— Добрая вера, — сказаў мурза. — Зручная для моцнага вера.
   — Ты што ж, не кранеш тады зямлі? — спытаў Грынь Балвановіч.
   — Нашто «зямлі»? В а ш а й зямлі не крану.
   Сінкліт думаў.
   «Прасяшчаму ў цябе — дай», — ціха сказаў Лотр.
   — Па вазе дай, — сказаў крымчак.
   Жаба ціха забубніў:
   — Няверныя вагі, сказаў Саламон, брыда перад Панам Богам, але правільная вага жаданая яму.
   — І жанчын дайце нам. Бо нам патрэбны жанчыны. Нараджаць моцных ваякаў… дзеля нашай веры.
   Кардынал і мніх пераглянуліся. Зразумеў іх таксама біскуп.
   — Хіба што… некалькі манастыроў, — узняў ён грозныя бровы. — Усё адно з манашак талковага, як з кошкі воўны.
   Мніх ціха сказаў:
   — Машкаўскі… Ігуменні сказаць, каб каго ўжо каго, а тую выдала басурманам, — і ўсміхнуўся. — Нічога, яны там з іхнім вопытам не адну, а тры арды адразу знутры раскладуць.
   Татарын глядзеў на тых, што шапталіся, чакаў.
   — Дамо, — сказаў Лотр. — Толькі каб зберагчы мір.
   — Будзе мір, — падступна ўсміхнуўся крымчак.
   Карніла зашаптаў Лотру на вуха:
   — А як падмануць? Грошыкі ж на рамонт мура ля Лідскай брамы вечна нехта ў кішэнь?…
   — Ну-ну.
   — А мур там такі, што я кожны раз з жахам гляджу, калі да яго сабакі падыходзяць ды падмываюць. Грошай не даяце.
   — Рада хай плоціць, — сказаў кардынал.
   — Вы аднойчы ўжо магістрацкія грошы цю-у, — сказаў, дачуўшыся, Юстын. — А гарадская рада заўсёды была бедная, як царкоўны… прабачце, як магістрацкі пацук.
   — Тым больш адкупіцца трэба, — бязгучна сказаў Лотр і ўголас дадаў: — Мы пакажам табе, дзе вы будзеце мець права браць жанчын, мурза. Першым можаце Машкаўскі кляштар…
   У гэты момант моцна аддаўся пад гатычнымі скляпеннямі гук смачнага пляўка.
   Плюнуў малады чалавек год дваццаці пяці, які стаяў сярод варты. Худы, але цыбаты і моцны, у цяжкіх латах ад шыі да ног (шлем ён пачціва трымаў у руцэ, і доўгія попельныя валасы ягоныя ляжалі на сталёвых наплечніках), ён цяпер выціраў тыльным бокам вузкай і моцнай далоні вялікі і цвёрды рот, рот утрапёнага.
   Шэрыя, прыгожай формы вочы глядзелі з абурэннем, саркастычнай усмешкай і амаль з фанатычным гневам. Просты нос нібы акасцянеў.
   — Тфу!
   — Гэй, ты гэта што, у храме?… — спытаў Карніла.
   — Кар-чма гэта, а не храм, — кінуў чалавек. — Таргі! Хто са мною? Мы ім…
   Некалькі чалавек рушылі за ім.
   — Будуць ваяваць? — занепакоена спытаў мурза.
   — Адступнікі, — сказаў Лотр. — Сказана — «не забі». Тысячнік, загадай, калі скончым, замкнуць браму і не выпускаць з горада мяшчан.
   Так завяршыўся самы ганебны торг з басурманамі, які калі-небудзь ведала Зямля Белай Русі. З тым, хто плюнуў, з правадыром асуджанага заслону, паспела выйсці, дзеля ўратавання сумлення і гонару, не больш як за трыста — чатырыста чалавек, пераважна без коней. Выйшлі на верную смерць.
   У гонар гародзенцаў варта сказаць і тое, што пасля таго, як тысячнік зачыніў брамы, нешта чалавек каля пяцідзесяці ўмудрылася спусціцца з муроў і ўсё ж уцячы за раццю.

РАЗДЗЕЛ ХХХ САРАНЧА

   …але ў людзях рыцарскіх, каторых там мноства пагінула, вялікую шкоду карона падняла.
    «Кроніка Белай Русі»
 
   СЛОВА АД ЛЕТАПІСЦА
    «І ўторгнуліся, і ўварваліся татараве крымскія ў нашы краі, і здарылася так, што не было ім, папушчэннем Божым, заслоны, і рассыпаліся яны там і там. О войска вялікае, шмат тысячаў ездных! О гора вялікае! Не спадзяваліся на тое, заўжды з пакораю Бога вялікага аб міры і спакою просячы, пры міры жывучы.
    І зямля гарэла, і хаты, і людзей у палон вялі, і клейны на лоб ставілі, як быдлу.
    І рассыпаліся татараве па зямлі нашай, як саранча, аб якой у адкравенні святога Яна Багаслова, Апакаліпсісе тож, прарочана. Усё, бы ў яго, спраўдзілася. Па абліччу нават: «Па выгляду свайму саранча была падобная коням, падрыхтаваным на вайну; і на галовах яе як бы вянцы, падобныя на залатыя, твары ж яе — як твары чалавечыя. На ёй былі броні, як бы броні зялезныя, а шум ад крылаў яе — як грукат ад калясніц, калі мноства коней бяжыць на вайну». І спраўдзілася тое, што: «У тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе; пажадаюць памерці, але смерць уцячэ ад іх».
    Але яшчэ страшней было за Апакаліпсіс. Бо ішлі яны, ляцелі яны, а разам з імі ляцеў звер з бязодні, рачоны слонь. Лаціньцы кажуць — лефант, а нашое — слонь. Тая слонь таўстамясая, упоперак сябе таўсцейшая, у вышыню сябе даўжэйшая, ногі — нібы дрэвы і тоўстыя, як кадзь, бязпоўстая, страхавыглядная, вялікагаловая, гарбаспінная, з азадкам віслым, бы ў мядзведзя (без поўсці толькі), і хадою, як мядзведзь, і замест носа як нібы хвост і два зубы, як у дзіка, гэтак і сяк і ўгору, і вушы, нібы колдры, а ў носе — хвасце — чэп пабіваючая.
    Дужа зверападобная і жаху падобная слонь!
    Змялі яны са слонню людзей, і ляцелі, і палілі. І ўцякалі ад іх бедныя і багатыя, і царкоўныя людзі кідалі ўсё і ўцякалі.
    З усіх расафорных — здзіўленне! — адзін дыякан Нясвізкай драўлянай Сафіі, што зачыняе пяцідзённы Нясвізкі славуты кірмаш, царквы драўлянай не па беднасці, а па смірэнню свайму, выявіўся чалавекам. Катавалі. Пэцкалі мёдам і садзілі на сонца, дзе мухі і восы. Душылі між дошкамі. Палілі. Трэскі забівалі пад кіпці. Але ён, пакуту смяротную прыняўшы ад паганых, ні тайніка скарбнага, ані ўвахода ў хады падземныя і пячоры, дзе хаваліся людзі, не паказаў. І тады прывязалі яго да дзікіх коней і пусцілі ў поле.
    А людзей у пячорах сядзела, можа, тысяча. А імя дыякана было Аўтроп».
 
    Палалі вёскі, палалі гарады. Бурыліся ў агні драўляныя вежы крэпасцяў. З гіканнем, пад гул бубнаў імчалі коннікі. Луналі бунчукі. Жудасным, страшэнным воблакам стаяў пыл. Рыдалі вярблюды і аслы.
    Гналі на арканах напаўголых людзей, жанчын з сінякамі на грудзях. Забаранялі здымаць з палонных толькі крыжы. Таму што адзін, калі здзёрлі з яго, сцягнуў крымчака з сядла і ўдарыў кайданамі па галаве, і тады Марлора — хан — успомніў завет і забараніў. А таму, хто ўдарыў, увагналі ў жывот стралу і кінулі.
    І ўсіх мецілі. Падносілі клейну да лоба, стукалі па ёй, і заставаўся на лбе крывавы татарскі знак.
    Лупілі, луп цягнулі. Лямантуючы, імчалі орды. А паперадзе іх, матляючы ланцугом, бег баявы слон.
    Пажары… Пажары… Пажары… Цягнуліся гарбы і фуры з данінай, цягнуліся рабы.
    А ў горадзе гарадоў цягнуліся набажэнствы, цягнуліся малебны. У Дамініканскім касцёле… У касцёле францысканаў… у простай, белай знутры, Каложы.
    І адны ў дамініканаў казалі:
    — А я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, хто праклінае вас, чыніце дабро тым, хто ненавідзіць вас, і маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас і гоніць вас.
    А другія казалі ў Каложы:
    — Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над злымі і добрымі… Нявартыя тыя, хто дзеяннямі сваімі падмяняе волю яго.
    І ляцелі ў крывавым дыме коннікі з апакаліпсіса.
    Толькі праз некалькі дзён атрымалі яны першы і апошні адпор. Вымчалі з хмызоў на бязмежную вапняковую пустку, укрытую рэдка плямамі, шорхлай травою, узнялі капытамі хмару ядучага белага пылу і спынілі коней, уражаныя.
    Далёка-далёка, белыя на белым, з'явіліся расцягнутыя ў рэдкі ланцуг кропкі.
    …Невялікае войска стаяла на дарозе арды. Людзі таго, што тады плюнуў у храме. Іх было вельмі мала, але твары, у прадчуванні канца, былі суровыя.
    Усе пешыя, у латах і кальчугах, са звычайнымі і двухручнымі мячамі ў руках, з авальнымі шчытамі, у якіх былі ўпісаны шасціканечныя крыжы, у белых плашчах, яны стаялі на бялёсай вапняковай зямлі, пад гарачым апошнім сонцам. Белыя на белым.
    Увесь акаём перад імі варушыўся. І тады нехта заспяваў старажытную «Багародзіцу». Страсным і грубым голасам:
 
Пад тваю літасць…
Пад тваю літасць прыпадаем, Багародзіца Дзево,
Маленняў нашых не адрынь у журбе,
А ад бед ізбаві нас,
Адзіна і чыстая і благаславёная.
 
    Журботныя, празрыстыя галасы падхапілі яе, панеслі:
 
На цвярдыню тваю мы ўпаваем, Багародзіца Дзево.
 
    Плыў над імі, над пусташшу страсны харал. Нібы на мячах, узнятых угору. Цягнуўся пусткаю доўгі ланцуг.
    Наперадзе, моцна адарваўшыся, ішлі военачальнікі ў белых плашчах.
 
Яка імя тваё!
Яка слава твая!
 
    У апошняй мужнай і безнадзейнай тузе ўзляталі галасы. А вочы бачылі, як вырваўся наперад слон, страшная, нібы пекла, жывая гара, як паляцела конніца.
 
О ўсяпетая…
О ўсяпетая Маці,
Рождшая ўсіх святых свяцейшае Слова.
Сённяшняе наша прыемшы прынашэніе,
Ад усяакія збаві напасці ўсіх
І будучыя ізмі мукі табе вапіюшчых.
Алілуя.
Алілуя!
Алілуя!!!
 
    Слон уварваўся ў рады. Са свістам разрэзаў паветра ланцуг.
   
    Праз гадзіну ўсё было скончана.
    Апошнія гукі харала змоўклі. У атачэнні бурых, жоўтых і шэрых целаў ляжалі на бялёсай зямлі, на рэдкім верасе белыя целы.
    Толькі ў адным месцы купчыўся натоўп конных і пешых крымчакоў. У іхнім паўколе трубіў, як струны, напінаючы вяроўкі, ашалелы слон.
    А перад ім, таксама распяты вяроўкамі, ляжаў кіраўнік асуджанага заслону. Дзве крывавыя палосы расплываліся па белай тканіне плашча. Адна нага была ненатуральна, як не бывае, падгорнута. Попельныя валасы ў белым пыле і крыві.
    Сціснуты ўтрапёны рот. У шэрых вачах асуджанасць, адсутнасць і спакой. Ён зусім не хацеў глядзець. І ўсё ж бачыў, як высіцца над ім, як пераступае на месцы, грузна танцуе слон, як касяць ягоныя налітыя крывёй вочкі. Ён не баяўся яго цяпер.
    Ён не хацеў бачыць і іншага. І ўсё ж бачыў схілены над ім, рэдкавусы твар Марлоры. Хан выскаляў зубы:
    — Рыхтуецца нехта яшчэ на бойку? Не? Адны?
    — Не ведаю, — абыякава сказаў ён.
    Яму куды цікавей і да апошняга значней было тое, што высока над ім, над ханам, над сланом круціліся ў сінім небе і чакалі крумкачы. Калі гэтыя, урэшце, адчэпяцца і пойдуць — крумкачы рызыкнуць спусціцца. Яны думаюць, што напалохаюць яго тым, што рыхтуюць. А гэта ж лепей, чым жывому, без змогі рухацца, адчуць вачыма павеў крылаў.
    Дый хіба не ўсё адно?
    — Адкасніцеся, — сказаў ён і дадаў: — Два ў нас скарбы было: зямля ды жыццё. А мы іх аддалі. Даўно. Чужым… Жабракі… Усё адно.
    — Чаго ты дабіваўся?
    — Я хачу памерці.
    Марлора даў знак. Змаршчакаватая, вялізная слановая нага павісла над вачыма.
    — А цяпер што скажаш?
    — Я хачу памерці, — паўтарыў ён.
    — Бог у вас, кажуць, з'явіўся? Ён дзе? Што робіць?
    — Ягоная справа. Ён жывы. А я хачу памерці.
    Марлора ўзмахнуў рукою. Слон апусціу нагу.

РАЗДЗЕЛ ХХХІ ВІНО ЯРАСЦІ БОЖАЙ

   Той будзе піць віно ярасці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чашы гневу…
    Апакаліпсіс, гл. 14, ст. 10
   Ад твайго дзяржаўнага бегу па паднябессю ў жаху трапечуць сузор'і! Ты павядзеш гнеўна брывом — і ў небе загрукочуць маланкі, валадар!
    Гімн Азірысу
   Ты чаго яшчэ хочаш? Ад Бога выспятка?!
    Прымаўка
 
   Нешта дні праз тры пасля бітвы на вапняковай пусташы апосталы пад началам Хрыста падыходзілі да невялічкага манастыра сярод дубовых гаёў і палёў канюшыны. Рачулка абкружала падножжа ўзгорка, на якім ён стаяў. Перагароджаная ў некалькіх месцах грэблямі, яна ўтварала тры-чатыры стаўкі, што адбівалі бляклае падвячэрняе неба.
   Трынаццаць мужчын і жанчына ішлі над вадою, успуджвалі з дзікіх макаў конікаў і думалі толькі аб тым, каб дзе-небудзь знайсці прытулак.
   Да іх даходзілі чуткі аб з'яўленні на поўдні татар. І хаця яны не верылі, што ніхто іх не сустрэне, што той жа самы Лотр не ўзніме супраць іх людзей, — даводзілася берагчыся. Цяпер нельга было начаваць у безабаронных хатах або ў чыстым полі. Трэба было забірацца глыбей у лес. Але тут і лясы былі дагледжаныя, чыстыя ад лаўжоў і ветрабою.
   Да таго ж яны не маглі доўга сядзець у бязлюдным месцы. Людзі — гэта быў хлеб, які ім, хай сабе і нячаста і не памногу, удавалася купляць.
   Таму сёння, убачыўшы белую цацку кляштара, Юрась узрадаваўся. Можна заначаваць пад мурамі. Калі ўначы здарыцца татарын — няўжо не пусцяць нават у жаночы? Быць таго не можа. Манастыры ж таму і будуюць, для прытулку.
   А раніцай можна будзе купіць хлеба, а можа, і рыбы (бач, якія ставы, неадменна ў іх будуць і лін, і цёмна-залаты, з блюда, манастырскі карась і вугор). І Юрась аддаў загад раскінуцца табарам пад пяццю-шасцю вялізнымі дубамі, амаль каля муроў. Калі пад дубы нацягалі сена, калі гаршчок з капустай пачаў балбатаць на агні, Юрась заўважыў, што Магдаліне нібы неяк непамысна.
   — Ты што, нядужыш?
   — Трохі ёсць.
   — Тады кладзіся на сена ды накрыйся. Я табе капусты сам прынясу.
   — Дзякуй табе, пане мой.
   Яна лягла пад плашч. Ёй сапраўды было непамысна, але не ад нядужнасці. Прыплюшчыўшы вочы, яна слухала размовы і… баялася. Вось вярнуўся з ахапкай лаўжоў целяпень Піліп з Віфсаіды.
   — Што за кляштар? — спытаў абыякава Хрыстос.
   — Гэна… Машкаўскі нейкі… У імя Марты і той… Марылі.
   Магдаліна здрыганулася пад плашчом. Яна ведала гэта. Толькі мур аддзяляе яго ад той.
   — Цікавы кляштар, — сказаў Хрыстос. — Бач, Магдаліна, што на мурах.
   На нізкім, у паўтара чалавечых роста, знешнім муры стаялі драўляныя, у натуральны рост, статуі. Прапорцыі іхнія былі парушаны: тулавы тоўстыя, мясістыя, вочы вырачаныя, галовы вялікія. Статуі былі пафарбаваныя ў ружовы (твары), чорны або рыжы (валасы), сіні, блакітны, чырвоны і ліловы (вопратка) густыя колеры. У большасці былі разяўленыя раты, і каля іх нешта вілося. Накшталт дымка. Так было ў святой Цэцыліі, святых Катарыны і Ганны. Сярод іх стаяў святы Мікола з люлькай, і ў таго дымок віўся над цыбуком. У драўлянага Хрыста дым круціўся над прыціснутай да сэрца і трохі адстаўленай далонню.
   Раты, цыбукі і далоні былі ляткамі, статуі — вуллямі, дымок — пчоламі.
   Святыя глядзелі на Магдаліну няўхвальна. Яна не ведала, трызніць яна ці не. Стаялі вакол ідалы, калыхаўся дуб (а мо то было дрэва Дабрыні і Зла?), звешваўся і варушыўся ў паветры вялізны льсняны змей, падобны на тоўстую даўжэзную каўбасу.
   У жаху расплюшчыла вочы і ўбачыла, што гэта не змей, што гэта Сіла Гарнец, Якуб Зеведзееў, плямкае платаядным ротам і блішчыць самовымі вочкамі, паказваючы Хрысту здаравеннага лілаватага вугра.
   У кошыку ў яго было яшчэ некалькі драбнейшых: цішком налавіў у стаўку.
   — З-змей! Гэта каб тая конаўка дурная, Пятро… куды яму? А тут яго спячы на вуголлях — м-мух! А вэнджаны ж які! Няма, братка, дзе завэндзіць. Жытка наша, жытка, уюны ёй у пуза.
   «Ну і што? Існуе недзе Лотр. Дагэтуль не спаймаў. Можна зашыцца так глыбока, што й не спаймае. Цэлыя вёскі жывуць у пушчах і ніколі не бачаць чалавека ўлады. Можна ўцячы на Палессе, у страшныя Сафіёўскія лясы пад Воршай, да вольнай памежнай варты, да панцырных баяр. Яны прымуць. Яны любяць смелых, хаваюць іх, запісваюць да сябе».
   Чаго яна павінна, уважаючы на іх правялебнасць Лотра, маўчаць? Трэба сказаць яму, што Анея тут, выкрасці яе або ўзяць сілай, дарогаю вырваць з кіпцюроў ханжэй і прагнага бацькі Ратму і ўцякаць да панцырных баяр. Хата ў лесе за частаколам, зброя, наводдаль вышка з дровамі і смалою. Можна жыць так дваццаць — трыццаць год, падрастуць дзеці і пойдуць вартаваць замест бацькі. Будуць волаты… А можна і праз тры гады ляснуць — як пашанцуе. Убачыць здалёк агні, запаліць свой, убачыць, як за дзве вярсты ад цябе ўстане яшчэ адзін чорны дымавы султан. І тады спусціцца і за ваўчынымі ямамі і заваламі з лукамі і самастрэламі чакаць ворага, біцца з ім, трымаць да падыходу другіх чарнарукіх, прапахлых смалою і порахам «баяр».
   Затое звычайная раніца, Божа мой! Роўны шум пушчы, сонца падае ў акенца, у залатой пляме святла на свежавымытай падлозе гуляе з клубком кацяня. Ратма, хай сабе і не дужа каханы, але звыклы, свой, вечна свой, есць за сталом гарачыя, падрумяненыя ў печы калдуны.
   Або ноч. Ціха. Зоры. І той самы вечны лясны шум. Трохі нядужыцца, і ад гэтага яшчэ лепей. Толькі страшэнна хочацца піць. І вось Ратма ўстае, шорстка чэрпае ваду. І яна адчувае ў вуснах паліваны край конаўкі. І Ратма кажа голасам Хрыста «папі», і чамусьці адразу цёплая, гарачая хваля коціцца па ўсім целе. Такая, што яна ад здзіўлення ледзь не губляе прытомнасць. А можа, гэта не ад здзіўлення?
   — Ты прасіла піць? — сказаў Хрыстос. — Пі. Напілася? То зараз еш. Капуста, халера на яе, такая ядраная.
   Яна маўчала, каб даўжэй затрымаць у сабе тое, што абудзіла яе.
   — Гэ, ды ты зусім паганая. Кепская, як беларускае жыццё. Ну, давай нагадую.
   Ён шарпаў лыжкай у місе. Пасля яна адчула зубамі мяккае і пахучае грушавае дрэва, смак гарачай, жывушча-вадкай, наперчанай капусты. Яна спаймала сябе на думцы, што з тых часоў, калі жывыя яшчэ былі бацькі, калі сама была малая — не было так спакойна, добра і даверліва.
   — Ну вось, — сказаў ён. — Спі. Засмажым рыбу — тады ўжо…
   І яна сапраўды як правалілася ў дрымоту. Здалёк даносіліся глухія гукі размовы. Часам прытомнасць вярталася, і тады адна-дзве думкі праплывалі ў галаве, і яна адчувала, што лёгкая нібы нядужасць, боязь і дрыгота пакідаюць яе. Ад сну на паветры, ад гукаў вечара, ад прысутнасці гэтага чалавека побач.
   Юрась глядзеў на ставы, на сініх стракоз, што лёталі над вадою, на твар той, што спала. Дзіўна, нешта клікала яго, нешта нібы не давала сядзець на месцы, але вечар супакойваў і прымушаў сядзець. З манастырскай брамы выйшлі некалькі дзесяткаў маладых манахінь у белым, чарнабровыя, зіркатыя. У адной на плячы была лютня.
   Сваім надзіва чуйным слыхам ён чуў гучныя, над вадой, урыўкі размовы:
   — Чаго гэта яна і сёння ўдабрухалася ды нас выпусціла? І ўжо трэці дзень.
   — І ў ігуменняў…
   — Сэрца… Ведаем мы, што за сэрца…
   — Пэўна, зноў гэты, мардаты, у яе будзе…
   — Дзеўкі, чорт з ім… Дзеўкі, хай сабе… Добра ісці… Вечар. Рыба брохае.
   На паверхні ставоў сапраўды расплываліся кругі. Жанчыны ішлі, і іхнія белыя постаці сумна і чыста адбіваліся ў вадзе. Здаецца, і сам бы застаўся тут, каб вакол былі такія.
   Адна дзяўчына раптам падала голас:
   — Бач, хлопцы якія. Сядзяць, не ведаюць, а чаго б гэта зрабіць. Гэта я іх знайшла.
   — А раз знайшла, то цягнула б сюды.
   — Ды, бач, яны нягеглыя нейкія. На хаду спяць.
   Юрась узняў руку. У адказ над вадою даляцеў ціхі смех.
   — Ой… сёстры… Будзе ад ігуменні…
   — А няхай яна на мурашнік сядзе, як я яе баюся.
   — Не, гэта хлопцы адмысловыя.
   — Кашы наеліся… Асавелі…
   Апосталы пераглянуліся. Пасля Тумаш, Сымон-Кананіт і Піліп махнулі рукою і пачыкільгалі ў бок дзевак. Крэкнуў Якуб і таксама ўзняўся.
   Даганяючы, кінуліся іншыя. Раввуні затрымаўся быў.
   — Ідзі, Іосія, — сказаў Братчык. — Ты ж ведаеш.
   Іуда пабег. Хрыстос застаўся адзін. Сядзеў над панвамі*, варочаў кавалкі.
    * Панва — гліняная патэльня.
   — Вось як уламлю зараз адзін усіх гэтых вугроў, — ціха, сам сабе, сказаў ён. — Будзеце вы тады ведаць дзевак, піндзюры вы гэткія.
   Магдаліна пачула. Шкадаванне штурханулася ў сэрца. Скутая сном, яна думала, што трэба зрабіць.
   «Ага. Трэба адразу ж адкрыцца, сказаць яму, дзе дачка мечніка. Дурань, яна ж тут, тут. Можа, у гэтай вежы. Можа, у іншай. У маўчанні. Пад даглядам адной гэтай ігуменні, якая чамусьці сапраўды выслала ўсіх сваіх манахінь з будынка. Чаму?»
   Гэта трывожыла яе. Такога, ды яшчэ без дагляду, сапраўды не павінна быць. Ды яшчэ трэці дзень узапар.
   «Ат, усё адно. Можа, сапраўды круціць з кімсьці? — Думка правальвалася. — Што трэба сказаць яму? Зараз жа».
   Хрысту здалося, што ў яе лёгкая гарачка. Ён паклаў ёй на лоб далонь, але рукі былі гарачыя ад агню, бо ён варочаў рыбу, — не разбярэш, ёсць гарачка ці не. І тады ён схіліўся і прыклаў да лоба вусны. Не, усё добра. Проста агонь і свежае паветра.
   Яна адчула дотык ягоных вуснаў на сваім лобе. І гэты просты жэст раптам бясспрэчна сказаў ёй, што яна ніколі не адкрые яму, што чакае яго за гэтым мурам. Будзе ненавідзець сябе, пагарджаць сабою, але ніколі не скажа. І не з-за катоўняў Лотра.
   «Не трэба мне ні паселішчаў панцырных баяр, ні Ратмы, ні нікога іншага. Нічога мне не трэба».
   Адзін гэты дотык прымусіў яе зразумець тое, у чым яна цэлы месяц — а можа, і больш — баялася сабе прызнацца.
   Ад далёкага гаю, куды пайшлі апосталы з манашкамі, даляцеў сільны і страсны жаночы голас, поўны чакання і тугі. Зазвінела лютня.
 
За мурамі, за чорнымі вежамі -
Воля, вецер, сонца ў гаях.
Кожны вольны стралок з Белавежы -
Пакута і радасць мая.
 
   І яна раптам уся затрэслася ад неадольнай, вострай, апошняй цягі да гэтага чалавека, што сядзеў побач і не думаў пра яе. Ды не, яна не магла сама, сваімі рукамі… аддаць. Уся паступова выцягваючыся, яна нібы памірала ад усяго, што звалілася на яе. Нібы працятая знішчальнай стралой.
 
Ломіць дрэвы ён турам буйным,
Сталь чужую рукамі гне.
Ах, чаму ён манахаў рабуе
І не схопіць манашку, мяне?
 
   Узяць бы яго ў рукі, у абдымкі, і не выпусціць, пакуль не прыйдзе канец свету, пакуль не рассыплюцца зямля і неба і не застануцца яны адны ў абшары, дзе няма ні цемры, ні святла.
   Цяпер спявалі і мужчынскія галасы. Яны змянілі бег песні, і яна гучала нават пагрозліва, нібы ў тупаце капытоў нечуваная навала ляцела на беднае чалавечае сэрца, якое і без таго рабіла апошнія ўдары.
 
Паклічу — і ён прыскача з мячом,
Ён кіне хаты ў бары,
За яго магутным белым канём
Сотня коннікаў спусціцца з грыў.
Як архангел, ён прыйдзе да гэтых муроў,
Затрубіць — падуць муры.
І няхай тады маё сэрца згарыць,
Няхай маё сэрца згарыць.
 
   «Любы, — моўчкі маліла яна. — Нахіліся, абдымі, мне ўжо нельга. Нават грубасць, абы не абыякавасць. Я ўжо больш не магу жыць без гэтага майго кахання, без гэтай журбы».
   Яшчэ імгненне, і яна сказала б гэта ўголас. І хто ведае, чым бы гэта скончылася. Таму што яна кахала, а ён ужо некалькі тыдняў назад паверыў, што нікога не знойдзе і што мечнікава дачка сапраўды ці не здрадзіла яму.
   Але ў гэты час мяккі вячэрні прыцемак прарэзаў шматгалосы дзявочы віск і крыкі.
   — Што ў іх там? — устаў Хрыстос. — Вось, чэрці, валандаюцца паўсюль, швэндаюцца, як сабакі.
   Крыкі і віск змоўклі.
   — Неадменна гэта яны раней часу ад тэорыі да практыкі перайшлі, — сказаў Хрыстос. — Ах, беларускі народ, беларускі народ! Слабаваты ў тэорыі, дурны. І не вучыцца.
   Галас між тым узняўся зноў. Шалёны, быццам жанчын там, у гаі, атачылі полчышчы мышэй.
   Крык набліжаўся. Хрыстос глядзеў у той бок, якраз на захад, і раптам зразумеў, што гэта не проста паласа заранкі гарыць на даляглядзе. Так, гэта была заранка. І, аднак, не толькі заранка. Барва яе сям-там варушылася, была больш дымная, чым трэба. Амаль як захад у жорсткі мароз.
   Раптам ён зразумеў. І ўжо не мог уцяміць, чаму не бачыў, калі не разумеў. На захадзе, у водсветах заранкі, недзе далёка шугала полымя. Нешта гарэла зырка і безнадзейна.
   Пасля ён убачыў іх. Да муроў здалёк бегла некалькі дзесяткаў мужчын і жанчын у белым. Уцякалі шалёна, запінаючыся, падаючы і зноў ускакваючы на ногі. Уцякалі ва ўсе лапаткі, наўскач, унамёт, як можна ўцякаць толькі ад чагосьці смяротна небяспечнага і пачварнага.
   Пасля даволі далёка за імі з'явілася нейкая цьмяная маса. Некаторы час ён не мог зразумець, што. А пасля ўбачыў бляск сталі, хвастатыя бунчукі, грывастыя цені коней — і зразумеў.
   Тыя, хто бег, маглі ўцячы. Трэба толькі, каб была адчынена брама.
   Ён схапіў Магдаліну, паставіў яе ногі сабе на плечы, а пасля выцягнуў рукі ўгору, як мог:
   — Скачы, за вонкавы мур! Скачы!!!
   — Я не…
   — Рукі мне развязваеш! Скачы!
   Магдаліна пераскочыла.
   — Бяжы да ўнутранай брамы! Грукай! Кліч!
   Сам ён кінуўся да брамы ў гэтым вонкавым, нізкім муры. Схапіў за вяроўку звона, якім выклікалі сястру-брамніцу. Ударыў раз, другі, трэці… З усёй сілы, блізка ўжо, з усіх ног ляцелі ўцекачы. А за імі, проста з зарыва, імчала арда, сотні дзве татар.
   — Ігі-гі! Ігі-гі! Адзя-адзя! Ігі-гі-і-і! — віск іхні холадам аддаваўся ў спіне.
   …Ігумення ў сваёй келлі пачула гэта і ўзняла галаву з ложка.
   — Ну вось, здаецца, усё кончана.
   Чалавек, што ляжаў побач з ёй, той самы волат Пархвер, што калісьці вёў Хрыста і апосталаў на катаванне, ляніва расплюшчыў вялікія сінія вочы:
   — Ну і добра. Нездарма я табе загад прывёз ды тры дні выканання чакаў.
   — А мне грэх, — сказала тая адзяваючыся.
   — Тры дні — і ўжо грэх, — усміхнуўся той.
   — Я ж не аб тым, — ігумення пагладзіла яго мокрыя залатыя валасы. — Я ж іх сама тры дні адпускала. У нейкі з іх, маўляў, і схопяць.
   — Ты не спяшаешся?
   — А чаго? Я дык і ўвогуле з гэтай справай не спяшалася. Адзін дзень не прыйшлі па іх — ах, як добра! Другі — ну, проста цудоўна! Трэці… І каб яшчэ не прыходзілі — дзякуй Богу. Я ж ведаю, хіба ты на мяне паквапіўся б? Так проста, ад нуды тры дні чакаючы. Ды яшчэ ў суседняй келлі замкнёны.
   Магутныя грудзі Пархвера затрэсліся.
   — Ерась! — з паблажлівай ласкавасцю сказаў ён. — Ты баба нішто. Проста мне, відаць, усё жыццё ад адной да другой ісці. Пажартаваў Бог, надзяліў расточкам. Абдымаешся недзе ў гаю, а яна табе добра як пад дыхалам галавою… А што, ёсць, пэўна, краіна волатак?
   — Пэўна, ёсць… Добра, пойдзеш дык пойдзеш. Хадзем, дзеўку тую з вежы выпусцім.
   — Хадзем. А як ты яе вытурыш?
   — А проста. Выведзем за вялікі мур, а пасля я з-за яго калаўротам браму вонкавага падыму. Не думай, спаймаюць.