- Кося мая, коська добрая... як табе цяжка, - прамовiў хлапец.
   I не пачуў Янук у вадказ зычлiвага iржаньня. Распрог санi, адчынiў у хлеве дзьверы, з крука зьняў шырокую коўдру. I цяпер, падчас начной мяцелiцы, нясло ад яе едкiм конскiм потам. Паволi й старанна накрыў Янук кабылу, узяўся падвязваць коўдру падпругай. I тады перадалося Януку выразнае, дагэтуль неспазнанае iм дрыжэньня. Здавалася, што пачыналася яно ў кабылiных нагах ды перабягала ў жывот. Iншым разам ахвотна, - ня ўтрымаеш яе, - сьпяшыла да напоўненых пахучым сенам ясьляў. Цяпер-жа спанукаць трэба было.
   Зачынiў Янук хлеў i мяркаваў цi завее пасярод двара сьнегам санi ды ззаду прывязаныя да iх падсанкi. Бура, здаваклася, крыху спагнала ахвоту, але яшчэ калола ў твар ахапкамi шорсткай манны. Янук абстукаў са сьнегу боты, абмёў iх камлём мятлыды, вобмацкам шукаючы дарогi ў сенцах, адчынiў дзьверы.
   Ля цёплай чыгуннай печкi, выцягнуўшы ногi, нярухома сядзеў бацька. Адмярзалi лапцi з анучамi, зь iх уверх уносiлася пара, а кроплi вады капалi на падлогу. Левай рукой бацька забаўляўся з мокрымi вусамi. Твар зарумянiўся, а застылыя на нейкiм пункце вочы не паднялiся й ня зiрнулi на Янука. На прыпечку стаяў ведамы Януку кацёл зь ведамай Мiколавай капустай.
   - Нi дай Ты, Божа, калi што станiцца! Зацiгаў, мусiць, бедную кабылу. От нечысьць праклятая. Узваляць столька здаравеннага даўгога бярвеньн, ну й цягнi аж на тую станцыю. дзе-ж гэта ей, жарэбнай, ды яшчо па такiм сьнягу справiцца! Як ськiнiць дык i дзiва ня будзiць. Спадзяваўся на маладога каня ўзжыцца, аж тутака во...
   Дрыжэў няроўны бацькаў голас i часта плюшчылiся вочы. Памалу паднялася левая нага, лягла на калена правае й крукаватыя, шурпатыя пальцы ўзялiся памалу разьвязваць вяроўкi лапцей i адкручываць анучы. Мiкола палажыў крыглы бохан хлеба й паставiў глiняную мiску на стале.
   - Ты, сынок, гэта самае, паразьвешвай, каб сохлi, - зьвярнуўся бацька да Янука. - Дзе-ж гэта хто калi чуў, каб па трыццаць кубамэтраў на каня давалi! Паспробуй, вывязi! Дзiва, што кабыла падбiлася. Мусiць ня вiдзiць нам таго жарабя...
   Маўклiвы Янук стаяў ля прыпечку й пазiраў на зьняможанага, крэкчучага бацьку. Дрыжачы голас спынiўся й па левай шчацэ скацiлася вялiкая, празрыстая сьляза. Нехта абцугамi сьцiснуў Януку ў грудзёх. Напокуцi, у чырвоным шкле, хлiпала перад абразамi лямпадка. Каб не расплакацца, Янук перастаў глядзець на бацьку, перавёў вочы на абразы й здалося яму, што ў пабiтым шкле ажыла чырвонай сьлязой пад вокам Прадславы засочлая кропля Тодаравай "лепшай за сталiчную"...
   32
   Любiнаму дзевiру Мiхалюку цi ня першы раз у жыцьцi так пашанцавала стацца цэнтрам агульнае ўвагi вёскi. Рассасулiўшыся за сталом, падпёршы падбародак правай даланёй, ён крыўдна-лянiва варушыў тоўстымi вуснамi.
   - Дык-жа-ж от кажу, што ажно ў Вiльню загналi. Паслалi мяне ў полк... ну дзе гэну самую чынную тады служыў. Вы-ж помнiце... Ну дык мяне туды й цяперака, значыцца, - каб я з гэтага месца нi зышоў, пабажуся от, - ды адразу аж за тую Аршаву недзiка на хронт... а нашых нi знаю куды параськiдалi...
   - Дык як-жа гэта ты, Мiхалючок, нi пытаўся нiкога, цi ня вiдзiў нiкога, дый нiчагусянькi нi знаiш i ня ведаеш?
   Вульлянiн плаксьлiвы голас перадаў эмацыянальную зьнямогу доўга чакаючай, сплаканай маткi, што ў асобах сваiх двух "галубкоў" усё спадзяваньне й будучыню ў гэнай далёкай вайне страцiла. Каб хоць якi сьцiплы праменьчык, макулiнку-вестачку прынёс Мiхалюк. Дакорлiвым рашчараваньнем у з болем пазiралi на Мiхалюка дзясяткi жаночых i мужчынскiцх вачэй. Не магло памясьцiцца ў галаве, што з таго сьвету вайны, якая праглынула столькi вясковай моладзi, першым вярнуўся найбольш ведамы, нiчога няздольны сказаць тупiца. Каб на яго месца хто больш празорлiвы, кемлiвы...
   Ды нi выпадала Мiхалюка вiнавацiць. Сьвежым у памяцi бытаваў i пры згадцы сьмехам людзей душыў надта-ж паказальны зь Мiхалюковай вайсковай кар'еры выпадак.
   Калi пару гадоў перад вайной адбарабанiў дзяцюк "чынную", далi яму ў Вiльнi чыгуначны бялет i сказалi яму цягнiком дамоў ехаць. Няпiсьменны Мiхалюк, каторага ледзь у пехаце не заганялi, пакуль левую ад правай навучыўся адрозьнiваць, больш як чатыры пары зь Вiльнi ў Лiтоўцы пехатой шкандыбаў. Дзiвiлiся людзi, што не заблудзiў, ды гэтта ськiдку давалi на тое, што навет Мiхалюкоў непаваротлiвы язык у родным краю дарогi мог дапытацца.
   - Дык чаму-ж ты на поiзд ня сеў? - пыталiся яго, рагочачы.
   - Дык-жа пашоў садзiцца, алi ня ведаў на каторы. Тамака ў Вiльнi паяздоў тых сам чорт нi разьбярэць, нi так як гэттака ў Гацях, - адказаў сур"ёзна Мiхалюк.
   - А як пусьцiлi дамоў, далi якую паперыну, цi што?
   - Дык от-жа далi нейкую.
   Зь кiшэнi выцягнуў i камшыў нешта ў вялiкай, тады ўжо адвыклай ад гнаявых вiлаў даланi. Людзi прыгледзелiся й распазналi пасьветку з войска й чыгуначны бiлет з Вiльнi ў Гацi.
   Пакрыўдзiўшы Мiхалюка ў адной дзялянцы, добра ўзнагародзiў яго Тварэц у iншай. Пры малацьбе, касавiцы, вывазе гною й iншых працах, дзе здаравенныя мускулы патрэбныя былi, цi хто ў Лiтоўцах i суседнiх вёсках мог зь дзяцюком справiцца,
   - Нi нарадзiўся мусiць той, каторы зь Мiхалюком пры гнаявых вiлах зраўняецца, - кпiў Антось Дзяркач. - Тры разы, братцы мае, кiнiць, глядзiш i воз. От ужо толькi вiлы падаваць спраўляйся. Мядзьведзь, сiлы сваей нi знаiць. Як падчэпiць пад камiнь, вiлы - трэсь! Глядзiш ужо двух цi трох сукоў нiма. Хэ-хэ-хэ! От i ўбi ты ў мазга-ўню ягоную, каб памяркоўна, вiлаў нi ламаў.
   Люба, удава па Мiхалюковым брату, жыла са сьвякроўкай, якой пад семдзесятку падбягала. Кавалак зямлi мелi спорны, ды якая-ж гаспадарка без гаспадара. Мiхалюк зь Вiльнi пехатой прышкандыбаць здолеў, але ўсё-ж гэта ня тое, што ладам гаспадарку павесьцi.
   Давалi вясковыя дзяцюку ськiдку й на яго няпiсьменнасьць, i невялiкую кемлiвасьць, i нехлямяжасьць у вопратцы, дый звычайную ляноту. Пры iншай нагодзе нiхто-ж, пэўне, на яго й крывога слова не сказаў-бы. Гэтта-ж, як наўмысна, вайна паставiла Мiхалюка ля самага чульлiвага жыцьцёвага нэрву, найбольш дакучлiвай i балючай раны. Прынёс-бы якую вестку, - памысную, прыемную, цi навет сумную пра каго зь вясковых новабранцаў, - зусiм накш было-б. Людзям проста ў галовах не магло памясьцiцца, што быў ён "тамака, з усiмi разам", прынамся вёску з адным скрыпам дзьвярэй пакiнуў, ды зусiм нiчога пра нiкога ня чуў. Антось Дзяркач патрапiў навет з рук чужынцаў вышмыгнуць, а гэты...
   - А ў каторым ты палку быў, дык тамака нiкога з нашых нi было?
   - У мяне пад бокам нiкога... Алi полк-жа, кажуць, вялiкi, можа якiх пару тысяч чалавек, - вяла адказаў Мiхалюк.
   Мiхалюк схудзеў, ды гэтым крышку з выгляду зьiначыўся. Папрацiралiся локцi рукавоў i каленi порткаў таннага польскага мундзiру. Як на дзiва, Мiхалюк трымаўся чыста.
   - Ну а як-жа ў палоне было? - спытаў Тодар. - Добра кармiлi?
   Тут разьвязаўся Мiхалюкоў язык. Спануканы дапаможнымi пытаньнямi, апавядаў паволi, смакуючы розныя дробязi. Хаця-нехаця людзi слухалi, кажнае слова лавiлi. Дый мяркавалi некаторыя, што як разгаворыцца дык можа пра каторага зь вясковых дзяцюкоў прыгадае. Рашчаравалiся.
   - Гэта нейкая кара боская, - заключыла са сьлязьмi на вачох Вульляна. Чаму Ён вярнуў аднаго такога, як усiм на зьдзек? Мала во людцы церпяць, навiны якой чакаючы? Дык навiт нi саветы нiчога нi знаюць, нi навiт гэты свой, як вады ў рот набраўшы...
   - Ну а як цябе дамоў пусьцiлi? - пытаўся Кмiтаў Тодар, што стаяў воддаль, абапершыся аб вушак дзьвярэй i жваў сухую травiну.
   - Дык-жа прышоў немiц, сказаў раўс, гэй нагаўза... Ну а тады нас сабралi на поiзд i прывязьлi на гранiцу ды масклалём аддалi.
   - Каго гэта вас?
   - Ну каторых дамоў пусьцiлi.
   - Многа было?
   Дзяцюк задумаўся.
   - Мусiць былi сотнi, нi лiчыў.
   - Алi каторых гэта пушчалi?
   - Тых, знацца, каторыя пад Расеяй цяперака. Нi пушчалi Палякаў, толька Бiларусаў i Ўкраiнцаў.
   - Гэта, мусiць, цi ня тое, ягодка, што казалi бальшавiкi: немцу яго шпiёнаў аддалi, а за тое немiц нiкаторых нашых дамоў пусьцiў, - паясьнiла суседцы Аўдоля.
   - А калi так многа пусьцiлi, дык нiкога з нашых нi было?
   Мiхалюк з адказам не сьпяшыў. Ён уважна зiрнуў на зацiкаўленыя, нецярплiвасьцю насычаныя твары.
   - Нiкагусiнькi, - сказаў коратка.
   - От гэты Маршалкаў i наабяцаў. Казаў, што сам Сталiн паможыць, заключыў Уладзiмер Пятух.
   33
   На дзень куцьцi крыху папусьцiў мароз i дзесь пад полудзень за гарбом Гараваткi навет нясьмела вызiрнула сонца. Калi падкая да лыжнага й санкавага спорту малеча абсыпала сугор ды гулкiмi галасамi напоўнiла лiтоўскiя начоўкi, пажвавела тэмпа падрыхтоўкi да сьвята ў вясковых хатах, хлявох i гумнах. Традыцыя наказвала, што Збавiцель радзiўся ў хлеве й таму ўсей хатняй жывёле ў гэты дзень трэба было асаблiва пасобiць. Мужчыны ня скупiлiся з посьцiлкай i кормам. Жанчыны прыбiралi хаты, рыхтавалi стравы для стала куцьцi й вялiкага Дня Нараджэньня.
   Калi-б лiтоўскiя "народнай улады" паслухалi, куцьцю й Каляды давялося-б зь вялiкай нiшчэмнiцай сустракаць. "Народная ўлада" ў асобе Сымона Пятуха й гэнага бурклiвага зьнекуль маскаля, перапiсвала-перлаiчвала ўсю вясковую маёмасьць. Гэтта-ж на хвасьце пярэпiсi прыйшоў зь сельсавету загад, што бязь ведама ўлады нiякi селянiн ня мае права браць для свайго ўжытку мяса-яйкi-сала-нарыхтоўкi. Загад той, пераказаны вуснамi старшынi камбеду кагадзе на сходзе, спачатку выклiкаў вялiкую няўцямнасьць, пасьля-ж злосьць i лаянку. Вядома-ж, людзi лiтоўскiя ня ўчора ад соскi адвыклi, таму гэтта на сходзе, цi, як яго зьверху модна называлi, - мiцiнгу, трымалiся назьдзiў асьцярожна.
   - Дык калi свайго, што выгадаваў, казаў той, цяперака нi закалоць i нi зарэзаць, дык як тады быць, што есьцi? - спытаў звычайна маўклiвы Якубаў сын Васiль.
   - Я-ж... гэта самае, - заiкаўся Пятух, - кажу вам тое, што мне сказалi. Ну самi разьбiрайцеся.
   Старшыня камбеду зiрнуў на прысланага Саладухам з Гацяў маладжавага, гадоў пад трыццаць ураднiка Яўхiма Скаруповiча. Вясковыя ведалi яго здалёку, а тыя, каторым ўжо ўрад сельсавету наведаць собiла, казалi, што называлi яго яшчэ фiнансавым цi ўзносавым агентам, значыцца якраз тым, каму грашовыя й натуральныя падаткi сьцягваць даверылi. Дзяцюк устаў, сьмелым зрокам узяў усiх "наўчот" ды прачысьцiў горла.
   - Вы спрашываiця, таварыш, што есьлi нiльзя нi закалоць, нi зарэзаць, дык, гэта самае, як тады жыць, што есьцi. Ну а я от вапросам на вапрос атвечу: есьлi, прыблiзiцiльна, кажды з вас, ды ня толькi з вас, ну i з другiх дзярэўняў тожа будзiць распараджацца сваiм iмушчаствам так, як яму ўздумаiцца, так разрашыця спрасiць вас: як тады будзя жыць наша савецкая гасударства вапшчэ? Га? А дзiлi таво, штоб i гасударства было давольна i граждане тожа, цi як тутака ў нас кажуць, - каб воўк быў сыты й авечкi цэлыя, - так далжна быць нейкая сiсьцема? Есьлi нi панiмаiця, так я вам сiчас паясьню.
   Дзяцюк затрымаўся, пiльна агледзеў "мiцiнгоўцаў".
   - Гасударсьцьвiнная сiсьцема, - гэта закон, парадак. Усё iмушчаства й вапшчэ налiчнае бярэцца на ўчот i тады людзi, каторых паставiлi тым iмушчаствам заведаваць, сагласна ўказу правiцiльства распараджаюцца сколька з таго даць гасударству на нарыхтоўкi, а сколька гражданам для iх собсьцьвiннага ўпатрабленiя. Гэта значыць, што далжон быць i ёсьцiка такi законны распадзел вапшчэ што iдзець гасударству на налог, а што людзям на iх пiтанiе i упатрабленiя. Сiчас панiмаiця?
   - Ну калi так, - адважыўся Васiль, - дык тады, мусiць, дабро прадукуюць зьнiзу, а дзеляць зьверху. Ну алi скажыце, таварыш Скаруповiч, калi хто сваю авечку зарэзаць цi от якую сьвiньню перад Калядамi закалоць захочыць, дык тады як гэта быць? Гэта-ж як вы самi пра гэну сiсьцему кажаце, дык, мусiць, трэба некага пытацца, цi сваё калоць цi рэзаць можна. Як так?
   - Ну да, верна. Вапшчэ есьлi хто хочыць што са свайго iмушчаства ды на сваё ўпатрабленiя дык нужна заяўка на гэта. Панiмаiця?
   - Заяўку тую каму? - спытаў доктар Зянькевiч.
   - Ды каму-ж... нам, - адказаў малады ўраднiк.
   - Ага, ну а як-жа... пэўне-ж вам, - буркнуў лекар.
   Далей Скаруповiч паведамiў, што цяпер дзяржава бярэ "налогi" натурай адно ў залiк, што неўзабаве зьявяцца гэтак званыя "павесткi аб налогах" i тады ўжо кажны будзе ведаць колькi зь яго належыцца "гасударству", а колькi на свой пажытак застанецца.
   Каб свой жывот дарма ня бурчэў, ды каб i "сiсьцему" нi ўквялiць, пасьпяшылi людзi з заявамi ў сельсавет. Ды тая "сiсьцема" глухое вуха на сялянскiя заявы наставiла. Ураднiкi прымалi заявы, абяцаючы, што скора парупяцца пра iх. Гэнае скора расьцягнулася зь дзён на тыднi й выглядала, як нехта ў вёсцы трапна сказаў, што "чакай, дурань, зь неба манны".
   - Маць тваю за нагу! - плюнуў доктар Зянькевiч. - Каляды йдуць, парсюка вунь выкармiў, а цяперака пытайся чорта лысага цi яго "сiсьцема" табе сваё зьесьцi пазволiць.
   Зянькевiч паклiкаў Любiнага дзевiра Мiхалюка, узяў на помач свайго Ўладзiка й на золаку ўтрох узялiся калоць добра выкармленага парсюка. Той-жа ад тушы на ногi ледзь мог падняццай гулкiм скуголеньнем разгаманiў пра свае перадсьмяротныя цярпеньнi на ўсю вёску. Дзiва няма, што калi шчацiна тучнага парсюка, добра прулажанага на доўгай плашцы ля казлоў, смылела й гарэла ў вясёлым полымi добрай кулявой саломы, прыйшлi лпюдзi даведацца, калi доктар Зянькевiч дазвол атрымаў.
   - Памажы, Божа! - прывiтаўся Пракоп.
   Зянькевiч зiрнуў на суседа.
   - Дзякую, - адказаў.
   Засунуўшы плашкi-далонi ў "жандовыя" галiфэ, Мiхалюк прыглядаўся полымю, а Ўладзiк разьмяркоўваў пукi саломы.
   - Як-жа гэта ўдалося табе? - пытаўся Пракоп.
   - Ты пра што гэта? - зiрнуў на яго доктар.
   - Пра заяўку. Калi пазволiлi, пытаюся.
   Ужо разьвiднелася. Казлы былi прыладжаныя ў агародзе за хлевам. Дым ад саломы спорнымi клубкамi ляцеў проста ўверх, а пах сьвежага, падсмаленага сала прыемна казытаў нос.
   - Нi ждаў, - коратка адказаў Зянькевiч. - Прайшло болi як дзьве нядзелi як злажыў заяўку, а яны там мiтрэнжацца бiзь нiякага адказу. От плюнуў ды, думаю, паспрабую. Пагляджу, што з гэтага будзiць.
   - Гэтак яно? - зьдзiвiўся Пракоп. - Ну а я-ж думаў, думаў, ды пабаяўся.
   - Знаiш што, Пракопка? Падумаўшы так цьвярозым мужыцкiм розумам дык яно выглядаiцль гэтак: ты гадаваў, кармiў, даглядаў, а нейкага там начальнiка ласкi прасi, рукi яму можа цалуй, каб пазволiў табе сваё ды ў свой рот улажыць. Я ўжо думаю сабе, што калi адразу прычэпяцца, дык унь нiхай другога забiраюць. Ну нi так?
   Пакуль парсюка Зянькевiч асмалiў, прыходзiлi й iншыя за язык яго пацягнуць i ўжо сярэднiм ранкам цэлая вёска ведала пра доктараў учынак. Улада ў асобе старшынi камбеду прышкандыбала даволi пазнавата.
   - Дык от, таварыш Зянькевiч, ты закалоў i абсмалiў, ну я-ж мушу ў сiльсавет аб гэтым заявiць, - тлумачыў Сымон Пятух.
   - Заяўляй, - сказаў цьвёрда лекар.
   - А ты думаiш нi заяўлю? От сiчас-жа йду, - пагражаў той.
   - Кажу-ж табе, чалавек добры, заяўляй! Ты-ж - начальнiк!
   Пятух зiрнуў на маўклiвых Мiхалюка i Ўладзiка, пачмыхаў носам, завярнуўся й пайшоў.
   - Ханжа карцёжная, п'янюга! - сыкнуў гаспадар, калi Сымон ужо ня мог пачуць. - Ласун на чужое, абжорся панскiм i асаднiцкiм. Чакай, дастукаешся й ты свайго, як тых двух басякоў!
   З гэтымi славамi лекар узяўся абскрабаць нагар на парсюковай скуры. Наступнымi днямi пачалi на золаку ўспыхваць агнi за iншымi вясковымi хлявамi ў агародах. Iншыя авечак рэзалi. "Нарыхтоўка" мяса перанеслася i ў iншыя вёскi. Зянькевiча неўзабаве выклiкалi ў сельсавет, набарабанiлi пра адпаведныя строгiя мры кары, якой нiяк ня мiнуць яму ў блiзкай будучынi. Сельсавецкiя ўраднiкi рукамi сваiх "дзiпутатаў" пашырылi новы, яшчэ больш строгi загад, у якiм гаварылася, што без дазволу дзяржавы нельга было для свайго ўжытку забiваць нiякага "пагалоўся". Неўзабаве зьявiўся наказ пра неадкладную пастаўку мяса дзяржаве i ў лiк таго мяса трапiў другi доктараў парсюк. Як там мела быць далей, хто там ведаў. Цяпер-жа, галоўна дзякуючы доктаравай iнiцыятыве, на калядных сталах была забясьпечана скаромiна.
   Паволi i ўрачыста месьцiўся ў далiне калядны вечар. Перад зьмярканьнем суняўся на Гараватцы дзiцячы гоман, лагодна млела на захадзе чырвонае зарава й пажвавела празрыстым блескам буйная Мiлавiца. Маестатычна-цiха драмаў пад расьцьвiўшымi тысячамi зорак нябесным купалам гiгант Архiп. Сьцiхла гамонка ля гумнаў i гасподаў.
   У Бахмачовай хаце на зэдлiку напокуцi пад абразамi разьмясьцiлася малая ялiнка. Яшчэ перад полуднем прынёс яе, хлесткую й сьвежа-пахучую прыгажуню з Гаравацкай пушчы Янук. Прыладзiў на крыжы-падстаўцы, адсунуў з кута стол, паставiў на зэдлiку й аздобiў тымi папяровымi, у бальшынi самаробнымi анёлкамi й ланцугамi, дзедам Марозам ды зоркамi, што захавалiся ў скрынi на гарышчы зь леташнiх Каляд. Ня было сёлета анi матар'ялу, анi часу майстраваць новыя аздобы. Ялiнка адтаяла й ажыла прыемна казычачым нос пахам. Пад вечар пах гэты дапоўнiўся араматам сьвежага балотнага сена, якiм заслалi стол ды розных страваў, што запрашальна-прывабна разьмясьцiлiся на абшырным абрусе, некалi дбайна вытканым i прыгожымi ўзорамi вышытымi рукамi нябожчыцы Алены.
   Пасярод на самым пачэсным месцы, у невялiкай глiнянай мiсцы, згатаваная зь ячных крупаў, прыпраўленая тоўчаным макам i мёдам, стаяла куцьця. На талерцы, абложаная роўненькiмi скрылькамi цыбулi, залiтая семенным алеем ляжалi парэзаныя два селядцы, каторыя нейкiм дзiвам удалося Пракопу праз заднiя дзьверы выгандляваць у гацкага крамнiка. У iншых мiсках i на талерках - марынаваныя грыбы, журавiнны кiсель, вiнiгрэт, гуркi, халодная вараная бульба, хлеб, а ў гладышы - жытнi квас. Навет i посуд - талеркi, вiдэльцы й сталовыя нажы, - трымалi недзе ў скрынi i ўжывалi адно на вялiкiя сьвяты. Сьвяточны стол выглядаў-бы куды больш сьцiплым, калi-б не парады й помач Алесявых Надзi й Кацярыны. Нi сам Пракоп, нi Мiкола надта не ладзiлi з тонкасьцямi харчовага рыхтаваньня.
   - Тата, а як са сьвятлом будзiць? - пытаўся бацьку Янук.
   Пракоп апранаўся ў сьвяточнае. Ён падумаў.
   - Зьбегай, сынок, у сьвiран i там з куфра дастань сьвечку, знаiш з тых, што са свайго воску рабiлi.
   Янук скрыпнуў дзьвярмi. Неўзабаве ў медзяным падсьвечнiку, побач куцьцi вясёлым полымем згарэлася высокая, таўставатая сьвечка.
   - Запалi таксам на покуцi лямпадку, - загадаў бацька.
   Скончыўшы падрыхтовы, урачыста й паволi, як i належыцца ў сьвяты вечар, селi за стол Бахмачы. Пракоп зiрнуў на месца, дзе ранейшымi гадамi сядзела ягоная жыцьцёвая спадарожнiца.
   - Перш памолiмся, - сказаў бацька.
   Усе ўсталi, тварамi да абразоў, перахрысьцiлiся.
   - Госпадзi, Божа наш, адзiн Уладар, што на небе й на зямлi, - пачаў роўным i пакорлiвым голасам бацька, - вялiкi ёсьць дзень прыходу да нас Сына Твайго Мiлага, Адзiнароднага, каторага зь вялiкай ласкi Тваей i мiласьцi да нас паслаў Ты, каб Ён навучаў нас, цярпеў за нас, паказаў нам дарогу як збавiцца грахоў. Увасобiўся Твой улюблёны Сын у цела чалавечае, нарадзiўшыся ад Дзевы Марыi ў гэту ноч у Вiфлiеме... I вялiкая Твая ласка й любоў да нас, Госпадзi Божа, калi Ты, сатварыўшы нас на вобраз свой, выправiў Сына свайго Iсуса на зямлю, катораму даручыў паказаць нам Твае законы, каб мы, малыя й грэшныя з дарогi ня зьбiлiся. I Сын Твой, Божа наш, нi прыйшоў да нас у багацьцi вялiкiм, а як бедны сярод найбяднейшых.
   - Дзiва нiма, Ацец Нябесны, што калi людзi пазналi Вiфлiемскае Дзiцятка, што гэта той, пра каторага ад пачатку гаварылi прарокi, на зямлi вялiкая радасьць настала. Яшчо Ты, Госпадзi, паслаў зорку Вiфлiемскую, каб паказала дарогу тым, што народжанаму Сыну Твайму хацелi пакланiцца, а анёлам загадаў песьнямi прыход Бога на зямлю славiць. Мы, вялiкiя грэшнiкi, што можа нiдастойныя вялiкай ласкi Тваей. У гэты вечар пакланяемся Табе ў васобе Сына Твайго нованароджанага, будзем славiць Яго разам з анёламi Тваiмi й прасiць у Цябе, Божа наш, памiлаваць нас грэшных, памагчы нам у цяжкiм жыцьцi кажны дзень... Памiлуй нас, Госпадзi, Божа наш, памiлуй, Хрыстос нарадзiўся, славiм Яго, - хрысьцiлiся Бахмачы.
   Анi Янук, анi Мiкола ня чулi раней, каб бацька малiўся так проста й шчыра, сваймi словамi. Такой малiтвы ня чулi з вуснаў нiякiх сьвятароў у нiякiх мясцовых сьвятынях. Гэта стоячы, злажыўшы рукi, сыны пытальна перазiрнулiся. Нешта новае варушыла iх сэрцы. Бацькаў твар, зьвернуты да абразоў напокуцi, ажыў нейкай няведамай сiлай, што перахапiла яго празрыста-пакорны зрок. Пасьля, шмат пазьней, ужо зусiм у iншых абставiнах паўстане ў Януковым уяўленьнi велiчнай явай гэта бацькава постаць i гадаць будзе гаротны Бахмач пра сэнс многа чаго вiдавочнага, а мо больш яшчэ адно спанатронага, падсьведама тады адчутага.
   А бацька прадаўжаў:
   - Вялiкi, дужы й справядлiвы Хрыстос наш, каторага нарадзiны сягоньня сьвяткуем. Радуемся прыходу Твайму. Будзь добры выслухаць гэту простую, можа няўмелую, алi шчырую малiтву нашу. Нi гавару да цябе моднымi чужымi словамi, бо ня помню ўсiх тых малiтваў, каторыя ў цэрквах вучаць. Гавару, Госпадзi мой так, як умею й прашу мяне выслухаць.
   Пракопаў голас дрыжэў. Здавалася, што вось-вось абарвецца, засядзе дзесьцi ў сухiм горле.
   - Спачатку, Госпадзi, прашу даць вечны спакой i прыхiнуць у ласцы Тваей нябожчыцу нашу, гаротнiцу Алену. Калi памiнаю яе тутака за гэтым сталом, дзе толька можа трэба Твайму прыходу радавацца, дык гэта таму, што яшчо нi загаiлiся й надта баляць раны з таго лета. Паспагадай нам, Госпадзi, памiлуй яе, нашу дарагую й добрую, каторую чужы гвалтаўнiк на той сьвет паслаў...
   - Яшчо, Госпадзi, сягоньнiка народжаны Iсус Хрыстос, прашу даць здароўя сямейцы маей, каторая гэттака ля стала. Даруй нам грахi нашы, зрабi нас дужымi, дай нам руку Тваю, паддзержы нас, слабых, каторым так лёгка з дарогi зьбiцца можа найболi цяперака, як прыйшлi да нас тыя, што ганяць Цябе, навуку Тваю топчуць, абразы Твае б'юць, дамы малiтвы паскудзяць i зачыняюць. Прашу Цябе, Госпадзi Божа наш, выслухай гэтую прастую малiтву нашу, нi пакiдай, а паддзержы ўсю сямейку нашу...
   - Сьвятая Прадслава, Апрасiньня Полацкая, Нябесная Заступнiца наша, прашу Цябе, малiся за нас, крыўджаных i панiжаных, прасi ў Госпада Айца Нябеснага ласкаў i помачы для нас,. Як Ты некалi на зямлi памагала нам i заступалася за нас, так цяпер i на небе нi забывайся аб нас у малiтвах сваiх.
   - Яшчо, Госпадзi Божа, прашу паслаць сакавiты ўраджай на нiвы нашы, каб гумны поўныя дабра былi каб у хлявох прыплод вёўся i ў вагародах ды садох каб добра й спорна расло. Нiякая травiна на полi, нi рыба ў рэчцы, анi яблык на дрэве нi расьцець бяз волi Тваей, Госпадзi. Дык прашу Цябе, даруй нам грахi нашы, прыспор нам дабра ды дзяржы нас у ласцы й апецы сваей, Госпадзi. Божа няш, памiлуй нас, грэшных. Iсус Хрыстос, памiлуй нас. Нiхай сьвятло навукi Тваей вечна жывець мiж нас, каб жылi й працавалi мы так, як Ты нам загадаў. Благаславi, Госпадзi, гэту яду, што на стале. Слава Айцу й Сыну й Сьвятому Духу, амiнь.
   Перахрысьцiўшыся, Бахмачы селi. Колькi часiн маўчаў Пракоп, пасьля зiрнуў на сыноў i стравы на стале. Крыху пачало хлiпаць, а пасьля параўнела жоўтае полымя сьвечкi.
   Узялiся за куцьцю. Елi маўклiва. Пасьля куцьцi прыйшла чарга на селядцы, вiнiгрэт i iншае. Ужо недзе па чацьвертай страве загаварыў Янук:
   - Гэткага, прызнацца, тата, я яшчо нiколi ня чуў.
   - Чаго?
   - Такiх малiтваў.
   Накладаючы вiнiгрэт, бацька зiрнуў на сына.
   - Я кажу, тата, што нiколi ня чуў, каб хто так проста, як ты, малiўся. Ну знаiш... моляцца з кнiжак пацаркоўнаму, алi-ж нi от так проста панашаму, што толька свая галава выдумаiць. Нi праўда, Мiкола?
   - Я таксама нiколi такога ня чуў, - згадзiўся брат.
   Бацька спакойна перажваў- i глынуў ежу ў роце, выпiў квас i абцёр вусы, уважна зiрнуў на сыноў.
   - Знаеце што? Я нiколi, мусiць, нi расказваў вам гэтага... Як я некалi ў тым Пiтраградзе жыў, дык пазнаў аднаго чалавека нашага. Такi от сабе просты вясковы дзяцюк быў, там з-пад Полацку недзiка. От, значыцца, працаваў ён там на хвабрыцы, чытаць i пiсаць кумекаў трошка, алi ўжо ў тых яцях i iжыцах нi разьбiраўся саўсiм... Гэта, знаiця, пры цары такiя дзьве сьмешныя буквы былi, каторыя трэба было доўга вучыцца, каб ведаць дзе iх паставiць, а дзе няможна. Ну я нейкi-ж там пiсар быў, хоць i нiвялiкi, дык тыя яцi й iжыцы знаў. Ну алi я нi пра iх, а пра дзяцюка гэтага...
   - Значыцца, жыў ён нi так далёка ад мяне й мы, бывала, у тэй самай царкве калi спаткаемся. Адзiн раз гэтак стаю я ў царкве, людзей кругом поўна ну й значыцца гляджу, - збоку лi мяне гэты самы Полацкi. А стаю блiзка лi яго i от чую, што молiцца. Тамака-ж, вядома, хор недзе высака на клiрасе пяець, сьвяшчэньнiк сваё, а дзяк - сваё, а гэты, - чую яго збоку, - молiцца. Ну людзi моляцца. Што-ж там, сказаць, спiцыяльнага, што хто ў царкве молiцца? На тое-ж яна i ёсьць царквой, каб у ей малiлiся людзi. Ды нешта мне на вуха папала, што гэты нi так тыя малiтвы кажыць, як другiя...
   - Бярыце во, нальiвайце, запiвайце квасам, - паказаў Пракоп сыном на гладыш. Мiкола ўзяўся налiваць квас.
   - Надта-ж смачны, такi сьвежанькi, дзякуй Богу, удаўся, - паясьнiў Бахмач.
   - Ну й што далей? - пытаўся Янук.
   - Што далей, значыцца, пытаешся... От наставiў я тады вуха й чую, што гэты Полацкi цярэбiць сабе пад нос во гэткай гаворкай як мы тутака, нi раўнуючы, мiж сабой... Ён гэта ня тое, каб выпiнаўся, каб каторыя людзi чулi, ну алi-ж я гэттака саўсiм збоку лi яго, дык добра чую... Я калi спанатрыў, што гэты дзяцюк простай гаворкай сабе пад носам, дык падумаў, от добра гэта помню, каб з гэтага месца нi зышоў, калi нiпраўду кажу, - што можа ён от так сабе што якое ды ў царкве вярзець. Ажно чую, што не, гэта ён так да Бога гаворыць. I пабажуся, што ня тое, каб ён патрапляў тым напiсанным i кнiгах малiтвам, алi што са сваей галавы выдумаiць. Трэба прызнаць, што надта-ж складна ў яго выхадзiла. Я гэта, - як вам сказаць? ня тое, каб зьнiякавеў, цi што, алi от, думаю сабе, а гэта што за дзiва такое... Гэта я спачатку так трошачкi падумаў. Мне тады ўжо, трэба вам ведаць, дзесьцi пад дваццаць пятку падбiралася, нi маленькi ўжо значыцца, сёе-тое ў жыцьцi я ўжо вiдiзiў. Алi-ж, прызнаюся шчыра, - нiхай мне нованароджаны Хрыстос будзiць сьветкай, нiколi ў галаву нi прышло, што можна сваей простай гаворкай i так пасвоему, як умеiш, да Бога малiцца. Калi чалавек аб гэтым калi думаў, дык мусiць здавалася, што малiтвы ўлажылi людзi мудрыя, у Бога дастойныя, ну й яны сваё дзела зналi. Чалавек проста браў малiтоўнiк, цi можа якую малiтву калi ў школе вызубрыў, ну й малiўся. Нiколi ў галаву нi прыходзiла, што можна накш рабiць. Тады-ж, у гэнай царкве, збоку ля гэтага чалавека стоячы, я пачаў думаць. Скажу шчыра: спачатку сьмешным гэта здалося, ято ён рабiў, алi калi задумаўся далей, дык i не.