, бо нашы былі яшчэ на досыць дальніх пераходах. Ну так, крымінальныя пазбівалі замкі якраз у той час, калі паўстанцы выламалі турэмную браму. Ахова ўцякла. Так што горад быў наш. Палову ночы і палову дня. Усіх арыштаваных выпусцілі. Але тут паўстанне падавілі пагранічныя войскі, што адступалі, і паліцаі. Частку нашых абяззброілі і пасадзілі ў турму назад. І пачаліся спешныя расстрэлы. У адзін з іх трапіў наш Высоцкі. А калі не трапіў? Васемнаццатага нашы ўзялі горад.
   — І што? — спытаў Вячорка.
   — А тое, што, акрамя іншага, таго, аб чым я ім казаў і вам цяпер сказаў, я падумаў: а раптам Крыштоф, адзін раз уцёкшы ад смерці, мог і другі раз уцячы… І адразу пасля вызвалення зноў аджыла банда Куляша. Не ведаю, з кім ён там супрацоўнічаў, каго прадаваў, перад кім прыніжаўся… Але адно ясна. Аднаго забойства хлопца ў Замшанах хопіць, каб на тым чалавеку паставіць крыж. І ўжо не сумнявацца, што ён на кожнае, на самае страшнае злачынства здатны. Ну а як вы ішлі?
   — Аб гэтым пасля, — сказаў Шчука. — Мы ішлі прыблізна той самай дарогай, што і ты. Але мы перш за ўсё шукалі. Ты — думаў. Ды яшчэ дапамог нам азартам, на які мы не маем права. Словам, знайшлі мы ўсё ж людзей. Знайшлі сведкаў.
   — І што сказалі сведкі? — спытаў Мультан.
   — А сведкі, — нявесела сказаў Шчука, — тыя, што засталіся, мала чым нас парадавалі. Цётка была з ім на апошнім спатканні. Усё ж гэта яна канчаткова штурхнула Крыштофа на ягоны шлях. Спатканне далі. У моры справядлівай нянавісці яна была таксама і адзіным чалавекам, які яму спачуваў… Не дапамагло яе спачуванне. Вайна. Агульнае замяшанне, збянтэжанасць. І ён у гэтым тлуме пакінуў турму. І след ягоны згубіўся ў натоўпе. Дзе ён быў, калі мы прыйшлі, — бог ведае. Можа, тады і склалася ядро яго будучай банды. А калі прыйшлі немцы, ён ужо дзейнічаў па лясах. І адначасова быў звязаны і з акупантамі. Таксама двайная бухгалтэрыя. Пра гібель падполля мы ўжо ведаем сёе-тое, а даведаюцца яшчэ больш. Перад прыходам нашых ён дзейнасць сваю часова прыпыніў. Займаўся гандлем на чорным рынку. І тут немцы з уласцівай ім педантычнасцю пачалі праглядаць турэмныя акты. І жандары трапілі на смяротны прысуд Крыштофу. Устанавіць яго тагачаснае імя ім было лягчэй лёгкага. І вось тут такое. Усе думалі, што ён загінуў у вулічнай экзекуцыі, як людзі падполля, як ахвяры аблаў. Шкадавалі. А ён на такую высокую смерць права не заслужыў. Дый не памёр, як бачыце. Ці сутыкнуліся на ім два ведамствы: тое, што патрабавала кары яшчэ па старым прысудзе, і тое, дзе ён працаваў асведаміцелем, — не ведаю. Гэта яшчэ выясніцца. Як выяснілі мы ўсё і наконт Боўбеля… Твая здагадка была верная і наконт яго, Косміч. Толькі што здагадка не факт.
   — А сучасныя іхнія ўчынкі?
   — Сучасныя — ужо факт. Ну, уставайце, хлопцы. Час.
   Мы развіталіся з экспедыцыяй і пачалі спускацца з гарадзішча.
   Маўчалі, дый не хацелася болей гаварыць пасля перажытага і перадуманага сёння.
   — А ўсё ж без тваёй галавы ім цяжка давялося б, — сказаў Хілінскі, паклаўшы далонь мне на плячо. — Без расшыфроўкі таго тайнопісу.
   — Без першай трывогі, якую падняў бедалага Мар'ян.
   — Цяпер яны даведаюцца. Цяпер лягчэй.
   Месяц, што пачаў ужо хіліцца, заліваў касцёл пранізлівым і бязмерна журботным святлом, рабіў чорны гмах замка менш грувасткім. Ён здаваўся ўжо ў гэтым святле і не такім чорным, а нібыта адліваў крыху ў блакітнае.
   — Пройдзем праз замкавы двор, — нечакана сказаў я.
   — Гэта нашто? — спытаў Мультан.
   — А раптам дама з манахам…
   — Ты што, у глупствы гэтыя верыш? — здзівіўся Шчука.
   — Веру не веру, але праз гэта не здолею я паехаць адсюль зусім супакоены. Не можа быць, ведаю. Але ж я сам бачыў.
   — Хадзем, — вельмі ціха сказаў Хілінскі. Я ведаў, што толькі ў яго не было скептычнага недаверу (як у Шчукі, Велінца і Шаблыкі), паэтычнай здатнасці верыць, якая больш за жаданне верыць у неверагоднае (як у Змагіцеля) і забабоннай веры Мультана і Вячоркі («Цалкам магчыма. Янку Целюку аднойчы патрызнілася, ды і я нешта такое бачыў»).
   Толькі ў ім быў несапсуты ніякімі меркаваннямі і акалічнасцямі просты давер да мяне. Давер, які перш за ўсё прагнуў праверыць, а што там робіцца на самай справе.
   Давер, які і ёсць фундамент усякага навуковага і ненавуковага поступу. Той давер, які не дазволіў Марыну Гетальдзічу смяяцца з вопыту Марка Антонія дэ Дамініса над лінзамі і геаметрычнай оптыкай, а Галілею не дазволіў узяць пад сумненне навуковую сумленнасць абодвух (аж да разгадкі імі таямніцы «божага моста», «брамы новага свету», вясёлкі), прадоўжыць іхнія доследы і ўрэшце стварыць і ўдасканаліць тэлескоп*.
   * Марын Гетальдзіч (1568-1626) — славуты югаслаўскі матэматык, астраном і фізік, які шмат увагі аддаў аптычным даследаванням. Марк Антоній дэ Дамініс, або Маркантун Гасподнетіч (1560-1624) — славуты харвацкі грамадскі дзеяч і вучоны, аўтар тэорыі прыліваў і адліваў, тэорыі вясёлкі і праламлення святла. Памёр у сутарэннях інквізіцыі.
   Гэты верыў і ведаў, што калі я так кажу, то «нешта напэўна было, а вось што — трэба памацаць».
   Наша кампанія, што якраз уваходзіла ў цёмны тунель брамнай аркі, збоку, відаць, моцна нагадвала «Начны дазор» Рэмбранта. Такія сабе нашчадкі кашчавых гёзаў, крыху ацяжэлыя гараджане з прэтэнзіяй на ваяўнічасць і мужнасць (гэта дзеля прыгажунечак, якія глядзяць на іх праз шчыліны ў аканіцах).
   Двор, заліты святлом, цёмныя галерэі-гульбішчы на супрацьлеглым уваходу ягоным баку, грузлыя гмахі вежаў моцна паадбавілі гэтай ваяўнічасці, прымусілі ўсіх змоўкнуць і рухацца ўсё павольней, а пасля і наогул спыніцца.
   Толькі Шчука, зваліўшы нейкую бляшанку, чартыхнуўся:
   — Ну, давядзецца ўзяць за бакі Альшанскага, цяперашняга, вядома, што ён такое паскудства тут развёў. Накласці на яго, чорта, штраф. І не з калгаснай кішэні, а з асабістай. Тады заспявае.
   Астатнія стаялі моўчкі. Нічога не адбывалася.
   — Ну дзе ж тут твае «прывіды»? — з гумарам спытаў старшына Велінец.
   Я зірнуў на гадзіннік і ўзняў вочы ў неба.
   — Калі я маю рацыю — павінны дачакацца.
   — Да заўтра чакаць? — спытаў ён. — Вось чалавек, які з ягоным ды цярпеннем памылку зрабіў, не пайшоўшы да нас.
   — Пайшоў амаль, — буркнуў я. — Нічога добрага з гэтага не атрымалася.
   — Колькі яшчэ чакаць? — гэта быў ужо Вячорка.
   — А я нікога не прымушаю чакаць, Мікола Чэсевіч.
   Хілінскі моўчкі дакрануўся да майго локця.
   — Павінна быць вось-вось. Калі я не памыляюся, — шэптам адказаў я.
   — Унь, — амаль прасвістаў глоткай Мультан, — унь замільгацела нешта.
   На левым баку галерэі сапраўды нібы ўзнікла, заварушылася нешта. А пасля выявіліся і амаль невідочна для вока паплылі ўправа два невыразныя цені: цёмны і святлейшы.
   — Яны, — здушаным голасам сказаў Хілінскі.
   Гэта сапраўды здзіўляла, і ўражвала, і магло да паўсмерці спалохаць непадрыхтаванага.
   Плывуць… Плывуць. Заліты фантастычным прывідным святлом двор. Два светлыя муры і вежы, што ў гэтым святле прыдбалі колер абгарэлага і запыленага чыгуну. І два муры чорныя і асабліва льсняна-чорная цемра на галерэі, і ў цемры гэтай рухаюцца дзве здані. Светлая постаць, цёмная, і аддзяляе яе ад астатняй цемры вузкая палоска святла.
   — Не рухайцеся!
   Я кінуўся амаль бегма да правага ўзыходу на гульбішча, узбег па ім і рушыў насустрач невыразна-цьмяным праявам.
   Бліжэй… Бліжэй… І раптам яны зніклі. Тут жа ля мяне. Не здані і не прывіды, проста дзве плямы, што ператварыліся ў невідзімак.
   — Яны зніклі, — даляцеў з двара голас Шчукі. — Але ты, ты асветлены, Антоне.
   Я ўскінуў галаву і замёр, ледзь не аслеплены. Ад званіцы касцёла, ад дыска дзыгара клалася проста мне на цела і аблічча, біла ў вочы жарало, сноп рэзкага, яскрава-блакітнага святла.
   — Сюды! Хутчэй.
   Я пачуў тупат ног. Праз хвіліну людзі ўсе ўжо былі на галерэі.
   — Зірніце! Унь! — паказаў я.
   — Што такое, — прыслеплены Шчука міргаў вачыма. — Што гэта такое?
   — Я здагадваюся, што гэта такое, — кіўнуў Хілінскі.
   — Гадзіннік, — сказаў я, — сапраўды старамодны, старажытны нават, «дзыгар». Толькі адзін тут тып памыліўся. Тут нерухомы «дзённы» гадзіннік з рухомымі стрэлкамі і рухомы — больш вялікі цыферблат «месячнага» гадзінніка. Ён за нерухомым дзённым. І ён круціцца, хаця і бязладна, бо не да канца адрапараваны. А пад ім непарушная стрэлка… І нерухомыя постаці «святаў».
   — То што? — спытаў Мультан.
   — Арганіст і ксёндз казалі мне, што там дзеля нейкай мэты сістэма моцных люстраных рэфлектараў… Ну вось, у пэўныя дні прамень месяца трапляе на іх. І вось ідзе галерэяй цёмны цень, ад нерухомай стрэлкі, а за ёю светлы «цень», адбітак ад рэфлектара.
   — Вось і ўсё, — сказаў Вячорка. — Баечкі.
   Лягла цяжкая паўза.
   — Дурында ты, — сказаў яму прыгнечаны Змагіцель і пасля кінуў мне: — І ты не лепшы. І собіла ж табе такую казку, прыгажосць такую ў друз расшкуматаць. Патрэбнае яно камусьці было, тваё тлумачэнне.
   Я і сам шкадаваў, што ўбачыў і даў убачыць іншым яшчэ ў адной з'яве паршывы наш рэалізм.
 

РАЗДЗЕЛ IX ЦЫНІЗМ ТРОХСОТГАДОВЫ І СУЧАСНЫ, СМЯРОТНАЯ КАРА ЗА СМЯРОТНАСЦЬ АДНОЙ ДУШЫ З ТРОХ І СВЯТАЯ ВЕЛІЧ АДНАГО АПАГАНШЧЫКА ПРАХУ

   Мы ўрэшце падважылі адну з пліт «над караблём». Было гэта наступнага дня пасля нападу на мяне.
   Дапамагаць прыйшлі ўсе ўчарашнія, ды яшчэ прыплёўся ксёндз. У зношанай цывільнай шкуры і з кіркою ў руцэ, што, як ні дзіўна, яму пасавала. Яму, па-мойму, усё пасавала, гэтаму дзіўнаму чалавеку.
   І тут адбылася першая разбежнасць з адным з маіх начных кашмараў. Пад плітой не было атвора, ён быў засыпаны, нават забіты ўламкамі цэглы, камянямі, друзам і… дробнымі бетоннымі брылямі з рэшткамі арматуры.