Страница:
Дуня зьзяла поўняй расьцьвiлай прыгажосьцi. Сiняя аксамiтная блюзка й зялёная спаднiца, прыгожа рашчэсаныя валосы, прывабныя вочы-васiлькi, румяныя шчокi - яна была выдатнай аздобай "балацiровачнай камiсii". Васiлькi пазiралi на Янукла проста й даверлiва. Хлапцу ня давялося спанатрыць калi загаспадарыла ў iх самаўпэўненасьць i дзявочая зусiм выразная гарэзьлiвасьць.
- Ну а ты ўжо навучылася пiсаць? - спытаў Янук.
- Буквы знаю, фамiлii магу запiсваць, - хвалiлася Дуня.
- Надта-ж скора.
- У школе як далi нам па тры буквы на дзень дык за два тыднi ўсе пазналi. Гэта-ж мы ня дзеткi малыя...
- Ага, - сказаў Янук i яшчэ больш зьбянтэжыўся.
- Можа сягоньнiка на вiчарынку пойдзiм? - выручыла Дуня.
- Дзе, якую?
- У лiпавiцкай пунi.
- Ага, знаю. А хто-ж робiць? Зь кiм пойдзiш?
- Байцы робяць. Гэта Клава мяне падахвоцiла.
- Сваiх дзяцюкоў на вайну забралi, дык вы з байцамi цяпер.
У Януковым голасе чуўся дакор. Дзяўчына спасьцерагла.
- Майго-ж на вайну нi забралi. Ты-ж мой, - сказала зусiм проста й шчыра дзяўчына.
Чырвань залiла Янукоў твар.
- Якi зь мяне дзяцюк? Ты ня строй кепiкаў...
- Нiякiх кепiкаў, - усьмiхнулася Макатунiшка. - Хадзi во й пойдзем.
- Ня ведаю, - буркнуў Янук.
- Ну што-ж ты, Янук, аднекваiшся? - укiнуў Захарук. - Ты цяперака-ж мусiць за яе ня лепшы.
Укалоў дзядзькаў язык. Заняты Дуняй, Янук i забыўся пра яго. А той проста ў жывое й балючае трапiў. У памяцi паўстала адлеглая часам сцэнка ў лесе. Цяпер Бахмач ужо баяўся на Дуню зiрнуць. Бяз слова шмыгнуў празь дзьверы.
20
Здавалася, што хмары паўзьлi нiзка й закраналi вярхi волатаў Гаравацкае пушчы, карону дуба Архiпа й чубы сёстраў-соснаў на могiльнiку.
"Цёмна, як пальцам у вока" - думаў Янук, выйшаўшы на вулiцу й разважаў, цi не вярнуцца ў хату. Калi-б жыў верны яго сябра Тапсiк, Янук рушыў-бы на вечарыну без развагi. Прыгадаўшы застрэленага бальшавiкамi сабаку адзiнота й пэўная бездапаможнасьць узрушыла Янукова сэрца. Адно на момант. Дзесь у вадлегласьцi выклiкалi вочы-васiлькi. Вочы iскру ў юнацкае сэрца закiнулi. Iскра незгасная, заўсёды прысутная, хоць мо й не дапякала ўсё-ж бесперапынным тленьнем хлапца трывожыла. Хапiла сяньня побач дзяўчыны стануць i адразу павялiчылася гэнай iскры гарэньне. Нi подых ветру, нi якi там скразьняк, а просты й гарэзьлiвы позiрк вачэй прыцягваў, дапякаў, трывоыжыў.
З глыбiнi раньняга дзяцiнства вынырала малое, худое, затуканае, карэлае дзяўчо, зь якога зьдзеквалiся iншыя дзецi i якое ўсiм па дарозе замiнала. Цяжка было верыць, што быццам наўсуперак i на злосьць усiм "лепшым" яно вырасла-ўзбуйнела й расьцьвiло цудоўным васiльком. Калi-б хто спытаў яго пра гэнэзу цi працэс гэнага ператварэньня-росту, напэўна нiяк ня мог-бы вызначыць таго шляху Янукоў раптам ацяжэлы язык. Малы Бахмач напэўна зусiм разгубiўся-б, зьбянтэжыўся, бо адкуль было яму ведаць пра лёгiку цi заканамернасьць шмат якiх зьявiшчаў. А для яго й гэна "галапупае жабянё" й цяперашнi васiлёк былi адно зьявiшчамi, каторыя тут-жа побач iснавалi раней i вось адно зь iх, поўнасьцю, расьцьвiўшае й прынаднае лакомiць-выклiкае цяпер. I як-жа тут вызначыш цi рухавiком, прыкладна, сяньняшняй вандроўкi на вечарыну была ўквеленая гордасьць, цi мо закiнутая васiлькамi-вачмi ў сэрца iскра? Калi-б быў дзяцюком, танцаваць умеў, калi-б перарос тую сарамяжлiвасьць юнацкую... Калi-б, калi... Гавораць што дзяўчаты да старэйшых за сябе гарнуцца, Калi так, дык ён, Янук, ня Дунiн кавалер. Ды вось найгорш, што выклiку няма як дараваць. Калi яна ўжо наперад забегла, навет "рускую грамату" за два тыднi на зуб узяла, дык калi яна разумее працэс дасьпяваньня хлапцоў i дзяўчат i розьнiцы ў веку iх сталасьцi, дык навошта выклiкаць яго тады? I цi ня можа быць, - i Янук аж здрыгануўся пры такой думцы, - цi-ж ня можа быць, што яна яго адно зводзiць, можа за гэта далёкае намер помсьцiцца мае?
Холадам хлопца праняло. I ня было гэта такая стынь, што ад аселiцаў цягнула, нi тая золь, што дзесь над Бярэзiнай трымала. Сьцюжа нарадзiлася ў глыбiнi й мусiць навет тэмпэратурай не вызначалася.
Дык iшто-ж цягнула яго туды? Няўжо-ж каханьне? Але што такое каханьне? Сяброўства, супольнасьць, цi яшчэ што? Прыгадаў прачытанае некалi апавяданьне пра першае каханьне. Як там было, як пiсьменьнiк вызначыў яго? Дзе, на якiм менавiта пункце хлапец цi дзяўчына ўсьведамiлi пра каханьне й пачалi iмкнуцца да зьлiцьця ў адно цэлае? Здаецца, што дарога не вызначалася нiякiмi вехамi. Былi прыжмураныя сарамлiвыя вочы, шырака разьлiты па твары румянец, зьбянтэжанасьць рухаў, доўгiя й многазначныя ўздыханьнi, нелад у гутарцы, адубела-спаралiжаваны язык, што ў вадно слова намагаўся сканцэнтраваць усё нявыразнае, што бурлiла ўнутры i была галоўна нейкая паралiжуючая, магутная сарамяжлiвасьць, што адпiхала якраз тады, калi сэрца з гарачым iмпэтам намагалася прыцягваць. Дык дзе тыя вехi? I дзе дакладна знаходзiўся цяпер Янук?
Быў гарачы цалунак у канюшыне. Бурным салодка-гаркiм хмелем апарыў вусны, хаос у галаве ўзьвярэдзiў, а бессаромна заголеныя ногi малаткамi гарачага пульсу перадалiся ў скронi й сэрца. I навет цяпер, ужо з адлегласьцi, навет у цемры сорамна й нiякавата было. Гойдаўся пад нагамi грунт, хвалявалася-круцiлася зямля на тэй уяўнай восi. Было ўсепаглынаючае зьбянтэжаньне, камплетны амаль паралiз. У гэткi момант найлепш было-б, мусiць, залезьцi ў нейкую нару, каб не спасьцераглi людзi чырванi на твары, каб ня кпiў нiхто зь ягонай бязраднасьцi.
Крыўдна й балюча. I ня было нiякiх сродкаў кантролi, нi супрацьдзеяньня. Бушаваў шырокi вiр. Бурлiвыя хвалi ў пырсках захлынаючай пены несьлi кволы, бездапаможны лiсток.
Недзе ў цемры мiж кустоў над канавай вецер шалясьцеў сухой асакой. У прыглушанай гамонцы сабралiся вольхi й марудна скрыпела надломанае некалi бурай дрэва. Дзяруга хмараў цягнула з усходу. Лiтоўцы схавалiся ў цемры, адно, здаецца, сьвяцiлiся вокны ў Кмiтавага Тодара i Ўладзiмера Пятуха. Калiсьцi даўгiя васеньнiя вечары зьзялi лiтоўскiмi сьвётламi-пацеркамi ў начоўках аж да поўначы. Дзеўкi й жанчыны пралi кудзелю, а мужчынскi род ладзiў-майстраваў гаспадарскае знарадзьдзе. Маладыя на вечаркi зыходзiлiся. Гучныя галасы песьняў бурлiлi радасьцю жыцьця. Недахоп нафты зьвязаў больш чым руплiвыя рукi.
На чыгунцы з-пад Полацку пачуўся гул. Шырэў, рос, разьлiваўся рэхам у прычыгуначнай пушчы. Наладаваныя вайсковым матар'ялам цягнiкi на захад хадзiлi гэтта часта. Пад Дубовiчамi рос пук сьвятла. Ён даўжэў i зырчэў, ды неўзабаве яснай конаўкай разрэзаў густую цемру. Нiзкi, сiпаты сыгнал тузануў лiтоўскай далiнай. "I чаго яму, сiпатаму чорту, трубiць?" - падумаў Янук. "На гэным-жа дубовiцкiм пiраезьдзе нiкагуськi нiма."
У кабiне лёкаматывы ўявiў Бахмач плоскатвараг, касавокага савецкага Ваньку: набрынялая алiвай i мазутай ды гарам "сьпяцоўка", тырчма ўверх казырок шэрай кепкi, а ў роце неадступная, часта гаснучая "казiная ножка" са сьмярдзючых карашкоў. А мо ня так. Мо гэны ў чорным "жалезнадарожным" мундзiры, на галаве ў яго круглая шапка з чырвонай зоркай, а на каўняры скрыжаваныя развадныя ключы з малаткамi. I першага, i другога бачыў Бахмач у Гацях, калi пашыралi чыгунку й прыйшлi першыя савецкiя цягнiкi, а дзецi зьбеглiся паглядзець "надта-ж надта вялiкiя маскоўскiя паравозы".
Цягнiк праiмчаўся хутка i ўлiўся ў гоман гацкае станцыi. У начоўкi цiшыня вярнулася. Янук падыходзiў да гасьцiнцу. Былi ўжо чуваць зь Лiпавiчаў галасы, гул матору. Янук ведаў, што дзяўчаты зьбiралiся й пайшлi мусiць яшчэ да зьмярканьня, ды не спасьцярог каторыя. Цiснулi боты. Адны-адзiныя, што меў, каторыя бацька летась адступiў. Зьбiтыя й палатаныя былi, але ашчаджаў iх Янук, бо ведаў, што iншых не здабыць яму цяпер. Сьвiтка таксама зь плячэй бацькавых. Не пакажашся-ж на вечарыну босы ды ў вадной кашулёнцы, асаблiва-ж калi сьцюжай праймае. Сьвiтка была паўсуконная. Хоць крыху й завялiкая, але што зробiш. Падрасьце, заробiць, тады й касьцюм будзе.
"Можа лепi было-б узяць з сабой доктаравага Стася", - думаў Бахмач. Ды надта-ж нястрыманы хлапец быў зь яго. Языку поўная воля, а галава - пляшка цёмная. Калi што туды трапiць, - нагнi й вылi, - нi кроплi сабе не пакiне. Язык - жорны. Зусiм па бацьку пайшоў, адно стары Зянькевiч усвоiў мудрасьцi жыцьця й памяркоўна сваё трапло ўжывае.
Адчуваў Янук, што падарожжа на вечарыну рызыкоўнае было. А што будзе, калi Дуня цi каторая дзяўчына танцаваць яго выцягне? I што будзе, калi ня будуць патрапляць у танцах яго ногiў мулкiх бацькавых ботах? Ад сораму згарэць давядзецца. Сустрэнь тады доктаравага гарлапана. Ён пры людзях рогатам паедзе.
Янук затрымаўся на чыгуначным пераезьдзе. Глуха гудзелi тэлефонныя правады. Зыйшоў з гасьцiнцу й прылажыў вуха да слупа. Гэны навык нарадзiўся ў яго тады, калi першы раз пазнаў цывiлiзацыю. Цягнiкi, тэлефонныя лiнii, школы, - усё тое, што прыходзiла зь верхняга, малаведамага яму сьвету, было для Янука цывiлiзацыяй.
Кажны слуп гудзеў пасвоему. Чаму мелi слупы розны гул? Цi розьнiцу рабiла вялiчыня, таўшчыня, цi гудзелi, зусiм ня слупы, а правады? Дзецi спрачалiся пра тое часта. У школе сорамна было настаўнiка пытацца, каб не абсьмяялi.
Задзёр Янук галаву i ў цемры намагаўся тэлефонным чашкам прыгледзiцца. Былi яны калiсьцi аб'ектам дзяцей i Янук у гэным няхiтрым спорце добра руку набiў. Чашкi былi фарфаровыя белыя й шкляныя сiнiя, цi зусiм празрыстыя. Калi каторы малы вiсус чашку камянём зьбiў дык гонар вялiкi меў, бо спорт гэта не такi лёгкi, як здавацца магло збоку. Вiсус браў сабе ў кiшэню часьць зьбiтае чашкi, значыцца часьць тае цывiлiзацыi ды клаў недзе ў схованку разам зь iншымi чарапкамi й блiскучкамi. Чужое-ж гэта было, пэўнага роду трафей значыцца. Тэлефанiчная адмiнiстрацыя пасьля на слуп усьпiналася, жорсткiм "псякрэвам" мясцовае "быдла" й "хамства" лаяла ды чашкi мяняла. Нейкi мэндлiк цi iншы вадзiмскi пры першай нагодзе "брудным хамам урвiсам" пад насамi пальцам махаў. I калi "псякрэвы" з тэлефоннай канторы панапраўлялi лiнii, а вадзiмскiя цi мэндлiкi пальцамi намахалi, дзецi зноў пачыналi практыкаваць "хто скарэй пацэлiць". Чашкавы спорт у Лiтоўцах меў такое самае права грамадзянства як мячык цi пiкар. Апроч таго ён быў падмацоўваны жаданьнем дасалiць "псякрэвам" мэндлiкам i вадзiмскiм.
"Пра што гаварылi цяпер тэлефонныя правады? Якiя гукi й куды несьлi? Пэўне-ж iншыя чым пры панох", - разважаў Янук, вуха ля слупа трымаючы. - "I што рабiць цяпер з чашкамi, зьбiваць iх, цi не?"
Ад часу, як "народная ўлада" прыйшла, ня бралiся дзецi за каменьне. Можа ня вырашылi яшчэ, цi цяпер чашкi былi "нашыя" цi iншым "псякрэвам" належылi. Ня ведаў Янук якi вялiкi сымбалiзм мелi ягоныя думкi.
Прасторны будынак зь нiзкiм плоскiм, гонтавым дахам - абвiслая па бакох шапка рослай мухаморы - сьвятлом вокнаў i гоманам вечарыны ажыўляў навакольле. Кагадзе пабудаваў яго лiпавiцкi пан у лагчыне, непадалёк гонкiх лiпаў вялiкага саду. Не маглi дайсьцi клёку навакольныя сяляне, навошта той будынак пану спатрэбiўся. Быў-жа ў маёнтку абшырны так званы палац, у каторым цi пералiчыш розныя, памоднаму называныя каморы. Пан меў не адзiн маёнтак. Казалi людзi, што будынак гэты, прастораю мо на пяць вясковых хатаў, калi ня больш, пабудаваў пан для баляў i летнiм павiлёнам назваў. I запраўды, ўжо на зыходзе салодкiх часоў "жэчпаспалiтай" цi раз поўнiўся будынак музыкай, гоманам маладых i старэйшых панкоў. Сяляне-ж, бачачы такое багацьце будаўляных матар'ялаў на роскаш ужытае, словамi й думкамi ў розныя цiкавыя месцы пана пасылалi.
Лiпавiцкi бальшавiцкi гарнiзон меў электрычны генэратар i фiльмовы пражэктар. Часта зыходзiлiся навакольныя сяляне таго цуда на белым палатне паглядзець. Калi трымала пагода, Ленiн ладзiў сваю рэвалюцыю на адкрытым полi або вялiкiм дварэ. Калi-ж капрысiла неба, той самы Iльiч цi Чапаеў грамiў-разьбiваў усялякую "контру" ў новым прасторным будынку, каторы сяляне лiпавiцкай пуняй назвалi.
Пра назоў гэты якраз цяпер думаў Янук. "Гэта ня пуня, а цэлы вялiзны вуль цяперака", - пастанавiў Бахмач, згадваючы гул пчол у каторым вульлi бацькавай пчалiнай гаспадаркi ў летнi вечар. Шырака зьзялi адчыненыя дзьверы пунi. Недзе ў гэным вялiкiм вульлi была адна мiлая пчолка з выклiкам у вачох, што Янукова сэрца казыталi.
Пад шырокай стольлю вiселi чатыры лямпы. Смурод карашкоў, задуха й пот забiралi дыханьне. Два вайсковыя баянiсты гралi "рускага". Цяжка было разгледзець, хто хадзiў упрысядкi ў шчыльным коле людзей. Янук затрымаўся ля парогу. Непадалёк, за дзьвярмi нейкi незнаёмы сiвавалосы дзядзька слухаў двух жаўнераў, што ператрасалi абрыдзелую ўжо трасянку пра дабро калгасаў. Кемлiвы селянiн стаўляў пытаньнi як шпiлькi, уводзiў у азарт чырвонаармейцаў. Дзядзькi й цёткi таўклiся ля дзьвярэй, былi й дзецi.
Янук падыйшоў да кола й праз шчылiну ў цесным вязьме спасьцярог як ёмка хадзiлi ногi двух байцоў. Быццам лёгкiя пеўнiкi кружылi яны навокал дзеўкi. Тая-ж больш павольна, але зусiм зграбна перабiрала нагамi. Час ад часу рукi намагалiся абцягнуць заголеную сукенку. Янук распазнаў Хвядосаву Маньку. Казалi людзi, што каб танцаваць "рускага" дык трэба ў чорта i вытрыманьня пазычыць. Чырвонаармейцы й мясцовая моладзь плёскалi ў такт рукамi, некаторыя-ж, падвыпiўшы добра, на нагах хiсталiся.
Баяны сьпяшылi тэмпа. Плёсканьне й заахвочаньне гледачоў павялiчылi азарт танцораў. З твараў iх цёк сакавiты пот. Вось, здавалася, змогуцца, здадуцца. I ў меру павялiчэньня тэмпа, ацiхала плёсканьне, разяўлялiся ад зьдзiўленьня раты. Калi здавалася, што пырсьне да адказу нацягнутая струна, голсаным заключным скрыпам змоўклi баяны. Шчыльнае кола людзей выгнулася мускуламi, завiхрыла i неўзабаве з моцных вайсковых глотак усплыло гулкае "ура". Два чырвонаармейцы й дзеўка апынулiся на руках пад стольлю. У тым падкiданьнi высака загалiлася Манькiна сукенка. Няведамае жаданьне, наводля таго, што наплыло некалi з Дуняў у канюшыне, млоснасьцю прабегла па целе. Перапоўненая заля забушавала. Нехта аберуч схапiў Янукову левую руку.
- Прышоў, Янучок?
Васiлёк разбуйнеў у новай блакiтнай сукенцы, каторую некалi, выставiўшы тугiя пупушкi грудзей, што так засаромiлi Янука, прымярала перад зубам люстэрка на сьцяне. Янук разгубiўся. Здавалася, што ўсе прысутныя прыглядалiся толькi iм. I ўжо дзе як дзе, але гэтта на публiчнай вечарыне так проста й бясцырымонна ей ня трэба было-б да яго прылiпаць.
- Ну што-ж, Янучок, авечкi табе язык адкусiлi, цi што? Скажы-ж хоць слова.
- Я... гэта-ж самае... ну прышоў...
Янук чуў як нешта сказаў ягоны язык.
- Алi-ж ты i дзiця, стыдлiвы якi!
- Дуня, ты так прытулiлася... можа й стыдлiвы...
- Мяне стыдаiсься?
Зноў расплылiся звукi баянаў. Гралi вальса.
- Iзвольте, барышня.
Перад Дуняўй стаяў афiцэр i, не чаклаючы адказу, закiнуў за плячо дзяўчыне руку.
- Янучок, я посьля...
Дунiны словы Бахмач прыгадаў пазьней, калi апынуўся на лаве ля сьцяны. Заля гойдалася пад мэлёдыю нейкага прыгожага, раней нячутага вальсу. Адно куды пазьней даведаўся Бахмач што гэта быў за танец i што людзi ў маскоўскiх катоўнях пад тыя гукi на другi сьвет адыходзiлi.
- Ну й што, забраў баец тваю дзеўку?
Шырокай усьмешкай дыхаў рабацiнны твар i пад носам ня вiсела неадлучная "бiрубалка".
- Забраў, цi не... а табе што?
Янук пашкадаваў, што гаркнуў. Крыўдна было, што ў такi нязручны момант гэты сапляк пад бокам.
- Алi-ж ты, халерачка, зласьлiвы якi! Што гэта, Дуня цябе ўкусiла? насядаў Стась.
- Нiхай во цябе, такога зуха, каторая ўкусiць!
- Ну ўжо нi крычы так! Калi яна нi твая, дык чаго да цябе так тулiцца?
Гэта быў апошнi чалавек, катораму Янук даверыў-бы свае тайны сэрца. Скажы яму што, дык гэта тое самае, што ў чацьвер на глыбоцкiм ранку разгарлапань.
- Ну а твая дзе? - адсек Янук.
- Нiма ў мяне.
- Як нiма дык знайдзi сабе. Паглядзi вунь колька напаўзло. Цягнi Брунiську найменшую, аж пiшчаць вунь усе тры.
Янук перасалiў. Мо пiшчэлi iншым разам, але ня сяньня. Усе дзеўкi ў вялiкiм спросе былi, а найстарэйшая Мальвiна, што даўно спадзяваньнi на замужжа страцiла, прамянiлася ад радасьцi, што моцна гарнула яе да сябе жаўнерская рука. Плёткi нарадзiлiся раней, а з прыходам "вызвольнiкаў"яшчэ больш iх нарасло. Некаторыя жанчыны яе "салдацкай крутухай" называлi. Хто ведаў, коплькi было ў тым праўды.
Вальс скончыўся. Зручна высьлiзнуўшы ад свайго партнёра, Дуня побач Янука на лаўцы села. На лбе ейным выступiлi кропелькi поту, зьзялi з задавальненьня вочы й шпарка гойдалiся пад мяккай, блакiтнай тканiнай грудзi.
- Засаплася, мусiць? - спытаў Янук, крадком пазiраючы ў ейныя вочы.
- А нiхай iх, Янучок, як накруцяць! - адказала хутка, насаткай выцiраючы з твару пот. - Ды яшчо якая зь мяне там танцорка... Пойдзiм з табой танцаваць. Добра?
Янук баяўся зiрнуць дзяўчыне ў вочы, каб у ягоных трусьлiвасьць ня вычытала. А воддаль, - ён быў пэўны таго, - пазiраў на iх з дурной усьмешкай на твары Стась.
- Ну, Янук, пойдзiш?
- Ты-ж знаiш, што танцаваць я нiколi нi танцаваў.
- Бiда вялiкая! - усьмiхнулася дзяўчына. - Навучышся. Я табе памагу. Ну?
Януку душна зрабiлася.
- Кажу-ж табе, што танцаваць я анi ў зуб! - апраўдваўся Бахмач.
- Нi бядуй, некалi-ж пачынаць трэба. Як ня будзiць першага разу дык ня будзiць i пачатку.
- Алi-ж як гэта асьмелiцца?
- От я табе пакажу, памагу.
Дуня прыхiнулася яшчэ блiжэй i проста ў вочы ягоныя зiрнуць намагалася. Нiзка выразаны трохкутнiкам верх сукенкi цяпер адхiлiўся i на хлапца ў цэлай поўнi пазiралi тугiя, голыя закончаныя румянымi пупушкамi грудзi. Разьлiлася па целе млявасьць.
- Ну як гуляiш, Дунiчка? Глядзiш, каб дзяцюк твой самапасам ня бегаў? Ха-ха-ха!
Дунiна сяброўка, Юшкевiчава Клава, паехала дробненькiм сьмехам. Высокi здаравяка ў вайсковым мундзiры гарнуў яе да сябе. Яго правая рука бессаромна цiснула сьпераду вялiкiя дзяўчынiны грудзi. Клава перарасла Дуню, хаця дзяўчаты аднагодкамi былi. Не падабаўся Януку Клавiн войстры язык, што часам i матам не ганьбаваў. Прыгожая з выгляду, гнуткая ў рухах, цяпер вольнай была. Дзяцюка ейнага "моцарствовую" баранiць пагналi.
- Пiрастань, кажу! - сыкнула дзяўчына на бальшавiка й плёснула па дакучлiвай руцэ.
- Ну да ты чаво эта, - не адставаў жаўнер, - я люблю тебя.
Маскаль дыхаў гарам гарэлкi.
- Трэба ты мне, палюбоўнiк гэткi, ха-ха-ха! - зарагатала дзяўчына. Напiўся, чорт, ды прылiп...
Дуня прыглядалася пары, зьбянтэжана зiрнула на Янука.
- Мой дзяцюк во саўсiм нясьмелы, а ты свайго адагнаць ня можаш, усьмiхнулася Макатунiшка.
Гулкi баян пачаў iмклiвую польку. Мiгам Дуня станула перад Януком i цягнула яго за руку.
- Ну хадзi пакуль мяне каторы пацягнiць! - спанукала.
Януковы ногi зусiм ацяжэлi. Колькi разоў нязручна ступiў, намагаўся трымаць такт. Дуня затрымала яго.
- Глядзi во на мае ногi. Добра? Цяперака пачынай: раз, два, тры, раз, два, тры. Iдзi левай наперад, дастаў да яе правую, а тады левую. Ну гэтак. Вiдзiш, як лёгка? Ну я цябе буду вясьцi. Пачынаем: ра-аз, два, тры. Ды ты нi сьпяшы толька. О так... вiдзiш?
Янук вачмi сачыў дзяўчынiны й свае ногi. Дуня цягнула яго за сабой i намагалася згарманiзаваць нязграбныя Януковы крокi са сваiмi.
- Ну як? От вiдзiш, ужо добра патрапляiш. Болi ў каленях гнiся, ня тое, што як на калках якiх... о так...
Здавалася, што ўжо быў у гэтай першай лекцыi нейкi прагрэс. I калi-б, Янук канцэнтраваўся на танцы, мо ўсё добра абыйшлося-б. Трэба-ж было яму назад азiрнуцца, можа ўпэўнiцца цi цэнтрам увагi ён ня стаў. I запраўды, некаторыя зь цiкавасьцю пазiралi на юных танцораў. Янук зьбянтэжыўся, неяк раптоўна адубелi ногi, душна зрабiлася. Якраз калi Дуня намагалася крутнуць яго, як мядзьведзь ступiў ей на правую нагу. Дзяўчына ахнула з болю, моцна скрывiўся вясёлы да гэтага часу тварык.
- Цюхцяй, ты! - сыкнула на Янука. - Мядзьведзь, каб цябе!
Яна злосна адпiхнула хлопца й пакульгала да лавы. Янука як варам аблiло. Пазiраў на зьзяючы прыгожы чаравiчак i здавалася ў млосны момант сораму й зьбянтэжаньня, што каб мог, дык зьдзеў-бы ягой пацалаваў-бы пакрыўджаную ножку. Але найбольш апяклiя яго рашчараваныя, балючыя васiлькi.
Янук ня кiнуўся памагчы дзяўчыне сесьцi, прасiць прабачэньня. Адно ў тым зьбянтэжаньнi ўбачыў, што калi будзе мiж танцораў стаяць дык з ног зьбiць могуць. Здалося яму, што цяпер ўсе абвiнавальна глядзяць на яго, як на якога злачынцу, каторы дзяўчыну скалечыў. Ад сораму закружылася галава й Янук пасьпяшыў да выхаду. Азiрнуўся пераз плячо й спасьцярог як ля Дунi мiльганула квяцiстая сукенка Клавы. Калi мецiў у шырака адчыненыя дзьверы, здалося, што за плячмi, разам з баянам, тросься ад гулкага рогату доктараў Стась.
21
- Каб на вас каршун! - крычэў Мiкола на курэй. - А калi нi каршун, дык бальшавiкi нiхай вас пажаруць, от як!
Мiкола затрымаўся, каб паветра злавiць. Колькi нi ганяўся нiяк ня мог курэй у хлявушок накiраваць.
- Глядзi-ж, Мiкола, палавi ўсiх, пакуль пiрапiсваць прыдуць, толька чатырох пакiнь, - наказваў бацька.
- От ты тутака й палавi. Цьфу на вас! - злосна плюнуў дзяцюк. Балела нага й падбiты палец. Ганяючыся за курамi, у камень недзе стукнуў. I брала злосьць на Янука й бацьку. Брат недзе адыйшоўся, а бацька ў Гацi пайшоў пра млын праведаць. Змогся пры жорнах.
А перапiшчыкi, як чуваць, на другiм канцы вёскi былi. Каб сяньня ня прыйшлi, добра было-б. Зьлятуцца куры на курасадню, пайшоў - цап за хвост, ды схаваў дзе ў бясьпечнае месца, пакуль гэта трасца мiне. Ня тайнай у вёсцы было, што кажны гаспадар як мага больш дабра ад вока "народнай улады" стараўся схаваць. Дзiва што! Калi пайшлi па вёсках пярэпiсi, адразу насьцярожылiся сяляне. Гэта-ж пад панскай уладай нiчога падобнага людцы нi бачылi. Ужо каторы бедны падаткаў ня мог заплацiць, той дрыжэць пачынаў. Зьяўляўся ў хату й апiсваў усё, да апошняй iголкi, гэтак званы саквiстратар. Пасьля ўсё тое мiзэрнае дабро за няплачаныя падаткi забiралi. Агулам-жа падатак ад зямлi бралi, статку й птушку нiхто ня сьпiсваў. Гэтта-ж кажную гусь, качку, курыцу, авечку, - не гаворачы пра большае, - ўсё пагалоўна сьпiсвалi. А навошта iм гэта?
Мiкола забыўся пра курэй, абапёрся на тын i з агароду, што за клецяй, пазiраў на вулiцу. Сонца хiнулася з паўдня, засела ў нейкай млява-шэрай гушчы. Зраньня пакапрысiў прымаразак, пасьля адпусьцiла. З захаду зацягвала неба й пачынаў варушыць вярхамi доктаравых клёнаў вецер. Дзесь над балотам крычэлi жураўлi. Далёка плыла журботная туга па пакiданай бацькаўшчыне. Мiкола намагаўся знайсьцi ключ, але нiяк ня мог спасьцерагчы дзе ляцелi ў падарожжа птушкi.
Па пустой вулiцы, з-пад Якубавай хаты нетаропка шкандыбаў Захарукоў Пятро. У правай руцэ трымаў даўгую палку, зьбiваў ля плоту ўжо шэрую ад першых замаразкаў крапiву. Гэтак заняты, ён не заўважыў як параўнаўся зь Мiколам.
- Каму гэта сена косiш, Пятро? - спытаў Мiкола.
- Га? Ды во сабаку кудлатаму. чорту лазатаму ды яшчо таму-сяму.
Дзяцюк голасна зарагатаў.
- I многа ўжо накасiў? - сур'ёзна спытаў Мiкола.
- Эгэ колька... Вялiкi стог накасiў, цэлую пуню навазiў, дзьве кладнi натаптаў i суседу трохi даў... гэ-гэ-гэ...
Недарэчнасьць Захарукова сына найбольш увыдатнялася ў яго дзiцячым, прастадушным сьмеху з найменшай дурнiцы. Часта забаўляўся складаньнем сугучных словаў i асаблiва сьмяяўся-цешыўся, калi рыфмаваньне лёгка да гутаркi трапляла. Гэтак, як цяпер.
- Чуў, што ў Вульляны бальшавiкi курэй ловяць? - забег Пятро наперад Мiколу. Ягоныя звычайна няпрысутныя, дзесь пазiраючыя воддаль вочы цяпер заварушылiся жвавей. Рад быў вялiкую навiну Мiколу перадаць. Якраз папярэдзiў Бахмачовага сына, бо пра гэта хацеў дзяцюк пытацца.
- У Вульляны? - перапытаў Мiкола.
- Няўжо-ж... Лавiлi ды ўсiх нi палавiлi, дзьве ўцякло i мне папало, лепятаў Пятро.
- Ну ты, Пятро, нi выдурняйся, скажы хто курэй ловiць!
- Хто ловiць? Гэ-гэ-гэ! Ты многа знаць хочаш i скора састарэешся, гы-гэ-гэ...
- Нi выдурняйся, кажу! Скажы, хто курэк ловiць! - падняў Мiкола голас.
- Ну добра, табе, добраму чалавеку, скажу.
Ён азiрнуўся ў вадзiн канец вулiцы, у другi, быццам высьцерагаючыся, каб нiхто вялiкае тайны не пачуў.
- Кажы, - спанукаў Мiкола.
- Ловiць гэты камбедавiц Сымон i нейкi бальшавiк у чорным, каторага можа з Гацяў прыслалi...
- Ага, во як. I што робяць з тымi, каторых зловяць?
- У мяшок iх кiдаюць ды на рынак вязуць, гэ-гэ-гэ, - рагатаў дзяцюк. Пры тым рагатаньнi так шырака адчынiў рот, што сьлiна тоненькiм шнурком на яго падбародак пацякла.
- Кажу, нi выдурняйся, Пятро, - крыкнуў злосны Мiкола, - кажы, як ёсьць!
Пятро раптам спаважнеў, азiрнуўся на два бакi вулiцы, выцер сьлiну з барады.
- Сьпiсваюць усё чысьценька, - сказаў цiха й спакойна.
- Сьпiсваюць, кажаш?
- Ага, сьпiсваюць.
Мiкола задумаўся, правай рукой адгарнуў на бок даўгiя валосы, уважна зiрнуў Захаруковаму сыну ў вочы. Той спаважнеў, мовы ня было.
- Значыцца, што сьпiсваюць?
- Кажу ўсё: сьвiньней, курэй, авечак, цэлую гаспадарку.
- I гэты бабыль Пятух, кажаш?
- Ага.
- Каб яго зiмля нi насiла! - падняў Мiкола голас. - Ну а нi казалi, навошта яны сьпiсваюць?
- Нi знаю, - адказаў дзяцюк. Ён рушыў пад Зянькевiчаў двор, зьбiваючы палкай крапiву ля тыну.
Мiкола азiрнуўся. Дзе падзелiся куры? Некаторыя-ж пэўне пралезьлi ў доктараў агарод, а iншыя мо пад клець схавалiся.
- Мiкола!
- Га?
Ля тыну стаяла Алесява Надзя.
- Што новага чуў? Можа Пятро што казаў? - спытала.
- Так, казаў, што ў Вульляны нейкi бальшавiк i наш гультай-абармот Пятух пiрапiсваюць усё чысьцiнька.
Ён коратка пераказаў Надзi, што пачуў ад Пятра.
- Можа-б ты падыйшла ды паглядзела, што там робiцца, га? - прасiў Мiкола дзяўчыну, - бо я сам дома й нi хачу, каб наляцелi. Бацька казаў курэй палавiць, толька чатыры пакiнуць, алi я мусiць рады нi дам. Ды можа яны прыйдуць заўтра, дык я iх сягоньнiка на курасаднi цапну.
- Калi хочаш, памагу, - запрапанавала Надзя.
- Ды мусiць не. Лепi iдзi, паглядзi, што робiцца. Бо хто яго гэтага Пятра знаiць, цi праўду ён казаў.
- Добра, падбягу, - рушыла зь месца дзяўчына.
- I яшчо адно, - сказаў Мiкола.