- Браток, Янук, - цi раз казаў Януку Антось Дзяркач, - кроў за свой народ пралiць трэба, але лепi нi сваю, а чужую.
   Гэта Антось мог сам выдумаць, або ад некага пачуць.
   Або вось такое: - Калi ўжо й галаву злажыць дзе прыдзецца, дык дзякаваць Богу, за сваiх, а нi чужых.
   I цяпер Антось Дзяркач ехаў на кангрэс, апрануты ў цывiльнае, зь нейкiм асаблiвым заданьнем. Зь якiм? Няцяжка было дагадацца. Нешта даручыла яму Беларуская Незалежнiцкая Партыя. Так. Пра тую бээнпэ Яну даведаўся больш. Арганiзацыя цалкам тайная ведаў, што зь мясцовых належалi да яе адно Падгайскi й Дзяркач. Было-ж, пэўне, больш сяброў, прыкладна той чалавек, каторага аграном даўно ўмясьцiў у гацкую палiцыю, калi была яна яшчэ ў Бжончыкавых-Бронхэравых руках. Свае вочы й вушы. Хто гэта такi? Янук так i ня ведаў. А цi ведаў Антось тую асобу? Янук яго нiколi пра гэта ня пытаўся.
   Зразумела, што бээнпэ магла мець больш сяброў у Гацях. Янук мяркаваў, што арганiзацыя ня была масавай, бо ў масе расплываецца кансьпiрацыя. Гэткая тайная арганiзацыя часта стварае хвальшывы фронт, значыцца нейкую iншую арганiзацыю, якую выкарыстоўвае як франтавую, каб змылiць працiўнiкаў. Бахмач лiчыў сябе зялёненькiм у нейкай кансьпiрацыйнай дзейнасьцi. Прыйдзе час i практыка. Абы хапiла сiлаў i ахвярнасьцi. Абы было далёказорнае кiраўнiцтва. Дык няхай цяпер Антось i едзе больш для спэцыяльнага заданьня, чымся проста як народны дэпутат. Кiраўнiцтва, пэўне-ж, ведае што робiць. Калi бальшавiцкая навала зноў залiе вынiшчаны гаротны край, тады прыйдзе змаганьне на жыцьцё й сьмерць. Дай, Божа, Беларускай Незалежнiцкай Партыi i ейным кiраўнiком гарту, вытрываласьцi ў змаганьнi аж да канчальнае перамогi над чужой i дзярлiвай нячыстай сiлай. А цяпер тымчасам няхай дрэмле, пад рытмiчнае лякатаньне чыгуначных колаў, заслужаны змагар Антось Дзяркач.
   Зiрнеце на гэтага мужчыну: ён не ў кажушку i ня ў сьвiтцы, а ў добрым касьцюме, з гальштукам, у прыгожых ботах. На народнае сьвята едзе, няйнакш. I не ляжыць побач неадлучны бярозавы кiй. Недзе й капялюш прыдбаў. Цiкава, цi паляўнiчы нож за пазухай трымае? Напэўна. А можа й наган пры сабе мае? Ён-жа, як-нiяк, палiцыйны чалавек i можа мае права мець кароткую зброю. Як-бы памацаць, цi мае нож. Зь левага боку грудзей запраўды вiдаць нейкая прадаўгаватая надзьмутасьць, нешта там падоўжнае пад пiнжаком.
   Янук пазяхнуў i прыглядаўся людзям у другiм куце. Пад гул цягнiка да яго вушэй даходзiў роўны гоман. Ён узмоцнiўся пад уплывам алькаголю. Янук ведаў, што ён доўга не засьне. Зашмат няперабранага-неўпарадкаванага награмадзiлася ў галаве. Хто ведае, калi гэтыя думкi ўдасца належна зарганiзаваць. Паднечаньне перашкаджала рацыянальна думаць. Забягаў наперад i стараўся ўжо ўявiць як заўтра будзе. Зьберуцца недзе ў вялiзнай залi, магчыма ў тэатры. Асмуьжаныя вятрамi аблiччы з усiх кутоў палаючай у вагнi бацькаўшчыны, задуманыя твары працоўнай iнтэлiгенцыi. З натхненьнем слухаюць прамоваў з трыбуны. А Янук, можа наймалодшы з усiх, разглядаецца па залi, у каторай вось адно пачалося гулкае плёсканьне. Мiж старшых вусатых i барадатых, сям-там вiдаць i моладзь.
   Але гэта будзе заўтра. Тымчасам-жа ён, Янук Бахмач, зь вёскi Лiтоўцы, настаўнiк, студэнт, вязень, сябра Беларускай Незалежнiцкай Партыi, павiнен цi раз яшчэ вярнуцца ў мiнулае, дапасаваць-прымерыць да вымаганага сабой максiмуму: цi так паступiў, цi добра зрабiў, якраз ад яго, вялiкага патрыёты, належылася бацькаўшчыне чакаць i вымагаць.
   На працягу доўгай i цудоўнай вясны, ад часу вызваленьня зь вязьнiцы, запраўды адпачыў i разгледзеўся, дый сямейны вузел завязаў. Праўда, адпачыў мо й малавата. У Падгайскага ўлегцы не хадзiў. Але якраз тая рэгулярная праца ў вагародзе й на полi ды добрыя харчы вярнулi да поўнага росквiту зьняможаны вязьнiцай арганiзм, праясьнiлi галаву й далi некаторую жыцьцёвую пэрспэктыву. Аграном шчодра аплацiў за помач, а гэта выклiкала не абы-якое адабрэньне бацькi.
   Ужо зусiм крытычным вокам, як нiколi раней, прыглядаўся Янук мясцовым людзям, асаблiва старэйшым зь Лiтоўцаў, уважна трымаў руку на пульсе жыцьця. Часта праводзiў гутарку i зь дзедам Якубам, i з Паўлоўскiм, i з Уладзiмерам Пятухом, i Захаруком, i з Вульлянай, дый цi мала яшчэ зь кiм. Уроджаны iнтэлект i ўжо немалая жыцьцёвая практыка памагалi разважаць, ацэньваць, на нейкую мерку дапасоўваць. Згодна старое праўды, - хочаш гаварыць, то ўмей слухаць, - Янук уважна слухаў i даваў сялянам розныя пытаньнi. I тыя самыя людзi, што некалi перад ягоным падарожжам у сьвет з роднае хаты выдавалiся яму нехлямяжымi ў думках, нянадта кемлiвымi, цяпер, быццам асьвечаныя ягонай, Януковай, празорлiвасьцю, зьявiлiся перад iм зусiм накшымi, разумнымi, асьцярожнымi, глыбока практычнымi, наскрозь пранiтаванымi народнай мудрасьцю.
   Праз усе гутаркi пракiдваўся чырвонай нiткай вялiзны жах перад бальшавiцкай пошасьцю, якая з усходу зноў залiвала вайной вынiшчаную краiну. Жах выяўляўся дрыжачым голасам, буйной сьлязой па загубленай раднi цi блiзкiх людзёх, або грубай i няўпрыгожанай лаянкай пад адрасам калгасных цiвуноў i самога "айца народаў". Жах падсычваўся безнадзейнасьцю, што вынiкала iз слабасьцi сiлаў, каб паўстрымаць пошасьць, што нясла сьмерць спакойнаму й плённаму, з Божай помачай, сялянскаму жыцьцю. I ў збалелых сялянскiх грудзёх заглохлi песьнi. Ня маючы ратунку ад чужой пошасьцi, Беларус Бога на помач клiкаў. Каб уратавацца ад бальшавiцкiх варвараў, Бога клiкалi на помач больш як чвэрць стагодзьдзя. А калi натоўп мiлiёнаў гналi ў шырока адчыненую пропасьць зямнога пекла, Бог, як людзям здавалася, сядзеў недзе як той каменны Сфiнкс, на модлы не адказваў.
   Жах вiдаць быў ня толькi на баразнаватых тварах старэйшых, якiм ужо недалёкая будучыня калгасны прыгон несла. Трывожылiся й вясковыя дзяцюкi, як кавалёў Лёнька, Уладзiк i Стась Зянькевiчы, дый больш дзясятка iншых, - усе, што падрасьлi падчас вайны. Падазравалi, што ў недалёкай будучынi кастлявая заграбастая ведзьма можа iх на агнявую лiнiю паслаць. Думаючы пра нявучаных вясковых дзяцюкоў, шматлiкiх сваiх аднагодкаў, Янук параўноўваў iхную сытуацыю iз сваей. Яму ясна вiдаць было тое, чаго яны ня бачылi: патрэба сьведамага й зарганiзаванага змаганьня супраць варожай пошасьцi. Сьведамага змаганьня за свае й народныя, Богам даныя правы, насамперш за волю, узвышае чалавека, дае яму гонар i годнасьць, прыблiжае яго да самога Тварца, што навучаў сваiх вучняў дабро й любоў пашыраць i iз злом змагацца. Нясьведамасьць паралiжуе ўсё шляхотнае, забiвае чалавечую душу, робiць нявольнiкам i ўгнаеньнем для чужых.
   Нясьведамыя людзi былi бездапаможнымi не iз свае вiны. Калi-б яны й пайшлi змагацца, дык пэўне-ж пад нейкiм прымусам i хутчэй усяго супраць некага цi нечага, - прыкладна супраць зьненавiджаных калгасаў, чымся за нешта, як усьведамлёную патрэбу вольнасьцi й незалежнасьцi народу. I хоць ты залiвайся сьлязьмi, а што зробiш? Усе гэтыя дзяцюкi патрэбныя Беларускай Незалежнiцкай Партыi для змаганьня з бальшавiзмам i ўсiмi iншымi ворагамi iдэi незалежнае Беларусi. Ды спрабуй ты iм гэту патрэбу вытлумачыць, або давесьцi, што толькi змаганьнем могуць здабыць права жыць i выжыць. Скарэй качаргой месяц дастанеш, чым такое табе ўдасца. Што сказаў-бы на такую патрэбу Стась? Стась, бамбiза эгэ! Вырас вунь якi, а ў галаве цьма, цi, - як людзi казалi, - вырас аж пад неба, а дурны як трэба. Янук аж разрагатаўся, падумаўшы што сталася-б, калi-б спрабаваў усьведамляць Стася. Адылi доктаравага бамбiзу, ужо бяз бурбалкi пад носам, пагоняць на "даёш Берлiн"! А там... круцi, ня круцi, а трэба памярцi. Матка Боская, вось сытуацыя! I Стась, i Ўладзiк, i Лёнька, i iншыя, усе яны - "пушечное мясо". Пойдуць у мясарубку адно таму, што ў iхных галовах пуста. А колькi-ж такiх, як яны, у Беларусi? Магчыма, бальшыня.
   Пры такiх разважаньнях шчодра пацяклi ў Янука сьлёзы. Бачыш надыходзячую катастрофу й нiяк адхiлiць яе ня можаш. У такi момант Янук намагаўся ўявiць адваротнае: калi-б ён ня бачыў усяго, што бачыць, не ўсьведамiў-бы вялiкае апокалiптычнае трагэдыi народнай, не балела-бы яму сэрца. Сума сумарум Стасевых цярпеньняў будзе куды меншая, чымся Януковых. Калi пры тым "даёш Берлiн" Стась не дабярэцца да райхстагу й загiне, дык што-ж? Чалавеку адно жыцьцё дадзена й можа лепш пражыць яго з найменшым цярпеньням. А яму, Януку, апроч фiзычнага трэба будзе пераносiць яшчэ й духовыя мукi, бо ён, як некалi той Мiцкевiч казаў, цярпеў за мiлiёны. Пэўне-ж, у вялiкай роспачы сваей спадзяваўся Янук, што такое цярпеньне прыблiзiць яго да Бога.
   Пад грукат цягнiка, упоцемку цяклi па Януковым твары сьлёзы. I прыгадалася яму слабодзкая царкава, побач з Дуняй вялiкодная служба. З прычыны ваеннага становiшча, пачалася яна на золаку. Ля яго стаяла прыгожа апранутая, мiлая дзяўчына. Сярод пярэстых хустак, сьвяточных сьвiтак, пры цудоўным сьпеве аж двух, на зьмену, хораў, як нiколi раней адчуваў блiзкасьць Дунi. Вязьнiца зрабiла сваё. Дуня не адказала яшчэ на тое важнае пытаньне.
   У царкву, здавалася, сабралася ўся вялiкая ваколiца. Грамада запоўнiла ўсе куты прасторнай сьвятынi й вылiлася пераз галоўныя дзьверы на двор. Над адтаенымi нiвамi, у акампаньямэнт малiтвам i сьпевам, гiмнам вясьне ўзьнялi сьпеў жаўранкi. Яшчэ пакуль сонца на ўсходзе чырвоным клубком выкацiлася з-за грабяня Гаравацкае пушчы, народ у царкве намагаўся даць праход царкоўнай працэсii, што павольна, iз iконамi й харугвамi, i хвалой Новаўскросламу iшла да дзьвярэй. Пад сьпевы хору, за крыжам, харугвамi iконамi й сьвятарамi вылiлася з царквы на двор рака людзей. Урачыста весьцiў пра вялiкае здарэньне гучны звон з шэрай, ужо пешчанай праменьнямi ўзыходзячага сонца, вежы. Некалi руплiвыя вернiкi схавалаi яго ад бальшавiцкiх бязбожнiкаў. I ўжо ня першы раз ад часу аднаўленьня абвяшчаў ён людзям вялiкую радасьць:
   Хрыстос iзь мёртвых уваскрос,
   бiм-бам-бом,
   сьмерцяю сьмерць паканаў,
   бiм-бам-бом,
   i тым, што ў магiлах,
   жыцьцё дараваў.
   Вялiкодны трапар паўтараўся часта падчас сьвятое лiтургii. Перад шчодрым золатам полымя нязьлiчоных сьвечак маестатычна выглядалi райскiя вароты.
   Сьмярцяю сьмерць паканаў...
   Раптоўна нахлынулi гарачыя сьлёзы, нехта кляшчамi сьцiснуў сэрца. Полымя сьвечак то зьлiвалася ў суцэльный пажар, то дробнымi iскрамi рассыпалася ў тысячу кiрункаў. У гэны момант якраз надта ўзьнёсла й цудоўна сьпяваў хор, асаблiва тэнары i, як саказаў-бы нейкi цынiк, яшчэ больш раськiс Янук. Левай рукой ён намагаўся выцерцi гарачыя сьлёзы. Няёмка перад Дуняй. А зь iншага боку, - калi нельга памалiцца й паплакаць у Доме Божым, дык дзе тады? Дунiна спацеўшая далонь сьцiснула Янукову й тады хлопцу здалося, што дзяўчына дрыжэла.
   - Янучок, мiленькi, пiрастань.
   Яна сказала выразна, нахiлiўшыся да вуха. Павярнуўшы галаву направа, празь сьлёзы Янук спасьцярог журботна-спачувальныя васiлькi.
   - Сягоньнiка вялiкая радасьць. Хрыстос уваскрос i трэба цешыцца.
   Згода.
   Служба зацягнулася масай прычасьнiкаў. Калi Янук i Дуня, узяўшы пасьвечаную сьвянцонку, пацалавалi крыж i выйшлi са сьвятынi, ужо даволi паднялося й весела ўсьмiхалася вернiкам маладое сонца. Па дарозе ехалi каляскi, групамi йшлi людзi. У левай руцэ Янук трымаў вузялок з чыстага, вышыванага яшчэ гаротнiцай маткай, ручнiка. Сьвянцонка складалася iз жменькi надта цэннай цяпер вайной солi й паўтузiна чырвоных, шалупiньнем цыбулi маляваных яек. Дзесьцi ўдома бацька й Мiкола ўжо даглядалi гаспадарку й будуць чакаць на яго й сьвянцонку. У мiску iзь сьцюдзёнай вадой уложыцца адно пасьвечанае яйка, а пасьля ўсе яны памыюцца "у чырвоным яйку", каб румянымi й здаровымi быць. Пахрыстосуюцца, адзiн аднаго значыцца ў вабдымкi возьмуць, пацалуюцца. За рознымi прысмакамi застаўлены стол сядуць. Разгаўляцца.
   Побач задуманага Янука, пад сымфонiю жаўранкаў, шпакоў, адгалоскi сабачага гаўканьня зь вёсак, спакойна тэпала Дуня.
   - Янучок.
   Сказала цiха, ледзь пачуў. Вочы iх сустрэлiся. У Януковай галаве ўсё яшчэ пералiвалiся, славiлi Хрыста бесканечна мiлагучныя царкоўныя мэлёдыi.
   - Янучок, - паўтарыла дзяўчына.
   - Ага. Што?
   - Я думала пра тое.
   У голасе ейным адчувалася нешта важнае.
   - Пра што? - не адразу дадумаўся Янук.
   - Што ты мне ў школе прапанаваў.
   Цяпер хлапец усьведамiў вялiкую вагу таго, што зараз мела стацца. Ён запаволiў крок, уважна зiрнуў на Дунiн рапраменены тварык, затрымаўся на памастацку аформленых пунсовых шчоках i поўных вуснах. Вось неўзабаве, - ужо паскорыла ход сэрца, - адчыняцца гэтыя мiлыя вусенкi, каб язык мог зрабiць гукi, ад якiх будзе залежыць Янукова будучыня.
   - I? - здолеў Янук вымавiць, iз стрыманым дыханьнем, адну адзiнокую лiтару.
   - Пайду за цябе, Янучок мiленькi.
   У вачох-васiлькох жыўчыкi бегалi.
   Сытуацыя, у якой апынуўся Бахмач, была ўнiкальная. Доўга чакаў адказу. А адказ так, - хто там мог ведаць? - рэдка пачуеш, можа раз у жыцьцi. Як-жа на яго рэагаваць?
   - Дунечка, мая дарагая!
   Янук схапiў яе ў абдымкi. Зiрнуў у вочы, дзе знайшоў пацьверджаньне. У сымфонii раньняй вясны, на вялiкоднае раньне, на абочыне гасьцiнцу й на вачох вернiкаў, што вярталiся з царквы, нараджалася новае жыцьцё. Янук прылiп да поўных пунсовых вуснаў.
   - Дарагая мая Дунечка, - шаптаў.
   Некаторыя, што ехалi цi йшлi гасьцiнцам, пазiралi, як на абочыне, не зважаючы на нiкога, зьлiлася ў доўгiм цалунку маладая пара.
   - А гэтым во як прыпёрла. Iш вы, нястыднiкi.
   Голас з дарогi. Янук ня чуў як упаў зь ягонай рукi вузялок iзь сьвянцонкай. I Дунiн кошычак iзь сьвянцоным спакойна чакаў у траве. Хрыстос уваскрос! Нараджаецца жыцьцё, пераможана сьмерць. Два юныя сэрцы, знайшоўшы супольнае шчасьце ў каханьнi, перакрочыўшы можа апошнi парог да суцэльнага зьлiцьця, паскораным тэмпам iмкнулiся паяднацца ля слабодзкага гасьцiнцу.
   Вярнуўшыся дахаты, iзь зьзяючым тварам, Янук ня мог вытлумачыць бацьку галоўнай прычыны, чаму забрудзiў вышываны ручнiк i пабiў некаторыя сьвянцоныя яйкi. Калi на другi дзень Вялiкадня Янук сказаў бацьку пра намер жанiцца з Дуняй, Пракоп Бахмач задумаўся.
   - Сынок, калi ты ўжо на свой хлеб пойдзiш, дык рабi як хочаш.
   У цудоўны травеньскi дзень вясельле адбылося ў прасторнай хаце Нiны й Антося Дзеркачоў. Сьцiплае, але шумнае. Галоўна дзякуючы Антосю Дзеркачу й аграному Падгайскаму, хапiла для сваiх i гасьцей, пераважна Макатунiшынай i Бахмачовай раднi, прысмакаў i напiткаў за вясельнымi сталамi. Прыехаў зь Вiльнi, за дружку, i Лявон Загорны. Вянчалiся ў Слабадзе. Янук наняў музыкаў i хату ў Тодара Кмiты, каб патанцавала моладзь.
   I адбылося ўсё як найлепш, iз традыцыйнымi вясельнымi цырымонiямi, караваем i прынагоднымi песьнямi народнымi. Адно разгуляўшыся, разыходзiцца не хацелася на зьмярканьнi.
   Ваеннае права.
   Пачалося для Янука новае жыцьцё. Цяпер у цягнiку, па дарозе ў Менск, на вялiкае ўсенароднае веча, Янук думкамi вяртаўся да сьцежак i дарожак, што прывялi яго да супольнага з Дуняй шчасьця й турбаваўся пра будучыню. Неўзабаве прыйдзе вялiкая перамена, што дасьць яму й Дунi iснаваньне на ўзьмежжы жыцьця й сьмерцi.
   38
   У гэную ранiцу, калi пасьля доўгiх пастояў у Маладэчане й Красным, цягнiк нарэшце дапоўз да разбуранай сталiцы, горад паказаўся яму зусiм iншым чым калiсьцi, пасьля выхаду зь зялёнае вязьнiцы зiмой. Напiнаючы свае сiлы на руiнах, шчодрая вясна прыбрала горад зеленьню й кветкамi. Ужо на станцыi Янук i Антось, дэлегаты ад Гацкае воласьцi на кнагрэс, адразу трапiлi ў апякунчыя рукi людзей, перважна моладзi, што займалiся доглядам дэлегатаў. Iх накiравалi ў сталоўку Беларускае Самапомачы, дзе за невялiкую цану маглi купiць скромнае сьнеданьне, а хто ня меў грошы дык мог пасьнедаць i задарма. Янук i Антось iз смакам зьелi па некалькi бульбяных аладак. Як няцяжка па смаку дагадацца было, аладкi пяклiся на iльняным алеi, бо "шпэку", на якi наляталi акупанты, у сталоўцы ня было.
   Павесялеўшы, на поўныя жываты, два прадстаўнiкi Гацкае воласьцi зьявiлiся нарэшце перад гарадзкiм тэатрам, у якiм меўся адбыцца той кангрэс. Паседжаньнi мелiся распачацца каля восьмай, але ўжо каля тэатру роiлася ад людзей як калiсьцi, прыгадваў Янук, летам ля сука вiшнi, на якiм пчала-матка села. Тэатр, прыбраны сьпераду нацыянальнымi сьцягамi й пагоняй, разьмясьцiўся ў сквэрыку, што тануў у зеленi.
   - Ты, Янук, iдзi ў чаргу й зарэгiстрыруйся пры ўваходзе, а на мяне нi глядзi. Я маю работу. Я цябе знайду.
   I з такiмi словамi, - Янук не пасьпеў навет роту адчынiць, - Антось зручна ўглыбiўся ў натоўп пры дзьвярох i неўзабаве зьнiк. Янук пачаў разглядацца. Гэтта-ж на правы бок, ля аграмаднага куста бэзу, перад фасадам тэатру, спасьцярог, - не, ня мог сваiм вачам верыць, - Янку Сароку. У Вiленскай Гiмназii хлапец вучыўся зь iм у ваднэй клясе. Вiльнянiн Сарока жыў на другi бок Кальварыйскай вулiцы, пасуседзтву зь Януком i Загорным. Бываў Янук у яго хаце, сустракаў гасьцiнных бацькоў. Бацька працаваў недзе ў гарбарнi, а Янка быў адзiнокiм сынком у сям'i. Жылося яму нядрэнна. Праныра, ён i дзяўчат меў, i грошы, бальшыню вiленскiх спэкулянтаў знаў, часам i гарэлачку, нямецкi шнапс, пацягваў. Хлапец з выгляду нiштаваты, войстры на язык, заўсёды з прамянiстай усьмешкай, ён належаў да тых, каторых у горадзе называлi "цванякамi", або прайдохамi. Праўда, веруючыя й патрыятычныя, асьвечаныя бацькi выхавалi ў яго пашану да чалавека й любоў да бацькаўшчыны Беларусi. Усё-ж Янук трымаўся ад яго ад яго воддаль. Магчыма, што характарамi ня зыходзiлiся. I нiяк Бахмач ня мог уявiць Сароку там, дзе яго цяпер пабачыў ды ў такiм выглядзе: перад фронтам будынку гарадзкога тэатру ў Менску, у чорным мундзiры, з пагоняй на пiлётцы й перавешанай праз правае плячо стрэльбай. Гэта ўжо занадта. Зьбянтэжаны такой зьявай, Янук спачатку ня ведаў як захавацца. Сарока яго яшчэ ня бачыў, але Бахмач спасьцярог, што воддаль пры высокай рабiне стаяў i другi, такi-ж, у чорным юнак, iз стрэльбай на правым плячы. А гэта што? Выпадала падысйьцi, тым больш, што й Сарока ўжо яго пабачыў.
   - Гэй, а гэта што, Янка? Каго, каго, а цябе сустрэць тутака ды яшчэ iз сплювай!?
   Вiльмяме сплювай стрэльбу называлi.
   - Здароў, цёзка! I ты тут? Дык ты мусiў прыехаў радзiць, а я цябе буду баранiць, каб нiхто не напаў. Ха-ха-ха, - разрагатаўся Янка.
   Юнакi моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi.
   - Дык ты думаеш, што калi на нас тутака нападуць, то ты гэтай качаргой нас абаронiш? I хто гэта цябе, такога смаркатага ваяку, сюды прыслаў? Патроны хоць далi? I качарга савецкая... Ха-ха-ха...
   - Не, чэрцi, нi далi. Стаiм во так для паказу, ганаровая варта. Казалi, што нямецкiя стрэльбы пасьля дадуць...
   - Я ўсё-ж не разумею, што гэта ў цябе за вопратка й калi ты гэту качаргу ў рукi ўзяў?
   - Дык ты ня чуў?
   - Што чуў?
   - Залажылi афiцэрскую школу для Беларускай Краёвай Абароны. А я ахвотнiкам прыйшоў. Ну як табе падабаецца?
   - Ты на ахвотнiка ў войска? У такi час? Цяжка паверыць. А чаму вы чорную, як палiцыя, вопратку носiце?
   - Зялёнай няма, пасьля дадуць. Вер цi ня вер, а праўду кажу.
   - Знаеш, цёзка, каб хто мне сказаў, што цябе во так тутака пабачу, дык не паверыў-бы, - прадаўжаў Янук.
   - А мне, каб хто сказаў, што ты - прадстаўнiк ад свайго там вясковага народу, прыедзеш на кангрэс, таксама не паверыў-бы.
   - Значыцца, як бачыш... А як доўга ты тут i колькi вас зь Вiльнi?
   - Нас сямёрка зь гiмназii й сэмiнарыi. Прыехалi ў канцы траўня.
   Сарока назваў прозьвiшчы iншых.
   - У другой палове траўня да нас у Беларускi Нацыянальны Камiтэт прыехалi тры афiцэры з бэкэа, значыцца камiсiя, ну й давай iм ахвотнiкаў у армiю. Я сабе падумаў, чорт ведае што рабiць. Час такi, бяз зброi прападзеш. А калi бальшавiкi прыйдуць, дык усiх на Бэрлiн пагоняць, - гаварыў шпарка Сарока, а Янук аглядаўся цi пакарацеў хвост чаргi ля дзьвярэй тэатру, каб не спазьнiцца на паседжаньне. Але з гэтым чалавекам цiкава было пагаварыць, распытацца пра Вiльню й знаёмых сяброў. Ды той Януку наперад забег:
   - Гэта праўда, што ты ў турму папаўся? За што гэта?
   - Табе-ж пэўне Загорны апавядаў. Зрабiлi аблаву на спэкулянтаў, i я папаўся. Але я мушу йсьцi...
   - А што Загорны цяпер робiць? Мы яго намаўлялi ў бэкэа, дык дзе там...
   - Нiчога ён цяпер ня робiць, каля дому ацялюгваецца, дзяўчат мацае... Мусiць спадзяецца, што й на наступны год у Вiльню трапiць.
   - А ты што думаеш?
   - Сказаць табе адкрыта?
   Сарока надта пiльна пазiраў у Януковы вочы й ён зразумеў, што ў такi час i ў такiх абставiнах можна гаварыць праўду, тым больш, што той у войску.
   - Кажы, - падахвоцiў Янука Сарока.
   - На працягу наступнага месяца цэлая Беларусь можа апынуцца ў руках бальшавiкоў. Дваццаць трэцяга чэрвеня пачалася афэнзыва на цэлым усходнiм фроньце. Немцы ўсюды адступаюць, а бальшавiкi абыходзяць Менск з паўдня й поўначы й можа за якi тыдзень, а навет раней будуць тутака. На захадзе алiянты таксама Немцаў гоняць.
   Сарока пазiраў на Бахмача вельмi ўважна i зараз-жа, як ён прыгожа ўмеў гэта рабiць, працяжна й зьдзiўлена сьвiснуў.
   - Адкуль у цябе такiя весткi? - спытаў Янука.
   - Пазаўчора вечарам слухалi радыё зь Лёндану. Ты толькi нiкому не кажы, каб нi было панiкi. Наша вярхушка ведае, але аглядаецца пераз плячо, тымчасам трымае твар.
   - Ну добра, - насядаў цяпер Сарока, - калi так запраўды, дык што нам рабiць? Зь Немцамi ўцякаць? Што ты будзеш рабiць?
   - Калi хочаш, табе параю iсьцi зь тымi Беларусамi, што будуць адступаць. Там вайна неўзабаве скончыцца, хаўрусьнiкi перамогуць Немцаў i вы трапiце на захад у Эўропу цi ў якую Амэрыку. А ў будучынi Англiя цi Амэрыка схопяцца ўдужкi з гэтай брыдой маскоўскай, тады нам трэба будзе помач, каб волю здабыць...
   Янук гаварыў зь нейкай фiнальнасьцю. Гэта спасьцерагло надта назiральнае Сарокава вока. Ён схапiў Бахмача за руку.
   - Чакай. Як гэта ты гаворыш, што вам трэба будзе помач, каб волю здабыць? Дзе ты, цi вы, - колькi вас там, - будзеце?
   - Я йду ў лес. Змагацца.
   Янукоў адказ на пару часiнаў паралiжаваў Сароку. Хацеў зноў сьвiснуць, але Янук крутнуўся, сказаўшы:
   - Мне трэба на залю. Пабачымся пасьля.
   - Чакай, не сьпяшы, - клiкнуў той.
   Янук адыйшоўся. Ля дзьвярэй было цесна, але хвост куды пакарацеў. Тут-жа юнак з нацыянальнай апаскай на левым рукаве, вiдаць парадкавы, у дзьвярох голасна сказаў:
   - Прашу ўсiх як найскарэй заходзiць, бо зараз пачнецца.
   Янука знайшлi на лiсьце, праверылi мандат i неўзабаве адвялi яго на месца, што выпала якраз пасярэдзiне, блiжэй заду. Заля й бальконы ўжо запоўнiлiся. Янук разгледзеўся навокал. Сцэна была ўдэкараваная вялiкiмi нацыянальнымi сьцягамi, пасярод стаяў доўгi стол, а непадалёк, наперад ад яго - мiкрафон.
   Направа ад Янука сядзелi дзьве маладыя дзяўчыны. Мяркаваў што яны дваццаткi яшчэ ня пераскочылi. Чарнявая, што сядзела побач, зь цiкавасьцю зiрнула на хлопца. Апранутая ў танны паўсуконны шэры касьцюмчык, яна мела твар, якi часта называюць даверлiвым. Распрамянiлася ўсьмешкай i сказала:
   - Калi мы ўжо суседзi, то давайце будзем знаёмiцца. Я называюся Ганна Зорка, а гэта мая сяброўка Нiна Пушчанская.
   Другая, бялявая, таксама ўсьмiхнулася. Дзяўчаты выцягнулi на прывiтаньне рукi.
   - А я Янук Бахмач. Вельмi прыемна такiх суседак мець. Адкуль будзеце?
   - Iз Слуцка. А вы?
   - Я з Гацяў.
   - Дзе гэта такiя Гацi?
   - То проста на поўнач ад Менску, ля Глыбокага. Шмат добрага чуў пра ваш Слуцак. Настаўнiцы будзеце?
   - Ага. А як вы адгадалi?
   У гэны момант заля зашумела й пачулася: - Астроўскi!
   Людзi ўставалi й плёскалi рукамi. Налева ад Янука стаяў мажны вусаты дзядзька гадоў пяцiдзесяцi, з аўтарытэтным тварам, магчыма якiсьцi войт цi солтыс.
   I прыгадалася Януку:
   ... шумнае веча,
   а ў тэатры гудзе бы ў вульлi,
   пазьяжджалiся зблiзку й з далечы
   пасланцы беларускай зямлi.
   Дык вось як яно выглядае, некалi юнаком зусiм накш уяўленае народнае веча. Аб'ектам воплескаў аказаўся сярэдняга росту чарнявы чалавек у акулярах з рагавой аправай. Яго ўжо бачыў Янук у дзень незалежнасьцi на Пляцы Волi. Астроўскi й некалькi iншых, вiдаць важных асобаў з БЦР знаходзiлiся з правага боку сцэны ў лёжы, прыгожа прыбранай сьпераду зеленьню, кветкамi й шматлiкiмi бел-чырвона-белымi сьцяжкамi. Дастойнiкам з БЦР людзi плёскалi ў рукi, стоячы. I гэтак хвiлiну, дзьве, цi тры. Янук пазiраў то на iх, то на сцэну, дзе перад даўгiм прэзыдыяльным сталом, iз графiнам вады й шклянкамi пры iм, ды нейкiмi паперамi. стаяла пакрытая нацыянальным сьцягам трыбуна, пры ёй мiкрафон i лямпа.
   Гукi аркестры напоўнiлi залю. Дэлегаты сядалi, воплескi зацiхалi, а прэзыдэнт БЦР зьнiк зь лёжы й павольным крокам узыходзiў на сцэну. Спынiўся перад трыбунай, спакойна аглядзеў сабраных.
   Аркестра сьцiхла.
   - Грамадзяне! - пачуўся выразны, нiзкi голас. - Другi Ўсебеларускi Народны Кангрэс абвяшчаю адчыненым. Вiтаю вас, дэлегаткi й дэлегаты, як прадстаўнiкоў беларускага народу, якiя сабралiся тут, у сталiцы Беларусi, для вырашэньня важных праблемаў будучынi нашага народу й бацькаўшчыны. Жадаю вам адначасна ад iмя Беларускай Цантральнай Рады посьпеху ў вашай працы.
   Янук зрокам шукаў Антося Дзеркача. I неўзабаве знайшоў яго ў правым куце, ззаду, пры дзьвярох. Нешта гаварыў з чалавекам у цывiльным, якога Янук нiколi не бачыў. Той неўзабаве адыйшоў, а Дзяркач стаяў пры дзьвярох. Ягоныя вочы пiльна бегалi па сабраных. Янук спасьцярог на Антосевым твары ўсьмешку, калi той пабачыў яго й памахаў рукою. Коратка, як проблiск праменя. Антось зноў пiльна назiраў за прысутнымi ў залi. Янук пабачыў, што й ля iншых дзьвярэй стаялi людзi ў цывiльным. Цi гэта былi звычайныя парадкавыя, як у тэатры, цi мелi падобнае, як Антось, "спэцыяльнае заданьне", Бахмач ня ведаў. Няцяжка было дагадацца якое заданьне мог мець Дзяркач.