- Лясьнiчоўка бокам вылiзiць? - перапытаў Антось.
   - Ага. Пiрадай, кажыць, Антосю Дзiркачу ад Лявона Шпунта й скажы, што лясьнiчоўка яму бокам вылiзiць. Што гэта значыць?
   Антось маўчаў.
   - Я тады, гэтае самае, пытаюся, а дзе-ж той Лявон Шпунт ёсьць цяперака. У партызанах, кажыць мне гэты самы Барабоська. А дзе-ж тыя партызаны? пытаюся. - У нас, а найболi дык туды ў бягомельскiх лясох, - кажыць ён мне.
   - Дык яны да iх у вёску прыходзяць?
   - Ды няўжо-ж... Павесiлi, кажыць, солтыса, разагналi школу, дзяўчат пагвалцiлi, а колька над людзьмi назьдзеквалiся! Аграбiлi, кажыць, цэлую вёску, так падчысьцiлi ўсё пабальшавiцку, зладзеi. Маладых каторых дык з сабою ў парцiзаны забiраюць. I кажыць мне гэтысамы Барабоська, што сам нi знаiць што рабiць, цi ў палiцыю, цi ў парцiзаны йсьцi. От i выбiрай!
   Яшчэ шмат апавядаў Захарук пра нялюдзкасьць бальшавiцкiх бандытаў i мясцовага хламу, што пераказваў яму Барабоська. Антось слухаў дзядзьку вельмi ўважна. У ягоным уяўленьнi трываў вобраз: акрываўленыя чалавек пад нагамi на падлозе, недарэчнае шкляное вока ў ласiнай галаве i Янук побач iз стрэльбай.
   - Дык што гэта такое? Чаму ён так казаў, што лясьнiчоўка табе бокам вылiзiць?
   Антось паволi мацаў сваю чорную бародку, уважна зiрнуў на Захарука, але дзядзькi гэтага ня бачыў. Перад вачмi стаяў вобраз зь лясьнiчоўкi. Маўклiва рушыў дахаты.
   - Што-ж гэта ня хочаш сказаць? Нешта скрываеш, цi што? - дамагаўся свайго Захарук.
   - Мне нiма часу, - кiнуў пераз плячо Дзяркач.
   20
   Дзень сяньняшнi, сераду 25-га сакавiка, - ведаў Янук, прыгадваць будзе доўга. Вось неўзабаве, мо за якую гадзiну, узыйдзе ён на гэну рудую, што даўно па хварбе зажурылася, сцэну, стане перад гэтымi, цяпер гаманлiвымi, як пчолы ў вульлi вечарам, людзьмi ды прадэклямуе свой, не бяз поту напiсаны верш, прысьвечаны таму далёкаму гiстарычнаму здарэньню, што адбылося некалi ў Менску Беларускiм. Сотнi сялянскiх вачэй уп'юцца ў яго, спасьцерагуць кажны ягоны рух, а мiлiёны мурашак распаўзуцца па целе, ды цi не перасохне ў горле. Узварушыцца й некуды пасьпяшыць сваiм пампаваньнем сэрца, а ў скронi пачнуць татахкаць рытмiчныя малаточкi. Млосна. Памажы, Божа!
   Што гэта раiў яму дырэктар Сабалеўскi, калi на школьным конкурсе, у якiм узялi ўдзел найвыдатнейшыя вучнi, каб напiсаць верш, прысьвечаны 25-му Сакавiку, узяў ён першае месца?
   - Перад самым выступам, калi маеш выйсьцi на сцэну й асаблiва калi ўжо станеш тварам перад людзьмi, будзеш моцна хвалявацца. Усе хвалююцца перад выступамi, навет уежджаныя артысты й прамоўцы, каторыя ўжо многа практыкi знаюць. Я таксама, калi маю выступаць перад вялiкай аўдыторыяй, спакою не магу ўтрымаць... А каб не хвалявацца, дам табе добрую раду: зусiм ня думай пра тое, што маеш выступаць, а думай пра нешта табе мiлае, навет сьмешнае выпадак-абразок iз свайго жыцьця. Во гэтак...
   Янук намагаўся пра нешта зусiм адменнае думаць, але яно, як на злосьць, уцякала й трацiлася ў тым страхоцьцi, што наступiць мела. А сьмешнага прыгадаць нiяк нельга. Побач сiдзела прыхарошаная, прыгожа зачэсаная румяненькая Дуня.
   - Янучок, табе ня страшна? - шапнула яму на вуха.
   - Лыткi дрыжаць, мурашкi па целе бегаюць, - перасалiў юнак.
   Зiрнуў у ейныя блакiтныя, крыху прыжмураныя вочы, мусiць спадзяючыся там бадзёрасьць знайсьцi, але замiж яе ў дапытлiвых вачох-васiлькох спасьцярог ледзь заўважны цень трывогi. I блiзкасьць Дунiна ня спрыяла ўспакаеньню. Гэныя ўяўныя мурашкi цяпер, здаецца, iнвазiяй хлынулi на галаву. Вось-вось да самых мазгоў дабяруцца.
   - А табе? - спытаў. Ледзь зварухнуўся перасохлы язык.
   - I мне таксама, - кiўнула галавой дзяўчына.
   Янук моцна ўздыхнуў. Недзе ззаду хтосьцi глумiў самасейку, бо нос едкi смурод трывожыў.
   - Што табе! - хмыкнуў Янук. - Прачытаеш напiсанае, а ты-ж выдатна чытаеш. Абы адвага. От мне... Гэта-ж трэба свой верш казаць. А калi забудуся? Абсьмяюць.
   Дуня мела вельмi ўрачыста прачытаць тэкст Акту 25-га Сакавiка. Яе выбралi, як найлепшую, пасьля чытаньня ў школе. А выступiць яна мае калi дабярэцца да таго ў сваiм дакладзе дырэктар.
   Як гэта адважыцца? Дух займала. Нiколi-ж раней перад людзьмi, апроч вучняў у клясе, ня выступаў. А там на залi ў гэнай гушчы нагамi на падлозе шоргаючых i насамi сморгаючых сялян сядзеў недзе ззаду ягоны бацька, а ў iншым месцы й смаркуль Стась i ўжо дзяцюк Уладзiк, i брат Мiкола. Няхай адно запнецца, цi ня так добра скажа, дык ужо хто як хто, а Стась на ўсю глотку зарагоча.
   Дзесьцi ў куце чулiся вясёлыя дзявочыя галасы, i агульна ледзь прыцiшаны гоман, якi не нагадваў таго, што некалi чуў на калгасных сходах. Гэтта - весялосьць i вольнасьць, там прыдушаная асьцярожнасьць, адсутнасьць сьмеху. Перад тымi сходамi зьнеахвочаных i працай змучаных людзей навiнчывалi розныя цiвуны, наводля Сабакевiча цi Лявона Шпунта, а сюды людзi прыйшлi з добрай волi й зь вялiкiм зацiкаўленьнем. Як-нiяк, маюць сьвяткаваць сваiм-жа народам, такiмi, як яны, цёткамi й дзядзькамi, створанае нацыянальнае сьвята, вялiкi гiстарычны дзень. А праграму сьвята таго стварылi, пад кiраўнiцтвам дырэктара Сабалеўскага, вучнi гацкай сямiгодкi. Тут маюць быць i сьпевы, i вершы, i даклад. I ўсё гэта ў роднай, усiм зразумелай мове, бяз прымусусу зьненавiджаных чужых палiтрукоў.
   - Янучок, ня бойся. Табе трэба ганарыцца, што ты паэта. Iз цэлай школы цябе сам дырэктар выбраў. Ты саўсiм сабе не пашкодзiш, калi якую слабасьць пакажаш...
   Дзяўчына ў чулае месца трапiла. "Слабасьць пакажаш..." I запраўды, жах падумаць, каб такое сталася. Паказаць слабасьць перад кiм? Дзякуючы сваiм здольнасьцям, пiльнасьцi й працавiтасьцi, ён выбiўся ў школе на перадавое месца. А гэтыя руплiвыя, простыя, жыцьцёва падбiтыя, у Бога веруючыя людзi прыйшлi сюды бяз прынукi сьвяткаваць дзень уваскрошаньня сваей бацькаўшчыны. Бальшыня зь iх, пэўне-ж, пра акт абвешчаньня незалежнасьцi Беларусi ня чула. Сяньня ў гэтым, вайной абшарпаным, вялiкiм будынку калiшняга клюбу чыгуначнiкаў найлепшыя сiлы гацкай сямiгодкi маюць гэтым суродзiчам у свой спосаб адтварыць той адлеглы дзень народнага ўваскрошаньня. Песьнi з вуснаў школьнага хору, даклад дырэктара, дэклямацыi, прачытаньне самога Акту 25-га Сакавiка, - усё гэта мела перанесьцi прысутных у iншае месца й час, ды ня толькi паiнфармаваць iх, а як мага найлепш паказаць, што сталася, каб сэрцам маглi адчуць, уяўленьнем злавiць дух часу, спалучыць iзь сяньняшнiм днём. Неабходна, каб перажылi i ўгледзiлi, як вялiкi й магутны, а пасьля пакораны й зганьбаваны народ, дзякуючы ахвярнасьцi й празорлiвасьцi сыноў i дачок сваiх, падняўся на ногi, стануў на поўны рост, заявiў сьвету, што ад гэнага часусам на нiвах сваiх будзе гаспадарыць, бязь нiякiх апякуноў-паразiтаў сваю долю возьмецца будаваць, сваiх правоў зброяй будзе баранiць.
   I ў працэсе пераносу гэтых людзей у iншую эпоху Янук заняў адно з ключавых месцаў. Значыцца, як гэта "слабасьць паказаць"? Важна й тое, што ягоны верш, паводля пляну, апынуўся тут-жа пасьля галоўнага дакладу самога дырэктара школы, значыцца, як-нiяк,мусiць прадоўжыць тон цэлае ўрачыстасьцi. Вучань Бахмач надзвычайна добра ведаў прыгожую мову дырэктара. Увага людзей будзе на высокiм узроўнi, трэба не падкачаць. Вось што...
   - Адно памятай, - навучаў яго кагадзе Сабалеўскi, - што калi навет i памылiшся, якое слова цi радок забудзешся, глядзi, каб ня дрыжэў голас. Гавары бадзёра, бойка, упэўнена, калi-ж памылiшся, ня чырванейся, як сасунок нейкi. Гавары голасна, каб цябе кажны глухаваты дзядзька й цётка пачулi. Разумееш?
   Вялiкая сцэна сваёй голасьцю запярэчвала ўрачыстаму настрою залi. У будынку гэтым першы раз давялося Януку быць тады, калi ў нябыт адыйшоў вусаты, iз надта ваяўнiчым тварам, "маршалак". У юнацкую памяць добра ўлёгся вобраз: разьдзялiлася пасярэдзiне й паволi папаўзлаў два бакi сiняя бархатная занавеса. На задняй сьцяне, пад крыжам i дзярлiвай птушкай, абрамаваны чорным крэпам, вiсеў партрэт праслаўленага "маршалка". На сцэну выйшла нафуфыраная цацанька, вучанiца шостае клясы Гэлька Сьвёндруўна i заiнтанавала нейкi, прыдворным паэтам згарушчаны верш:
   Marszalku!
   То nieprawda zе Ciеbiе juz niеmа,
   То nieprawda zе juz jеstеs w grоbiе.
   Chоciаz cаlа Pоlskа jеst w zаlоbiе...
   Калi зьмянiлася ўлада, на задняй сьцяне сцэны павесiлi лысуна з жулiкаватым выглядам, а ля яго "важдзя" зь ледзянымi вачмi й васпаватым тварам. А на сьценах залi, на чырвоных палотнiшчах, белымi лiтарамi, паразьвешвалi цi ня вытрымкi iз самае "сьветлае сталiнскае канстытуцыi", тае, што сонцам звалi:
   В СССР женщины, наравне с мужчинами, имеют права...
   Граждане СССР имеют право на отдых...
   Калi прапала занавеса? Пры бальшавiкох яшчэ была. Пасьля "будаўнiкi новай Эўропы" на некаторы час тут войска разьмясьцiлi. Добра, што крэслы й лавы не папалiлi.
   Сяньня сьпераду, на машце перад галоўнымi дзьвярмi лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, а вышыты белым колерам на чырвоным палатне рыцар пагонi аздабляў цэнтральнае месца сьцяны за сцэнаю. Гэта-ж цi не настаўнiца ручных работ паклапацiлася. Трэба й пэўне нялёгка было знайсьцi палатно, чырвоныя й белыя нiткi. А пад пагоняй, чырвоным на белым напiс:
   ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
   1918 - 1942
   Адно кантрастам, з малымi чорнымi вусiкамi, насупленым тварам вiсеў над пагоняй партрэт новага гаспадара. Як-жа безь яго? Паспрабуй. I цi гэты чым розьнiўся ад ад тых з пэйсамi карлаў, жулiкаў-iльiчоў цi iншых ёсiпаў?
   Пагоня й "жыве Беларусь" на месцы. Яна тут жыла, цяпер жыве й усiх перажыве. Але што пра гэтых, найнавейшых? Калi адкоцяцца iхныя колы? Сьпераду сцэны, над рампай Янук прачытаў:
   Rader mussеn rollen fur dеn Siеg!
   Будынкам гэтым i цяпер загадвалi чыгуначнiкi, але гэтыя крыху ад папярэднiх розьнiлiся. Iхныя "колы да перамогi мусяць кацiцца". Значыцца, ня толькi тавары й людзей, цi зброю перавозiць. Здорава!
   Заля крыху ацiхла. Увайшлi два Немцы ў суправодзе войта. Адзiн сяржант жандармэрыi СС, а другi - "зондэрфюрэр". Што за назоў i функцыя? У гэных "зондарах", i хто якiм быў "фюрэрам", апроч галоўнага, з чорымi вусiкамi й калючымi вачмi, Бахмач не разьбiраўся. Адно чуў, што "зондар" займаўся гаспадаркай, значыцца пэўне-ж зьдзiраў падаткi, цi глядзеў за прадпрыемствамi працы. А жандарм быў галоўным шпянём мясцовае, абсаджанае пакуль што Палякамi, палiцыi. Казалi, што й гэты быў фальксдойчам, значыцца Левандоўскаму добры кумпан.
   Немцаў i войта пасадзiлi на пярэднiм радзе, мiж настаўнiкаў. Шмат хто пакланiўся войту, чалавеку свайму, якi заняў урад пасьля Бабра. Гэты больш высьцерагаўся, бо ведаў адкуль iдзе небясьпека.
   З двух бакоў вучнi пачалi выходзiць на сцэну, станавiлiся ў тры шэрагi. За iмi нехлямяжым крокам з правага боку выйшаў высокi, цыбаты, худы, сьветлавалосы, зь вялiкiмi залысiнамi на шылаватай галаве стары дзяцюк Iван Скараход. Сын мясцовага, абруселага псаломшчыка, да "помашчы меснаму патрыяцiзму", як ён казаў, энтузiязмам не гарэў. У школе вучыў сьпеву, а на гэту нагоду загадалi яму падабраць адпаведны сьпеўны рэпэртуар. Сам валодаў добрым тэнарам. Ласкавыя й мiлагучныя мэлёдыi надта спадабалiся харыстам i Склараход, нашто ўжо пагардлiва адклiкаўся пра "местны патрыяцiзм", ня мог астацца абыякавым да прыгожай беларускай песьнi. Заля зусiм ацiхла, а высокi цыбаты настаўнiк, апрануты ў добра апрасаваны чорны касьцюм, пад гальштукам на штыўным каўнерыку, колькi часiн прыглядаўся залi, пакланiўся, адвярнуўся да хору й падняў абедзьве рукi.
   Люблю наш край, старонку гэту,
   дзе я радзiлася, расла...
   Мэлёдыя, на два галасы, палiлася цiха й некаторыя ледзь спасьцераглi, як вучнi сьпяваць пачалi. Галасы-ж пачалi буйнець i адразу быццам шырокай ракой лiнулi ў перапоўненую залю. Скараход, iз сваей доўгай шыяй, у гэнай пазыцыi нагадваў чорнага бусла, лёгка й плаўна, быццам крыльлямi, узмахваў рукамi. Мэлёдыя заваражыла людзей. Зiрнi на зморшчаныя, сiверам абсьцябаныя твары, якiя рэдка калi ў непраглядным жыцьцi распрамяняла ўсьмешка. Бачыш як загарэлiся вочы? Сэрцы ўскалыхнула блiзкая душы мэлёдыя, цi не радня тэй, што плыла зь бяроставай трубы пастуха Хвядоса зь Лiпавiч i тэй, што цягнулi згорбленыя, на захадзе сонца сьпiны выпрастаўшыя жнейкi на хутары Лазоўскага, радня сьпевам жаўранка й кукаваньню зязюлi ў Гараватцы, рэха неўгамоннага шорхату лiсьцяў гiганта Архiпа й журботнага суму сястрыц хвояў на лiтоўскiм могiльнiку. Гiмн любовi да роднае зямлi, яе незаменнай прыроды, споведзь вечнае прывязанасьцi чалавека да свайго роднага гнязда...
   Калi пасьля канца песьнi цыбаты Скараход адвярнуўся да залi й паволi пакланiўся, громам палiлiся воплескi. Вучнi, так як увайшлi раней на сцэну, цяпер павярнуўшыся шнурамi, пайшлi ў бакi. Апошнi выйшаў дырыгент, але воплескi ня сьцiхалi й пачулiся крыкi: - Яшчэ! Тады зноў зьявiўся Скараход, паволi, паважна выйшаў аж на сярэдзiну сцэны, усьмiхнуўся, пакланiўся ды завярнуў назад.
   Дырэктар Сабалеўскi, узыйшоў на сцэну бадзёрым жаўнерскiм крокам. I дзiвы дзiўныя, апрануты быў у прыгожы цёмна-шэры касьцюм, з гальштукам, а ня так, як у школе - боцiкi з халяўкамi ды нейкi цёмны пiнжак. I ведамы позiрк з-над верхняй рамы акуляраў. Цяпер чалавек гэты стаяў пасярод сцэны. Перад iм ня было столiка нiякага, а ў руках - нiякае паперыны, значыцца, як выглядала, меўся гаварыць з памяцi.
   - Вяртайцеся цяпер у вашы вёскi, сёлы й гарады, у далёкiя й блiзкiя куткi бацькаўшчыны сваей роднай i скажыце народу нашаму, што надыйшоў дзень ягоны абяцаны, бо скончылiся цярпеньнi й мукi ягоныя. Абвясьцiце яму, што адвалены й далёка адкiнуты цяжкi камень зь яго магiлы й што да новага вольнага жыцьця ўваскрэсла Беларусь! Абавязкова дапiльнуйце, каб усе пачулi й зразумелi радасную вестку пра тое, што нарэшце ўзыйшло доўгачаканае яркае й сьветлае сонца над прыгнечанай i зморанай краiнай i што ад дня ейнага ўваскрошаньня пачынаецца жыцьцё новае: сам народ наш, бяз чужых махляроў, гаспадаром будзе ў хацей на нiве сцаей i што ўжо ня будзе валадарыць iм i загадываць яму чужнiк. I скажыце ўсiм, каб мацавалiся духам у гэты вялiкi дзень радасьцi i славiлi Бога Ўсемагутнага за збаўленьне ды няхай памоляцца за тых, што змагалiся й аддалi жыцьцё свае за тое, каб уваскрэсла й жыла Бацькаўшчына!
   - Гэткiмi словамi гаварыў у менскiм гарадзкiм тэатры да дэлегатаў Усебеларускага Кангрэсу адзiн з удзельнiкаў таго ўрачыстага паседжаньня, што 25-га сакавiка 1918-га года абвесьцiла незалежнасьць Беларусi ў хворме Беларускай Народнай Рэспублiкi.
   Сабалеўскi гаварыў узьнёслым, чыстым, цьвёрдым голасам i ўмiг уся заля ператварылася ў слух. У тую абсалютную, напружаную цiшу ўрываўся лязгат-бразгат няспыннага руху са станцыi. Чыгуначным шляхам, быццам пупавiнай, лучыўся аграмадны ваенны апарат з фронту на ўсходзе iз сваей маткай-Райхам, што корм i прылады сьмерцi яму дастаўляла. З-за сьценаў клюбу, такiм чынам, даляталi адгалоскi руху, народжанага вялiкiм змаганьнем тых самых дзьвюх сiлаў, што ходалiся й тады, калi сакавiк нарадзiў Беларускую Нардоную Рэспублiку. Праўда, сiлы гэныя зьмянiлi свае маскi, але ня сутнасьць тытанiчнага змаганьня. Павялiчылася варварства. А ў гэтай залi красамоўны дырэктар простымi i ўсiм зразумелымi колерамi маляваў карцiну змагарнае гiсторыi народу для людзей, што рэдка ў кнiжку заглядалi, адно прымiтыўна-цяжкiя прылады працы ведалi, людзей, якiм чужынцы ўжо на працягу стагодзьдзяў намагалiся забраць душу, апляваць iх, зьнявечыць, каб пасьля нявольнiкамi ў ярмо сваё запрэгчы. Як пакажаш скамплiкаваную гiсторыю людзям, што так даўно сьвятла ня бачылi, якiм бiлi-таўклi ў галовы, што яны - найнiжэйшыя iстоты, паўзуны, нявольнiкi, пагарды нявартыя? А апошнi, найбольш крывадушны акупант i варвар узяў чыстае, як крынiчная вада, слова й перанiцаваў ягонае значэньне... Ведаў усё гэта дырэктар i таму гаварыў як мага проста.
   - Кастусь Калiноўскi, - прадаўжаў Сабалеўскi, - зьвярнуўся да народу сваей роднай беларускай мовай, выдаваў газэту "Мужыцкая Праўда", у якой паясьняў сялянам хто iхныя прыяцелi й ворагi ды што трэба рабiць, каб нянавiсны прыгон ськiнуць i вольнасьць здабыць. Разам iз Палякамi ён падняў паўстаньне супраць Маскалёў. А ў сваiм ведамым звароце да народу, напiсаным у турме, ён так i казаў: "Як дзень ня ходзiць побач з ночай, як сьвятло ня мiрыцца зь цемрай, так ня йдзе праўдзiвая навука побач зь няволяй маскоўскай. Бо дзе маскаль пануе там няма нiякай навукi, толькi глум i зьдзiрства".
   - I вы нядаўна пераканалiся, што маскаль зусiм не зьмянiўся. Дзетак вашых бальшавiкi кармiлi сваей атрутай, а ад вас забiралi зямлю й гналi ў калгасы, глумiлi ды абдзiралi вас. Таму й казаў далей наш вялiкi й слаўны Кастусь Калiноўскi: "ваюй, народзе, за свае правы, за волю, за веру..."
   - Так, ваюй, змагайся, бо як сам не пастаiш, то ад маскаля нiчога добрага спадзявацца ня трэба. Кастусь Калiноўскi падняў наш сялянскi народ супраць Расеi, супраць прыгону, зьдзеку й гвалту, чужой школы й чужой веры. Народ пайшоў на змаганьне iз стрэльбамi ў руках, а калi iх ня было, дык iз косамi, сякерамi й вiламi. Ды народ наш быў нядужы, каб перамагчы маскоўскую армiю, што затапiла ўвесь наш паняволены край. Вялiкi й слаўны сын ягоны, Кастусь Калiноўскi, павешаны быў у Вiльнi на шыбенiцы царскай. Кроў паўстанцаў i iхнага слаўнага правадыра не прапала, а на зьмену iм прыйшлi iншыя, што прадаўжалi змаганьне. Прыйшло адраджэньне.
   Схарактыразаваўшы бацьку адраджэньня й нашанiўскi пэрыяд, дырэктар дабраўся нарэшце, гаворачы павольна й голасна, да пэрыяду, калi народ абвясьцiў Беларусклую Народную Рэспублiку.
   - Актам 25-га Сакавiка, 1918-га году Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай у тых межах, дзе жыў тады наш народ. Акт гэты ёсьць надзвычайна важны. Прашу яго вельмi ўважна праслухаць. Прачытае яго вучанiца шостай клясы нашай школы Дуня Макатунiшка.
   Дуня ўскочыла з лавы, шпарка рушыла да сходаў. Ужо на сцэне запаволiла крок, спынiлася. У белай блюзцы, з вышываным у кветкi каўнерыкам, у зялёнай спаднiчцы, ускоснай хваляй старанна прычэсаных валасоў, яна прадстаўляла абраз сьцiпласьцi, наводля нейкага польнага рамонка.
   - Год таму назад народы Беларусi, разам з народамi Расеi ськiнулi ярмо расейскага царызму, якi найцяжэй прыцiснуў быў Беларусь..., - пачала дзяўчына.
   Дзесьцi ў Менску Беларускiм, пасьля ўсяночнае тузанiны й спрэчак, калi нарэшце сакратар прэзыдыюму, пэўне-ж манатонным голасам, якiм звычайна характэрныя скаратары, чытаў тойсамы дзяржаўны акт, уражаньне было куды накшае. А гэтта пастанова веча народнага, за якую шмат людзей ахвяравала раней i пэўне-ж ахвяруе яшчэ сваё жыцьцё, гэтта таясамая пастанова гучэла вытрыманым, урачыстым, хоць i мяккiм дзявочым голасам. I цяпер Бахмач яшчэ адно зразумеў, чаму Дуня перасьцерагала яго, каб слабасьцi не паказваў. Звонку гарэзьлiвая i, здавалася, лёгкадумная дзяўчына запраўды паказалася яму стойкай, трывалай, адважнай. Але цi поўнасьцю ўсьведамiў тады гэта Янук? Мусiць не, бо думкамi забягаў наперад да таго, што вось зараз мае адбыцца, дзе ён цэнтрам агульнае ўвагi будзе...
   Скончыўшы чытаць, Дуня прыгожа пакланiлася. Пасыпалiся гучныя воплескi. Ня толькi плёскалi вучнi, што папрыводзiлi сваiх бацькоў, сябровак i сяброў, але й узрослыя. Адно ў самым цэнтры вялымi рукамi варушыў войт, а побач нярухома сядзелi два прадстаўнiкi акупацыйнае ўлады.
   - Куды вы, цёмныя, дурныя, адсталыя мужыкi, лезеце? Дзяржавы сваей вам захацелася? У вас няма нi нафты, нi солi, нi вугля, нi жалеза. Як жыць будзеце? - пачаў падсумоўваць дырэктар. - Гэткiмi вось нападамi ворагi народу нашага, апякуны няпрошаныя, накiнулiся адразу на нас, каб затукаць-загукаць i зруйнаваць новаствораную дзяржаву. А цяпер падумайце самi: калi-б наш край быў сапраўды такой праклятай Богам плямай на зямлi, калi-б у нас зусiм нiчога ня было, як яны цьвердзяць, дык чаго тады гэтыя людзi лезуць да нас цьма-цьмой, апякунамi нашымi хочуць быць, што як ад заядзi сьляпнёў ад iх абаранiцца цяжка?
   Цiха прысела побач Дуня й зiрнула Януку ў вочы.
   - Ну як я?
   Задуманы, Янук не адказаў.
   - Чаго маўчыш? Скажы, цi добра я прачытала.
   Хлапец зiрнуў на мiлы тварык, на якiм вялiкiмi колерамi задавальненьне зьзяла. Усьмешка шмыгнула ля вуснаў.
   - Выдатна. Давай, пацалую цябе за гэта.
   Ня думаў так сказаць. Само вырвалася. Зачырванеўся. Макатунiшка ўсьмiхнулася.
   - Пасьля. Добра?
   Ня ведаў цi дзяўчына жартуе, цi што. Уважна зiрнуў у ейныя вочы. Зьбянтэжыўся. Тымчасам Сабалеўскi канчаў.
   Янук узыйшоў на сцэну паважна, не сьпяшаючыяся i, як раней ужо меў намер зрабiць, паволi акiнуў зрокам залю, зiрнуў уздоўж i ўпоперак на падвязаныя пад жаночыя падбародкi хусткi, на школьных сяброў i прадстаўнiкоў ад уладаў у крэслах на самым перадзе. А ў вушах гучэў яшчэ голас Сабалеўскага:
   - Малады паэт, вучань нашай школы Янук Бахмач цяпер прадэклямуе свой верш, прысьвежаны вялiкаму дню Сакавiка!
   I ў гэны момант ведаў Янук, што страх прайшоў, што на залi зацiкаўленьне. Вярнулася пэўнасьць. I пачаў гучным голасам:
   Сакавiк ладзiць слаўнае веча,
   а ў тэатры гудзе, бы ў вульлi,
   пазьяжджалiся зблiзку й з далечы
   пасланцы беларускай зямлi.
   Каб палепшыць свой лёс, сваю долю,
   селi побач сяўбiт i жаўнер
   Вон чужынцаў! Зямлю нашу й волю
   аддаём мы народу цяпер!
   Затаiў Менск сталiчны дыханьне,
   сустракае народжаньня дзень.
   I зазьзялi зарнiцы сьвiтаньня,
   у нябыт адыйдзе ночны цень.
   Прэч Расею, прыгон i няволю!
   Беларус стане сам гаспадар,
   прыйдзе шчасьце на месцы нядолi,
   запануе свабодны ўладар.
   Спасьцярог Бахмач, дэклямуючы, што навет смаркаты Стась рот разявiў, зацiкавiўся. Але думка сканцэнтравалася на наступных радках, а ў такой сытуацыi амаль нiчога, апроч агульнае масы людзей, ня бачыш. Верш канчаўся. Апошнюю зваротку Янук запаволiў, iз смакам, галасьней, падчыркнуў:
   Сьцеражы, Беларус, сваю долю,
   каб чужу не вярнуўся прымус,
   няхай згiнуць кашмары няволi,
   хай заўсёды жыве Беларусь!
   Вялiзная бура воплескаў. Янук нязграбна пакланiўся й зь вялiкiм паднечаньнем зыйшоў са сцэны. I ў момант зыходжаньня зiрнуў на Стася. Той плёскаў у далонi, а ў вачох яго шэрых, такiх звычайна нянадта кемлiвых, здалося Януку, паказалася iскрынка зьдзiўленьня. Перад Януком стаяла Дуня й ейныя вочы сказалi ўсё.
   - Маладзец. За гэта цябе варта пацалаваць.
   Дзяўчынiна рука моцна сьцiснула ягоную далонь i дрыжыкi разьлiлiся па юнацкiм целе. Цяпер тое нецярпеньне й страх, што поўнiў яго перад дэклямацыяй, адыйшоў, адплыў... замянiўся першай гарачай усёпаглынаючай хваляй пахвалы. Яна была тымбольш значная, бо прыйшла ад самых блiзкiх людзей. I калi першая хваля адыйшла, Янук, задаволена сьцiскаючы Дунiну руку, разглянуўся навокал. Дырэктар яшчэ штосьцi гаварыў на сцэне. I потым зноў былi харавыя песьнi, i наапошку гiмн "Мы выйдзем шчыльнымi радамi".
   Задаволеная грамада доўга яшчэ не разыходзiлася дамоў. Адно не хапала музыкi. Нехта раней прапанаваў, каб пасьля ўрачыстасьцi патанцаваць пад сваю школьную аркестру, але замiнаў гэтаму вялiкi пост i забарона хадзiць вечарамi. Хаця-нехаця людзi разыйшлiся. А Дунiн пацалунак падарозе дадому доўга помнiўся Януку.
   21
   Асьвеньцым, Гулаг, Бухэнвальд, Дрэздэн i Ковэнтры, Катынь, Хатынь i Лiдычэ... Гiрашыма... Нагасакi... Апэрацыя "Кiлгол"...
   Пералiк можна прадоўжыць...
   Выдатныя помнiкi варварства цывiлiзаванага, "прагрэсыўнага" чалавека 20-га Стагодзьдзя. Помнiкi, што так цi накш у нашу сьведамасьць уелiся. Вобразы пакут, суцэльнага зьнiшчэньня, нэгацыя Бога й Ягонае навукi. А дзе ў параўнаньнi з гэтымi гiстарычнымi гiгантамi дробненькая макулiнка попелу, што звалася Залатухай?
   Гэта не праслаўленыя Лiдычэ й не разбарабаненая лiхой варожай прапагандай Хатынь. I ў тэй Хатынi, у сьпiску ймёнаў вёсак, спаленых на нашай бацькаўшчыне двума напасьнiкамi разам з жыхарамi iх, Залатусе памiну няма. Здавалася-б, гiсторыя з памяцi яе вымазала. Ня згадваецца яна i ў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыi, што называе зьнiшчаныя вайной акупантамi мясцовасьцi, у якiх было больш чымся па пяцьдзесят жыхароў.
   Пацiкаўцеся раёнам, дзе Залатуха была. Спытайцеся старых. I там Залатуху на першае месца не паставяць. Хутчэй пачуеце пра вялiкiя Азярцы, што па дарозе з Докшыц у Пархвенава былi. Удзень на гасьцiнцы ля вёскi пад нямецкай ваеннай аўтамашынай мiна ўзарвалася. Акупант пастанавiў, што ўдзень бальшавiцкая банда мiны не магла падлажыць. Сьцягнутыя карнiкi мэтадычна вымардавалi ўсiх жыхароў вёскi й спалiлi ўсе будынкi. Яшчэ пачуеце пра Шунеўку, а нехта iншы згадае як карнiкi Латышы палiлi Торгуны цi Ластавiчы.
   Гэта ўсё было, але куды пазьней. Спачатку-ж у тым раёне спалiлi, разам з жыхарамi, Залатуху i ў той раньнi пэрыяд лiквiдацыя яе голасным рэхам расплылася па ваколiцы, урэзалася й назаўсёды асталася ў памяцi асобаў з нашага апавяданьня.
   Ляжала яна ў суседзтве вёскi Вярэнькi, на поўдзень ад двухшляховай чыгункi мiж Пархвенавам i Будславам, блiжэй да апошняга, дзе стаялi немалыя вайсковыя адзьдзелы Немцаў i Ўкраiнцаў. Апошнiх мясцовыя жыхары называлi ўкраiнскай палiцыяй. У вадрозьненьне ад мясцовай, чорнай палiцыi, якой у Будславе тады ня было, Украiнцы насiлi зялёную вопратку.
   У Залатусе было ўсяго сем гаспадарак, усе жыхары каталiкi. У той вясеньнi вечар залатускi селянiн думкамi да касавiцы рыхтаваўся, пазiраў на свае мазолiстыя рукi, мяркаваў зь якога кута, яшчэ перад усходам сонца, войстрая каса пачне ў сакавiтую асаку ўядацца. I якiм чынам мог спанатрыць, старанна клепячы на бабцы зьлiзанае лязо касы, што заўтра ўпоперак дарогi на сенажаць стане вогненная, што ўсё да тла спалiць, Садома?
   У гэны лагодны, цёплы вясеньнi вечар перагукалiся ў калiшнiм панскiм лесе нястомна-галасiстыя зязюлi й лiчыла залатуская малеча дый старэйшыя колькi адна цi другая шэрая, нявыглядная птушка накукуе гадоў...
   У той дзень на захад сонца ля бусьлянкi кружыў прыгожы птах. Бусьлiха на яйках драмала. I цi нейкiм няведамым спосабам магло памясьцiцца ў бусловай галаве, што заўтра й бусьлянку, што на баране, дый самае гумно, на страсе якога яна знаходзiлася, спалiць пражорлiвы агонь, а яму з абсмаленай бусьлiхай няведама куды ўпрочкi трэба будзе з гэнага папялiшча адлятаць?