Паралюш сялянскага жыцьця йшоў побач зусiм няпрыхаванай трывогi. Чакалi нечага новага, быццам яшчэ горшага й нiхто ня мог вызначыць у якой хворме гэнае нешта мае выявiцца. Навет дзед Якуб зрабiўся бурклiвым, радзеў на сваей прызьбе, грэўся. Мо спанатрыў, што перапалоханыя людзi на давер скупiлiся. Зiма даўным-даўно адыйшла на поўнач, але загнязьдзiлася ў сэрцах сялян лiтоўскiх зiма яшчэ жахлiвейшая, - тая, што запаволiла й часткова спаралiжавала самае звычайнае жыцьцёвае тэмпа.
   Дзесь за межамi й далей той калiшняй "моцарствовай" многа глуму нарабiў "немiц". Пасьля маланкавых паходаў на тры бакi сьвету, прытаiўся дзесь i цiкаваў новую здабычу бэрлiнскi абжора-груган. Цi ягоны страўнiк не палягчэў яшчэ перад новым нападам, цi ня вымяркаваў зь якога боку насесьцi на новую ахвяру...
   Панавала немач i роспач. Сьцiскалiся злосна зубы, бездапаможна ў малiтвах да Бога складалiся далонi. Блудзiў сялянскi зрок па пагвалчаных нiвах i млелi ногi ў чэргах перад дзяржаўнымi крамамi. Чужнiк-гвалтаўнiк рукамi "ваiнствуюшчых бязбожнiкаў" зачыняў сьвятынi, ськiдаў зь вежаў крыжы. Разбуралiся адвечныя асновы. Што прыйдзе заўтра? - Нiхай хоць чорт прыдзiць, абы пiрамена, абы лепi было жыць, - гаварылi ў роспачы людзi.
   Тымчасам чужнiкi новым "налогам" запрэглi сялянскiх коней. У Гацях ля чыгункi зладоўвалi й насыпалi вялiкiя й даўгiя валы каменьня зь лiку "па трыццаць кубаметраў на лошадзь". Каменьне ладавалi на цягнiкi, адвозiлi некуды на будову лётнiшчаў. Iншыя-ж звозiлi каменьне аж у Слабаду. На роўным узвышшы за вёскай масьцiлi шляхi для самалётаў зьняможаныя, галодныя, абдзёртыя нявольнiкi, прыгнаныя сюды Бог ведае зь якiх глыбiняў "нiаб'ятнай".
   Янук адпрасiўся з працы на пошце, каб памагчы бацьку вывезьцi "па трыццаць кубаметраў ма лошадзь". Вялiкае каменьне, што мог падняць цi ўскацiць па дошцы на каляску, браў з адхонаў чыгункi, з Гараваткi й калiшняга панскага поля. Цяжкага возу не накладаў, каб кабыле пасобiць. Цяпер Янук ехаў паволi дамоў i мяркаваў, цi ўсьпее яшчэ адзiн воз да захаду сонца наладаваць i ў Гацi завезьцi. Заробленыя грошы па аднаму чырвонцу на кубамэтар, прыабяцаў яму бацька на касьцюм.
   Янук спынiўся на абочыне гасьцiнцу, зьлез з каляскi, разглянуўся па бакох i з прыдарожнага, сьвежа скошанага, ужо падсохлага сена ўськiнуў вялiкi ахапак у каляску. Далей ехаў паволi. прыжмурыў вочы, думаў пра розныя апошнiя падзеi й бачыў перад сабой адно руды кабылiн зад, што раўнамерна гойдаўся на бакi, хвост, што часта па бакох сьцёбаў ды адвiслую на правы бок грыву.
   - Янучок! Ты што, заснуў гэта?
   Дзявочы сьмяхотлiвы галасок празьвiнеў над левым Януковым вухам i аж спалохаў яго. Побач, на самакаце зьявiлася Дуня. Пышнай усьмешкай зьзяў яе загарэла-асмужаны, радасны тварык. Даўгiя, мяккiя валосы перавязала блакiтнай касынкай, а паркалёвая, жоўтая сукенка зьвiла дробнымi ружовымi краскамi. Зь пяшчотна адчыненых поўных ружовых вусенак вызiралi роўныя, белыя зубкi. Зухавата-прынадныя вочы зь хiтрынкай-праменьчыкам пазiралi на хлапца.
   - А ты адкуль узялася?
   - Зь неба звалiлася. Ха-ха-ха!
   - Гэта табе на небе самакат далi?
   - О так! Сьвяты Мiкола даў! Ха-ха-ха!
   Янук зручна перахiнуўся праз бок каляскi i ўшчыпнуў Дуню за бок.
   - Ах ты, нягоднiк! Няможна так! Скажу маме, дык яна цябе вылупцуiць, сьмяялася дзяўчына.
   Дуня абаперлася правай рукой аб борт каляскi й так хвiлiну ехалi моўчкi. Янук пазiраў на поўныя дзяўчынiны грудзi, гладзенькi падбародак, круглую, як адточаную добрым майстрам, шыю i далей унiз, дзе рама мужчынскага самакату зусiм загалiла Дунiны ногi.
   - Адкуль-жа ты самакат узяла?
   - Казала табе, што сьвяты Мiкола даў, ха-ха-ха, - рагатала дзяўчына.
   - Гэта, мусiць, сьвяты Мiкола некага раскулачваць памагаў... Га-га-га! - зарагатаў Янук.
   Макатунiшка нiчога не адказала, адно зiрнула на яго скоса.
   - Ты з Гацяў едзеш? - спытаў Янук.
   - Ага.
   - Школу скончыла?
   - На днях ужо.
   Зноў хвiлiна маўчаньня. Мiнулi чугуначны пераезд.
   - Ты знаеш што, Янучок?
   - Ну?
   - Даўно з табой пагаварыць хацела.
   - Гавары.
   Бурклiвы Янук прыгадаў цi адну жаўнерскую руку, што гарнула-тулiла гэту дзяўчыну на вечарынах, яшчэ цяпер зьвiнела ейнае хiхiканьне ў цемры. Кальнула ў сэрца. I стаяла яна побач, як цудоўная, пышна расьцьвiўшая зьява, зь беленькiмi зубкамi, мяккiмi вусенкамi й выклiкаючымi на паядынак вачмi-васiлькамi. Стаяла ўдзень i ўночы. I нараджалiся думкi. Часам, у юнацкiх снох, сядала яму на каленi, моцна-моцна гарнулася-тулiлася, горача, да страты прытомнасьцi цалавала. Зьява вялiкая, як цьвiтучае жыцьцё, як цудоўная вясна, як сьветлая крынiца.
   Але вось зьявiлася яна побач, тымi васiлькамi скрабла-вярэдзiла кволыя струны. I ня мог Янук проста ў вочы ёй зiрнуць. А дзяўчына, нахабнiца, зводзiла, быццам у самае нутро ягонай душы зазiрнуць намагалася.
   - Як тут во так пагаворыш...
   - А чаму не?
   - Давай паглядзiм, што ў лесе робiцца.
   - А кабылу дзе дзець?
   - Прывяжы, нi ўцячэць.
   Янук падумаў.
   - Трэба было-б яшчэ воз каменьня на станцыю завезьцi.
   - Нiкуды яно нi ўцячэць, каменьне тваё. Здаганяй мяне!
   Дзяўчына раптоўна нацiснула на самакат i гонка пусьцiлася гасьцiнцам, аж хвост касынкi з пушыстымi валосамi забаўляўся. Янук пугай сьвiснуў над кабылай i сьцебнуў па бакох лейцамi. Кабыла трушком пабегла за дзяўчынай. Дуня азiралася, махала рукой, падганяла.. Уехаўшы ў Гаравацкую пушчу, яна павярнула направа ў бочную дарогу. Гэтта лес быў густы, колы стукалi па карэньнi. Дуня пад'ехала яшчэ добры кавалак, павярнула налева й на малой паляне зьлезла з самакату. Янук прывязаў кабылу да камля бярозы, адпусьцiў падпругу, узяў з возу й падкiнуў ей сена. Азiрнуўся. Самакат ляжаў пад хвояй, а дзяўчыны нiдзе ня было вiдаць.
   - Ку-ку! Ку-ку! Лавi зязюльку!
   Звонкi галасок прыляцеў зь левага боку й рэхам адгукнуўся ў глыбi пушчы. Скосныя праменьнi сонца залацiлi маладое лiсьце, нос казытаў арамат красак. Воддаль дзесь закукавала запраўдная зязюлька. Янук скочыў у гушчар налева.
   Бярозанька, сасоначка.
   паклiч майго мiлёначка.
   Жду хвiлiнку, жду я дзьве,
   ды мiлёначак ня йдзець.
   - Гэта, раней няведамая Януку песенька даляцела да яго з глыбi лесу з правага боку. Не марудзячы, хлапец кiнуўся туды. Дрэвы парадзелi. Як матылёк, дзяўчына пырхала ад аднаго дрэва да другога навокал паляны. Янук нагнаў яе i ўчапiўся за руку. Дуня зручна крутнулася, падставiла нагу й хлапец не агледзеўся, як ляжаў на траве, а а Макатунiшка гарэзьлiва ўсьмiхалася, з вышынi пазiрала яму проста ў вочы.
   - Даганяў мяне, пакуль цябе нi злавiла! Ха-ха-ха!
   Янук схапiў яе за нагу й пакацiў.
   - Я-ж цябе цяперака нашчакачу!
   Бахмач казытаў за бакi, за грудзi, а дзяўчына-рагатуха аж заходзiлася ад сьмеху. Ён спынiў казытаньне, пачырванеў, сарамяжлiва паглядзеў на грудзi, што хвалявалiся пад тонкiм крамным паркалем, на поўадкрытыя вусны, гарэзьлiвыя вочкi. Дунiны рукi схапiлi хлопца абцугамi й сьмела, прагавiта прыляглi да ягоных дзявочыя вусны. Янук адчуваў п'яную асалоду. I вусны, i краскi, i выразна чутнае бiцьцё Дунiнага сэрца зьлiлося зь недалёкiм кукаваньнем зязюлi, зь iншымi птушынымi сьпевамi. Хлапец шыбаваў дзесь над хмарамi да цудоўных, нязьведаных вышыняў. Дзяўчына адняла вусны.
   - Янучок, ты мой мiленькi, якi-ж ты дурненькi, - сказала.
   - Чаму?
   - Цi-ж ты ня вiдзiш, што цябе люблю? Чаго-ж стыдаiшся?
   - I я..., - зацяўся Янук, зiрнуў набок, - цябе люблю...
   - Дай мне сваю руку, - загадала, ды схапiла левую Янукову руку.
   - Ты калi шчупаў дзяўчыну?
   - Што?
   Яна павяла Янукову руку пад сукенку й зноў прагна прылiпла да ягоных вуснаў. Хлапец дрыжэў, набухаў, здавалася, як пузыр, што неўзабаве лопне. Млоснасьць i павышаны пульс зусiм адурманiлi яго. Здавалася, што перагарыць з напружаньня. I калi ўжо зусiм забрала дыханьне, дзяўчына прахапiлася, адпiхнула яго й чырвоная, палкая, цяжка дыхала.
   - Хацеў-бы, можа! - сказала глухiм голасам i пагрозьлiва памахала пальцам. - На бярозцы грушы растуць!
   - Я-ж табе пакажу, як зводзiць, нястыднiца ты! - крыкнуў злосна Янук.
   Дуня нырнула мiж дрэваў i пакуль задыханы Янук выбег на паляну, яна ўжо цiснула на ступнi самакату.
   У тую ноч доўга ня мог заснуць Янук Бахмач. Трызьнiлася й зводзiла Дуня, а кабыла зь цяжкiм возам каменьня напiнала гужы й нiяк не магла ўзабрацца на ўзгорак на гасьцiнцы.
   Таронта, 1971-1973