- Сам-жа знаiш, пэўня, дык навошта пытаешся, - адказаў.
   Пракоп пацiснуў плячмi.
   - Цэлае лета пацеў сам i унь сыны на тэй лiпавiцкай дзялцы. Дзякуй Богу, урадзiла.Ды каб аддаў усё-ўсенькае на тыя налогi й кулi, i нейкiя чортам выдуманыя лiшкi дык i то нi хапiла-бы. Ну што-ж... Нiхай во гэту астатнюю кашулю з плячэй зьдзiраюць! - шорстка выказаўся Пракоп.
   - Дык вiдзiш, панiмаiш, пра астатнюю кашулю пачынаiш, - стрымана пачаў Сабакевiч. - А цi ты спрасiў сябе, зачэм яна, твая кашуля якому чорту нужна? Я табе раньша гаварыў i цяперака гавару й паўтараю: ня будзь ты мудрэй усiх мудрых. Прыйшла новая ўласьць, новы парадак, каторага многiя нi панiмаюць. От у чом дзела, панiнаiш? Новая ўласьць гэта i ёсьць уласьць народу. Стала быць для таго, штоб народ васпользаваўся ўсiмi вазможнасьцямi новай жызьнi, нужна i дажа савершэнна нiабхадзiцельна, штоб нiхто нi сапрацiўляўся новым законам i парадкам. Так от, - гэтта Сабакевiч падыйшоў i затрымаўся пры канцы стала, - есьлi сказана, што, калхозы гэта - вышшая сьцепень сацыялiсьцiчаскай сельскахазяйственнай благадацi, значыць так i ёсьць. Стала быць, чым скорша ў калхозы цем лутша...
   Гэтта замахнулася Косьцiкава рука, хацела, мусiць, па стале на падмацаваньне довадаў пра калгасы стукнуць, але спынiлася на паўдарозе. Рух гэнай рукi прынёс Пракопу мiнулую зьяву. Гэта-ж яна, тая самая, што ў iкону Сьцятой Апрасiньнi шклянкай самагонкi папусьцiла. Болем перацяўся Пракопаў твар.
   - Скажы, чаго ад мяне хочаш? - уськiпеў Бахмач. - Мне й так цяжка. Чаму спакою нi даеш?
   - Тота-ж то! - усклiкнуў Косьцiк. - Памагчы хачу.
   - Ты? Мне памагчы?
   - Ну да.
   У хаце запанавала доўгае маўчаньне. Бацька й сыны пераглянулiся.
   - То есьць... штоб я табе памог, ты далжон памагчы мне, - фiнальным тонам паясьнiў Сабакевiч.
   Здагадка распрамянiла Пракопаў твар. Вось чаму прыйшоў у хату гэты гэты гарлапан. Нешта новае заплянаваў. Асьцярожненька трэба.
   - Саўсiм нiясна мне, што ты мне можаш дапамагчы й што я табе, - сказаў Пракоп.
   - Так от паслухай. - Гэтак Косьцiк сеў ля стала зусiм насупраць Пракопа. - Ты, Пракоп, ёсьць харошы й чэсны чалавек, добры хазяiн. Да цябе ў дзярэўнi многа хто прыслухоўваецца, прыглiдаiцца. Гэта, што я табе раней пад п'яную руку казаў, забудзься. Ты чалавек чэсны й трудалюбiвы. От штоб гэта дзела калхозу зь места зьдзьвiнуць нада штоб такiя, як ты, людзi першыя за новым парадкам пашлi. Панiмаеш? Цябе многа хто слухаiць, от пачаму...
   Пракоп проста пазiраў у шэрыя вочы й ня мог распазнаць хвальшу там, дзе мiльгаў хiтранькi сьветлячок.
   - Гэта значыцца ты хочаш, каб я пачаў памагаць табе людзей у калхозы агiтаваць? - вельмi цiха спытаў Бахмач.
   - Да нет, якая там агiтацыя, - выразна зьмякчэў Ромкаў гаспадар. - От есьлi-б слова закiнуў цi ў бяседзе, цi як там... Панiмаiш? Штоб ня толька процiў ня быў, ну штоб словам дзе падзьдзяржаў. Я нi прашу, штоб па хатах агiтаваць хадзiў. Гэта дзела вашых акцiвiстаў, от как...
   Пракоп сядзеў аблакацiўшыся на стол. Цяпер адхiлiўся назад, зiрнуў на сыноў i Сабакевiча. Ваганьне ягонае было зусiм вiдавочнае.
   - Як сам ты гаварыў, што людзi марудзяць, - цягнуў далей Косьцiк, - дык можаш i ты памарудзiць. Можаш сiчас атвета мне нi даваць. Я абажду. Но падумай, пажаласта. А есьлi сiчас якiя вапросы яшчо маiш, так даёш...
   - Вапросы, дапросы, спросы, пiрапросы, - гавэньдзiў пад вус Пракоп. Нi тое, нi гэтае. Падумаць падумаю, чаму-ж нi падумаць, - павесялеў Бахмач з той прычыны, што нейкая разьвязка ёсьць i Сабакевiч насядаць перастане. Так значыць, гэта самае... падумаю...
   Бахмач устаў ад стала й разам падняўся Косьцiк.
   - Ну а скажы, калi ўжо мне так давяраеш, колькi-ж у Лiтоўцах так на першую руку ў калхоз запiсалася-б, цяперака занчыцца, от адразу, пацiкавiўся Пракоп.
   - Нi магу табе сiчас на гэты вапрос атвецiць. Ну так пажалуй... уся камбедната ды яшчо пару. Прызнаюсь, нi знаю. Ну пака, - махнуў вяла рукой Косьцiк, - зайдуся другiм разам.
   На такое разьвiтаньне Пракоп нiчога не адказаў i доўга яшчэ стаяў пасярод хаты пасьля таго, як зачынiлiся за Косьцiкам дзьверы.
   - Што думаеш, тата? - спытаў Янук.
   - Ды от чуеш, што басяк выдумаў. Прыйшоў, бязьмен, мяне проста ў вочы хвалiць i сулiць, каб я яму памагаў. Значыцца, ён мне паможыць. Так, як раней, мусiць... Каб табе бокам такая помач вылiзла!
   38
   Здавалася, што ён не гаварыў, а выдушваў словы з поўных круглых вуснаў з-пад гарбатага носу. Дзiўна сьцiскалiся пуцатыя шчокi. Чалавек нахiляўся над сталом, выпiнаў грудзi, махаў рукамi. Праз табачны дым людзi сачылi гэтага дзiвака, слухалi чмялiнае бубненьне. Пры гэтым напiнаньнi языка й шчок хваляваўся круглы жывот, звужалiся рудыя вочы. I яшчэ адно дзiва: чалавек гаварыў пабеларуску. Мова з-пад гарбатага носу плыла з намаганьням, прыдушаная, якраз такая, якой мог гаварыць чужынец, для каторага гаворка была казной-прымусам. I стваралася яшчэ ўражаньне, што гаварыў ужо многа раз паўтаранае, шаблённае.
   Прадставiў яго Косьцiк Сабакевiч як "прысутствуюшчага з раёну таварышча Цiмермана, каторы раскажыць нам аб калхозах i другое..." Надта-ж, мусiць, карцiла Сабакевiчу калгасную справу зь мёртвага пункту зрушыць, дый першым штуршком меў-бы, вiдаць, быць калгас у родных Лiтоўцах.
   Косьцiкавы й Лявонавы вiзыты й нагаворы па хатах сабралi ў школьную залю амаль усю вёску, навет дзеда Якуба нейкiм чынам падлабунiлi. Цяпер-жа стары, зморшчаны чашчавiк драмаў пад чмялiнае бубненьне агiтатара Цiмермана. Галава дзедава хiлiлася набок i адно сын Васiль, збоку седзячы, лагодным штуршком вяртаў бацьку на тэрыторыю ўрачыстага сходу.
   - Такiм чынам паказчыкi сельскай гаспадаркi дзяржавы, - гаварыў Цiмерман, - даказалi перавагу калгаснай сiстэмы над прыватнай сiстэмай, ды вялiкую мудрасьць генiяльнага таварышча Сталiна.
   Янук зьявiўся неўзабаве пасьля пачатку. Як вялiзная гара, вушак уваходных дзьвярэй падпёр Любiн дзевер Мiхалюк. Нясло ад яго потам, гноем i карашкамi. Кастлявая рука нязграбна трымала "казiную ножку", сьлiнькаватыя вусны смакталi цыбук i роўнымi кружкамi пускалi сiнi дымок. Мiхалюк пазiраў то пераз плячо ў сенi, то ў залю, быццам на старожы стаяў.
   - Процiў мерапрыемстваў пяцiгодкi, калi пад рукаводзтвам таварышча Сталiна й роднай камунiстычнай партыi наша сацыялiстычная краiна ступiла на парог сьветлай будучынi, выступiла чорная рэакцыя, значыцца недабiтая буржуазная дробязь, рэлiгiйныя мракабесы, кулакi й падкулачнiкi, усякая другая контра. Працэс калектывiзацыi, такiм дзелам, меў масу прэ... перашкодаў.
   Пры сьцяне, мiж жанчын сядзела Вульляна. Хусьцiнка на лоб апаўзла, безнадзейнасьць вызiрала з апалых глыбака ў паморшчаны твар вачэй. Так i не вярнулi сыноў-галубкоў ейных. Ягодка-Аўдоля трымала стратэгiчную пазыцыю ля вакна з правага боку побач шырокай i грудзiстай Брунiськавай Мальвiны. Пасьля таго няўдалага падарку крамлёўскiм валадаром i вiзыты ў гацкiм НКВД не ўляглiся яшчэ нелады з Аксеняй. Шаўцова шчабятуха цяпер свайго Пiлiпа трымалася.
   - Але наша родная камунiстычная партыя, на чале зь вялiкiм правадыром працоўных усяго мiра таварышчам Сталiнам, наперад разаблачыла гнюсныя планы ворагаў сацыялiстычнага сельскагаспадарчага будаўнiцтва й разьбiла iх у пух i прах! Адтуль пачалося пераможнае шэсьце калгаснай сiстэмы...
   Пазiраючы на Цiмермана, шапталiся й хiхiкалi Дуня з Клавай. Прыгнечаны, змораны, быццам яго хто з крыжа зьняў, лiпеў ля Пракопа стары Сявенька. Асунуўся апошнiмi часамi. Вандравала па вёсцы плётка, быццам Косьцiк цяпер зь Сявеньчыхай сьпiць i старога на ўвагу не бярэ.
   Цiмерман, мусiць, ня быў вайсковым, бо зьявiўся ўшэрым цывiльным адзеньнi. Калi яму й жылося сытна й добра, дык па вопратцы не згадаеш. Была шэрая яна, як цяпер ўсё шэрым сталася.
   Глядзячы на сумныя твары, Янук блудзiў уяўленьнем, разважаў. Што гэтта найбольш вочы й вушы рэзала? З аднаго боку цякла душаная мова бальшавiцкага прапагандысты, з другога - людзi з такiм прыгнечаным выглядам, быццам iх хто на могiльнiк меў зараз валачы.
   Усплылi ва ўяве вобразы "герояў" зь "Лiнii Манергейма", фiльму, што кагадзе ў лiпавiцкай пунi бачыў. Як-жа ёмка там "доблiсная" Фiнаў лупцавала, пакуль да Выбаргу дабралася! "Гнюсныя Фiны" прост-напраст бяз портак ад "няпераможнай" джгалi. А як запраўды было?
   Тыя, што былi на гэнай вайне й каторым удалося дахаты вярнуцца, апавядалi шэптам, пераз плячо аглядаючыся, ды з жахам у голасе. Так упсяюрылi Фiны "непабядзiмай", што й самому ледзянавокаму крамлёўскаму дыктатару сон з павекаў сагнала. Жарцiкi табе! Жменечка тых Фiнаў, а так засупонiлi! Насамперш усю афiцэрню бальшавiцкую, што на белым сьнезе ў чорнай вопратцы, як на паказ, ваявала, Фiны кулямi пералiчылi. Пасьля-ж "пушачным мясам" паласавацца захацелi. А ў гэным фiльме такiя яны, браце, героюшкi, што аж тая бравая "гармошка" з захапленьня не ўтаймуецца. Басота нячыстая, галеча бязбожная! Як у Сьвятым Эвангельлi сказана: з бруднай крынiцы адно бруднае пацячэ...
   I Жыд гэты плявузгае, як шарманка накручаная. Лухта. Панскай зямлёй надзялiлi: наце, налятайце, цешцеся. Людзi аджылi, узмужнелi, некаторыя навет радасьць песьнi прыгадалi. Аж пакуль увесь плён цяжкое працы гэнай ненажэрнай дзяржаве ўвавулiць загадалi. I вядзе далей уява: Косьцiк перад пабiтай iконай, прыгнечаны Сявенька-Амэрыканец, Захарук перад "прэмiяй" на стале, зьбiты бацька зь Перасечана, нямоглае жарабя, барадаты бязбожнiк у школе й чамусьцi Якаўлеў са сваей цудоўнай беларускай мовай...
   Як тут разабрацца? На якую мерку мерыць? Моташна, дыханьне забiрае. Трэба выйсьцi. Няхай там ззаду чмель гудзе. Янук працiснуўся да дзьвярэй.
   - А сiчас, пасьля дакладу таварыша Цiмермана, цi ёсьць якiя вапросы? устаў Сабакевiч.
   Людзi пазiралi адзiн на аднаго, пазяхалi. Падняўся Захарук.
   - Вы, дзядзька, маеце якi вапрос? - спытаў Косьцiк.
   Захарук стаяў з краю, ля самага праходу. Быццам наўмысна марудзячы, ён кiнуў недакурак самакруткi пад ногi, плюнуў на яго й растаптаў лапцем, азiрнуўся на бакi. Правы рыжы вус вiсеў нiжй левага й гэта давала Захаруку шорсткi выгляд.
   - Чаму-ж не, казаў той, каб ня меў...
   Уласьнiк бадзёрага гнядога конiка, ударнiк, узнагароджаны за вываз лесу зь Перасечана азiрнуўся па бакох, падкруцiў правы вус уверх.
   - Гэта-ж я хацеў пра каня спытаць, калi сам ты, цi гэты таварышч што можыць сказаць... Дык я хачу ведаць як гэта ў калхозя бiз свайго каня быць? Конi-ж заберуць, цi не?
   Косьцiк вагаўся, пазiраў на Цiмермана.
   - Конi ў калгасе належаць калгасьнiкам. Значыцца, калi вы ў калгасе, дык яны й да вас належаць, - упэўнена адказаў Цiмерман.
   Усе Лiтоўцы ведалi Захаруковы конскiя iнтарэсы. Некаторыя яго цыганом называлi. У iншых, здавалася, лепшае масьцi конi вадзiлiся. Дзядзька-ж Захарук на конi, мусiць, спецыяльныя рукi меў. Глядзiш, здаецца, нядошлага якога прыдбаў. Калi-ж паходзiць ля яго, дагледзiць, дык той першаму й дзясятаму ня ўступiць.
   - Значыцца тады, як вы, таварышч, кажаце, калi кахозныя конi нашы, дык тады можна каторага запрэгчы калi захочаш? - паправiў цяпер ужо левы вус Захарук.
   Цiмерман устаў.
   - Як гэта запрэгчы? Паясьнiце.
   - Ну значыцца, надта проста: калi каторы мне на што трэба дык пашоў i запрог, - бойка адказаў Захарук. Рука ягоная палезла ў правую кiшэню вынашанага кажушка, дастала адтуль скураны капшук. Захарук паволi адвязаў матузок, выцягнуў зложаную газэту, ды пачаў адрываць кавалак на самакрутку. Цэлы час Цiмермана з вока ня спускаў.
   - Калi вам няясная такая драбнiца, дык я зараз паясьню, - пачаў Цiмерман, надзiмаючы шчокi i жывот, як iндык. - Калгас - гэта ёсьць зямля, людзi i iнвентар, у тым лiку й конi. Як агульная гаспадарка, яна мае дбаць аб агульным дабры. Значыцца, пагэтаму старшыня калгаса глядзiць за ўсiмi мерапрыемствамi для карысьцi ўсiх членаў калгаса.
   Сам задаволены з такога адказу, Цiмерман сеў. Але стаяў i спакойна насыпаў з капшука табаку ў кавалак газэты Захарук. Ён языком пасьлiнiў адзiн беражок паперы, залажыў яго на другi й пагладзiў пальцамi. Увага ўсей залi цяпер сканцэнтравалася на Захруковай самакрутцы, бо ведалi пранырлiвасьць конскага гандляра.
   - Ну дык як тады з канём? - спытаў наўмысна паволi рыжавусы дзядзька.
   Цiмерман зь няўцямнасьцю зiрнуў на Захарука.
   - Я-ж вам сказаў!
   - Вы мне нi сказалi! - горача запярэчыў Захарук. - Вы гаварылi аб агульным дабры i ўспомнiлi, што ўсiм загадваiць старшыня калхозу. Дык я тады магу пайсьцi i ўзяць каторага хачу каня й запрэгчы, цi не?
   - Ня можаце! - войстра адказаў Жыд.
   - Чаму не?
   - А таму, што конь нi ваш.
   - Дык як-жа гэта так? Вы-ж во цяперака, - от нiхай мне Бог i ўсе гэтыя добрыя людзi будуць сьведкамi, - цяперака казалi, што конi нашы, - напiраў селянiн.
   - Ну так, яны то вашы, занчыцца калгасныя, а там iмi i гаспадаркай загадвае старшыня, каторага вы выбярэце. От вас выбяруць старшынёй, дык вы будзеце загадваць.
   - Значыцца, павашаму выходзiць, што конi нашы й ня нашы. Дык, каб запрэгчы свайго каня, я мушу йсьцi да старшынi й яго ласкi прасiць? насядаў Захарук.
   - Дазвольце спытацца: па якой патрэбе запрэгчы?
   Гэта выглядала на кручок. Захарук падумаў.
   - Для сваей патрэбы.
   - Нi калгаснай?
   - Як гэта? Ды не. От я захачу, скажам, у Гацi чаго паехаць на сваiм гнядым. Дык як?
   - Старшыню трэба пытацца, - суха адказаў агiтатар.
   - От яно як. Адразу так сказаў-бы. Нейкi чорт забярэць ад цябе твайго каня, а ты йдзi яго чартоўскай ласкi прасi, можа яшчэ ягоныя рукi цалуй, няведама як пакланяйся, каб табе свайго каня даў... Цьфу!
   Спорны плявок упаў побач раней растоптанага недакурка, а Захарук сеў. На залi пачуўся сьмех. Наступiла агульнае адпружаньне. Устаў Косьцiк.
   - Здаецца мне, - пачаў ён, - што наш дзядзька Захарук зь яснага нiяснае зрабiў. Самi ведаеце, што ў каждай гаспадарцы трэба парадак. Так i ў калхозя. Панiмаiця? Каб гэта кажды пачаў якога хочыць каня запрагаць, цi рабiць што яму самому ўздумаецца, дык дзе тады парадак? Панiмаiця вы, цi не?
   - Цi ёсьць яшчэ якiя пытаньнi? - зьвярнуўся да прысутных Цiмерман.
   Пытаньнi пра гэтак званыя працаднi, падаткi ды прыватную маёмасьць забралi шмат часу. Цiмерман спасьцярог, што i ў гэтай вёсцы ня знойдзеш на шляху ў кагас таго энтузiязму й вялiкага ўздыму, пра каторыя вечна плявузгаюць партыйныя газэты. Як i ўсюды раней, перад iм былi завязаныя языкi, вочы бяз блеску радасьцi, твары бяз жыцьця. I Цiмерманаў зрок затрымаўся на сiвенькiм, зморшчаным чашчавiку, што драмаў побач мажнага мужчыны збоку.
   - Калi вы ня маеце да мяне больш пытаньняў, дык я тады да вас маю, урачыста заявiў Цiмерман.
   Вочы грамады цяпер яшчэ ўважней сачылi Жыда.
   - От вы, грамадзянiн, як ваша празьвiшча й па бацьку? - зьвярнуўся агiтатар да дзеда Якуба.
   - Тата, гэта ён да цябе, - зварухнуў лiтоўскага патрыярха Васiль.
   - Га? Што? - паволi адчынiў вочы дзед. - Каб яго макарэц, цi нi задрамаў во...
   - Вы, грамадзянiн, будзьце ласкавы, - пачаў Цiмерман яшчэ лагадней, як вас зваць?
   - Мяне гэта? - упэўнiўся дзед.
   - Так, вас.
   - Усе завуць мяне дзедам Якубам.
   - Добра, Якаў значыцца?
   - Ды якi там Якаў, каб яго макарэц! Кажу-ж, Якуб!
   - Ну няхай, - сказаў Цiмерман. - Колькi вам гадоў будзе?
   Дзед зiрнуў на сабраных, усьмiхнуўся.
   - Дзеткам кажу, што ўжо капы са дзьве перавалiла, а так папраўдзе, мусiць даўно за сотню пайшло. Самi-ж вiдзiце, што нiмалады.
   - Ну та, гэта вiдаць, - згадзiўся Жыд. - Вы, мусiць, за свой век многа чаго цiкавага перажылi. Так, цi не?
   - Чаму-ж не... Многа, браток, многа перажыў, - згадзiўся Якуб.
   - Можа й прыгон помнiце?
   - Ага, помню й прыгон, каб яго макарэц спапялiў. Помню, яшчо як помню...
   - Вы мелi зямлю сваю, цi батрачылi?
   - Яно на маiм даўгiм вяку ўсяк было, каб яго макарэц. Была й зiмля, была й бiзьзямелiца...
   - А вы задаволены, што савецкая ўлада вас вызвалiла? - прадаўжаў Цiмерман.
   Сход слухаў зь вялiкай цiкавасьцю.
   - Ад чаго гэта, кажаце, вызвалiлi? - спытаў жвавей.
   - Гэта што? Вы ня чулi? - усхапiўся Цiмерман, устаючы. - Ад памешчыкаў, паноў, экспуататараў, белапалякаў, ад тых, што з працы вашых рук жылi. Гэта што такое? Дзе вы былi? Таварыш Бурак, гэта што, у вашай вёсцы нiякай агiтацыi не праводзiцца? Нiхто людзям не паясьнiў аб тых вялiкiх дабрадзействах, якiя прынесла савецкая ўлада?
   Зьбянтэжаны Сабакевiч пачырванеў, нiякавата пазiраў то на раённага агiтатара, то на сабраных.
   - Чаму-ж не. Агiтацыя праводзiцца, разьясьнялi цэлы час i я сам сьцежкi пратаптаў ад вугла да вугла...
   Цiмерман зноў сеў, заклапочана пазiраў на дзеда Якуба. У залi пачалiся шэпты. Косьцiк устаў i зьвярнуўся да дзеда Якуба:
   - Я нi знаю, дзед Якуб, чаму ты так гаворыш. Цi ты гэта наўмысна, цi зьдзiцянеў?
   Заля ацiхла. Косьцiк затрымаўся, набраў сьмеласьцi й прадаўжаў.
   - Ты кажаш, што помнiш прыгон, многа сьвету вiдзiў, знаеш добра што было, як цяжка людзям было жыць пад нянавiсным царызмам i пад белапанскiм iгам. Знаiш як былi народ закабалiлi. Цяперака вiдзiш, што савецкая ўласьць усiм зямлю дала, асвабадзiла ўсiх ад прыгнёту, што прыйшло вялiкае шчасьце пад сонцам сталiнскай канстытуцыi. Можа табе болi, як каму вiдаць, як цяжка было людзям жыць i якое вялiкае шчасьце прышло. Можа табе самому трэба было-б пра гэта ўсё людзям у вушы ўводзiць... Дык ты што? Прыкiдваешся, што ня вiдзiш што сталася? Панiмаiш?
   Косьцiк змоўк, але стаяў, быццам чакаў на дзедаву рэакцыю.
   - От маладзец ты, Косьцiк, - сказаў дзед шорстка. - Добра во ты мне ўсё расказаў. Цэлае во жыцьцё, каб яго макарэц спапялiў, я сьляпым быў, а цяперака ты мне вочы адкрыў. Помню твайго дзеда ў пялёнках i ўсю радню тваю помню. I скажу табе адно, сынок: як сьвет сьветам, дык нiкога ў сям'i й раднi тваей такога разумнага нi было, як ты ўдаўся. Вырас, разумнiк, уздужэў так, што свайго роднага бацьку за горла схапiў. Маладзец, цаца зь цябе ого якая! Для цябе нiма нi бацькi, нi Бога, ты, мусiць, думаеш, штiо ты сам ёсьць бог. Ну што-ж... ведала вунь цэлая вёска, што ты сабак зводзiць умееш, нiякаму, каб цябе макарэц, сабаку праходу нi даваў. А цяперака во за людзей узяўся. Сын сабачы. Цьфу!
   Паднечаны й злосны, дзед Якуб азiрнуўся.
   - Iдзем, Васiль, дамоў, нiма тут чаго слухаць, - сказаў сыну.
   У залi падняўся гоман.
   - Ты вiдзiш во яго! Зьдзiцянеў стары! - тросься Косьцiк, калi Васiль, падтрымлiваючы бацьку, кiраваўся да дзьвярэй.
   - Я-ж цябе, такую тваю!
   - Ты мне нi пагражай! - адвярнуўся дзед. - Пацалуй ты мне, старому калеку, знаеш у што... Я пражыў сваё, а ты яшчэ не. От пра сябе падумай, чалавекам будзь, калi можаш. Хадзi, Васiль!
   39
   Каля паўдня ў сыботу Янiк пачуў звон шорхавак з таго боку ад бальшака. Ля Кмiтавай хаты спынiлася санная брычка, людзi нешта распытвалi Аўдолю. Неўзабаве брычка рушыла й хутка зблiжалася. Добра дагледжаны буланы конь гуляючы ступаў па ўтоптанай дарозе. Дзяцюк, што сядзеў сьпераду на казьле, нацягнуў лейцы й голасна спынiў каня перад Бахмачовай хатай.
   На сядзеньнi зь левага боку, апранутае ў чорнае сукно, развалiўся цёмны, даўганосы юнак гадоў пад сямнаццаць, побач яго - круглатварая сярэдняга веку жанчына ў падношаным пальце з футраным каўняром i вялiкай, белай, ваўнянай, махрысткай хусткай на галаве. З правага боку сядзеў мажны, у чорным чыгуначным адзеньнi, зь дзьвюмя чырвонаымi шпаламi на каўняры мужчына ў футранай шапцы. Калi-б навет i тых шпалаў ня было. Янук дадумаўся-б, што гэтыя людзi "адтуль". Штосьцi было ў iх выглядзе й вопратцы. Янук ня ўсьпеў iм добра прыглядзецца, як мужчына спытаў яго парасейску:
   - Скажы, калi ласка, малады чалавек, цi тут Пракоп Бахмач жыве?
   Янук рот разявiў. Адкуль гэты вялiкi ўраднiк, - абы хто-ж не насiў шпалаў чыгуначнiка на каўняры, - ведаў iмя й прозьвiшча бацькi?
   - Так, тут, - адказаў Янук.
   - А ты, малады чалавек, можа сын ягоны?
   - Так, Пракоп Бахмач гэта мой тата. Зараз пазаву.
   Янук шмыгнуў на ганак i ў хату. Посьпех быў лiшнi. Ледзь ня стукнуў бацьку ў лоб у цемнаватых сенцах.
   - Стой, куды цябе гонiць?
   - Тата, чалавек пра цябе распытваў... нейкi савецкi й цябе знаiць.
   - Так? Вiдзiў iх праз вакно. Няўжо-ж гэта Хвёдар?
   Шырака адчынiлiся пярэднiя дзьверы. Уважна прыглядаючыся, Пракоп паволi крочыў да брычкi. Чыгуначнiк вылез, затрымаўся, прыглядаўся Пракопу.
   - Пракоп, няўжо-ж гэта ты?
   - Хвёдар?
   Доўга трымалiся ў вабдымках.
   - Браток мой любы, якая радасьць, якое шчасьце, нiколi сьнiць ня сьнiў! - захапляўся Хвёдар сустрэчай, цалуючы брата.
   - Хвёдар, ты як з таго сьвету. Бог нi бязь мiласьцi, мусiць.
   - Ну як жывеш? - пытаўся госьць.
   - Пагаворым. Алi-ж, браток даражэнькi, ну нi пазнаў-бы я цябе, каб дзе от так на дарозе спаткаў цi што. Так многа часу сплыло, Божа мой! - гаварыў паднечаны Пракоп i бязрадна стаяў перад братам. - Ну дык чаму нi знаёмiш? Ды прашу, заходзьце ў хату.
   - Будзь ласкавы, гэта мая жонка Марыя Iванаўна, а гэта - сын Уладзiмер.
   Пракоп пацiснуў вялую руку Марыi Iванаўны й патрос пляменьнiкаву.
   - А гэта мой сын Янук, - паказаў на хлопца.
   - Мы ўжо раней пазнаёмiлiся.
   - Ах, якое шчасьце, якi Бог мiласьцiвы! Гэта-ж падумаць, падумаць толька! - ня сунiмаўся Пракоп. - Мы цэлы час думалi, што на вайне ты прапаў. Але пра гэта пасьля. Заходзьце, калi ласка ў хату.
   Госьцi стаялi.
   - Ах даруйце, - агледзеўся Бахмач. - Гэта-ж нi падумаў саўсiм, бо галава дурная з той нiспадзеўкi. Адкуль вы прыехалi й адкуль ваш хурман?
   - Са станцыi Гацi.
   - Хурмана адпусьцiце, а я сам адвязу вас куды трэба. Дык заходзьце ў хату, калi ласка.
   - Добра, - сказаў Хвёдар. - Слухай, дзяцюк малады, - зьвярнуўся ён да хурмана, - едзь назад. Нас прывязуць. Вялiкi табе дзякуй.
   Дзяцюк нiчога не сказаў, гукнуў на каня й пачаў заварачвацца.
   - Вы багажу нiякага нi маеце? - спытаў брата Пракоп.
   - Гэта што?
   - Прабач, мне i нi ў галаве, што ты, можа, пабеларуску гаварыць забыўся... Пытаюся, цi маеце што з сабой?
   - Ды не. Станцыя тут-жа, як рукой падаць. Дык навошта?
   Калi зайшлi ў хату й разьдзелiся, Янук спасьцярог вялiкае падабенства бацькi й дзядзькi. Хвёдар перарос Пракопа. Смуглявы, буйнавалосы, ён здаваўся надта бльiзкiм i разам з тым недаступным. Марыя Iванаўна, што да гэтага часу роту не адчынiла, цяпер зьдзела пальто, сьцягнула з галавы хустку й разглядалася.
   - Дайце, я павешу, - падыйшоў Янук.
   - Калi ласка. Я для цябе нешта маю.
   Жанчына гаварыла чыста парасейску, з прыцiскам, характэрным маскалём. Навет Хвёдар, што ўжо пачаў у гутарку ўкiдаць беларускiя словы, розьнiўся вымовай ад жонкi. Пакуль Янук павесiў пальто на круку на сьцяне, жанчына палезла ў ручную торбу й выцягнула цэлую жменю загорнутых у чырвоныя паперкi цукеркаў.
   - От, дзяцюк ты мой, гасьцiнца табе. Трымай.
   З гэткiмi словамi Марыя Iванаўна насыпала Януку поўную жменю цукеркаў.
   - Дзякую вам, - сказаў Янук ды падыйшоўшы да Ўладзiмера. - Будзем есьцi разам? - спытаўся.
   - Не, дзякую, - адказаў той. Ён стаяў сярод хаты й разглядаўся. Янук ня ведаў пра што зь iм гаварыць.
   - Разьдзенься, сядзь, - сказаў ён Уладзiмеру.
   Тымчасам дзядзька Хвёдар распрануўся, бязь нiякае прынукi сеў на лаве ля стала. Таўставатая й пульхная Марыя прысела побач мужа. Нейкi час плялася нясуладная гутарка, ажно Пракоп раптам нешта прыгадаў.
   - Янучок, зьбегай ты да Тодара, - сказаў Пракоп сыну, - папрасi ў яго лiтроўку. Скажы, што пасьля заплачу.
   - Нiчога ня трэба, Пракоп. Нiкуды нi пасылай. Я штосьцi маю, - забег наперад Хвёдар. - Марыя, будзь добрая, там у мяне ў кiшэнi, - сказаў жонцы.
   Жанчына ўстала, падыйшла да вешака ля парогу i зь сярэдняй кiшэнi пальта дастала вялiкую пляшку маскоўкi ды паставiла яе на стале.
   - Я, браток, ня п'ю, ды от для вас думаў, - пачырванеў Пракоп.
   - Ды знаеш, браце, гэта ўжо занадта. Ды чаму? Па чарачцы ўсе зробiм, намаўляў брат.
   - Я калiсьцi, бывала, пры гасьцях дык чарку выпiў, - тлумачыў Пракоп. Але тут у нас нядобрае ў хаце было. Гэты-ж наш акцiвiст, цi як яго, чорта, цяперака зваць, дык ён як толькi зьмена прыйшла то мяне тут сiлай паiў ды iкону во пабiў, - паказаў Пракоп зрокам у кут.
   - Гэта што? - зьдзiвiўся Хвёдар. - Хто пабiў i навошта?
   - Доўга, браток, расказваць... Наш мясцовы камунiст гэта. Хацеў мне сiлай гарэлкi ў рот налiць i крычаў, каб за таварыша Сталiна й за савецкую ўласьць пiў. А я-ж хваравiты, вунь пры Паляках палiцыя пячонкi адбiла, дык i баранiўся, як мог... Тады гэты басяк поўнай налiтай чаркай ды як чарахнiць па iконе, так i пасыпалася шкло...
   - Ды гэта ён цябе насiлаваў? - сур'ёзна спытаў Хвёдар.
   - А як-жа.
   - А хто ён такi, гэты чалавек?
   - Буракоў сын. Помнiш Паўлюка Бурака?
   Хвёдар зморшчыў лоб.
   Помню, ну так, помню. Дык гэта яго сын? Я, пэўна, нi знаю яго?
   - Малы шчанюк быў... Ня будзеш знаць.
   - Дык гэта ён за Сталiна й за савецкую ўладу?
   - Ну так.
   - Маладзец, дзяцюк, ведае што рабiць, - сказаў Хвёдар i зiрнуў на жонку й сына.
   - Я нi знаю, - адказаў зьбянтэжаны Пракоп. - Нi знаю цi маладзец, паўтарыў, скоса зiрнуўшы на брата.
   - Ды не, Пракоп, - сказаў той, не за тое маладзец, што хулiганiць, а таму што Сталiна вялiчае. Разумееш?
   Хведар доўга глядзеў на Пракопа, як-бы зрокам хацеў нешта недаказанае языком вытлумачыць.
   - Ты лепi знаеш. Я нiнадта разьбiраюся, - сказаў Пракоп. - Алi чаго-ж я сяджу, нешта на стол трэба, - устаў гаспадар. Ён загадаў Януку прынесьцi хворасту, распалiць плiту. Неўзабаве на скварадзя засквiрчэласала й смажылася каўбаса з тых сьцiплых запасаў, што ў клецi вiселi пад самай страхой (каб пацукi не дабралiся) на якую нечакана-пiльную патрэбу. Прыемны пах расплыўся па хаце. Хвёдар падыйшоў да печкi.
   - Як гэта завецца? Хвораст, цi што?
   - Так, хвораст, - адказаў Янук.
   - Помню. Ведаеш, многа забыўся пра гаспадарскае з дому. Прыкладна, у нас на Ўрале, дзе я служыў, печкi палiлi вуглём. Але тут, вядома, вугля няма.
   Ён прайшоўся ўдаўжкi i ўшыркi па пакоi, пазiраючы на Пракопа, што стаўляў пасуду на стол, спынiўся перад здымкамi на сьцяне, пачаў пра некаторыя распытвацца. Уладзiмер падыйшоў да Янука, стаяў i маўклiва пазiраў на полымя ў печцы. На стале зьявiўся разовы жытнi хлеб, гуркi, капуста шыткаваная,
   - Вы госьцiкi, прабачце нам, што нiчога спiцыяльнага нiма, - гаварыў Пракоп. - Каб-жа гэта чалавек ведаў...