- А што-ж, муж мой чалавек кепскi? - трымалася Марыля.
   - Цьфу на цябе! - крыкнуў Сабакевiч. - Ты гэта што, баранiць яшчо яго будзiш? Можа ён табе й даў тое багацтва, каторага хацела. Алi што, гэта ўсё? Можа скажаш мне, што ём i ў пасьцелi працавiты, га? А табе-ж толька давай да давай! Што, не?
   - Косьцiк, як табе ня стыдна! - успыхнула Марыля.
   - Мне стыдна? Я за табой бегаў, цябе ажыдаў, думаў, што ты чыстая й харошая, што агледзiшся, прыдзiш... I ты за гэту зямлю красу сваю стаптала, вышла за парахно тое, а посьля парабковымi ласкамi жыла... I мне стыдна? Дзе-ж гэта тая твая гордасьць, дзе твой якi гонар, га? Каго ты стыдзiш, порхаўка ты гнiлая! Пашла ты за зямлю, разумненькая такая, дык во на табе зямлi! Нi казаў я табе некалi, што ўсiм зямлi хвацiць? Сiчас во кажды можа мець сколька хочыць, сколька сам абработаць сумеiць. Ты вазьмi да цьвяроза падумай, дурная ты баба, сколька твой жанiх, з каторага парахно сыпiцца, зямлi абработаць можыць. Га? Эксплуатацыя чалавека чалавекам скончылася наўсiгда! Панiмаiш ты? Чужыя на вас рабiць ня будуць, от как! Дый помнi тожа, што ўсех кулакоў-буржуяў, каторыя з чужога труда й мазыля жылi, стала быць каторыя другiх эксплацiравалi, iх усех пачысьцяць, а зь iмi i сем'i iх паедуць к чортавай мацеры адсюдава. Панiмаеш? Ты знаеш, дурная баба, дзе ты можаш быць? Дык от, разумнiца, нi хацела паслухаць мяне, пагналася за зямлёй, дык цяпер фiгу маеш... Панiмаеш?
   Войстры Косьцiкаў голас калоў, тузаў, зьдзекваўся. Пот i млоснасьць прыходзiлi хвалямi. Сьлёзы нахлынулi раптоўна, гарохам. Праўда, намаляваная шорсткiм Сабакевiчавым голасам, выглядала такая няверагодная й адначасна нагэтулькi рэальная, што Марыля ў адчай кiнулася. Яшчэ сяньня ранiцай быў цьвёрды быў цьвёрды грунта пад нагамi, былi мары й спадзяваньнi. Дзе яны цяпер?
   Спасьцярогшы матчыны сьлёзы, кiнуўся ў плач Валодзька. Заварожаная й запалоханая Косьцiкам, матка ўзялася цяпер спатольваць сына.
   - Цiха, сынок, цiха, мiленькi. Нi плач, золатка.
   Яна накiравалася ў спальню, што за перагародкай.
   - Ты, сынок, мусiць i есьцiкi й спацькi захацеў, мой ты мiленькi. Пара ўжо...
   Марыля села на ложку ля калыскi й расхiлiла сукенку. Сын прылёг да грудзей прагавiта й прыплюшчыў вочы. Мацi гладзiла ясную галоўку.
   - Во, мой сынок, есьцiкi захацеў, цацанька. Скора-ж цябе адвучыць трэба, бо вялiкi ты ўжо...
   Хлапец смактаў грудзi, а Марыля адплыла на шырокi акiян. Спачатку паволi, пасьля ямчэй усхадзiлiся хвалi й гулкiм прыбоем калацiлi, верадзiлi Марылiна сэрца. I нi вiдаць было ў гэных хвалях нiякае дарогi. Дзесьцi зьверху межавалi яны зь цёмным, грозным небам.
   Нехта зьдзекваўся, рагатаў зь яе, з маленькага сынка i з мужа ейнага. "Гэ-гэ-гэ! За зямлёй пагналася, маеш фiгу за гэта, сучка ты!"
   Каб нi бацькi, можа накш злажылася-б. Так, напэўна накш было-б. Чаму ей волi нi далi? - Нi глядзi, дачушка, што ён за цябе старэйшы, - раiла некалi мацi. - Ужывешся. Зiмля важна. Што табе малады дасьць? Будзiш зь iм цэлы век, як той Марка па пекле цягацца. Фiгу маiць i фiгу мець будзеце. Рукамi сваiмi нi даробiцеся. А ў гэтага й зямлi, i золата, i дабра ўсякага, хоць ты завалiся. Жарцiкi, так многа часу ў Амэрыцы зарабляў. Iдзi за яго, дачушка, панаваць будзеш...
   Пайшла. Напанавала. Няхай яно пропадам прападзе, гарам такое замужжа гарыць. Можа каб шчэ нi зьмянiлася. А так, як цяпер жыць? Зямлю ўсiм дарма даюць, а ад багатых адберуць, бо сам не апрацуеш.
   Марыля рэдка куды хадзiла, мала плётак слухала. А iх-жа заўсёды ўволю. Казалi людзi мудрыя, што нi такi чорт страшны, як яго малююць. Ажно зьявiўся адзiн у хату. Размаляваў...
   Хвалi на акiяне ўзрасталi. Магутным разьлiвам вылi ў глухой цемры й зьдзеклiва рагатаў нейкi шурпаты голас.
   Марыля падняла галаву. У дзьвярох стаяў Косьцiк. Яна забылася пра голыя грудзi, пра Валодзьку, каторы зусiм ацiх, на руках задрамаў. Яе прыкавалi, ёю авалодалi лёгкiм туманам асмужаныя вочы. I Марыля ўжо ведала, што будзе далей: з аднаго акiяну перакiнецца ў другi, з духовага ў цялесны. Яна паволi ўстала й лагодна палажыла сына ў калыску.
   25
   Калi-б самiм давялося быць у Гацях i пажадалi выбрацца на Глыбокае, мусiлi-б пачынаць ад тых вiлаў, дзе зыходзiлiся Докшыцкая й Глыбоцкая вулiцы й дзе рассасулiлася шырокая, з упалай гонтавай страхой Габiшына крама. Пачынаючы вось ад гэнай крамы, праехаўшы па няроўным бруку Глыбоцкай вулiцы так мэтраў за дзьвесьце, налева ў рынак упрэцеся. Спынiце вашага руплiвага каня. Гэта-ж нам затрымацца выпадае. Чуеце стук сякераў, малаткоў, скрыгат пiлаў? Так, майструюць нешта. Ужо вунь зьвязалi з дрэва нейкi прастакутнiк, дошкамi яго абiваюць. На памост выглядае. А гэта там воддаль ля самага поля, - бачыце вунь мураваны белы будынак неабшырных разьмераў? - гацкая бойня. Сюды прыводзiлi й прывозiлi на забой кароў, авечак i сьвiньней. I стаiць бойня, - бачыця во? - воддаль ад рынку, зусiм як-бы за мястэчкам. Самi-ж, пэўне, добра й памяркоўна ўгадаеце прычыну.
   На рынку гэтым, дабрадзею, дзе мы во з вамi затрымалiся, нельга сказаць, каб калi якiя вялiкiя кiрмашы адбывалiся. Яно-ж сабе быў у Гацях i рыначны дзень, каторым пашанцавала быць аўторку, прыяжджалi навет, хоць i скупавата, людзi. Ды кiрмаш тут нiколi ня быў тых разьмераў як, скажам, у сераду ў Докшыцах, цi ў чацьвер у Глыбокiм. Гэтта людзi, каторым запраўды што большае збыць трэба было, падноскаў надта не тапталi й часу цэннага ня глумiлi. Вядома-ж, мястэчка малое, дык "каляяжы" якiя-б пражорлiвыя ня былi, дабра многа спажыць ня могуць. Вось таму, дабрадзею мой, кiрмашы ў Гацях такiя сьцiплыя былi.
   Сытуацыя крыху перамянiлася, як "саветы" прыйшлi. Тыя "саветы", як мо й самiм чуць давялося, - салдатнi пераважна, - поўныя кiшэнi лысых мелi. Лысымi звалi дзесяцiрублёўкi, або паiхнаму чырвонцы, а гэта таму, што на iх тая найбольшая, значыцца значыцца галоўная бальшавiцкая брыда была намаляваная. Здарылася цi раз, што замiж запраўдных лысых бальшавiцкiя жаўнеры "гасударсьцьвiннымi аблiгацыямi" за тавар плацiлi. Гэта былi прыгожа зробленыя паперкi, што дзяржава за пазыку людзям давала й грашовае вартасьцi яны ня мелi. Штучку гэту, вядома-ж, сяляне мясцовыя хутка пранюхалi i ўжо ведалi запраўдных лысых, ад розных "аблiгацыяў" iх адрозьнiвалi.
   Людзi мясцовыя, да ўнармаванага жыцьця прызвычаеныя, гэтта падумалi, што новыя парадак можа быць моцны й трывалы, не раўнуючы як тыя пачварныя пудзiлы, што ў дзень вялiкага "вызваленьня" так шмат рудога пылу на гацкiм гасьцiнцы ўскаламуцiлi. Значыцца, што моцнае, тое пэўне-ж i багатае дый трывалае. Народ наш, - самi, пэўне-ж, ня ўчора спавiваныя, дык мяркуйце, да ладу й працы прызвычаены, парадак, навет абрыдлым чужнiком астаноўлены, шанаваць прыспасобiўся. Вось чаму й пасьля гэтае перамены народ адразу за гаспадарку ўзяўся. Як нiколi раней, ажыў гаманой гацкi рынак. Прыемна шалясьцелi ў спрацаваных сялянскiх руках новыя й прыгожаыя "лысыя", а ў вачох аганькi спадзяваньня тлелi. Чаго й трэба, дабрадзею мой, збыт ня сялянскiя тавары быў першаклясны. Як падурэўшы, дальбог, "саветы" падчышчалi каляскi аж да голых драбiнаў, як-бы ад вякоў рознае емiны ня бачылi.
   Няўцямнасьць зьмянiла спадзяваньнi ў сялянскiх вачох, калi за тыя "лысыя", колькi нi тарчы ў чарзе ля таго сельпо цi гарпо, навет фiгi макавай табе ня купiць. Як што прывязуць, дык няйнакш напаказ.
   - Дык напляваць на гэту брыду лысую! - сказаў народ, маючы на думцы бальшавiцкiя грошы, што так прынадна шалясьцелi. - Сваё, значыцца, аддай, а купiш за iх фiгу.
   Вось з такой, дабрадзею мой, прычыны надта-ж скора апусьцеў гацкi рынак. Невялiкi сякi-такi гандаль, - з кошыка й з-пад палы, - перанёсься ў тыя вiлы да Габiшынай крамы. Вядома-ж, i бяз брыды лысай зусiм не пражывеш, асаблiва калi яна вунь па цэлай зямлi таўчэцца, людцам добрым цярпеньня й бедаў спорыць. А ў ваўторак, у самы белы божы дзень, выходзiлi й вылазiлi на гацкi рынак суседнiя куры й пеўнi, дый тыя разглядалiся ўважна навокал, каб якiя саветы за хвост не ўчапiлiся.
   Самiм давялося пра кастрычнiцкую цi акцябрскую чуць? Гэта-ж кажуць, што сёмага лiстапада сьвяткаваць яе тут будуць. Мусiць таму з дошак тыя вунь чатыры з малаткамi й пiламiнейкую трыбуну цi што будуюць. Але-ж. Калi самiм ня собiла нiколi нiякай кастрычнiцкай сьвяткаваць, дык заглянiце. Кумпанii, кажуць, усялякае будзе. Насамперш, кажуць, зьявiцца вялiкае бальшавiцкае начальства, дый сваiх разявякаў, пэўне-ж, падганяць ня будзе патрэбы. Як на яе нi глядзi, гэта самая кастрычнiцкая то, мусiць, нейкi новы цымус, ад каторага, як камiсары заўсёды i ўсюды аж да няпрытомнасьцi вярзяць, зусiм новы й найбольш шчасьлiвы бальшавiцкi сьвет пачаўся.
   Нядоўга давялося Дунi Янука намаўляць.
   - Пойдзем, Янучок, - пачала лагодна дзяўчына. - Ты-ж ведаеш, усiм наказваюць, каб iшлi. Гэта-ж вялiкае сьвята iхнае, дый наша. А разам з тым i нашу школу цяперака паглядзiш. Яна-ж каб ты вiдзiў як зьмянiлася...
   - Эт, чаго мне тамака, - пачаў адмаўляцца хлапец.
   - Дый увiдзiш хлопцаў сваiх... усе твае дружбанты ў школу ходзяць.
   Гэтта Макатунiшка на чульлiвую струну наступiла. Карцiла Януку даўно ў школу зазiрнуць, прайсьцiся дарагiмi для памяцi клясамi й калiдорамi, паглядзець хто зь ягоных аднакласьнiкаў на школьную лаўку вярнуўся.
   - Ну добра, - згадзiўся Янук.
   Ранiца таго кастрычнiцкага сьвята бальшавiцкага, што на сёмага лiстапада выпала, нiчога пацешнага не варажыла. Вецер гнаў хуткiя золкiя хмары й адно каля дзясятай крыху пасьвятлела.
   - Дык што-ж ты, гэта нi гатовы яшчо? - навалiлася Дуня на Янука са скрыпам дзьвярэй.
   - Дык як-жа iсьцi, калi, мусiць, дождж будзiць? - апраўдваўся хлапец.
   - Якi табе дождж! Усе вуньдзiка йдуць. Хадзi, бо спозьнiмся. Нам-жа ў школу на час зьявiцца сказалi. Скарэй! - цягнула Макатунiшка.
   - Табе то так... ты вучанiца. А мне тамака з боку-прыпёку, - ня ўступаў Бахмач.
   - Ну от што пачаў! Ты-ж у нас свой мiж сваiх. З радасьцю прымем, ня толька што. Скарэй!
   - А ты, Мiкола, куды? - спытаў Янук брата.
   - Пайду i я, - адказаў брат.
   - I ня лень табе?
   - Ну а чаго? Часу-ж ёсьць, нi сiнакос-жа гэта.
   - Ты з намi? - спытаў Янук.
   - Ды дзе там маiм нагам з вамi справiцца. Бяжыце ўжо, а я неяк памалу павалакуся.
   Янук з Дуняй адразу ўзялi борзды крок i выперадзiлi шмат каго па дарозе. Яшчэ здалёку спасьцераглi сабраную перад школай вучнёўскую моладзь. У групах i паасобна над галовамi тарчэлi ўсе аднаго памеру, недзе аднэй рукой змайстраваныя ледзянавокiя дыктатары. Мясцамi вецер тузаў разгорнутыя палотны, што крычэлi:
   ДА ЗДРАВСТВУЕТ ПОБЕДОНОСНАЯ ОКТЯБРЬСКАЯ СОЦИАЛИСТИЧЕСКАЯ РЕВОЛЮЦИЯ!
   ДА ЗДРАВСТВУЕТ ТОВАРИЩ СТАЛИН ОТЕЦ И УЧИТЕЛЬ НАРОДОВ ВСЕГО МИРА!
   ДА ЗДРАВСТВУЕТ...
   Янук ужо спраўляўся з чытаньнем, хоць i ў расейскую школу яшчэ не хадзiў. I прыгадалася яму, што ўжо недзе раней падобнае бачыў: i транспарэнты, i лёзунгi, i вялiкую грамаду людзей. Дзе гэта было? Мусiць у тых фiльмах, што бальшавiкi вечарам у Лiпавiчах паказвалi. Адно там людзi iншыя былi: яны ў баях змагалiся, iх падганяў той самы лысун, каторы на грошах намалеваны. Так яно й было.
   ...ТОРЖЕСТВЕННОЕ ШЕСТВИЕ...
   чытаў далей Янук.
   - Чаго разявiўся? - таўханула пад бок Дуня.
   - Ды вунь панапiсвалi. Ты вiдзiла такое?
   - Вiдзiла. Хадзi, я табе вучыцялёў пакажу.
   Макатунiшка ўчапiлася й цягнула Янука за руку.
   - Вунь там на ганку стаяць, - паказвала.
   Янук яшчэ ня ўсьпеў разгледзець тых на ганку, як зачапiўся за нейкую нагу. Ён ледзь ня ўпаў i зараз пачуў знаёмы гулкi рогат. Адвярнуўся.
   - Здароў, Янук! - прамянiўся й дыхаў амаль у вочы твар Загорнага Лявон, таго самага, з каторым гады два ў гацкай школе на аднэй лаўцы сядзеў.
   - Здароў, здароў, Лявон! - зь вялiкай радасьцю ўсклiкнуў Бахмач. - Як маешся?
   - Добра, браток. Толька от пра цябе часта думаў. Чаму гэта ў школу ня ходзiш?
   - Ды знаiш... - зацяўся Янук. - Усякае лiха. Трэба было-б.
   - Праўду кажаш. Нi глядзi на лiха. Навука навукай...
   I тады Лявон зусiм да Януковага вуха прылiп.
   - Хадзi, пацягнем, - шапнуў.
   Пакуль Янук скумекаў што й да чаго, той ужо за руку яго цягнуў. Забеглi за вугал школы, на той бок дзе нiкога ня было.
   - На во, пацягнi.
   - А што гэта?
   Загорны трымаў у руцэ паўлiтровую плоскую пляшку, амаль больш паловы напоўненай празрыстай вадакасьцю.
   - Во пацягнi дык будзiш ведаць. Нi марудзь-жа. Я захiну, на ўсякi выпадак, каб нiхто ня вiдзiў.
   Янук выцягнуў корак i ўважна яго абнюхаў.
   - Дык гэта-ж цi нi маскоўская чыстая? Алi чаму бутылка такая? Яны-ж у круглых прадаюць. А налепка дзе?
   - Вось i дурань ты. Пiралiў у плоскую, каб у кiшэнь было выгадней улажыць. Цягнi, нi марудзь!
   - Чорт яе знаiць, я гарэлкi нiколi ня пiў, - марудзiў Янук.
   - Ну дык пара цяпер пачынаць.
   Янук нагнуў пляшку й вельмi нясьмела пацягнуў. Забрала дыханьне. Закашляўся, аж сьлёзы паказалiся.
   - Каб... ач-хi! Каб цябе халерачкi!
   Лявон голасна зарагатаў.
   - Цягнi яшчо. Сьмялей, ня бойся!
   Пры гэтых словах Загорны нагнуў малую пляшку Януку ў рот. Бахмач намагаўся спажыць яшчэ глыткi са два, але моц гарэлкi забiрала дыханьне й нейкае, раней нязьведанае цяпло разьлiлося шырака па жываце, замуцiла ў галаве.
   - Ну нi магу, нi пхай! - аддаў Янук Лявону пляшку.
   - Добра трошкi пагрэцца, дзiвак ты. Сьцюжа во.
   Загорны пацягнуў з пляшкi, заторкнуў яе, улажыў у кiшэню суконнай сьвiткi й шлёпнуў Янука моцна па плячы.
   - Нi бядуй, кажу. Цяплей во на такiм надвор'i стаяць будзiць. Выгналi-ж во, шэльмы. Завуч i пiянерважаты ўжо вушы абляпалi ўсiм, што абавязкова зьявiцца маюць, толька пажар, патоп цi сьмерць могуць быць апраўданьнем, калi хто ня прыдзiць, - усьмiхнуўся Загорны. - Дык вiдзiш як ёсьць, а гэтта яшчэ пакрапiць можыць, дык i будзiць тады табе акцябарская на ўсе застаўкi.
   Янук ужо добра адчуў мутны прылiў у галаве й цяпло па цэлым целе. Вельмi дадатна ўплывала на яго й пагодлiвая Лявонава натура. Гэты нiколi носа ня вешаў. Янук ведаў, што хлапец жыў у дабрабыце, асаднiкавых кароў ня пасьвiў. Параўнаньня зь Януковым жыцьцём быць не магло.
   Далучылiся да грамады. Ля брамы гулкi сiпаты голас кiдаў вучням нейкiя загады. На перадзе калёны вецер гуляў з чырвоныымi сьцягамi, ззаду йшлi розныя транспарэнты й Сталiнавы партрэты.
   - Кажу, наплюй на ўсё й прыхадзi ў школу, - бубнеў побач Лявонаў голас. - Мусiць ужо скора пойдзiм.
   - Добра табе казаць, наплюй на ўсё. Нi так яно проста, - жалiўсё Янук.
   - Ну а што? Ня пойдзiш цяперака, дык цэлы год прападзець. А дома неяк i бiзь цябе збойдуцца. Кажу, прыходзь!
   - Добра, падумаю, - сказаў Янук нянадта пераконлiвым голасам.
   Школьная калёна тройкамi паволi рушыла на дарогу. Ля чыгункi зачынiлiся вароты й чакалi пакуль перапаўзе даўгi вайсковы цягнiк. Цэлы марш да рынку трываў з паўгадзiны. Янук iшоў побач Лявона i ўжо адчуваў як суцэльна ўлiўся ў вучнёўскую грамаду. Лявон меў слушнасьць, шкада трацiць цэлы год навукi.
   Гацкiя жыхары павыходзiлi на вулiцы, пазiралi на вучняў. Ад рынку даляталi гукi духавой аркестры. Гэта гралi мясцовыя пажарнiкi. Янук прыгадваў тых польскiх пажарнiкаў, што калiсь у залатых, зьзяючых на сонцы шлёмах гралi на "дзень канстытуцыi" - трэцяга мая, або ў хмарны дзень "непадлегласьцi" - адзiнаццатага лiстапада. Цяпер-жа людзi, што дзьмухалi ў трубкi блiзу трыбуны, ля якой стоўкся лес сьцягоў, транспарэнтаў i Сталiнавых партрэтаў, апранулiся ў чорнае й ня мелi зьзяючых шлёмаў.
   Палова рынку запоўнiлася людзьмi. Мiж выбранага тузiна на трыбуне, вайсковых i цывiльных, Янук спасьцярог Маршалкава, Сабакевiча й Саладуху.
   Аркестра прыцiхла й да мiкрафону падыйшоў чарнявы вайсковы палiтрук. Гэтага Янук знаў даўно, сустракаў на перадвыбарных зборках. Палiтрук пачаў гаварыць паволi й мерна. Тэма, якую давялося чуць ранней, гэтым разам асаблiва нацiскала на "вялiкi акцябар". Людзi прамову слухалi спакойна, аглядалiся на пагражаючыя хмары.
   "...велiкая октябрьская соцiалiстiческая революцiя положiла основанiя новой жiзнi, создала могушчественную страну рабочiх i крестьян i она сегодня под руководстваом самого умнейшего в мiре учiтеля i отца всех народов, товарiшча Iосiфа Вiссарiоновiча Сталiна iдет..."
   Пры згадцы крамлёўскага валадара тыя, што стаялi на абвешанай чырвоным палатном трыбуне, быццам на каманду заплёскалi ў далонi. Iх падхапiлi блiжэйшыя ад трыбуны й плёсканьне завяла на плошчы.
   "...i несёт освобожденiе всем трудяшчiмся мiра. Так как вы долгiе лета ожiдалi освобожденiя от белопольского панского iга, так точно ожiдают сейчас освобожденiя i порабошчённые всего мiра. Оно, это освобожденiе непременно прiдёт, iбо..."
   - Алi-ж, братка, брэшыць ён як шарманка накручаная, - таўхануў Лявон пад бок Янука.
   - Мусiць усiх iх добра на той самы лад накруцiлi, - адказаў Янук.
   Пасьля палiтрука выступаў Маршалкаў i Саладуха. Рослы, дужы Саладуха адно разагнаўся басаватым гулкiм голасам, як нарэшце разгневалася неба. Нiзка паўзучыя хмары лiнулi густым сьцюдзёным дажджом. Як на каманду, людзi з рынку пачалi расплывацца на ўсе бакi. Некторы час басiў яшчэ, а неўзабаве змоўк i Саладухаў голас.
   26
   Каляднiца ўзялася за гаспадарку паволi. Руплiва пазьмятала лiсьце й iншы расьлiнны хлам ля платоў, хатаў i гумнаў, падчысьцiла лысыя гарбы на палёх i нiвах. Добра абнiзiўшы тэмпэратуру, трывалка зашклiла ўсе вадзяныя прасторы. Нясьмела пачаў забаўляцца сьнег.
   На лiтоўскiм лузе, дзе малеча ўзялася ладзiць калаўрот на галалёдзiцы, сьнег сыпаў дробным, колкiм у твар макам, а вецер плёў зь яго крутыя гужы, каторымi сьцёбаў па сiне-празрыстым лёдзе. Халадзеча даймала праз даматканыя сьвiткi неданоскi, кажушкi, лезла празь дзiркi ў ботах, шчыпала-пякла ў твары. Халадзеча ня толькi ня спынiла, але навет не запаволiла дзiцячага мурашнiку ля калаўроту. Першы лёд - першая вялiкая радасьць. Гулкiм звонам лiлiся дзiцячыя галасы ля аглоблi калаўроту. Каторым ня было як за аглоблю ўзяцца, тыя за вопратку чапалiся. Хвост напружваўся, гнуўся, танцаваў, рваўся, канькамi лёд крэмзаў. Каторыя-ж ня мелi канькоў, тыя сунулiся падэшвамi ботаў-неданоскаў. Вэрхал над лугам стаяў несамавiты.
   Мусiць не да спадобы гэткае вялiкае сваевольства дзяцей лiтоўскiх прыйшлося ветру ўсходняму. Злосна скалануў чубамi клёнаў, бярозаў i хвояў, шырэй адчынiў усходнiя дзьверы й замянiў колкую сьнежную манну на буйныя крупiны. Ужо зусiм на зьмярканьнi, разагнаўшы малечу па гасподах, вецер абамлеў ад нямогласьцi i ўлёгся ў Гаравацкай пушчы. I тады шырака адчынiлася неба. Сьнег падаў роўнымi, вялiкiмi матылямi, клаўся шчыльна, мяккай белай прастынёй засьцiлаў голыя прасторы. Хто ў тую ноч дзе на адлегласьць ад хаты свае адбiўся, доўга ў памяцi сваей нечага падобнага для параўнаньня мусiў шукаць. Мяккi, пушысты дыван завесiў шляхi, схаваў аб'екты арыентацыi. Вiдаць было на адлегласьць не далей, як добрай пугай махнуць.
   I з гэнай глыбокай пярыны на золаку зноў раскатурхаўся вецер. Спачатку нясьмела перакiдваў трасянку, пасьля дзьмухаў мякiну i ўжо калi зусiм разьвiднелася, падпрог на помач тысячы чарцей. Нячысьцiкi асядлалi магутных вiхрыстых коней i густой кавалерыяй узялiся гэйсаць навокал хатаў, хлявоў, сьвiрнаў i гумнаў. Ля будынкаў iмчалiся дзе коламi, дзе паўколамi, дзе гужамi ўпрысядкi вiлiся. а дзе на ўвесь рост падымалiся, быццам гатовыя да рабунку ўланы. Набраўшы разгону ад лiтоўскага балота, навала чартоўскай коньнiцы накiдвалася на стрэхi, тузала-рвала трухлявую салому. Трашчэлi пад магутным напорам латы й кроквы, дрыжэлi сьцены. Не адразу агледзелiся людзi, што разбэшчаная стыхiя раськiдала бусьлянку на Захаруковай лiпе, пашкодзiла шмат чые стрэхi.
   Вялiкай шуфляй падымаўся сьнег з адкрытых гоняў, абкладаў-абсыпаў будынкi, гароды, сады. Ужо пад полудзень, калi ацiхла бура, лiтоўскiя сяляне, як краты, пачалi тачыць ў сьнезе праходы, сьцежкi, дарогi. А сьнег ня спыняўся яшчэ пару дзён. I калi мелi лiтоўскiя людзi якую паважную прычыну наракаць на сваё гэаграфiчнае палажэньне, дык хiба ў гэну пару вялiкага сьнегападу.
   - Цi нi ўсхадзiлiся гэта гаравацкiя чэрцi! - дзiвiлiся некаторыя.
   - Каму па каму, а нам два камы, - параўноўвалi лiтоўскiя сваё палажэньне зь iншымi вёскамi, што на вышэйшым грунце ляжалi.
   Цi аднаму кемлiваму лiтоўскаму гаспадару прыйшла думка, што мала бракавала для таго, каб вецер зусiм лiтоўскiя начоўкi засыпаў. I мо якраз тады цi адзiн прыгадаў тых далёкiх, няведамых продкаў, што наважылi ў гэтым месцы пасялiцца.
   Сьнежная навала ўляглася папаўднi на чацьвёрты дзень. Адразу пажвавеў пульс прысыпанай вёскi, пачалося доўгае й маруднае адкопваньне, пракладаньне шляхоў. Гурбы сьнегу сягалi падстрэшшаў, адпаведна паменшалi ростам голыя дрэвы, некаторыя пахавалiся камлямi ў круглых конаўках, а суччо iх зьвiсала ўпрытык да сьнежных грэбляў. Несамавiты й непрадбачаны сьнегапад зьмянiў жыцьцёвае тэмпа вёскi. Людзi напраўлялi стрэхi, вычышчалi гарышчы хатаў, каб не растаяў сьнегi не пацякла праз столь вада.
   I калi ўсё дужае й працаздольнае безадкладна ўзялося за гэту, нiкiм непрадугледжаную працу дык меншыя дзецi цяпер забылiся пра лёд i нованаладжаны калаўрот на лузе. У ход пайшлi саначкi. Ды сьнег яшчэ ня ўлёгся. Санкi з малечай вязьлi ў мяккай ў мяккой белай пярыне. Навет людзкiя галасы чулiся ў новай прапорцыi. Калi раней са Шпунтовага двору лёгка чуваць было гамонку вёскi, цяпер гукi гублялiся ў сьнежных карытах ля гумнаў, хатаў, у задзьмуханых садох, дый зьнiкла зусiм рэха.
   Ня ўсьпелi Лiтоўцы паправiць патузаныя стрэхi, як сьлед папракладаць у сьнезе сьцежкi й дарогi, калi раптоўна пасьцюдзянела. Казалi пасьля сяляне, што няйнакш недзе нехта адчынiў далёкую, жахлiвую Сiбiр. За ноч тэмпэратура раптоўна кульнула ўнiз i хаця шматлiкiя ў вёсцы мо нiколi ў жыцьцi ня бачылi градусьнiка, агульная апiнiя, калi такая iснавала, спынiлася-б прынамся на саракоўцы нiжэй нуля. Ледзянелi сокi дрэваў, трашчэла й ламалася гальлё, дрыжэў статак у халодных хлявох. Дарма, што амаль бесперапунна дымiлi цяпер комiны й зьядалi пропасьць дроў вялiкiя печы, халадзечу суняць было цяжка навет у хатах. Замярзалi ў паветры пырскi вады, енчыў цi адзiн лёгкадумны, калi ў посьпеху голай рукой за намезлае вядро ўзяўся. Наляталi на гумны лясныя птушкi, падкрадалiся начамi да хлявоў ваўкi й заядла грызьлi сады зайцы.
   - Чорт iх ведаiць... мусiць гэтыя во Сiбiр нам прынясьлi, - наракаў нехта.
   - Хто гэта?
   - Асвабадзiцелi нiбы, а хто-ж...
   Як доўга жылi лiтоўскiя людзi, нiхто ня мог прыгадаць такой лютай сьцюжы. Дзед Якуб апавядаў, што холад запраўды даўся яму некалi ў знакi, але было тое ў далёкай, чужой, няпрыветлiвай краiне, калi пагналi яго былi цара-бацьку сiлай "зашчышчаць".
   - Кажу вам, каб яго макарэц спапялiў, што як сьвет сьветам, як доўга во па гэтай грэшнай зямлi хаджу, нiколi такога ў Лiтоўцах яшчо во нi было. Прынесьлi во Сiбiр з сабой.
   I ў вадзiн люты сiбiрскi дзень прыйшоў ў вёску наказ, каб усе, хто меў сiлу лапату трмаць, на гацкi гасьцiнец выходзiлi. Колькi бальшавiцкiх грузавых машынаў, што намагалiся праехаць, завязла ў сьнезе. Навакольныя сяляне, спанатрыўшы гэта, на сьмех паднялi маторных разумнiкаў. Адылi хутка ацiх сьмех, калi ўпраглi iх у рашчышчаньне гасьцiнцу. Станулi людзi плячо ў плячо й рылi тунэлi, што мясцамi глыбiнёў у двух чалавек сягалi.
   Нiяк не маглi ажывiць у адкапаных машынах маторы. Пакiдаць-жа грузавiкi на гасьцiнцы было немагчыма. На помач прывялi сялянскiх коней, падпрэглi па чатыры ў машыну ды, падпiхаючы ззаду, пасьцягвалi iх у Лiпавiчы. Рашчышчаны гасьцiнец намагалiся цяпер трымаць адкрытым. Спатрэбiўся пастаянны нагляд i дадатковае рашчышчаньне тых мясцоў, якiя няўтомны вецер засыпаў сьнегам.
   Засьнежаная краiна спрыяла "вызвольнiкам" у вадным галоўным мерапрыемстве, пра каторае не адразу даведалiся сяляне. Звычайна пасьля поўначы, калi сьпяць працавiтыя й сумленныя людзi, на маёнткi, фальваркi й асаднiцкiя засьценкi наляталi ўзброеныя людзi. Работу сваю намагалiся рабiць цiха, каб не спасьцерагло непаклiканае вока. Прыблiжалiся да аб'екту цiха, як зданi, пазладзейску. Настойлiвы стук у дзьверы раскатурхваў перапалоханага гаспадара. Абмундзiраваныя, узброеныя людзi ўрывалiся ў гасподу, як каршуны на кволых птушак, наляталi на сонных людзей, загадвалi неадкладна ў дарогу зьбiрацца. Не, зусiм нiякiх рэчаў нi запасаў браць з сабой ня трэба. Заўтра, цi дзень пасьля, вялiкадушны валадар усiх дахаты адпусьцiць. Вось адно цяпер "быстрэй, быстрэй!"
   Людзi са зброяй былi надзiва негаваркiя. Дзе не памагаў ляканiчны загад, там пагрозьлiва пераконваў кантаваты штык. Плач дзетак, праклёны матак, стогны слабых цi нямоглых не сягалi непаклiканых вушэй. Хапуны лётам кантралявалi маёмасьць "ворагаў народу", найбольш цэннае пхалi ў свае кiшэнi. Дрэнна апранутых людзей выкiдалi празь дзьверы ў санi ды, насядаючы на коней, зьнiкалi ў марознай сьнежнай далi.
   - Вывозяць!
   Жахлiвае, крылатае слова шырылася па ваколiцы. Слова падстрэлiлi. Каму трэба, "народная ўлада" дала грунтоўныя выясьненьнi. Iншыя-ж, перапалоханыя цьвёрдай рукой улады, без адвалокi прышчамiлi языкi.
   27
   Хутка зыходзiў зiмовы дзень. Высыпаўшы з двухпавярховай гацкай школы, дзецi таропка разыходзiлiся. Найбольш вярталася ў мястэчка. На выглажаных палозьзем дарогах вясковыя вучнi азiралiся, каб нагледзець якога добрага дзядзьку, што дахаты падвёз-бы.
   Маўклiва йшоў побач Дунi Янук. Думаў. Было шмат новага й цiкавага, сэрцу блiзкага. Няведама дзе гутарку пачынаць. Бянтэжыўся быццам гэны прыказачны камар у абозе нудыстаў, Мусiць тыднi тры назад вярнуўся Янук у школу. Сталася гэна зусiм нечакана. Неяк павячэраўшы, сказаў бацька сыну:
   - Зьбiрайся, Янучок, у школу.
   Хлапец разявiў рот.
   - Ты, тата, жартуеш цi што?
   - Чаму-ж жартую? Кажу, iдзi ў школу. Ты-ж хочаш, не?
   Бацькавы вочы пазiралi на яго шчыра шчыра й проста, быццам гаварылi: што-ж ты скрываеш, абiбок? Цi-ж ня вiдаць, што аж пiшчыш, як у школу хочаш?
   Янук спасьцярог добра ведамую iскрынку ў бацькавых вачох i ведаў, што не яму скрываць што. Ужо колькi разоў хадзiў на вячорныя курсы ў лiтоўскай школе, дзе "паруску" вучылi. Сын сачыў бацьку. Кавалак панскай зямлi быццам сьвежай жыватворчай хваляй падзеяў. Паясьнеў бацькаў твар, зьнiкла крактаньне-нараканьне, перастала дрыжэць спрацаваная рука, калi на прыгожыя, роўныя ськiбы бохан хлеба рэзала. Праўда з-пад жорнаў хлебкаструбаваты быў, але-ж ён свой, ня той, за каторым у "сяльпо" трэба было гадзiнамi ў чарзе калець. Цяпер у гутарках ня зводзiлiся пляны пра ўрадлiвы кавалак зямлi.