- Дык як-жа гэта, кажаш, Косьцiка й Лявона забралi? За што-ж iх? цiкавiўся Дзяркач.
   - Чорт iх знаiць. Лiтоўскiя ня могуць у тым нiякага ладу дайсьцi. Гэта-ж iхныя, казаў той, найлепшыя людзi. Казала Шпуньцiха, што ночы ынкавудысты наляцелi, як ваўкi дзяцюка пацягнулi. Ды пазабiралi й другiх камунiстаў, з другiх вёсак. А нашто й чаму?
   Як кароткая Тодарава пуга, каторай не патрабаваў навет паганяць конiка, новае, цiкавае пытаньне павiсла ў паветры.
   30
   Вялiчынёй з добрае памяло, мышынага колеру барада пракiдвалася белаватымi пэйсамi й закрывала шырокiя грудзi. Яна то патакiвала-трэслася зьверху ўнiз, то запярэчвала, на бакi гойдалася. Вусны гэтага дзiвака, што назваў сябе Максiмам Паўлавiчам, варушылiся скора, паказвалi два залатыя зубы ў адтулiне мiж вялiкiмi вусамi й барадой. Увага клясы сканцэнтравалася на тых вуснах i бледна-ружовых, хваравiтых шчоках, бульбападобным носе, баразнаватым шырокiм лбе й вялiкай лысiне, сiвымi касмылямi абкружанай. Малыя, рудыя вочкi коўзалi па вучнях, або, калi трэба было падчыркнуць нейкi загiб аргуманту, пазiралi дзесь у няведамую даль.
   Прыгадваў Янук зь нейкай кнiгi здымак. Дзядзьку з такой дубiнай, як пастухi маюць, ды вялiзнай барадой i круглай лысiнай назвалi тады "iзраiльскiм прарокам". Прозьвiшча Янук ня прыгадваў. Дай вось такi даўгi кiй Максiму Паўлавiчу й вылiты прарок будзе.
   Прывёў яго ў клясу дырэктар сямiгодкi Якаўлеў, сказаў вучням, што прыслалi яго з адзьдзелу "народнага абразаванiя" для выяснения "некоторых вопросов по религии".
   Якаўлеў пайшоў, клясны апякун Мiкiта Пятровiч прымасьцiўся на крэсьле ля вакна й пачаў драмаць, а гэты дзядзька гаварыць пачаў паволi, а цяпер ужо й запраўды расплыўся. Можа й сам у сваю гаворку верыў, калi па шчырым выглядзе меркаваць. Адзiн Ёсiп Вiсарыёнавiч, што вiсеў на даўно паскрэбанай рознымi пiсакамi к просячай хварбы пярэдняй сьцяне, абыякавымi ледзянымi вачмi пазiраў недзе праз вакно на гацкую чыгунку.
   Сочачы гэту бараду, прыгадваў Янук Янук iншую. Вялiкi ўказальны палец да гаркаты сьлёз парнуў у жывот i пачуўся зьдзеклiвы голас: "Ну что, мужык, нажрался бульбы?" Казалi, што Абухаў вёў людзей да Бога, а гэты, мусiць, да чорта, цi, як паiхнаму сказаць, да дыявала. Абое рабое.
   Максiм Паўлавiч трашчэў, як накручаная шарманка: "...обезьяна сломила ветвь и вместе с нею упала на землю. Перад нею лежал большущий, круглый, с толстой кожей плод дерева, ветвь которого она сломила. Следующей задачей обезьяны было питание этим плодом. Но вот здесь что то необыкновенное случилось. Как усердно не старалась обезьяна раздавить этот плод, ничего не получалось. Она задумалась. Сообразила взять его в лапы, ударяя одной то другой, но напрасно. После длинных и бесполезных усердий, взяла обезьяна ветвь, отломила самый толстый и тяжёлый конец её и этим то концом начала ударять плод. Таким образом, при помощи сломаной ветви удалось обезьяне разбить плод дерева.
   Учтите одно, что, может быть, процесс, который я вам здесь представил, случился не на протяжении часа или даже двух часов. Может быть обезьяне, чтобы сообразить тот простой факт, что кусок сломанной ветви может быть для нее полезным орудием для сокрушения кожи плода, понадобилось длинное время. Суть дела, конечно, не во времени, а в том, что это был замечательный шаг в процессе эволюции обезьяны от своих примитивных предков к человеку. Подчеркиваю главную точку моего рассуждения: обезьяна начала сооброжать и употреблять орудия труда. От в чем заключается главное одного из многих шагов в развитии..."
   "Можа гэты самы Максiм Паўлавiч недзiка калi быў папом", - разважаў у думках Янук. - "Яго-ж во надзень, пастаў ля царскiх дзьвярэй у царкве, дык цюцелька ў цюцельку вылiты поп будзiць". Янук зiрнуў навокал. Вучнi слухалi ўважна. Сам разумеў ня ўсё, але галоўнае злавiў. Прыблуда гэты апавядаў, што чалавек ня Богам створаны, а ад малпы род свой вядзе,
   "Миллионы лет занял процесс постепенного перерождения, стало быть эволюцыя от своего совершенно примитивного начала к настояией степени развития человека. Наука прочно доказала, что было именно так, а не иначе. Наука всё это утвердила на фактах", - барабанiў прыведзены Якаўлевым дзiвак з "народнага абразаванiя".
   На румяненькiх Дунiных шчочках i ў ледзь прыжмураных васiльковых вочках - поўная канцэнтрацыя. Каб хаця ў ягоны бок зiрнула. Што яна думае пра барадатага лысуна, цi тую "абiзьяну"? Не памяшчалася ў Януковым усьведамленьнi думка, што нейкi пра-пра-далёкi продак яго гэйсаў па афрыканскай цi барнэйскай джунглi, гугнявiў незразумелымi гукамi да таварышоў i на суку сядаў "за стол" спажываць плёны свайго гэйсаньня па дрэвах. А можа кавалкам сука якi гарэх цi ананас пярыў, пакуль зь яго жыжка...
   "...в меру своего развития начала обезьяна исключительно на задних лапах передвигаться, всё реже и реже хвостом пользоваться. С течением времени хвост совершенно исчез..."
   Максiм Паўлавiч вуснамi, а Янук думкамi якраз да хваста малпы дабралiся. Клубы дыму паказалiся над чыгункай. На шырокiх плятформах, накрытых брызентам, як вялiзныя цыгары, расьселiся гарматы. Цягнiк iшоў на ўсход, а не на захад. Мусiць на Фiнляндыю. На днях вялiкiя гусянiчныя "чалябiнцы" падпрэглi й павалаклi ў Гацi гарматы зь Лiпавiчаў. Нiхто нiчога асаблiвага ў тым не спасьцярог. Валачэцца з аднаго на другое месца войска, цягае за сабой вялiкiя й малыя цацы свае. Мо таму, што войску патрэбна, а мо таму, што надта непаседлiвае яно. Надта там хто зь лiтоўскiх у гэных вайсковых справах разьбiраўся. Дык i што-ж, калi гарматы ў Гацi павалаклi?
   У Лiпавiчах астаўся нейкi пэхотны адзьдзел паводля таго, што ў дзень "вызваленьня" стрэльбы на абшмуляных вяровачках нёс. Асталося-ж, пэўне, i некалькi "максiмаў" ды "тачанак", мо навет такiх, пра каторыя ў адной песьнi гарлапанiлi: "ах тачанка-растачанка, все четыре колеса".
   Ажно вечарам урачыста затрашчэла ў доктара Зянькевiча хрыпатым радыё й нейкi голас зь Менску, пачаўшы зусiм неўрачыстым прачышчэньнем глоткi, паведамiў, што "гнюсная Фiнландзiя, талкаемая да авантуры ненажэрнымi захаднiмi iнцiрвентамi-капiталiстамi, учора напала на мiралюбны Савецкi Саюз. Зараз баi йдуць на шырокiм фроньце ад Паўночнага акiяну да паўднёвага пярэсмыка Карэлii."
   Охцiнькi мне! Не зачынялiся ў гэны вечар дзьверы доктаравай хаты. Ня было спрэчак на тэму "хто каго", а мяркавалi як гэта такая малая жабоцька на магутнага слана асьмелiлася.
   "...наука сделала эту истину совершенно определенной. Именно поэтому наука отрицает бога, как создателя..."
   Сымон Пятух, схаваўшы калматую грыву ў каўнер кажуха, каторы, мусiць, у Лазоўскага сьцягнуў, маўклiва смуродзiў "казiнай ножкай", на гразкую падлогу пляваў. Зьнiякавеў i ацiх ад таго часу, як Косьцiка й Лявона пацягнулi. Антось яму зусiм нядвузначна пра розныя цымусы ў руках "народнай уласьцi" шапнуў. I хоць Сымону цяпер, як казаў той, вароты да ўлады ў Лiтоўцах навосьцеж адчыненымi стаялi, гультай, карцёжнiк i п'янiца зусiм ацiх i асеў.
   "...кому эта гнусная ложь нужна? Тем мракобесам, которые через религию владели умами, а стало быть и материальным имуществом народа, тем, которые рабочих и крестьян, всех трудящихся закабалили. Ведь не кто иной, а сам Владимир Ильич Ленин сказал, что религия - опиум для народа..."
   У хаце ўжо больш як тры пары сам Мiкола гаспадарыў. Лiтоўскiм сялянам, у тым лiку й Бахмачу, дрэва зь Перасечана вывозiць загадалi. На каня па трыццаць кубамэтраў налажылi. А кабыла-ж жарэбная была. Спадзяваўся бацька, што калi добрае жарабё прывядзе, можа на каня ўзжывецца.
   "...именно клерикалы воспрепятствуют всякому прогрессу, потому что прогресс - это наука, а где наука, там народ, увидев истину, отбросит клерикалов-мракобесов и их ложные суеверия и притчи..."
   Бацька выхадзiў прастуду, Косьцiкам i Лявонам у варыўнi нагнаную. Часта скрыпеў, быццам старое, надломаннае дрэва, але наракаць надта не наракаў пасьля таго, як ласы кавалак зямлi ў Лiпавiчах прыдзялiлi. Дзiва колькi пасьвятлеўшае заўтра жыцьцёвае моцы дало. Хапiла аднаго кавалка ўрадлiвай зямлi, каб чалавек на поўны рост стануў, гадоў на дзесяць памаладзеў.
   "...Советская власть рабочих и крестьян стремится к благополучию жизни своих граждан и потому бдительно разоблачает какую-либо религиозную чужеложь. Но нельзя сказать, что легко разоблачать религиозную ложь. Мало того, что наше советское правительство и коммунистическая партия, что наши организации воинствующих безбожников, вдохновенные великой идеей всенародного блага, ведут широкое фронтовое наступление на гнусных мракобесов, антинародных клерикалов и их темные религиозные суеверия и предрассудки. Недостаточно всего этого, ибо столетия церковной лжи прочно внедрили в народе религиозные предрассудки и сегодня ещё не сдаются самые отставшие и темные элементы его. Чтобы истребить эти предрассудки, разоблачить ложь клерикалов, отставшим указать путь к воинствующему научному марксизму нужны усердия каждого из нас. Да, нужно проявлять всевозможную бдительность, повторяю - беспощадную бдительность..."
   Дрыжыць млосная Пракопава рука, трымаючы набухтырыную Шпунтом шклянку агiднай сiвухi. Зладзейскiя Сабакевiчавы вочы, як кот мыш, пiльнуюць зьняможанага Януковага бацьку, каторага ў халодны пот кiдае. Ён паволi, цяжка ўстае за сталом. Рука апушчаецца й ставiць шклянку на стол, вочы сьвецяцца скрухай i дрыжыць голас малiтвы: "Сьвятая Апрасiньня Полацкая, Дарагая Правiднiца наша, заступiся за нас!"
   Тры постацi застылi пры стале. Цяжкое дыханьне й мёртвае маўчаньне. Мiг - цэлая вечнасьць. "Я табе, яцi тваю маць, пакажу тваю Апрасiньню!" грымiць разьюшаны, хрыплы бас i шклянка цаляе проста ў цэнтар абраза Прадславы. Як цяжкi мех, бацька асоўваецца на лаву, дрыжаць бледныя вусны.
   "...бдительность нужно применять везде и всегда, ибо враг не сдается и не думает сдаваться. Борьба с клерикалами-мракобесами будет длинной и упорной..."
   Кагадзе пашырылася ў Лiтоўцах навiна, што чорнабароды Абухаў у Дубовiцкай царкве свае модлы спынiў. Парафiю ўлада асядлала такiмi вялiкiмi "ўзносамi", што каб няведама якiмi грамадамi ў царкву сьпяшылi й якiя вялiкiя матар'яльныя ахвяры прыносiлi, дык усё ў касматую "асвабадзiцельную" лапу трапiць, а самому дубовiцкаму сьвятару, быццам, на грыбную полiўку навет ня хопiць. Казалi, што быццам сьвятар з залатым крыжам пры царскiх варотах на тэму такога нефартуннага павароту справы, густа ў чорную бараду чмыхаючы, прасьлязiўся, помачы прасiў. Ды "узносы", як з гэных гутарак спанатрыць можна было, ня толькi царкоўную, але й Абухаву прыватную маёмасьць учэпiстамi лапамi агарнулi. На дзьвярох Дубовiцкае вялiкi замок побач нейкай урадавай запiскi вiсеў, а сам сьвятар, з пляшкамi блiжэйшае сваяцтва завёў.
   "...нужно сообразить, что мракобесы-клерикалы совершенно бессильны без поддержки масс. Задача наша поэтому есть в просвещении..."
   Максiм Паўлавiч левай рукой палез пад бараду, расшпiлiў аплiк i пару гузiкаў шэрай, у клетачкi, сьвiткi ды далей шаманiў сiпата-траскучым голасам. Янук зiрнуў на шчэрбiну свайго левага бота. Тарчэлi адтуль рудыя драўляныя цьвiкi. Налезла сьнегу, пальцы нагi варушылiся ў вiльготнай анучы. Бурчэў-наракаў жывот. Можа за пару гадзiн па гэтым марозiшчы дахаты дабярэшся, а там Мiкола з капустай сустрэне. Добра, калi кавалак косткi зь мясам пападзе.
   Уздрыгнуўся з дрэмкi ля вакна Мiкiта Пятровiч, зiрнуў на агiтатара з "народнага абразаванiя", кiнуў вокам на вялiкую белую цыбулiну-гадзiньнiк на руцэ. Каб перапынак скарэй.
   "...которые помогают мракобесам, есть везде вокруг вас. Они - ваши друзья, знакомые, ваши родственники. Будьте бдительными и стремитесь с самого начала их разоблачить ибо разоблачение есть первой степенью просвещения..."
   Косьцiк ведаў, што рабiў. Ён Януковага бацьку "мракабеса разаблачаў". Вось яно што.
   "...наши общие интересы, стало быть интересы коммунистической партии, могуиественного советского государства, правительства его и мудрейшего из мудрых отца народов, гениального корифея коммунизма, товарища Сталина, стоят выше интересов семейственных, собственных и прочих..."
   Кляса перасеялася. Адыйшлi нафуфырыныя, намаляваныя, пасьвяточнаму апранутыя панкi й паненкi. Недзе мо ў вагонах па дарозе на Сiбiр, цi ў iншым катуху "нiаб'ятнай" голад i холад iм з павекаў сон зганяе. Там-жа й Верачка-цацанька з галапупымi разам. Божа магутны! У клясе ўважна слухалi гэтага дзiвака сьцiплыя, простыя, даверлiвыя сялянскiя дзеткi. Спачатку было "асадзi назад" зь сёмай i шостай у пятую. Бальшавiцкая мешалка перамяшала, на новы лад падраўняла. У шостай больш здольныя засталiся, а ў сёмую наплылi сынкi й дачушкi "васточнiкаў". "Народнаўладнiцкая" мешалка прынесла ў клясу лапцi, сукенкi й сьвiткi ў лапiках, розныя транты-абноскi, вожыкамi стрыжаныя галовы. Затаптаная гразёй падлога даўно вады й мыла прасiла. Цяпер-жа адно "камбедаўцы" вопраткай вырозьнiвалiся.
   Званок зь нiзу заврухнуў з дрымоты Мiкiту Пятровiча, а сьмелы шорах выказаў агульную нецярплiвасьць дзяцей. Максiм Паўлавiч на мiг спынiўся ў сярэдзiне няскончанага сказу.
   - Жалко, так быстро время пролетело... Пускай. На второй раз продолжим...
   Вучнi выходзiлi ў калiдор. Янук стаяў пры вялiкiм вакне, празь незамерзлую сярэдзiну шыбы пазiраў на бель роўнага поля, што з правага боку падбiралася пад дуброву, а зь левага да чыгуначных шляхоў. На станцыi дымiла колькi паравозаў, мясцамi варушылiся вагоны, гэтта блiжэй ужо вырасьлi сьцены вялiкай будынiны, таго "фазаво". Там чарнелi ля працы "фуфайкi".
   - Што-ж ты, Янучок, сягоньнiка такi нiвясёлы?
   Стаяла зь левага боку, упрытык да яго пляча. Румяная, пышная, расьцьвiўшая. Вось, здавалася, хутка на пунсовых шчочках зьявяцца ямачкi, гарэзьлiвай усьмешкай загарыцца тварык, а васiлькi, зводзячы й абяцаючы, пацягнуць у краiну хмельнага, кроў грэючага-хвалюючага дурману. Янук, не без намаганьня, адвярнуўся, каб не глядзець на дзяўчыну.
   - Ды так сабе... А што мне нiвясёлым няможна быць?
   31
   Перад зьмярканьнем папусьцiў мароз i ўскатурхаўся свавольнiк-вецер. Лянiва пазабаўляўся сьнежнай трасянкай ля гумнаў, хатаў, на ўхабiнах раскапанага тунэлю гацлага гасьцiнцу, на ўзьлесьсi Гаравацкай пушчы, скалануў Архiпаў чуб. Пачаў арганiзаваць уланаў чартоўскай коньнiцы дый не на сьмех шаржаваць вакол будынкаў. Пасьмялеўшы, сьнежныя, бела-пуховыя буяны джгалi ўздоўж i ўпоперак зусiм адкрытага прастору лiтоўскiх начовак. Вырасталi, iмчалiся на злом галоваў, падалi й зноў паўставалi.
   Цi ёсьць што больш велiчнае й захпляючае, чымся завiруха, калi магутная стыхiя iмкне насустрач ночы! Ля гумнаў скрыпяць азяроды, рыпiць у садзе надломаны камель цi галiна, жаляцца скуголяць голыя чубы клёнаў, ля вiльчыкаў засланкай грукоча тая дошка шчыта, каторую "во трэба прыбiць дабрацца". Хтось упоцемку вобмацакам лазiць па гарышчы, поўзае па склепе, кешкаецца пад страхой. Асьцярожна прачынi знадворныя дзьверы зь сяней i прыслухайся: гэта вунь магутны тытан схапiў чуб той лiпы, што ў садзе. Ды не, пiльней трымай вуха: гэта ня лiпа ў садзе, Няйнакш так грымiць сам волат Архiп. А мо й не адзiн ён. Мо ў Гараватцы са старых валатовак устала князёва дружына, зыходзiцца на веча, шумiць-гамонiць народ, раiцца як бацькаўшчыну ад напасьнiка баранiць. Чуеш, як вунь iржаць конi, зьвiняць шлёмы й кальчугi, дзiды й забралы? I цi нi клiнок з аздобленай ручкай урэзася-скрыгануў у шчыт напасьнiка? Чуеш гулкiя званы? Яны Гаравацкiх клiчуць. Гасiце-ськiдайце смаляныя вогненныя ядры, не давайце агню да цэнтру дзяржавы дабрацца! Дый не баранiцца, а наступаць вам, бо найлепшай абаронай ёсьць атака. Гудзяць ваенныя рагi, галосяць дуды, зьбягаюцца вартавыя й памежныя зьблiзку й здалёку. На бой, каб даць адпор! А дыханьне ворага прагнае, напорыстае. Гультай- леў пранюхаў здабычу i ўжо на сухадрэвiне першыя груганы зьявiлiся. Будзе гэтта бой вялiкi, сiла народу галовы паложыць. Чуеш, як напiраюць дружыны волатаў? I ня трывожыць цябе хiсткая, зьняможаная рука абаронцы? Трымайцеся, ня дайце ходу цемры, бо за гэтым боем мяжа. Далей нi прасьвету, нi жыцьця, адно на валатоўках вецер хаўтуры адпяваць будзе.
   . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
   У Бахмачовай хаце кацiным вочкам лiпеў на дне перавернутага верхам унiз гладыша на стале каганец. Абапёршыся падбародкам на далонi, сядзеў пры стале Мiкола. Ягоныя буйныя, даўно нястрыжаныя валосы навiсьлi над правым вокам. Хлапец матнуў галавой, адкiнуў назад валосы i ўтаропiўся ў маленькае полымя каганца, што варушылася пад подыхам ветру, якi прабiраўся празь сьцены, абкладзеныя звонку кулявой саломай i абсыпаныя кастрай. Блiжэй парогу, ля вялiкай печы, весела хлiпала ў круглай чыгуннай печцы полымя. Печку кагадзе прывалаклi ў хату, паставiлi на цаглiнах i падлажылi пад нiз абшырны кавалак таўстой бляхi, а комiн правялi ў круглую дзiрку цаглянай печы.
   Янук паволi сьцягнуў боты, павесiў на шнуры над печкай сушыцца анучы, надзеў туфлi й сеў на зэдлiку ля печкi. Зiрнуў на брызентавую сумку, у якой насiў кнiжкi й сшыткi ў школу, нешта памяркаваў ды лянiва прыжмурыў вочы. Незадаволены Мiколавай капустай, бурчэў жывот. Хлапец раптам устаў, выбег у сенцы й хутка вярнуўся зь вялiкай жоўтай антонаўкай у руцэ. Адкусiў вялiкi кавалак i паволi, смакуючы, пачаў жваць.
   - Ужо зьмякчэла? - спытаў лянiва Мiкола.
   - Яшчо цьвiрдаватая, алi ўжо есьцi можна, - адказаў Янук.
   Абнюхаўшы прыемны пах антонаўкi, Мiкола пацягнуў носам. Яблакi належвалiся на гары ў кастрыцы.
   - Хто ведаiць, якiя налета антонаўкi будуць i цi будуць толька, мяркаваў Мiкола. - Такi марозiшча. Пэўня ўсе сады памерзнуць.
   Янук не адказаў, адно апэтытна спажываў яблык.
   - Халерачка, во ўсе дарогi пазамятаiць. Як гэта бацька вернiцца? спытаў Мiкола.
   Янук уважна зiрнуў на брата. Той быццам вярнуў да рэчаiснасьцi ягоныя думкi, што блудзiлi дзесьцi вельмi далёка. За вакном вецер насядаў на высокiя, дашчаныя вароты пры вулiцы. Вароты скрыпелi, быццам на такi зьдзек скардзiлiся. Мiлiёнамi сярэбраных, празрыстых матылёў стыхiя хвастала знадворныя шыбы падвойных вокнаў.
   - Трэба было во аканiцы зачынiць, - сказаў Янук.
   - Дык зьбегай ды зачынi, - параiў Мiкола.
   - Я босы, - апраўдваўся Янук.
   - Можаш абуцца. Нi напрацаваўся ў тэй школе, нябось.
   - Ты ўжо напрацаваўся... паўтары сьвiньнi накармiў, пару авечак, карову ды кацёл капусты за цэлы дзень зварыў. Напрацаваўся, называецца, - скрывiўся меншы Бахмач.
   - Маўчы! - узлаваўся Мiкола.
   Бразнулi дзьверы з вулiцы й нехта шукаў клямкi дзьвярэй у сенцах. У камору ўбегла Алесява Надзя.
   - А браточкi, сьнегу во кучу вам прынесла! - усклiкнула дзяўчына звонкiм голаса, схапiла з кута мятлу ды выбегла зноў за дзьверы, а неўзабаве вярнулася ўжоз абмеценымi ботамi. Твар дзяўчыны з румянымi, круглымi шчокамi, ружовымi вуснамi, пасiнеўшым кончыкам носу, прысыпанымi сьняжынкамi валосамi, зьзяў на парозе прыемнай i добрай, зычлiвай усьмешкай. Гэтак цьвiла дзяўчына, што дбала пра гаспадарку, сваiх i чужых людзей. Вочы пабеглi па пустой. змрочнай хаце й на твар напоўз цень.
   - Нiма дзядзi яшчо? - спытала.
   - Сама-ж вiдзiш, - адказаў Мiкола.
   - Вiдзiць вiджу, алi-ж запытацца трэба было. I таты-ж нiма, а яны-ж разам. Ну як вы тутака?
   Яна ськiнула шэрую, падношаную бурку, якая крыўдзiла гнуткую й прыгожую Надзiну фiгуру. Каб аздобiў яе ў якое адпаведнае адзеньне, хавайцеся тады вы, вялiкiя, пудрай i рознымi парашкамi цi мазямi размалёваныя гарадзкiя моднiцы.
   Зiрнi блiжэй на гэту сьцiплую вясковую кветку i ўявi яе мiж блакiтных званочкаў цьвiтучага лёну, побач памежнай шыпшыны, цi дзiвоснага чабору. Прыгожы матылёк, якому пырхаць ля пышнага суквецьця садоў, бэзаў, цi канюшыны. Хоць дзяўчына найлепш цьвiла-б, здаецца, на ўлоньнi вясны, яна й цяпер, у глухую зiмовую завiруху, у паўзмрочнай хаце сьвятлом вялiкiм прамянiлася.
   - Чаму-ж гэта лямпадкi не запалiце? - спытала Надзя й падыйшла да абразоў.
   - А нашто? - спытаў Мiкола.
   Лямпадку палiлi на вялiкя сьвяты.
   - Бацька-ж у дарозе, - адказала Алесява дачка. - Трэба, каб Бог шчасьлiва вярнуцца памог. Дарогi, пэўня, сяўсiм пазамятала, так дуець, што нi дай Ты, Божа...
   Зь сярэбранай чашкi, што на лянцужку перад абразом Збавiцеля дзяўчына выняла чырвоную шклянку, да паловы напоўненую воскам, абцерла з кноту нагар, падыйшла да печкi.
   - Маеце якую саломiну? - спытала.
   Янук дастаў з-за печы кавалак лучыны. Яна ўспыхнула вясёлым агнём. Дзяўчына запалiла кнот у лямпадцы, павесiла перад абразом напокуцi й перахрысьцiлася. Полымя лямпадкi чырваньню аблiло абраз Збавiцеля, пабiты й незашклёны абраз Сьвятой Прадславы й Маткi Боскай з Хрыстом на руках. Кут аздобiўся ўрачыстай таямнiчасьцю.
   - Цi хто ўжо прыехаў, можа чула? - спытаў Янук.
   - Ды не. Да нас вунь Аксеня забягалася, дык казала, што яшчо нiма нiкога.
   - Прыедуць. Як гуртам, то нi заблудзяць. Толька от што дарогi пазамятала, дык даўжэй займiць, - спакойна разважаў Мiкола.
   - Як-жа гаспадарка ваша? Усё ў парадку?
   - А што маiць быць нi ў парадку? - пытаньнем адказаў Мiкола.
   - А што ў цябе ў школе, Янучок? - падцягнула дзяўчына табурэцiк i села ля печы.
   - Эт... што табе сказаць, - думаў Янук. - Сягоньнiка нейкая абiзьяна прыхадзiла ў школу й казала нам, што Бог - выдумка, што мы ўсе ад абiзьяны вядземся...
   Дзяўчына ўважна зiрнула на двуроднага брата.
   - Як ён сказаў? Ха-ха! - пырснула Надзя гулкiм сьмехам. - Ад абiзьяны? Чалавек? Сьмяешся, цi што?
   - Яй-божачкi, каб я з гэтага месца нi сышоў, от на Бога прысягну! спаважнеў Янук.
   Хвiлiна маўчаньня. Вецер сьцёбаў канцамi галiнаў бэзу па вакне. Скрыпнулi вароты, што ад вулiцы.
   - Цi-i-iха! Шшшшш! - падняла Надзя палец. - Не, нiхто ня езьдзiць, гэта вецiр. Дык хто гэта такi да вас, кажаш, у школу прыяжджаў?
   - Дарэктар Якаўлеў прывёў яго да нас i сказаў, што ён прыехаў з адзьдзелу "народнага абразаванiя". Сам такi лысы, барада, як памяло, на цэлыя грудзi. Касмылi, вылiты поп. Нейкi чорт, мусiць, ад бязбожнiкаў.
   - I што ён галдзiў?
   - Ды от казаў, што жылi на сьвеце абiзьяны, першыя значыцца... людзей яшчо нi было. Тады, кажыць, за мiлiёны гадоў яны навучылiся карыстацца, як ён сказаў, "арудзiямi труда", Хадзiць пачалi на заднiх лапах, хвасты iм паадпадалi, бо ўжо нi было патрэбы хвастамi за дрэвы чапляцца. "Как абiзьянiна галава начала думаць, упатрабляць арудзii труда, тада начаўся працэс разьвiцiя чалавека, iба абiзьяна начала мазгi ўпатрабляць". Нешта во такое плёў. А як Богу дасталося ад яго, мамачкi мае! Ну i дасталося-ж усiм тым, што ў Бога веруюць.
   - Ну а што вучнi на гэта? - цiкавiлася дзяўчына.
   - А што-ж вучнi... слухалi ды ўсё. Што хто думаiць, дык цi ты ў каторага на лбе прачытаеш?
   - А ты што думаiш? - ня спынялася Надзя.
   - Алi-ж ты цiкавая, - упiкнуў Янук, - скора састарэешся.
   - Ну алi-ж мне скажаш, - усьмiхнулася Надзя, таўхануўшы хлапца плячом.
   - Якая ты сьмешная... Ну што я магу думаць? Першы во раз пачуў... Мне здаецца толька, што каб яно так было, як ён кажыць, дык чаму яшчо ў тых джунглях цяперака поўна абiзьянаў? Чаму яны ўсе нi перамянiлiся ў людзей, як ён казаў нiбы тое было?
   - Бо можа гэтыя нi такiя абiзьяны? Можа яны дурнейшыя за тых iншых?
   - А можа гэны пэйсаты гарыла з "народнага абразаванiя" найбольшы дурань за iх усiх? - адсек Янук i злосна плюную.
   - А яго нiхто нi пытаўся, чаму ўсе абiзьяны людзьмi нi зрабiлiся? - з усьмешкай спыталася Надзя.
   - Нiхто нiчога нi пытаўся яго. Расшумеўся, як папоў самавар... Пад канец намякнуў, што яшчо ня скончыў. Званок абарваў. Можа яшчо раз прыедзiць.
   - А як Бога няма, паягонаму, дык нi казаў тады ў каго нам верыць? спытала дзяўчына. - Можа ў Сталiна?
   - Яшчо да гэтага нi дабраўся. Алi калi другi раз прыдзiць дык тады ўжо, пэўня, даведаемся, - закончыў Янук з сарказмам у голасе.
   - Ну чорт зь iм, - сказала дзяўчына. - От што прыпомнiла: пазьбiрай Янучок, усё карэлае, найперш бялiзну, ручнiкi ды ўсякую ўсячыну, што памыць трэба. Заўтра забягуся, луг зраблю ды ўсё памыю. Добра?
   - Мiкола-ж у нас гаспадар, дык яму лепi вiдаць. Сама гэта знаiш, адказаў Янук.
   - Ты, Мiкола, дагледзiш?
   - Добра, - адказаў Мiкола.
   - Пабягу-ж я назад, - крутнулася Надзя. - Тамака сама мама дома.
   Скрыпнулi пярэднiя дзьверы й дзячына, кiнуўшы "дабранач" на разьвiтаньне, зьнiкла ў сьнежнай навальнiцы. Гадзiну пазьней ля варот пачуўся голас i Янук, хутка апрануўшыся, выбег паглядзець. Сьнег цярушыў у вочы, але, здавалася, палагаднеў. З вулiцы бацька намагаўся адчынiць высокiя дашчаныя вароты, навокал якiх намяло сугор сьнегу.
   - Чакай, тата, я прынясу лапату, - пасьпяшыў Янук.
   Зь сенцаў бегам хапiў шырокую лапатуды ўзяўся адчышчаць сьнег. Бацька трымаў за аброць кабылу, гладзiў яе па мордзе. Захутаны ў бурку, зь вялiкiм башлыком на галаве, сьпераду тарчэлi аблядзянелыя на канцох вусы. У сыпкай сьнежнай маньне нагадваў нейкую дзiўную зьяву.
   - Сынок, адпражы кабылу, накрый яе коўдрай i падвяжы, каб ня ськiнула яе, падпругай, ды падкiнь ей лепшага мурагу. Трэба будзiць папаiць, якую гадзiну спусьцiўшы...
   Дзiўны, скрыпуча-дрыжачы, нязвычайны голас. А яшчэ больш нязвычайным было тое, што бацька цяжкiм крокам адразу накiраваўся да заднiх дзьвярэй хаты. Янук перастаў раскопваць сьнег i пазiраў на шырокiя бацькавы плечы, башлык, таўстыя ў анучах i лапцёх ногi. Прыгадаў хлапец, што нiколi, прыехаўшы зь якой вялiкай цi малой дарогi, не сьпяшыў бацька ў хату пакуль кабылы не ўпарадкаваў.
   Янук адчынiў вароты i ўзяў кабылу за аброць. Ступала яна няроўна, на бакi хiсталася, быццам замiнаў ёй у хадзе цяжарны жывот. Любiў Янук гэту цяглавiтую жывёлiну. Калi раней даглядаў яе, сустракала хлопца кароткiм iржаньнем, мордай лiсьлiва ёрзала па ягоным плячы цi твары, выказваючы такiм чынам радасьць павароту пад родную страху. Цяпер-жа, - i гэта зьдзiвiла хлопца, - кабыла йшла, здавалася, зь нейкiм намаганьне, а вочы яе быццам i не пазналi Янука. Зьнiзу ля пысы й цугляў вiсела кароткая намаразь сапылёў. Янук узяў за аброць, намагаўся павярнуць галаву да сябе.