Страница:
Акула К
Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)
Кастусь Акула
Гараватка
КНIГА III
БЕЛАРУСЫ, ВАС ЧАКАЕ ЗЯМЛЯ
Памяцi змагароў,
што ахвяравалi жыцьцё
за волю Беларусi
1
Сонца пражыла шыю, пот выступаў на лбе, каструбаватая кужэльная кашуля, добра нявыкачаная, вiдаць, валкам, церла бакi, а ў кiшэнi спацелая рука камечыла хрусткiя чырвонцы. Чырвеньскi дзень сухменем загаспадарыў над местам на ўзгорку, шырокай далiнай сенажацяў направа ды старымi, часта цяжарам гадоў пахiленымi бярозамi, што аж у два шэрагi з кажнага боку праводзiлi ў даль глыбоцкi гасьцiнец. Янук спынiўся на абочыне мiж касалапых бярозаў i пазiраў на ўсход. Дзесьцi гэтта крынiчылi першыя воды, зь якiх нараджалася Бяроза рака, названая яшчэ Бярэзiнай, а гэта таму, што быццам спад бярозы пачатак брала. Цi раз ужо хлапец абяцаў сабе знайсьцi тую крынiцу, але гэта, вiдаць, ня так проста было. Рака зьбiралася зь некалькiх рукавоў i трэба было хто ведае якую адлегласьць прайсьцi, каб на адно салiднае рэчышча натрапiць.
Над Докшыцамi панаваў млявы летнi супакой. У самым цэнтры чубам гусьцелi пышныя дрэвы, схавалася старая драўляная царква. Даўно спынiў млоснае бомканьне невялiкi звон, але сяляне, - гэта ведаў Янук, - пэўне таўкуцца навокал царквы групамi, кураць, перасейваюць-перажоўваюць страшную навiну.
Вайна!
Слова даляцела да Януковых вушэй ад сярмяжнiкаў i мяшчанаў. Падзея гэта, вiдаць, спрычынiлася, што больш народу вонках, чымся ў царкве было. Адно тады зразумеў юнак, чаму пазачынялi сяньня дзяўржаўныя крамы, у якiх звычайна "у выхадныя" гандлявалi.
Вайна!
Пяцiлiтарнае слова пырхала з адных вуснаў у другiя, насьцярожвала твары, моршчыла iлбы, спаралiжавала гарэзьлiвасьць i вясёласьць. Некаторыя твары распрамянiлiся цi ня ў сiлу таго, што "нiхай абы чорт прыйдзiць, абы ня гэтыя, абы зьмена". Скупасьць вестак пра вайну лажылася на заклапочаных тварах загадкай. Ведама было, што "Немiц бамбiў Кiеў i Коўна" яшчэ недзе на золаку. Хто каго пагнаў? Хто дужэйшы? Ведалi, што напаў "Немiц" ды i ўсё. Вестка тая зьявiлася, вiдаць, у траскучым дэтэктары "ня з гэтага, а таго боку". Значыцца, праўда, бо "брахнi з гэтага боку" даўно верыць перасталi. Скупасьць навiн нарадзiла трывогу, няпэўнасьць. Што яна, гэта новая катастрофа, прынясе?
Злосны Янук, схiлiўшы галаву, памалу рушыў сьцежкай ля гасьцiнцу. Чэрцi! Пачакаць не маглi! Такую аграмадную гару каменьня вывез, кабылу зацягаў, першы ў жыцьцi касьцюм спадзяваўся сабе справiць. Ужо вакол таго касьцюму пляны вялiкiя снаваў. Уяўляў, як зьдзiвiцца Дуня, калi так прыгожа, як дзяцюк апрануўшыся, на вечарынку яе павядзе.
Рупiла Януку перад Стасем новым касьцюмам "пафарсiць". А як-жа! I перад Уладзiкам навет! А чаму-ж-бы й не перад iм? Тады няхай-бы зайздросьцiлi. Сваймi-ж рукамi зарабiў. А Дуня... Нашто ўжо ёй тады было-б на каго аглядацца, калi такога прыгожага свайго дзяцюка на вечарыне забаўляла-б... Дый тут мо не пра агляданьне на iншых iшло. Яна-ж ягоная дзяўчына была, прынамся так здавалася, хоць часам, - Бог яе ведае, - надта-ж гарэзiла. Упiкала яго гэта ейная нейкая зьверхнасьць, лёгкаважаньне. Быццам ласку табе рабiла прыгажуня, прост-напраст цудоўная, у панскiя модныя транты аздобленая. Што й гаварыць... Ляпей было-б дзяўчыну пры сабе трымаць, ад нейкiх чужнiкаў-байцоў яе адгарадзiць. Няхай бы бачыла, што ён - не жабоцька нейкi, а зусiм ужо ўзрослы, дасьпелы дзяцюк. Вось як!
Салодкая, прынадная думка прапала, як мыльны пузыр. Няведамы прагавiты напасьнiк, што праглынуў ладны кавалак Эўропы, пакрыжаваў i сьцiплыя Януковы пляны. Намагаўся хлапец вайну ўявiць. Цяжка. Мала што старыя апавядаюць: "сьвiшчуць кулi, як касой людзей косяць, з арудзiяў бухаюць, ура крычаць, конныя й пехата шквалам налятаюць!" I што яшчэ? Словы, словы. Можа калi й было так... I нiчагусенькi пра танкi й самалёты. Трывожнае паднечаньне прыйшло на зьмену таму вялiкаму жалю, што цяжка запрацаванага касьцюму няма як купiць. А перадусiм няпэўнасьць. Цi прыйдзе вайна сюды? А калi так, што яна прынясе?
Быцам пляшамi на хворай галаве, лапiклы нiваў сьвяцiлiся пусткаю, пазарасталi лебядой, пырнiкам, сьвiрэпкай i асотам. Гэта там, дзе каторыя сяляне, ня вытрымаўшы вялiзных бальшавiцкiх падаткаў, пакiдалi родныя нiвы. Бедная зямля! У iншых мясцох пышнымi дыванамi каласiлася, гойдалася жыта, араматам пракосам млелi сенажацi, пырхалi мiж красак шматкалёрныя матылькi, гудзелi шмялi й пчолы, зыгавалi пры кустох ад аваднёў каровы. Сьвятая нядзелька спынiла працавiтыя мазольныя рукi. Добраслоўлены супакой. Пад загрозай калгаснай прыгоншчыны, гаспадар павольным, удумлiвым крокам брыдзе па полi, любуецца поўнай нiвай i сьлязу выцiскае над апустошанай. I ў дзень такi цi-ж льга было паверыць, што дзесьцi на захадзе разгарэлася ўжо вялiкае полымя, што паўзе сюды, уядаецца ў цiхую й зьнявечаную старонку?
Гул пачуўся з заходняга боку. Янук стрымаў крок, закрыў брылём далонi ад сонца вочы ды ўглядаўся ў смуглява-блакiтны прастор неба. Адзiн-адзiноханькi малы самалёцiк плыў паволi чорным крыжыкам так высока, што нельга было ягоных знакаў распазнаць. Мiзэрненькая сiрата, наводля тых з калiсь расхваленага "баёвага лётнiцтва моцарствовай". У вялiкiм i чыстым прасторы сакавiтай прыроды ён гудзеў недарэчным шаршнём.
Неўзабаве гул ацiх i Янук паклыпаў далей пыльнай сьцежкай ля гасьцiнцу. Прысьпешыў кроку. Трэба было жвавей дахаты. Выйшаў рана, калi яшчэ не раскатурхалася вёска. Цяпер, пэўне-ж, нязвычайная навiна ўжо ў лiтоўскiя начоўкi даляцела.
Перад хатай гаманiлi Пракоп i Алесь. Янук падыйшоў да iх.
- А што-ж ён... Ну, кажыць, нiчаво няiзьвесна, - гаварыў швагру Пракоп. - Вайна то вайна, кажыць, будзiм сматрэць...
- Пра каго гэта ты, тата? - спытаў сын.
- Ды пра Хвёдара. Я ў Гацях быў, каб даведацца што там дзе робiцца. Ну а ты? Дзе твой касьцюм? Чаму з пустымi рукамi?
- Вайны спалохалiся, крамы пазачынялi, нiчога ня купiш, - крыўдзiўся Янук.
- Ты глядзi як, - разважаў Пракоп. - Ну а што ў горадзе чуваць?
- Мала. Пра вайну ля царквы чуў, а так нiхто болi нiчога нi знаiць Кажуць што яшчэ на золаку Немiц Коўна й Кiеў збамбiў.
- Бог знаiць што будзiць, - сказаў бацька. - Ну што там, Уладзiмер, чуваць? - гукнуў да Пятуха, якi ад лекара Зянькевiча выйшаў.
- Нешта яны зь Менску, чэрцi, нiчога не гавораць. Кажуць, што на "сьвяшчэнным рубяжы" баi заядлыя, што "доблiсная" сьцяной стаiць, алi хто каго... нiчога анi гу-гу... А так усё баявыя песьнi граюць.
- Дзе гэта так? - спытаў Янук.
- Ды ў радзiве, - адказаў Уладзiмер. - Мусiць там нейкiя нiпiралiўкi ў iх. Каб пагналi Немца, ох як гарлапанiлi-б...
2
Марыя Iванаўна тупала па абшырным пакоi, цёрла вочы й паўтарала: - I што я буду цяпер рабiць? Што буду рабiць?
Жанчыну асядлаў страх. Рассыпаныя валосы, стары зношаны сарафан. Яна, здавалася, пастарэла ад першай сустрэчы ў Лiтоўцах на гадоў дзесяць.
- Як ён мог так зрабiць, пакiнуць нас самых, нi сказаўшы, цi вернецца цi не! I што я буду рабiць, як гiрманцы прыйдуць, га?
Бахмачы сядзелi на шырокай, папраседжанай, зь дзiркамi, скуранай канапе, што, вiдаць, часы "севера-западной жалезнай дарогi" прыгадвала. Пакой знаходзiўся ў вадным з абшырных будынкаў блiзу гацкае станцыi. Гэтта некалi "каляяжы" жылi. Апроч старой рудой канапы ў пакоi стаяла яшчэ старамодная шафа з пасудай i стол з чатырма, даўно не аднаўлянымi, крэсламi - цэлы камплет. Калiсьцi чырвоная драўляная падлога цяпер прасьвечвалася пратоптанымi да гладзi драўляных слаёў сьцежкамi.
На абклееных паперай у краскi сьценах стоўпiлiся ў зашклёных рамках сямейныя здымкi. На аднэй зь iх Хвёдар Бахмач трымаў позу - проста ў лоб, у поўным муньдзiры чыгуначнiка ў нейкага традыцыйнага фатографа. Сур'ёзны, бяз усьмешкi, васковы твар. Вiдаць, што фатографы гэныя можа на цэлую шырыню "нiаб'ятнай" дый калiшняй Рэчыпаспалiтай ад аднаго нямудрага бацькi вялiся: "Рукi так во перад сабой, нi глядзець у бакi, вачмi ня моргаць, а так во проста на плёнку. Не, не варушыцца, бо ня выйдзе..." Тэхнiка! Чорт вас ведае, - думаў аб'ект плёнкi, - можа й ня брэшаце. Руб цi злот улепiш i хвашчыся тады, як ня выйдзе!
- Давольна, мамаша, неяк будзе, - буркнуў пры стале Ўладзiмер. - Калi нiчога нi сказаў дык уж, пажалуй, вернецца.
- От да, разумнiк найшоўся! Неяк будзе! - паднецiлася Марыя Iванаўна ды шпарчэй затупала па вытаптанай падлозе. - Уж ты, мой ангел хранiцель, пасаветуеш, старую бабу забясьпечыш. Што будзе, як германцы прыйдуць?
- Пачакай, - адазваўся заклапочаны Пракоп, - давай нi сьпяшым, памяркуем. Чаму ўжо адразу так Немцы прыйдуць? Адкуль вы гэта ўзялi?
- Як адкуль? З запада во iзьвесьцiя прыйшлi: Беласток, Гродна, Лiда занятыя. Наверна яны ўжо ў Маладзечне. Тут-жа во праездам людзi былi, перадалi. Нашы на цэльным фроньце ў панiцы. Афiцыяльна-ж нiчога няма, усе ўцякаюць напралом. Можа й майго тая вална падхвацiла. Учора вечарам пайшоў, хоць ужо пасьля бамбёжкi тут нармальна нi работалi. Я ўсю ноч нi спала. Пабегла утрачкам, а там нiкога...
- Дык, што ў Гацях нiхто з савецкiх нi астаўся?
- Усё начальства на скрут галавы ўдрала: i НКВД, i мiлiцыя, i з жалезнай дарогi. Пасьля першай бамбёжкi як падурэлi, а ўчора яшчэ хужэ. От толька некаторыя сем'i жалезнадарожнiкаў асталiся, тых, значыцца, што ў разьездах. Учора позна прыйшло iзьвесьцiя, што недзе окала старай гранiцы германцы вялiкi мост збамбiлi, так поездам ужо пуцi нету...
- Дык можа Хвёдар i вернецца? - мяркаваў Пракоп.
- Вернецца, вернецца... Чаму-ж ён нас з сабой не забраў?
Настала прыкрае маўчаньне.
- Знаеш што, Марыя? Як што якое, перабiрайся з сынам да нас. Пакуль усё ўляжыцца, у вёсцы перасядзець лепi. А калi й Немiц прыйдзiць, дык што ён табе, бабе з сынам, зробiць? Ня можа-ж быць, каб ён да цябе прычапiўся...
- Дзякую табе, Пракоп, - адказала братавая, - але цесна ў вас. Што будзе тое й будзе, лепей ужо тут будзем. А там далей будзiць вiдаць. Так, сынок?
- Ну да, мамаша, так i зробiм, - згадзiўся Ўладзiмер.
Сядзелi й разважалi доўга. Канфузiяй i трывогай перасыпалася гутарка. Зьдзiўленьню ня было мяжы: як гэта такая, на выгляд магутная, бальшавiцкая армiя ў першыя днi вайны рассыпалася-разьбеглася ў жаху й панiцы?
Прыгадаў Янук учарашнi дзень. Намовiў Стася, - дый цi трэба было яго намаўляць? - каб зьбегаць у Гацi й праведаць, як вайна йдзе. Перад полуднем, каля дзясятай, нацянькi, праз пушчу дайшлi яны ўжо польскага вайсковага могiльнiку, як на захадзе пачуўся роўны гул, што рос, прыблiжаўся. Нiзка над чыгункай паказалiся тры сярэбраныя, двухматорныя самалёты. Выглядала, што двайныя хвасты мелi. З-над станцыi прыляцеў жахлiвы гук узрываў, якога ня толькi раней ня чулi, але i ўявiць не маглi. Насамперш сьвiст, а пасьля выбухi. Зь перапалоху хлопцы на зямлю пападалi. Бомбы трапiлi ў вялiкi склад будаўляных матар'ялаў ля таго "фазаво", некалькi ўзарвалася мiж вагонаў. Уверх шуганула полымя й дым. Моцна бiлася Янукова сэрца, зусiм зьбянтэжыўся Стась.
- Каб iх халерачка, але-ж i ўпсяюрылi. Глядзi, загарэлася!
Адно хлопцы ўсталi, каб падыйсьцi блiжэй, як самалёты зрабiўшы вялiкую дугу ў паўночны бок, зноў прыляцелi з захаду й яшчэ раз паўтарыўся ашаламляючы сьвiст i выбухi. Усё гэта стаяла цяпер у Януковых вачох.
Марыя Iванаўна, Уладзiмер, Янук i Пракоп выйшлi з хаты, спынiлiся ля даўгой, некалi зялёнай, цяпер ужо шэрай лаўкi. На яе сьпiнцы вiдаць былi пачарнелыя мэталёвыя лацiнскiя лiтары - ПКП, а пад iмi глыбака ножам выразанае - "палякi курвы праклятыя". Бахмачы пазiралi на чыгуначныя шляхi. Дымiў яшчэ склад ля "фазаво", курылiся й некаторыя вагоны. Вецер дыхаў смуродам гумы й смалы. Мiж вагонаў завiхалiся людзi.
Ужо пазьней, з адлегласьцi перажытага, ахрысьцiлi мясцовыя жыхары гэны пэрыяд, - ад часу, калi "змылiся бальшавiкi" да прыходу Немцаў, "бiларускай уладай". Наляталi людзi на казённыя крамы, вагоны, склады. Багацейшыя Жыды, што нейкiм шляхам больш за ўсiх пра вайну ведалi, уцякалi на ўсход неўзабаве пасьля атрыманьня жахлiвае весткi. Адно найбяднейшыя аставалiся.
Разгледзеўшыся й памеркаваўшы, Пракоп зноў прыгадаў Марыi Iванаўне, каб у выпадку чаго да яго з сынам перабiралася, а жанчына зноў выказала спадзяваньне, што Хвёдар вернецца.
- Што, тата, будзем рабiць? - спытаў Янук пасьля разьвiтаньня.
- Давай паглядзiм дзе й што... Можа й нам што пападзець.
У бок ад вакзалу натрапiлi цi нi на самы большы цэнтр актыўнасьцi. Ля вялiзных дзьвёх цыстэрнаў кешкалiся мужчыны. З крану вёдрамi налiвалi сьпiрт, шмат яго разьлiвалi ў жвiр. Таўханiна й гармiдар. Побач, сеўшы на рэйках i шпалах, голасна гаманiлi ўжо найбольш вясёленькiя. Выявiлася, што сьпiрт з цыстэрнаў прыйшоўся да спадобы мясцовым i налётным п'янiцам. Бахмачы прыглядалiся з адлегласьцi.
- От i брыда! - плюнуў Пракоп. - Во каму цяпер воля!
- А колькi зь iх ужо нажлопалася! - падтрымаў бацьку Янук.
Позна вечарам Бахмачы валаклi дахаты кажны па тоўстым скрутку "мануфактуры". Было гэта цёмнага колеру сукно. Нялёгка да яго дабралiся. Ля вагону таўклiся дзясяткi людзей, напралом адзiн праз аднаго пялiлiся ў вадчыненыя дзьверы. Пракопу й Януку дасталося цi мала таўхалёў пакуль, нарэшце, удалося й iм паласавацца. Бачыў Янук увачох у людзей, зь якiмi побач жыў, - нармальных, цяглавiтых, працавiтых людзей, - вялiкую прагавiтасьць, аграмадную заядласьць у здабыцьцi нажывы.
- Але й натаўклi, каб iх халера! - скардзiўся бацьку, валочачы на плячох вялiкi скрут матар'ялу.
- Ну але будзеш пекны касьцюм мець, - адказаў бацька.
- Касьцюм, хоць з награбленага, - усьмiхнуўся сын.
- Яны нас, а цяперака мы iх, - дадаў, загадкава распрамянiўшыся Пракоп.
Янук зьдзiвiўся. Нешта новае зьявiлася на твары чалавека, якi ў жыцьцi сваiм нiкога ня скрыўдзiў.
- Як гэта? - спытаў хлапец.
- Ну ты-ж помнiш як гэтыя басякi, значыцца Косьцiк i Лявон, нада мной зьдзеквалiся? Гэта-ж ня хто другi, а яны казалi пра таго брыду Ленiна, што ён сам сказаў: "граб награбленае". Значыцца, як яны грабiлi, дык чаму-ж iх няможна? Дык гэта-ж па праву ўсё наша. Глядзi во - дзiржалi на станцыi, а для бедных людзей у крамах нiчагусянькi ня было. А гэта-ж ня грэх, сынок, сваё браць. Так цi не?
Сын уважна зiрнуў на павольнага, памяркоўнага ў хадзе бацьку. I тады абое, як на сыгнал, зарагаталi.
3
Здавалася, што калiшнi рэвалюцыйны клiч "граб награбленае" падтрымаў-бы тых людзей падчас "бiларускай улады" ў Гацях, якiя намагалiся-б апраўдаць свае паступкi. Людзi гэныя - а была iх бальшыня, - у Бога верылi, навукай Хрыстовай у жыцьцi кiравалiся, нiколi ня кралi. Адылi недахоп прадуктаў штодзённага ўжытку падчас бальшавiцкага глуму спанукаў цяпер кожнага, няхай сабе й самага маральна беззаганага, пашарыць па казённых складох, крамах, пашукаць дзе што ёсьць. Нiкчэмная колькасьць солi, нафты й цукру, што знайшлася на полках, пайшла ў расход першая. Камплетна аголеныя крамы скардзiлiся навосьцеж паадчынянымi дзьвярмi, пабiтымi вокнамi. Шукальнiкi тавараў разбрылiся па чыгуначных шляхох станцыi, правяралi таварныя вагоны й будынкi ўрадавых устаноў.
Янук i Стась добра пападбiвалi сабе пяты, ад раньня намагаючыся што-небудзь знайсьцi ў абчышчаным ужо мястэчку. У завулку, гэтта-ж ля галоўнае вулiцы, зазiрнулi ў невялiкi драўляны будынак iз забiтымi сьпераду дзьвярмi й вокнамi. Праз прачыненыя бакавыя дзьверы ўлезьлi ў сярэдзiну. Тут панаваў паўзмрок. Асьцярожна, каб у выпадку небясьпекi шмыгнуць наўцёкi, хлапцы разглядалiся. У нос ударыў тухла-салёны пах. Вочы цяпер прызвычаiлiся да змроку. Гурбы зрэбных, напханых нечым мяхоў, зваленыя ў груд, займалi цэлы невялiкi будынак.
Вiдаць, што ранейшыя "разьведчыкi" папярэдзiлi лiтоўскiх. Паразьвязаныя мяхi й вялiкiя кавалкi сушанай рыбы валялiся пад нагамi. Стась узяў у рукi вялiкi шэры кавалак, адкусiў, пажваў, зморшчыўся i з агiдай выплюнуў.
- Цьфу, салёная гадасьць нейкая!
- Але-ж, якая сухая, - гаварыў Янук, ломячы iншы кавалак. - Чаго плюеш?
- Надта-ж салёная.
Янук узяў кавалак у рот, пажваў i таксама выплюнуў.
- I хто яе такую, халеру, есьць! - у голасе чулася злосьць i рашчараваньне.
- Каб што добрае, дык думаеш яно валялася-б? Даўно расьцягалi-б.
- А каб вымачыць? - разважаў Янук.
- Кiнь ты! - наглiў Стась. - Iдзём куды, мо што лепшае знайдзiм.
Ля цыстэрнаў са сьпiртам нельга было прайсьцi. П'янiцы гарлапанiлi, лаялiся, iншыя-ж запэцканыя, алькаголем адурманеныя, спалi каля рэек. Едкi пах паразьлiванага сьпiрту трымаўся ў паветры. Першая цыстэрна апусьцела, завiхалiся ля другой. Ладна зыйшоўшы з поўдня прыпякала сонца.
- Глянь, колькi паразьлiвалi. Але-ж iм i выгада. Хоць ты ў сьпiрце купайся. Ня сьнiлi такога. От-жа доўга помнiць будуць! - сьмяяўся Янук.
З захаду, з боку сьветафору пачулiся адзiночныя стрэлы. Кулi цiўкнулi над галовамi. Адтуль ланцугом паволi йшлi жаўнеры. Пачаўся перапалох. Як мага, хлопцы iрванулi з чыгунак. Стась шмыгнуў першы, а па ягоных пятах Янук. Прабегшы ля карэлага будынку вакзалу, засопшыся, затрымалiся ў малым парку якраз ля вялiкага помнiка Сталiну.
- Але-ж чэрцi напалохалi! - гаварыў зьбялелы Стась.
- Ты вiдзiў iх? - спытаў Янук.
- Каго?
- Немцаў, каго-ж, вунь там... Гэта-ж яны страляюць, - паказаў Янук у той бок, дзе раней спасьцярог ланцуг жаўнераў. Стрэлы прадаўжалiся й ад вагонаў у панiцы, з крыкам беглi людзi.
- Давай уцiкаем! - дрыжэў Стась, - ато застрэляць.
- Чаго ты дрыжыш, як тая асiна? Яны над галовамi страляюць, каб людзей пастрашыць.
Аглядаючыся на чыгункi, хлапцы рушылi мiж дрэваў.
- А ты глядзi, гэтаму чорту нехта ўжо макаўку зьбiў! Ха-ха-ха! рагатаў Янук.
Вялiзная шэрая гiпсавая галава ляжала мiж белых рамонкаў ля плятформы помнiка. Безгаловае тулава, яшчэ раней дзёгцем спэцканае, цяпер тарчэла нiкчэмным аб'ектам у ваенным хаосе.
Па галоўнай вулiцы беглi людзi з клункамi ў руках, а мiж чыгуначных шляхоў трывала стралянiна. Ужо пазьней выявiлася, што ля цыстэрнаў Немцы пастралялi п'янiцаў, што спалi або ўцячы не змаглi.
Адно хлопцы дайшлi да Габiшынай гарбатай, цяпер закрытай, крамы ў вiлах дзьвюх вулiцаў, як з Глыбоцкае вулiцы пачуўся гула матораў. Сьпераду паволi ехалi дзьве запыленыя панцырныя машыны, з чорнымi крыжамi па бакох, а за iмi - грузавiкi з жаўнерамi. Людзi сьпяшылi сюды з усiх бакоў, выходзiлi з хат, спынялiся на ходнiках, каб прыгледзiцца гэтым новым "вызвольнiкам".
Зь верху пярэдняй машыны разглядаўся маладжавы афiцэр зь сярэбранымi пагонамi. Ён махнуў рукой, калёна спынiлася. Афiцэр пачаў разглядаць мапу. Пагрозьлiва пазiралi з панцырных машынаў рулi цяжкiх кулямётаў. Тымчасам навокал машынаў гусьцелi людзi, цiкаўна сачылi новапрыбылых, што вось безь нiякага вялiкага гулу цi стрэлаў укацiлiся ў мястэчка з глыбоцкага гасьцiнцу. У кузавах жаўнеры. Спакойныя, суровыя твары ў шлёмах. Сядзяць на лаўках з абодвух бакоў адкрытага зьверху кузава, iз стрэльбамi на "вольна".
- Вiват! Вiват!
Тонкi й прарэзьлiвы голас пачуўся з групы людзей, што стаялi з другога боку вулiцы. Яго падхапiлi й iншыя.
- Чуеш? - таўхануў Янука Стась.
- Хто-ж гэта iх так вiтаiць? Ах, каб цябе! - зьдзiвiўся Бахмач.
Крыкун падняў руку на прывiтаньне Немцам.
- Дык гэта-ж Пшыбыльскi Збысек! - спасьцярог Янук.
Пшыбыльскi выводзiўся з тых бедных "каляяжаў", найбольш дакучлiвых "панскiх блох", зь якiмi Янук у гацкую школу хадзiў. Апрануты ў сiнi гiмназiяльны касьцюм, - магчыма, абноскi старэйшага брата, - уключна iз шапкай з абрэзаным казырком. Ля яго церлiся iншыя, добра ведамыя Бахмачу, "блохi". Зьненавiджанае кодла "пшэкаў", гарлапанаў, патрыётаў "моцарствовай". Гэта-ж яны тым заядлым "псякрэўскiм" патрыятызмам заўсёды афiшавалiся. Пры iх, быццам кураняты, стоўпiлiся разныя паненачкi.
Пярэсты натоўп з двух бакоў вулiцы разявiў раты. Немцы ажывiлiся ў аўтамашынах.
- Ты глядзi, якiя салдаты чыстыя! - захапляўся побач голас. - Гэта ня тое, што брудныя бальшавiкi!
- Москаў капут! - крыкнуў жаўнер з другой панцырнай машыны.
- Вiват! - гарлапанiў у вадказ Збысек, а яму дружна памагалi сябры. Задавалоеныя ўсьмешкi на тварах, быццам сваiх уланаў вiталi.
- Москаў капут! - паўтаралi iз задаволенымi ўсьмешкамi Немцы.
- Я, я, Москаў капут! - згаджалiся Палякi.
Прыгадаўся Януку верасеньскi дзень, калi паўзьлi па гасьцiнцы сотнi танкаў. Закрываўлёнае сонца, трыюмфальная брама iз прастрэленым вокам на дыктатаравым твары, павешаная Палякамi Параска Макатунiшка... Дзе падзелася тая вялiзарная сiла? Дзе тыя сотнi й тысячы танкаў, гарматаў, аўтамашынаў, што на захад паўзьлi па чыгунцы за вокнамi гацкае школы? А гэтыя во, - зiрнi ты на iх, зухаў! - спачатку такога перцу далi бальшавiкам, а цяпер незаўважна й пацiхоньку ўлезьлi ў мястэчка.
Афоцэр зь першага возу войстра скамандаваў, паказаў рукой налева й калёна рушыла ў бок чыгуначнай станцыi.
- Давай, пойдзем паглядзiм што ў школе робiцца, - прапанаваў Янук.
Iшлi побач чыгунак. Гар i дым ад разьбiтых вагонаў i таго складу, што яшчэ тлелi, нiкiм нятушаныя, трывожыў насы. Лёгкi вецер забаўляўся пер'ем, то разьмятаў яго, падкiдаў уверх, то зьбiраў у кучы мiж рэек, шпалаў i адхонаў. Нехта знайшоў вагон, у якiм былi "пух i пер'е дзяржаве". Што не змаглi вынясьцi, тое растрыбушылi, на вецер параськiдалi.
На абочыне стаяў даўгi лянцуг плятформаў, наладаваных прыгожым бярозавым i хваёмым бярвеньнем. Некалi-ж было яно, пэўне, прызначанае ў "саюзную Гiрманiю". Цяпер тая вялiкая "саюзьнiца" з грукатам i трэскам сюды ўварвалася, ня было куды сьпяшыць. На першакляснае дрэва - выдатны будаўляны матар'ял, паглядаў не адзiн селянiн, мяркуючы, цi не магло-б яно трапiць у ягоную гаспадарку на зруб новае хаты цi гумна. Шкада! Сам ня хопiш, на плячох дамоў не завалачэш, талаку гукаць трэба. А хто мог сабраць яе за кароткi час "бiларускай улады", калi кажны сам сабе, хоць маленькi кавалачак, хоць макулiнку але ў сваё логава цягнуў? А каб дружна ўзялася група мужчын дзесяць з каляскамi, можа было-б усё бярвеньне вывезьцi. Позна. Трапiць у рукi "саюзьнiкаў".
Ля двухпавярховай школы панаваў вялiкi рух. З паўдзённага боку вялiкага двору стаялi грузавыя вайсковыя аўтамашыны. Побач, каля трысьцену, дзе складалi школьныя дровы й вугаль, дымiла круглая палявая кухня, ля якой завiхалiся кухары. З аўтамашынаў жаўнеры ўносiлi ў школу свае рэчы. Чуваць былi крыкi каманды ў незразумелай мове. Ля брамы плоту, iз стрэльбай на правым плячы i ў шлёме, хадзiў роўным крокам вартавы.
Узыйшоўшы на пераезд, юнакi спынiлiся. Яны спасьцераглi вартавых i мiж вагонаў на станцыi. "Бiларуская ўлада" скончылася.
- Што рабiць? Падойдзем блiжэй? - пытаўся Стась Янука.
- Чорт iх знаiць... страшна неяк.
Местачковыя жыхары групамi зьбiралiся ля хатаў, дзялiлiся апошнiмi навiнамi. I ў галасох, i на тварах - спадзяваньне на лепшае. Упэўненасьць, што ня будзе горшым за тое, што адыйшло.
На ўзгорку ля Слабады, кiлямэтры на два адлеглай, дзе апошнiмi часамi рукамi зьняволеных бальшавiкi будавалi лётнiшча, чуўся няспынны гул. З грукатлiвым гудам прапелераў прызямлялiся там тоўстабрухiя транспартныя самалёты, зусiм непадобныя да тых, сярэбраных, што кагадзе бамбiлi станцыю.
- Ты глянь, ай-яй-яй, колькi iрапланаў! - захапляўся Стась.
- Вiджу, не сьляпы-ж я!
Самалёты рабiлi над лётнiшчам круг i сядалi. Хлопцы спрабавалi iх лiчыць, але наглядаючы й за тым, што робiцца навокал, неўзабаве зьбiлiся з тропу.
4
Некалi на клецi Ўладзiмера Пятуха гаспадарылi плякаты з напiсамi "да здравствует". Перад камэдыяй, якую называлi выбарамi, панаваў гэтта васпаваты ледзянавокi Грузiн. Iншым разам на зьмену прыходзiлi плякаты на тэму "сустрэнем" i "перавыканаем".
А ў гэны лiпеньскi дзень зь Пятуховай сьцяны загаварылi новыя "вызвольнiкi". Аграмадзiна-ваяка Вэрмахту, з аўтаматам у руцэ, вялiзны бот з шыпамi на падэшве. А спад таго боту, з жахам у вачох, што вялiчынёў па яблыку, быццам пацукi ўцякаюць ува ўсе бакi Жыды ў форме НКВД. А зьверху вялiкi напiс:
ПАНЕСЛАСЯ ЖЫДА-БАЛЬШАВIЦКАЯ ХЭЎРА I БОЛЬШ НЯ ВЕРНЕЦЦА!
Аўтары плякату надта ўдала й пераконлiва спалучылi асноўныя прапагандовыя элемэнты: магутную й непераможную сiлу ў васобе нямецкага жаўнера й нiкчэмнасьць паразiтнае бальшавiцкае ўлады ў фiгурах зьдзеклiвых пацукоў з НКВД. Дый галоўнае: усё гэта ўцякло-"панеслася й больш ня вернецца". Цешцеся, яшчэ раз вызваленыя, з радасьцю пазiрайце ў сьветлую будучыню. Запомнiце, што што ворагамi вашымi былi жыдкi з НКВД. Спалучэньне "жыдкоў-пацукоў" зь ненавiсным народу рэжымам рабiла выдатны эфэкт.
Зiрнiце яшчэ раз, "новавызваленыя". Вось ён - новы валадарны апякун, з аўтаматам у руках, грозныя, помстай поўныя вочы пад нiзклiм казырком шлёму, сьцiснутыя вусны. Вялiзны бот топча пацукоў "жыда-бальшавiцкае хэўры". Непераможны ваяка "новай Эўропы", каваль i гаспадар "новага парадку".
Суседнi плякат, з малюнкамi сакавiта-ўраджайнага поля, гарэзьлiвым вiльчыкам на чубку страхi гумна й прывабнай хатай побач - iдылiя-мара кажнага селянiна - гаварыў яшчэ больш важнае:
БЕЛАРУСЫ! ВАС ЧАКАЕ ЗЯМЛЯ!
Скупыя напiсы й вялiкi зьмест: магутны й шляхотны "вызвольнiк", "жыда-бальшавiцкая хэўра", што больш ня вернецца; руплiвага гаспадара чакае "зямля абяцаная". Што больш магло прыяць людзям, якiя ў роспачы некалi казалi: "нiхай лепi сам чорт пануiць, абы ня гэтая брыда"?
Унiзе пад гэнымi плякатамi вiсела трэцяя, меншая паперка, задрукаваная выразнымi лiтарамi. Пасярод яе ўверсе, раскiнуўшы шырака выстылiзаваныя крыльлi, арол трымаў свастыку ў кiпцюрох. I загаловак: "Паведамленьнi Галоўнае Каманды Нямецкiх Збройных Сiлаў". Гэтта даволi шырака расьпiсвалася дзе й што зрабiлi Гiтлеравы бамбавозы, ганчакi й зьнiшчальнiкi, якiя гарады й землi заняла армiя. Посьпехi, вiдаць, былi вялiзарныя. Надзiвiцца весткам з фронту не маглi лiтоўскiя сяляне. А пад нiзом гэнага паведамленьня нейчая рука лацiнскiмi лiтарамi "Москаў капут!" напiсала.
Гэна першае аблiчча "новага парадку", што цяпер Пятухову клець аздабляла, прывёз учора з Глыбокага заўсёды да ўсяго дападлiвы iз сваiм гнядым конiкам рыжавусы Захарук.
- Алi-ж i добра Немiц гэтта бальшавiкоў адчыканiў! Ха-ха-ха! - рагатаў Уладзiмер Пятух. - Ты глянь, якiя пiрапуджаныя морды! От i драла даюць!
- I пабiларуску во ўсё! Знаiць, каб яго халера!
- Ну як-жа яму нi знаць... Кажуць-жа, што Бiларусам цяперака нейкую ўладу дадуць.