…Перад тым, як караць смерцю людзей — каралі званы. Замянілі іншым звон на дамініканскай званіцы, прыцягнулі яго на Стары рынак, дзе ляжаў ужо зрынуты гарадскі звон, і распаленымі шчыпцамі выдралі абодвум языкі, каб не крычалі аб трывозе. Не набат трэба біць, калі ў горад, хай сабе і пад покрывам цемры, уваходзіць законны гаспадар, святая вера.
   Вялікую Зафею языка не пазбавілі, але хвасталі запэцканымі ў гной бізунамі. Людзі, гледзячы на гэта, сціскалі кулакі ад прыніжэння.
   Маўчалі званы. Да словаў Рабле «горад без званоў… карова без балабона» варта было б дадаць: «Ваўкі вакол, і не прыйдзе гаспадар».
   Людзі штохвілінна чакалі арышту. Насельніцтва горада паменшала напалову. Хто быў забіты, хто чакаў смерці ў сутарэннях, хто сядзеў у каменяломнях або ўцёк. Некаторыя шукалі права прытулку ў храмах. І тыя, што скочылі ў касцёлы, атрымалі яго, права паміраць з голаду і смагі. А тых, што схаваліся ў праваслаўных цэрквах, выдалі, і ўсіх чыста, разам з тымі, якія сядзелі ў сутарэннях, распялі паўздоўж дарог і павесілі за рэбры. Ад аднаго распяцця да другога. Драўляных блыталі з жывымі.
   Гіаў Турай, калісьці амаль фанатык, вісеў павешаны за рабрыну, пляваў на імя Бога і, б'ючыся ў перадсмяротных пакутах, крычаў:
   — Зямля мая! Няшчасная! Колькі вякоў! Колькі вякоў табе цярпець! Колькі вякоў можна цярпець!
   Так ён крычаў, пакуль не памёр. Усе памерлі.
   І здарылася так, як калісьці ў Рыме, у пантыфікат Бенядзікта Восьмага. Некалькі дзён землятрус калаціў Рым, і тады вырашылі, што ў гэтым вінаватыя рымскія яўрэі і нешматлікія мусульмане з праваслаўнымі. Іх усіх знішчылі, і летапісец запісаў:
   «Пасля пакарання іх смерцю вецер сціхнуў і зямля не зазнавала больш жахлівых хістанняў, якія раней трэслі Святы горад».
   Можа, і так. Гісторыкі не памыляюцца. А можа, зямля проста стамілася калаціцца. Нельга ўвесь час калаціцца. Колькі можна!
   Ва ўсякім разе, пасля ўсяго, што адбылося, зямля Гародні таксама перастала дрыжэць і выдаваць падземныя штуршкі. Эшафоты дапамагалі і ў адным і ў другім выпадках. Горад быў уціхаміраны. Горад маўчаў. Прыйшла чарга Хрыста.

РАЗДЗЕЛ LІV СІНЕДРЫЁН

   Я малю аб адным: малю цела сваё, якое знаходзіцца ва ўладзе катаў, зберагчы сілы і вытрымаць пакуты, прызначаныя яму, каб я быў у змозе крыкнуць на эшафоце: «Смерць уладарам! Смерць падманшчыкам! Смерць гандлярам верай! Хай жыве свабода!»
    Адказ Альгіяці* суду
    * Альгіяці — забойца міланскага тырана Сфорца (1478 г.).
 
   І зноў ён стаяў у той самай вялікай суднай зале, дзе калісьці яго прымушалі быць Хрыстом. Тыя самыя былі гатычныя скляпенні з пукатымі рэбрамі нярвюраў. Тыя самыя папярочна-смугастыя, белыя з чырвоным, сцены. Тыя ж вокны ля падлогі, і святло знізу, і пагрозлівыя цені на тварах тых самых суддзяў. І тая ж катоўня, і той самы кат на парозе. Толькі цяпер Хрыстос быў зусім адзін і ведаў, што выхаду на гэты раз не будзе.
   Біскуп Камар чытаў абвінавачванне:
   — «…імя госпада нашого собе прыпісаў і прыўлашчыў, і святую царкву ў зман увёў. І таму сей як бы Хрыстос як ложны прарок і спакушнік аддаецца суду царквы, імя якой як Хрыстос спаганіць хацеў».
   — Прыпішы: «У еллінскае рассеянне хацеў ісці», — сказаў Лотр. — Народ гэта любіць, незразумелае.
   «Ану іх да д'ябла. Не варта і слухаць. Адны морды вакол… Цікава, дзе зараз Анея, хто ўратаваўся? Толькі не думаць, што пасля суда зноў катаванні, яшчэ страшнейшыя, апошнія, што будуць вырываць агнём імёны ўсіх, каго ведаў у жыцці і каго тым самым мог «заразіць скажонымі, няправільнымі, памылковымі думкамі, якія — ад д'ябла». Ну не. Ужо гэтага задавальнення ён пастараецца ім не даць. Смяяцца трэба, здзекавацца, каб аж заходзіліся са злосці, каб год на дзесяць наблізіць кожнаму канец».
   — Што скажаш, ілжэ-Хрыстос? — даляцеў да яго Лотраў голас.
   Ён сказаў без усякага пафасу:
   — А чаго казаць? Мог бы напомніць, як вы мяне ім зрабілі. Але глухі той, хто не хоча чуць. Бяспамятны той, хто хоча засудзіць. А вы ніколі нічога іншага і не хацелі. Абы давесці, насуперак праўдзе, што заўсёды маеце рацыю. І не за самазванства вы мяне судзіце, а за тое, што я, махляр, валацуга, шалбер, перастаў быць махляром, стаў тым, кім вы мяне зрабілі, кім баяліся мяне бачыць. Уваскрэсні зараз Бог, уваскрэсні той, з каго пачалася ваша справа, вы і з ім зрабілі б тое, што са мной. Нашто ўправіцелям і халуям, каб гаспадар вярнуўся ў дом? Яны ж рабуюць.
   — Блюзнерыць! — залямантаваў раптам Жаба. — Чуеце! Ён зневажае Бога!
   Магнат, завёўшы вочы, ірваў на сабе чугу. Камар таропка рыпеў пяром.
   Папрасілі сведак. Першай увайшла жанчына пад чорным плашчом з капюшонам. Сэрца Братчыкава апусцілася. Ён пазнаў.
   — Марына Крывіц, — сказаў Лотр, — адказвай, ці чула, як пахваляўся незвычайнасцю нараджэння?
   Магдаліна маўчала. Братчык бачыў толькі вочы, якія глядзелі на яго праз шчыліну ў капюшоне з умольнасцю і тугой. Маўчала. І з кожным імгненнем усім членам найпадлейшага сінедрыёна рабілася непамысней і непамысней.
   — Цікава, чаму гэта вы ўзялі яе сведкай і, усуперак свайму звычаю, не прыцягнулі да справы? — шэптам спытаў у Басяцкага Юстын.
   — А вы што, хацелі б мець такога моцнага ворага, як Наваградскі ваявода? Дык вось, яна без некалькіх дзён ягоная жонка.
   — Мартэла Хрыбтовіча? Ён што, аўдавеў?
   — Чаму Мартэла? Радшы.
   — А Мартэл?
   — Выправіўся да продкаў.
   — Як гэта так?
   — А так, — усміхнуўся Басяцкі. — Паехаў піць да ворага «кубак прымірэння», а яму там і праламалі чэрап.
   — Чым?
   — Ды «кубкам прымірэння» і праламалі.
   — Славянская дыпламатыя, — сказаў Юстын.
   Братчык бачыў вочы і разумеў, што яна і прыйсці сюды згадзілася, толькі каб паглядзець на яго. Сэрца ягонае шчымела. Шмат бы ён аддаў, каб яна не пакутавала па ім.
   Маўчанне трывала. Лотр паўтарыў пытанне.
   — Не, — рэзка сказала яна. Адвязалася, каб на яго глядзець.
   — Ці крэсліў знакі і пентаграмы, што адпалохваюць д'ябла, на дзвярах тых месцаў, што з'яўляюцца ўлюбёным яго прытулкам, як: дамы тых, хто мудрагеліць, дамы паэтаў, што не пішуць псалмаў і од, могілкі самагубцаў, мячэці, сінагогі, разбойнічыя прытоны, хаты анатамаў і філосафаў…
   — Цэрквы і касцёлы, — уставіў Хрыстос.
   Ён хацеў даць зразумець Магдаліне, што ён ведае, які лёс яго чакае, мужна глядзіць яму ў вочы і не шкадуе ні аб чым.
   — Зневажае Бога! — загарлаў Жаба.
   — Ведаю адно, — сказала яна. — Змучылі вы цела маё і душу. Сілком штурхнулі да яго. А я менш за ўсё хацела б шкодзіць яму. А за мінулае прашу ў яго даравання.
   «Божа, яна яшчэ хоча ўмацаваць маю мужнасць! Дарагая мая! Добрая! Бедная!»
   — Крэсліў ці не?
   — Не.
   — Зразумела, — сказаў езуіт. — Ён сам сказаў: «Цэрквы». Ён, значыцца, не крэсліў на іхніх дзвярах знакаў, што адводзяць сатану. Пішы: «Царквы Божай ад сатаны не бараніў, пранікненню сатаны ў яе не перашкаджаў».
   — А нашто? — спытаў Хрыстос. — Ён, сатана, даўно ўжо там. І калі ўжо ставіць знакі на царкоўных дзвярах, дык ставіць іх знутры. Каб не вырваўся сатана вонкі.
   — Адказвай, жанчына, што ведаеш яшчэ? — спытаў Лотр. — Ці не бачыла на плячы гэтага сатанінскага адроддзя след кіпця, а на лапатцы — следу ад агнявой дзіды, якой скідвала яго ў пекла нябеснае воінства?
   — Не.
   — Што можаш сказаць пра яго?
   Жанчына выпрасталася і ўздыхнула:
   — Што? Хацелі слухаць? Дык слухайце.
   Яна глядзела на яго:
   — Ніколі, ніколі ў жыцці я не бачыла лепшага чалавека. Таму вы і судзіце яго. А на ягоным месцы стаяць бы вам. Усім вам… Братчык, слухай мяне і даруй. Я выходжу замуж. За гэтую тваю сілу на паскудным гэтым судзе я яшчэ больш кахаю і люблю цябе. Але я выходжу замуж. За моцнага чалавека. За таго, які дазволіць мне рабіць усё. Таму і выходжу. Я не магу вызваліць цябе ад пакуты і смерці, не магу даць сваёй цеплыні, ды яна і непатрэбная табе. Даруй. Але затое я магу даць тваёй душы на небе асалоду справядлівасці помсты. Яны яшчэ не ведаюць, якога яны ворага прыдбалі сабе. Апошняга. Запеклага. Таго, які ні на хвіліну, нават у сне, не забывае пра помсту.
   Маўчанне.
   — Памры спакойна, сэрца маё, святло душы маёй, лепшы на зямлі чалавек. Не жыць табе ў гэтым паршывым свеце. Добрым — не жыць.
   — Гэта не вечна. — Даўкі яблык стаяў у Хрыстовым горле. — Дзякуй табе. Я люблю цябе.
   І тут жанчына раптам упала. Нешта як падсекла ёй ногі.
   — Даруй. Даруй. Даруй.
   Яна папаўзла была на каленях. Два вартавыя падхапілі яе пад рукі, узнялі, павялі да дзвярэй. На парозе яна змаглася, выпрасталася:
   — За гэтую хвіліну маёй слабасці яны заплацяць стакрот. Яны памруць, Братчык. Клянуся табе, Юрась. Памры спакойна.
   Ён не хацеў слухаць далей і не слухаў. Усё астатняе было няважна. Дапытвалі багатых гандляроў і магнатаў, дапытвалі рыбніка з хлебнікам. І ён чуў і не чуў, як яны трындзелі, што ён хацеў разбурыць храм Божы, што падрываў гандаль, што замахнуўся на шляхту, магнацтва, царкву і парадак. І што не цаніў пот працоўных, раздаючы ўсім пароўну хлеб, а тады хто ж захоча працаваць, каб мець болей.
   І рыбнік казаў, што ён падрываў дзяржаву. А хлебнік казаў, што ён вучыў супраць народа і закона. І што закон — гэта вось вы, слаўныя мужы, але народ — гэта мы. І пытаў, на што можа спадзявацца гэты «Хрыстос», апаганіўшы народ і ўчыніўшы яму шкоду. І казаў, што народ патрабуе смерці.
   Ён амаль не чуў гэтага. Аблічча Магдаліны плыло перад яго вачыма. Словы яе гучалі ў яго вушах. І ён упершыню падумаў, што каб не яго каханне, то трэба было б прызнаць, што яна, прынамсі, не горшая за Анею.
   Але позна было.
   — Паколькі саўдзельнікаў на папярэднім катаванні выдаць адмовіўся — смерці павінен, — сказаў Камар.
   — Па-блюзнерску сцвярджаў, што ён Хрыстос, — сказаў Басяцкі. — До і гэтага.
   — Цяжкавата мне вырашыць гэтае пытанне, — сказаў Жаба. — Памёр Хрыстос, а кажуць, што жывы. Нейкі Хрыстос памерлы, аб якім кажуць, што ён жывы.
   — А ты не пніся, — сказаў Хрыстос. — Я тут — збоку. Вы падумайце, ці ўдасца вам усім вашымі смярдзючымі рукамі, усёй вашай дурной сілай забіць праўду? Бясслаўныя, ці здолееце вы зрынуць славу тых, хто гінуў і гіне за людзей, за народ? Нехта за іх крывёю кашляе — ён мацнейшы за вас са свіным вашым тлушчам. Некага вешаюць — яму даўжэйшае жыццё суджана, чым вам. Нічога з іхніх спраў не знікае. Гэта вы знікаеце. А яны — не. Бо яны за народ. За ўсе народы чыста, колькі іх ёсць. За ўсе, якіх вы сварыце, нацкоўваеце, прымушаеце біцца, каб абадраць порткі і з д'ябла і з Бога ды спакойна сядзець на нарадах сваёй с… — галавы ж у вас няма, — якая не менш чым у дванаццаць кулакоў.
   Толькі адзін Юстын стаў мераць на краі стала — а колькі гэта будзе, зад у дванаццаць кулакоў? Астатнія страцілі раўнавагу.
   Нібы навальніца ўзняла на ногі суд. Ірваліся да Братчыка, білі, мільгалі кіі. Ён глядзеў на іх не міргаючы. І гэта быў такі пякучы позірк, што кіі апусціліся. Суддзі крычалі, і ў гарачцы іхнія бязладныя словы нельга было зразумець. З глотак нібыта рваўся сабачы брэх.
   — Што ж вы, людзі? — сказаў ён. — Асліха Валаамава і тая чалавечым голасам гаварыла.
   Не памятаючы сябе ад шаленства, Камар кінуўся да Хрыста, схапіў загрудкі:
   — Катаваць будзем! Хутчэй! Пакуль не позна! Таемныя думкі! Таемныя думкі твае!
   Братчык адвёў яго рухам рукі:
   — Ну, чаго ты ротам гадзіш? Падумаеш, таемныя думкі. Ты ўлічы, дурню, няма ў свеце чалавека, які гэтых маіх думак не ведаў бы і не падзяляў. Бо гэта агульныя думкі. І на свет, і на ўсё гэта ваша кодла. Толькі што ніхто іх не выказвае. Я-то іх выказаў. Зброяй. А паўтараць іх тут — бісер перад свіннямі…
   Разумеючы, што суд чым далей, тым болей ператвараецца ў ганьбаванне саміх суддзяў, Басяцкі ўстаў:
   — Досыць. Гэта рачоны Хрыстос у імя люду, дзяржавы і царквы павінен смерці. І перадаем яго ў рукі свецкай уладзе, радзе славутага горада, каб, па магчымасці і калі мера зла ім не перавышана, абышлася яна з ім цяжка і не пралівала крыві.
   Юстын, які ўвесь час сядзеў, апусціўшы вочы, узняў іх. У вачах быў жах. Увесь збялеўшы, нібы палатніна, бурмістр спытаў:
   — Вы што ж, на нас хочаце навесці кроў гэтага чалавека?
   — Чаму? — спытаў Басяцкі. — Сказана ж, «без праліцця крыві».
   Хрыстос зрабіў крок наперад:
   — Ганьбую судзілішча ваша давеку. Быці дому вашаму пусту.
   І ён плюнуў на сярэдзіну судовай залы.

РАЗДЗЕЛ LV ІСЦІНА БУРМІСТРА ЮСТЫНА, АБО НОМО НОМІNІ МОNSTRUM *

    * Чалавек чалавеку звер.
   …а яны не такія, а — зборышча сатанінскае.
    Апакаліпсіс, гл. 2, ст. 9
 
   Вуліцы былі яшчэ не зусім прыбраныя, бо забітых некаторы час не дазвалялі хаваць — у пострах іншым. Злосць была такая, што, здавалася, не хавалі б і зусім, але дні стаялі яшчэ даволі цёплыя, нават часам гарачыя, і ўлады збаяліся міязмаў, якія, як вядома, нараджаюць праказу, воспу і паморкавую пошасць, чуму, не кажучы ўжо аб іншых акрасах жыцця.
   Варта вяла яго па вуліцах, пракладаючы дарогу праз натоўп багатых мяшчан, гандляроў і разявак. Ён не глядзеў на іх. Ён глядзеў, як навалам кідаюць у фурманкі трупы, як іх вязуць, як змываюць з бруку засохлую кроў цэлымі балеямі вады. Ён ведаў, сёння ўначы яго зноў возьмуць у замак (беззаконнае катаванне пасля суда трэба было хаваць: усе ведалі аб ім і ўсе рабілі выгляд, што яго няма), а пасля праз гадзіну — дзень — тры — тыдзень (наколькі яго хопіць і наколькі хутка зняверацца ў поспеху кат і суддзі) адвядуць назад у цямніцу пры радавым судзе, каб трохі ачуняў, каб зацягнуліся перад каразнам раны. Але яму ўсё гэта было амаль усё роўна пасля таго, як Магдаліна дала новы гарт ягонаму сэрцу і паказала яшчэ раз, што за гэтую цвердзь варта гінуць. Што варта гінуць за ледзь прыкметную плесню на ёй, за людзей. Нічога, што яны пакуль напалову драпежнікі, напалову ахвяры, што жывуць сярод іх трусікі, тыгры і тхары. Што зробіш? Яны зараз толькі карані, што свідруюць зямлю і гной, яны доўга, вельмі доўга будуць свідраваць гной, пакуль не выганяць з сябе сцябліну, пакуль не разгарыцца на ёй прыўкрасная квяціна Дасканаласці. Ён прадбачыў, якая яна будзе, і за яе здатны быў загінуць.
   Гэта было ўсё роўна. Неаднолькава было другое, тое, што вуліцамі везлі прах, у які ператварыліся найлепшыя з гэтых карэнняў, найбольш чыстыя і жыццяздатныя: сябры, браты, таварышы.
   А вакол віраваў натоўп, якога ён не заўважаў. Яго не было, калі будавалі царства справядлівасці, яго не існавала і зараз. Прынамсі, дзеля яго.
   — Гандаль падрываў! — гарлалі слінявыя пашчы.
   — Ілжэнастаўнік!
   — Вервіем гнаў нас з храма!
   Прыблізна пасярэдзіне Старога рынку гарэла невялікае вогнішча: нейкі забаўнік загадзя рыхтаваў галоўную частку спектакля. Братчык набліжаўся да гэтага вогнішча і ўсміхаўся сваім думкам. Ён бачыў далей за іх. У глыбіні часоў бачыў за гэтымі звярынымі пашчамі горды і справядлівы чалавечы рот. І ён усміхаўся.
   — Смяешся? Можа, карону хочаш?
   Прыгажун боўдзіла з каламутнымі ад магчымасці пакуражыцца вачыма дзерся праз варту, якая не дужа і трымала яго. На ўзнесеных у паветра кляшчах свяцілася вішнёвым колерам жалезная карона.
   — Н-не трымайце м-мяне! — пена валіла з вуснаў прыгажуна.
   Ён узняў клешчы, ён яшчэ не апусціў іх, а валасы на галаве ў Юрася затрашчалі… Бурмістр Юстын ударыў боўдзілу нагою ў пах, і той склаўся напалам. Карона пакацілася пад ногі гурме, раздаўся лямант абпечаных. Варта бягом цягнула Юрася да гульбішча ратушы. Юстын пяціўся за імі з кордам у руцэ:
   — Людзі! Вы мне верылі! Шмат год правіў я вамі папраўдзе… дзе мог. Вінюся, бяда мая ў гэтым. Але я стараўся ўратаваць кожнага з вас, свінні вы паршывыя, хаця і не заўсёды гэта ўдавалася. Ну, што вам у гэтым чалавеку?!
   Гурма раўла і рыкала. Кучцы людзей ледзь удалося прарвацца праз яе на гульбішча ратушы. Юстын не ведаў, што ўсё гэта бачаць з замкавага акна Басяцкі і Лотр.
   — Глас народа — глас Бога, — сказаў Лотр.
   Езуіт усміхнуўся і паправіў яго:
   — Глас народа — глас Бога з машыны.
   Бурмістр ведаў, што ярасць, няхай і жывёльную, трэба сарваць. Зрабіў непрыкметны жэст начальніку варты. Праз некалькі хвілін два латнікі вывалаклі на гульбішча скутага расстрыгу, прарока Іллюка.
   — Вазьміце пакуль гэтага! — крыкнуў бурмістр. — Гэты прапаведваў хлусліва і навушнічаў.
   — Ты нам печкура за сама не падсоўвай! — лез па сходах на гульбішча, грудзьмі проста на вастрыі дзід, хлебнік.
   Юстын схіліўся да яго:
   — Даносіў! Яго стараннем шмат каго забілі… Твайго, хлебнік, брата, Агея…
   — Іллюк хлебам за мой кошт нікога не карміў, — звар'яцела крычаў хлебнік. — Пляваў я на ягоную віну! Навушнічаў?! А хто не навушнічаў! Агею ж так і трэба! У веры хістаўся! У ерась жыдоўствуючых кінуцца хацеў! Маёнткі, майно царкоўнае асуджаў, дзяліць хацеў! Часоў апостальскіх ім узжадалася!
   Бурмістр імкнуўся перакрычаць народ. Пасечаны шнарамі, адзначаны ценем усіх распустаў, суровы і страшны твар наліўся крывёй.
   — Ды вы ведаеце, за што яго ўзялі, свінтухайлы вы?! Ён, Іллюк, падчас «ночы крыжоў» параненых дабіваў. Раздзяваў іх, рабаваў, марадзёрстваваў!
   Яго не слухалі! Гурма лезла па сходах.
   — Так ім і трэба! Царства Божага на зямлі хацелі! На майно лепшых руку ўзнялі! Адпускай Іллюка!!!
   Выхапілі расстрыгу з рук варты, сцягнулі з гульбішча. Нейкі цёмны чалавечак паваражыў з адмычкай каля ягоных запясцяў, і ланцугі срэбнай змяёю ўпалі на зямлю. Іллюк паматляў кісцямі рук у паветры і раптам шалёна, радасна залямантаваў:
   — Распні яго!
   Натоўп падхапіў:
   — Забі яго! Забі! Заўтра ж! За-бі я-го!!! З мёртвых ніхто не ўваскрасаў!
   Юстын загадаў пакінуць гульбішча.
   …Наступныя два дні прайшлі ў дзікім рову горна, натужлівым рыпенні прэнга, ляску метала, які прымушае да болю сціскаць зубы, у скоках цемры і полымя і ва ўсім такім іншым, аб чым не дазваляе пісаць душа і на апісанне чаго не падымаецца рука.
   На трэці дзень пасля заключнага катавання «жарабяткам» (новы, неапалітанскі спосаб) Братчыку ўправілі рукі, змазалі ўсё цела алеем і на насілках аднеслі ў радскую цямніцу, бо ісці сам ён не мог.
   Усе гэтыя дні і наступныя, калі ён ачуньваў, Юстын, аб'явіўшы сябе хворым, сядзеў дома.
   Шматдзённае страшнае катаванне скончылася нічым. Мужыцкі Хрыстос не падарыў ім аніводнага слова, аніводнага праклёну, аніводнага крыку або стогну. Гаварыць можна было на судзе. Тут трэба было маўчаць і даводзіць маўчаннем. І ён даводзіў. Аддаўшы ў іхнія рукі сваё зламанае, выкручанае цела, на якім яны выпрабоўвалі ўсю вытанчанасць свайго рымскага мастацтва, ён не аддаў ім ані грана сваёй душы і толькі, калі рабілася ўжо зусім нясцерпна, коратка смяяўся, гледзячы ім у вочы. Смех быў падобны да клекатання. І яны зразумелі, што нават «велляй» не даб'юцца ад яго нічога іншага.
   Напярэдадні дня страты ў цэлю да яго прыйшлі Лотр, войт Цыкмун Жаба і — упершыню за ўвесь час — бурмістр Юстын. Першы, каб прапанаваць споведзь і прычасціць, другі, каб прысутнічаць пры гэтым і пасля змацаваць сваім подпісам канфірмацыю на смерць. Трэці, каб спытаць аб апошніх жаданнях асуджанага, атрымаць прыватныя даручэнні (накшталт: «Хустку перадайце такой і такой на вуліцу Грунтвагі; пацалунак мой, бо я любіў яго, такому і такому; частку грошай — на штогадовую імшу па душы маёй, рэшту — жабракам, а вопратку маю кату не аддаваць, як то звычай кажа, а спаліць, а кату заплаціць за яе во гэтымі грашыма, на якія я зараз плюнуў») і прабавіць з вязнем апошні вечар перад тым, як адыдзе ён да сну або думак.
   …Хрыстос сядзеў на ложку голы да пояса, накінуўшы толькі сабе на плечы плашч. Ён зарос, шчокі праваліліся, на грудзях былі чырвоныя плямы. Глядзеў іранічна на Лотра, які добрую гадзіну кленчыў ля яго і вось цяпер апошні раз талдычыў сваю прапанову:
   — І яшчэ раз кажу, што літасці маці-царквы няма мяжы, што і табе яна не хоча адмовіць у суцяшэнні. Табе, ілжэ-Хрысту.
   — А я шкадую аб тым, што звалілася на мяне гэтае імя, можа, больш за вас.
   — Гэта чаму? — узрадаваўся Лотр.
   — А так. Якія б мае намеры ні былі — я імем сваім шкоду прынёс. Марную надзею ў сэрцах пасяліў. Маўляў, не толькі ў душах, маўляў, і на небе можа быці дабрыня.
   — Вось бачыш, мы яе табе і нясём.
   — Кінь. Сам жа ты ў гэта ані храна не верыш. Іначай, не было б такім паскудствам жыццё тваё… Ну, перад кім я спавядацца буду? Чаго, з чыіх рук прычашчуся? Што, мала было людзей, якім вы ў аблатцы яд падавалі? Чаго ж Бог глядзеў? Зрабіў бы, каб у гэтым пачастунку яд знік. Га?
   — Развязаў язык, — сказаў Жаба. — На прэнгу дык маўчаў.
   — А мы з табой розныя людзі. Ты, для прыкладу, на прэнгу такія б прамовы ды крыкі закатваў, што д'яблаў бы ў пекле вараціла, а тут бы маўчаў, як ёлуп, бо ты ў разумнай бяседзе і двух словаў не звяжаш, асляк.
   — Братчык… — Лотр відавочна чакаў адказу.
   — Не марнуй ты, куме, каштоўных сілаў, — сказаў Хрыстос. — Прыдадуцца ў доме распусты. Ну, ты ж ведаеш мае думкі. І на цямніцах вашых пячаць сатаны, і прычасць ваша — прычасць сатаны, і дабрыня — дабрыня сатаны. І ўвогуле, чаго ж гэта Бог, калі ён ужо такі боскі, цямніцы дзеля добрых церпіць? А калі ён злы, то нашто ён?
   Лотр развёў рукамі. Пасля ён і Жаба выйшлі, пакінуўшы Юстына ў цэлі.
   — Непатрэбна мне суцяшэнне, — ужо іншым тонам сказаў Хрыстос. — І прычасць з брудных рук. Голы чалавек на зямлі без чалавека. І нашто яму багі?
   Свяцільнік кідаў чырвонае святло на выснажаны твар Хрыста і шырокае, пасечанае шнарамі, Юстынава аблічча. Стаяў пачатак месяца верасоў, і праз краты павявала аднекуль з-за замка, з-за Нёмана, цеплынёй і мёдам.
   — Ты ведаеш, што цябе спаляць? — глуха спытаў Юстын.
   — Н-не, — голас на імгненне асекся. — Думаў, шыбеніца.
   — Спаляць. Калі войт паўторыць на эшафоце словы аб вогнішчы. Калі нешта яму перашкодзіць — знойдуць іншы сродак.
   — Няхай, — сказаў Хрыстос.
   — Баішся? — дапытліва сказаў бурмістр.
   — Ясна — баюся. Але ж хаця б я парадзіхаю галасіў — нічога не зменіцца.
   — Я загадаю класці сырыя дровы. Каб страціў прытомнасць да агню, — буркнуў Юстын.
   — Дзякуй.
   Панавала няёмкае маўчанне. І раптам Юстын са скрухаю крэкнуў:
   — Казаў жа я табе, нядоўга гэта будзе. Чаго ты мяне жывога пакінуў? Каб сумленне балела? Ранейшы я, ранейшы… Нічога ж ты і ніхто іншы не зробяць з людзей.
   — А ты не ранейшы.
   — Няхай так. Мне ад гэтага не лягчэй, калі чалавек менавіта такая свіння, як я і думаў.
   Хрыстос глядзеў і глядзеў Юстыну ў вочы. Жудасныя гэта былі вочы. Усё яны бачылі: вайну, інтрыгі, сутычкі, распусту, яд і вераломства. Усяму на свеце яны ведалі цану. Але, відаць, не ўсяму, таму што бурмістр не вытрымаў і апусціў галаву.
   — Разумееш, Юстын, — сказаў Братчык, — быў і я накшталт бязгрэшнага анёла. Глядзеў на ўсё цялячымі вачыма і ўсміхаўся ўсяму. Не разумеў. Пасля махляром быў. Такой свіннёй мяне зрабілі, — ды не, і сам сябе зрабіў! — успомніць страшна. Бог ты мой, якія бязодні, якое пекла я прайшоў! Але цяпер я в е д а ю. Гляджу на неба, на зоры, так, як і раней глядзеў, але толькі ўсё памятаю, усё ведаю. І в е д а н н я свайго ніколі не аддам.
   Памаўчаў.
   — Думаеш, я адзін так?
   — Не, не думаю, — з цяжкасцю выціснуў бурмістр.
   — Бачыш? Нараджаецца на гэтай цвердзі новая парода людзей. З веданнем і чысцінёй думак. Што ты з імі зробіш? Знішчыш хіба? І тое не дапаможа. Памяць… памяць аб іх куды дзенеш? Вось Іуда. Тумаш, Кляонік, сотні іншых… Дый ты робіш першы крок.
   — Позна. Стары я. Віны зашмат на мне.
   — Не ва ўсім вы вінаватыя. Іншага не бачылі. Часіны быдла. Саборы, як дыямент, халупы, як гной. Ды толькі ў гэтым гноі нараджаецца золата душ. А ў алмазных саборах — дзярмо. На тым стаім. Ды толькі ўбачаць людзі. Заззяе святло ісціны.
   Бурмістр хрыпата, бязгучна засмяяўся. Падстрыжаны пад гаршчок цень калаціўся за ім. Ды толькі смех не быў падобны на смех:
   — Гэх, браце, што ёсць ісціна? Бачыш, Пілата паўтараю. Толькі сучаснага Пілата, які памудрэў трохі. Няма такой ісціны, якой нельга не загадзіць, запаскудзіць. І яны загадзілі іх. Усе да адной.
   — Хіба ісціна з гэтай прычыны перастала быць ісцінай?… Не забі.
   — А калі за веру, за бацькаўшчыну, за ўладара?… А ноч «крыжоў»? А распяцці на лідскай дарозе? — Твар у бурмістра быў страшны.
   — Не любадзейнічай.
   — Эг-ге. Не паграшыш — не пакаешся… У ложкі іхнія зірні… Толькі кажуць аб чысціні нораваў, аб маралі, а… Тфу!… Ды яшчэ каб па згодзе — палова бяды. А то гвалтуюць, залежнасць скарыстоўваюць, грошы.
   — Не ўкрадзі.
   — А дзесяціна? А дань? А падаткі?
   — Не сведчы лжыва. — Хрыстос гаварыў спакойна, нібы мацаючы душу субяседніка.
   — А цябе як абвяшчалі?! А судзілі як?! А ўсе суды?!
   — Любі бліжняга свайго, — сурова сказаў Юрась.
   Юстын скочыў з месца:
   — Любі?! — Вочы ягоныя вуголлямі гарэлі з-пад валасоў. — А гэта? — рука торкнула ў апёкі на Юрасёвых грудзях. — А тое?! — За акном, на абвугленых шыбеніцах віселі, пагойдваліся трупы. — Ты іх спаліць хацеў, а яны… А допыты? А эшафоты? Кожны дзень мы гэтую любоў ад начальных людзей княства бачым!
   — А Чалавек? — ціха спытаў Юрась.
   Запанавала маўчанне. Потым Юстын ціха сказаў:
   — Божа мой, што ты юродзівы такі? Чалавек. Хто Чалавек? Хлебнік? Іллюк? Сляпыя гэтыя? Басяцкі?
   — Не пра іх кажу. Пра цябе.
   — Як пра мяне?
   — Калі ты хлусню ў кожным запавеце бачыш — хто ж ты, як не чалавек? Калі разгледзеў за высокімі словамі бессаромную брахню — значыцца, чалавек. Калі прагнеш іншага і святога, хай сабе не ведаючы, дзе яно, — значыцца, ёсць жа Чалавек на Зямлі? Не толькі ваўкі. Не толькі звяры, паскуды і хлусы.
   Юстын маўчаў.
   — А пра тых — што сказаць. Вось таму, што яны штогадзінна забіваюць гэтую прагу іншага, прагу святога — адбярэцца ў іх праўда і дадзена будзе Чалавеку. Мабыць, няскора! Але ж адкуль ён народзіцца, Чалавек, калі ўсе мы зараз будзем таптаць у сабе ягоныя іскры?