- Дык як табе гэта ўдалося?
   Тыдзень перад тым, у глухую васеньнюю ноч, калi золь трымала людзей на запеччах, калi, згодна народнае мудрасьцi, "добры гаспадар скацiны на такую непагадзь ня пусьцiць", у ноч цёмную, "як пальцам у вока", нехта нарэшце справiўся з камандантам Бжончкам-Бронхэрам. Крывёю сьцёкшага, апруцянелага, знайшлi яго на сьцежцы ля жываплоту й прысадаў ля дому на водшыбе ад Гацяў. У кабуры - нязакрануты пiсталет, а пры трупе - нiякае прылады забойства. На мясцовым мэдпункце жандармэрыi вымяркавалi, што быў забiты ззаду, доўгай прыладай, якая спад левае лапаткi дастала да сэрца. Паводля пазыцыi, у якой ляжаў, сьледчыя вымяркавалi, што каманданта забiлi й неспадзеўна, бо пазыцыя, - тварам унiз, з аднэй падкорчанай рукой, - не паказвала, каб баранiўся ад нападу.
   Дом, ля якога скончыў няслаўны жыцьцёвы шлях "фольксдойч" Бронхэр, мяшчане называлi забягалаўкай, калi не хацелi папулярна-брыдкiм словам карыстацца. Паненкi забаўлялi там палiцыянтаў, а больш дападлiвыя пахатухi апавядалi, што шырока лiлiся там самагонка й шнапс, нiколi не бракавала шчодрай закускi. Ведама было таксама, што "гандэлькам" загадвала Бронхэрава мацi, удава, жанчына, ведама-ж, немаладая, узнагароджаная ў гэтым кiрунку, вiдаць, немалымi здольнасьцямi.
   Падчас нямецкае акупацыi такiя, нiколi нярэкламаваныя, дамы йснавалi навет у малых мястэчках, дзе было войска й палiцыя, згодна, вiдаць, старога гандлёвага права - дзе ёсьць патрэба там знойдзецца й тавар. Цывiльным ня было туды не патрэбы, нi доступу.
   У час, калi забiты быў Бжончэк-Бронхэр, ня iснавала яшчэ й ценю якое-небудзь небясьпекi ад чырвоных бандаў, а людзi ў мундзiрах, што сьцераглi "новага парадку", сьмела хадзiлi начамi, пераклiкалiся сваймi, адным iм ведамымi, паролямi. Нiкому з уладаў, вiдаць, ня прыйшло ў галаву, што самое палажэньне "дому пацехi", у якiм калiсьцi жыло "тоўстае" бальшавiцкае начальства, магло прадстаўляць нейкую небясьпеку. Часы забясьпечаныя цi абаронных пунктаў, калi ноч падпiльноўвала акупантаў, былi яшчэ далёка наперадзе. Дык нiхто, вiдаць, не зьвярнуў увагi на доўгую, аброслую жываплотам, клёнамi й бэзам дарожку, дзе глухой ноччу можна лёгка скрыцца й асачыць пажаданую ахвяру.
   Бронхэра з гонарамi пахавалi на мясцовым могiльнiку, а Немцы жандармы ня надта рупiлiся расшукаць забойцаў i задаволiлiся павярхоўным сьледзтвам. Чалавек быў "фольксдойчам" i за забойствы такiх, дзе няведама хто падняў на яго руку, ня ўжывалiся тады рэрэсii як за самых "обэрмэншаў". Палякi-ж, што абсадзiлi мясцовы гарнiзон палiцыi, трымалiся iншае думкi... I вось пра гэта цяпер адбывалася гутарка.
   Вечар дзёгцем чарнеў у вокнах. Падгайскi зусiм ня зьдзiвiўся, ведаючы ранейшыя Антосевы "прыгоды", калi той, цiха пастукаўшы ў дзьверы, зьявiўся на ягоным парозе.
   - Што-ж, умеючы нядоўга, - адказаў Дзяркач на тое пытаньне.
   Аграном прыкiнуўся зусiм абыякавым, адно пiльна зiрнуў Дзеркачу ў вочы i ўбачыў там пацьверджаньне. Так, вiдаць, навет ён не дацанiў гэтага праныры. Пакуль мяркаваў, як пазбавiцца зьненавiджанага легiянера, Дзяркач яго ўжо на той сьвет адаслаў. Устаў i завесiў фiранкi на вокнах.
   - Вып'ем? - спытаўся.
   - Налiвай, - адказаў Антось.
   Нямецкi шнапс аблiў Антося прыемнай гарачынёй. Забыўся пра зяб, што яго па дарозе праняў.
   - Ну як там твая Нiна? - зьмянiў тэму аграном.
   - Эт, нiчога сабе, - зiрнуў Антось таму пiльна ў вочы.
   - Жывеш зь ей?
   - А чаму-ж не..., - неахвотна адказаў Антось. Пра свае любошчы Дзяркач не жадаў расказаць дый мяркаваў, што яны ня надта цiкавiлi Кастуся.
   - Вось што, братка, - паволi, думаючы, гаварыў Падгайскi. - Зрабiў ты гэта на сваю руку, проста наперад нам забег. Ну але што-ж, добра. П'ю за тваё здароўе.
   Паднялi чаркi. Пiлi мала, адно вусны памачылi.
   - Раскажаш? - пытаўся гаспадар.
   - Як гэта? Падробнасьцi хочаш?
   - Як сам знаеш...
   У вадказ Антось вынуў з-за пазухi паляўнiчы нож, тойсамы, каторы некалi аглядаў на балоце Янук, ды палажыў яго на стол. Падгайскi асьцярожна, каб быццам крывёю не запэцкаць рук, падняў двумя пальцамi, прыглядаўся.
   - Пекны, што й казаць... I гэта ты зь iм цэлы час за пазухай ходзiш?
   - Чаму-ж, навошта...
   - Глядзi, баранi, Божа! Як задзержуць то абшукаюць.
   Антось маўчаў. Ён узяў нож i зручным рухам улажыў яго ў похву пад левай рукой.
   - От што... Паляч'ё цяпер пiльней нюхаць будзiць. Мне чалавек ужо даносiў. Праўда, яны камунiстаў падазраюць, але-ж сам ведаеш каго яны камунiстамi лiчуць. Дый тое, што аднэй брыды ў нас паменшала, нiчога нi вырашаiць. Нам трэба думаць, як iх усiх лiквiдаваць. Як ты з Паўлоўскiм?
   - Добра.
   - Зьмен нiма?
   - Нiчагусенькi. У домыслах ён губiцца. Дый можа зьверху яшчо наказу нi маiць.
   - А цi думаў ты, каб у палiцыю паступiць?
   Антось скрывiўся й няўцямна пазiраў аграному ў вочы.
   - Ты гэта што, кепiкi зь мяне строiш?
   - Ды не, я саўсiм паважна.
   Разумелiся з паўслова. Антось адразу вымяркаваў, чаму Падгайскi такую думку кiнуў. А можа яна ў яго й даўно нарадзiлася; меў-жа там некага свайго, пра якога адкрыта не гаварыў, значыцца пайменна не называў.
   - Агiдна! - плюнуў Антось. - Каб у сваю, дык яшчо-б...
   - Зробiм зь яе сваю. От ты паступiў-бы, там ужо нашых двух было-б. Сваiх болей цягнулi-б. А там зробiм нейкi плян. Трэба са сваймi ў другiх гарадох трымацца. Там-сям нашы верх узялi. Адзiн-аднаму памагаць трэба. Гадаўё, нашых людзей найлепшых вынiшчаюць. Каб мы верх узялi, дык табе цi каму другому ня трэба было-б пабандыцку ноччу падпаўзаць, а калi дзе якi мярзотнiк галаву падняў-бы, дык можна было-б яго легальна. Кумекаiш?
   - Ага.
   - Ну дык як?
   - Падумаю.
   - Падумай.
   - А цi прынiмаюць яны цяперака? - спытаўся Антось.
   - Нi чуваць каб... Як будуць, накажу.
   - Добра.
   Падгайскi ўстаў, выйшаў за дзьверы й па нейкай хвiлiне вярнуўся. На стале перад Антосем палажыў "Беларускую газэту".
   - Сьвежая?
   - Ага.
   - Ведаеш, што я пабеларуску слаба чытаю. Пры бальшавiкох трохi наламаўся.
   - Дык як умееш э, памаленьку, - адказаў аграном.
   "Вялiкая перамога нямецкай зброi" - паволi й з натугай прачытаў дзяцюк.. - Усё пра вялiкiя пiрамогi. Нешта цi нi захрасьлi яны пад Масквой. I тут многа прапаганды, - спасьцярог Дзяркач.
   - Вядома-ж, усей праўды ня скажуць. Але як паслухаеш з двух бакоў,дык сярэдзiну можна выбраць.
   - А ты чуеш з другога?
   - Чаму-ж не, - сьцiпла адказаў Падгайскi. - У мяне-ж радыё ёсьцiка.
   Антось дапiў сваю гарэлку, закусiў агурком.
   - Як гэта ёсьць? Загадалi-ж здаць, здаецца... А ты што, не баiшся? Ты галасьнiк маеш?
   - Галасьнiк. Адно здаў i квiт маю. А хто там знаiць, што ў мяне два былi...
   "I праўда, - думаў Антось, - проста й спрытна. Улада нi прычэпiцца, бо радыё здаў".
   - Дык можа паслухаем?
   - Падгайскi выцягнуў кiшэнны гадзiньнiк, зiрнуў на яго.
   - Яшчо Лёндан навiнаў папольску нi пiрадаець, ажно за гадзiну. А Маскву якi чорт будзiць слухаць. Пазьней.
   - Дык ты кажаш, што зь Лёндану папольску? Як-жа яны, гэтыя пшэкi чэрцi туды залезьлi?
   Аграном адказаў не адразу. На ягоным шэрым твары ледзь заўважна зарысавалася грымаса.
   - Ты, Антось, як цябе знаю, кемлiвы й спрытны, а гэттака як дзiця ўсёроўна. А чаму-ж зь Лёндану нi маюць папольску гаварыць? Англiя, сам знаiш, хаўрусьнiк Польшчы. Там i ўрад польскi, што адгэтуль уцёк, сядзiць. Народ-жа польскi пад акупацыяй...
   - Ну добра, добра, я пасьмяяўся, - спынiў Антось Кастуся. - Ведаю сам. Толькi раскажы што яны праз радыё гавораць. Цi гэтапраўда, як тутака пшэкi раструбiлi, што Сiкорскаму Сталiн у Расеi пазволiў польскую армiю зрабiць?
   Падгайскi ўстаў.
   - Хочаш чаго лепшага пiракусiць? Кiлбасы можа? А гарэлкi ў мяне ёсьцiка, нi бядуй. Нямчура прыпрэцца, каб iм то тога, то гэнага, дык гэтага дабра прывалакуць.
   - Ты-ж знаiш, што я за гарэлкай нi прападаю. А пiракусiць? У цябе-ж кiлбаса добрая, дык давай, - усьмiхнуўся Антось.
   Калi Падгайскi нарэзаў пахучай вэнджанай каўбасы, зноў выпiлi й закусвалi. Аграном паволi, паясьняючы пра дыплямацыю, расказаў Дзеркачу пра ўмову Сiкорскi-Майскi, на аснове якое творыцца ў Савецкiм Саюзе польская армiя для змаганьня зь Гiтлеравай Нямеччынай. Ён адказаў на некаторыя Антосевы пытаньнi i ў тых адказах назваў людзей i факты, пра якiя нiяк ня мог ведаць чалавек, што ня слухаў навiнаў з варожага да Нямеччыны боку. I слухаючы агранома, Антось аж зьдзiвiўся, што ён, - дарэчы, як i бальшыня мясцовых, - прост-напраст заглох, часта не разумеў таго цi iншага сьвету, пра якi гаварыў Падгайскi. Ледзь не два гады савецкае акупацыi, бесьперапынная барабанная савецкая прапаганда зрабiла сваё. Чалавек накш думаў. Перакруцiлi, сьвет дном уверх у галаве перакулiлi. Чалавек забыўся як тыя ў вольным сьвеце думаюць, якiмi катэгорыямi разважаюць.
   Пасьля Падгайскi завёў Антося ў сваю бiблiятэку. Дзьве сьцяны полак былi застаўлены кнiжкамi, пераважна з аграномii, аж у чатырох мовах. Побач iх вялiкае месца займала клясычная лiтаратура, у арыгiналах i перакладах. Багатай была й сэкцыя ў беларускай мове. Зь нiжняй полкi ў куце Падгайскi адлажыў набок некалькi кнiг. Паказалася маляваная на зялёны колер кардона. Аграном лёгка папхнуў кавалак яе i ў сьцяне паказаўся радыёпрыёмнiк. Гэта быў адзiн з апаратаў фiрмы Тэлефункэн, каторыя Антось некалi бачыў у краме ў Глыбокiм. Але не па ягонай кiшэнi той апарат быў. Падгайскi ўключыў радыё. Пасьля шуму й трэску, - былi гэта, вядома, кароткiя хвалi, - пачуўся стук, як быццам хто дзесьцi лёгка па бочцы стукаў, аж чатыры разы. Гэта паўтарылася яшчэ два разы. Выразны голас папольску аб'явiў: "Тут гаворыць Лёндан. Перадаём апошнiя навiны зь БiБiСi. Учора, у сувязi з апошнiм асьветчаньнем прэзыдэнта Рузвельта, прэм'ер-мiнiстар Чэрчыль заявiў..."
   Голас далятаў, здавалася, зь недасягальнае адлегласьцi, быццам марскiмi хвалямi, то прыблiжаўся, мацнеў-магутнеў, а пасьля зусiм кволенькi, ледзь-ледзь лiпеў. Агулам чуваць было ўсё. I апавядаў пра баi на морах i акiянах, у краiнах заходнiх i ўсходнiх, гаварыў пра палiтычна-прапагандовую вайну. А пасьля галоўных навiнаў нямала ўвагi прысьвяцiў падзеям у акупаванай Польшчы. У пяршыню пачуў Антось i новае слова "гетто" ў адносiнах да Жыдоў у Варшаве. Пасьля праслуханьня навiнаў Кастусь старанна засунуў назад зялёны кардон, якi залажыў кнiгамi.
   - Ну от, братка, чуў?
   - Ну ты й маладзец! - адказаў Дзяркач. - Дык навошта табе плёткi слухаць, калi з таго боку чуеш?
   - Ды чаму-ж... Яно-ж варта слухаць адно й другое...
   - Цяпер буду знаць каго за язык пацягнуць калi захачу праўды даведацца.
   - Толька-ж, братка, глядзi нi прагаварыся, хаця-б Паўлоўскаму, перасьцярог аграном.
   - Ты што, жартуеш?
   Антосеў зрок налiўся дакорам.
   - Выбач, я нi падумаўшы сказаў, - спахапiўся Кастусь.
   Прасядзелi за поўнач. Паволi, упоцемку, ледзь ня вобмацкам выбiраючы аднаму яму вядомыя сьцежкi, да свае Нiны, пад нагрэтую коўдру Антось сьпяшыў. На чыгуначнай станцыi Гацяў цьмяныя сьвётлы змагалiся зь цемрай i станцыя, як-бы ўсё на сьвеце мiрна й нармальна, жыла сваiм руплiвым жыцьцём. Марасiў дробненькi дожджык i з захаду дзьмухаў лёгкi ветрык. Антось думаў i перадумваў пра той заморскi "варожы" сьвет "плютакратаў i падпальшчыкаў".
   Трэба будзе, устаўшы заўтра ранiцай, усё новапачутае ў лад прывесьцi, падсумаваць, абмяркаваць, перажваць ды мо неяк i выкарыстаць...
   17
   Гучна-гарластае "Москаў капут!" хрыпам захрасла ў выцьцi вясеньняга ветру й сьнежнае вiхуры ды пасьля зусiм заглохла ў гуле гарматаў першай вялiкай бiтвы, каторая "Даёш Берлiн!" нарадзiла. Вестка пра першую вялiкую паразу "Дранг нах Остэн" маланкай абляцела захутаныя ў глыбокiя сьнягi палi й гасподы, закаваныя ў лёд воды ды перабралася на захаднi бок фронту. Зусiм абыякавы да лёсу чужой i няпераможнай дагэтуль армii селянiн зьдзiўлена кiваў галавой, поўны недаверу.
   - Такая сiла, Божа мой! А глядзi во!
   Наўздагон нечаканай вестцы перапаўзьлi на захаднi бок агнявое лiнii й дэталi вялiкае бiтвы. Выявiлася, што шчодрыя дый цi не найбольшыя заслугi ў тым дужаньнi прыпiсвалiся гэтта ведамаму яшчэ з налеонаўскiх часоў генэралу Марозу. Гэта ён, казалi, а ня хто iншы спаралiжаваў магутную ваенную машыну, гэтак дбайна сплянаваную й выпрадукаваную там, дзе некалi змайстравалi вялiкую Бэрту.
   Зусiм накш выглядаў вялiкi паядынак асiлкаў паводля галасоў з таго боку, што апавядалi пра яго па радыё. Iшло тое тлумачэньне, вядома, калi не ад самой "Стаўкi" дык ад прапаганднага палiтадзьдзелу. Генэрала Мароза зусiм ня згадвалi, быццам ён у гэнай мясасечцы ўдзелу ня браў, затое перамога, як мага пераўвялiчаная, прыпiсвалася заслугам "доблiснай" Чырвонай армii дый перадусiм нiколi анi на калiва "непамыльнаму й генiяльнаму айцу народаў", таму самаму, каторы на працягу апошнiх пару гадоў вялiкi хаўрус iз "саюзнай Вялiкагерманiяй" дзяржаў i народнае дабро дзень i ноч туды пхаў. Такой iнтэрпрэтацыi вялiкай бiтвы денэрал Мароз, з прычыны натуры свае, нiяк ня мог запярэчыць, але гэта не азначала, што маўчаньне ягонае знакам згоды было.
   Няпрытарнаванай да зiмовай вайны зброяй надта не наваюеш, дый акалелыя ўжывальнiкi яе мелi-б мець цёплыя плечы й непадмарожаныя канцавiны. I тады пiльны зрок нямецкiх ваенных верхаводаў спынiўся на мясцовых жыхарох i спасьцярог кажухi. Умiг нарадзiўся клiч: кажухi на ратунак! А мясцовыя, як рэха гэнаму клiчу: кажухамi адбой генэралу Марозу!
   Апрануўшыся ў адопаведную канцылярную хворму, загад разросься й расплыўся па занятай зямлi. Нiякае ўзнагароды за кажухi акупант ня сулiў. Вынiкамi таго найлепшыя й найнавейшыя кажухi з рэкорднай хуткасьцю зьнiкалi ў зусiм тайных i бясьпечных месцах, быццам-бы да часу, пакуль распагодзiцца. Народ пераапранаўся ў латанае, абношанае-абшмулянае стар'ё.
   Нашто ўжо кемлiвы й выпрабаваны селянiн, але гэтта, казалi, крыху падшванкаваў, бо ўсё-ж даўся чужынцу скубануць. А на пацьверджаньне ў Лiтоўцах апавядалi, што быццам ня хто iншы, як сама дападлiвая пахатуха Кмiтава Аўдоля бачыла, як "на хронт" кажухi вязьлi. Ляцеў, бачыце, зусiм нiзка-нiзенька пузаты нямецкi самалёт якраз тады, як Аўдоля не за чапялу цi качаргу трымалася, а выбегла на двор паглядзець чаго доктараў сабачонак упрысядкi аж разбрахаўся. I трэба-ж... - Павер, мiлая ягодка мая, гэта-ж ляцiць, каб яго пранцы, гэты iраплан гэтак саўсiм нiзка. Дык вiджу, матляецца так, высунуўшыся праз вакно, рукаво ад кажуха. Гэта-ж Немiц, знаеш, на хронт назьбiраныя нашы кажухi павёз.
   Разумнiкi кпiлi, што акупанту ўдалося надта мала, дый то старых i палатаных кажухоў вымантажыць i што гэна стар'ё нянадта пасобiць "Дранг нах Остэн" пхнуць.
   Янук i Дуня ўжо добра пратоптанай лясной сьцежкай са школы дадому йшлi. На заходнiм небакраi вынырнула з-за хмараў сонца, умiг ператварыла сьнег i вакольную пушчу ў яркую, зьзяючую, цяжкую на вочы бель. Мароз прыемна скрыпеў пад падэшвамi. Сьцюжа праймала Янука праз палатаную, парудзелую тужурку-абносак. Адно прыемным цяплом трымалася на галаве палiняная вушанка. "Як разумна зрабiў, - думаў юнак, - што накруцiў на ногi ў дзiравыя боты болей анучаў". Забясьпечаная некалi камбедам Дуня Макатунiшка вызiрала зарумяненым марозам носiкам з башлыка цёплай, суконна сiняй тужуркi. А на нагах мела цёплыя валёнкi.
   У Януковым уяўленьнi стаяў гiсторык Сабалеўскi. - Для Палякаў, тлумачыў настаўнiк, - Люблiнская вунiя трыюмфам завяршыла дзясяткi гадоў натужанай працы iхнага клеру, магнатаў i шляхты. Як пасьля народ беларускi агледзiўся, для яго тая-ж вунiя, прымусам яму накiнутая, дамавiнай сталася. Яна шырака адчынiла Палякам дзьверы да калянiзацыi нашай бацькаўшчыны. Па ўсей зямлi нашай паступова й няўхiльна пачалi гаснуць агнi беларускай культуры, самастойнасьцi, нацыянальнага жыцьця, якое тады было...
   "Дамавiна". Слова настырлiва паўтаралася, пагражала.
   Вось дзе й калi яно пачалося. Адчынiлiся вочы, перад якiмi вырастала трагiчная панарама ўпадку вялiкага народу. Вiдаць, што заходнiя хiжакi доўга й старанна плянавалi й капалi магiлу, рыхтавалi дамавiну. Дый цi толькi заходнiя? Сабалеўскi-ж адно цяпер да Люблiнскае вунii дабраўся. А там далей з усходу дзяржыморда неўзабаве абаронныя ўмацаваньнi Вялiкага Княства Лiтоўскага праломiць. Пад нагайкай "чужака-дзiкуна" паўстане нязносны прыгон i павядуць на сьмерць гордых i непакорных найлепшых сыноў i дачок.
   - А чаго-ж ты, Янучок, так задумаўся?
   Заўсёды прыемны й мiлы голас Дунi, тут-жа праз вушанку, вярнуў яго да рэальнасьцi. Дзяўчына ўзяла яго пад руку, прыхiлiлася, а васiлькi вачаняты iз затоенай iскрынкай гарэзьлiвасьцi сквапна шукалi на Януковым твары прычынаў ягонай задуменасьцi.
   - Ды нiчога, - буркнуў адчэпнага Янук.
   - Ну скажы, скажы пра што думаў! - налягала дзяўчына.
   Блiзка былi ейныя вусны, тыя самыя, каторыя некалi ў канюшыне яго спакусалi. Але цяпер яны ня прынаджвалi, а быццам загадвалi.
   - Думаў аб Люблiнскай вунii, - адказаў Янук. - А яшчо болi пра дамавiну.
   - Ха-ха-ха! - разрагаталася дзяўчо. - А я думала, што ён... А чаму пра дамавiну?
   - Ну знаеш як Сабалеўскi казаў. Ты-ж на лекцыi была, мусiць-жа слухала.
   - Янучок, Янучок, я-ж табе казала, што як будзеш надта многа думаць, дык скора састарэешся.
   Голас лёгкi, жартаўлiвы, тварык ясны, марозiкам зачырвонены-прыкрашаны. Гэта ня тая частая надзьмутасьць i ня колкасьць у вачанятах-васiлькох. Здаецца, што знаеш яе ўсю, наскрозь, але вось адкрываеш новае ў наступным павароце...
   - Ты, Янучок, ня чуў колькi дзiравы шляхцiц кажухоў сабраў?
   Ад дамавiны да кажухоў. Зручны скок. Цяперашняе, калi навет i ня грэе, дык усё-ж цела блiжэй чымся халодная, даўная, з выразным прыцiскам Сабалеўскага, дамавiна. Роўным скрыпам гаманiў пад нагамi мароз, брылянтамi расьцьвiталi на галiнах азяблыя сьняжынкi. Аблiваючы ягоны твар цёплым дыханьнем, штурхала ў плячо Дуня.
   - Нi знаю. Вiдзiў, як зь нейкiм Немцам на развалках жабраваў. Да нас заходзiлiся, фiгу дасталi. А навошта мне ведаць?
   - Я ўчора да цёткi Вульляны забеглася, мацi мяне была па нешта паслала. Казала Вульляна, што ад яе адзiн кажух вымантажылi. Ды знаеш як? Прывёз ёй дзiравы шляхцiц паштоўку, што праз Чырвоны Крыж прыйшла, пра ейных сыноў-галубкоў.
   - Што ты кажаш? Дзяцюкi жывыя, абое?
   - А як-жа, жывыя. Дый разам яны сядзяць, значыцца ў адным абозе. Дык Вульляна так узрадавалася, - нi жарцiкi гэта, яна-ж вочы сабе за гэтыя гады выплакала! - што чаго таго Немца й дзiравага шляхцiца з радасьцi нi расцалавала. Таму, мусiць, лёгка было ад яе кажух вымантажыць.
   - Няўжо-ж...
   - Казала, што кажух гэны Паўлюкоў, ужо падношаны. Наце вам, кажа, кажух майго сына-галубка, нiхай вам Бог здаровейка дасьць за такую вестачку.
   - А ты паштоўку гэну чытала?
   - А як-жа. Зьверху нейкi "сталяг" i нумар яго, гэта значыць абоз палонных зазначаны. А пасьля якiх пятнаццаць слоў усяго, мусiць болей пiсаць нi даюць. "Дарагая мама. Мы твае сыны Антон i Паўлюк цяпер у лягеры пленных. Добра маемся, здаровыя, есьцi досiць. Нi бядуй, вернемся" Дый падпiсалiся. От i ўсё.
   - I напiсана, што "добра маемся"?
   - Ага. Я тры разы перачытвала, а Вульляна дык напамяць знаiць.
   - Можа так добра маюцца, як гэтыя ў Бярэзьвечах?
   - Што ты! Нi дай, Божа! Кажу, што чытала. Ды гэтыя-ж савецкiя, дык iх голадам мораць i страляюць, а яе-ж сыны былi ў польскай армii. Казаў яшчо дзiравы шляхцiц Вульляне, што польскiя палонныя ў нямецкiх лягерах каторыя, дык iм пасылкi зь ежай Чырвоны Крыж з Англii прысылаiць...
   - Дзякуй Богу за гэта. Кажаш, пiшуць, што вернуцца?
   - Ага, сама чытала.
   18
   Пазiраючы на "дзiравага шляхцiца" й Левандоўскага, што сядзелi на лавах пры стале ў Нiнiнай хаце, Антосю Дзеркачу навет ня трэба было ўгадваць, што яны, пэўне-ж, "нi так сабе ходзяць". Без патрэбы не завiталi-б да яго ў гэты засьнежаны пасьлякалядны дзень. Прыехалi собскай брычкай Паўлоўскага каля абеду. Значыцца, солтыс мусiў у Гацi паехаць, забраць новага фэльдфэбэля-каманданта, што на месца Бронхэра прыйшоў. Як i папярэднiк, гэты таксама фольксдойчам быў, папольску нядрэнна гаварыў, дзесьцi з Памор'я паходзiў.
   Чаго яны прыехалi? Хутка шыла зь мяшка вылязе, разважаў Антось. А вылезьцi яму паможа вунь тая пляшка сiвухi, якую Антось на стол паставiў. Хоць сам на гарэлу не ляцеў, жыцьцёвая практыка падказала, каб яе на ўсякi выпадак трымаць, як мясцовыя казалi, - "каб калi ад чарцей адкупiцца"...
   Нiна ўвiхалася ля плiты, пад якой буйным агнём заняўся хвораст. Жанчына вялiкiмi скрылямi рэзала сала, што вось неўзабаве засквiрчыць на патэльнi, прыемным пахам будзе дражнiць моздры. Ад таго часу, калi Нiна й Антось цудам вырвалiся з бальшавiцкiх лапаў i вярнулiся дамоў, яны жылi разам, загаспадарылiся. Антось узяў ад бацькi невялiкае сьвiнчо, якое пры доглядзе руплiвай гаспадынi вырасла на добрага парсюка. Перад Калядамi яго закалолi й такiм чынам завёўся рэдкi ў гэны ваенны час "шпэк", за якiм бесьперапынна валачылiся па вёсках чужыя прыблуды.
   - Але й баба ў цябе прыгожая! - усклiкнуў Левандоўскi й зусiм бясцырымонна прыглядаўся жанчыне.
   Нiна належала да тых вясковых красак, якiя часта ў зарослым лебядой агародзе не дагледзiш. Яна ўвыдатнялася сьцiплай, упарадкаванай, утрыманай красой. Не дарам-жа некалi Паўлюк Бурак на яе палакомiўся. Колькi разоў мяркаваў Антось як выглядала-б жанчына, калi-б прыаздобiць яе ў нешта запраўды дарагое, зьзяючае, скажам у якi якi цэнны шоўк цi дыяманты. Адылi бачыў, што што прынаднасьць ейная ў сьцiпласьцi ляжала. Недарагое й простае, - трант цi неданосак, - умела перашыць, дапасаваць да свае фiгуры, якую запраўды маглi-б песьнямi вялiчаць паэты красы. Жанчына зь дзявочаю постацяй, яна ўсё яшчэ пра першае дзiця марыла. Схавайцеся перад ёю непадстрыжаныя авечкi: хвядосавы манькi, брунiськi, макатунiшкi. Не дарма за ёю бесьперапынна дзяцюкi цiкавалi. Зiрнi хаця-б на гэныя пушыстыя мяккiя каштанавыя валосы, ружовай касынкай перавязаныя ды зiрнi на румяныя шчокi цi вусны, быццам для пяшчоты створаныя. А ў тых сiня-шэрых, вялiкiх i пранiклiвых вачох часамi паказвалася цьвёрдасьць, мяжуючая з крыўдай. Гэта, пэўне-ж, спадчына цяжкое дарогi, якая, калi-б ня перашкодзiла вайна, прывяла-б праз бальшавiцкiя вязьнiцы й канцлягеры да магiлы. Але на зьмену цьвёрдасьцi прыходзiла лагоднасьць i тады Антось пазiраў у вочы каханай жанчыны й жыў асалодай гаючага супакою.
   Пакуль Дзяркач удумках зарэагаваў на словы новага каманданта, той борзда ўстаў з лавы, падыйшоў да Нiны ля прыпечку, правай рукой прыгарнуў яе да сябе, нахiлiўшы сваю галаву да ейнае. Чорныя вусiкi апынулiся зусiм блiзка Нiнiных вуснаў.
   - Гавару, што панi вельмi прыгожая. Як завешся?
   Такое неспадзяванае панiбрацтва зьдзiвiла гаспадыню, але яна зусiм не зьбянтэжылася. У сваiм жыцьцi, бяз сумлеву, бачыла цi мала нахабнiкаў i гэты чарнавусы ня быў навiною. Яна спрытна крутнулася, вышмыгнула з учэпiстай палiцыянтавай рукi. У левай руцэ трымала кавалак сала, а ў правай вялiкi нож i пазiрала Левандоўскаму проста ў вочы.
   - Паночак, вы што гэта? Рукi пры сабе дзяржыце!
   Голас цьвёрды, войстры. Зiрнула на Антося i ў гэным позiрку, здаецца, дакор: паглядзi як ты на такое дазваляеш!
   Антось зьбянтэжыўся. Як ты спынiш дзiкуна, калi ён - улада, ды ў тваей хаце да тваей каханай дабiраецца?
   - Але-ж панi мае й характар, фу! Агонь! - зьдзiвiўся, як апечаны, палiцыянт. Ён адыйшоўся ад Нiны й пачаў спацыраваць па хаце. Наступiла нязручнае маўчаньне, адно Нiна, умiг паспакайнеўшы, падыйшла да прыпечку i ўзялася за перапыненую палiцыянтам работу. Дзяркач мяркаваў, што не да яго належала iнiцыятыва гутаркi, таму ўважна прыглядаўся новаму каманданту.
   Быў гэта чалавек сярэдняга росту, шчуплы, з вайсковай вытрымкай i крокам, якi вандраваў, вiдаць, шматлiкiмi й далёкiмi дарогамi. Ведаў, добра ведаў Антось гэты крок. Ды ён-жа й сяржантам, цi, як панямецку, фэльдфэбэлем быў. Цi мала мог новабранцаў паганяць. З выгляду яму трэба было саракоўку, дадай цi аднiмi год, - даць. Пад носам разьмясьцiўся цёмны паясок каротка абстрыжаных вусаў, а на дробным твары найбольш рухлiвымi былi вочы. Яны рэдка спынялiся, здаецца, на адным пункце. I выглядала, што рэдка калi на цябе пазiралi, а заўсёды абмiналi твае вочы. Спад чорнае пiлёткi тарчэла густая чорная грыва валасоў. На гэтым шчуплым, худаватым чалавеку гладка ляжаў добра дапасаваны чорны мундзiр. Вiдаць, што каманданту на добрага краўца пашанцавала. На нагах у яго былi абшытыя скурай, зграбныя, лепшай якасьцi валёнкi, магчыма, што "трафейныя".
   У яго жэстах, паваротах i гутарцы вычуваўся аўтарытэт, упэўненасьць у сябе й няведама колькi да гэтага спрычыняўся ў чорнай кабуры Люгер.
   - Пан солтыс расказаў мне пра вас, - гаварыў Левандоўскi, спацыруючы. Выцягнуў зь кiшэнi залатую папяросьнiцу, паважна, быццам нешта абмяркоўваючы, выняў папяросу й круцiў яе мiж пальцаў. Пстрыкнуў запальнiчкай i зацягнуўся першым глытком табачнага дыму. - Так, пане, я вас крыху знаю. Вы дэзэртыравалi з польскага войска?
   Пытаньне зусiм неспадзяванае. Левандоўскi спынiўся насупраць Антося, а рухлявыя вочы затрымалiся на Дзеркачовай барадзе.
   - Нi дызыртыраваў я, - спакойна адказаў Антось. - Проста ў войска нi папаў.
   - Гэта як так?
   - Падарозе ў войска згубiўся, - тлумачыў дзяцюк.
   - Гэта значыць, што вы за Польшчу не хацелi ваяваць, калi вас мабiлiзавалi? Цi-ж ня так?
   Цяпер камандант пiльна ўзiраўся ў Антосеў твар. Дзяркач, быццам тое не да яго адносiлася, тупа пазiраў на гэтага чалавека ў чорным, адгадваючы што можа скрывацца ззаду за такiмi пытаньнямi. Ён нiчога не адказаў на апошняе пытаньне й Левандоўскi падыйшоў блiжэй. Ад яго несла адэкалёнам.
   Пах скварак i яек квялiў насы. Нiна застаўляла стол пасудай, прынесла хлеб, шыткаваную капусту, агуркi.
   - Запрашаю за стол, - зьвярнулася яна да каманданта й солтыса.
   Не чакаючы прынукi, Паўлоўскi падсунуўся да краю стала, Левандоўскi зiрнуў на недакурак у руцэ, падыйшоў да печы i ўкiнуў яго ў прысак, а пасьля ўсеўся ля стала пад абразамi. Антось адразу прапанаваў выпiць. Запрашаць два разы ня трэба было. Левандоўскi пiў нагбом, нават ня моршчачыся для чужога вока. Самагонку пахвалiў, але ня пытаўся чыей была прадукцыi. Надзiва маўклiва трымаўся Паўлоўскi, што здалося Антосю крыху нязвычайным.