Страница:
- Ну?
- Калi ўвiдзiш дзе Янука, - ён даўно са Стасем у гэны бок пашоў, - дык скажы, каб зараз-жа дадому йшоў. Добра?
Надзя рушыла ў вёску. Ля Ўладзiмера Пятуха клецi ўбачыла Янука, Стася ды Антося Дзеркача. Спынiлася.
- Янучок, Мiкола прасiў, каб ты дамоў iшоў.
- А што там такога пiльнага?
- А што гэта? - зьдзiвiлася Надзя, зiрнуўшы на прыбiтую да сьцёны газэту. У цэнтры бачыны, на самым пачэсным месцы здымкi, падтрымлiваны iншымi, стаяў дзед Якуб.
- Вiдзiш сама, - адказаў Янук, - дзеда во на выбарах зьнялi i ў iхную газэту трапiў. Гяр-рой, брат, дзед наш!
- А што тутака пiшуць? Адкуль газэта? Можа ты, Антось, прачытаеш?
- Газэта з Глыбокага, - падказаў Янук.
- "Глыбоцкая праўда" - сказаў Антось. - А пiшыць, што наш дзед Якуб сам першы выйшаў, цi проста выбег у гэны дзень на iхныя выбары. Так каторы чалавек, як гэта прачытаiць, дык падумаiць сабе, што наш стары дзед цэлых сто гадоў на гэныя выбары чакаў i цэлую ноч нi спаў, так-жа яму гэта нi цярпелася. Калi-ж першыя пеўнi гукнулi, дык ён бегам кiнуўся Косьцiка й Лявона выбiраць.
- А нявестка праклiнала, што старога й хворага гультай Пятух з пасьцелi сьцягнуў, - сказала Надзя. - Кажаш, тут пiшуць, што ён гэта сам i зь вялiкай ахвотай галасаваць нiбы за iх пабег?
- Каб яшчо сам, ато кажуць, што дзед i другiм прыклад даў, ну амаль усю вёску за сабой пацягнуў.
- Ого, якi наш дзед маладзец! - усьмiхнулася Надзя. - А мы во тут з боку жывём i нi падазравалi навет.
Дзяўчына ўважней прыгледзiлася груповай здымцы. Найбольш увыдатнялася на ёй высокая постаць Маршалкава. Распраменены твар гаварыў: я тут гаспадар. I з выглядам "i я-ж тут з боку-прыпёку" стаяў побач вусаты Захарук, нешта нявыразнае гаспадарыла на тцары Аксенi, а лагодная ўсьмешачка Дунi аздабляла ўвесь гурт. З фанабэрыстым выглядам прыхiнуўся да кiслага Косьцiка Лявон Шпунт. Дзед Якуб зморшчыўся, касавурыўся на Маршалкава i ягоны выгляд выразна запярэчваў баявому апiсаньню лiтоўскага дзеда. Яго падтрымлiваў Захарук. Здымка атрымалася даволi выразная, бо газэту надрукавалi на добрай паперы, цi ня з тых запасаў, што ад паноў асталiся.
- Паглядзi во на яго! Чалавек, што з крыжа зьняты! - спасьцерагла дападлiвая Надзя.
- Мусiць нi падкрасiлi як сьлед, - усьмiхнуўся Антось.
- Ну а калi тыя зь Бiластоку вернуцца? - спытала Надзя.
- Чорт iх знаiць, - адказаў Антось, - на днях мусiць.
- Я-ж думала, што ты ўсё знаiш, - усьмiхнулася дзяўчына.
- Гэтых надта за язык нi пацягнiш.
- У каго-ж пiрапiсваюць?
- Былi во ў Сявенькi. тады ў Вульляны, так во з тога боку ад балота гоняць.
- А ў вас?
- Яшчо не.
- А ў Бурака?
- I ў таго яшчо не. Што яму, калi сын начальнiк... Той калi дзе й прыхiнець дык можа насядаць ня будуць. А Сявенька жалiўся, што i ў клець лазiлi, i збожжа пасьпiсывалi, i ўвесь статак, i птушку, усё чысьценька пагалоўна. Толька сабак i катоў нi чапалi.
- Навошта гэта iм?
- Навошта? - зьдзiвiўся Антось. Янук уважна слухаў, а Стась у носе калупаў. - Падаткамi во скора абложуць, вось на што. Людзi з таго боку казалi, што падаткi будуць браць ня толькi грашмi але й натурай, значыцца ад кажнай курыцы давай iм яйкi, пер'е, ад каровы - малако й мяса, ад авечак воўну й мяса, ад пчол - мёд. Ну а што вашы парабляюць?
Нашы каля дому, а дзядзька Пракоп у Гацi пра млын праведаць пашоў. Жорны ня ў сiлах круцiць...
Надзя зьвярнулася да Янука: - Янучок, Мiкола казаў, каб ты дамоў зараз iшоў. Чуеш?
- А што тамака дома?
- Сам увiдзiш. Казаў, што пiльна трэба. Ну я табе два разы казаць ня буду.
Аж на трэцi дзень пасьля гэтай гутаркi пры Пятуховай клецi зьявiлiся ў Бахмача перапiшчыкi. З паўдня хiнула. Пракоп якраз у хаце быў.
- Здраст..., - гукнуў ад парогу Пятух.
- Добры дзень, - цiха адказаў Пракоп.
- Мы да цябе, Пракоп, знаiш... атнасiцельна гэтага... ўласьцi сьпiсаць усё прыказалi, - паясьнiў Сымон. - Мусiць чуў?
- Яшчо каб ня чуў... Гэта-ж пакуль вы праз цэлае сяло прайшлi i кажды глухi вас пачуў, ня толька што...
- Ну дык i харашо... Можна прысесьцi?
Пятух накiраваўся да стала. Худы чалавек у чорнай, як у чыгуначнiкаў, вопратцы, шэрай кепцы, каторай пры ўваходзе ў хату з галавы ня зьдзеў, буркнуў нешта пад носам i цяпер рассасулiўся з аднаго канца стала, а Пятух з другога.
- А гэта са мной таварышч Пётр Iванавiч, спiцыяльна каторага ўпаўнамочылi дзiля пярэпiсi, - паказаў Сымон на тога.
Пракоп прыпёрся да сьцяны, злажыў на жываце рукi й чакаў. У хату ўвайшлi сыны й Алесь. Швагра прывiтаўся й сеў. Запанавала нязручнае маўчаньне. Пятух выцягнуў спорны капшук з табакай, адрываў тоненькую паперу, круцiў яе ў даўгаватую конаўку, загнуў пасярэдзiне, насыпаў карашкоў i прыкурваў.
- Вiджу во... гэта самае... што сам у газэту ўжо ня круцiш, а гiльзу дастаў, - сказаў Пракоп.
- Ага, - зацягнуўся Сымон, - гэта-ж у жыда Янкiля дастаў.
Пры згадцы "жыда" чалавек у чорным войстра зiрнуў на старшыню камбеду.
...яўрэя Янкiля дастаў, - паправiў курэц, - вялiкi жмут, на доўгi час будзiць.
Ён расшпiлiў прыгожы чырвоны кажушок, аблакацiўся выгадна на стол, шапку на лаве палажыў. Карцiла Пракопу спытацца, на чыiх плячох гэны кажушок раней быў, ды не адважыўся.
- Стало быць, начнём? - загаварыў чалавек у чорным.
I Алесь, i Пракоп цяпер запраўднага начальнiка спасьцераглi. Чакалi далейшых пытаньняў. Пачалося ад "iмя, отчаства й фамiлii". Пасьля дабралiся да зямлi, статку й iншай маёмасьцi. Пiсаньне адбывалася даволi хутка. Зручна хадзiла маскалёва рука на нейкай афiцыйнай форме. Пры Пракопавых адказах чалавек уважна пазiраў у гаспадаровы вочы. Бахмач адказваў скора й лiшняга не гаварыў, Даўно перажваў вялiкую жыцьцёвую мудрасьць, што начальству трэба адказваць дакладна й коратка, асаблiва-ж калi начальства варожае. Кажнае неасьцярожна сказанае слова можа помсьцiцца.
- Нашто гэта сьпiсваеце? - спытаў Алесь, калi змог слова ўкiнуць.
Маскаль коратка зiрнуў на Алеся й нiчога не сказаў. Аблiчча сухое, наскрозь казённае. Здавалася, што на прышчаватым твары нiколi не магла гаспадарыць усьмешка цi радасьць. Шэрая, васеньняя марудная хмара. Пракоп i Алесь цi раз пераглянулiся й хутка здагадалiся, што чалавека мусiць "адтуль" прыслалi.
Праверка пачалася ў сьвiране, прадаўжалася ў хлявох i кончылася ў гумне. У куратнiку маскаль зiрнуў на жэрдкi, на якiх начавалi куры, доўга пазiраў на памёт пад нагамi.
- Сколькi курей у вас вы сказалi?
- Чатыры.
- Удiвiтельно. Необыкновенно большiе куры должны быть.
Маскаль уважна зiрнуў Пракопу ў вочы. Як на дзiва, Пракоп добра вытрымаў гэны позiрк.
- Погодiте, это что ў вас? - спынiўся маскаль, не даходзячы да гумна. На мяжы мiж вiшняў i сьлiваў стаяла Бахмачова пчалiная гаспадарка.
- У вас здесь запiсано, что iмеете трi колоды пчёл, а я вiжу шесть. Как эта так?
- Саўсiм проста: тры вульлi пустыя, пчолы памерзьлi.
Без далейшай гутаркi, маскаль павялiччыў лiк вульляў на тры ў сьпiсе Пракопавай маёмасьцi.
- Што вы робiце? - запратэставаў Пракоп. - Кажу, што тры ўсяго маю, а гэныя пустыя стаяць. Вазьмiце ды праверце.
На бяздушным, прышчаватым твары Пятра Iванавiча ледзь заўважна шмыгнуў праменьчык iронii.
- Нiчего, товарiшч Бахмач, будет шесть.
Фiнальнасьць маскалёвага тону так ашаламiла Пракопа, што першы раз перад тварам тупалобага начальнiка страцiў самакантролю.
- Алесь, глядзi, браток, што-ж гэта робiцца! - зьвярнуўся да швагры. Той адно паварушыў плячмi, ледзь сьцiснуў вусны, а ў вачох загарэлiся злосныя iскрынкi.
- Каб вам нячыстая сiла скуру сьпiсала, каб вас зiмля гэта цяжка спрацаваная нi насiла! - кiнуўся Бахмач у кленiчы пасьля таго, як перапiшчыкi да доктара Зянькевiча пайшлi.
22
- Ну i ўсыплюць-жа табе цяпер бабы, ягодка мая, - гаварыла да Аксенi Кмiтава Аўдоля. Яна турботна зiрнула на захад, дзе над Гацямi вiсела шырокая цёмная хмара. Дзьмуў спорны вецер i дрыжыкам брала васеньняя золь. Выйшаўшы з будынку НКВД ў Гацях, жанчыны апынулiся пад густым лiўнем. Пасьля таго як iх у сярэдзiне прынялi, нiводнай у галаву ня прыйшло, каб ад дажджу ў той страшнай будынiне скрывацца. Там холадам ад сьцен нясло, мову паралiжавала.
Забеглiся ў вакзал. Станцыя аж душылася ад войска й ня было мовы, каб дзе цёплы кут знайсьцi. Скрылiся пад страхою, а пры першым супыне дожджу рушылi дамоў. галодныя й мокрыя, сьпяшылi цяпер колькi ў нагах моцы. З-за павароту выскачыў вялiкi вайсковы грузавiк. Пакуль жанчыны спасьцераглi, ён плёхнуў на iх вадой з дарожнай лужыны.
- Ах, кабе табе, сынок, бельмы наверх павылазiлi, як ты ня вiдзiш куды едзiш!
Кмiтава пахатуха абтрасла ваду з вопраткi, рукавом выцярла мокры твар i старалася не адстаць ад Аксенi, каторая, цяплей апранутая i лепш абутая чымся Кмiцiха, не звальняла кроку.
- Усыплюць, кажаш, усыплюць... лацьвей iм... А што-ж я вiнавата, га? Казаў той баўтун: "паслужыш прымерам жэншчынам усей рэспублiкi", каб ты чорту нямытаму ўвесь свой век служыў! Ну скажы, Аўдоля, чым я вiнавата?
Аўдоля борзда тэпала збоку ў дзiравых чаравiках, паўсуконным пальце. Каб не мокрадзь, не даймаў-бы так вецер. А там. глядзi, нацягне ды лiне. Жанчына неспакойна азiрнулася назад.
- Дык, ягодка-ж мая, я гэта знаю, алi цi бабы табе памяркуюць? Увiдзiш...
I далей iшлi моўчкi, сушэйшыя месцы па гасьцiнцы выбiралi. I нiхто не прыгадаў найважнейшага, пагрозьлiвага, жахам што поўнiла, што сказаў, пальцам добра пад носам намахаўшы, гацкi кручканосы "анкавiдзiст".
Вандроўка да вышэйшага начальства ня ўчора наклюнулася. Трэба-ж было нейкай справядлiвасьцi на Маршалкава шукаць. Палатно забраў i "хвастом накрыўся". Анi тых падзякаў ад Сталiна, Молатава, Кагановiча, анi нiчога. I трэба-ж было во на такога нядобрага трапiць. Ня было-ж сумлеву, што зьверху ўсе добрыя, сумленныя, спагадлiвыя былi, адно пра народнае дабро дбалi. Дый прыказка кажа, што ў бочку мёду часам лыжка дзёгцю пападзе.
Пасьля доўгiх гутарак пра тое, каб вось гэтую лыжку дзёгцю абмiнуць, а ў самую бочку мёду заглянуць, накш кажучы - справядлiвасьцii нейкай на Маршалкава пашукаць, накiравалiся сяньня ранiцай жанчыны ў Гацi. У сельсавеце параiлi iм дзе Маршалкава знайсьцi. Нельга-ж было яшчэ адзiн раз не папытацца, праверыць. А можа...
Бальшавiк прыняў iх у сваiм бюро суха й няпрыязна.
- Я-ж вам цi раз казаў, што пасылкi перадаў i дзела з маiх рук. Ня верыце?
Жанчыны лыпалi вачмi, ня ведалi што далей рабiць, да каго йсьцi той справядлiвасьцi шукаць.
- Ну дык што я маю сваiм таварышкам казаць? Яны мне ўжо галаву прадзяўблi, - адказала Аксеня.
Камiсар адказаў не адразу. Уважна пазiраў на жанчын, але думкамi быў дзесь далёка.
- Пачакайце, я вас зараз задаволю...
Пры гэтых словах узяўся за тэлефон. Гаварыў цiха й коратка. Лiтоўскiя сялянкi не дайшлi ладу ў размове гэнай.
- Хадзiце са мной! - загадаў, апрануўшы шынэль i шапку.
Iшлi галоўнай гацкай вулiцай. Маршалкаў - сьпераду, жанчыны - пару крокаў ззаду. Маўчалi. Бальшавiк павярнуў перш на станцыю, пасьля перасек пляц да шырокага ходнiка, што цягнуўся ўздоўж двух- i трохпавярховых будынкаў, крытых чырвонайа чарапiцай, дзе некалi"ужэнднiкi" й "каляяжы" жылi. Аўдоля першая зiрнула на вялiзную шэрую, з каменя, мусiць, высечаную фiгуру на падстаўцы, што стаяла на цэнтральным месцы малога парку ля вакзалу.
- Глядзi во, - таўханула Аксеню.
Пiлiпава жонка абыякава зiрнула на помнiк чырвонаму дыктатару.
- Скора-ж усьпелi, - сказала.
Ад каменнага твару Аксеня зноў угледзiлася ў сьпiну Маршалкава, быццам там намагалася прачытаць што ў недалёкай будучынi здарыцца. Афiцэр iшоў шпаркiм i роўным вайсковым крокам, рэдка азiраўся. На станцыi стаяў даўгi таварны цягнiк, войска высыпала зь цяплушак на плятформу. Некаторыя несьлi ў кацялкох вар, а ў руках - аграмадныя белыя камякi.
- Што гэта ў iх у руках белае, ягодка?
- Цукар, мусiць.
- Такiя вялiкiя кускi цукру? - зьдзiвiлася Кмiцiха.
Лязгат буфароў, скрып тармазоў, галёканьне паравозаў, смурод дыму, гамана сотняў людзей. Вялiзны вайсковы мурашнiк ладна павялiчыў цяпер значэньне навет i раней рухавай станцыi. Iшлi на ўсход. Жанчыны спасьцераглi каля дамоў грузавыя аўтамашыны, людзей у мундзiрах чыгуначнiкаў. Некалi добра дагледжаныя, цяпер рыжыя траўнiкi скалясiлi грузавiкi. Скрозь ляжалi паламаныя платы, кучы хламу.
Маршалкаў павярнуў налева, на дарожку абсаджаную гонкiмi маладымi таполямi. Глыбака ў гушчы дрэваў схавалася прыгожая вiльля. Належала яна калiсь багатаму пану Вiлiнскаму. З таго боку чыгунак ягоныя абшырныя i ўрадлiвыя землi прымыкалi аж да мястэчка. I вiльлю гэту, i самога пана жанчыны бачылi раней.
- Куды-ж гэта ён нас, ягодка?
- Нехта, мусiць, надта важны ў гэтым доме жывець, - адказала Аксеня.
На дварэ стаялi аж тры легкавыя машыны й адзiн грузавiк. У ваднэй машыне ззаду сядзела двух у шапках з малiнавымi аколышламi. Адзiн чалавек, мусiць шафёр, нешта калупаўся пад адкрытым верхам аўта сьпераду. Маршалкаў адчынiў дзьверы двухпавярховай вiльлi, прайшоў калiдорам i пастукаўу дзьверы зь левага боку. Не пачуўшы адказу, лёгка прачынiў дзьверы, зазiрнуў у сярэдзiну й кiўнуў жанчынам.
- Сюда! - загадаў.
Жанчыны ўвайшлi ў вялiкi пакой.
- Сядайце, я зараз, - сказаў адрывiста й пакiнуў жанчын.
Адна-адзiная электрычная лямпачка млява асьвятляла абклеены шэрай паперай пакой. На стале стаяў тэлефон, ляжала кнiга ў чорных вокладках, у куце - трохножная вешалка. I ўсё. Шэрасьць закрывала шчыльная ваконная фiранка. А чалавек зь ледзяным зрокамзаймаў пачэснае месца на сьцяне супраць лавый бяздушна пазiраў у нейкую нявызначаную даль. На калiдоры раптоўна пачулiся, а пасьля ацiхлi крокi й галасы. Нехта доўга й марудна бубнеў за сьцяной. Часам спыняўся, пасьля зноў прадаўжаў памяркоўным тонам. Што й каму гаманiў гэты голас, адгэтуль цяжка было разабрацца.
- Куды гэта ён нас, ягодка, прывёў?
- Ынкавэдэ, мусiць... Вiдзiла гэных двух, што ў аўтамабiлi сядзелi, у шапках з малiнывымi аколышкамi?
- Дык гэта яны? Каб чаго, ягодка, кепскага, нi дай Божа...
- Як гэта кепскага? А за што нам такога кепскага?
- Ды хто-ж, ягодка, угадаiць iх...
Пачулiся на калiдоры шпаркiя крокi. Шырака адчынiлiся дзьверы i ў пакой увайшоў кручканосы чалавек сярэдняга росту ў сiнiх галiфэ й зялёнай кашулi. Не зьвярнуўшы на жанчын нiякай увагi, адсунуў крэсла, сеў ля стала, надзеў на кручкаваты нос акуляры i ўгледзеўся ў вадчыненую кнiгу ў чорных вокладках. Блеск сьвятла зьзяў на брытай, круглай як арбуз галаве. Аксеня цiханька кашлянула, але чалавек той прадаўжаў трымаць нос у кнiзе. Так прайшло хвiлiн, мусiць, пяць. Жанчыны неспакойна пераглядалiся, ня ведаючы як разумець абсалютную абыякавасьць да iх кручканосага чалавека за сталом. А той нарэшце закрыў кнiгу й пачаў павольна разглядаць iх. Цёмнарудыя вочы й маска-твар не давалi нiякага знаку пра тое, што адбывалася пад гладка брытым чэрапам. Зь кiшэнi ён выцягнуў сярэбраную папяросьнiцу, улажыў у рот даўгую папяросу й пстрыкнуў запальнiчкай. Зiрнуў на сто, падняў трубку тэлефону.
- Георгий Иванович? Пепельницу у меня убрали. Да, если можете, в номере три...
Праз якую хвiлiну дзьверы адчынiлiся, увайшоў у пакой мужчына, паставiў на стале пепельнiцу й бяз слова выйшаў.
- Што вам трэба? - спытаў чалавек жанчын парасейску.
- Таварыш Маршалкаў нi казаў вам? - спытала Аксеня.
- Я вас пытаюся, - суха адрэзаў кручканосы, - хто вы такiя й адкуль будзеце?
- Мы зь Лiтоўцаў, - адказала заклапочаная Аксеня.
- Iмя, па бацьку й прозьвiшча!
Лiтару "р" вымаўляў паводле "г" й гэта давала камiчны цень яго сур'ёзным пытаньням.
Энкавэдыст запiсваў адказы. Абыякавым голасам ён выказаў жаданьне ведаць зусiм, здавалася, няважныя дробязi асабiстага, сямейнага жыцьця й сацыяльнага паходжаньня. Першы раз давялося жанчынам адказваць на такiя пытаньнi. Пераказвала пасьля Аўдоля: - Гэта-ж падумай, ягодка, як нас да костачкi пiрабраў. I нашто яму ўсё гэта?
У пакоi ня было гадзiньнiка й не маглi ведаць лiтоўскiя сяброўкi, колькi часу трывалi выпыты, але прысягнулi-б, што надта доўга. Дабраўшыся нарэшце да Аксенiнай iнiцыятывы паслаць бальшавiцкiм верхаводам падарак, кручканосы гарбуз хацеў ведаць ня толькi ўсе прозьвiшчы сьмелых дабрадзееек, але навет зусiм нязначныя дробязi. У бальшынi адказвала Аксеня. Кемлiвая й хуткая на язык, яна добра спасьцерагала ўсялякiя кручкi.
- Нашто вы ўсё гэта пытаiцеся? Што мы зло якое каму зрабiлi, цi што? ня вытрымала Аксеня.
- Я буду вас пытацца, а вы будзьце дабры адказваць, - рэзка адказаў кручканосы гарбуз. Ён колькi разоў уставаў, хадзiў па пакоi, а часам сядаў i запiсваў. Лiтоўскiм жанчынам здавалася, што селi на лаве, а прадаўжалi на iголках сядзець. Каб маглi хаця ўгадаць навошта былi гэныя даўгiя выпыты.
Кручканосы чалавек падняў трубку тэлефону, коратка буркнуў нешта ў яе.
- Следуйте за мной!- загадаў.
Выйшлi на калiдор, павярнулi налева. Мiнуўшы колькi дзьвярэй, сходамi спусьцiлiся ўнiз. Энкавэдыст адчынiў дзьверы i ўключыў сьвятло. Сьцены абшырнай каморы абвешаны былi цывiльнай вопраткай, а ў вадным канцы ляжалi нейкiя транты, кучы газэтаў i кнiжак. З правага боку жанчыны спасьцераглi драўляную скрыню рудога колеру, якраз такую, як зрабiў Кмiт Тодар для высылкi падаркаў у Маскву. Энкавэдыст паволi адчынiў скрыню, дастаў адтуль жмут абрэзаў кужалю й трымаў перад сабою.
- Эта ваше? - спытаў.
Нiчога не адказаўшы, Аксення выцягнула руку, узяла абрэзы. Сумлеву быць не магло: у руках трымала канцы палатна з павышыванымi прозьвiшчамi крамлёўскiх валадароў i дабрадзеек лiтоўскiх. Пры гэтым разгляданьнi пачалi дрыжэць Аксенiны рукi. Нешта гарачае хлынула ў твар i засеў у гарле камяк. Зiрнула на Аўдолю, што ледзь магла стрымаць за зубамi язык.
- Гэта кускi нашага палатна, нашы прозьвiшчы на iх. А дзе палатно? Можа паслалi бяз прозьвiшчаў нашых? - адважылася Аксеня.
- Нiхто й нiкуды яго не пасылаў, - спакойна й зроўнаважана адказаў энкавэдыст.
- Як гэта панiмаць? Што вы хочаце сказаць?
- Ня ўсьпела даказаць, як страшэнная здагадка праясьнiла галаву. Дзiва няма, што дапытваў!
- Вам зусiм ня трэба панiмаць. Навет лепш будзе для вас i сяброў вашых, калi ня будзеце панiмаць i проста выкiнiце ўсё гэта з памяцi сваей. Ясна вам?
Пагроза зусiм выразная. Як адубеўшы, жанчыны ня ведалi, што рабiць далей.
- Я вам добрую раду дам: забудзьцеся што тут было й нiкому не расказвайце пра гэта. Калi-ж даведаемся, што каму раскажыце, будзе дрэнна, вельмi дрэнна. Панятна?
- Панятна, - адказалi аднагалосна жанчыны.
- Можаце цяпер iсьцi дамоў.
I цяпер, па дарозе дахаты, гучэў у вушах той пагрозьлiвы бальшавiкоў "савет".
- Пэўня-ж прапiлi, басякi. Як ты думаеш, Аксеня?
- Вы паслужыця прымерам жэншчынам усей рэспублiкi! Цьфу, басяк! плюнула Аксеня.
Аксенiнаму дрыготкаму, зласьлiваму голасу адгукнуўся вецер, што скалануў вярхамi прыдарожных разьвесiстых бярозаў ды пырскамi шчодра абсыпаў дзьвюх жанчын, тэпаючых па мокрым пяску гасьцiнцу.
- Паслужыце прымерам жэшчынам усей рэспублiкi! Каб ты чорту ў пекле служыў, нехрыст апантаны! - паўтарала яшчэ зласьлiвейшым голасам Аксеня. Адно Аўдоля азiралася пераз плячо, а Пiлiпава жонка быццам i ня бачыла капрызнага надвор'я. Яна рогам хусьцiнкi выцерла вочы, каб стрымаць сьлёзы. Навет Аўдолi не магла цяпер у вочы проста глянуць. Якi аграмадны сорам! Дый найгоршае наперадзе чакала. Ужо бачыла перад сабой чаргу дапытлiвых лiтоўскiх дабрадзееек, што нейкiм чэрцям у Маскве хацелi падарак зрабiць i якiх меншыя мясцовыя чарцягi ашукалi. I што яна скажа iм, калi гэны кручканосы гарбуз навет язык на прывязi загадаў трымаць! У глыбiнi дзесь дасьпяваў i квялiў сэрца зласьлiвы дакор.
- Чаго табе ўсюды першай лезьцi? Пiлнавалася-б во гэтай сьвiной мешалкi цi чапялы й досiць бы зь цябе. Кажу, нарвешся некалi!
Гэтыя простыя й незласьлiвыя словы мужавай перасьцярогi прыгадалiся цяпер Аксенi ў зусiм новым сьвятле, новай шырынi. Нарвалася.
- Ну як-жа гэта, ягодка, будзiць? Што мы зробiм, як бабы пра палатно пытацца пачнуць? Га?
Сьцiснуўшы плечы й пазiраючы пад ногi, Аксеня маўчала. Ды што магла на тое адказаць? Звычайна бадзёрая й вясёлая, яна быццам на дзясятак гадоў пастарэла, змоўкла, асунулася. Аўдоля старалася зiрнуць сяброўцы ў вочы, знайсьцi нiтку сувязi, якую цi нi парваў Маршалкаў i ягоны кручканосы таварыш з НКВД.
- I такi во добры чалавек нам гэты Маршалкаў паказаўся, - бубнела дробненькiм голасам Кмiтава пахатуха, - здавалася, што хось ты яго да раны прылажы. Помнiш во, як на тых зборах гаварыў? Ён табе ажно сьлязу пусьцiць. Чалавек-душа, здавалася, лепi як свой каторы... Ён як гаварыў, дык колька яшчо нашых баб у плач уводзiў. Гэта-ж здавалася, што такi чалавек як ён, ягодка, нiкому вока нi запарошыць, а ня то што... Ну й паглядзi, што зрабiў. Гэта-ж проста каб бабам нашым расказаць, дык каторыя паверуць толька...
- Ты во глядзi, яшчо за даўгi язык возьмуць, - злосна адказала Аксеня. - Цi можа так скора забылася што той ынкавэдыст казаў, га?
- Ды чаго-ж ты, ягодка, кiдаешся на мяне? Як гэта так я забылася? А калi ўжо пра мой язык гаворыш, дык цi-ж твой карацейшы?
- А можа й карацейшы... давай памерым! - агрызнулася Аксеня. - Гэта каб ня ты дык можа-б i нi пасылалi таго праклятага палатна... каб яно лепi праз зямлю правалiлася! Во нарабiлi бяды!
- Каб нi я? - прарэзьлiва-зласьлiвым тонам крыкнула Аўдоля. - Гэта-ж ад каго, калi нi ад цябе думка вышла, га? Каб табе, ягодка мiленькая, памяць ужо саўсiм забрала, як ты ня помнiш i на мяне складаеш! I як гэта ты можаш?!
- Думка-ж мая была. алi-ж я вас пыталася. А сама-ж знаеш зь якой вялiкай ахвотай ты за гэта ўзялася. Зараз усiм разбрахала, давай i давай, нi задзержыць цябе нiяк...
- Каб табе Бог так здароўе даваў, як я давала! - адсекла Кмiцiха. - Каб ты ў пекле так брахала, як я каму разбрэхiвала! I як табе ня стыдна на мяне складаць! Калi Маршалкаў цябе пахвалiў, дык як каралеўна якая - галава аж пад неба, жардзiной нi дастанiш! - хадзiла. Ах каб цябе!
Аксеня здрыганулася. Быццам укушаная гадзюкай, яна зь нянавiсьцю зiрнула на Аўдолю, сьцiснула вусны. Спачатку ледзь заўважна, пасьля-ж раптоўна пачало дрыжэць ейнае цела. Неўзабаве неўтаймаваны плач суправодзiў Кмiтаву Аўдолю. Аксеня дала сьлёзам поўную волю. Разгубленая Кмiцiха памкнулася прыгарнуць да сябе сяброўку, але на паўдарозе спынiлася выцягнутая рука.
23
Ноччу зазiмак пацярушыў сьнегам, мароз кволымi жылкамi-нэрвамi выпрабоўваў сваё майстэрства на тонкiх скарынках лёду ў лужынах, канавах i сажалках. Ранiца прыйшла ясная, сьвежая, спакойная. Каб хоць адной галiнкай паварушыў маестатычны гаравацкi Архiп. Яшчэ блiжэй, здавалася, прыхiлiлiся да сябе зьбялеўшыя сёстры-сосны на могiльнiку. У Гаравацкай пушчы й лiпавiцкiх гаёх на дэманстрацыю прыбралiся ў новым бельлi стройныя сосны й хвойкi. Яны зьзялi ў сонцы й маглi хвалiцца сваей пышнай прыгажосьцю перад голымi бярозамi, клёнамi й асiнамi.
Далёка чуваць былi галасы пеўняў над ранкам. Слупамi выпрасталiся над комiнамi дымы. Асьцеражней хадзiла ў пушчы розная жывёльная малеча. Мёртвая маўклiня спрыяла большым дзяруном, што цяпер на помач носу паклiкалi й свае вушы.
Вялiкая грамада лiтоўскiх сялян наблiжалася да лiпавiцкага поля. Радасьцю зьзялi вочы й далёка над бельлю прыцярушанымi роўнымi нiвамi сягала вясёлая, нястрыманая гамонка.
- Зямля наша! Во калi зажывём!
- Дачакалiся! Цяперака, як свой кусок зямлi мець будзеш, дык нiякi прыблуда з твайго мазаля ня будзiць жыць. Сам сабе будзеш пан!
- А як-жа!
- Ды i во яшчо што: казаў Косьцiк, што кажны можа мець зямлi колька захочыць! Ого!
- Нi колька захочыць, а колька абрабiць можыць.
- Ну яно-ж сябе так...
- Дык цi-ж ты думаеш, што каторы паквапiцца каб мець болi зямлi чымся абрабiць будзiць магчы?
- Нашто-ж яна тады яму?
- Нiбыта па шэсьць актараў на аднаго каня...
- Ну а як каторы нi маiць каня?
- Дык дадуць...
- Толька-ж i глядзi, рот настаўляй, каб нi праваронiў як будуць даваць.
- Усё дадуць, усiм хопiць. Вунь дзе колька ўсякага дабра на маёнтках i хвальварках...
- Ну паглядзiм.
- Што тамака глядзець... ужо вiдаць.
Бадзёра сьлядзiлi прысыпаны сьвежым белым пухам гасьцiнец сялянскiя ногi. Грамада кiравалася на прасторныя, урадлiвыя гонi, што за чыгункай суседзiлi зь лiтоўскiмi начоўкамi, а з захаду канчалiся сьцяной гонкага гаю. Пракоп з Алесям маўклiва ў хвасьце валаклiся. Новы грамадзкi тэрмамэтар выпхнуў iх цi не на самае чало "прыгнечаных i эксплуацiруемых" масаў, значыцца тых, пра каторых найбольш барабанiла й быццам клапацiлася "народная ўлада". I будучыня перад iмi можа прасьцерлася проста й прывабна, як тыя ўрадлiвыя гонi, калi-б не мясцовыя "косткi ў горле". А косткi гэныя - Бурак Косьцiк i Шпунт Лявон - дзесьцi ўрачыста й фанабэрыста крочылi на самым перадзе грамады.
Дваiўся ў Пракопавай галаве сьвет. З аднаго боку - вялiзная прынада спорнага кавалка ўрадлiвай зямлi. Мара пра зямлю ўжылася, уелася ў жывое сялянскае цела й сьведамасьць з пакаленьняў далёкiх. I цi-ж запраўды Ўсемагутны наканаваў яе зьдзяйсьненьне сьцiпламу й працавiтаму Пракопу? Вунь-жа перад iм, як вокам абняць, вялiзныя, урадлiвыя, жыцьцядайныя панскiя гонi. Колькi-ж папацеў на iх пры працы на чужога прыблуду! Цяпер-жа во ягоныя хаджалыя, вытрывалыя ногi скора ступяць на гэныя гонi. Адмеруць яму ладны кавалак i вось у гэты незабыўны дзень Пракоп назаве сваiм, для сябе й нашчадкаў на векi вечныя.
I тачыў Пракопава эмацыянальнае нутро, не даваў супакою думкам чарвяк трывогi. Як пагадзiць адносiны двух мясцовых злыдняў да яго з новымi парадкамi зьверху?
Не магло быць сумлеву, што бальшавiкi бедным сялянам зямлю давалi, паноў лiквiдавалi. Значыцца, сумленна працуй, старайся, дык i табе й людзям будзе ўволю. Гэта-ж вунь пазаўчора, зь Беластоку вярнуўшыся, абедзьве "косткi" пра гэта расьпiналiся. Праўда, плявузгалi й iншыя, - насамперш Маршалкаў - i раней, ды нiхто зь iх не называў часу калi нарэшце абяцанкi зьдзейсьняцца. Гэтыя-ж во насамперш шырака пастановы беластоцкага сходу размалявалi, слова ў слова прачыталi ўсё, што было прынята для паляпшэньня долi сялянскай дый зараз узялiся тыя пастановы ў жыцьцё праводзiць.