Страница:
Калі яшчэ дадаць, што з прыадчыненых дзвярэй катоўні вырывалася і скакала па скляпеннях і нярвюрах зарыва, што адтуль часам выглядаў кат, — перад намі будзе поўная карціна таго, што адбывалася ў суднай зале тым летнім днём.
Цыпрыян Лотр сядзеў сёння як старэйшы на месцы старшыні суда. Няўхвальна паглядаў, як фіскал* Ян Камар дрэмле, нахмурыўшы грозныя бровы. Што за дрэнны звычай спаць на ўсіх прэніях?! «Бярэ» занадта чалавек. І спіць мала ўначы. Але ж вось не дрэмле Басяцкі за сваім асобным, адвакацкім столікам. Шамаціць сувоямі паперы і пергаментнымі аркушамі, з-пад аксаміцістага чорнага капюшона глядзяць жывыя вочы.
* Абвінаваўца.
Гэты не дрэмле, хаця таксама не спіць начамі, хай сабе зусім з другой прычыны, чым Камар. Па-першае, тайныя справы (доўга ім яшчэ быць тайнымі, хай не спадзяецца, і добра, калі год праз восемдзесят можна будзе ўзняць забрала і адкрыта назваць дамініканскую капліцу езуіцкай, якой яна, фактычна, вось-вось будзе, або, ні на каго не зважаючы, узвесці вялізны новы касцёл*); па-другое, думы аб тым, як, акрамя невялічкай сваёй дамініканскай школкі, прыбраць у рукі, хай сабе і непрыкметна, парафіяльную ды царкоўную школы. Па-трэцяе, іншыя начныя справы. Гэта ён тут толькі адвакат, а вось што ён па начах у сутарэннях дамініканскай капліцы?!
* Новы езуіцкі касцёл сапраўды быў скончаны толькі каля сярэдзіны ХVІІ ст.
Кардынал устаў:
— Імем маці нашае, рымскае царквы, вінавацяцца сёння ў страшных злачынствах супраць Бога і чалавецтва гэныя брыдкія адроддзі пекла, зграя сатаны… Прынясіце схопленых.
Карніла прынёс з бакавой нішы і паставіў на стол клетку з мышамі. Сярод цікаўных завішчала нейкая пані. Пачаўся Божы суд.
— Хай палохаюцца падсудныя суда Божага. — Кардынал нават сам адчуваў, як сыходзіць высакародствам ягонае аблічча. — Я, нунцый яго свяцейшаства папы…
Ён гаварыў і гаварыў, з асалодаю адчуваючы, як лёгка плыве мова, як тонка, зусім не па-кухоннаму гучыць залатая лаціна, як грацыёзна рухаюцца пальцы па краях скруткаў.
— …іспісаўшы правіны іхнія, перадаю стырно суда фіскалу. Прачытайце абвінавачванне, фіскал.
— Га? — толькі тут прачнуўшыся, спытаў Камар.
— Вазьміце на сябе шчыт веры, брат мой, каб адбіць усе распаленыя стрэлы крывадушніка.
Біскуп устаў, міргаючы не толькі вачыма, але і цяжкімі бровамі, пашукаў пачатак прамовы сярод аркушаў, не знайшоў. І раптам ірвануўся адразу на крык, нібы з берага ў кіпецень.
— Шалберы, махляры, ерэтыкі ў сатанінскім юрадзействе і зладзействе сваім, аб'елі яны нашу квітнеючую краіну, — біскупавы пальцы, бы ў латы, закутыя ў золата, хрызапразы, смарагды і бірузу, торкалі ў клетку. — Гноем павінныя гадавацца — хлеба яны ўсхацелі.
Грубы рэзкі твар наліваўся бурай крывёю, пенныя заедзі накіпалі ў кутках вялізнага жорсткага рота.
— Радзіму нашу мілую, слаўны горад Гародню, горад гарадоў, асірацілі яны. Жэрлі, бы не ў сябе, і апаганьвалі жыта наша, і выводзілі ў ім гэтакіх жа дзяцей граху, як самі. Імем царквы ваяўнічай, імем Бога і апостальскага намесніка яго на зямлі, імем вялікай дзяржавы нашае і прасветлага кроля Жыкгімонта — я вінавачу!
Голас ягоны загрымеў пад нізкімі скляпеннямі, як голас звона ў званічнай клетцы.
— Я вінавачу гэтае адроддзе ў беганіне ўначы пад падлогаю, у палоханні жонак і… палюбоўніц…
Лотр зразумеў, што Камар трохі заманіўся. Ужыў з разгону пасля слова «жонак» злучнік «і», не ведаў, што б такое назваць яшчэ, і, па сваім вопыце ведаючы, што «каханка» ўсё ж менш ганебна, чым «дзеці», ляпнуў «каханку». І гэта ў той час, калі дзяцей мае кожны жыхар горада, а трымаць палюбоўніц — рэч недазволеная.
— …пражэрлівасці, смуродзе злашкодным, раскраданні чужога збожжа і іншым. Я патрабую каразна*!
* Пакарання смерцю.
Не, «палюбоўніц», здаецца, ніхто не заўважыў. Наадварот. Камар так узбухторыў народ, такі ён зараз выключна велічны, што цікаўныя адказваюць крыкамі, а пані істэрычным віскам:
— Пражэры! Драпежнікі! Шкоднікі!
Другі вяшчальнік выходзіць, каб пракрычаць народу, чаго патрабаваў фіскал.
Лотр успамінае ўсе такія працэсы. Што зробіш, Богу падпарадкоўваюцца і жывёлы, хаця іхняя душа танюткая, зусім празрыстая і не мае перад сабою вечнасці і бяссмерця. Судзілі год сто назад у Рыме чорнага ката алхіміка… як бо ж яго… ну, усё адно. Павесілі. Судзілі разам з гаспадаром, лекарам Карнеліусам з Майнца, ягонага барана, у якога ўсяліўся дэман. Судзілі год пяцьдзесят таму ў Францыі Сулара і ягоную свінню. Яго спалілі, яе закапалі ў зямлю. Дэману, ворагу рода чалавечага, нельга патураць, нават калі ён знаходзіць сабе прыстанак у бесславеснай істоце. Судзілі ўжо і мышэй, у Швейцарыі. І казлоў судзілі і палілі. Гэтых часцей за ўсё, за схожасць з чортам.
І, аднак, Лотр усміхаецца. Ён не ведае, аб чым думалі іншыя суддзі, ці верылі ў правіну Суларавай свінні і лекаравага барана, але ён, Лотр, не ўпэўнены, што зубамі мышэй дзейнічаў на гэты раз д'ябал. Ён ведае, што гэты суд нешта накшталт пластыра, які адцягвае гной, або п'явак, якія смокчуць лішнюю кроў, каб яна не кінулася ў галаву. Можна праявіць і міласэрнасць, якой славута Хрыстова царква.
І пад удар молата Лотр устае. Сціхае шалёны крык.
— Нашто ж так жорстка? — Твар ягоны свеціцца. — Бедныя, літасць царкоўная і на іх. Ці прызнаяце вы правіну сваю, малодшыя, падманутыя браты нашы?
Карніла нахіліўся да клеткі. Але гэтага нават не трэба было рабіць. У раптоўнай мёртвай, зацікаўленай цішыні ясна аддалося жаласнае папіскванне мышэй.
— Гм… Яны прызнаюць сябе віноўнымі, — сіпла сказаў Карніла.
— А вы ім хвасты не прыціскалі? — з тым жа светлым абліччам спытаў Лотр.
— Крый Божа… Гэта ж не чалавек… Я… іх, скажам шчыра, баюся.
— Царква міласэрная. Дык вось, брат мой Фларыян, скажы ў абарону аблудных гэтых.
Прыкрыўшы вочы рукою, Лотр сеў. І адразу ўстаў айцец Фларыян. Усмешка на хвіліну прамільгнула па вуснах, шэрыя вочы змежыліся, бы ў яшчаркі на сонцы.
— Яны прызналіся ў раскраданні хлеба. Чаму вучылі мяне ў такіх выпадках у Саламанскім універсітэце? Вучылі таму, што галоўнае ў суднай справе — прызнанне абвінавачанага ці абвінавачанай. Нават калі іншых доказаў няма — яно сведчыць аб жаданні жывой істоты быць чыстым перад Богам і царквою. Тут мы, на шчасце, маем досыць доказаў. — Хітрая, разумная, чымсьці нават прыемная ўсмешка зноў прабегла па вуснах патаемнага езуіта. — Маем мы і прызнанне. Значыцца, пераконваць у неабходнасці прызнання нікога не даводзіцца, і кніга праўды, якую запаветалі нам найчысцейшыя дбайнікі веры Шпрэнгер і Інстыторыс*, сёння застанецца закрытай.
* «Молат ведзьмаў» — ізуверская сярэдневяковая кніга аб ведаўстве і сродках, якімі можна вырваць у ведзьмаў прызнанне.
— Разгарніце яе! Разгарніце! — залямантавала нейкая жанчына на лавах.
— Я ведаю яе на памяць, — сказаў дамініканец. — І я не задумваўся б ужыць яе, каб для гэтага былі прычыны. Пакаранне мы знойдзем і без «Молата ведзьмаў». Помніце, яны прызналіся… Зрэшты, паколькі справа аб хлебе датычыцца перш за ўсё не сыноў царквы, якія дбаюць больш аб хлебе духоўным, а міран — я хачу спытаць, што думае аб гэтым славуты сваім найвенкшым багаццем, розумам і сілай, ды яшчэ і адукацыяй, магнат, ілюстрысіме Цыкмун Жаба.
Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Тлустыя касіцы чорных валасоў падалі на вочы. Адкашляўся. Твар стаў такі, што хаця б і Карлу Вялікаму па паважнасці, толькі што дурны, як свіная левая шынка.
— Свядомасць — важная справа. То бок прытомнасць… Тфу… прызнанне. Прызнанне — гэта… уга!… Памятаю, выпівалі мы… Прызналіся яны тады… Зноў жа, і хто кажа, што ведае, гаворыць праўду, а словы лжэсведкі — падман. Мужыкі мае сведчылі: аб'елі іх мышы, а…
Жаба тужыўся, нараджаючы ісціну.
— …гэта… vox populi vox… гэта… Як бо гэта ў калегіюме казалі… ну, arbiter elegantiarum…* Памятаю, закусвалі мы…
* Бессэнсоўны набор лацінскіх слоў: «Голас народа — голас… арбітра элегантнасці» (прыгожае).
— Скажыце пра мышэй і збожжа.
— Збожжа трэплюць: водзяць па ім малатарныя колы з канямі іхнімі. І гэта адбываецца ад Пана Бога. Вялікая прамудрасць ягоная.
— Дзякуй.
Басяцкі ўбачыў, што Лотру — хоць праз зямлю праваліся. Добра яму, а што б рабіў ён, каб даводзілася жыць побач з такім?
Войт не проста ідыёт, а ідыёт дзейны, ды яшчэ і п'яны і ўпэўнены ў сваіх велічы і розуме. Крыўдуе, калі хоць па самаму дробнаму пытанню не спытаюць ягонай думкі. А ён — войт, значыць, ад караля. Ён гаспадар горада. Ён багаты, як халера, і моцны, як чума. «У яго войска, і паглядзеў бы я, як ты, кардынал, пасварыўся б з «мячом горада».
Але ён добра валодаў сабою. І таму расчулена паківаў галавой і сказаў з класічным аратарскім жэстам:
— Я заклікаю ў гэты раз быць міласэрнымі: не ведаюць бо, што вытвараюць. Улічыце, гэтыя шэранькія стварэнні могуць прыносіць і карысць. Яны паядаюць лічынкі, і насякомых, і чарвякоў.
Аблічча ягонае было аблічча самай уседаравальнай літасці.
— Яны елі, так, але ж і яны павінны падтрымліваць тленнае цела, калі ўжо Бог наш уклаў у яго душу.
Лотр хітаў галавою, быццам яго ўмашчалі нардам*.
* Усходняе духмянае рэчыва.
— І, нарэшце, галоўны мой козыр… э-э-э… довад: мышам невядомыя Запаветы Майсея, што забараняюць прысвойваць чужую ўласнасць. Я скончыў.
— Суд ідзе на думу і нараду, — сказаў Лотр.
…У дзень вялікага суда над мышамі вольны мужык прыгараднай вёскі Занямонне Зянон з'явіўся ў Гародню, каб купіць хаця трэць бязмена збожжа. У Занямонні, як і паўсюль, было дужа цяжка, і, напрыклад, сам Зянон з жонкаю ўжо чатыры дні не елі ні хлеба, ні кашы. Згарэла нават лебяда. Удавалася, што праўда, лавіць рыбу. Ды што рыба? Рыбаю тою кішаць рэкі. Удавалася нават, з вялікай асцярогай, лавіць сілом зайцоў, і быў аднойчы выпадак — лань. Мяса і рыба былі — гэта праўда. Але дарослыя ўжо цэлы год дасыта не елі хлеба, часам месяцамі не бачылі яго. Мяса, заўсёды толькі мяса дзікіх жывёл, ды яшчэ і забароненых верай (як заяц) або магнатам (як лань). Сёння спаймаў аж трох, а потым за тыдзень нічога. А солі, каб зберагчы, таксама не было.
Дзецям бацькі ўсё ж давалі патроху хлеба, і то малыя пакутавалі жыватом. А самім даводзілася дрэнна.
Ад заўсёднага мяса без солі аж вараціла, і ўвесь час думалася, а што будзе зімою, калі Нёман укрыецца лёдам, калі звяры адкачуюць у нечапаныя пушчы, а сляды будуць заставацца на снезе, а значыць, у кожны момант цябе могуць спаймаць панскія паюкі. Што будзе тады?
Зянон гнаў ад сябе гэтыя думкі. Усё адно нічога не зробіш. Ён прайшоў зарэчную частку з дамамі багатай замкавай шляхты і замкавых рамеснікаў, прайшоў драўляны мост і стаў падымацца па ўзвозе. Увесь час яго абганялі вазы з ільняным насеннем, соладам, хмелем, бочкамі піва, вапнай, футрамі ў звязках, жалезнымі паробкамі і, галоўнае, хлебам. І мужык не мог не думаць, чаму гэта так, што вось у яго няма і бязмена хлеба, як амаль ва ўсіх, а вазы цягнуцца, цягнуцца, і ўсіх іх хутка паглыне нясытая зяпа Старога рынку, а потым замежныя землі. Нешта тут усё было не тое.
Вялікі горад, тысячы людзей, моцныя муры, крамы, замак, з дзесятак цэркваў ды яшчэ манастыры, ды капліцы, ды унь званіца курыі — глянеш — шапка валіцца, ды унь будуюць вялізны касцёл бернардынаў з кляштарам. А унь узвышаецца Святая Ганна. А там, далёка ўлева, зіхаціць, як вясёлка, Каложа, у імя Барыса і Глеба.
На ўсё хапае. А ў мужыкоў няма хлеба. Ды і ў мяшчан не лепей. Колькі іх?! Унь вуліца Кавальская, Мечная, Піўная, Калёсная, вуліца Стрыхалёў*, вуліца Адвеса**, Утэрфінавая***, вуліца Абадранага Бабра, Страменная, Багамазная, Разьбярны кут, ды яшчэ і яшчэ, дваццаць сем вялізных вуліц, не лічачы завулкаў, тупікоў ды асобных выселкаў, слабодак і хат.
* Вапеннікаў.
** Грунтвагі.
*** Суконная.
І ўсе гэтыя магершчыкі, кацельшчыкі, маляры, саладоўнікі, сталяры сядзяць і не маюць да чаго прыкласці рукі, і тымі ж вачыма, што і ён, Зянон, праводзяць кожны хлебны воз.
Ад нязвыклага гарадскога шуму ў мужыка дурэла галава. Спакойнымі, глыбока пасаджанымі шэрымі вачыма ён глядзеў, як круцяцца колы берагавых млыноў (Нёманава плынь адводзілася на іх плятнямі), як паўзуць па блоках у верхнія паверхі складаў цюкі з таварам, чуў, як гарлаюць гандляры, як вухае васкабойка, як звіняць малаточкамі па сталі чаканшчыкі ў мечных майстэрнях.
Пахла шкурамі, гноем, невядомымі, нетутэйшымі пахамі, гарэлкай, мёдам, сенам, салёнай рыбай, дзёгцем, хмелем, рыбаю свежай, каноплямі, іншым, незнаёмым Зянону.
Трапляліся насустрач воіны ў медзі і сталі, магнаты ў золаце, парчы і галандскім сукне, гаспадыні ў шаўках — і Зянон збочваў сваімі скуранымі поршнямі ў пыл. Не таму, што баяўся (ён быў вольны), а проста, каб не запэцкаць гэтага дарагога хараства. Гэта ж падумаць толькі, на якія каштоўныя рэчы ўзбіліся людзі!
На Старым рынку ён падышоў да крамы хлебніка.
— Выручы.
Хлебнік, нібы складзены са сваіх уласных хлябоў, агледзеў здаравеннага, трохі нехлямяжнага мужыка ў вышыванай кашулі і з сякеркай-кляўцом* за поясам (вольны!), белавалосага, хударлявага.
* Клявец — востраканечны малаток для насякання жорнаў.
— Чаго табе?
— Хлеба.
Хлебнік зірнуў на рудога суседа. Замест адказу спытаў:
— Дзяцей у цябе многа?
— Хопіць.
— Ну вось, каб у мяне так зернеек было… А чаго ты да каго з паноў не пойдзеш ды купу* не возьмеш?
* Пазыка.
Рука Зянонава паказала на клявец:
— Гэта ўсё адно што вось адразу г э т а аддаць… Гэта ўсё адно што вось зараз яго табе аддаць ды пайсці.
— Гэтую цацку?
— Гэта т а б е яно — цацка.
— Бач, горды… Няма ў мяне хлеба.
Зянон уздыхнуў, зразумеўшы, што пазычыць не выйдзе. Была ў яго ў хаце шкура срэбнай лісіцы, яшчэ зімовая, ды ўсё бярог, і вось толькі ўчора, жадаючы прадаць даражэй, заквасіў апошнюю жменю мукі ды намазаў шкуру з мяздранага боку. Не выпадала аддаваць апошнюю манету, мала што можа здарыцца за два тыдні, пакуль не прадасць лісіцу (мог прыехаць, напрыклад, поп, і тады не абярэшся лаянкі, а можа, і горшага), ды што зробіш.
Ён выцягнуў манету з-за шчакі, лінуў на яе вадою з цэбра, што стаяў на зрубе.
— Чаго мыеш?
— Я-то здаровы. А бываюць розныя, пракажоныя хаця б. Хоць усё гэта і ад Бога, а ў рукі браць брыдка.
— Ну, гэта як каму, — усміхнуўся хлебнік.
— То дасі?
Хлебнік пачухаў галаву:
— Дынарый кесара. Любы ты мой чалавек. Чалавек ты ўжо дужа харошы. Горды. Ну, можа, наскрабу. — І манета знікла, нібы яе й не было.
Зянон стаяў і чакаў. Праехаў паўз яго воз з сенам да брамы бернардынаў. Побач ішоў здаровы дурыла-манах. Калматы сялянскі конік пацягнуўся быў да воза — манах ударыў яго па храпе. Конік звыкла — нібы заўсёды так было паложана — апусціў галаву са слёзнымі вачыма.
І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі — чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты — у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо — казіныя мяхі вялізнай дуды.
Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.
— Чаго табе, чаго? — спытаў нявінным голасам.
Дудар ужо кінуў сена коніку.
— Еш, Божая худоба, — і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.
— Сена шкадуеш, куражэр? — спытаў Кірык. — От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.
— Сам у пекле будзеш, дысыдэнт*, — сказаў бернардынец.
* Хрысціянін, не каталік.
— За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.
— Блюзнер! — круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.
— Скубі яшчэ ахапак! — скамандаваў Кірык.
Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:
— А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.
Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.
— Вось так, — Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. — І вось так, — мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. — А цяпер правы плячук… Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер — левы.
І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.
— Блюзнерства гэта, Кірык, — няўхвальна сказаў дудар. — Гарэзаванне.
— Кінь, — плюнуў каваль. — Унь Кляонік каталік. Што я, прымушаў яго па-нашаму жагнацца? Ды я яго кулаком абмахаў, а не пяццю пальцамі. Кінь, дудар, сам хвігаю жагнаешся.
Конік удзячна хітаў галавою. І тут сёй-той на плошчы, і Зянон, і нават сам каваль свіснулі. З абскубенага воза тырчалі жаночыя ногі, падціскаліся. Мніх з бліскавічнай хуткасцю ссунуў на іх сена, пабег побач з коньмі, падганяючы іх.
Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму. Усміхнуўся з разуменнем справы.
Воз знік. Ляснулі палавіны брамы.
— Бачыў? — з рогатам спытаў Кірык. — Вось табе і скубанулі.
— Вачам не веру, — палез у патыліцу дудар.
Сябры з рогатам рушылі вуліцай, стараючыся заняць як мага больш месца.
«Трэба будзе з кавалём пагаварыць», — падумаў Зянон.
Хлебнік ужо выйшаў з невялічкім хатульком. Гледзячы ў спіны сябрам, шапянуў:
— Ерэтыкі. Цяпер вядома, адкуль такія лісткі падмётныя, вабныя з'яўляюцца, ад якіх такіх братэрстваў.
Зянон убачыў клуначак.
— Ты што? Пабойся Бога, хлебнік.
— Уздаражэла збожжа, — пазяхнуў той. — Ну і… потым… табе ўсё адно праз тыдзень прыходзіць, то астачу, столькі ж, тады возьмеш. Каб не навальваўся адразу, каб далей хапіла. Я цябе шкадую.
— А збожжа тым часам яшчэ ўздаражае?
— Шкадуй пасля гэтага людзей, — сказаў рыбнік.
— Слухай, ты, — засіпеў хлебнік. — Мала ў мяне хлеба. Зусім амаль няма. І мог бы я табе і праз тыдзень нічога не даць, і ўвогуле не даць. Ціхон Вус твой сябар?
— Ну, мой.
— Не ведаеш закону? Між сяброў кругавая парука. Вус мне двойчы па столькі вінен. Ідзі… І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: «Вось, кіпаць*, мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?…», калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць — тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай.
* Кіпаць — зняважлівае, даўнейшае прозвішча мужыкоў: кулак, скупая цёмная дзеравеншчына.
Зянон стаяў бледны. Ён ведаў: яго толькі што бессаромна падманулі. І што цяпер даваць дзецям? Але ён ведаў і тое, што ні праз тыдзень і ніколі не прыйдзе па астатняе збожжа. Звычай ёсць звычай. Ніхто не дапаможа, усе будуць паказваць пальцамі на чалавека, які не заплаціў доўг за бліжэйшага друга, не дапамог яму.
Акруціў, навалач-хлебнік.
Заграбаючы поршнямі пыл, Зянон рушыў ад крам. Што ж цяпер рабіць? Што будуць есці дзеці?
Рука ягоная трымала клунак, зусім не адчуваючы яго, нібы ватнымі пальцамі. Усё больш разгіналіся яны — ён не заўважаў, глядзеў невідушчымі вачыма перад сабой.
Хатулёк выслізнуў у пыл і, не завязаны, а проста сабраны, расхінуўся. Жыта пасыпалася ў пыл. Ён хацеў сагнуцца і падабраць хаця тое, што ляжала купкаю, але ў гэты момант са стрэх, з дахаў, са званіц касцёла бернардынцаў, адусюль, са свістам разразаючы паветра, падаючы проста грудзьмі, рынулі на яго соценныя чароды галубоў.
Ежы ім апошнія месяцы не хапала. Ашалелыя ад голаду, забыўшыся на ўсялякае самазахаванне, яны біліся перад Зянонам у пыле, дзяўблі зямлю і адзін аднаго, суцэльным комам варушыліся перад ім.
— Вестуны Божага міру, — разумеючы, што ўсё прапала, сказаў мужык. Не даваць жа выспятка, не таптаць было святую птушку. Зянон махнуў рукою.
— Разява, — зарагатаў ля крамы рыбнік. — Рукі ў…
Зянон не пачуў. Ён доўга ішоў бязмэтна, а потым падумаў, што ўжо ўсё адно, што трэба, ад няма чаго рабіць, хаця б знайсці Вестуна, пагаварыць трохі, адцягнуць нясцерпнае вяртанне дахаты.
І ён пайшоў у той бок, дзе зніклі дудар і Вястун. Не дайшоў. Насустрач яму ішлі яшчэ знаёмыя. Адзін, шырокі ў касці, да сіняга чорны і добра такі сівы, падстаркаваты гараджанін цягнуў, нібы звязку аеру, ахапак адкутых мечных палосаў. Другі, малады і вельмі падобны на падстаркаватага, такі самы сухі тварам, гожы, праманосы, з добра выразаным усмешлівым ротам, валок інструмент. Гэта былі мечнік Гіаў Турай і ягоны сын, Марка.
— Здароў, Зянон, — сказаў Марка.
— Дзень добры, — сказаў Гіаў.
— Здароў.
— Чаго гэты ты, нібы каня няўдала ўкраў? — спытаў Марка.
Зянон неахвотна расказаў усё. Гіаў свіснуў і раптам сказаў сыну:
— Ану, пайшлі з ім. Кідай справу.
— Чакай, Кляоніка возьмем. Дый цяжар там пакінем.
— Ну, давай.
Яны пакрочылі да невялікай майстэрні ў суседнім Разьбярным куце.
— Вы, хлопцы, Ціхону Вусу толькі нічога не кажыце. Сорам! Задражняць. Скажуць: «Кіпаць».
— Ты, дзядзька, маўчы, — сказаў Марка.
Перад домікам разьбяра пылу не было. Усю вулку тут засцілаў тоўсты слой стружак і габлюшак, і старых, пацямнелых, і пахучых, новых. Пад навесам, што апаясваў будыначак, стаялі загадзя зробленыя падмайстрамі балванкі, недаробленыя багі. І вялікія, і сярэднія, і зусім малыя. Над нізкімі дзвярыма — складзень з двума адкінутымі, як аканіцы, палавінамі (каб прыкрыць у дождж ці завіруху). У складні, на немалую спакусу ўсім — Маці Божая, як дзве кроплі вады падобная на славутую зеляніўшчыцу з Рыбнага рынку Фаўстыну, нават не каталічку. Фаўстына, склаўшы ручкі і схіліўшы ўсмешлівую, чарцячую галоўку, з цікаўнасцю, бы з яра на голых купальшчыкаў, глядзела на людзей.
— Кляонік, дружа! — гукнуў Марка.
Адчынілася слюдзяное акенца. Выглянула, як на майстра, то і зусім саплівая (год пад трыццаць), галава. Смяецца. А чаго не смяяцца, як дагэтуль халасты, як усе цябе любяць, нават прыгажуня непараўнальная, Фаўстына.
Кляонік, вітаючы, узняў руку з разцом. Валасы, як залацістая хмара. Цёмна-блакітныя вочы і велікаваты рот смяюцца. І Марка засмяяўся яму ў адказ. Сябры! Усмешкі аднолькавыя. Вельмі прыемныя, трохі лісіныя, але бяспечныя.
— Выходзь, Кляонік, справы.
— Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, — сказаў разьбяр.
— Як задніцу? — спытаў Гіаў.
Замест адказу Кляонік паказаў у акно драўляную, у палову сажня, статуэтку жанчыны, якая ўкленчыла перад кімсьці. У жанчыны былі доўгія, да зямлі, валасы. Невядома, як гэта ўдалося разьбяру, але каштанавае дрэва гэтых валасоў было лёгкае нават на выгляд і, здавалася, празрыстае. А паколькі жанчына трохі схілілася, прыціскаючы гэтыя хвалі да грудзей, валасы ўпалі наперад, прыагаліўшы частку спіны. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком ў лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне.
І нічога тут не было кепскага, але разьбяр нібы саромеўся трохі і гаварыў грубавата.
— А так. Яна ж валасамі галізну прыкрыла ў паганскай турме. Дзіва здарылася.
— Дык, пэўна, і… спіну? — сказаў прыгаломшана Гіаў.
— А мне што? Усё адно яна ў нішы стаяць будзе. Хто заўважыць? А мне практыкавацца трэба. Усе святыя ў рызах, бы язык у звоне, а тут рэдкі выпадак.
Некалькімі амаль нябачнымі, пяшчотнымі рухамі ён падправіў статую, кінуў ёй на галаву фартух — прыкрыйся! — і выйшаў да гасцей, падпёршы трэсачкаю дзверы.
Вестуна, Дудара і Зянонавага сябра Ціхона Вуса знайшлі ля Ціхонавай майстэрні ў залатым радзе.
Ціхон, і сапраўды такі вусаты, што каштанавыя хвалі вусоў віселі да сярэдзіны грудзей, выслухаўшы, скрывіўся.
— Дурань ты, дружа, — сказаў ён Зянону. — Я за той хлеб яму адрабіў. Пярсцёнак залаты з хрызапразам зрабіў ягонай… гм… яшчэ ў мінулым лістападзе. Яна ў лістападзе нарадзілася, то хрызапраз ёй — шчаслівы камень. Няўжо такая праца паловы бязмена збожжа не вартая? Я думаў — мы разлічыліся. І потым, калі галубы вінаватыя — ён павінен табе аддаць. Пляц, на якім ягоная крама стаіць, належыць Цыкмуну Жабе. І ён за яго ані шэлега Жабе не плоціць, а за гэта абавязаны галубоў з Бернардынскай і Янавай галубятняў гадаваць. То ён, відаць, ад нясытасці не гадуе. Вочы ў яго шырэйшыя за пуза і прагныя, як ястрабава валлё. Святых птушак да разбою прывучыў. Што ж рабіць?
Кірык схаваў у кішэнь косці, якімі ад няма чаго рабіць мужыкі гулялі ўтрох, і ўстаў.
— Ану, хадзем.
— Куды яшчэ? — спытаў Зянон. — Вечна ты, Марка, раззвоніш.
— Хадзем, хадзем, — падтрымалі каваля сябры.
Ціхон таксама ўстаў. У яго былі дзіўныя рукі, брудна-залатыя аж вышэй кісцяў — так за дзесяць год уеўся ў іх бязважкі залацісты пылок, адзінае багацце майстра. Жылаватыя вялізныя рукі.
І гэтыя залатыя рукі раптам сціснуліся ў кулакі.