Страница:
Пасьля паўгадзiннай гутаркi крытык пажадаў Януку плённае творчасьцi, моцна пацiснуў руку ды параiў схадзiць да сакратаркi па ганарар. Крыху пазьней Янук выхадзiў з рэдакцыi i з задавальненьнем сьцiскаў у кiшэнi атрыманыя сорак тры маркi. Першы ганарар! А ў вушах зроўнаважаны й аўтарытэтны голас раiў як пiсаць. Горкая праўда. Ня было ў ягоных вершах паэзii, адно проблескi яе. Чырванеўся юнак, намагаўся прыгадаць кажнае слова Вяршыннага.
- Агулам, яшчэ раз добра прачытайце й прадумайце мой артыкул пра "рунь", - гаварыў крытык з "Парнасу". - Там многа парадаў, зь якiх трэба было-б вам скарыстаць...
"Трэба будзе", - думаў Янук, пакiдаючы пасьля зруйнаваную сталiцу.
25
Янук сядзеў на абшырным бальконе ў выгадным, плеценым з лазы, крэсьле. Перад iм зграмазьдзiлiся малыя, з чырвонымi чарапiчнымi й шэрымi гонтавымi дахамi, хаты. Вакол iх - невялiкiя агародчыкi, дзе ля парканаў усьмiхалiся сланечнiкi, а на лехах - буйнае варыва. Дзесьцi на вiшнi тарарахала сарока. Далей лянiва плёскала ў берагi марудная Вяльля, а за ёй, пад прапаласканым небам, узвышалася Замкавая гара. Калiсьцi спад Януковага, нянадта спрактыкаванага, пяра нарадзiлiся радкi:
Грозна, думна з гары пазiраюць муры
Помнiк слаўных часоў Гедзiмiна.
Шмат пражыў чалавек, не адзiн прайшоў век,
Сьлед пакiнуў на шэрых руiнах.
Муроў тых замала асталося, каб яны "грозна, думна" пазiралi, адно адзiн, зьлiзаны часам, лабаты кутавы сэктар. Адылi здалёку гэны кут натхняў Янука да палёту ў вунь якую буйную фантазiю. I чамусьцi ў сувязi з гэным вершам прыгадаўся яму iншы, напiсаны зараз-жа пасьля прыезду на навуку ў Вiльню:
Прывiтаньне табе, Вiльня,
Слаўны горад Крывiчоў,
Места памятак магiльных
Нашых прадзедаў, дзядоў.
Зь вершам на пяць зваротак, адно на гарачую руку змайстраваным, i нянадта адшлiфаваным, пасьпяшыў Янук у "Беларускi голас". Там сустрэў яго сiвы, кволы з выгляду рэдактар Аляхновiч, што некуды сьпяшыўся й таму не папрасiў студэнта навет у канцылярыю цi пакой а зараз-жа, тут на сходах, перайшоў да роспытаў:
- Студэнт? Адкуль?
Янук назваў мясцовасьць.
- Ага, знаю, знаю. Вельмi добра зрабiў, што прыехаў вучыцца. Трэба нам найбольш сваей iнтэлiгенцыi. Вельмi, вельмi добра зрабiў.
Янук нясьмела пазiраў на розавы твар i цяжка яму было паверыць, што перад iм стаяў аўтар даўгога й надзвычайна цiкавага нарысу "У кiпцюрах ГПУ", якiм некалi ўзахлёб цэлыя гадзiны зачытваўся. А былы гаротнiк пытаўся:
- Дык што скажаш мне, студэнт?
- Ня ведаю як пачаць... Маю тут верш на прывiтаньне Вiльнi...
- Ага, дык ты й паэт, аказваецца... Ну што-ж... Маладзец. Давай што маеш, калi добры дык зьмяшчу. Але, братка, я моцна сьпяшу. Зайдзiся калi... пагаворым...
З такiмi словамi Аляхновiч, не разьвiтаўшыся, рушыў сходамi ўнiз. Верш, бязь першае звароткi, зьявiўся ў газэце на наступны тыдзень. Цэнзар, як выглядала, не згаджаўся, што "Вiльня - слаўны горад Крывiчоў". Аўтар i сам ня быў пэўны цi Вiльня паўстала на засягу зямлi калiшняга асноўнага племя пазьнейшага беларускага народу. Адылi ясна, што горад пазьней быў лiтоўскi, а не жамойцкi.
Апроч адрэзанае галавы, у далейшых зваротках загнязьдзiлася колькi друкарскiх памылак. Не ўяўляў аўтар, што верш можна аж так сапсаваць у друку. Другой звароткай ён выказаў захапленьне старой лiтоўскай сталiцай:
Ты разьлёг перада мною
У васеньнiм тумане,
Быццам кветкай маладою
На зялёным дыване.
Янук прыгадваў першы вiд гораду, дакладней - тае зеленi, што ўсьмiхнулася яму ў iмглiстую ранiцу. Такiм дэбютам у газэце, што друкавалася лацiнкай, якое Янук ня любiў ужываць у беларускай мове, скончылася ягонае супрацоўнiцтва зь "Беларускiм голасам". Пасьля пiсаў пра беларускае жыцьцё ў Вiльнi й вершы ды пасылаў у Менск.
Вершы, вершы-лятуценьнi...
Дзесь далекавата налева, на Антокалi бялелi вежы высокай сьвятынi i гэтта-ж амаль перад носам, з-над дахаў пазiралi вежы iншых касьцёлаў. Адсюль, як на далонi, красавалiся й калёны фасаду вiленскае катэдры. Янук яшчэ раз прыгадаў сабе, што трэба пацiкавiцца, цi запраўды ў склепе ейным ёсьць магiлы вялiкiх лiтоўскiх князёў.
Пляны, намеры... Колькi iх было.
Сябра Загорны намовiў гiмназiстку Рандуўну паехаць па абедзе ў Вэркi, куды, казаў, хадзiў рачны параплаў. А Янук, расьсеўшыся ў гэну нядзелю на бальконе, прыслухоўваўся як воддаль, на Кальварыйскай вулiцы цiкалi конскiя падковы. Прыграваны васеньнiм сонцам, зноў думкамi вярнуўся да пачаткаў свайго вiленскага жыцьця.
Хто ведае, цi ўдалося-б Януку дастацца ў беларускую гiмназiю, калi-б не ягоныя паэтычныя спробы. У шэрым, з паападаўшай са сьценаў тынкоўкай, двухпавярховым будынку на Вострабрамскай вулiцы, гэтта-ж непадалёк станцыi, паспрыяла яму адразу пабачыцца з дырэктарам Францiшкам Грышкевiчам. Чалавек сярэднiх гадоў, бляндын, з прыязным адкрытым тварам, даверлiвымi вачмi, ён адразу разьвязаў юнаку язык. Бахмач прыйшоў у канцылярыю дырэктара з большай упэўненасьцю, чымся калiсьцi да Раманоўскага ў школу ў Гацях. Меў-жа за сабою не абы-якi школьны багаж. Пасьля году ў беларускай школе ў Гацях, скончыў шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы для настаўнiкаў пачатковых школаў у Глыбокiм. Усё-ж адрыў ад дому ў часе вайны, якая ўсё разгаралася, ды паўгалоднае студэнцкае жыцьцё ў далёкiм горадзе прадстаўлялi немалую рызыку. Колькi ваганьняў i роздумаў, пакуль адважыўся на гэты вялiкi крок, а пасьля яшчэ пацягнуў за сабой сябру Лявона Загорнага. Можа й не асьмелiўся-бы, калi-б ня пераконлiвае слова агранома Падгайскага:
- Едзь, Янук, i цягнi майго пляменьнiка. Нi траць нагоды. Нiхай тутака ў пачатковых школах iншыя вучаць. Нi забывайся, што нам патрэбная свая, вельмi добра адукаваная, iнтэлiгэнцыя. Вiленская гiмназiя гэта сапраўдная кузьня беларускасьцi. Навука - найбольшы капiтал у жыцьцi й твой будучы хлеб. Ты вельмi таленавiты юнак i добры патрыёт. Маючы навуку, зможаш шмат зрабiць для свайго народу. Паглядзi, колькi нашых найлепшых людзей Палякi, бальшавiкi й Немцы вымардавалi, каб iх зiмля нi насiла! Араць i касiць у нас будзiць каму, а хто народам кiраваць будзiць? Нам-жа трэба сваю дзяржаву будаваць.
- Ня ведаю, - адказаў Янук. - Як-жа вучыцца, калi ў бацькi бяда? Што надзену, што буду есьцi?
Падгайскi задумаўся.
- Слухай, я табе што-небудзь з вопраткi дам дый памагу грашмi. Яшчэ дам пару адрасоў сваiх сяброў у Вiльнi. Ты да iх зайдзiся. Нехта зь iх будзiць кватэру мець. Гэта я табе ўсё раскажу й дам пiсьмы да iх. Ды не забывайся, што ў Вiльнi ёсьць наш бiларускi камiтэт, якi, мне здаецца, таксама можа памагчы студэнту ў выпадку патрэбы. Адным словам, з голаду й холаду нi памрэш. Мне здаецца, што ўдома ў вас нiнадта пiразь бiрагi пiралiваецца капусты ды крупы. Дык i ў Вiльнi нейкая там капуста будзiць.
Дырэктар Грышкевiч запрапанаваў сесьцi й распытваўся адкуль Янук з дому. Ён ужо ведаў ягоную школьную кар'еру з тых дакумантаў, якiя Янук учора пакiнуў у канцылярыi разам з заявай, а цяпер у руках сшытак зь сiняй вокладкай, першыя плёны Януковай паэзii. Ня прыпадкова Янук учора пакiнуў разам з заявай i гэны сшытак.
- Пясьняр, значыцца? - сказаў дырэктар бацькоўскiм тонам. - Прачытаў пару вершаў. Добрыя. Хочаш вучыцца? Вайной ды аж за дзьвесьце кiлямэтраў ад дому? Гэта - адвага! Я пастараюся даць магчымасьць. Адносна ўступных iспытаў...
Гэтта дырэктар паясьнiў, што вымагалася. Пытаньнем была лацiнская мова, якой Янук нiколi ня вучыўся. У працягу наступных пару дзён ён спасьцярог, што iспыты гэныя былi нецяжкiя, хоць, праўда, ягоная ранейшая падкаванасьць ува ўсiх прадметах добра памагла. I такiм чынам неўзабаве зьявiўся ён мiж вучняў сёмае, значыцца перадапошняе клясы гiмназii.
Усё пачынаецца ад жывата. Даведаўшыся, што ў цiхай i прыгожай Вiльнi харчы прадаюцца адно на карткi, параiлi сябры Януку й Лявону пайсьцi ў адну "вальдзiс", значыцца мясцовы лятувiскi гаспадарчы ўрад, дзе выдаюць харчовыя карткi. Кантору тую знайшлi хлопцы тут-жа побач вулiцы Мiцкевiча, недалёка Зялёнага мосту. У канцылярыi было пару ўраднiкаў i ўсяго адна наведвальнiца. Яна хутка выйшла й хлопцы падыйшлi да старэйшай, тоўстай, з выгляду надта занятай жанчыны. Зьвярнулiся да яе панямецку:
- Мы хацелi-б харчавыя карткi атрымаць.
Жанчына падняла галаву з-над лiста паперы, уважна зiрнула на студэнтаў i нешта адказала палятувiску.
- Мы палятувiску не разумеем. Але-ж вы, пэўне, панямецку мусiце гаварыць. Дык мы просiм вас выдаць нам харчовыя карткi.
Гэтым разам на жанчынiным твары мiльгануў выразны цень незадавальненьня, язык ейны больш разьвязаўся, але ў тэй самай мове.
- Што гэта такое? Ня можа быць, каб яна панямецку ня ведала. Чакай, а можа пабеларуску?
Янук зьвярнуўся да ўраднiцы пабеларуску.
Iз трэцяй спробы нiчога не атрымалася. Жанчына ня скрывала сваей няпрыязьнi. Яна навет адвярнулася ад хлопцаў. За другiм сталом шлёпала на машынцы маладая дзяўчына, а за дзьвярмi чуваць былi мужчынскiя галасы.
- Што будзем рабiць? Гэта яна хiба-ж наўмысна? - сказаў Янук.
- А можа панямецку ня ведае? - сказаў Лявон.
- Кiнь ты. Дык чаго тады яна тут сядзiць? Цьфу, што за народ.
З гэткiмi словамi хлопцы выйшлi. Давялося йсьцi ў Беларускi Нацыянальны Камiтэт, што быў тут-жа недалёка, i прасiць помачы. Пару дзён пасьля, карыстаючыся перакладчыкам, ды прадставiўшы дакуманты, што яны ёсьць студэнтамi, хлопцы атрымалi харчавыя карткi. Гэткiм чынам першы кантакт з Жамойцамi, якiя пад крылом акупанта загнязьдзiлiся ў старой лiтоўскай сталiцы, паказаў юнаком твар яшчэ аднаго ворага. Калi-ж выпадак з нашымi студэнтамi сьветчыў пра адносiны Жамойцаў да бальшынi жыхароў гораду, якiя лятувiскае мовы ня ведалi, то Жамойцы мусiлi нажыць сабе шмат ворагаў.
З кватэрай студэнтам пашанцавала. Сябра Кастуся Падгайскага, аграном Казьляк меў двухпавярховы дом з абшырным нiзам i трыма пакоямi на другiм паверсе. Два пакоi далi студэнтам. На пытаньне пра плату, аграном Казьляк, мужчына скорагаворкi й энэргiчны, махнуўшы рукой, сказаў:
- Разьлiчымся. Пажывеце, вучыцеся. Далей будзем бачыць. Сам я вунь некалi вучыўся ня ўлегцы, дык ведаю, як вам нялёгка, асаблiва вайной.
Жонка Марыля аказалася надта ветлiвай i добрай гаспадыняй. Замуж яна выйшла, як пасьля хлопцы даведалiся, позна i ў сям'i быў адзiн дзесяцiгадовы сын Янка. Так пасьля й злажылася, што аграном памагаў навет харчмi, бо сам працаваў у нейкiм сельскагаспадарчым "штэле", калiшнiм бальшавiцкiм саўгасе, адкуль нярэдка валок дадому гароднiну, садовiну й навет мяса.
У гэнае нядзельнае паабедзьдзе ўся Казьлякова сям'я пайшла да некага ў адведзiны, а Янук сядзеў на бальконе й згадваў нядаўную прошласьць. Яшчэ раз пабег у пакой i выцягнуў з шупляды Дунiн лiст. Атрымаў яго мiнулага тыдня й ня мог iм яшчэ ўволю нацешыцца.
"Янучок", - пачынала Дуня. Не напiсала "дарагi" цi якi, а проста "Янучок".
"Дзякую за тваё пiсьмо, якое прачытала зь вялiкай цiкавасьцю. Усё, што ты пiшаш пра Вiльню, надта захапляе мяне. Каб я калi магла пабачыць гэты слаўны горад!
Як маешся? Пра сябе, мой любы Янучок, ты пiшаш скупа. Не зажурыўся ты ўжо па роднай хаце: Мяне цiкавiць кожная драбнiца твайго жыцьця. Дык наступным разам не ашчаджай чарнiла. Яго-ж, пэўне, у Вiльнi хапае?"
Ня ведаў юнак чаго ад дзяўчыны чакаць, асаблiва пасьля нязвычайнага разьвiтаньня.
- Янучок, ты здурэў? У Вiльню? Толькi курсы скончыў, а настаўнiчаць ня хочаш? I што табе з тэй гiмназii? Цi ты забыўся, што вайна цяперака? Чаго так далёка ад дому адлучацца?
Гаварыла на адхоне побач чыгункi стоячы. Янук забегся да Макатуноў зь цягнiка, калi прыехаў зь Вiльнi, каб забраць свае рэчы.
- Як гэта, чаму я здурэў? Дуня, што ты гаворыш? Я вучыцца хачу. Нагода, ведаеш...
- А я думала, што мы можа ў ваднэй школе з табой дзетак вучыць будзем. Так марылася, жадалася...
Ейны голас завагаўся, твар аблiўся чырваньню. Янук чакаў нямаведама чаго, намёкаў цi абяцанак. Дзяўчына набрала ўпэўненасьцi, расьцьвiла, разбуйнела, дзiва няма, што на настаўнiцкiх курсах хлопцы праходу ёй не давалi. Флiртам не абы якiм сталася. Неўзабаве яна, - прадчуваў гэта Янук, выпырхне зь цеснай i смуроднай Макатунiшынай хаты й зусiм ператворыцца ў кампэтэнтную, практычную й перадусiм прывабную настаўнiцу. А далей? Янук баяўся думаць.
I тады, пры гэнай апошняй сустрэчы, Янук ад Дунi нечага чакаў. А яна на захадзе сонца, з праменьнямi пазалочанымi пышнымi валосамi, зажуранымi васiлькамi-вачмi, расьцьвiла выдатнай красой. А з вуснаў што?
- Здурэў ты, Янучок мой любы. Чаго табе ў Вiльню, калi ты ўжо наўчыўся? Якi цябе чорт туды нясець?
Дзяўчына раптам спахапiлася. Твар ейны спаважнеў, а пасьля распагодзiўся вiнаватай, шчодрай усьмешкай, а вочы васiлькi пазiралi на яго задумана й абяцаюча.
- Знаеш, Янучок, гэта ня ты дурань, а я. Чаму й завошта я цябе лаю? Едзь, едзь, мой саколiк, я цябе нi дзяржу. Едзь i вучыся. У цябе-ж i галава не абы-якая, у цябе заўсёды быў вялiкi палёт. Ты-ж i паэт i пiсьменьнiк...
Янук зачырванеўся. Цяжка сказаць, цi дзяўчына гаварыла цяпер сур'ёзна, цi цыганiла. I ейныя ласкальныя "Янучок", "саколiк", "любы" зьбiвальi яго з тропу. Гэтак да малодшых дзяцей гаварылi старэйшыя, радня цi чужыя. А Дуня-ж - ягоная аднагодка. Што гэтым ласкальным сказаць хацела? Лепш-бы гаварыла да яго як сябры. Ато адным разам, як ужо раней бывала, уводзiла яго ў фiзычны азарт. а пасьля пакiдала, зрывалася, а цяпер гэтай сваей ласкальнасьцю, быццам яна яго, цi што...
- Лепш раскажы мне пра вiленскую беларускую гiмназiю. Кожную драбнiцу, усё, што ведаеш. Сядзь во тут, каля мяне.
Яна сьцягнула яго зусiм пад адхон, дзе пахла верасам i мятай. Дзесьцвi воддаль над балотам раскрычалiся вароны, а недзе блiжэй заскрыпела сарока. Адсюль, з упадзiны мiж насыпам i чыгункай, адно чыстае лёгкаблакiтнае, з рэдкiмi ваўнянымi хмаркамi на iм, неба натхняла спакоем i задуменнасьцю. Даўжэў цень бярозы, што лянiва шаптала лiсьцямi з другога боку чыгункi.
Нешта, - цi то агрэсыўнасьць дзяўчыны, цi то нейкая ейная зьверхнасьць, - зьвязала Януку язык.
- Што там казаць пра Вiльню... Прыехаў, здаў акзамiн, прынялi, ды i ўсё...
- Вось яно як! Як пугай стрэлiў: прыехаў, здаў акзамiн, прынялi. Як той рымскi палкаводзец: прыйшоў, убачыў, перамог!
Дунiн голас, здавалася, кпiў зь яго й квялiў яго. Юнак зiрнуў на яе коса.
- Пры чым тут рымскi палкаводзец? Так было.
Не, ня тое тады сказаць хацелася. Цяпер на бальконе Казьляковай хаты, з гарой Замкавай перад вачмi, шчымела сэрца. Стаяла перад iм яна, усiмi адценьнямi сакавiтага хараства распраменiўшыся, а ў задуманых i журлiвых дый гарэзных вачох загаралiся й танцавалi вясёлыя агеньчыкi. Вусенкi абяцалi пяшчоту, салодычы. I ў галаве ягонай гнязьдзiлiся словы, проста паэзiя-малiтва да дзяўчыны, якую нiколi-б не асьмелiўся выказаць:
"Дунечка, каханая цацанька мая! Прыгарнi, абдымi мяне, сьцiшы пажар у сэрцы маiм. I адно намякнi. Сьледам за табой пайду, разам дзетак будзем вучыць, можа лёс свой зьвяжам"...
"Не, гэта занадта празаiчна. Тут трэба было-б прыгожай Купалавай цi Багдановiчавай паэзiяй" - думаў Янук. Сама важнае, што карцiла яму, каб неяк зусiм канкрэтна выказаць дзяўчыне свае пачуцьцi. Ня мог адважыцца, проста забiрала дыханьне. I прыгадвае, што стаяў, хоць i прасiла побач яе прысесьцi. I пазiраў на яе зь пяшчотаю, сiлiўся думкамi, мабiлiзаваў адвагу, каб сказаць нешта надзвычайна важнае, прост-напраст манументальнае, такое, чаго зусiм не абдумаў, але што абвязкова мела быць сказанае. А замiж гэтага выйшла простае i ў гэным часе й месцы навет недарэчнае:
- Знаеш, Дуня, я табе пiсьмо зь Вiльнi напiшу, добра? Адпiшаш?
Дзяўчына ўважна зiрнула на яго. Цi здалося яму, цi ў тых каханых вачох кпiны?
- Ага, добра, адпiшу, - буркнула.
I маўчаньне. Яна нахiлiлася, сарвала галiнку верасу й разглядала яе. Калi-б Янук мог тады пасяброўску неяк выказаць тое, што хацеў цi думаў. Эмоцыя замiнала. Час ляцеў i Янук бачыў, што дзяўчына чакала пачуць ад яго нешта больш значнае, калi ўжо ня зусiм урачыстае. Гэта-ж, як-нiяк, расставаньне. Ужо шарэла. На захадзе выразна зазьзяла Мiлавiца, калi Дуня ўстала. У вачох яе анi ценю звычайна прысутнае там гарэзьлiвасьцi. Васiлькi пазiралi проста, напорыста, быццам хацелi Януку дзесьцi ў душу зазiрнуць.
- А я думала...
На твары зьявiлася заклапочанасьць, расьцярушанасьць.
- Думала, што ты i я... Дык не. Ну едзь. Так i трэба, Янучок. Едзь! Скора тамака пра мяне забудзешся й якую гарадзкую паненку знайдзеш... Нiхай сабе...
I яна раптам зьнiкла. Апошнiя словы, сказаныя зь вялiкiм нацiскам, тонам нейкай фiнальнасьцi. Дзяўчына зьнiкла з вачэй, а Янук, гарачынёю твар залiты, ногi аслабелыя, стаяў i дрыжэў, ня ведаючы цi дагнаць Дуню й прасiць прабачэньня, i... Пазiраў на выседжанае ў траве месца, хацелася стануць на каленi, пацалаваць яго... Або бегчы за ёю ззаду... Хацелася й тое й гэна, а ён стаяў у ненаважанасьцi, i прадчуваў, што ня зыйсьцi яму з наканаванай дарогi. Дзесьцi збоку ў мiражы памяцi стаяў Падгайскi й Грышкевiч, i хлапец больш адчуваў чым усьведамляў, што пойдзе за iхнай парадай. Праўда, Дуня выразна сказала, што хацела-б разам зь iм дзетак вучыць. Як шкада! Прыгожа выглядала-б ягоная будучыня..
Вялiкая вёска, у якой шмат дзетак. Школа, абавязкова прасторная, зь вялiкiмi вокнамi ўва ўсiх чатырох сьценах. Яе абступiлi навокал стройныя бярозы. Школа поўнiцца шчабятлiвымi звонкiмi галасамi, гудзе магутнай песьняй. А ў пагодныя надвячоркi яны, Янук i Дуня, напоўненыя шчасьцем каханьня, вандруюць па нiвах побач сьпелага збожжа, або блудзяць у бары. Так сабе павольна, бязь сьпеху, насалоджваюцца плённаю восеньню. Сядаюць на мяжы пад волатам дубам i Янук чытае дзяўчыне свой апошнi верш, ёй прысьвечаны. Дуня скваплiва ловiць кожнае слова.
I васiлькамi расьцьвiлi
каханай маей вочы,
якога шчасьця на зямлi
ня сталi мне прарочыць?
Узьлёт парываў, маладосьць,
i шал нязбытых мараў...
- Ты гэта пра мае вочы, Янучок?
- Ага, пра твае...
Так магло-б быць. Але ў Януковых руках, на бальконе вiленскай Казьляковай хаты, лiст ад Дунi. Яна там далёка, у нейкай Бярозаўцы ля Докшыц, а ён тут, адзiн, самотны. I да яго дзяўчына цяпер прамаўляе буйным, размашысты, крыху налева нахiленым почыркам:
"У мiнулую нядзелю заяжджаўся да мяне франьцiк Вайцяхоўскi. Прыпхнуўся на сваiм неадлучным ровары. Ня люблю гэтай рыцыны-нахаба, ледзь адвязалася".
Такой весткай Янук не на жарты затрывожыўся. Радкi пра Вайцяхоўскага ў лiсьце даволi скупыя. А што там запраўды сталася? На настаўнiцкiх курсах называлi яго аблiзанай авечкай таму, што часаў свае блёнд валосы так, быццам яго авечка цэлую ноч лiзала. Паходзiў недзе iз старой засьценкавай шляхты, заўсёды франьцiўся, голасна рэклямаваў свой беларускi патрыятызм i заўсёды хвалiўся вялiкiмi посьпехамi ў дзяўчат. Паважнейшыя дзяўчаты адганялi яго, як назойлiвага авадня, але гэта нiяк шляхцюка не ўтаймоўвала. На кпiны хлопцаў, зусiм не пакрыўдзiўшыся, адказваў:
- Якiя вы, хлопцы, малакасосы! Дз дзяўчат трэба проста дабiрацца. На тое-ж яны й дзяўчаты.
I звычайна Вайцяхоўскi адыходзiў ад "малакасосаў", паiдыёцку распраменьваўся ягоны твар, калi засьценкавы Дон Жуан пачынаў загаварваць зубы наступнай сустрэчнай дзяўчыне.
Трывогай поўнiлася Янукова сэрца. На колькi быў ён пэўны сваей Дунi? Вайцяхоўскi, бяз сумлеву, iз сваiм "неадлучным роварам" разьведаў ужо ўсё навакольле. I напэўна не паехаў да аднэй цi другой звычайнай i неадукаванай вясковай дзяўчыны, цi, як ён называў, паненкi, а насамперш аб'езьдзiў усiх настаўнiц у ваколiцы.
Прыгадваў Янук як засьценкавы шляхцiц да жаночага полу падыходзiў: стаiць Аблiзаная Авечка амаль упрытык да дзяўчыны, упорыста зазiрае ў ейныя вочы, празь ледзь адкрыты рот цэдзiць перабольшаныя лiсьлiвыя камплiмэнты. Дзяўчынiн твар пакрываецца чырваньню, а заварожаная галава ня ведае цi гэты нахабнiк усур'ёз языком меле, цi адно для пацехi забаўляецца. I вось у такi момант Аблiзаная Авечка, бязь нiякага папярэджаньня, цапне дзеўку за грудзi. Часта тады чуваць ёмкi плясь. Але дзяцюк, анiчуць не зьбянтэжыўшыся, без малейшага сораму прадаўжае далей расхвальваць дзяўчыну.
Прыгадалася Януку казка пра лiсiцу й варону з сырам у дзюбе. Цi Дуня можа даць такому чалавеку належны адпор ды ня станецца казачнай варонай? Ня дай, Божа! Янук пачаў дрыжэць, прачытаўшы далей:
"I што за чалавек! Ты на яго с..., а ён кажа, што дождж iдзець. Ты яму па мордзе, а ён, бязь нiякага сораму, падзякуе й далей да цябе дабiраецца. Хацелася-б калi, Янучок, закiнуць яму на галаву спаднiцу ды накамшыць, накамшыць..."
Так, Дуня магла-б такое зрабiць. Бяда, што Аблiзанай Авечцы вельмi паспрыяла-б закiнутая на галаву спаднiца... "Чорт лазаты, - думаў Янук, - ён тамака да маей мiлай дабiраецца, а я тутака сам сяджу. Што рабiць?" Зайздрасьць i злосьць. Злосьць на свой, можа ня зусiм прадуманы, крок, аграмадня злосьць на Аблiзаную Авечку. I чаму пакiнуў Дуню? А што будзе, калi Авечка дабярэцца? Бываюць-жа ў дзяўчат часiны слабасьцi...
Нечакана думкi зьвiхнулiся ў зусiм iншы бок. Пазаўчора ягоны сябра Лявон Загорны, немалы гуляка, што апынуўся ў шостай клясе гiмназii, адважыўся пайсьцi ў ведамы дом на вулiцы Субач. Намаўляў i Бахмача, але хлапец адмовiўся. Адзiны сын багатага гаспадара, Лявон меў на гэта грошы. Дадому вярнуўся распраменены, зьзяў задавальненьнем.
- Ну i як, разгавеўся? - падняў Янук з-над кнiжкi галаву.
Загорны зiрнуў на Янука зь нейкай, здавалася, недасягальнай адлегласьцi, адтуль, дзе Бахмачу нiколi не давялося яшчэ бываць.
- Золатца, а нi баба! Трохi старэйшая за мяне, але якая пекная i фiгурная! А як яна ўмеiць, - каб яе халера! - як паддасьць, як падкiнiць, ай-яй-яй!
Янук адно нарыхтаваўся сквапна лавiць кажнае слова пра тое, чаго сам нiколi ня зьведаў, як Лявон спынiўся, дзесьцi ў уяўленьнi бачачы тое "золатца".
- Ну i?
- I шэпчыць мне, знаiш, - я так цешуся, бо так даўно Паляка ўжо ня мела...
- Як гэта Паляка? Дык хто-ж туды прыходзiць?
- Найболi Немцы.
Янук задумаўся.
- Дык калi тамака Немцы, то як цябе пусьцiлi?
Лявон распрамянiўся шырокай, задаволенай усьмешкай. Глядзi, маўляў, якi зь мяне хiтрун.
- Дудкi, браце! Папершае я там нiводнага Немца ня вiдзiў. Байзальмама хацела мяне за дзьверы, дык я ей паперку ў руку, некалькi марак значыцца... Грошы-ж нi сьмярдзяць, знаеш. Дык яна мне ня толькi дзьверы шырака адчынiла, але й гэту самую лепшую бабу...
Лявон змоўк, зноў, вiдаць, заварожаны згадкамi пра салодыч побыту ў доме на Субач.
- Казаў-жа табе, - хадзi разам. От i паспрабаваў-бы...
Янук зачырванеўся, маўчаў. Гэта здарылася пазаўчора, а цяпер ягоны сябра Лявон дзесьцi з Рандуўнай у Вэрках. Хто ведае, можа зноў у вабдымках.
Бальшыня вучняў вiленскай Беларускай гiмназii выводзiлася зь мясцовага польскага насельнiцтва. Беларускую мову адно ўжывалi на лекцыях, калечылi яе на ўсе лады. У школы зь лятувiскай мовай навучаньня ня йшлi, пабеларуску iм лягчэй было. Гэтта-ж усё-ж пятае перазь дзесятае нешта зразумееш. Янук адносiўся да iх холадна, гаварыў выключна й дэманстрацыйна навет пабеларуску, каб iншыя вучнi зь сялянаў, якiх было можа з чвэрць усяго лiку, чулi й насьледвалi яго.
Выключэньнем мо была цёмнавалосая, грацыёзная ў рухах, прыгожая Рандуўна Янiна. Заўсёды вельмi акуратная, з смакам апранутая, прыгожа прычэсаная, яна адразу зьвярнула Янукову ўвагу. Мяркаваў, што ў такую мог-бы надта лёгка закахацца, бачыў, што iншыя хлопцы дарылi яе асаблiвай увагай. I цi раз падчас лекцыi, - сядзела ў трэцiм радзе зьлева ад яго, у тым-жа шэрагу, - забыўшыся пра выкладчыка, сквапна пазiраў на яе сiлуэт, роўны носiк, кругленькую шчочку, поўныя вусны, ледзь завойстраны падбародак, буйныя мяккiя валосы й добра аформленыя, поўныя грудзi. Падпёршы левай рукой шчаку, Янiна, здаецца, уважна слухае, жыве тэмай творчасьцi Казiмiра Сваяка. Але, быццам рэагуючы на Янукову ўвагу, яна лёгка паварочвае свой прыгожы падоўжаны тварык у Янукоў бок. На iм спакусьлiвая ўсьмешка.
- Ага, злавiла я цябе, такога зуха! - гавораць яе вочы. У карых, вымоўных, крыху прыплюснутых, пад дугамi доўгiх расьнiц, вачох гнезьдзяцца нейкiя, выклiкаючыя на паядынак, жыўчыкi.
Паядынак адбыўся зусiм неспадзявана. З прычыны, што дзяўчына была даволi, як студэнты гаварылi, папулярнай, ды з прычыны для Янука куды важнейшай, - што пабеларуску слаба гаварыла, а пасьля лекцыяў карысталася выключна польскай мовай, - Янук любаваўся ёй адно здалёку й намагаўся iгнараваць, хоць i нялёгка было.
Аднойчы, пасьля скончаных заняткаў, Янук замарудзiў у клясе.Выбег на калiдор, каб дагнаць Лявона, зь якiм мелi зайсьцi падарозе дахаты ў рэстаран, дзе часта, пахлёбаўшы нейкае таннае стравы, запiвалi яе мясцовым горкiм пiвам. Янук прысьпешыў крок i тут-жа на павароце, не спасьцярогшы, стукнуўся носам у нос зь дзяўчынай.
- Ох, якi ты неасьцярожны! - крыўдным голасам усклiкнула Янiна. Яна стаяла задыханая, румяная, прыгожая. Таксама, вiдаць, бегла.
- Прабач, я ненаўмысна, - зачырванеўся Янук. У напаўзмрочным калiдоры, - вайной не хапала электрычных лямпачак, - ён разглядаў зусiм зблiзку, проста ўпрытык стоячы, дзяўчыну, якой так даўно любаваўся з адлегласьцi. Румяны тварык, ледзь прыадчыненыя ружовыя вусны, сiняя, з воўны вязаная, шапачка на галаве, шэры, добрай якасьцi цёплы свэтар, а карыя вочы зь нейкiм капрызам разглядалi юнака. Дзяўчына цёрла нос.
- Прабач. Я моцна стукнуў цябе? - нясьмела спытаў Янук. - Я ненанўмысна.
- Нiчога, - сказала Янiна i ўсьмiхнулася. - Я бегла ў клясу, нечага забылася.
Янук гаварыў пабеларуску, а Рандуўна папольску. Ён ужо меў пакiнуць яе, калi тая раптам спытала:
- Скажы ты мне, хлопча, чаго ты так часта свае вялiкiя сiнiя вочы ўтаропiш у мяне так, што, здаецца, гэтымi вачмi хацеў-бы мяне зьесьцi?
Паблажлiвы тон, капрызна скрыўленыя вусны. Янук уськiпеў.
- А што-ж, на цябе паглядзець нельга, цаца такая?! Усе хлопцы на дзяўчат глядзяць, - адказаў шорстка.
Цяпер адно ўсьведамiў, што ад дзяўчыны нясло лёганькiм, ледзь прыметным запахам пэрфумаў. Ейная блiзасьць, - яна не зрабiла найменшага намаганьня, каб хоць на крок адыйсьцiся, - бянтэжыла хлопца. Быццам сьведамая свайго чару на Янука, карымi, - здаецца, цi ня зьдзеквалiся яны? - вачмi пiльна й цiкава ўглядалася ў Бахмача. Гэтак, здавалася хлопцу, магла зводзiць мужчыну цi адна какетка, сьведамая сваей прыгажосьцi, пра якiх чытаў у ваповесьцях.