— Косміч.
   — Старшына Велінец, — сіпата сказаў ён.
   — А сабака? У-у, саб-бака мой.
   — Рам, — і ціха абазваў. — Не раю.
   — Укусіць?
   — Бескарысна.
   Палкоўнік прайшоў паўз нас, і толькі тут я зразумеў, чаму ён трымаўся заўсёды з правага боку і паказваў толькі профіль: у яго амаль не было правага вуха. Я ведаў, што гэта ў яго. У сорак пятым ці сорак сёмым годзе трапіў недзе пад Ашмяной у рукі банды Боўбеля. Не надта вясёленькая гісторыя. Дапытваў яго намеснік, і толькі таму ноччу Шчуку ўдалося ўцячы. Сам не выпусціў бы.
   Клепча сказаў бы пра Шчуку: «Стары, пагрызены, загартаваны ў бітвах воўк».
   — Да нас ён звыкнуў. А вы — свежы чалавек. Але гэта не сорам. Гэта каб звыклі.
   Я здзівіўся, што старшына заўважыў і гэта, а не заўважыў, што мы на «ты». Але тут ад купкі людзей даляцелі галасы, і я пазнаў іх: глухі голас палясоўшчыка і звонкія дысканты двух дзяцей.
   — Леснічоўка мая тут… на беразе… Ну, прыехаў…
   — Ён часта тут ловіць, дзядзька.
   — А мне што. Дзеці ходзяць у школу… — глухі ў тумане голас.
   — Мы, дзядзька, зараснікам, наўмання. Машына стаіць, — гэта дзіця. — «Запарожац» стаіць, дзядзька палкоўнік.
   — Дзень, значыцца, стаіць пустая… І другі таксама… А на трэці ўжо я трывогу падняў. І човен на вадзе, бачу… у глыбіні затокі, халера на яе.
   Вецер, паступова ўздыхаючы, пакрысе пачаў зганяць з возера туман.
   Ясней праступілі сілуэты людзей і нешта цёмнае, доўгае, што ляжала на траве ля іхніх ног.
   Над затокаю калыхаўся вэлюм, то падымаючыся, то зноў ападаючы на ваду. Усё ж, хаця і павольна, яго падносіла, і ўсё часцей праяўляўся на вадзе сілуэт чаўна, постаці людзей, якія, стоячы ў ім, скарадзілі дно, і пляма буя на вадзе. Я здагадаўся, што гэта месца здарэння.
   — Падыдзіце, Косміч, — сказаў голас палкоўніка.
   Я падышоў. З таго, цёмнага і доўгага, адкінулі брызент.
   Я ўбачыў, што тое ляжыць на пажоўклай леташняй траве, і тут мяне замуціла. Вопратка была падобная, але твар… Твару не было. «Ракі, ці што?» — недарэчна падумаў я.
   Успыхнулі яшчэ раз бліцы. Я адвярнуўся, і Шчука, відаць, зразумеў, што мне кепска: тысячы трупаў бачыў я на вайне, але паспеў адвыкнуць, а тут яшчэ гэта быў… не, ужо не быў.
   — Ён? — спытаў Шчука.
   — Твар — самі бачыце. Вопратка дужа падобная. Канстытуцыя — рыхтык ягоная. Прабачце, я павінен адысці.
   Я сеў на пень. Я глытаў нешта, а яно ўсё сядзела ў глотцы. Вясёлага было мала ва ўсіх гэтых падзеях. Ад вас ідзе абражаная жанчына. Ваш лепшы друг загінуў. Ягоныя словы, ягоны неспакой…
   — Ну што гэта, як красная дзеўка, — сказаў лейтэнант Клепча.
   Я раззлаваўся, і, дзіўна, мне адразу стала лягчэй.
   — Вось што, лейтэнант, — сказаў я. — Калі б пасля такога пераплёту я, скажам, спытаў бы ў вас, якой вы думкі аб творчасці Первенцава, або пачаў дасціпна гаварыць аб дасягненнях народнай гаспадаркі краіны — тады мяне трэ было б неадкладна браць пад белыя рукі і везці ў Навінкі.
   — Маўчыце, Клепча, — абарваў яго Шчука. — Адыдзем да машыны, Косміч.
   Ён хацеў адцягнуць маю ўвагу, дзякуй яму.
   — Што было ў яго ў кішэнях? — спытаў я.
   — Каша з тытуню, хлеба, паперы і іншага. Ён курыў?
   — Апошні час дужа мала. Яшчэ што?
   — Баначка з матылём. Вось. І ў чаўне два буйныя шчупакі.
   — Ягоная, — сказаў я. — Але не мог ён такога буйнага шчупака… І што ён, увогуле, шчупака на матыля лавіў? Лухта якая!
   — Спінінг знайшлі, — даляцеў па вадзе голас з чаўна. — Відаць, шчупак зацягнуў пад корч — вудзільна і патанула.
   — Ну, бачыце, — сказаў Шчука.
   — Ад чаго гэта здарылася? — спытаў я,
   — Упаў з чаўна ў ваду. Патануў. Як у яго са здароўем?
   — Ён быў дужа хворы чалавек.
   — Ну вось. Мог быць прыпадак. Мы падышлі да машыны.
   — Ягоны «Запарожац», — па аглядзе сказаў я. — І ўсё ж я не веру, што гэта ён. Так, машына, так, вопратка. Але ж аблічча… няма. Але ж гэты, здаецца, вышэй ростам. І потым, чаму паехаў адзін?
   З лесу, з туману, вынырнуў да машыны Велінец з сабакам.
   — Рам следу ад машыны не ўзяў, — сіпата сказаў ён. — І не дзіва. Колькі дзён! Акрамя таго, снег яшчэ ляжаў. Дождж злізаў яго. І зноў снег. І зноў стаяў… Відаць, канчаткова вясна.
   — Няўжо бываюць неапазнаныя? — спытаў я.
   Палкоўнік не адказаў.
   Яшчэ праз гадзіну мы ішлі да машыны. Цела ўжо забралі. Наперадзе ішлі Велінец і Клепча і гаварылі ўжо аб нечым іншым.
   — Ды зразумей ты, — гарачыўся Клепча, — матэрыял ягонага гарнітура.
   — Ну ладна, — з іроніяй цадзіў Велінец, — касцюм з матэрыялу, партыю якога ўкралі. Доказ мне яшчэ! Ну а каб, скажам, ён быў калісь паліцаем, чакаў патаемна ў душы «выбуху народнага гневу» і на гэты выпадак трымаў у страсе арсенал — ён што, тады хадзіў бы па вуліцах і плошчах з кулямётам у руках? Глупства! Матэрыял яго і апраўдвае. Дый характар ягоны. Самае, напэўна, страшнае злачынства ў ягоным жыцці — у жонкі з шуфляды тры рублі сцягнуў на гарэлку.
   А мяне калаціла! І ад раптоўнага ўсведамлення непапраўнасці, і ад гора, і ад нейкай няяснай надзеі, і ад злосці на гэтых, якім усё адно, якія так хутка ўсё забылі, пераключыліся са смерці чалавека на нейкі матэрыял ды яшчэ й жартуюць.
   …У маленечкім мястэчку Чурсы спыніліся перакусіць. Я глядзеў на гэтыя паўсотні дамоў, лялечную гарбатню, флігель ад разбуранага ў вайну палаца і гіганцкія, туманна-мокрыя, чорныя дрэвы старажытнага парку і ўспамінаў, як улетку мы хадзілі тут з Мар'янам і збіралі на прынаду слімакоў. Іх тут было безліч на берагах шматлікіх зялёных ставоў, у роснай прахалоднай траве. Я нідзе столькі іх не бачыў. І такіх вялізных, з яблык велічынёй. «Француз бы звар'яцеў з радасці», — сказаў тады Мар'ян. І вось я глядзеў, і ў мяне пякло вочы і нешта ў грудзях.
   — Ласіна ёсць, — прыбег Клепча, — мабыць, нехта па ліцэнзіі забіў ды здаў у гарбатню. Пашанцавала. У Менску не дастанеш.
   — Бы ў лепшых дамах Ландона, — сказаў Велінец.
   У гарбатні ўсе размясціліся пад дрэннай копіяй з карціны «Томаш Зан і Адам Міцкевіч на беразе Свіцязі».
   — Абажаю аленяў, — сказаў Клепча, умінаючы ежу.
   — Угу, — сказаў Шчука, — яшчэ з часоў дзіснееўскага Бембі ў кіно. Надзіва гожая і шляхетная істота. Пяшчотная, мяккая.
   Я не мог есці. Заказаў дзвесце грамаў «Белавежскай», цяпнуў яе нагбом, як апошні алкаш, і закурыў, адчуваючы, як паволі апякае мне ўсё ўсярэдзіне.
   Адчуваў, што я несправядлівы, што гэта штодзённая іхняя работа і не паміраць жа ім з голаду, і.ўсё адно пагарджаў імі. І таму нямала здзівіўся, калі палкоўнік пайшоў і прынёс сабе і мне па сто пяцьдзесят, сеў і, раптам, таксама амаль адштурхнуў талерку.
   — Не магу. За столькі год, а не мог звыкнуць. Вып'ем, Антон Глебавіч. — І пасля паўзы: — Ненавіджу свалачоў… Пакуль не здохну…
   У гэты момант Клепча заўважыў на карціне Занавы бакенбарды і раптам сказаў:
   — А чаго-то Пушкін? Хіба ён быў на Свіцязі?
   — Гэта Зан, — магчыма, занадта рэзка сказаў я.
   — Ну а гэты… Зан… хіба ён…
   — Памаўчыце вы, калі ласка, — абарваў яго Шчука і толькі тут адказаў на мае словы, сказаныя яшчэ на Романі: — Бывае і так, што не апазнаюць. Рэдка, але бывае. Дай бог памяці, у 63-м ці ў 64 годзе пісьменнік ваш адзін, ну, з гэтых, маладых ды ранніх, раманы яшчэ гістарычныя піша, плыў са сваякамі па Дняпры ля Рагачова. Бачыць, нешта ружовае. Падумаў, што незвычайнай велічыні глушаная рыба (вось трэба яшчэ гэтых «шахцёраў» з Бабруйска прыціснуць, што ездзяць рыбу глушыць). Устаў на носе і раптам стырнавому: «Вараці!…» Плыве спінаю дагары жанчына ў ружовай камбінацыі. Ну, усё зрабілі, прыехалі нашы па труп… Але й дагэтуль невядома: хто, адкуль, як? Можа, аднекуль з Урала ў невядомай кампаніі прыехала, а можа, і яшчэ аднекуль. Ці сама ўтапілася, ці, можа… Але выплыве. Так ці іначай, а яна выплывае рана ці позна, праўда. Так што й ты, хлопец, не квілі. Цяжка, ясна. Але суцешся хаця тым, што атрымаюць яны, калі гэта забойства, — спаўна. А ўжо мы пастараемся, перабяром усё.
   — Што ж, — сказаў Клепча, — усю Беларусь дагары нагамі перакуліш? Усіх сваякоў перабярэш? А тыя, можа, з Эстоніі?
   — А ты і эстонскіх перакулі, — сказаў Шчука. — І, дарэчы, вазьмі прыжыццёвае фота ды паездзі па акрузе. Можа, нехта бачыў такога чалавека ў кампаніі з кімсьці знаёмым… напярэдадні.
   — А па тым здымку? На беразе.
   — Па тым здымку людзі падумаюць, што паказваеш акцёра Аўсянікава ў ролі ценю бацькі Гамлета. Думаць трэба, хлопец.
   Калі машыны ўжо зноў ляцелі па плітачнай шашы алеяю трохсотгадовых ясеняў і вязаў, Шчука раптам спытаў:
   — Што то за кніга?
   Я расказаў.
   — Паказаць не можаш? Ага, тады заедзем да цябе ў хату. А пасля… можа, з намі на ягоную кватэру з'ездзіш?
   — Так… Слухай, ён жа трывожыўся! Ён казаў аб нейкай сувязі з тым, са старажытным, злачынствам!
   — Гэта магло быць проста ад нерваў. І потым, каб мы займаліся ўсімі злачынствамі, зробленымі за мільёны год, з таго часу як малпа стала чалавекам, то каму было б разбірацца, хто ўкраў у сябра Раткевіча аўтаручку.
   Дзіўна, ягоны грубаваты тон крыху супакойваў мяне.
   — Так што старажытным злачынствам займіся ты. Ты знаўца, гісторык, табе і карты ў рукі. А знойдзеш што-небудзь цікавае для сённяшняга дня — ну, тут мы заўсёды да тваіх паслуг.
   — Ты накшталт таго капеечнага крытыка, якому падавай творы толькі на злобу дня. А для гэтага газеты ёсць.
   Мы заехалі да мяне, узялі ў партфель кнігу і пакацілі на парніковую гаспадарку.
   І зноў была алея напалову выпляжаных ліп, і стары дом, і барокавая брама могілак. Толькі на дне спушчаных ставоў накапілася каламутная вясновая вада. А ўва мне ўсё яшчэ жыла няпэўная надзея, што вось пазвонім, вось у глыбіні кватэры аддадуцца крокі, лясне замок і заспаны Мар'ян скажа мне:
   — А ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам?
   Ніхто не адказаў на званок. Мы стаялі і чакалі доўга, і я чуў, як «Цэнзар Феакцістаў», з'едлівая вахцёрка, адказвае Клепчу:
   — Два дні назад як быццам чую — замок ляснуў. Гляджу — чалавек. Але дзверы зачыненыя. Пытае:
   «Што, там нікога няма, бабуся?»
   — Які хаця па выгляду чалавек?
   — А такі сабе… ну… нібы крыху гарадскі, а крыху нібы й не гарадскі.
   Урэшце прывялі панятых і адкрылі замок. І надзея мая адразу знікла, а пачуццё бяды ператварылася ва ўпэўненасць.
   Эльма ляжала нерухома на падлозе. Здаравенны тыгравы Эдгар, убачыўшы мяне, няпэўна матлянуў азадкам. Вочы ў яго былі няшчасныя і слязіліся, і ён адразу заплюшчыў іх. Нават не ўстаў насустрач. У перадпакоі рэзка і моташна пахнула чымсьці.
   — Ён не ездзіў у ніякую Вільню, — упэўнена сказаў я Шчуку, — іначай бы адвёў сабак. Ён і не думаў з'язджаць больш чым на адзін дзень.
   — Сабак усыпілі, — сказаў Шчука.
   — У той жа дзень усыпілі. Бачыце, яшчэ не з'едзена ежа, не выпіта вада. Толькі як маглі ўсыпіць на столькі дзён?
   — Мо шукалі нешта? Калі за адзін дзень не знайшлі, то маглі паўтарыць дозу.
   — Але як? Гэта выхаваныя псы. Яны нічога не возьмуць з нічыіх рук. Толькі ў Мар'яна… і ў мяне.
   — Акрамя паветра, якога ні з чыіх рук браць не трэба, — Шчука паказаў на замочную дзірку.
   — Я ведаю, чаго яны шукалі, — і я дастаў з партфеля кнігу.
   — Што ж, давай прысядзем тут, — Шчука паказаў на доўгую скрынку для абутку, — каб не перашкаджаць. Займіцеся хатай, лейтэнант.
   Мы селі на скрынку і пачалі ўважліва пераглядаць стары том. Усё гэта было дарэмна. Што можна было заўважыць за гадзіну, калі я цэлыя дні сядзеў над ім.
   — Забяры, — сказаў урэшце Шчука, — думай і далей над гэтым. Тут не нашага розуму справа. Магчыма, нейкая складаная галаваломка. А магчыма, і прасцей. Каштоўнасць кнігі вялікая?
   — Так.
   — То, можа, ніякай загадкі і няма.
   — Хочаце сказаць, што цана чалавечага жыцця не большая за цану гэтага хламу?
   — Ёсць такія, з вашага дазволу, людзі, для якіх жыццё другога не каштуе і шэлега.
   — Зайдзіце, — сказаў Клепча, — паглядзіце сваім вокам, чаго не хапае ў кватэры?
   Я зайшоў. Трус, відаць, ужо скончыўся. Толькі адзін з групы яшчэ перабіраў паперы ў шуфлядзе стала. Па-ранейшаму лёталі пад столлю анёлы, па-ранейшаму Юры папіхаў нагою цмока. Толькі Мар'яна не было. І не будзе болей.
   — Не хапае дзвюх карцін, — глуха сказаў я.
   — Тады, значыцца, пра кнігу й мовы няма, — сказаў Клепча. — Мо і сапраўды барыгі-спекулянты. Не выгарала, і ўсё. Такая гісторыя, расказвалі, нядаўна ў Маскве была, па вуліцы Качалава. Угаворвалі, угаворвалі прадаць — ну і ўсё скончылася на гэтым. І званілі, тэрарызавалі пасля са злосці: выпаў кавалак з рук… А вось карціны — гэта цікавей.
   — Таварыш палкоўнік, — чалавек у цывільным, што корпаўся ў шуфлядзе, працягнуў Шчуку аркуш паперы. — Гэта, бадай, цікавей за карціны.
   Шчука прачытаў і працягнуў паперу Клепчу. Той прабег вачыма, свіснуў і паглядзеў на мяне. Палкоўнік узяў аркуш і падаў яго мне. А калі я, у сваю чаргу, прачытаў тое, што было напісана, у мяне непрыемна заняло дых.
   Аркуш быў па ўсёй форме складзеным і завераным у натарыуса запаветам, па якім грамадзянін Мар'ян Пташынскі, на выпадак раптоўнай смерці, завяшчаў усё сваю маёмасць другу, грамадзяніну Антону Космічу, з умовай, каб азначаны Косміч утрымліваў былую жонку вышэйпамянёнага Пташынскага на ўвесь час яе хваробы.
   — Што ў яе? — спытаў Шчука.
   — Рак, — сказаў я. — Ляжыць у Гомелі.
   — Значыць, другі сэнс гэтага «на час хваробы» — да смерці, — сказаў Клепча.
   — Ну нашто ж так, — сказаў Шчука. — Пазваніце, Клепча, да нас, хай навядуць у Гомелі даведкі пра стан, як яе?… пра стан Юліі Пташынскай.
   Не паспеў лейтэнант пакласці трубку, як пачуўся званок у дзверы, і сэрца маё зноў упала ад неверагоднай раптоўнай надзеі. А пасля тупа забалела, бо гэта быў усяго толькі той чалавек, якога бачыў з чамаданчыкам на беразе Романі. Я здагадаўся, што гэта, мабыць, медыцынскі эксперт.
   — Што-то вы, Ягор Апанасавіч? — спытаўШчука.
   — Хацеў, каб хутчэй даведаліся аб выніках ускрыцця, а мне па дарозе, ну і…
   — То што выявілася?
   — Аніякіх слядоў гвалтоўнай смерці, — сказаў нізенькі румяны лекар.
   — Што ж яго, анёл божы?
   — Магчыма. У яго два мікра і адзін інфаркт. Завал сэрца — вось прычына. Мабыць, стаяў у чаўне і тут здарылася. Упаў у ваду і захлынуўся.
   — Чаго ж ён адзін ехаў?! — у роспачы крыкнуў я.
   — Ягоная справа, — буркнуў Клепча.
   — Ясна, што ягоная. І ніколі, ніколі ён не бярогся! Ніколі!
   — Што за карціны прапалі? — спытаў Шчука.
   — Гэта і падазрона, — сказаў я. — Каб кралі — кралі б іншыя. Гэту. Гэту. Гэту. Ім цаны няма. А тыя дзве — поўная лухта, толькі што не новая. «Хрыстос у Эмаусе», нямецкай школы канца мінулага стагоддзя, і англійская «Кромвель ля магільнай ямы Карла І». Гэтую ён у Кіеве ў ЦУМе купіў адразу пасля вайны.
   — Помню я гэтую карціну, — раптам сказаў Шчука, — доўга яна ў іх на сцяне вісела. Пашкоджаная крыху ўнізе. Кромвель у паланкіне сядзіць.
   Я вылупіў вочы:
   — Ну й памяць!
   — Памяць прафесійная.
   — Дакладна. Прадзёртая была. Ён рапараваў. Вялізныя дуры, яркія. «Кромвель» гэта «пад Рэмбранта наддае». Ён іх не цаніў.
   — То, можа, не разабраліся? — спытаў лекар. — Убачылі, што вялікія, у вочы кідаюцца — ну і ўзялі.
   — А чаго тады не ўзялі яшчэ чаго? — сказаў раптам «цывільны». — Вось. Грошы. І шмат нешта грошай.
   Грошай было восемсот дваццаць рублёў.
   — Мо спяшаліся? Не ведалі? — спытаў Клепча.
   — Гэта барыгі па мастацтву, — сказаў я. — Хоць сёе-тое, ды разумеюць. Не ўзялі б яны гэтых карцін. Можа, другое. Мо не цаніў, то прадаў. Яму дзеля жонкі былі патрэбны грошы.
   — І тое, — сказаў Шчука, — хай нашы пашукаюць па антыкварыятах.
   …За акном ужо ляжала сутонне, і мы збіраліся ісці, калі зазваніў тэлефон. Клепча зняў трубку.
   — Так… Так… Дзякуй вам.
   — Што такое? — спытаў Шчука.
   — Званілі ад нас. Юлія Пташынская памерла пяць дзён таму…
   Выгляд у яго быў надзіва значны. Ён глядзеў на мяне.
   — …і якраз у намеркаваны дзень смерці мужа. Ц-цік-кава… Мо і карціны… для адводу вачэй.
   Чырвань кінулася мне ў шчокі. Толькі тут я зразумеў, як можна расцаніць увесь гэты недарэчны, страшны збег абставін.
   — Слухайце, Клепча, не будзьце быдлам!
   — Ну-ну!
   — Ён мае рацыю, Якубе, — сказаў Шчука. — Гэта быў найлепшы ягоны сябар.
   — Адзіны і назаўсёды, — глуха сказаў я. — І я да канца жыцця рабіў бы толькі за хлеб, абы выбіць дзеля яго яшчэ год жыцця. А калі вы лічыце, што я такая пачвара, якая можа брата за шэлег забіць, то ведайце: тут няма нічога, што пасля смерці Мар'яна не павінна было б быць аддадзена музею на ягонай радзіме.
   — Хто гэта ведае? — ужо тонам ніжэй спытаў Клепча.
   — Я гэта ведаю. Так што калі я тут чымсьці і разжывуся, то гэта дзвюма сабакамі. З маімі раз'ездамі гэта зусім не патрэбна, але я іх не кіну, я іх буду трымаць, пакуль не памруць… у… памяць…
   У мяне ўжо душыла ў горле ад крыўды і ад непрыязні да гэтага чалавека. Уратаваў мяне Шчука, іначай гэта чорт ведае чым магло скончыцца.
   — Бярыце сабак і нясіце ў машыну, — буркнуў ён. — Памажы, Клепча. І змоўч урэшце, халера на цябе… Прабач, Косміч, я зараз закіну вас дадому. Хата будзе яшчэ некалькі дзён апячатаная. Пасля атрымаеш ключ, каб гэта ліквідаваць. Я дастану вам машыну, каб перавезці ўсё гэта, як завяшчаў нябожчык.
   — Нябожчык, — сказаў я, — значыць… няма надзеі, што не ён.
   — Няма, — сказаў Шчука. — На жаль, няма.
   Калі мы з ім даставілі да мяне сабак — Эльма так і не прачнулася і я валок яе на руках, цяжкую, як цяля, — ён адпусціў машыну і раптам сказаў мне:
   — Там побач з рэстаранам у вас што, кафэ? І сядаць не трэба?
   — Не трэба. І за мною яшчэ доўг гонару.
   Ён моўчкі павёў мяне пад руку. І толькі калі мы ўжо стаялі ля стойкі і прысёрбвалі каву з каньяком, азваўся нечакана мякка:
   — Плача нутро? То ж бо, я гэта ведаю. Сам двойчы перажыў такое… Дык вось, Антоне, калі нешта ўспомніш, калі нешта знойдзеш — ты Хілінскаму скажы. Мы ж сябры, ён мяне праінфармуе, — уздыхнуў. — Я ж ведаю, мала радасці чалавеку, ды яшчэ ўразліваму, цягацца па нашых установах.
   Паклаў мне руку на плячо.
   — А на Клепчу, хлопец, не сярдуй. Ён яшчэ малады, дурны, жарсткаваты ад маладосці. Зарываецца, як шчанюк-выжал. Жыццё яго не біла, не ламала. Вось ламане, як нас з Адамам, будзе ведаць цану дабрыні і даверу да таго, каго трэба. Пераканаецца, якая гэта палёгка, калі ніхто ў другі раз не б'е цябе доўбняй па галаве.
 

РАЗДЗЕЛ VІ КАРОТКІ. АБ СІВЫМ АНТЫКВАРУ І «БАРЫГУ»

   Мне ўсё ж давялося яшчэ зайсці да Клепчы, хаця я не жадаў гэтага горай за смерць. Здарылася так, што вечарам наступнага дня ён пазваніў мне і ласкава праінфармаваў, што ні ў адным камісійным магазіне горада тых карцін — прабачце — няма і што, значыцца, меў месца крадзеж. Значыцца, усё было проста.
   — Не, не проста, — сказаў я ў трубку. — Не ведаю, як з ягонай смерцю, але ён не паехаў бы на Романь, чакаючы звестак ад жонкі. Маглі скарыстацца адсутнасцю. Бо нехта, скажам, абяцаў за Евангелле вялікія грошы. Шукалі яго, не знайшлі, прыхапілі, што трапілася пад руку, ды і ўсё. А маглі і забіць у нейкі невядомы спосаб.
   — То што б вы параілі, шаноўны Антон Глебавіч?
   — Я ведаю? Я стаў бы шукаць таго, хто ўмаляў прадаваць яму кнігу, мо ён і падгаварыў узломшчыкаў.
   — А можа, сапраўды схапіла сэрца, упаў, захлынуўся? А кватэру абрабавалі пасля?
   — Вашы гіпотэзы, вы і правярайце.
   Я паклаў трубку. Я цярпець яго не мог за адно толькі падазрэнне.
   У гэтыя дні я зрабіў адно адкрыццё. Круціў кнігу і так і гэтак і знайшоў у дзвюх мініяцюрных чырвоных літарах нібы ўплеценыя ў завіткі лісцікі, кветкі і візэрункі — ініцыялы. Можа, мне гэта і здалося, але як часам бачыш у пляме на сцяне партрэт або пейзаж, так бачыў я ў дзвюх мініяцюрах ініцыялы ПДА — Пятро Давыдавіч Альшанскі — і ВХА — Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Гэта, здаецца, сцвярджала той факт, што Евангелле належала ім, але я не ведаў, чым гэты так званы факт можа мне дапамагчы. Ну, скажам, мог быць такі пабуджальны матыў, як выкраданне фамільнай каштоўнасці. Але дзе там, да д'ябла, члены той фаміліі? Хутчэй за ўсё, што матыў быў адзіны: спекуляцыя.
   І вось праз два дні шаноўны пан Клепча пазваніў мне і ветліва запрасіў да сябе. Самі разумееце, што гэта было не тое запрашэнне, якое можна ігнараваць. Я з'явіўся і ўбачыў у прытульным такім кабінеціку дзве карціны, прыхіленыя да сценкі.
   — Яны?
   — Ясна, што яны. Унь, бачыце, на адваротным баку «Кромвеля» зацыраваны след пашкоджання.
   — Ягоны почырк? — ён працягнуў мне квітанцыю.
   — Почырк не ягоны. Подпіс ягоны.
   Ён пачырванеў. Людзі ягонага тыпу не любяць, калі ім заўважыш, што яны няправільна гавораць. Мне і памаўчаць бы, але занадта ён мне абрыднуў.
   Пасля я меў яшчэ два прыемныя знаёмствы. Адно — з сівенькім дзядком — антыкварам, гэткай сабе дзюбатай птушачкай з надзіва элегантнымі і рухавымі ручкамі. Другое — са здаравенным, выпешчаным бамбізам, такім фацэтам у шэрым гарнітуры з мяккай дарагой воўны. І гальштук да гэтага гарнітура пасаваў, і срэбны стары сыкгнет, менавіта сыкгнет, а не пярсцёнак. Не пасавалі толькі вышыбайлавы вусікі, але гэта ўжо ад густу кожнага чалавека.
   — Дык я вам і кажу, — гарачыўся дзядок, — што тут і графічнай экспертызы не трэба. Гэта Пташынскага рука — мне ўжо і не ведаць.
   — Словы, — сказаў Клепча.
   — Што словы?! Што?!
   — Словы, кажу, надта спецыфічныя, ведаеце.
   Тут ён мне ўпершыню спадабаўся. Але дзядок узвіўся:
   — Крымінальныя раманы пішаце?! Дэтэктывы друкуеце!! То што вы хочаце, каб людзі не ведалі спецыфічных выразаў? Што?! А што датычыцца, што вы карцін не бачылі, то я галоўны антыквар, то я такі быў у ад'ездзе і квітанцыі схаваў, а карціны на складзе былі. І вось іх выставілі, што?! Вы ж бачыце, калі здаў.
   — За два дні да смерці, — сказаў Клепча, — вось чаму было шмат грошай. Слухайце, а вы гэта дакладна ведаеце, хто званіў Пташынскаму наконт кнігі?
   — Ну, хіба я што? Я дакладна! Спыталі б з самага пачатку ў мяне, і не спатрэбілася б тых дурных падазрэнняў, так? І ён рады быў сам сказаць з пачатку. Вось ён хацеў купіць, Барыс Гутнік! Ужо я што, Бору не ведаю, каб не ведаць, хто хацеў купіць.
   — З якой прычыны хацеў купіць?
   — Кнігалюб. А што, нельга?
   — Гандлюе кнігамі.
   — Дык я ж не чуў. Часам мяняе.
   Прывялі і Бору, таго самага выпешчанага бамбізу.
   — Я званіў, — спакойна прызнаўся ён, разглядаючы дагледжаныя пазногці. — Толькі ніякага шантажу не было. І ніякага «чалавека вясковага выгляду», што быў на выстаўцы кнігі, не ведаю… Так, разы тры званіў. Усё думаў, што перадумае… Ну, проста хацеў гэтую кнігу.
   — Для працы?
   — Не ўсе, хто любіць кнігу, ужываюць яе для працы. Я проста люблю кнігу. А вы хіба не?
   Хацеў бы я ведаць чалавека, які ў наш адукаваны век прызнаўся б, што ён цярпець не можа кніг. Хоць да гэтага мы, дзякуй богу, дараслі.
   Клепча сумеўся, а малады бамбіза дужа сур'ёзна вёў далей:
   — Гэта адзіная мая страсць, таварыш лейтэнант. За гэта, па-мойму, не судзяць. І калі ўжо «кнігі суць рэкі, што напаяюць сусвет», то як можна вінаваціць таго, хто прагне і п'е. Ясна, званіў, не хацеў выпускаць з рук.
   — Вам не здаралася гандляваць кнігамі? — спытаў Клепча.
   Гутнік палез у кішэнь пінжака і выняў газету.
   — Гэта яшчэ нашто?
   — Сёння якраз, ідучы сюды, атрымаў. Беластоцкая «Ніва». Бачыце, падзяка за тое, што перадаў у бібліятэку дзвесце пяцьдзесят назваў кніг. Каб гандляваў, наўрад ці зрабіў бы такое. Менш каштоўныя, як лепшых набярэцца, адразу аддаю. Можаце праверыць.
   — А мы і праверылі, — сказаў Клепча, — тут вы не хлусіце, усё праўда. І тут аддавалі, і ў Віцебск, і польскім беларусам.
   Я не ведаў, чаго Клепча трымае пры гэтых допытах мяне. Папрасіў дазволу закурыць, бо «аж вушы ў мяне ад жадання папухлі», раскрыў пачак.
   — Дайце і мне, — папрасіў раптам бамбіза. — Дзякуй. Што-то такое? «БТ»? Курэц з мяне ніякі, але, разумееце, расхвалявала мяне гэтая гісторыя.
   Няўмела зацягнуўся, аж шчокі да зубоў прыліпнулі і, паказваючы на газету, сказаў нібы проста ў прастору, але з відавочным жаданнем ушкуліць Клепчу:
   — Імя надрукавалі. Ветлівыя людзі. А тут і сабака не скажа «дзякуй».
   Гэты чалавек пачаў выклікаць да сябе прыхільнасць. Нават ягоныя вусікі не здаваліся ўжо мне фатаўскімі.
   Ідучы дадому, я думаў, што і апошнія ўскосныя доказы рухнулі. Нічога не дало ўскрыцце, нічога не дало знікненне карцін. Ні ў кватэры, ні на месцы, дзе загінуў Мар'ян, не было знойдзена аніякіх слядоў. Наконт кнігі званіў ні ў чым не вінаваты кнігалюб, дый невядома, ці кнігу шукалі ўзломшчыкі, што ўсыпілі сабак.
   …Мінуў тыдзень. Ніхто мне не званіў, ніхто не выклікаў мяне, і па гэтых прыкметах я зразумеў, што следства з поваду заўчаснай смерці Мар'яна Пташынскага, хутчэй за ўсё, зайшло ў тупік.
 

РАЗДЗЕЛ VІІ ШТО БЫЛО СКАЗАНА Ў «НОВЫМ ТЭСТАМЕНЦЕ» І ЯКУЮ ТАЯМНІЦУ СХАВАЎ У «АПАКАЛІПСІСЕ» ІААН БАГАСЛОЎ…

   Працаваць я не мог. Бавіцца — таксама. Неадчэпныя думкі аб Мар'яне і ягоным нечаканым канцы мучылі мяне і ўдзень і ўначы. Заставалася адно: тупа і ўпарта сядзець над ягонай кнігай і думаць, думаць, думаць. Думаць без усякай надзеі да нечага дадумацца, без усякай змогі звесці канцы з канцамі. Адзінае, што было тут ненадрукаванае, гэта маргіналіі*, каментарыі хуткапіссю. Часцей за ўсё містычнага характару, накшталт: «Збылося пры каранаванні» або «спраўдзілася ў вешчым сне такога і такога».
   * Паметкі на палях.
   Мне ўжо даўно хацелася плявацца, і аднак… У той вечар я вырашыў зрабіць апошнюю спробу. Пад зялёным абажурам гарэла асабліва моцная лямпа. Святло біла мне ў вочы, і таму я апусціў каўпак яшчэ ніжэй, каб яно падала толькі на кнігу. Ці я выснажыўся за апошнія дні, ці так падзейнічала ціша, але я на хвіліну задрамаў і, мабыць, асунуўся ніжэй у крэсле. А калі расплюшчыў вочы, яшчэ замглёныя сном, убачыў на левай балонцы ледзь прыкметныя цёмныя кропкі. Узняў галаву — яны зніклі. Апусціў — зноў з'явіліся. І тады я зразумеў, што бачу не кропкі, а ледзь прыкметны «цень ад кропак», ад нейкіх шурпатасцей паперы. Заплюшчыў вочы, правёў кончыкамі пальцаў і адчуў іх навобмацак. Я перагарнуў балонку і ўбачыў, што гэтым невідочным, мікраскапічным пукатасцям, якія і давалі падобны на россып парушынак цень, адпавядалі значна меншыя за шпілечную галоўку ўмяцінкі, зробленыя, можа, тупым канцом іголкі. Пазней я ўпэўніўся, што ў гэтым месцы яны яшчэ былі буйныя. Каб не шчаслівы збег абставін, каб не гэтае нізкае месцазнаходжанне крыніцы святла і маіх вачэй — я так бы нічога і не даведаўся. Але толькі гэта і было шанцаваннем. Далей прыйшла чарга на ўменне.