- Як гэта ты сказаў? Гет...
   - Гетто. Гэта нямецкае слова. Як-бы па-нашаму сказаць - загарадзь; замкнутая цi адгароджаная часьць гораду цi мястэчка. Тамака зьбяруць усiх Жыдоў i дзiржаць пад вартай iх. Ганяюць на работу. Значыцца, волi Жыды нiякай нi маюць, яны саўсiм пад кантроляй.
   - Гэта Палякi так расказвалi? Дзе гэта так ёсьць?
   - У Варшаве, Лодзi ды ў другiх гарадох. Сюды-ж прыяжджаюць нiкаторыя Палякi, што працуюць на чыгунцы, дык от яны й прывозяць такiя навiны.
   - А тутака ў дэпо хто цяпер працуiць?
   - А ну тыя, каторыя й раней. Вядома, Немiц гаспадарыць. Кажуць, што нiкчэмныя заработкi. Дый наагул гэта ўсё часовае. Яно поўнасьцю выясьнiцца, як цывiльныя ўлады прыйдуць. А тымчасам вось што: трэба быць асьцярожнаму, каб у нямецкiя рукi нi папасьцiся. От скажуць, што ты камунiст, пакажуць пальцам на цябе. Каторы Немiц схопiць i бяз суду, браток, шлёпнiць цябе. Чакай, можа й табе трэба было-б аўсвайс узяць?
   - Што гэта такое?
   - Гэта дакумант, пасьветка, выданая Немцамi. Часам, калi зловяць, от, скажам, якi ваенны патруль цябе задзержыць, дык трэба iм аўсвайс паказаць. Але, братка ты мой, ня ведаю, цi табе дадуць яшчо. Даюць толька тым, што для iх працуюць. От мне таксама далi, бо лiчаць мяне як пастаўшчыка гароднiны для iхных кухняў. Я распытаюся й табе пасьля скажу. Ты знаеш, Антось, от што, давай умовiмся: калi ў вас што цiкавага, дык паведамi мне, акалi ў нас нешта важнага дык я вестачку табе пашлю. Добра?
   - Так i трэба.
   - Але ведаеш, Антось, калi сам нi маеш часу цi што, дык ёсьць там у вас хто-небудзь iншы, якi хлапец, скажам, каб сюды падбег да мяне? Ну можа якi школьных гадоў?
   Антось падумаў.
   - Бахмачова Янука знаеш?
   - Знаю. Ён з маiм пляменьнiкам Загорным раз да мяне заходзiў. Гэта некалi ягоную цяжарную матку гэты басяк Бжончэк у лесе забiў. Так?
   - Так. Гэты хлапец мае галаву на плячох, яму можна давяраць.
   - Дык вось i дамовiлiся. А я буду тут вушы й вочы адчыненымi дзiржаць. Калi пачнецца почта, прыйдуць якiя газэты, ясьней усё будзiць. А тымчасам, кажу яшчо раз: асьцярожна. Асаблiва трэба глядзець што паляч'ё вырабляiць.
   Антось устаў.
   - Але-ж я, братка, i заседзiўся. Трэба, мусiць, пад дом мне. Дзякуй за ўгашчэньне.
   - А вось, яшчо адно. Забыўся ў цябе спытацца: дзе-ж Лявон Шпунт падзеўся?
   - Я яго ня вiдзiў ад часу калi вярнуўся. Ты-ж чуў, што са мной было?
   - Нi саўсiм. Ты лепi пасядзi, раскажы. Чорт яе ня возьмiць, работу гэту. Усяроўна забяруць дабро, чэрцi нямытыя. А мне аднаму й так даволi.
   Антось зноў прысеў, прыглядаўся спрацаваным шорсткiм рукам Кастусёвым, а думкi ягоныя вярнулiся да таго мамэнту, калi апынуўся ў Бярэзьвiчах. Паволi расказаў сябру прыгоды ў няволi. Час ад часу Падгайскi ўкiдваў трапнае пытаньне. Пры гэткай гутарцы прасядзелi яшчэ добры кавалак часу. Задуманы аграном раптам устаў.
   - Знаеш што, Антось, браток, усё гэта надзвычайна цiкава, але ўжо вiдзiш, сонца на захад хiлiцца. А тутака ў нас пасьля захаду сонца хадзiцьь няможна. Прыстрэлiць могуць. Дык, братка, нi выганяю, але...
   - Чаму-ж я пра гэта нi падумаў? - схапiўся Антось. - Добра, ужо йду.
   - Хвiлiнку, от што: пастарайся, братка, шапнi там на вуха аднаму цi другому ў сваёй вёсцы, каб муку, збожжа, яйкi, скаромiну дзе схавалi. Гэта нямчура, знаеш, налёты робiць. Паедуць дзе на вёску, пазьбiраюць каляскi, нарабуюць, колькi змогуць, i сабе цягнуць. Гэтак нi раз было ўжо. Дык от скажы гэта людзям, будзь добры. Ну табе ўжо пара.
   Кастусь выцягнуў на разьвiтаньне руку.
   - Дзякую за перасьцярогу й за гасьцiну. Бывай, - разьвiтаўся Антось.
   8
   Крокаў пяць ззаду за бацькам, Янук намагаўся роўна прыцiскаць касой, трымаць рытм i раўняцца на бацькаў пракос. Касiць даводзiлася й раней, але нiколi, здавалася, ня йшло на вытрымку з суседзямi. Гэтай нялёгкай для юнака працы не памагала няпэўнасьць. Накш касiлася на сваiм собскiм, а зусiм што iншае калi няведама на чыiм.
   Пераз плячо Пракоп Бахмач аглядаўся на сына, падахвочваў яго. Ня першы раз гнаў Янук пракос усьлед бацьку i ўмеў ўжо ўгадваць яго па рухах, асаблiва па тым, як трымаў Пракоп галаву, навет па касмылi валасоў, што коскай зьвiсалi над вухам. Бацька касiў заядла, з напорам. I вось неўзабаве, - ведаў гэта Янук, - на плячох, мiж лапатак, празь сiня-бледную кужэльную бацькаву кашулю пакажацца пляма. Спачатку авальнае хвормы, яна пачнець шырэць i распаўзацца. Гэта пот. Пасьля плямы з поту з падпахаў спалучацца з гэта з плеч i ўжо зусiм спацелую кашулю ськiне пасьля бацька на траву, адсапнецца, выцершы рукой лоб i бровы ды далей насядзе. I скажа: Дзякуй Богу за пагоду. Трэба насядаць, каб у добрую пару...
   Янукова каса роўна ўядалася ў густую траву вялiкага лiпавiцкага лугу. А воддаль, направа йшлi iншыя касцы зь Лiтоўцаў: Тодар Кмiт, Уладзiмер Пятух, Якубаў Васiль, Брунiська й найблiжэй да iх Антось Дзяркач. Там, пэўне-ж, неўзабаве яшчэ iншыя падскочуць. Хто першы ступiў на гэты луг? Брунiська, кажуць. Тут-жа яму адно перазь мяжу. Нi зь кiм не параiўшыся, прыбег на калiшнi панскi, а пасьля саўгасны луг раней за ўсiх. Пачуўшы, наважылiся й iншыя, ды ўжо дружней высыпалi на сакавiтую сенажаць. Пакуль там новая ўлада дабярэцца дык сена ў гумнах апынецца. Людзi з суседнiх вёсак касiлi на iншых калiшнiх панскiх лугах.
   Саўгасныя працаўнiкi, каторыя жылi тут i якiм ня было куды йсьцi, прыглядалiся, што адбывалася, а некаторыя для сябе касiлi. Нямецкiя ваенныя ўлады забралi шмат жывёлы, зрабавалi рознага дабра. Навет пастух Хвядос, ня маючы чаго пасьвiць, трымаўся дзесьцi наседжанага кута i ўжо ня вiтала ўсходу сонца ягоная бяроставая труба. Тымчасам ня было яшчэ нямецкага загаду адносна гаспадаркi зямель.
   Чырвонае сонца выкацiлася з-за грэбня балотных зарасьнiкаў на ўсходзе, весела закукавалi ў Гаравацкай пушчы зязюлькi ды старэчым буйным чубам прыглядаўся ваколiцы, ледзь шэпчачы лiсьцямi, на Гараватцы гiгант Архiп.
   - Дзякуй Богу за залаты дзянёк, добра во падсушыць, - памяркоўна, з задавальненьнем сказаў Пракоп, уторкнуўшы ў зямлю касавiла. Ён дбайлiва, жменяй скошанай травы выцер лязо ды выцягнуў зь кiшэнi зьлiзаны па канцах брусок. - Павайстры, сынок. Маладзец ты, роўна пракос дзяржыш.
   Падахвочаны юнак паставiў касу. Ягоны брусок - маленькi язычок трывожыў яго. Трэба надта высьцерагацца, каб, замахнуўшыся iм, не чарахнуць рукой па вастрыю касы. Бацька ўчора яе добра выкляпаў, а сакавiтая раса й роўны луг як нельга лепш аблягчалi працу. Бахмачы пачалi зь вялiкiм размахам косамi ўядацца ў траву. Раса сьвяжыла босыя ногi, што пакiдалi на скошаным роўныя сьляды. Зоркамi сьвяцiлiся маленькiя кроплi на сьцяблiнках, а пах сьвежа кошанае травы казытаў ноздры носу.
   - Як ты, тата, думаеш, колькi мы можам скасiць?
   - Ды во.., - спынiўся бацька, - цяжка сказаць. Хто скарэй i болi скосiць, таму й будзiць.
   Ён зiрнуў направа, дзе воддаль, з посьвiстам, касiлi iншыя.
   - Старайся, сынок, каб хоць на пару вазоў было. Свайго-ж, ведаеш, што кот наплакаў.
   I Янук пачаў нацiскаць што моцы, каб ад бацькi не адставаць. Калi брат Мiкола ў той час, калi сонца ўжо вышэй Архiпа ўзьлезла, прынёс у абвязанай ручнiком глiнянай мiсцы цёплую вараную бульбу з пахучым укропам, пару добрых скварак ды ў асобным збанку кiслае малако, бацька аблiчыў з задавальненьнем, што ладны кавалак лугу зваявалi. Усё-ж не бяз трывогi зiрнуў ён на суседнiх касцоў.
   - От каб нам да гэнага лазьняку ўсьпець, - кiўнуў галавой убок, бяручыся за сьнеданьне. - Трэба сьпяшыць, пакуль сонца расу згонiць, бо тады цяжэй будзiць.
   Да iх з таго боку ад касцоў нехлямяжа, пераступаючы валы сена пракосаў, зблiжаўся Антось Дзяркач. Ён, вiдаць, таксама нядрэнна нацiскаў, бо пот выступiў палосамi праз крамную кашулю сьпераду. Ад часу вяртаньня "з таго сьвету" ён пагладзеў, вярнулася даўная ўпэўненасьць i навет калiшняя поўная гарэзьлiвая жартаўлiвасьць, так добра ведамая вясковым дзеўкам.
   - Здароў, дзядзька Пракоп! - гукнуў здалёк. - Здаровы сыны. Памажы вам, Божа!
   - Памажы, Божа, працаваць цi есьцi? - пажартаваў Пракоп. - Здароў, Антось. Можа во прысядзеш пiракусiць?
   - Ды не, дзякую. Узяў я з сабой нешта ў торбачку. Пiракушу, як пару пракосаў яшчо праганю. Ды нацiскаць трэба, бо дзень залаты... А як вам косiцца?
   - А, нiчога... Янук надта добра памагаiць. На пару вазоў, думаю, справiмся, калi нi наляцiць хто...
   Пракоп з пытаньнем зiрнуў на Антося.
   - Ну Янук у вас маладзец. Дзяцюк ужо!
   Янук аж падрос на вачох у Антося.
   - А адкуль-жа маiць наляцець? - спытаў Пракопа Антось.
   - Ды хто iх ведаiць... Сам ня чуў нiчога? Можа во быў дзе?
   - Дык я-ж во дзiля гэтага, можна сказаць, да вас прышоў...
   - А што? - падняў Пракоп галаву, спадзяючыся навiны.
   - Быў на днях у Падгайскага Кастуся. Разгаварылiся...
   - Ага, нi i як ён?
   - Так сабе, дзержыцца. Немiц у яго проста загаспадарыў, гароднiну забiраiць...
   - Як гэта забiраiць? Задарма?
   - Ды даець яму квiткi й кажыць, што калi цывiльная ўлада прыйдзiць то заплацiць яму тады за ўсё.
   - Цывiльная? Калi гэта?
   - Дык яны-ж нi кажуць. От фронт пасунiцца на ўсход, дык тады цывiльныя прыйдуць... Ну, алi пра гэта доўга гаварыць, можа пагаворым як свабадней будзiць, можа па захадзе сонца.
   - Чаму-ж не, зайдзiся, Антось. Надта ўсё гэта цiкава, што табе Падгайскi мог сказаць. Яму там да Немца блiжэй, лепi вiдаць.
   - Добра, можа зайдуся. Алi цяпер, дзядзька Пракоп, хачу пiраказаць вам што мне Кастусь казаў. Шапнi, кажа, там нашым на вуха, каб якую скаромiну, муку, яйкi, птушку, ну ўсякае дабро пахавалi, бо Немiц на вёскi налёты робiць, мужыкоў абiраiць. Дык от, кажыць мне аграном, нiхай прыхiнуць што якоя могуць. Гэдак i сказаў, а ўсё болi самi дадумацца можаце. Аказваецца, што як наляцiць войска, дык пазабiраiць конi з вазамi, награбiць усякага дабра й сабе валачэць...
   - Ну а што зробiш, як прыедуць? Усяго нi пахаваеш. Тыя чэрцi паабчышчалi, каб iх зiмля нi насiла, а цяперака гэтыя бяруцца...
   - Знаю, знаю, але зразумей, што нямецкiя налёты, гэтыя хапу-лапу робяцца ваеннымi, дык i бяда таму, каго абчысьцяць. Бо як прыйдзiць цывiльная ўлада дык тады й падаткi будуць.
   Мужчыны змоўклi. З захаду на чыгункай пачуўся гул, ён рос i прыблiжаўся, неўзабаве ў сьвятле раньняга сонца зазьзяла вялiкая сярэбраная група бамбавiкоў. Касцы паднялi ўверх галовы.
   - Зноў лятуць кляваць! - усклiкнуў Антось.
   - От сiла! А дзе-ж бальшавiцкiя падзелiся? - пытаўся Янук.
   - Добра, што нячыстая сiла ў штаны напусьцiла. Так iм i трэба! - злосна сказаў Антось.
   - Ах, Божа ты мой! - уздыхнуў Бахмач, устаючы ад сьнеданьня. - Нiвядома яшчо, што гэтыя во пакажуць, чым вайна скончыцца. Нiхто дабра нам нi прыносiў...
   - Добра, дзядзька Пракоп, пагаварыць пагаворым, - усхапiўся Антось, але я мушу назад да касы...
   - А бацька нi памагаiць?
   - Занямог нешта.
   Антось зрабiў крок, другi й спынiўся. - I з табой, Янук, хачу такжа пагаварыць, - сказаў.
   - Са мной? Пра што? - зьдзiвiўся Янук.
   - Ды... посьля... Цяперака нiма часу. Увiдзiмся.
   I пасьля гэтых слоў Дзяркач раптоўна рушыў да сваей, уваткнутай воддаль у скошаны луг касы. Непадалёк яе крочыў, грацыёзна падымаючы доўгiя ногi, быццам каб не замачыцца, прыгожы рослы бусел. Ён нешта злавiў у дзюбу, падняў галаву, праглынуў i пазiраў на Антося, якi шпарка прыблiжаўся. З павольным узмахам крыльляў падняўся, зрабiў вялiкi круг i прызямлiўся ля хмызьняку над канавай. Пастаяў, глянуў навокал ды ўзяўся прадаўжаць сваё паляваньне.
   Мiкола ўзяў пасуду.
   - Чуў, Мiкола, што Антось казаў? Сёе-тое трэба будзiць схаваць, прыхiнуць, - казаў Пракоп сыну.
   - Ага, трэба.
   - Ды чорт яго знаiць што й куды, - задумаўся Пракоп. - Ну ладна, iдзi дамоў i там, за гаспадаркай глядзi.
   Янук узяўся за касу й задумаўся: пра што хацеў пагаварыць зь iм Антось Дзяркач? Часам здавалася яму, што цяперашнi Дзяркач i ранейшы - гэта два апрычоных чалавекi. Колiшнi жартаваў, сваволiў, часта над такiмi падлёткамi, як Янук, зьдзекваўся, сур'ёзна да iх не гаварыў, ад сябе гнаў. Ад часу вяртаньня з бальшавiцкае вязьнiцы Антось выразна спаважнеў, стаўся больш памяркоўным, задуманым, на слова ашчадным. I цi тая гаворка, якую прыабяцаў, мела што супольнага зь вiзытай да Кастуся Падгайскага, пра якую во толькi што бацьку згадываў? А калi так, то чаму якраз меў зь iм, Януком, пра яе гаварыць?
   - Ну ты, сынок, што, ужо стамiўся? - спытаў бацька. - Давай нацiскаем. Вiдзiш-жа, што час нi стаiць.
   Янук падумаў, зiрнуў на бацьку. Яго ня трэба было два разы спанукаць. Хуткiм крокам пайшоў да касы i ўзяўся яе вайстрыць.
   9
   Янук сядзеў на Гараватцы ля дуба Архiпа i яшчэ раз намагаўся прыгадаць гутарку, што меў з Антосем Дзеркачом. Калi-б ня тая гутарка, а асаблiва нешта недаказанае, навет цi не таямнiчае ў ёй, не сядзеў-бы ён тут, не чакаў-бы на тое, калi-ж нарэшце асочыць Лявона Шпунта.
   - Ты, Янук, братка, паслухай мяне, дык нi пажалееш посьля. Ты i я добрая пара. Прыдзiцца нам многа чаго разам рабiць. Павер мне, я ўжо цi нi два разы сьмерць абхiтрыў, ведаю што гавару. Ня будзiш каяцца, кажу табе. Гэтага-ж басяка, каб яго зiмля нi насiла, знайсьцi трэба, пакуль з рук ня высьлiзьне. Дык як?
   Антосевы вочы шчырасьцю зьзялi. Сядзелi на крушнi каменьня на мяжы мiж жыта. Далей, у доле вiдаць была разложыстая, пышная шыпшына. I здавалася, што ўвесь сьвет замкнуўся ў рамкi хараства жыта, якое канчала налiвацца, васiлькоў, што духмянасьцю нос казыталi, шыпшыны, што валадарна на шырокай мяжы загаспадарыла. I яшчэ дзесь уверсе траляляў жаўранак i веяў, няньчачы посьцiлку нiвы, млявы вецер.
   Хлапец мяркаваў, што Дзяркач зьмянiўся. Прайшоўшы столькi лiхалецьцяў, - насамперш уцёкi з польскае мабiлiзацыi, пасьля-ж вяртаньне "з таго сьвету" бальшавiцкае вязьнiцы, - гэты дзяцюк быў куды хiтрэйшым i вытрывалым, чымся iншыя, што навокал хат сваiх бiбiкi зьбiвалi. I ўжо калi ён што шчыра гаварыў, варта было слухаць.
   - А што ты хочаш з гэным басяком рабiць? Нашто ён табе?
   - Пагаварыць зь iм...
   - Пра што?
   Антось скоса зiрнуў на Янука, быццам хацеў сказаць: замнога знаць будзеш, скора састарэешся.
   - Ты знаеш хто мяне ў цюрму пасадзiў?
   - Бальшавiкi, хто-ж...
   - Колькi iх? Адзiн, тысячы? Хто зь iх?
   - Ну дык хто? Лявон?
   - Ясна, што ён. Таму-ж i хаваецца, бо мяне баiцца.
   - Дык лягчэй пайсьцi й Немцам наказаць, яны яго возьмуць. Ён-жа камунiст...
   Антось сарваў колас жыта, расьцёр яго на далонi, узяў пару зярнят у рот i пажваў.
   - Ужо налiлiся, цьвярдзеюць, - сказаў. - Думаў я i аб гэтым. Ды пакуль там якi Немiц, я сам хачу гэтай брыдзе ў рашку плюнуць. Дый цi толькi плюнуць! Цi ты знаеш, колька гэты басяк бальшавiцкiмi рукамi нашых людзей зглумiў, каб яго гром ня мiнуў? Гэта нячыстая сiла нi маiць права па нашай дарагой, iм апаскуджанай, зямлi хадзiць, ён на пятлю заслужыў.
   Лагодна гойдалася жытняе калосьсе. З другога боку крушнi пырхнула плiска й пачуўся пiск птушанят. Убачыўшы людзей, птушка адляцела, прысела на камень воддаль мяжы.
   - Глядзi, во плiска, мусiць тут гняздо, малыя пiшчаць. Адыйдзем, сказаў, устаючы, Антось.
   Усталi, пайшлi шырокай мяжой i спынiлiся побач буйнага куста шыпшыны.
   - Як ты, Антось, кажаш, што ён нашых людзей глумiў? Ну на цябе данёс, а на каго яшчэ? - пытаўся Янук. Яму яшчэ ня верылася, што Антось, якi так нядаўна, - год назад, прыкладна, - на ўвагу яго ня браў, цяпер гэтак шчыра й адкрыта зь iм гаварыў. Дый пра якiя важныя рэчы!
   - Ён-жа, Косьцiк i Павалiцкi Хвёдар, - гэта адна басяцкая банда. А ты-ж ведаеш, што яны пры бальшавiкох рабiлi?
   - Ага... А дзе Павальiцкi Хвёдар?
   - Нi знаю. Можа з гэтым басяком дзе.
   У Антосевым голасе чулася нотка нецярплiвасьцi. Янук перастаў насядаць з пытаньнямi. Здавалася, што Дзяркач i бязь iх раскажа яму ўсё, што патрэбна было ведаць. I запраўды дзяцюк паiнфармаваў Янука, хаця даволi агульна, пра тое, што дзеiлася ў Гацях, што даведаўся ад Кастуся Падгайскага. Асаблiва зацiкавiлi Янука аграномавы мяркаваньнi пра тое, што могуць пачаць рабiць Палякi, каб выкарыстаць для сябе Немцаў i як гэта можа прынесьцi шкоду Беларусам.
   - А пра якiх Палякаў Падгайскi гаварыў? - захацеў удакладнiць Янук.
   - Ды якiх-жа... Тых, што ў Гацях i ваколiцах асталiся, значыцца падонкаў усякiх, што на нашых людзей нажы войстраць.
   - Дык гэта значыць, можа й такiх, што я iх знаю, можа з каторымi ў школу хадзiў?
   - Во, а чаму-ж не. Але гэтыя яшчо маладыя. За старэйшымi сачыць трэба.
   - Яй-Богу гэта можа быць! - сказаў з нацiскам на апошняе слова Янук.
   - Што такое? - спытаў Антось.
   - А тое, што Палякi Немцам могуць служыць. Я-ж вiдзiў як гэтыя пшэкi, павыходзiўшы ў Гацях на вулiцу, Немцаў вiталi. Знаеш што, Антось? Наслухаўшыся ў iхнай школе пра iх патрыятызм i проста дзiкую нянавiсьць да Немцаў, нiколi не паверыў-бы, каб ня вiдзiў на свае вочы...
   - Дык ты паможаш мне, цi не?
   - А што табе памагчы? - хацеў упэўнiцца Янук.
   - Гэтага прадажнага юду знайсьцi.
   - Скажы мне, чаму сам проста ня пойдзеш да iх у хату й нi папытаеш? Можа ён там сядзiць i цябе жджэць...
   Антосеў твар спахмурнеў. Здалося Бахмачу, што гэта той, калiшнi Дзяркач, што зараз-жа, бяз цырымонii, возьме цябе за галёнкуй швырне ўбок. Але Янук памылiўся.
   - Ну ты ня сьмейся зь мяне, - мiльганула грымаса на Антосевым, твары. Я ўжо хадзiў. Сказалi, што нiма й нi знаюць дзе ён...
   - I ты iм паверыў?
   - Ды не. Хлусяць.
   Янук уважна глянуў на Антося. Дзяцюк пазiраў на яго бязь хiтрасьцi, як добры сябра цi брат. Хлапец ня сумляваўся, што Антось запраўды патрабаваў ягонае помачы. А калi так, дык як-жа адмовiцца? Ён нагнуўся й сарваў у жыце кветку васiлька. Не сьпяшыў з адказам, абрываў з васiлька пялёсткi. Дзесьцi непадалёк узьляцеў i зазьвiнеў жаўранак
   - Што ты хочаш, каб я зрабiў? - зiрнуў Янук Антосю ў вочы. - Дый ты-ж знаеш, што я бацьку мушу на полi памагаць. Дык як з гэтым?
   - Ты нi бядуй. Я з бацькам пагавару i яму адраблю, як трэба. У мяне таксама праца на полi чакаiць. Але гэта работа першая. Дзень, два, i мы яго, басяка, зловiм. А тады...
   - Што тады?
   - Увiдзiш...
   Найлепш сачыць Шпунтову гаспадарку было з Гараваткi. Калi чаго ня вiдаць спад дуба Архiпа, можна было няпрыкметна, каб ня трапiць на вока iз Шпунтовае хаты, абыйсьцi навокал на супрацьлеглы канец сугра й адтуль прыглядацца. Янук вось цяпер i мяркаваў, цi не пайсьцi ў той бок паўз пахiлены, шашалем паточаны крыж i знайсьцi iншы назiральны пункт. Адылi, рашыўшы, што "абое - рабое", прадаўжаў сядзець пад Архiпам. Антось прасiў яго, каб спасьцярог i пасьля пераказаў яму пра ўсялякую актыўнасьць вакол Шпунтовае гаспадаркi, няхай сабе, на ягоны погляд, няважную, нязначную, маленькую, дый ня толькi дзеяньнi людзей, але, прыкладам, i сабакi: калi й на каго забрахаў, ля каго ацiраўся, цi навет куды пабег. Антось, вiдаць, мяркаваў, шро сабака можа зрадзiць сховiшча Лявонава.
   Нiколi раней ня меў Янук такога паважнага заданьня. Але, каб здабыць для Антося якiя-небудзь iнфармацыi, трэба было быць надзвычайна ўважлiвым. Канкрэтна, зусiм нельга было дазволiць, каб увага твая адбегла ў якi-небудзь iншы бок, каб праваронiў якую-небудзь дробязь, што можа аказацца для Антося надзвычайна важнай.
   Седзячы пад дубам Архiпам, Янук хутка ўсьведамiў, што сачыць ня было так лёгка. Думкi несьлi яго ад Шпунтовай гаспадаркi. Прыйшла вайна, было пра што думаць. А вунь лёгка-блакiтнае, зь вясёлай усьмешкай неба раськiнулася гэт за далёкую, iмглiстую йстужку Гаравацкае пушчы. Сонца ўжо добра паднялося, ападала раньняя раса й надыходзiла дзённая сьпёка.
   Навокал Шпунтовае гаспадаркi нiчога асаблiвага не адбывалася. Стары Шпунт хадзiў па ваду, Шпуньцiха даiла карову, накармiла сьвiньчо, кышкала на курэй, паiла цяля. Шпунт наважаў на поля каня, спутаў яго, пастаяў, паразглядаўся, пусьцiў карову ў загарадзь. Перастаў дымiць комiн i на некаторы час ацiхла. Сьнедалi, вiдаць. А дзе мог быць Лявон?
   Януку надта хацелася натрапiць на Лявонаў сьлед, прыслужыцца Антосю. Дый сам Янук за зьдзекi над бацькам на Лявона злаваў. У вушах гучэлi Дзеркачовы словы: "ты i я - добрая пара. Прыдзiцца нам многа чаго рабiць разам." Янук добра ведаў, што Антось слоў на вецер ня кiдаў. Ведама-ж, памятаў Янук яго як калiшняга вясковага гарэзу, што дзеўкам праходу не даваў i з усiх iншых пакпiць любiў. Але што iншае, калi Антось гаварыў сур'ёзна, так як учора да яго. I прачынаўся тады ў Януку прыгоднiк, якому шмат чаго бачыць, перажыць на гэтым сьвеце хацелася. Да гэтага-ж часу нiкуды надта ад дому не адлучаўся. А цяпер, вайной, магчыма й адлучыцца ад роднай хаты.
   I думаў яшчэ Янук, што, каб асачыць Лявона Шпунта, цi мэтазгодна адно спад дуба Архiпа Шпунтовай гаспадарцы прыглядацца? Можа трэба куды пайсьцi, каго распытацца, а можа навет як-небудзь улезьцi да Шпунтоў у хату цi гумно, праверыць, цi Лявон дзе на гарышчым прыкладам, ня скрываецца? Гэткiя думкi не давалi Януку супакою, але ўсё-ж ня мог наважыцца на што iншае, чымся тое, што раiў яму Антось. А ён i параiў спачатку пасядзець пад дубам, зводдаль за Шпунтовай гаспадаркай паназiраць.
   Сабака Жэўжык тузануўся на прывязi, запiшчэў. Янук спасьцярог Шпуньцiху з вузялком у руцэ, а ў другой трымала кошык. Сабаку, вiдаць, рупiла разам з гаспадыняй у дарогу. Жанчына пагладзiла яго, сказала нешта ласкальнае ды, разглядаючыся навокал, адчынiла доўгiя, скрыпучыя вароты ў гумно. Затрымалася, яшчэ раз разглянулася. Здавалася Януку, што надта ўважна пазiрала ў ягоны бок, але быў пэўны, што не магла, калi-б спасьцерагла яго пад дубам, пазнаць з такой адлегласьцi. Хлапец яшчэ шчыльней прытулiўся да камля гiганта й уважна сачыў жанчыну з вузялком у аднэй i кошыкам у другой руцэ. Пастаяўшы ля варот, яна паволi, валюхаючыся на бакi, пайшла пад гумно. Сабака плаксьлiвым голасам гаўкаў на ланцугу.
   Калi Шпуньцiха, ужо не аглядаючыся ў ягоны бок, схавалася за казырком павецi, Бахмач раптоўна падняўся й бегам кiнуўся пад гумно. Наглядаючы за дворам, каб стары Шпунт яго не спасьцярог, ён хутка прыблiзiўся, сагнуўшыся ў рослым аўсе, да задняй сьцяны гумна й прысеў на кукiшкi ды слухаў. Малiньнiк цяпер хаваў яго ад людзкога вока. У гумне сакатала курыца. Ня чуваць было людзкiх галасоў. Янук ведаў, што Шпунтова гумно стаiць асобна, ня злучанае зь нiякiм будынкам. Праз шчылiну зазiрнуў у сярэдзiну.
   З другога боку прасьвечвалiся шчылiны ў вялiкiх дзьвярох, праз падваротню ўлезьлi ў сярэдзiну яшчэ дзьве курыцы, i адна - не, гэта быў певень, - ён гнаўся за курыцай, якая, вiдаць, была неахвотная да любошчаў. У куце стаякла сячкарня, а ў iншым палавiна кладнi была заваленая сенам. Нi сьледу Шпуньцiхi, нi Лявона. Янук кiнуўся за кут гумна й тады, хутка разглядаючыся, спасьцярог вытаптаную сьцежку празь мяжу ў жыце. I здавалася, што далей мiльганула жоўтая, у дробныя чырвоныя красачкi, хусьцiнка. Асьцярожна, сочачы, каб Шпуньцiха яго не заўважыла, прыгiнаючыся мiж жыта, юнак рушыў усьлед. Сумлеву ня было. Дайшоўшы да канца жытняе нiвы, жанчына спынiлася, разглянулася, перавязала хусьцiнку на галаве, а тады сагнулася над кошыкам, паставiўшы яго на траве. Вузялок с правае рукi палажыла ў кошык, закрыла вечка й пайшла нiжэй Гараваткi, хмызьнякамi, у бок Гаравацкае пушчы. Хто-б яе цяпер пабачыў, падумаў-бы, што ў лес па малiны цi што выправiлася.
   Янук падазраваў, што дзесь у пушчы скрываецца аб'ект ягных пошукаў. Думка падбадзёрыла. Трэба абавязкова йсьцi ў троп жанчыне, якнайбольш асьцярожна, каб, баранi Божа, ня ўгледзiла яго. Зь iншага боку паўставалi сумлевы. Няўжо-ж матка асьмелiлася несьцi сыну ў белы дзень харчы? Цi-ж ня ведала небясьпекi? Цi ня лепш было пайсьцi зьмярканьнем, каб бясьпечней ад вока людзкога непажаданага скрыцца? А калi ў белы дзень рызыкавала, дык цi ня было на гэта важнае прычыны?
   Як-бы там ня было, Янук пастанавiў усьлед Шпуньцiсе йсьцi. Знайшоўшы, як яму здавалася, Лявонаў троп, ня мог-бы сабе пасьля дараваць, калi-б зараз яго страцiў. Хмызьняк ля Гараваткi неўзабаве скончыўся. Гэтта хутар калiшняга асаднiка Лазоўскага клiнам лугу ўразаўся пад гасьцiнец. Шпуньцiха мецiла праз ладна памяльчэўшую цяпер канаву на адкрыты луг i Янук, прытаiўшыся за кустом, мяркаваў што далей рабiць: цi рызыкнуць i паказацца на чыстым лузе, цi абабегчы гасьцiнцам, дзе захiнуць яго прысады. Доўга не марудзячы, ён накiраваўся на гасьцiнец.
   На калiшнiм хутары Лазоўскага, якi так добра ведаў Янук, цяпер пасьвiлiся вясковыя каровы. Некаторыя лiтоўскiя сяляне карысталi з надыходу новае ўлады, выганялi туды свой статак. А ў хаце Лазоўскага жыў калiшнi ягоны парабок Яўхiм. Падчас савецкае акупацыi хутар быў далучаны да лiпавiцкага саўгасу.
   Дзесь далёка, над Слабадой, пачуўся гул. Вiдаць, там яшчэ сядзелi й адтуль падымалiся нямецкiя самалёты, хоць цяпер ужо куды радзей. Янук ужо бег гасьцiнцам i спасьцярог, што жоўтая, у краскi, хутка схавалася на ўзьлесьсi Гаравацкае пушчы. Цяпер трэба было як мага сьпяшыць, каб ня страцiць з вока Шпуньцiхi ў вялiзным лесе. Iшоў у сьлед жанчыне, асьцерагаючыся. Там дзе гасьцiнец бег проста, чакаў пакуль схаваецца яна за паваротам, тады сьпяшыў, бегучы побач гасьцiнцу, каб найскарэй дабегчы да наступнага павароту. Янук ведаў гэты гасьцiнец даволi добра, хоць ня так, як тую ўходжаную сьцежку, якую школьнымi гадамi ў Гацях пазнаў - кажную драбнiцу, кажны папярэчны корань патарчаку, кожны куст цi камень.
   Дайшоў да месца, дзе вузкая лясная дарога перацiнала гасьцiнец. Гэтта стаяў нявысокi прыдарожны крыж. Крыху, вiдаць, падгнiў, пахiлiўся, зялёным мохам абрасла ягоная драўляная шапка-дах. Пачарнела нейкiм мясцовым разьбяром выразаная выразаная з дрэва фiгурка Збавiцеля з абсохлым вянком васiлькоў на галаве. Адломаная левая рука зьвiсала зь iржавага цьвiка.
   Дзесь у верхавiне сухастоiны грукаў дзяцел. Спынiўшыся ля крыжа, Янук мяркаваў, цi перажагнацца, але паднятая напалову правая рука апусьцiлася, вочы прабеглi па простым гасьцiнцы i ў iх паказалася рашчараваньне. Дзесьцi зьнiкла жоўтая, у чырвоныя краскi, хустка. Ня вiдаць яе было i ў пралётах да паваротаў лясное дарогi. Ня ведаючы, куды кiнуцца, затурбаваны не на жарты Янук топаў на месцы, войстра ўзiраючыся ў фiгурку Збавiцеля, быццам адтуль адказу чакаў. I чаму-ж не падумаў ён пра гэта скрыжаваньне? Куды цяпер кiнуцца? Як мага сiлаў падбег ён у правы бок, паўзiраўся, пастаяў i зараз-жа рынуўся ў левы бок. Засопшыся, вярнуўся на скрыжаваньне, разважаў што рабiць далей. Не магла-ж Шпуньцiха гэтак скора прайсьцi даўгога й роўнага пралёту гасьцiнцу наперад. Значыцца пайшла налева або направа. Але куды?