Страница:
- Алi от, думаю, што будзiць тоя нiхай будзiць, а я вазьму й запытаюся яго чаму ён так робiць. А чаму-ж-бы не? Калi ён так да Бога папростаму асьмелiўся гаварыць, дык, пэўне-ж, чалавек ён адважны i ўдумлiвы, душой можа ня скрывiць i мне скажа. Скончылася, значыцца, у царкве, выходзiм i тады я да яго. Паздароўкалiся. Ну i я так ня тое, каб адразу з гэтым пытаньнем выскачыў. Iдзём па вулiцы, перакiдваем трасянку пра тое, як жывецца... Кажу я тады да яго: - Скажы мне, Мiкалай, чаму гэта ты ў царкве так малiўся? Я от збоку лi цябе стаяў i, даруй мне, падслухаў. - Як гэта, кажаш, так? - ён мне ў вадказ. - Ну знацца нi па кнiжнаму, так простай гаворкай, - кажу. А ён мне на гэта: - А што, няможна?
- Я гэтта, прызнацца вам, зьнiякавеў. Можа, думаю сабе, нi скажа дзяцюк. Я-ж хацеў ад яго даведацца, а ён пытаецца цi можна... Алi гэта анiчуць мяне нi асадзiла. - Мiкалай, - кажу, - я-ж гэта нi таго, каб разьбiраццацi можна цi няможна. Мяне от цiкавiць, чаму ты так рабiў. Я гэткае, знаiш, першы раз чуў... Усе-ж тыя малiтвы гаворуць, каторыя з царкоўна-славянскiх кнiжак наўчылiся. Алi, - кажу, - надта-ж пекна ў цябе выходзiла.
- Спачатку, як гэта я яго выпытваць пачаў, дзiржаўся як вожык, можа адразу нi скумекаў, што я бiзь нiякiх заднiх думак... Алi як пахвалiў я яго, што так складна ў яго выходзiла, дык гляджу - дзяцюкоў твар паясьнеў i тады ён мне так проста й папрыяцельску ў вочы мае глянуў.
Мiкола й Янук, заслухаўшыся, забылiся пра яду, задумлiва чакалi далейшага. А Пракоп, памалу й памяркоўна ўзяўся накладаць кiсель на талерку.
- Ну й што далей было? - нецярплiвiўся Янук.
- Гэта самае, бярыце во кiсель i ўсё есьце ды слухайце, адно другому не замiнаiць, - адказаў Пракоп i прадаўжаў.
- Iшлi мы тады ўжо па набярэжнай Нявы, - як сягоньнiка прыгадваю. дзень быў пекны, сонейка, вясна ўжо на крыгi лёд у рацэ дзялiла. Надта-ж так лёганька й добра на дварэ дыхалася. Той дзяцюк Мiкалай, трэба вам сказаць, гаварыў павольна, на вецер слоў ня кiдаў, а ўсё так добра й грунтоўна перадумываў. I калi што скажа, дык паслухаць яго цiкава было. Ён i ў тую нядзельку анiчуць гаварыць нi сьпяшыўся. Станулi мы, помню, над ракой ля плоту такога каменнага i ён загледзiўся на той лёд, што ўжо на крыгi крышыўся, задумаўся, дый так мне паволi кажа: - Знаiш, Пракоп, што я слаба з тых кнiгаў царкоўных чытаю. Ну, кажыць, Сьвятое Пiсаньне знаю, бо многа ў царкве чуў, ды ад сваiх каторых пабожных людзей. Малiтвы-ж таксама нiкаторыя знаю, хоць можа нi так слова ў слова, як яны напiсаны тамака. Алi мне самому, - кажыць, - цяжка тыя славянскiя кручкi давалiся, калi пробаваў, а школы вялiкай я нi маю. Расейскiя таксама, - кажыць, - нi надта каб гладка йшлi. I от, ведаеш, хочацца да Бога сказаць тое, што на душы ляжыць, а тутака гэныя мудрагелiстыя кнiжныя знакi замiнаюць. I от цi раз думаў сам сабе, што гэта рабiць. Можа другi, будучы на маiм месцы, пашоў-бы да папа цi дзяка якога, каб памог, алi я цi то нi асьмелiўся, цi то нагоды нi знашоў.
- Тады мне раз прыгадалася, - кажыць, - што я некалi са Сьвятога Пiсаньня недзiка чуў. А гэта было тое, што раз Iсус Хрыстос сказаў сваiм апосталам. Можа й ты помнiш, Пракоп? - пытаецца ён мяне. А Хрыстос сказаў апосталам: iдзiце й навучайце ўсе народы. Значыцца, я даўгавата над гэтым мазгаваў. Як-жа гэта Хрыстос пасылаў сьвятых апосталаў навучаць усе народы? Паякому яны мелi навучаць? Мы-ж знаем, - кажыць, - што кажны народ па свойму гаварыў, значыць i сам Бог знаў пра гэта. Ды Ён-жа таксама мусiў знаць, што калi вучнi ягоныя пойдуць усе народы па цэлым сьвеце навучаць, дык каб Божае Слова да iх дайшло, мусiлi языка да людзей знайсьцi. Ну што, нi праўда? кажыць мне гэты самы Мiкалай. А я тады, прызнацца вам, першы раз такое паясьненьне чуў, хоць тое, што загадаў Бог апосталам iсьцi i навучаць усе народы я чуў са Сьвятога Пiсаньня раней. Ну алi я нi задумваўся над гэтым, а гэты Полацкi глядзi во што...
- Ну ён мне тады далей расказываiць: - Калi Бог так загадаў сваiм апосталам навучаць усе народы, значыў мусiў даць усiм народам права сваймi гаворкамi разьбiрацца ў навуцы Хрыстовай, малiцца. От, як... Мусiць, выходзiць тады, што ўсе гаворкi пiрад Богам роўныя, што кажны маiць права такое як другi, што нiма гэттака нiякай казёншчыны, значыцца ты мусiш так, а ня гэтак рабiць... Бог, вiдаць з гэтага, пачуiць калi будзiш да яго малiцца так, як твая мацi цябе гаварыць навучыла, а ня тое, што калi з кнiжкi нi навучышся, ды яшчо якой чужой гаворкай, дык Бог ад цябе адвернецца. Сама важна, каб малiтва твая ад душы, каб шчырая, от як...
- Дык от, братка Пракоп, так я гэта ўсё пiрадумаўшы, пачаў нашай гаворкай малiцца, - кажыць мне гэты самы Полацкi Мiкалай. Трэба вам прызнацца, - заключыў Бахмач, - што чым болi я пасьля думаў над гэтым, дык болi зь iм згаджаўся, вiдзiў якую глыбокую праўду гэты пабожны дзяцюк мне як на талерку вылажыў. От як яно было... Дык i я, знацца, так ужо малюся. I думаю, што Гаспадар наш нябесны, Гасподзь Iсус Хрыстос i Сьвятая Прадслава Апрасiньня й ўгоднiкi божыя сьвятыя мяне чуюць i разьбiраюцца што й да чаго...
Пракоп пакорна зiрнуў на абразы, перахрысьцiўся, акiнуў вачмi сыноў сваiх задуманых i маўклiвых.
- Гэта, тата, вялiкая праўда, што той Полацкi табе казаў. Толька што мала хто, вiдаць, сам сабой такую сьцежку пратопчыць. А гэта-ж, вiдаць, трэба i пратоптываць самому, бо я ня чуў, каб калi якi поп дзе такое сказаў, - падтрымаў бацькавы развагi Янук.
- Разумны дзяцюк гэны самы Мiкалай быў, - уставiў, перажоўваючы страву ў роце, Мiкола.
- Мусiў быць. Я пасьля часта яшчо зь iм вiдзiўся,. Ён так, як у тым царкоўным, так i ў другiм жыцьцi саматугам добра пасвойму разьбiраўся. Хоць навукi ня меў, алi галаву во якую! Гэта-ж як падумаiш, нiкаторыя вунь якiя высокiя школы за сабой маюць, а цi можна сказаць, што каб самi яны думаць умелi? - зрабiў выснаву Пракоп.
У куце, перад пабiтым абразом Прадславы паволi тлела полымя ў лямпадцы. Урачыстая сьведамасьць адкрыцьця новай i блiзкай дарогi да Бога асьвятлiла твары прысутных за гэтым сталом. Пасьля цягнулi з-пад абруса сена й варажылi пра даўжыню веку кажнага. I ўсе выцягнулi па даўгой травiне. Супольна, сугучна, цiха i ўрачыста сьпявалi калядкi. Яшчэ пазьней дзялiў Янук рэшткi куцьцi жывёле ў хлявох, а скончыўшы таптаў хрусткi сьнег на дварэ, разглядаў на небе зоркi й ветах маладзiка. Здавалася, што зоркi сяньня зьзялi куды ясьней, нейкiм празрыста-ўрачыстым гарэньнем, быццам ажывiлiся на ноч Вялiкага Прыходу.
У начоўках панавала ўрачыстая цiшыня, адно рэдка па гасподах цяўкалi сабакi. Недзе ў Лiпавiчах пачулiся галасы. Пераклiкалiся, мусiць, вартавыя. I Януку здалёку здалося, што да вушэй ягоных прыляцела ведамая ўжо, ядавiтая трохпавярховая маскоўская лаянка.
34
Яўхiм Скаруповiч зноў трымаў цэнтр увагi "мiцiнгу" ў лiтоўскай школе. На сход сабралася большая грамада, чым на нязьлiчоныя iншыя сходы, ад якiх сялянам пачало ўжо моташна рабiцца. Гэтым разам Сымон Пятух, наказваючы людзям, падчыркiваў, што "яўка абiзацельна" для ўсiх, каторыя зь Пiрасечана лес вывозiлi, што падлiк будуць рабiць i прэмii даваць. Само моднае слова "прэмii" дзiўна на Пятуховым языку гучэла. Некаторыя людзi чулi яго першы раз i распытвалiся "што гэта за цымус такi гэныя прэмii". Тады Сымон тлумачыў, што гэта будзе заплата i ўзнагарода за вываз лесу. Магчымасьць, што нарэшце заплацяць, - вер цi ня вер гэтай "брыдзе" Пятуху, - прымусiла шматлiкiх мужчын, што вазiлi лес, дый шмат iншага вясковага народу напоўнiць залю. Зь цiкавасьцi заглянулi сюды й некаторыя малодшыя, у iх лiку Янук i Дуня.
Цьмяна сьвяцiла лямпа за пярэднiм сталом, за каторым стаяў ды вялымi рухамi сваiх рук падмацоўваў гутарку пра "сiсьцему", яйкi - дзяржаве, малако - дзяржаве, зярно - дзяржаве, льняное семя - дзяржаве, мёд дзяржаве, усё чыста - дзяржаве той самы сельсавецкi ўраднiк Скаруповiч. Каб людзi, баранi Божа, не забылiся якi аўтарытэт для iх дабра гутарку вядзе, Яўхiм пачаў зьверху, ад самага Крамля, назваўшы "наймудрэйшага з усiх мудрых атца ўсiх народаў", каторы, вiдаць, бяссоньнiцай морыцца, турбуючыся пра дабрабыт ня толькi лiтоўскiх сялян, але i ўсiх вялiкiх i малых народаў. Пасьля "таварышч" Скаруповiч са сьцiплага моўнага запасу свайго выцягнуў колькi абшмуляных i ўежджаных ужо эпiтэтаў пад адрасам "доблiснай", што вызвалiла й каторая ня сьпiць "сiчас" на нiякай мяжы, бо "нiаб'ятную" сьцеражэ, а ў Фiнляндыi дык i здорава-такi дае ў каршэнь "гнюсным фiнскiм мiлiтарыстам i прочым капiталiстам". Гаваркi Яўхiм спынiўся на "народнай уласьцi", значыцца ў тым лiку i людзях гацкага сельсавету, што, згодна наказу таго-ж самага "наймудрэйшага з мудрых" адно пра мясцовае народнае дабро й грамадзян дбаюць.
Ужо пасьля такога ёмiстага ўступу зьнiзiўся Яўхiм да лiтоўскiх хлявоў, аўчарняў, гумнаў, курасадняў, вульляў i назойлiва-манатонна прыгадваў, што трэба дзяржаве здаваць. Не забыўся па дарозе заглянуць у "сiсьцему", адзiна-справядлiвую i ўсiм як на даланi ясную.
Людзi сядзелi, пазяхалi, драмалi.
I нарэшце да вывазу лесу Скаруповiч дабраўся.
- У мяне тутака сьпiсок, вапшчэ... учот занчыцца вывазу дрэва дзярэўняй Лiтоўцы. На iм вiджу ўсе фамiлii й сколька хто атработаў. От iнцярэсна: нiкаторыя ня выпаўнiлi нормы й вапшчэ...
Трымаючы ў руках сьпiсаны лiст паперы, Яўхiм наўмысна затрымаўся, доўга разглядаў прысутных, быццам хочачы падчыркнуць цiкавы факт, што "нормы ня выпаўнiлi".
- Вiджу фамiлiю Пракофiя Бахмача, што выпаўнiў найменi, усяго трыццаць два працэнт нормы. Ёсьць ён тут? - спытаўся войстра.
- Я тутака, - устаў апрануты сярмягу Янукоў бацька.
- Чаму нормы ня выпаўнiў?
- Я-ж, гэта самае, стараўся, таварыш зь сiльсавету, ды жарэбную кабылу зусiм зацягаў, - пачаў дрыжачым голасам Пракоп. - Нi магла яна, бедная. От ажарабiлася раней чым трэба, нi данасiла дык жарабя, - памажы яму Божа! болi ляжыць, бо ня можыць значыцца на ногi ўстаць. I сягоньнiка сам ня ведаю, што зь iм рабiць. Надта-ж конь мне трэба, алi калi што нiдалугай нарадзiлася дык якая-ж тут рада, мае людцы добрыя? От папытайцеся, таварыш зь сiльсавету, людзей. Усе ведаюць.
Пракоп разьвёў рукамi, пацiснуў плячмi й сеў.
- Ага, ну да, - прыняў да ведама Пракопаву гутарку Скаруповiч. - Нада было кабыле ажарабiцца i вапшчэ... Ну што сiчас, стала быць пасьля таго, як ваша кабыла ажарабiлася? Вы апяць... вапшчэ... паехалi дрэва вазiць?
- Дык казаў-жа вам, - тлумачыў Пракоп, ужо не ўстаючы, - што кабыла зацiганая, ня можыць... Улегцы падзiржаць яе трэба, каб падужэла.
- Сколька врэмя таму, як кабыла ажарабiлася? - насядаў Скаруповiч.
- Дык ужо цi ня месяц будзiць... Я-ж кажу...
- Дык вы думаеце кабылу ў хлеве дзiржаць, ужо цэлы месяц дзержыце, а лесу вапшчэ ня думаеце вазiць? - павысiў Яўхiм голас.
- Я-ж кажу, - баранiўся Пракоп, - што слабая яшчо. Трэба...
- Вы мне кажаце! - крыкнуў Яўхiм, - вы мне не кажыце! Я вам буду казаць i вапшчэ... панiмаiця? А вы маўчыце i мае распаражэнiя спалняйце!
Гэткi Скаруповiчаў выбух паралiжаваў шэпты ў залi. Людзi спачувальна пазiралi на Пракопа й няпрыхаваная варожасьць да фiнагента зьявiлася ў некаторых сялянскiх вачох. Нiколi дагэтуль не давялося Пракопу быць аб'ектам публiчнага ганьбаваньня. Ён апусьцiў галаву, глядзеў як дрыжэлi рукi, тыя самыя рукi, што калiсьцi ў глыбока-засьнежанай пушчы тузалiся зь вялiзнымi чурбанамi першакляснага дубу цi бярозы, якую пасьля ў "саюзную Гiрманiю" высылалi.
Янук сядзеў побач Дунi. Яшчэ напачатку сходу паклiкала яго да сябе дзяўчын. Гутаркi як i ня было. Паўслова, мiрг вока васiлька, штурхель у бок, дробненькая ўсьмешка, кепiкi, вось i ўсё. Здавалася Януку, што быў зьдзек i падман, абяцаньне нязьведанага й таўханьне пад бок. Усё гэта адбывалася ў вялiкай цеснай грамадзе, мiж завязаных кутамi пад бароды хустак, поту ад тыднямi нямытага цела, недахопу сьвежага паветра. Вабiлi пад шаўковай сукенкай у модным пальце тугiя грудзi, прынаджвала цяпло дзявочага цела, дурманiла галаву ейнае дыханьне.
А там за сталом гаспадарыў нахабна-валадарны й дурнаваты ў гэтай ролi Скаруповiч. Збоку смуродзiў самакруткай басяк Пятух. Гарой напокуцi стаяў фiнагент i голас свой вайстрыў не на каго iншага а на яго бацьку. Пракоп стаяў пры пярэдняй лаве, азiраўся на бакi, стараўся вытлумачыць тое, што ўсiм у вёсцы даўно ясна было. Якраз як тады, перад пабiтым абразом Прадславы, бацька выглядаў скорчаны, панiжаны, прыбiты. I Скаруповiчаў крык-загад недарослага гарлапана-ўраднiка, каторы адно ў пух абрастаў, нiчога пра жыцьцё ня ведаў, выклiкаў лiтоўскага селянiна на паядынак.
- Ты знаеш што? Нi крычы на мяне! - сыкнуў i выпрастаўся Бахмач. - Цi ты, жаба зялёная, думаеш, што я кабыле што загадаю? Хочаш дык завяду цябе ў хлеў, сам паглядзi, цi кабылу можна сягоньнiка ў ваглоблi запрэгчы. Можа яшчо лепi будзiць, калi да жарабя прыгледзiшся... Вуньдзiка яшчо цяпер на ногi цяжка ўстаець, хоць ужо болi як месяц мiнуў... А чыя вiна? Нашто пёрлi? Нi маглi даць тыднi тры-чатыры, каб кабыла вынасiла? Вы, - сам-жа кажаш, народная ўласьць. Калi так, дык ня толькi з народу браць мусiце, але й памагаць людзям трэба. А гэта-ж таму, што вы не далi кабыле вынасiць то цяперака двух калекаў у маiм хлеве. А цi-ж ты ня вiдзiш, - хiба-ж ты нi гаспадароў сын, - што бiз каня гаспадаркi нiма нiякай? Га? Дык скажы, што я цяперака рабiць маю? I ты, цаца вялiкая, гэттака прыехаў ганьбаваць мяне за тое, што я хворую кабылу на забой у лес нi пацягнуў? Га?
Грымеў Пракопаў голас. Змалеў за сталом ураднiк Скаруповiч. Гэтта нiяк i нiчога ў "сiсьцему" нi ўкладалася... Вось яно простае, голае, рухлiвае, бурлiвае й запраўды несхвальшаванае жыцьцё. Нязьбiтыя доказы. Як да гэтага датарнаваць iнструкцыi партыi й "сiсьцему"?
I стаяў у Януковых вачох бацька родны, вялiкi й пагрозьлiвы. Выскраблi ягонае цярпеньне цi ня больш, чым тады, як iкону Прадславы пабiлi. Дзесьцi была тая глыбiня, зь якой вырастаў поўны, маестатычны, пагрозьлiвы i ў гэтай пагрозьлiвасьцi дужы й небясьпечны Пракоп. Сумленны й працавiты чалавек, намагаючыся дагадзiць "народнай уласьцi", натужваўся, зьгiнаўся ў крук, браў над сiлу, навет калечыўся. Хрысьцiянска-беларускай душы чужым было ўсялякае круцельства. За натугi мо спадзяваўся пахвалы, а ў найгоршым выпадку спагады й падтрымкi. Гэтта-ж яму плацiлi брутальнымi дакорамi, лаянкай, пагрозамi, публiчным ганьбаваньнем. Усё гэта ў iмя некага "наймудрэйшага з мудрых, найлучшага з лучшых, найлюбiмейшага атца ўсiх народаў", ды нейкай агульнасправядлiвай "сiсьцемы", значыцца такога ладу, што даў раду ўсiм вялiкiм i малым жыцьцёвым праблемам, зазiрнуў у найглыбейшыя западзiны жыцьцёвай цемры ды ўсё-ўсенькае гарачым сонейкам "сталiнскай канстытуцыi" асьвяцiў. Адно вунь тая "сiсьцема" на помач вялiзным танкам, грузавым аўтамашынам i гусянiчным чалябiнцам мусiла Пракопаву жарэбную кабылу падпрэгчы, пакалечыць i матку i жарабя. У халоднай канюшнi яно кволае й дрыжачае цяпер на ногi ледзь-ледзь устане, як п'янае хiстаецца, спрабуе хадзiць ды зноў падае.
Пракоп сеў. Цi гэта з гарачынi ў поўнай залi, цi з паднечаньня закруцiла ў галаве. Расшпiлiў суконку, рукой памацаў грудзi й адчуў як зь вялiкага напружаньня прысьпяшыла ход сэрца. А ў залi панавала мёртвая цiшыня, стрыманае дыханьне. Пракоп зiрнуў на бакi. На яго й гэнага "сiсьцемнага" гарлапана за сталом глядзела дзясяткi вачэй. Вельмi душна ў сермязе зрабiлася. Сьцiскалiся вусны й вочы. Вось-вось набягуць сьлёзы. Чаму нi дадумаўся, нi дагледзiў? Чаму наадрэз не адмовiўся й ня даў кабыле вынасiць? Нахай-бы паскакаў-патэпаў гэты брыда Сымон. Што-б ён зрабiў? А цяпер як кабылу й жарабя выратуеш? Можа матка й выхадзiць, але як паставiш на ногi роджанага недалугу? Уквэкаўся дый годзе. I ўсяму вiной звычайная дурнота. Жаль распiраў Пракопавы грудзi й млоснасьць потам на лбе выступiла. Вялiкiм намаганьнем стрымлiваў сьлёзы.
- Таварышч Бахмач, - прачысьцiў горла й цiхiм голасам пачаў сельсавецкi фiнагент, - прысутствуюшчыя выслушалi вас. Думаю, што сягоньня ня будзiм болi задзержывацца на вашым неiспалненьнi палан. Я далажу аба ўсiм у сiльсавет i пушчай з вамi разьбiраюцца. Сьледуюшчыя, - пачаў Скаруповiч чытаць прозьвiшчы лiтоўскiх гаспадароў i працэнты, што зарабiлi за вываз дрэва.
- Хачу вас iзьвясьцiць, што па зарплату нужна ў сiльсавет явiцца. Там заработаныя дзеньгi за вываз дрэва палучыце. А сiчас, - гэтта Скаруповiч спынiўся, уважна прыгледзеўся прысутным i даўжэй затрымаўся на седзячым сьпераду рыжавусым Захаруку, - хачу ў прымер усiм вам паставiць аднаго чалавека, каторы дажа норму пiравыпалнiл, патаму што вапшчэ выпалнiл на сто пяць працэнтаў. Для гэтага чалавека наша народная ўласьць прызначыла прэмiю i вапшчэ... Но пака этага самага, пака прэмiю пiрадам, хачу нескалька слоў аб бальшым значэнii пiравыпалненi плана сказаць. Панiмаеце, што наша савецкае гасударства ня толька трэбуiць ад людзей чэснага труда для нашага обшчага блага й вапшчэ, но i атнасiцельна вазнаграждаiць гэты труд. Таму што, як я вам раньшэ сказаў, наша правiцельства й лiчна таварышч Сталiн...
Скаруповiч наўмысна спынiўся на прозьвiшчы дыктатара. Заля маўчала. Фiнагент глытнуў камяк сьлiны.
- ...i лiчна таварышч Сталiн ня раз указывалi й сiчас указываюць, што бяз труда ня было й ня будзiць атнасiцельнага прагрэсу.
Абтрапанае, нуднае й нястраўнае манатонным голасам падарожнiчала з гарляка фiнагента, вандравала мiж чатырох сьценаў i глохла мiж завязаных пад бароды хусьцiнак, сермягаў, кажухоў. Можна было падрамаць i нiчога важнага ня страцiць аж да моманту, пакуль гэны манатонны голас ня падымецца на ўрачыстую ноту, спаткнецца на перапынках i ажно тады прынясе нешта новае. Гэтак вось i цяпер. Пасьля добрых хвiлiн дзесяцi нуды, фiнагентаў голас затрымаўся, гарляк кашлянуў.
- Сiчас хачу аб'явiць гражданiна, з каторага саветую ўсiм браць прымер i вапшчэ... На сто пяць працэнтаў план пiравыпаўнiў таварышч Захарук Пётр Паўлавiч!
- Маладзец! - сказаў голасна звычайна маўклiвы Аўдолiн Тодар.
- Цi-i-iха ты! - сыкнула на яго жонка.
- Стала быць, Пётр Паўлавiч, - прадаўжаў Скаруповiч, - я хачу паблагадарыць вам ад iмя сельсавету. I яшчо вапшчэ надзеiмся, што ў будушчым тожа будзiце выпаўняць i пiравыпаўняць нормы плана й будзеце прымерам усей вашай дзярэўнi й вапшчэ...
Гэтта Скаруповiч затрымаўся. Можа воплескаў чакаў. Людзi маўчалi. Фiнагент сагнуўся й з-за лавы дастаў скураную сумку. Лiтоўскiя пасьля намагалiся адгадаць ейнае паходжаньне: цi то трафей ад польскай палiцыi, што гэтак хутка з "крэсаў" змылiся, цi ад каго з новых "вызвольнiкаў". У гэны момант, калi Скларуповiч сумку адчыняў, вочы ўсiх лiтоўскiх сьлядзiлi ягоныя рукi, пасьля перапаўзьлi на рыльца пляшкi, што вяршочкам з сумкi вызiрала. Паволi выцягнутая з сумкi, звычайная лiтроўка, напоўненая рудой вадкасьцю й заторкнутая коркам трыўмфальна станула ў цэнтры стала.
- Самагонка, мусiць, - сказаў голас ззаду.
- Дурны ты, дзе ты вiдзiў рудую самагонку, - супярэчыў iншы.
- Можа гэты ханжа Сымон гнаў. Ён-жа спэцкаiць...
Пачуўся сьмех.
Сымон Пятух, мусiць, прыкiнуўся, што ня чуў, бо лянiва, як i належалася начальнiку ў такую ўрачыстую хвiлiну, зiрнуў на залю, а пасьля зноў зацягнуўся дымам з папяросы. У гэным часе побач лiтроўкi зьявiлася поўная шэрая пачка карашкоў, а сумка паынулася зноў недзе ззаду на лаве.
- Стала быць, - урачыста абвесьцiў сельсавецкi ўраднiк, - гасударства прызначыла прэмiю, гэта ёсьць адзiн лiтар карасiны й пачку табаку. Пажаласна, палучыце, Пётр Паўлавiч, - паказваючы рукой на прэмiю, зьвярнуўся Скаруповiч да Захарука.
На залi цяпер панавала поўная цiшыня. Людзi пераглядалiся. Рашчараваньне са зьдзiўленьнем на тварах зьмяшалася. Прэмiя быццам на паядынак выклiкала, зьдзеквалася гола-бедным, нiкчэмным выглядам лiтроўкi нафтыпобач пачкi танных карашкоў. Людзi пазiралi на Захарука. Той мецiў падняцца, азiрнуўся на бакi. Пакуль наважыўся, з правага боку выйшаў ягоны рослы й вялы сын Пятро. Не азiраючыся на нiкога, прыклыпаў да самага стала, ледзь нагнуўся, прыглядаўся прэмii. Бальшавiцкая нагласьць гэтта асаблiва камiчна спалучылася зь недалужнасьцю Захарукова сына. Ён указальным пальцам тыцнуў у прэмiю й голасна зьвярнуўся да бацькi:
- Глянь, глянь, тата, на цэлы дзянёчак табе на самакруткi пыхцець будзiць... От ужо-ж i накурышся ды яшчо вечарам будзiць чым у лямпе кнот замачыць. Чаму-ж нi бярэш?
Гэтакая шчырая дзяцюкова спасьцярога выклiкала гвалтоўны сьмех у залi. Фiнагент Скаруповiч, зьбянтэжаны такой бязглуздай нечаканасьцю, аблiўся чырваньню. Збоку скрывiўся твар старшынi камбеду.
- Гэта што за глупасьць? Вапшчэ, хто вас прасiў, як вас зваць!? дзёрзкiм голасам сыкнуў ураднiк на Пятра.
Хлапец, быццама яго гадзюка джгнула, адскочыў ад стала й пацiснуў направа ў гушчу народу. Сьмех не спыняўся.
- Так, Пятро, цяперака бацьку ня трэба будзiць у чарзе на золаку тарчэць, пакуль Жыд сельпо адчынiць, - пачуўся ззаду моцны голас, суправоджаны буйным рогатам.
- Будзiць мець болi часу дрэва саюзнай Гiрманii навазiць! - падтрымаў iншы.
Скаруповiч мяняўся на твары колерамi. Вiдаць было, як дрыжэлi ягоныя рукi. Намагаўся нешта сказаць, пачынаў ад таго "вапшчэ", але жартаўлiвыя водклiкi з гарамады заглушалi яго. Нарэшце моцна стукнуў па стале, аж прэмiя падскочыла.
- Пётр Паўлавiч, забярыце вашу прэмiю!
Аглядаючыся на бакi. Захарук устаў з лавы, узяў лiтар нафты й пачку карашкоў i гэтак павярнуўшыся бокам да ўраднiка, ня ведаў цi дзякаваць цi што дый дзе падзець тую прэмiю, аб'ект агульнага рогату.
- Мiцiнг шчытаю закрытым! - паведамiў фiнагент.
- А чаму грошы за работу нi прывёз? - пачулася пытаньне.
- Прыдзiце па грошы ў сiльсавет.
- Каб ты ракам хадзiў!
Гэта апошняе прыляцела ззаду.
- Ты знаiш, як зваць гэтых людзей, каторыя тутака сьмешачкi рабiлi? нахiлiўся да Пятуха Скаруповiч.
- Га? Што кажаш? - наставiў Сымон вуха.
- Кажу, цi знаiш усiх тых, каторыя гэтта мяне на сьмех паднялi? паўтарыў фiнагент.
У залi стаяў роўны гоман.
- Дык во, каб нi знаў, - адказаў Пятух, - а навошта табе?
- Трэба iм пазакрываць морды й вапшчэ... Волю дасi дык на галаву табе наробяць...
35
Перад сэмафорам спынiўся, некалькi разоў сапнуў i чмыхнуў парай на бакi ды паставiў вялiзны слуп дыму проста ўверх грузны, тупалобы, зь вялiкай чырвонай зоркай сьпераду, паравоз. Панакрывалiся брызентам на плятформах ззаду ваенныя цацы, што гэтта, мусiць, на "гнюсную Фiнландзiю" праяжджалi.
Перад закрытм пераездам затрымалася чарада хурманак, наладаваных "нарыхтоўкамi". Апусьцiўшы галовы, дышачы парай з абмерзлых ноздраў, дрыжэлi ад марозу ў ваглоблях конi. У пацатых мяшкох на развалках ляжала "збожжа-дзяржаве", сядзелi захутаныя ў кажухi, сярмягi, абутыя ў лапцi цi валёнкi, з абмерзлымi вусамi дзядзькi.
Зь лесу цягнiкоў гацкай станцыi паволi, чмышачы густым сiнявата-чорным дымам i густой парай валачыла вялiзную сям'ю вагонаў дужая лёкаматыва. Хуткасьць брала паволi. Пералезла пераз пераезд, а за ёю сьпяшылi даўгiя наладаваныя бярозавым i дубовым бярвеньнем плятформы. Дрэва ў "саюзную Гiрманiю" скончылася й за iм iшлi зачыненыя таварныя вагоны, дзе спачывала "збожжа - дзяржаве, мяса - дзяржаве, яйкi - дзяржаве, усялякае дабро дзяржаве" ды iншыя "нарыхтоўкi".
Калi абарваўся хвост таго, што паджгаў у "саюзную Гiрманiю", рушыў гэты з ваеннымi цацамi ў "гнюсную Фiнландзiю". Ужо пасьля яго паднялiся запоры пераезду i, напiнаючыся ў аглоблях развалак, цягнулi "нарыхтоўкi дзяржаве" конi. Далей за пераездам у вялiкiх, пачарнелых ад сажы сьценах, дымячы з трох комiнаў, чыгуначнае дэпо грукала сваiм сьлёсарска-рамонтным жыцьцём. На страсе вялiзнай майстэрнi пачарнеў ад гары сьнег. Халодным сьвятлом аблiвала зьверху мястэчка зiмовае сонца, зьзялi на дарозе гладкiя каляiны ад палозьзя саняў, наляталi вераб'i на парассыпаную па дарозе пацяруху. Моцна трымаў у сваiх учэпiстых кiпцях замезлую зямлю мароз.
Пры самым вакне, у перапоўненай клясе сядзеў Янук. Ён ня бачыў таго, што за вакном адбывалася. Разам з дырэктарам Якаўлевым i вучнямi двух клясаў прыглядаўся як рыхтуе паўстаньне, рукамi рымскiх гладзiятараў выбiрае зброю, узважвае магчымасьцi перамогi над тыранамi з форуму вялiкi Спартак.
На стале перад Якаўлевым ляжала таўстая, у шэрых палатняных вокладках, кнiга. Дырэктар чытаў. Ня было ў праграме пятае клясы дырэктаравай лекцыi. Вучыў ён геаграфiю й гiсторыю ў трох старэйшых клясах. Сяньня занямог, мусiць, стары матэматык i таму дырэктар загадаў паклiкаць пяцiкласьнiкаў у шостую клясу, адкiннуў нармальную праграму i ўзяўся чытаць.
Танклявы, сухi ў твары, напалову ўжо лысы, малады дырэктар мог-бы прыкiнуцца старэйшым студэнтам, цi ўраднiкам, калi-б ня ведаючы яго, дзе мiж людзей сустрэлi. Надзiва дзяцiнны з выгляду твар ня ўзбуджаў з боку якое-небудзь пашаны, а хутчэй да панiбрацтва спанукаў. Гэта да таго часу, пакуль дырэктар рот адчынiў. Прыпадковы панiбрацец адразу насьцярожваўся, рабiў хуткую пераацэнку чалавека, у каторага напалову лысай галаве зь дзяцiнным тварам мусiў мясьцiцца няштодзённы розум.
Прадметы, выкладаныя дырэктарам, давалiся вучням чысьцюсенькай насалодай. У клясу настаўнiк уваходзiў борздым, спружынiстым крокам i мамантальна ацiхалi вучнi. Скупа ўсьмiхнуўшыся. Якаўлеў чытаў дзёньнiк прысутнасьцi, выклiкаў аднаго цi двух для праверкi матар'ялу ды, не марудзячы, роўным вольным крокам пачынаў вандраваць перад фронтам лавак.
- Амазонка, как вам всем iзвестно, пересекает контiнент Южной Амерiкi с запада на восток, - пачынаў роўны нiзкi бас.
Вучнi не спасьцераглi, калi пераносiлiся ў флёру й фаўну бразылiйскай джунглi, цi iншым разам слухалi пра паўжабракоў з-над сiняга Нiлу. Суправоджаныя красамоўствам дырэктара, валачылiся Ганiбалавы сланы праз засыпаныя сьнегам, небясьпечныя Альпы, тапiлiся пад напорам Ганiбалавых вояў Рымляне ў Тразiменскiм возеры, або квялiў далiкатны слых рымскiх патрыцыяў шурпаты голас Нэрона. Пасьля дырэктаравай лекцыi мала хто пацеў над гiсторыяй цi геаграфiяй дома, хiба адно каб затрымаць у галаве галоўныя даты й факты.