Страница:
Вандруючы перад лаўкамi, Сабалеўскi схiлiў чало й перазь верх акуляраў уважна зрокам абвёў клясу. Хiхiканьне даўно прапала. На яго пазiралi сур'ёзныя, зацiкаўленыя, задуманыя юначыя твары.
- Нам трэба пазнаць, хто мы такiя, бо, - як сказаў нi раз i нi адзiн фiлёзаф, - каб ведаць куды йсьцi маеш, даведайся спачатку адкуль ты i як прыйшоў. I таму, дарагiя мае, мы й даведаемся адкуль прыйшоў наш народ. Супольна павандруем у далёкую мiнуўшчыну i адтуль, ад карэньня, праверым зь якое глебы расьце нашае нацыянальнае дрэва. А падарозе, вандруючы, правяраючы, распытваючы, параўноўваць будзем праўдзiвыя гiстарычныя факты iз тымi, што ўбiвалi нам у галаву чужынцы. Толькi тады, шляхам праверкi й параўнаньня, мы нашу родную, дарагую нам, праўду знойдзем.
- Такiм чынам перш за ўсё даведаемся, што з асноўных трох плямёнаў, Крывiчоў, Дрыгавiчоў i Радзiмiчаў, злажыўся на працягу стагодзьдзяў наш народ i што першым нашым магутным гаспадарствам было Полацкае Княства, з калыскай нашай дзяржавы ў недалёкiм ад нас i слаўным горадзе Полацку. Пазнаем мы падарозе князёў полацкiх ды вялiкую жанчыну, слаўную палачанку, асьветнiцу й патронку Беларусi, сьвятую Афрасiньню Полацкую.
- Мы заглянем у Наваградак, стары й ведамы горад у цэнтры нашае зямлi й першую сталiцу Вялiкага Княства Лiтоўскага. У ходзе навукi пра Вялiкае Княства Лiтоўскае мы пазнаем, - што Лiцьвiны цi Лiтоўцы гэта i ёсьць мы, пазьней чужнiкамi Беларусамi празваныя, а ня тыя каторыя сяньня сябе Лiтоўцамi, а краiну сваю Лiтвой называюць. Яны былi й ёсьць Жмудзiны, Жамойцы, а паiхнаму - Жэмайцiсы. Такiмi былi яны ад веку, а назоў наш гiстарычны - Лiтва, прысабечылi сабе зусiм нядаўна, а гэта пасьля таго, як народ наш страцiў сваю незалежную дзяржаву ў 1919-ым годзе.
- Павандруем мы пасьля ў сталiчнае, старое беларускае места Вiльню, заглянем на княскi двор, пачуем на двары Вялiкага Князя й iншых лiтоўскiх магнатаў беларускую мову. Зацiкавiмся мы польскiмi панамi й ксяндзамi ды iхнымi дзяржаўнымi мужамi, якiя выдалi сваю Ядвiгу за нашага Ягайлу й пасадзiлi яго на свой пасад у Кракаве толькi таму, каб пасьля выцягнуць сваю сквапную руку ня толькi па нашыя землi й багацьцi, але - што найважнейшае, па нашы сэрцы й душы.
- Падарозе пачуем вялiкi розгалас бiтвы пад Грунвальдам, дзе Крыжацкi Ордэн выступiў сваiмi мячамi супраць вояў супольнае армii Лiтвы й Кароны. Наўсуперак цьверджаньня гiсторыкаў Польшчы, што для сваiх мэтаў схвальшавалi факты, мы ўбачым, што галоўным камандзерам армiяў з нашага боку быў не кароль Ягайла, што iз сваiм дваром сядзеў ззаду. Бiтвай кiраваў наш вялiкi й слаўны князь Вiтаўт. I ў крытычную хвiлiну, калi трэба было ня толькi маланкава думаць i стратэгiчна цi тактычна плянаваць, але й вояў адпаведных мець, тады Вiтаўт кiнуў у бой Беларусаў Смаленшчыны. Гэтак наш Вялiкi Князь i нашы з крывi й косьцi браты са Смаленшчыны перамаглi Крыжаносцаў, выратавалi Лiтву й Карону ды на стагодзьдзi затрымалi нямецкую пагрозу. Гэтага, са зразумелых прычынаў, не казалi нам польскiя гiсторыкi. Факты яны схвальшавалi, а славу, што нам належылася, сабе забралi.
- Заглянем мы з вамi i ў Прагу, цяперашнюю сталiцу Чэхаславаччыны, дзе наш слаўны доктар Франьцiшак Скарына, сын Лукаша "са слаўнага места Полацку" ўжо ў 1517 годзе выдаў i сам надрукаваў першую кнiгу бiблii старой беларускай мовай. Скарына, такiм чынам на цэлага паўстагодзьдзя апярэдзiў у друку сваей мовы iншых усходнiх Славянаў, перадусiм Маскалёў. Ён-жа ўжо ў 1525 годзе залажыў першую друкарню на роднай зямлi ў Вiльнi. А хiба-ж ня трэба вам гаварыць, што ў той час друкаваная кнiга азначала вялiкi крок поступу асьветы для народу. Далей даведаемся, падарожнiчаючы ў мiнулым, што наша бацькаўшчына, вялiкая тады й магутная Лiтва, мела свае, пiсаныя ў роднай мове правы, i ўжо ў 1529 годзе быў прыняты для ўжытку зборнiк гэных правоў. Называўся ён Статутам Вялiкага Княства Лiтоўскага i быў адным зь першых кодэксаў правоў у тагачаснай Эўропе.
- Гэну пару, асаблiва шаснаццатае стагодзьдзе, называюць некаторыя залатым векам беларускай культуры. З пашырэньнем друку, - а неўзабаве, пасьля Скарынавай у Вiльнi, паўстала ў Беларусi яшчэ некалькi друкарняў, друкаваная кнiга сталася даступнай многiм людзям, што раней аб пiсанай кнiзе й марыць не маглi. Пашыралася асьвета, разьвiвалася культура. У Беларусь пачалi пранiкаць рэфармацыйныя iдэi з Захаду. Яны йшлi праз Польшчу. Самай Польшчы, зразумела, залежала, каб апанаваць нашу бацькаўшчыну. Рабiлася гэта галоўна праз рэлiгiю й асьвету, больш канкрэтна праз каталiцкi ордэн Езуiтаў. Пра гэта мы будзем разважаць даволi падробна.
- Заглянем мы ў 1569 годзе ў Люблiн, прыслухаемся да нарадаў лiтоўскiх, значыцца нашых i польскiх магнатаў i шляхты. Прасочым якiмi махiнацыямi, наўсуперак жаданьням нашых прадстаўнiкоў, Палякi ўбiлi першы цьвiк у дамавiну нашага нацыянальнага, незалежнага ад Польшчы, жыцьця, стварылi акт, званы Люблiнскай вунiяй, значыцца фактычна на векi вечныя прылучылi нашую бацькаўшчыну да Кароны. Трэба вам ведаць, што перад Люблiнскай было некалi падобных умоваў-вунiяў на працягу папярэдняга стагодзьдзя. Мэта Палякаў цалком праглынуць i спаланiзаваць нашу бацькаўшчыну. Нашыя кiруючыя магнаты такой вунii не жадалi. Аж па шматлiкiх спробах у Люблiне Палякi нарэшце асягнулi сваё. Прасочым далей, што рабiла польская палiтычная вярхушка, пабачым там гнiль i парахно, спасьцеражэм ненасытную прагавiтасьць i поўны маральны расклад пануючага там элемэнту. Убачым тыя катастрофы, што гэткiя гаспадары сьцягнулi на сябе й нашу краiну, доўгiя войны з Маскоўшчынай, зьнiшчальную швэдзкую навалу ды руiну вялiкага, багатага й магутнага гаспадарства.
- У гэны час, з багаславенства й пры помачы Ватыкану, польскiя Езуiты, быццам краты, тачылi беларускую душу. Са сваiх касьцёлаў, манастыроў i школаў пачалi яны запраўдную афэнзыву. Першая iх мэта - апанаваньне вялiкiх беларускiх магнацкiх родаў. Пад такiм заядлым напорам нашыя магнаты прыймалi чужую, значыцца каталiцкую веру, пакiдалi свой народ. Яны сталiся тымi, пра якiх пазьней ведамы кашталян Мялешка сказаў, што "костка наша, але чужым мясам абрасла й ваняе".
- Мы далей пабачым, як безгаловая польская палiтыка прынесла для нашай бацькаўшчыны катастрафальныя вынiкi. У другой палове васемнаццатага стагодзьдзя Рэчпаспалiтую падзялiлi суседзi - Прусы, Аўстрыя й Расея. Запраўды, у гiсторыi народаў гэта рэдкi выпадак, каб безгалоўе й безгаспадарлiвасьць кiраўнiкоў зруйнавалi ўсю сваю дзяржаву, а разам з тым i нашу бацькаўшчыну Лiтву ў пропасьць маскоўскае няволi пацягнулi.
- Уважна прыгледзiмся, як маскоўскiя вяльможы, салдаччына i ўраднiкi, з волi насамперш Кацярыны Другой, а пасьля iншых цароў як п'яўкi ўсысалiся ў мякаць беларускую, пачалi пiць жывыя сокi нашага цела, рабаваць народныя й прыватныя скарбы нашыя. Моладзь гналi ў маскалi этапамi на Сiбiр, дома-ж сялян упраглi ў ярмо зьдзеклiвага й бязвыхаднага прыгону. Пабачым, як народ наш нi раз паўставаў супраць Расеi, стараўся вярнуць зрабаванае маскалямi. Кстусь Калiноўскi, наш выдатны нацыянальны правадыр-рэвалюцыянер, падняў супраць Маскоўшчыны вялiкiя народныя масы ў паўстаньнi 1863-га году. Залатымi лiтарамi ўпiсаныя ў гiсторыю нашу словы Калiноўскага зь ягона "лiсту спад шыбенiцы":
"Ваюй, народзе, за сваё чалавечае й народнае права, за сваю веру, за зямлю родную. Бо я табе спад шыбенiцы кажу, народзе, што тады толькi зажывеш шчасьлiва, калi над табой маскаля ўжо ня будзе".
- Мэтэорам праляцеў Кастусь Калiноўскi празь беларускае, завалочанае маскоўскiмi хмарамi неба, паказаў нам шлях да волi. Але паядынак быў надта няроўны, бо маскоўскiя сiлы празь меру вялiкiя. Сам гэрой меў усяго 26 год, калi павесiлi яго ў 1864-ым годзе на Лукiскiм пляцы ў Вiльнi.
Сабалеўскi гаварыў з выразнай насалодай, iнтанацыйна падчыркiваў словы й цэлыя сказы. Цьвёрда-мiлагучны нiзкi бас вызначаўся аўтарытэтнасьцю й фiнальнасьцю, якую звычайныя слухачы рэдка калi адважацца аспрэчваць. Настаўнiк вандраваў перад лаўкамi, часта з-над акуляраў пазiраў на вуйняў, спыняўся перад вакном i задумана стаяў па некалькi часiн. Выняў зь кiшэнi настаку, выцер шырокi, блiскучы лоб, паправiў акуляры. Зачараваная ягоным дарам мовы, зьдзiўленая зусiм iншым насьвятленьнем некаторых гiстарычных фактаў, чымся рабiлi некалi акупанты, кляса застыла ў задуме.
- Спынiмся над працэсамi беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня. Пазнаёмiмся з Дунiным-Марцiнкевiчам, што ўжо ў палове дзевятнаццатага стагодзьдзя шмат пiсаў пабеларуску. Пачуем голасны клiч бацькi беларускага адраджэньня Францiшка Багушэвiча: "Не пакiдайце мовы роднай, беларускай, каб ня ўмерлi!". Паўсталая ў Вiльнi ў 1906-ым годзе беларуская газэта "Наша Нiва" клiкала народ да асьветы, баранiла ягоных нацыянальных i сацыяльных iнтарэсаў. На яе старонках чытаем першыя творы будучых волатаў лiтаратуры: Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча й цэлага шэрагу iншых.
- У сваiм вершы Янка Купала, ведамы як беларускi народны прарок i правадыр, заклiкае:
"На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Iдзi аграблены, закованы народ!"
Галадаўшаму доўгi час нельга, да ежы дабраўшыся, аб'ядацца, бо страўнiк ня справiцца. Прагавiтым ведаў пра сваё й роднае вучням нельга было адразу зашмат даваць. Раптоўная лявiна вестак з вуснаў таленавiтага настаўнiка магла быць няперадуманай, астацца няпераваранай. Яна ашаламляла сваей праўдзiвасьцю, эмацыянальна ўзбуджала кволыя маладыя сэрцы.
Сабалеўскi затрымаўся пасярод клясы, доўга i ўпорна глядзеў на зьзяючыя вочы й твары.
- Ведаю, дарагiя мае. Тое, пра што я тут сягоньня так павярхоўна гаварыў, ёсьць для бальшынi з вас неспадзеўкай. Дзiва няма, калi некаторыя з вас проста ашаломленыя.
Перад вучнямi цяпер стаяў ласкавы, дбайлiвы бацька. Ён усьмiхаўся, быццам па галоўках iх гладзiў.
- Гэта зусiм натуральна. Некалькi хвiлiн таму назад, - настаўнiк выцягнуў зь кiшэнi сярэбраны гадзiньнiк "цыбулiну", адкрыў яго, уважна паглядзеў на стрэлкi, некаторыя з вас рагаталi з таго, што ёсьць гiсторыя Беларусi, гiсторыя не як прадмет, так сказаць, а запраўдная. Я наўмысна ўзяў вас за руку й паказаў некаторыя мамэнты з машай слаўнай тысячагадовай прошласьцi. Самi бачыце, што нiва гэта прасторная й па ёй мы пастараемся прайсьцiся як дбайлiвы й руплiвы гаспадар. Але вы ўжо, здаецца, уявiлi, што Беларусь была вялiкая, змагарная i слаўная. Змагарная, непакорная й нязломная яна й асталася.
- Да прадмету гiсторыi раю вам адносiцца з найбольшай сур'ёзнасьцю. Вывучаючы факты ў iх праўдзiвым, нашым, беларускiм асьвятленьнi, паволi адчыняцца вашыя вочы. Ня толькi пазнаеце адкуль мы прыйшлi, хто мы ёсьць i куды, мусiць, iсьцi,але настолькi пабагацееце духова, што стане ў вас сiлаў для тэй далейшай i нялёгкай дарогi. Пазнаньне сваей прошласьцi ўзбагачае ўсiх нас разам i кажнага паасобку. Параўнальна гаворачы, наш рост у няволi пад чужым ярмом можна ўявiць як вэгэтацыю кволае расьлiны дзесь у глухой засенi або змроку. Тая-ж самая расьлiна, няхай i кволая, узбуйнее й налiецца сокамi, набрыняе, успышнее, умацуецца ўсiмi сваймi клеткамi калi толькi даць ёй даволi сонца й добры корм. У даным выпадку сонцам для нас ёсьць воля й праўдзiвае асьвятленьне нашае прошласьцi дый прошласьцi нашых суседзяў, што нас сiлаю, глумам i маною ў ярме й галечы трымалi.
- Я спадзяюся, што вы будзеце сур'ёзна адносiцца да прадмету гiсрорыi яшчэ й таму, бо патрабуе гэтага цяперашнi час, так сказаць гiсторыя, што на нашых вачох творыцца. Я-б устрымаўся ад спасьцярогаў адносна цяперашняе сытуацыi беларускага народу, у тым лiку й кажнага з нас, калi-б ня лiчыў гэта абсалютна неабходным. Бачыце ня зьбiраюся прадказаць будучынi, адно можна з пэўнасьцю ўжо цяпер сьцьвердзiць, а гэта тое, што завiруха, даруйце, магчыма ўжываю занадта клагоднае слова, - значыцца, што завiруха будзе патрабаваць шмат ахвяраў, пралiецца многа крывi, у тым лiку й нашай. Мейце на ўвазе, памятайце адно, што чужнiкi, якiя цяпер ёсьць на нашай зямлi, якiя валодаюць зброяй, ня будуць нас пытацца, што рабiць маюць, ня будуць нас па галоўках гладзiць, а пэўне зусiм наадварот...
Апошнi сказ Сабалеўскi вымавiў наўмысна павольна, нiзкiм, сур'ёзным, здавалася, што прарочым голасам. Спынiўся й доўга прыглядаўся юнацкiм тварам перазь верх акуляраў. Цi хацеў перадаць нясказанае?
- З гэтага выснаў, - зноў пачаў, ходзячы паволi, настаўнiк, - што нам трэба за сваiх, значыцца адзiн за аднаго пастаяць, падтрымаць адзiн другога, самiм сабе памагаць. Параўнайце сытуацыю да пажару вялiкае вёскi, дый не абавязкова ў ветраны дзень. Калi адна хата загарыцца, усё, што жывое, сьпяшыць тушыць яе. Тут дзеiць можа ня так звычайная людзкая даброць, як патрэба самазахаваньня. Практычна й проста справа зводзiцца да таго, што калi вяскоўцы не патушаць агня, што жарэ тую першую хату, дык ён зь ветрам цi безь яго можа перакiнуцца на далейшыя гасподы цi будынкi й зглумiць усю вёску. Зразумела? Гарыць маё, а ты будзеш разiнькай цi зь iншых прычынаў не паможаш тушыць, дык можа й тваё згарэць. Выбару тут няма.
- Гэтаксама i зь цяперашнiм вялiкiм сусьветным пажарам. Ужо ясна, што гарыць наша бацькаўшчына, наша адвечнае дабро й багацтва й калi нам нiчiога не рабiць, стаяць рукi апусьцiўшы, дык агонь можа выкацiць вялiкiя полацi нашых нiваў, загубiць людзей нашых. Вось чаму трэба вам як мага шпарчэй самiх сябе пазнаць, значыцца добра гiсторыю народу свайго вывучыць, а там ключ знойдзеце, як дзьверы ў свой, у новы сьвет адчынiць... Тады, каб жыць i выжыць, змагацца й перамагчы, супольна й дружна за свае iнтарэсы, за волю дарагое бацькаўшчыны Беларусi станеце!
Януку здавалася, што гэтага чалавека можна было-б слухаць без канца. Прыгожая, багатая, лёгкая мова роўным патокам, без найменшых намаганьняў бурлiла. Гэтак гаварыў пястун, руплiвы гаспадар, што кажнае слова цанiў-узважаў i ашчадна, як грошы выдаваў. А якiя важныя, заўсёды абаснаваныя, закругленыя й падсумаваныя думкi! Так мог гаварыць чалавек, што палка, усiм сэрцам, бязь нiякiх засьцярогаў свой народ любiў.
Пра гэта ўсё, што зь вялiкай мастацкай сiлай у ягонае ўяўленьне ўляглося, думаў цяпер, па дарозе са школы, Янук. Побач крочыў маўклiвы й журботны Ўладзiмер.
- Цi табе падабалася лекцыя гiсторыi? - спытаў Янук.
Уладзiмер маўчаў.
- Чуеш, што кажу?
- Чую.
- Ну дык?
- Пусьцяк, - буркнуў двуродны брацiшка.
- Гэта значыць што такое пусьцяк?
- Да нiчаво...
Янук, зьдзiўлены, доўга i ўважна глядзеў на свайго нядаўна прыдбанага сваяка. Праходзiлi перад будынкам, дзе лянiва ў вялым васеньнiм ветрыку, на машце перад уваходам трапятаўся чырвоны сьцяг зь вялiкай чорнай, на белым крузе, свастыкай пасярэдзiне. Калiшняе "ортскоммандатур" на дошцы перад сiняй, аблезлай з хварбы, брамай замянiла цяпер "ортсполiцай". У гэтым будынку iз тэй прыбудоўкай ззаду, дзе Адась Вадзiмскi зь вялiкай насалодай адбiваў Пракопу Бахмачу нутро, некалi мясьцiлася польская палiцыя. Ужо ўвайшло ў звычай, што мясцовыя людзi, а ў iх лiку i Янук, калi трэба было мiнуць будынак, дык на другi бок вулiцы пераходзiлi. - Далей ад чарцей, каб яны галовы скруцiлi! - казаў каторы селянiн, адчуўшы бiзун акупанта. Пра гэтых найнавейшых "чарцей", што прыйшлi на зьмену вайсковай камандзе нямецкага гарнiзону, яшчэ мала вядома было. Насiлi яны вопратку бледна-зялёнага колеру. "Ортсполiцай" на дошцы нешта-ж выясьнiла. Нехта, - а было-ж навокал шмат розных "дойчаў", як грыбоў пасьля дажджу ў лесе, ператлумачыў, што гэта - метсчковая палiцыя, пасьля яшчэ нехта далажыў "эсдэ". А апошнiм часам нарадзiлiся весткi, быццам нямецкiя ўлады арганiзуюць палiцыю зь мясцовых людзей.
Калi-б Янук сваiм уяўленьнем ня прысутнiчаў на гэнай надзвычайнай лекцыi гiсторыка Сабалеўскага, пэўне-ж пастараўся-б перад палiцыйным будынкам на другi бок вулiцы перайсьцi. Побач крочыў маўклiвы, пануры Ўладзiмер. Задуманаму юнаку, як праз туман, прадставiлiся воддаль ад брамы, перад галоўнымi прачыненымi дзьвярмi будынку дзьве постацi - адна ў шэра-мышыным колеры, iншая ў чорным. I можа-б далей ня ўзяў Янук iх на ўвагу, калi-б ня згадка. Адзiн мiг... Перад занятым глыбокiмi думкамi падарожнiкам у натоўпе цi на дарозе мiльгне сiлуэт... Кароткi момант, дроб часiны. Але памяць, упартая i як-жа часта ненадзейная, здаецца незалежна ад цябе, стараецца на гэтым дробе-макулiнцы цэласьць пабудаваць. Фiгура ў чорным, каржакаватая, зь пiлёткай набок на галаве, рыжымi валасамi, малой гарбiнкай на носе, гаварыла нешта чалавеку ў зялёным мундзiры. Правая рука ў кiшэнi, а левая разложанымi пальцамi нешта падчыркiвала энэргiчным рухам.
Янук раптам спынiўся. Людзi ў мундзiрах стаялi крокаў дваццаць воддаль, бокам да хлапцоў.
- Ты чаго? - спытаў просты Ўладзiмераў голас.
у гэны момант чалавек у чорным зiрнуў у гэты бок. Рудыя, калючыя, няпрыязныя вочы. Янук пазнаў яго. Не, сумлеву не магло быць. Аслаблi ногi. Мурашкi ў панiцы пабеглi па целе... Сустрэча вачэй трывала часiнаў пяць. Янук схапiў Уладзiмера за руку.
- Хадзi, скарэй!
- Што такое?
Янук не адказаў. Iмкнучыся якнайскарэй адыйсьцi, Бахмач азiрнуўся. Здавалася, што гэны ў чорным уважнас пазiраў за iм усьлед. Спынiлiся воддаль, паза засягам вока палiцыi.
- Што стаклася? Чаго цябе, як падарвала? - зацiкавiўся цяльпукаваты Ўладзiмер. - Ты зьбялеў, дрыжыш...
- Знаiш... знаiш, каго я там увiдзiў, таго ў чорным? - гаварыў дрыжачым голасам Янук.
- Кажы.
- Чалавека, што маю матку забiў...
Наступiла доўгае маўчаньне.
Дзесьцi з захаду ад сьветафору падпаўзаў вуж вагонаў i плятформаў, наладаваных гарматамi, танкамi, горамi скрыняў з амунiцыяй. Паравоз звольнiў, незадаволена чмыхнуў, прарэзьлiвым тоненькiм сьвiстком сьцебануў васеньнюю млявасьць. Гэны сьвiст быццам крапiва-джгучка апёк Янука, што ля рухлiва-бразгатлiвае майстэрнi да Падгайскага сьпяшыў. Буркнуўшы пад носам адчэпнага, што рупiць яму некуды, Уладзiмера ззаду пакiнуў. Пагутарыць, параiцца трэба. Пэўне-ж, Падгайскi можа больш пра гэтага польскага недабiтка ведаць...
13
"Дзiравы шляхцiц" Паўлоўскi незадаволена пазiраў на зморшчаны й заплаканы Вульлянiн твар. Жанчына цёрла парэпаныя ад працы далонi, манатонным голасам пра бяду сваю барабанiла. А Паўлоўскаму ў галаве ад учарашняга яшчэ не адшумела. Чаго яе сюды ў такi час трасца прыгнала? Сядзiць i хныкае, увесь добры й пагодны настрой сапсула. Iз Вульлянiных слоў i нязьвязаных фразаў ясна было, што ў Гацях на палiцыi сталася.
- ... дык ён, каб яго пранцы, каб яны яму бокам вылезьлi, i мае яйкi забраў. Жарцiкi, колька часу гэта iх ад нясушак зьбiрала, сабе анi ў рот, знаiш як нялёгка... Дык гэта брыда й той дзiсятак яек забраў i нiчога мне пра маiх сыноў-галубкоў нi сказаў.
- Якi гэта брыда? - пытаўся Паўлоўскi, а думкi яго ўчэпiста на ўчарашняй "гавэньдзе" трымалiся. "Усё-ж маладзец гэты Бжончэк-Бронхэр... фальксдойч. Хто-б гэта й падумаць мог!"
Паўлоўскi падыйшоў да вакна. Дождж дробнымi кроплямi сьцёбаў па шыбiне. У мухалоўцы на стале мокрая муха намагалася вылезьцi на сухi бераг, яшчэ бзыкала крыльлямi, падала. Вульляна сядзела на лаве ля стала. За перагародкай, у кухнi жонка ля катлоў бэрсалася, выходзiла ў сенцы, цi нi паранку для падсьвiнкаў таўкла. Разьбягалiся Паўлоўскага думкi. Яшчэ ня зусiм з новай уладай i сваiм удзелам у ёй асвоiўся.
- Ды гэты-ж, каб яму тыя мае яйкi ў трыбуху камнем заселi, Немiц, начальнiк iхны!
- А ты, цётка, зь iм гаварыла?
- Ды як там гаварыць будзiш, - махнула зьняможаная жанчына рукой. Ён-жа пасвоему гяргечыць, дык дзе там мне... Ды тамака ў iх нейкая польская паненка, нейкая пiрда вымазаная сядзiць, папольску да мяне пшэкала. Я гэта ёй пра сваiх сыноў-галубкоў так i гэтак, што ў палон папалi, што можа-б гэты начальнiк мне як iх вярнуць памог, ну знаiш... Тая панi пiрда яму, мусiць, так i нагiргiтала. А я ў руках кошычак зь яйкамi дзяржу, ну гэты самы найпякнейшы, каторы мне старэйшы сыночак Васiль некалi сплёў. Яйкi накрытыя вышываным ручнiком былi. Той начальнiк слухаiць тэй пiрды, ды сабе пад носам вурчыць - я, я, яволь, i на мяне паглядаiць. А тады да мяне падыходзiць, кошак бярэць i на стол ставiць. Адкрыў ручнiк, гляджу - на твары прагавiтасьць, вачмi яйкi зьеў-бы. Тады нешта нагiргятаў тэй пiрдзе, а яна кажыць мне, што Немiц яйкi забярэць, пра маiх сыноў даведаецца. Прыйдзi, кажыць, яшчо яек прынясi. От як! Я гэттака-ж прасiць хацела, каб мяне, бедную, ня крыўдзiў, што я i спрацаваная, i адзiнокая, а той як скочыць як крыкнiць. Дык гляджу, адкуль нi вазьмiся ён, - от, далiбог не паверыш браток, Пётра, - гэны-ж самы чорт лясьнiк, што ўсе яго падлам называлi, што некалi цяжарную Бахмачыху Алену ў лесе панскiм за малiны застрэлiў. У чорным ён быў, у палiцыйным надзеты. Дый той таксама гяргеча. Мяне за руку, дый выкiнуў, падла... Ну от... I адкуль гэты самы чорт там узяўся?
Вульляна пачала ў нос хлiпаць. Паўлоўскi стаяў i церабiў раськiданую чупрыну. На твары нецярплiвасьць i злосьць. Жаночага плачу нiяк цярпець ня мог. Няхай-бы гэтыя бабы лепш крычалi цi лаялiся, але ня сьлiнiлi.
- А чаго-ж ты, цётка, туды паплялася? Чаму ты да сваiх спачатку нi пайшла? Як гэта ты бiзь языка i зь яйкамi адразу да Немца?
- А як бiзь языка? А тая пiрда, паненка нейкая напудраная i напэцканая, што пры iх сядзiць i пiраводзiць?
- Ну так... Яна то там ёсьцiка, i пiраводзiць. Ну але гэтага мала. Цябе яна знаiць? Тут пiраводу мала, тут трэба, каб табе памагчы хацелi.
"Як яна замiнае", - думаў Паўлоўскi. - "Неяк ведзьмы пазбыцца трэба. Чаго яе чорт якраз цяпер прынёс?"
- Ну дык во памажы, да цябе-ж прыйшла. Ты-ж зноў во начальнiк нейкi. Цябе можа скарэй паслухаюць.
- Знаеш што, цётка, - пацерабiў галаву Паўлоўскi, - я табе пастараюся памагчы. Папрашу Бабра, войта значыцца, каб у Немцаў разьведаў, як табе даведацца пра сыноў. Дый чаму толькi табе? У вёсцы-ж ёсьць многа хат, зь якiх дзяцюкоў на вайну ўзялi. Дык усiм варта памагчы. Значыцца, можа скажуць як сьпiсацца зь iмi, дзе яны ёсьць можа ў лягерах палонных, цi што... Так, так, напэўна гэтак зраблю, пагавару з войтам. Так i будзiць.
Гэтак гаворачы, Паўлоўскi прайшоўся па пакоi, зноў стаў пры вакне. Праз iмглiстае надвор'е ледзь шарэлi чубы сёстраў-соснаў на могiльнiку. Добра прыдумаў. Цяпер Вульляна, пэўне-ж, зараз падзякуе й пойдзе. А тады ён з думккамi зьбярэцца, пра ўчарашняе памяркуе. А было пра што. Божа, ты мой, як усё дагары нагамi перавярнулася! Але цётка, вiдаць, дахаты ня зьбiралася.
- А калi-ж ты пагаворыш, Пятрусь?
- Ну на днях, калi выпадаць будзiць.
- Як на днях? Заўтра цi пасьлязаўтра?
- Алi-ж ты, цётка, такая... нi адчапiцца ад цябе. Ну кажу, што на днях. Тады тоя й будзiць...
- Ну а калi пагаворыш, то як я знаць буду? Цi да мяне зайдзiшся цi што?
- Ды ўжо ня бойся, забягуся, раскажу.
- Ну дзякую, Пятрусёк, дзякую-ж надта. Дый пайду-ж я ўжо, бо, мусiць, надакучыла табе. Знаю, што ты бязь дзела нi сядзiш. Дык так i зрабi, з войтам пагавары. Як гэты чалавек, Бабёр? Добры, цi благi?
- Наш чалавек. Добры. Паможыць ён, далезiць куды трэба. Нi бядуй, цётачка, ён даведаецца што трэба.
- Ага, ну дык гэта надта добра, - адыходзячы, ужо да дзьвярэй адабрыла Вульляна. - Але-ж нi забудзься, Пятрусёк, скажы маiх сыноў галубкоў iмёны й фамiлii, каб ведалi. Добра?
- Скажу, чаму-ж-бы нi сказаць...
- Дзе-ж яны, бедненькiя, каб iх Бог сьцярог, каб гэта ўжо як скарэй пра iх якую вестачку дастаць. Божа мой, Божа! Ну дык я ўжо й пайду. Дай табе Божа здароўя, Пятрусёк.
Нарэшце. Паўлоўскi ўздыхнуў, калi працягла скрыпнуўшы, зачынiлiся за Вульлянай дзьверы. Зiрнуў напокуць. Там на iконе "найсьвентша Марыя Панна" красавалася, тая самая, што некалi "непоколянэ почэньце" мела. Чаму цяпер яму гэнае "непоколяно почэньце" згадалася?
Даўно яно, яшчэ ззамоладу было. Ня ведаючы польскае мовы, Паўлоўскi таго "непокалянага", пра якое тоўк на лекцыi рэлiгii мурлаты ксёндз, уцямiць ня мог. Прызнавацца стыдна было. Можа ў ксяндза спытацца? Лепей не, не асьмелiўся. Але спытаўся ў Палякаў падлёткаў. А тыя "недавяркi" такiм зусiм простым i грэшным словам вытлумачылi. I разрагаталiся. А Пятрусю быццам хто варам у твар.
Але чаму цяпер яму "непокалянэ" ў галаву прыйшло? Вунь пра ўладу трэба думаць. I прыгадаўшы ўчарашнi сход, Паўлоўскi зьедлiва ўсьмiхнуўся. Цяпер-жа ён гэтым вясковым хамутам, небаракам, пакажа. Праўда, у солтысы зноў трапiў прыпадкова, можна сказаць. Або таму, што нейкiя плечы меў. Гэнымi плячмi розныя бальшавiкамi непавывожаныя панкi былi. I сталася гэна зусiм простыа, аж паверыць цяжка было. Параiлi яму да войта Бабра зьявiцца, бо быццам нейкая новая ўлада на ногi становiцца. Пайшоў. Бабра здалёк знаў. А той, чалавек даверлiвы, шмат клопатаў маючы, папрыяцельску пагутарыў i солтысам яго назначыў. - Iдзi й рабi, а там разгледзiмся, - сказаў.
Прыйдзе, цi ня прыйдзе тое "разгледзiмся" - iншая справа. У вёсцы-ж даведалiся, што войт Паўлоўскага солтысам назначыў дый нiхто ня пярэчыў. Праўда, некаторыя крывiлiся, прыгадаўшы яго некалi ў асобе польскага ўраднiка. Але сяляне народ сьцiплы. Мотто жыцьця: не чапай мяне, то й я цябе не зачаплю.
На сходзе гэным... Але цi яго сходам льга назваць? Нейкая кансьпiрацыйная сустрэча. Зь Вiльнi зьявiўся нехта Гжмот, мужчына з вайсковай вытрымкай. Прадставiлi яго як упаўнамочанага на "гэтыя тэрэны" з самюсенькага верху, значыцца цi нi аж ад лёнданскага ўраду Рэчыпаспалiтай... А якiя "гэтыя тэрэны" былi? Нiхто ня зьбiраўся тлумачыць. Само разумелася, што пэўная часьць "крэсаў"... Зусiм ясна, што Гацi й ваколiца. Як-нiяк, станцыя важная. Адным словам, цiкавая гутарка была. Колькi ўжо разоў перадумваў яе Паўлоўскi.
Дый найважнейшае, - ах як мiленька ад такой думкi на сэрцы было, - што на ягоную, значыцца Паўлоўскага, асобу й вартасьць ацанiлi, туды, на акраiну мястэчка ў хату аднаго быўшага ўраднiка запрасiлi. Няцяжка было здагадацца, хто адудзячыўся. Хоць самога фольксдойча Бронхэра й ня было, але-ж нейкалi шмат гарэлiцы зь лясьнiком прыйшлося зглумiць. Сябры, значыцца. Той дзесь у "гiнiральнай губэрнii" (чэрцi! як яны Польшчу перахрысьцiлi!) два гады ацiраўся. З быўшага польскага лясьнiка ў Гаравацкай пушчы на каманданта мясцовае палiцыi ў Гацях узьлез. Маладзец!