Сяньня нешта зусiм неспадзяванае сталася. З вуснаў таленавiтага настаўнiка, каторага нiхто з вучняў ня чуў, каб калi беларускай мовай карыстаўся, паплыла прыгожая, прывабная, як крынiца чыстая мова бацькоў вучняў гэтых.
   - Вследствiе того, что заболел Iван Нiкiфоровiч, собрал я здесь два класса, но так как нормальной програмы не могу преподавать, предлагаю вам чтенiе iз рiмской iсторii, - пачаў на ўступ дырэктар. Далей коратка й зьвязна паясьнiў пра пэрыяд, да якога адносiлася чытаньне, дзеючых людзей i ажно тады адчынiў таўставатую, шэрую кнiгу.
   Шматколерным багацьцем паплыла з вуснаў Якаўлева вялiкая й цудоўная беларуская мова. Яна бруiлася вясёлкамi вялiкае трывогi рымскага канфлiкту, вуснамi патрыцыяў клiкала на помач розных вялiкiх i малых багоў, выгiналася й цадзiлася мiлагучнасьцю людзей з-над Нёмана, Дзьвiны, Дняпра, малюючы вялiкую драму магутнага, адыйшоўшага ў гiстарычныя кнiгi й памятнiкi краю. Дырэктар замянiўся ў мастака, што быццам насалоджваўся-забаўляўся сьпеўнасьцю, гiбамi й перагiбамi моўнае тканiны паняволенага народу. Голас то зьнiжаўся, запавольваў, сьцiхаў, гладзiў-няньчыў, ладзiў прыгожую казку-нябылiцу, то зноў з мэтанакiраваным iмпэтам уздымаўся на вышынi, грымеў гневам, пярунамi, маланкамi, цi зноў рагатаў, прасiў патолi, супакою. Захапляла самая шырыня дырэктаравай танацыi, разьмеркаваньне перапынкаў. Калi слухач ня ведаў тайнiцаў майстэрства мастацкага чытаньня, дык ня гэтта месца й час iх разгадваць. Сакавiтая рака зь Якаўлевых вуснаў ашаламляла, брала слухача ў палон цудоўнага моўнага багацьця, ангажавала, валачыла, адрывала ад рэальнага й на лёгкiх крыльлях пераносiла ў iншае, няменш праўдзiвае й цiкавае.
   Быццам заварожаны-зачараваны, разявiў шырака ад зьдзiўленьня рот i забыўся пра суседку Дуню Янук. Калi дырэктар пачаў чытаць, Бахмач зь няўцямнасьцю на твары зiрнуў на дзяўчыну й iншых вучняў. Але чараўнiца мова падхапiла, завалодала, панесла.
   Кагадзе, пасьля лекцыяў пайшоў Янук зь Лявонам Загорным у мясцовую краму купiць патрэбныя школьныя падручнiкi. Кнiгi былi, але не ў расейскай, а ў беларускай мове. Пакiнуўшы краму з пустымi рукамi, зайшлiся хлопцы да Лявонавага дзядзькi, здольнага агранома, што на краю Гацяў меў вялiкую прыгожую хату ды надта ўзорны сад i агарод. Апроч добрай i даходнай аграномii, маладжавы Лявонаў дзядзька ганарыўся й вялiкай бiблiятэкай, у якой амаль поўнае багацьце беларускiх выданьняў нашанiўскага й акупацыйна-польскага пэрыяду.
   Прывiталiся. Дзядзька папрасiў вучняў сесьцi й расказаць навiны.
   - Ды от нiчога такога, - гаварыў Лявон, - хадзiлi ў краму падручнiкi купляць.
   - Ну й што, купiлi?
   - Ды дзе там... Такiх, як нам трэба, паруску нiма, атолька розныя практыкаваньнi ды выкрыўляньнi, - скрывiў вусны Лявон. - Ня якога чорта нам такiя.
   - Бiларускiя, значыцца? - хацеў упэўнiцца аграном.
   - Ага, ну а якiя-ж... - адказаў Лявон.
   - Эгэээ, брацец ты мой! - успыхнуў перад хлопцамi аграном. - Смаркач ты, малакасос нiкчэмны, бутылка цёмная, на свае роднае ўжо пачынаеш пляваць, нi разабраўшыся яшчо што i ў чым! Замiж таго, каб зацiкавiцца, распытацца, сваё палюбiць i шанаваць, дык ты ўжо крывiшся, пад ногi таптаць хочаш?
   Можа каб той дзядзька добрым ладам, ласкава вытлумачыў, параiў, можа тады вочы адкрыў-бы. Але-ж не. Як-бы ядавiтай гадзюкай укушаны, ён тросься з гневу, бiчаваў пляменьнiка кленiчамi, пагражаў, зьдзекваўся. Можа яно было й рацыянальна, можа ў самога дзядзькi гаркога даўно на сэрцы накiпела. Хто-ж яго ведаў... Адно тады, - прыгадаў пасьля Бахмач, - было сорамна й крыўдна. Там, дзе маглi-б адчынiцца дзьверы ў родны сьвет, пляснула вялiкая аплявуха.
   На розных сходах чужнiкi карысталiся расейшчынай, дый навет свае ўчэпiстыя басякi з "народнае ўлады" калечылi чужое й свайго цуралiся. Мусiць, цi так трэба было, цi мода такая. Дый цi думаў пра тое паважна Янук, або каторы iншы школьны юнак. Чужая моўная плынь завалiла старую мяжу i ўварвалася ў краiну разам з тымi магутнымi танкамi ды абшмулянымi хамутамi й стрэльбамi на вяровачках зь пянькi. Тыя зь вёскi, што былi некалi ў Расеi, трымалi ў пашане мову Пiцера, бо там была крынiца й сiлы, i нейкага блiжэй нявызначанага палiтычнага розуму. Сваё-ж жыло ў песьнях, казках i прыказках... Вялiкая, багатая й цудоўная, чужнiкамi гвалчаная мова, што цяпер ашаламляла сваймi колерамi зь Якаўлевых вуснаў, жыла й цьвiла як шматгранная ў нязьлiчоных колерах прырода. Апляваная чужнiкамi, ганьбаваная мясцовымi недавукамi, яна чакала свайго новага прыходу. I вось дзе яна, незраўнаная прыгажуня, вуснамi таленавiтага "васточнiка", добрага настаўнiка, выдатнага чытальнiка-мастака нарэшце шырака адчынiла дзьверы, загудзела-загаманiла, забавiла-зачаравала. Мо й сам Якаўлеў ня ведаў што робiць.
   Сэнс надзвычайнага адкрыцьця ледзь не ашаламiў Янука. Першае зьдзiўленьне ўступiла месца надзвычайнаму захапленьню, а пасьля ўжо й памяркоўнаму, мо яшчэ крыху наiўнаму разважаньню. "Дык от якая яна пекная!" - думаў Янук. - "Саўсiм нягоршая, а можа яшчо й лепшая, чым расейская. Глянь, як ажылi старыя Рымляне. I гэта ўсё панашаму. А калi гэта так, дык чаму ўсе казалi, што польская й маскоўская ёсьцiка пякнейшыя? Нiпраўда, мусiць..."
   У Гацкай сямiгодцы беларуская мова была адно абавязковым прадметам. Была й родная лiтаратура, а ўсё iншае выкладалi парасейску. Мову й лiтаратуру беларускую надта суха й схэматычна выкладаў завуч Перабораў, чалавек, вiдаць, здольны. Адно, што насядаў ён на рознае аканьне й яканьне, дзеканьне й цеканьне. "у"кароткае, склоны, лады й iншае. Маючы, мусiць, праграмны падыход, наводля прынцыпу "абы збыць". Перабораў, ведама-ж, трымаў вучняў воддаль ад цудоўных скарбаў i вялiкага мастацкага патэнцыялу роднае мовы. У ягоных вуснах i Купала, i Колас, i Зьмiтрок Бядуля гулi суха казённа, калолi асотам, адштурхоўвалi, прыносiлi нейкi жвiраваты, штучны смак. Нацiск на правiлы наблiжаў мову да матэматыкi, шаблённыя пераказы апвяданьняў цi iншых мастацкiх твораў спынялiся на зафiксаваных праграмных вэрсiях, што пасьля ўсьмiхалiся пяцёркамi, крывiлiся тройкамi, або зьдзеквалiся двойкамi ў вучнёўскiх дзёньнiках. Завуч Перабораў чытаў неяк штучна, быццам чужынец, у найлепшым выпадку як чалавек, якому прадмет быў прынамся ў сярэдняй ступенi абыякавы. Калi гэта ня была казёншчына, - а сам завуч бяздушным настаўнiкам-рамесьнiкам, - дык што гэта тады было?
   Наўмысна цi нясьведама, прыпадкова цi з намерам дырэктар узяў вучняў за рукi, узьвёў на вышыню й адчынiў перад iмi магутную, вечна жывую, бурлiвую й цудоўную стыхiю. Працэс адбыўся незаўважна, прост-напраст арганiчна, бязь нiякае прынукi. Ня быў-бы дырэктар красамоўным i таленавiтым настаўнiкам, ня любiў-бы мовы Купалы, Коласа й Багдановiча, не заваражыў-бы чараўнiчай сiлай ейнай сваiх вучняў, прынамся не разбудзiў-бы вялiкага й чароўнага сьвету ў Януковым сэрцы.
   - Што ты думаеш, Дуня? - спытаў Янук Макатунiшку на перапынку.
   - Думаю пра што?
   - Пра Якаўлева чытаньне.
   - Добра чытаiць, лепi як ты цi я, - усьмiхнулася дзяўчына.
   - I гэта ўсё? - спытаў рашчараваны Янук.
   - Ну а што яшчо?
   - А тое, што пабiларуску чытаў, от... тое, што нам здавалася, што можа ён пабiларуску й ня ўмеiць, а ён во глядзi як, дый яшчо...
   Янук затрымаўся, ня ведаў як выказацца.
   - Яшчо што? - таўханула дзяўчына.
   - Я сам, знаiш, слухаў i проста сваiм вушам ня верыў. Мне здавалася, што ёсьць пекныя мовы, алi толька нi наша... Ну можа руская, польская цi французкая... от як я думаў. Цяпер слухаў я Якаўлева ды проста анямеў. Дзiва дзiўнае! Цi чула ты такое нешта пекнае, як наша гаворка? Як яна гучыць, ляцiць, захапляiць, пiралiваецца як чыстая крынiца. Кажу табе: мусiць гэты Якаўлеў вялiкi штукар у чытаньнi бо так-жа пекна, так пекна ў яго выходзiць, што я нiколi не паверыў-бы...
   - Так, падумаўшы дык ты праўду кажаш, - згадзiлася дзяўчына. - Алi-ж гэта для таго, хто сам любiць чытаньнем забаўляцца, мову любiць. Мне то яно ня вельмi. Ну я люблю гэта, нi магу сказаць, што не, алi ня тое, каб я за моўнай пiкнатой прападала...
   - Табе, мусiць, толька зёлкi ды краскi, - усьмiхнуўся Янук.
   - Так, гэта маё. Алi-ж знаеш, што я й да навукi ня зломак...
   Янук мяркаваў, што альбо лепш спынiць гаворку, або зьмянiць тэму. Так цi накш, пытаньне прыгажосьцi цi вялiкасьцi мовы, тое, што сяньня чуў i пра што думаў, гэта адно вяршок ледзяной гары. Зачапi вяршок, зацiкаўся цэлай гарой, дык тады трэба пад ваду лезьцi, шмат чаго iншага заглыбляць.
   36
   Каторыя з вас ведалi Пракопа Бахмача ў iншыя часы, - прыбiтага, згорбленага, церпячага, - не пазналi-б у гэну тыравеньскую ранiцу, калi зь сяўнёй на грудзях новую нiву сеяў. Нiва, як вам ужо ведама, некалi лiпавiцкаму пану належала, а пры падзеле зямлi Бахмачу трапiла.
   Павольна i ўрачыста ступаў па чорнай ральлi Янукоў бацька, буйнае, пазычанае ў Сявенькi зерне жменяй рассыпаў. I крок памяркоўны, i рукi размах налева й направа, i сама постаць цяпер выпрастаная, i гаспадарлiвыя вочы, здавалася, за кажным зярняткам сачылi. Гэтак сейбiт Пракоп, спадзяваньнямi на лепшае перапоўнены, ажыў, уздужэў i быццам вясна навокал, сокамi налiваўся. Уверсе, пад ласкавым сонцам гаманiлi песьнямi жаўранкi, на доктаравых клёнах высьвiствалi шпакi, у бары канцэрт трымалi iншыя птушкi, а на Захаруковай лiпе, дзе гаспадар паправiў пашкоджаную зiмой бусьлянку, клекаталi буслы. Сьляды лапцей, падшытых гумай зь нейкай знойдзенай на абочыне дарогi бальшавiцкай шыны, аставалiся на пульхнай, сьвежа пабаранаванай, ральлi. Побач, на адмераных дзялках, сеялi iншыя вяскоўцы. Даўшы адпачыць кабыле, Янук рушыў з бараной зь верхняга кута. На сьвежа забаранаваную ральлю наляталi галкi.
   У пазыкi па насеньне, апроч Пракопа, прыйшло i з паўтузiна iншых вяскоўцаў. "Граб награбленае" вымяла панскiя сьвiраны. Зерне паехала ў "нiаб'ятную", пра якую розныя дзiвы ў вадзiн голас апавядалi чырвоныя жаўнеры. Калi мясцовыя сяляне й не спадзявалiся, можа, што гэныя шчасьлiвыя калгасы з-за ўчарашняй мяжы памогуць iм насеньнем, дык, бязумоўна, мяркавалi, што ёсьць запасы ў панскiх i асаднiцкiх сьвiранах i ўсiм павiнна iх хапiць. Ды "нарыхтоўкi" ня толькi панскае павымяталi, але бальшыню дабра i з багацейшых сялян выцягалi. Дык калi пасьля "нарыхтовак" вялiкай народна-ўладавай фiгай вырас усiм на паказ гэтак званы семянны фонд, людзi ў пазыкi да сваiх пайшлi. Сявенька, - чалавек натуры добрай i спагадлiвай, шмат каму пазычаў, бо сваей зямлi сам абсеяць ня мог, а наймы скончылiся. Некаторыя хадзiлi ў пазыкi да Косьцiкавага бацькi Бурака, але гэны, празь меру прагавiты, так разьбедаваўся, што, здавалася, на яго беднасьць трэба было-б цэлай вёсцы ссыпку рабiць. Тымчасам у Паўлюковым гумне, у тым катуху, куды ён яшчэ зiмою бальшыню дабра ў новых мяхох перацягнуў i прыкрыў, каб ня бачыла непаклiканае вока, сыцелi цяпер пацукi й мышы.
   Здавалася, што пасьля сiбiрскай зiмы зямля й сонца натужвалi ўсе свае жыцьцядайныя сiлы, каб адрабiць i паправiць тое, што зглумiў мароз. Людзi спачатку варажылi на двое, але калi поўнасьцю азелянiлiся лясы, прыбраўся ў лiстоту гiгант Архiп, за гумнамi зьдзеклiва чарнелi сады. Хiба адно сьляпому ня вiдаць было, што мароз непапраўную шкоду прынёс. Пракоп з жахам спасьцярог, што вымерзла бальшыня яго пчол, а тых пару сем'яў, што выжылi, падкармлiваць трэба было. Са сьлязьмi на вачох злосна вылаяў Бахмач таго маскаля-перапiшчыка, што сьпiсаў ня толькi тады яшчэ поўныя, але й пустыя вульлi.
   Трымалася цёплая пагода, надыходзiла лета. Прагожа ўзбуйнела на Пракопавай лiпавiцкай дзялцы пшанiца, весялiўся бульбоўнiк, усьмiхаўся лён, авёс i ячмень. I часта хадзiў любавацца-цешыцца новым пярэстым хутарам Бахмач. Хадзiў да таго часу, пакуль ня прыйшлi падатковыя наказы. Прынёс iх у хату цяпер малагаманлiвы Лявон Шпунт. Яго й Косьцiка недзе пасьля Вялiкадня адпусьцiлi. Ромкаў гаспадар месяцы два ў Вялейцы на нейкiх, як казалi, важных курсах затрымаўся. Вярнуўшыся, працаваў у раёне нi то сакратаром, нiто кнiгаводам. Казалi, што неўзабаве арганiзацыяй калгасаў манiцца заняцца. Лявон-жа ў гацкiм сельсавеце служыў.
   Пасьля атрыманьня наказаў, пачалiся ў Лiтоўцах абмеркаваньнi падаткаў. Справа ў тым, што вышыня iх перарасла ўгадкi найбольш сьмелых фантазёраў. Ужо нашто асьцерагаўся каб лiшняга не сказаць, пасьля арышту ў Гацкiм НКВД Антось Дзяркач, дый той цяпер рот адчынiў.
   - Скажу вам, братцы, чаму цяперака па дваццаць пудоў жыта ад актара плацiць будзеце, - тлумачыў Антось. - Бальшавiкi як загадаюць, каб яна вырасла ды ўрадзiла, дык i вырасьцiць, i ўродзiць, ня дзе яно дзенецца. Так як яно ў iх там за гранiцай усё вырастаiць. Ня чулi, можа? Гэта-ж во прыйшоў раз адзiн баец да мужыка. Разгаварылiся. Той яму сваiмi пчоламi захацеў пахвалiцца, дык баец i кажа: - Знаеце што? От у нас пчолы, бальшушчыя, як у вас вераб'i, нi раўнуюючы! Мужык разявiў рот i думаiць сабе, што як гэта такiя вялiкiя пчолы могуць быць... Нячуванае... Ён i пытаiцца байца: - Ну скажыце, пажаласна, калi ў вас пчолы такiя вялiкiя, дык як яны ў вуль праз такую малую лётку ўлезуць? А баец яму ў вадказ: - Чудак ты, мiлый мой, канешня што ўлезуць. Пiшчаць да лезуць!
   На зьмярканьнi ў нядзелю дзецi ганялiся за травеньскiмi хрушчамi, што насядалi на дзьве пышныя рабiны перад Алесявай хатай. У лiпавiцкiм бары голасна кукавала зязюля. Мужчыны сядзелi на лавачцы ля тыну й гаварылi.
   - I ўсе так гавораць, што гэткiх падаткаў, цi, як яны называюць, налогаў ня будзiць як выплацiць. Хоць ты ўсё аддай, а рады не дасi. Як быць? - казаў Алесь.
   - I навыдумлялi-ж... то пазямельныя, то падаходныя, то iншыя чартоўскiя, а цяперака яшчо нейкi кульналог, а грашовыя наверх, мусiць. Што гэта робiцца? - мяркаваў Пракоп.
   - Я гэттака, швагрок, падазраю нешта, - сказаў Алесь.
   - Ну што?
   - Ты-ж толька сваiм здаровым розумам падумай: цi-ж яны нi знаюць, што нiкому такiя падаткi нi пад сiлу? А калi так, дык навошта гэтак робiцца?
   - Кажы, што думаеш, - спанукаў Пракоп.
   - Памоему яно ўсё з думкай робiцца. Калi людзi ня будуць магчы выплацiць, - а гэта саўсiм ясна, што нiхто рады нi дасьць, - дык тады пачнуць кiдаць тыя зямельныя надзелы з панскага. Праўда, цi не?
   - Можа, - буркнуў Пракоп.
   - Згода. Людзi, значыцца, пачнуць адмахвацца ад зямлi як чорт ад вады сьвянцонай. Бальшавiкi тады скажуць, што, маўляў, зямлi вам далi колькi вы хацелi, а вы ня ўмелi яе апрацаваць i падаткаў не плацiце. Значыцца, гледячы бальшавiцкiмi вачамi, дзе прычына?
   - Ну як табе сказаць... цi ня людзi вiнаватыя...
   - Во, во, так i скажуць. Ну а калi так, дык да чаго гэта вядзець? працягваў Алесь.
   - Да калхозаў, думаеш?
   - Ну а да чаго-ж, калi нi да калхозаў? Значыцца, скажуць, што вы гаспадарыць ня ўмееце, дык хадзiце ў калхозы, мы вас, братцы, навучым. От як! - заключыў Алесь.
   - Нячыстая сiла! - сказаў злосна Пракоп.
   - Няўжо-ж чыстая... От возьмуць цябе ў свае рукi й ня пiкнiш, брацiц. Хоцькi-няхоцькi, а ў калхоз пойдзiш, як мiлiнькi.
   Пракоп пацерабiў за шыяй i доўга, упарта глядзеў швагру ў вочы. У лiпавiцкiм бары спынiла сваё кукаваньне зязюля.
   - Верыць ня хочацца. Дзе-ж iх галовы? Як у людзей ня будзiць нiчога, дык i ў iх тады фiга будзiць начаваць...
   - Гэта так, на розум бяручы дык трэба пагадзiцца, - згадзiўся Алесь, што калi будзiць у людзей, дык будзiць i ў дзiржавы. Алi-ж тутака вер ты гэтаму чорту й ня вер. От паглядзi ўжо як пачалi гаспадарыць. Абяцалi насеньня даць. А далi?
   - Нi было чаго, мусiць.
   - А тое, што пазабiралi з маёнткаў, ад асаднiкаў, дык дзе яно падзелася.
   - Мусiць сабе ў свой саюз завязьлi.
   - Ну дык от, значыцца... Калi ў iх тамака так добра, такi рай, як кажуць, усяго ўволю, дык нашто iм наша? Мусiць хрэн там у iх, галота адна, во...
   37
   Дападлiвыя й пранырлiвыя прасачылi як першапачатковая лагодная ўсьмешка "народнае ўлады" зьмянiлася на грымасу, а ўжо пасьля цi раз сьцiналiся вусны й шчэрылiся зубы. Працавiты селянiн лiтоўскi моцна натужваў свае мускулы, шчодрым потам палiваў сваю дзялку. Вера ў даброты людзкiя й боскiя трымала верх над кашмарам прынесенай чужнiкамi злыбяды й таму салодкiм быў пот i стомленасьць на новай зямлi.
   - Як добра папрацуiм i ўродзiць, дасьць Бог, дык будзiць i iм, i нам, казаў цi адзiн узмужнелы гаспадар.
   - Нашто-ж тады было браць зямлю, каб на ей нi папрацаваць? А як забяруць усё, дык хто тады задарам працаваць для iх будзiць? - мяркаваў iншы.
   Зьвезенае збожжа цi то саматугам, цi ў супалку ў гумнах малацiлi. I ня ўсьпелi каторыя зьвярнуць яшчэ пазычанага насеньня, як шырака адчынiлася прагавiтая лапа "вызвольнiка". Львiная доля сабранага плёну ў арганiзаваных карагодах хурманак, абавязкова з чырвоным сьцягам на пярэдняй, паехала на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Лёзунгi над хурманкамi абвяшчалi: "Датэрмiнова выканаем план нарыхтовак дзяржаве!", "Збожжа дзяржаве!", "Да здравствует велiкiй..."
   На ссыпным пункце ў Гацях маскаль з васпаватым тварам i чырвоным носам выдаваў адпаведныя квiты, дзе апроч колькасьцi прывезенага збожжа напiсана было й па колькi "руб" плацiлi за яго ў канторы сельсавету. Параўнаўшы цану, якую дзяржава плацiла за збожжа, з той цаной, што тая-ж самая дзяржава брала за гатовы хлеб у савiм "сельпо", людзям зь няўцямнасьцi прапорцыi цэнаў адбiрала мову. Адылi, калi парадзелi на дарогах хурманкi з пузатымi зрэбнымi й кужэльнымi мяхамiй чырвонымi сьцягамi ды лёзунгамi, а падаўжэлi на чыгунках цягнiкi, што валаклi народнае дабро ў "саюзную Гiрманiю", узрастаў на вёсках цiск, каб аддавалi "лiшкi мяса, збожжа, яек, малака, мёду й iншага дзяржаве"
   Зьбянтэжаныя бальшавiцкаю нагласьцю, спрацаваныя сяляне сьпяшылi цяпер у сельсавет, дзе на прамiласьць боскую прасiлi, каб забралi назад дараваную iм зямлю. "Народная ўласьць", каторая, здавалася, ад самага памятнага дня "вызваленьня" мела адну мэту свайго iснаваньня, - напярэймы бегла дапамагаць сялянам, - цяпер быццам зьдзiчэла.
   Дападлiвыя й пранырлiвыя спанатрылi, што баромэтрам новых парадкаў быў ня хто iншы, як свае-ж собскiя атожалкi, Сабакевiч i Шпунт, перадусiм першы.
   - Глядзiце на Ромкавага гаспадара. Як ён галаву нiзка дзержыць, дык нам лепi будзiць, а як паднiмаiць яе дык нам тады хоць ты бакамi рабi, гаварыў, аглядаючыся пераз плячо, Антось Дзяркач.
   У той час, калi валачылi на дарогах "нарыхтоўкi дзяржаве", высака трымаў Сабакевiч Косьцiк сваю галаву. У вадзiн вечар на твары Косьцiкавага бацькi Паўлюка загаспадарылi сьвежыя сiнякi. Таленавiты сын прывёў да бацькавае клецi вызначаныя сельсаветам хурманкi, што забралi "лiшкi збожжа дзяржаве".
   Наконт крыку й ляманту, што адбываўся пасьля ў Паўлюковай хаце, дый наконт яўнага Косьцiкавага доказу адданасьцi ўладзе, а не свайму бацьку, доўга ня сьцiхалi Лiтоўцы. I ўжо тады, робячы выснавы, нейкi нядошлы патрыёт былай "моцарствовай" заўважыў: - Казалi Палякi, калi iх вывозiлi, каб ня цешылiся зь iхнай бяды. I праўда. Паглядзiце навакол сябе: калi так сын бацьку робiць, дык чакай чалавек дабра якога...
   Позная восень назаляла зяблым дажджом, нiзкiмi хмарамi, абрыдзелымi ўраднiкамi, палiтрукамi, доўгiмi сходамi ў школе. На сходах, каторыя чамусьцi бальшавiкi называлi "мiцiнгамi", як правiла, насамперш прыгадваў "сiсьцему" ды чытаў лiсту падаткаў, культналогаў, розных "лiшак", што мясцовыя сяляне вiнаваты былi дзяржаве, ведамы нам фiнагент Скарутовiч. Уступ гэткi можна было назваць зьмякчэньнем, або зацьвярдзеньнем прысутных, у залежнасьцi зь якога боку на гэта глядзець. Дзяржава, што звычайна раскашэльвалася за сталом "праўленьня" ў асобах фiнагента Скаруповiча, Шпунта, Сабакевiча дый яшчэ аднаго прадстаўнiка зь сельсавету цi раёну, уважала сход зьмякчэньнем кандыдатаў на вяршыню савецкага дабрабыту, - у калгас. У галовах бальшынi лiтоўскiх людзей, лiк якiх на сходах паступова малеў, адбываўся працэс супрацьлеглы пажаданаму ўладамi.
   Зазiмак сыпнуў сьвежым, дробным сьнегам. Дагледзеўшы сваю сьцiплую гаспадарку, Пракоп прычынiў вароты ў гумно, думаў, што на зiму варта было-б сабаку мець. Калi пойдзе сьцюжа наводля леташняй, могуць падкапацца пад хлеў ваўкi й выцягнуць дзьве авечкi, што на расплод трымаў. Задуманы, пасьпяшыў у хату, дзе Мiкола сьнеданьне рыхтаваў. Паволi выцер за дзьвярмi боты, увайшоўшы ў хату ўзяўся рукi мыць.
   - Зiма ўжо, мусiць, возьмiцца, - сказаў.
   Мiкола зiрнуў на бацьку, дастаў зь печы аладкi, ўзяўся падаваць на стол, ля якога сядзеў Янук.
   - Паедзiш, тата, сёлета ў Пiрасечана? - спытаў малодшы Бахмач.
   Бацька няўцямна зiрнуў на сыма.
   - Ты што, кепiкi робiш зь мяне? На кiм гэта паеду?
   У бацькавым голасе прасмыкнула нотка горычы, прыгадалася зьняважлiвае панiжэньне на тым сходзе, дзе Захаруку так званую прэмiю далi. Кот мяўкаў пад сталом, калi Бахмачы ўзялiся спажываць аладкi з мачанкаю. У гэны момант пачулiся за дзьвярмi крокi.
   - А гэта-ж хто так рана?
   Адчынiлiся дзьверы й на парозе зьявiўся Косьцiк Сабакевiч. Апрануты ў чырвоны, вышываны нацыянальнымi ўзорамi сьпераду кажушок, сiнiя савецкiя галiфэ порткi, чорную шапку астраханку, блiскучыя хромавыя боцiкi, дзяцюк высака трымаў галаву й глядзеў проста ў вочы. Адно хуткае й зыркае вока магло спасьцерагчы, што адсутнiчаў у Косьцiкавых шэрых вачох зласьлiвы аганёк.
   - Здароў, Пракоп, Мiкола, Янук! - прывiтаўся голасна. - Можна зайсьцi?
   Гучэла гэта нiякавата. Груба-шурпаты голас прызвычаiўся загадваць i не спадарожнiчала яму лагоднасьць. Пракоп глядзеў на арганiзатара калгасаў зь няўцямнасьцю, аладка з мачанкай спынiлася на паўдарозе ў рот. Зьбянтэжаныя сыны пазiралi то на бацьку, то на Косьцiка.
   - Ды ўжо-ж заходзь, - адказаў Пракоп.
   - Пекных сыноў маiш, Пракоп, - сказаў Сабакевiч, сядаючы воддаль ад стала на зэдлiку ля сьцяны.
   Працэс спажываньня аладак зноў спынiўся на пару часiнаў. Сыны зiрнуллi на бацьку, пасьля на Косьцiка. Пракоп-жа адно пазiраў на прыйшоўшага.
   - Прабач во, што нiма чым пачаставаць, - сказаў Пракоп.
   - Нiчога, дзякую, я заўтракаў, - адказаў дзяцюк.
   - Калi, гэта самае, ходзiш за якiмi лiшкамi, цi тым, - як яго чэрцi завуць? - кулем, цi яшчо якой трасцай, дык можаш мой парог мiнуць, бо нiчога ў мяне нiма. Калi-ж...
   - Да нет, Пракоп, я не за тым. От пабяседаваць зайшоўся да толька таво, - паясьнiў Сабакевiч.
   Цяжка было веры даць. Праз голас прабiвалася лагоднасьць, а на твары са шрамам на лбе прасмыкнула нешта наводля зычлiвае ўсьмешкi. Адсутнiчала казённае "таварышч". Пакуль Ромкаў гаспадар ступiў на парог, за сталом панавала лёгкая й непасьпешлiвая вольнасьць, лагоднасьць. Гэта быў той пэрыяд дня, калi чалавек зрабiўшы першы крок у гаспадарцы, спыняецца й бязь нiякае прынукi разважае пра наступнае. Сабакевiчава прысутнасьць, загадкавасьць ягоных адносiнаў, таго цяжарнага "пабяседаваць", нагальванiзавала Бахмачову сям'ю й напружаньне перайшло аж на спажываньне аладак. Кот голасна замяўкаў пад сталом, пацёрся аб Мiколаву нагу й хлапец злосна кiнуў у яго аладкай.
   - Адчапiся во! - сыкнуў.
   Кот пачаў есьцi аладку ля сьцяны.
   - Пекнага ката маiце, - сказаў Косьцiк.
   На тварах Бахмачоў зьявiлася зьдзiўленьне. Перш Косьцiк хвалiў хлопцаў, цяпер-жа ката. А што далей?
   - Ну што чуваць, Пракоп? - прыязна, з выразным намаганьнем гаварыў Сабакевiч.
   - Нiчога от, сам знаiш, - буркнуў Пракоп, спадылба пазiраючы на Косьцiка. Напокуцi нямым выклiкам вiсеў абраз Сьвятой Прадславы Апрасiньнi з пабiтым шклом.
   - Здароўе як? - пытаўся далей Сабакевiч.
   - Эт... дзяржуся, - неахвотна адказаў Бахмач.
   Наступiла доўгае й нязручнае маўчаньне. Пракопу здавалася, што Косьцiк намагаўся нейкiм чынам да яго ў ласку ўбiцца. Калi так, дык ён, Пракоп, быў Сабакевiчу патрэбны й хоць вялiкая цiкавасьць спанукала Бахмача, каб памагчы Косьцiку разьвязаць язык, прыгадаўшы ранейшае, насьцярожыўся й сачыў.
   - Зайшоў-жа я во, панiмаiш, праведаць што случылась, чаму на мiцiнгу ня быў, - сказаў Сабакевiч.
   Сьнеданьне кончылася. Бахмачы сядзелi ля стала й нiхто нiкуды не сьпяшыўся. Пракоп аблiзаў вусны, забаўляўся з вусамi ды чакаў што далей будзе гаварыць Сабакевiч.
   - Панiмаiш... канечня нiбальшая бiда, што ня быў, ну ўсяк бываiць, случай якi то...
   Косьцiк спынiўся, мяркаваў.
   - Цi гэта так важна, што я ня быў? - азваўся Пракоп. - Бiзь мяне нi абыйшлося тамака?
   Сабакевiч падумаў, уважна зiрнуў Пракопу ў вочы.
   - Я-б сказаў, очынь важна. Сам знаiш: калхоз нам у дзярэўнi нужна залажыць. Бiз калхоза, - сам вiдзiш, - людзi рады нi дадуць. Хацелi зямлю. Наце вам, дала савецкая ўласьць. Ну й што пасьля таго? Сам знаiш, дажа налогаў гасударству ня могуць уплацiць. А ў калхозе пра налогi ня трэба будзiць i думаць.
   - А хто-ж iх заплацiць? - цiха спытаў Пракоп.
   - Ну як гэта хто? - крыўдным голасам адказаў Сабакевiч. - Опшчая гэта ўсё, панiмаiш, стала быць аб налогах нечага забоцiцца. Калхоз налогi заплоцiць.
   На языку ў Пракопа вiсела ўжо наступнае пытаньне, але стрымаўся. Ня верыў-жа ён, што Косьцiк прыйшоў у хату яго, ласкавын i дабразычлiвым намагаўся быць адно таму, каб пра даброты калгасаў расказаць.
   - Ты панiмаiш, Пракоп, мне нiясна чаму гэта нашыя людзi ў калхозы баяцца йсьцi. Канечня, некаторыя гавораць, што ўражая агiтацыя вядзецца. Думаю, што ёсьцiка там доля праўды, ну нi саўсем гэта правiльна. Есьлi-б я сваiх людзей нi знаў, ну знаю iх як аблупленых... Розум у iх ёсьць i есьлi яны ўжо ўвiдзяць удобства, каб пайсьцi ў калхозы, так памоему нiякая ўражая агiтацыя iх нi задзержыць. А ўдобства пайсьцi ў калхозы ўсiм вiдны. Таму й нi панiмаю чаму задзержка...
   - А можа зарана яшчо? Можа яшчо людзi падумаць хочуць? I чаго ўжо так напралом лезьцi ў тыя калхозы? - пытаўся Пракоп. - Ты-ж сам знаiш, што нашы людзi прынукi ня любяць. Дык каб тут быў час падумаць, каб нiхто нi пхаў...
   - Ну панiмаiш, дзела ў тым, што жалеза нужна каваць пака гарачо! узарваўся зь месца Сабакевiч.
   - Ня чуў-жа я, каб дзе ўжо калхоз якi зрабiлi, - спакойна й разважна адказаў Пракоп. - Нешта марудзяць... Унь колька вёсак, а калхозу нiводнага й на развод. Мусiць разумныя ня толькi ў Лiтоўцах жывуць. Каб там такое, Бог ведаiць якое дабро ў тых калхозах, дык чаму-ж, ня ўдзержылi-б ад iх людзей...
   - Ты ўжо ўсе налогi заплацiў? - спытаўся Косьцiк.
   Пракоп узгарэўся. Даймала колкае "ты" й начальнiцкi тон.