Яна абражала разлічана і жорстка. Ведала, што адзін канец, і плаціла за ўсе гады.
   Карніла пацягнуў меч.
   — Кінь, — сказаў каплан. І прызнаў: — Так, звод законаў абата Пятра з Клюні. Але гэта было даўно. Цяпер царква не тая.
   — Што, у мяне не было вачэй? — з'едліва спытала яна. — Усё мяняецца, не мяняецеся толькі вы ды ўладары.
   — Ты ведаеш, што цябе чакае?
   — Ведаю. Шчасце ваша, што спазніліся. Тут бы мне крыкнуць толькі — на дзіды б вас узнялі.
   — А калі мы скажам, што ты — шлюха, падасланая да яго?
   — Не паверыць. Я адкрыла яму, дзе была Анея. Я сама бачыла.
   — Але, ва ўсякім разе, ты будзеш маўчаць, каб мы не аддалі яму яе, — здагадаўся раптам пра ўсё мніх. — Іначай не бачыць табе яго.
   — А я ўжо і не ведаю, ці хачу гэтага.
   Каплан добра разумеў, што намацаў нейкую трэшчыну, што жанчына можа і не выдаць, можа нават падсвядома памагчы.
   Але ён сам сапсуў справу, вырашыўшы пашырыць гэтую трэшчыну.
   — Што ў цябе, каханне? — І дадаў: — Каторае?
   — Першае. Ён не ведае, але першае. І апошняе.
   — Трапіш — спалім.
   — А я і так спаленая. Кідалі вы мяне з рук у рукі. Позна ўбачыла, што ёсць і іншыя. Таму давай, разводзь вогнішча.
   Надзвычай багаты інтанацыямі голас капланаў нібы ўсміхаўся. З-пад языка асцярожна высунулася травінка-джала.
   — Ды я не аб тым. Вось, калі не заб'ем — ты ж сама разумееш, што недарэмна мы «спазніліся», — то аддамо яму бабу, і хай ідзе з апосталамі за мяжу. Ты не застанешся, ты з ім вымушана будзеш пайсці. Будзе ў іх дзіця. А ты? На торнай дарозе трава не расце. Ды я не аб тым. Вось каб памагла нам, пераканала, каб пайшоў без сутычкі і шуму за мяжу, — пайшла б з ім. Нікога б мы не выпусцілі. І ён бы ўрэшце стаў тваім. Калі надзеі няма, хто такую прыгажосць прапусціць. Падумай, як многа мы табе даём?
   — Многа, — сказала яна. — Толькі не пойдзе ён ад яе за мяжу. А вы мне сапраўды многа прапаноўваеце. Прыміце за гэта маю падзяку.
   Каплан гаварыў з ёю, схіліўшыся з сядла, каб ніхто не чуў. І яна, сказаўшы аб падзяцы, з нечаканай сілай адвесіла яму поўху. Аж у таго зазвінела ў вушах.
   Мніх успыхнуў, але насільна стрымаў сябе.
   І пад'ехалі яны да ўзгорка, і, конныя, сталі перад Хрыстом. Карніла ад'ехаў у ар'ергард, высіўся між конным мірскім атрадам і мужыкамі.
   — Чаго не пайшлі? — спытаў у мужыкоў Карніла.
   — А яны чаго не пайшлі? — паказаў на воінаў нехта.
   — Справа не ваша.
   — Ну і гэта не ваша справа, — дзёрзка адказаў мужык.
   Хрыстос між тым глядзеў у шэрыя, трохі ў прозелень, плоскія вочы каплана. Вочы былі халодныя, нібы ў яшчаркі.
   — Калі я татар біў — вы маліліся. А цяпер наляцелі на гатовае.
   Басяцкі добразычліва здзівіўся:
   — Ты? Але ж паўсюль ужо ведаюць, паўсюль паведамлена, па храмах, весях, гарадах, што паграміла іх наша рука. Што ты без царквы? Што гэты мізэрны люд без царквы, без нашых модлаў і нашага духу?
   — Э-эх, чарвякі гнойныя, — сказаў Хрыстос. — Зляцеліся на храбрую смерць, трупы абрахалі. Сцярвятнікі хаця не брэшуць.
   Мніх усміхнуўся аднымі вуснамі.
   — Гардыня? Так. І неразумнасць. Без царквы, улічы гэта, сын мой, не было б перамогі. Без царквы нічога не бывае, такі закон. Ва ўсіх летапісях, што ты там ні ведай і ні крычы, запісана, што мы не ўцяклі, не кінулі вас адных, што мы падрыхтавалі гэты страшны адпор, што «татаре да беларускай зямлі ўварваліся, але царква, з малым людзем выступіўшы, народ паганскі за воляю Божаю і помашчю неспадзявана ўразіла і паграміла і лупы паадбірала».
   Ён чаканіў гэта, нібы апускаў на плечы бессаромны, невыносны цяжар.
   — Мачыся вам у вочы — скажаце: Божая раса, — буркнуў Багдан Роскаш. — Ну, а ён?
   — А ён, мілы наш Тумаш, паўсюль запісаны як шалбер, які «імя Божае сабе прыўлашчыў».
   — Нічога, — сказаў Раввуні, — праўда ёсць.
   — Не цягніся, любы, — сказаў каплан. — Праўды ў такіх справах не было і не будзе. Царква перамагла, а не ён, не народ. — Словы ягоныя сачыліся нібы смярдзючым, усепераможным гноем. — Усе подзвігі, усе дзівы, усё чалавечае — ад яе. — Ён прыніжаў, бы ў разлічаным, халодным экстазе. — Гэта мы патаемна кіравалі вамі. Дый маліліся мы… Ты што гэта пішаш, іудаіст?
   — Тое, што сказана. — Раввуні спакойна вадзіў стыласам. — І потым, ты па слабасці мазгоў не так назваў нас. Разумееш, я не іудаіст. А ён, Хрыстос, не католік. А унь Фама не праваслаўны. Гэта такая ж праўда, як тое, што ты не чалавек, а гніда, якой трапіла панства…
   — Хто ж вы, цікава?
   — Мы — людзі, — адказаў чалавечак. — Мы людзі, таму што мы адрынутыя ўсім гэтым светам хлусні. Але мы, адрынутыя, абылганыя паклёпам, бітыя, мы і ёсць людзі ва ўсёй праўдзе сваёй. І няма ніякай іншай праўды — ні праўды Шамоэла, ні праўды Лотра, ні праўды Яхве, ні праўды Хрыста… А калі ёсць, калі нясеце яе нам в ы, то…
   — На храна нам такая праўда, — дакончыў Фама.
   — Правільна, — пацвердзіў Раввуні.
   Каплан зразумеў, што размовы не будзе. Азірнуўся. І адразу Карніла з бразганнем пацягнуў меч. І тут побач з ім спакойна сказаў нейкі мужык:
   — Ану, не руш! Не руш, нашай мовай кажу табе, падла ты свінячая, Божая ты гліста.
   Басяцкі абводзіў вачыма натоўп. І раптам спалохаўся, убачыўшы, што мужыкі трымаюць напаўнацягненымі страшныя лукі з турыных рог. Некалькі такіх лукаў глядзелі на яго. Вось ён падасць знак, і мужыкоў пасля больш-менш доўгай сутычкі самнуць… Але ён ужо не ўбачыць гэтага. Хто спадзяваўся, што тут не сякеры супраць мячоў і дзід, што гэта — паляўнічыя з поўдня? Сякера — глупства. Нават меч не бярэ міланскіх лат. Але супраць такіх лукаў яны — шкарлупіна яйка.
   «Ініга Лопес дэ Рэкальда, — у думках паклікаў каплан. — Друг, Ігнацы Лайёла. Парай, што мне рабіць. Табе трыццаць, але ты разумнейшы за ўсіх нас, разам узятых. Парай, друг».
   І ён убачыў твар дона Ініга. Заварушыліся вусны.
   «Кінь, — сказаў Ініга — Ігнацы. — Адступі. Грэх не пакараць адступніка адразу. Але патаемны грэх — дараваны Богам грэх. Ты ж не ехаў сюды з н а м е р а м адступіць? Усё ад абставін. Менавіта ў іх мудрасць уладара. Дай ім слова, ну».
   Мніх засмяяўся.
   — Супакойцеся, людзі, — мякка сказаў ён. — Тысячнік пагарачыўся. Але гэтая гарачнасць заслужыць дараванне ад Бога, як і ваша непачцівасць. Царква нікога не кране («у гэтую хвіліну», — дадаў ён у думках), клянуся вам. Разыходзьцеся. Арыце. Мы сыходзім да вас. Як ні цяжка, а можа, падзешавее хлеб. Магчыма, мы саб'ём, дзеля вас, цану на сёе-тое…
   — На мыла і на вяроўкі, — уголас сказаў Хрыстос.
   — …Пойдзем, людзі, пакінем іх. Ім ёсць аб чым падумаць. Бывай, вясёлы цудатворца.
   Варта з атрадам, што прыяднаўся да яе, паскакала ад вогнішчаў у ноч.
   І ледзь сціхнуў пошчак капытоў, як гэтыя вогнішчы пачалі сычэць і рваць парай, бо іх залівалі вадою.
   Да Хрыста падышоў той мужык, што гаркнуў на Карнілу.
   — Ну вось… Мы сваю справу зрабілі, не далі цябе. Цяпер — выбач.
   — Я разумею. Вы ж не багі, каб без страхі жыць.
   — Але ты — Бог, — мужык зямно схіліўся перад ім. — Ты ўзнясіся. Ты, ведаеш, з вясною прыходзь. Як адсеемся.
   І яны засталіся адны, а вакол была ноч. Хрыстос моўчкі глядзеў у змрок бліскучымі вачыма.
   — Бачыш, як яны, — сказала Магдаліна. — Пойдзем… Бачыш, як яны з табою…
   — Не, — з пераціснутай глоткаю сказаў ён. — Я іду да іх. Я яшчэ толькі не ведаю як. Але гэта беднае мора… Без грошай, без зямлі, без магчымасці ісці куды хочаш, без вачэй, без мовы — Бог мой, што перад гэтым мая шкура, што перад гэтым усе храмы!
   Ноч падала зорамі. У цемры, здавалася, не было дарогі.
   Хрыстос устаў.

РАЗДЗЕЛ ХХХІV БОЛІ НАРАДЖЭННЯ

   І з'явілася на небе вялікае знаменне — жанчына, адзетая ў сонца; пад нагамі яе месяц, і на галаве яе вянец з дваццаці зорак. Яна мела ў чэраве і крычала ад боляў і пакут нараджэння.
    Апакаліпсіс, гл. 13, ст. 1, 2
 
   Перапёлка! Ты не ві гняздзэчка блізка ля дарогі, перапёлка!
    Песня
 
   У тым жніўні цэлы тыдзень лілі страшэнныя ледзяныя дажджы, нібы стаяў кастрычнік або нават лістапад. Не было дня, каб не выпаў на зямлю град. Перанасычаная глеба не магла больш усмоктваць залеву, і воды шырока разліліся палямі.
   І па гэтай дарозе, што была нават не гразёю, а плынню, ішлі на поўнач чатырнаццаць чалавек. Знемагалі, падалі і зноў ішлі. Шмат дзён яны галадалі. Нават за грошы, якіх было мала, па ўсім поўдні нельга было купіць і лусты хлеба. Яны калаціліся ў азнобе, і ім недзе было не толькі пераначаваць, але і абсушыцца, бо вёскі былі спалены.
   І ўсё ж яны ішлі на поўнач не толькі таму, што там былі цэлыя хаты і хлеб. Нават зусім не таму. Каб толькі гэта — Хрыстос пайшоў бы ў Гародню. Проста за імі ішлі па слядах. Відаць, паўсюль былі разасланы загады, бо некалькі разоў іх хацелі схапіць, і ўратаваліся яны толькі дзівам.
   Гойсалі дарогамі раз'езды. Правяралі каля весніц. Начуючы ў лесе, не раз чулі яны сабачы брэх. І варта ім было торкнуцца спачатку на паўночны захад, а пасля — на захад — начыналася ўтрапёная аблава. Пэўна, па нейкай лініі былі выстаўлены пасты.
   Часта чулі яны на начных дарогах крокі, галасы, тупат, часам немы лямант. Яны хаваліся ад усіх людзей і таму не ведалі, што не адны яны бягуць на поўнач.
   Беглі натоўпамі. Беглі ад холаду і разарэння, ад бізуноў і падаткаў. Беглі, каб не памерці. Вандравалі цэлыя вёскі. Некаторых спынялі і вярталі назад. Але Юрась і яго паплечнікі не ведалі гэтага. Ім не было да гэтага справы. Іх кінулі ў момант, калі больш за ўсё ім была патрэбна дапамога. Вера ўзвяла іх на вышыні, вера і скінула. Усе ведалі, што Хрыстос — усемагутны.
   …Па чарзе неслі саслабленую жанчыну. Стакрот на дні паміралі і заставаліся жывыя, і ў непаразуменні былі, калі ж народзіцца праўда. Нешта каля тыдня беглі яны.
   І Хрыстос зразумеў у гэтыя дні, што ў сець трапляюць вялікія рыбы, а малыя выскакваюць з яе. А ў сець жыцця, у нерат, пастаўлены моцнымі, трапляюць адны маляўкі, а для вялікай рыбы яна не існуе.
   Ён таксама быў дробнай рыбай. І толькі касяк такіх, як ён, мог прарваць браднік, заведзены лёсам. Нельга бясконца адступаць.
   Ля самай дарогі было гняздо перапёлкі. Коні і каровы маглі растаптаць яго, пастушкі падабраць яечкі, конюхі разнесці вартыя жалю сцябліны, з якіх яно было звіта. Але з кожнага цэлага яйка мог вылупіцца гнеў.
   …Іх гналі, як малявак на водмелі, як перапёлак у жыце. Трэба было спыніцца і хаця слабаю дзюбай пачаць дзяўбці, каб не загубіць навекі душы.
   Нельга больш было бегчы. Трэба было паказаць зубы, хай сабе цаною жыцця.

РАЗДЗЕЛ ХХХV «ДАРУЙ, МАЦІ! ТАБЕ НЕ ТРЭБА!»

   …Ку вобразаві Прачыстай Дзявіцы, каторы ў тамтым крае гэтак слаўны быў цудамі. Потым тые шалбераве аблудныя онага свайго аблуднага (Хрыста) да алтара Прасвятой Багародзіцы прывялі, дзе быў абраз оный чудоўны. А меў той шалёны дваістую сукню…
    «Кроніка Белай Русі»
 
   І ўвайшлі яны па раскіслай, страшнай дарозе ў прадмесце Вільні і падышлі да Вострай святой брамы.
   Віраваў перад брамай натоўп. Штурхаліся, гаманілі, чуліся праклёны, божканне, смех. Але чым далей яны прасоўваліся да аркі, тым больш было ціха і чынна, нібы людзі, як яны ёсць, на вачах ператвараліся ў анёлаў. Вочы сціпла апушчаны ці ўзведзены, на галовах няма шапак.
   А людзі былі тыя самыя. Той самы разнамасны, абдзёрты натоўп, сярод якога — суконныя ўрады мяшчан багатых ды залатыя плямы даспехаў і багатых адзенняў.
   Білі званы. На ўсім абшары горада.
   — Скінь шапку, — сказала Хрысту Магдаліна.
   — Ну не, — з нядобраю ўсмешкаю азваўся той. — У сваёй хаце што хачу, тое і раблю.
   — Саб'юць.
   — А я вось ім галовы дурныя пазбіваю, — сказаў Фама.
   Не скідаючы шапак, яны прайшлі брамай. Ім пашанцавала: ніхто не прычапіўся. Магчыма, проста ніхто не заўважыў, якая гэта цаца прыйшла з Мядзінінскай дарогі.
   — Вось тут і пачнём, — сказаў Хрыстос. — Калі ўжо не пачуюць перуна каля святыні, то нідзе не пачуюць.
   …Амаль голы, ён стаяў за аркай глухога завулка, што выходзіў на Татарскую вуліцу. Рэдкія прахожыя не звярталі на гэта ўвагі. Мала што можна ўбачыць на вулках святога горада. Можа, так прапіўся чалавек, што гэта шынкарка з яго за доўг сукню здымае.
   Між тым Магдаліна займалася дзіўнай работай. Раввуні толькі што ўсунуў адну верхнюю сукню ў другую і расправіў іх на плітах бруку. Магдаліна ліхаманкава зафастрыгоўвала абедзве сукні ля каўняра, сшывала іх адну з другой. Пасля яна зашыла іх па бартах, пакінуўшы на грудзях распор, у які маглі ўлезці два кулакі. Раввуні тым часам асабліва моцна сшыў абедзве сукні ля пояса. Усунуў кулак у распор, паспрабаваў разарваць зашытае — дудкі. Не ўдалося нават Фаме. Пасля абедзве сукні зафастрыгавалі па краях крыссяў. Цяпер сукня была дваістая.
   — Ну вось, — сказаў Раввуні. — Цяпер сукня дваістая.
   — Як душа чалавечая, — ялейна сказаў Ян. — У ісціне ходзяць дзеці Божыя, а на дне смурод.
   — Каханы брат мой, — сказаў яму Якуб, — што ж ты ў нашым княстве жывеш, жэрці хочаш, а за праўду стаіш? Што-небудзь адно.
   Хрыстос між тым калаціўся ў адной сарочцы: усё яшчэ было золка пасля дажджоў. На яго нацягнулі дваістую сукню і моцна перапаясалі яе.
   — Ну вось, — сказаў Юрась. — Ану, Піліп, набяры каменьчыкаў. Ды сып іх мне між сарочкай і сукняй, за пазуху.
   — Яно… Ды нашто… Халодныя.
   — Паразважай мне яшчэ, доўбня, — лісліва сказаў Пятро. — Бог, ён ведае.
   Піліп нагроб жмені каменьчыкаў.
   — Куд-ды ты, — раззлаваўся Хрыстос. — Не ў распор, не між сукнямі. За сукні, галава яловая. Між імі і сарочкай. Каб толькі пояс трымаў.
   …Мяркую, што ў нашай краіне не адзін я з'яўляюся аматарам нашай старажытнай беларускай мовы, яе чароўнага, лаканічнага і трохі наіўнага стылю. Таму я не магу не парадаваць астатніх, адступаючы сям-там ад майго няскладнага шматслоўя і даючы словы чалавеку, які сам бачыў гэта і расказваў аб гэтым залатой па сціпласці, народнасці і гумару тагачаснай мовай. Нашы летапісцы былі дзіўныя людзі. Нават хлусня іхняя была празрыстая і давала магчымасць убачыць на дне праўду. Магчыма, яны не надасканаліліся ў брахні ці, можа, назнарок рабілі гэта. Але, нават мечучы перуны і бліскавіцы, яны самым стылем сваім паказвалі, што сімпатыі іхнія на баку гарластых, дзёрзкіх, знаходлівых людзей, якія ўмеюць абвесці вакол пальца нават самога Бога, а ўжо служак ягоных і пагатоў.
   Адзін з летапісцаў больш за ўсіх наблытаў вакол гісторыі ілжэ-Хрыста, калі не лічыць, вядома, Марціна Бельскага. Услед за Бельскім ён, магчыма, не па сваёй волі, змяшаў Братчыка з каронным самазванцам Якубам Мялшцінскім, махляром, на якім пробы недзе было ставіць. Нават гісторыю з сукняй ён аднёс у Чанстохаў. Тое, што здарылася з ілжэ-Хрыстом пасля, зрабіла так, што нават успаміны аб ім сталі смяротна небяспечныя.
   Але апавяданне аб сукні напісана ў яго такой цудоўнай грубай і плоцкай мовай, так па-беларуску гавораць, гарлаюць і спрачаюцца ў ім удзельнікі гэтай гісторыі, такія яны жывыя, нягледзячы на адлегласць стагоддзяў, што я не магу пазбавіць вас, сябры мае, радасці патрымаць яго ў руках, памацаць яго разам са мною, пакаштаваць на язык.
   Я не магу абакрасці вас, зрабіць вас бяднейшымі, адабраўшы ў вас гэтую маленькую жамчужыну, згубленую ў старой пыльнай кнізе. І адначасова гонар мой не дазваляе мне выдзерці кавалак з «Кронікі Белай Русі» і паднесці яго вам як сваё. Таму буду казаць я, а там, дзе слабы будзе мой язык, я дам словы летапісцу, які наблытаў і сям-там нахлусіў, але застаўся геніем стылю, геніем мовы, геніем хітрай іроніі і сонечнага гумару.
   Дам словы беларускаму летапісцу Мацею Стрыкоўскаму, каноніку, які больш за ладан любіў жывога чалавека і з'едлівы чалавечы смех.
   І вось ён кажа пра гэта:
   «А меў той шалёны дваістую сукню, на тое ўмыслене ўробленую, дзе межы разпора могл улажыць, што хацеў, а камыкаў яму межы сукню і кашулю наклалі, ад цела…»
   Яны прыйшлі да Маці Божай Вастрабрамскай. Зноў у шапках. Назнарок. Каб бачылі.
   І здарылася так, што першы чалавек, які падскочыў да іх, быў той сівавусы, які бачыў Хрыста падчас выгнання гандляроў з храма і першы прызнаў яго не за махляра, а за Бога, стаўшы на калені.
   — Шапку скінь, басурман!!! Бо-о!…
   На крык азірнуліся бліжэйшыя, і тут Хрыстос са здзіўленнем убачыў, што ў натоўпе зашмат знаёмых твараў. Быў тут малады паплечнік сівавусага, старая, што калісьці маліла аб карове, яшчэ сёй-той і — ён не верыў вачам — той самы кіраўнік ваўкавыскіх мужыкоў, які тады абараніў яго ад Басяцкага і Карнілы, а пасля кінуў, сказаўшы: «Ты з вясною прыходзь. Як адсеемся».
   — Свет цесны, — сказаў Хрыстос. — Цябе што, паветрам сюды прынесла?
   Сівавусы ўсё яшчэ лез. І раптам ахнуў:
   — Пане Божа… Хрыстос…
   — Я, — сказаў Братчык. — Ну як, адсеяўся?
   Той нізка апусціў галаву.
   — Як быццам я не казаў, што сеяць можна… калі ёсць чым. Чаго гэта тут так хутка? Управіўся бліскавічна. І сюды раней за мяне трапіў.
   — Не бі па душы, — сказаў той. — Усё ў нас забралі. Ані шэлега падатку не скінулі… Ды тут шмат нашых… Ледзь не палова… Вёскамі бягуць ад голаду. Палова краіны на поўнач сыпанула. На Полаччыну, у Гародню, сюды, на Мядзель. Паўсюль, дзе татар не было, як падвоіўся народ. Усё ж, можа, кавалак хлеба заробіш, не памрэш.
   — Ну і як, зарабіў хаця першую лусту?
   — Занадта нас густа, каб была луста, — сказаў сівавусы.
   — Ледзь не мруць людзі, — сказаў мужык. — А што ж будзе зімой? Душу б заклаў, каб здабыць насення ды хаця трошкі хлеба. Пад карчом зімаваў бы. Як мядзведзь. Палова краіны на поўнач сыпанула.
   — Каму яна патрэбная, твая душа, — сказаў сівавусы.
   Хрыстос меў досыць далікатнасці, каб не нагадаць ім усяго, не расказаць, як самога яго цкавалі сабакамі. Да таго ж, натоўп ужо заўважыў чалавека ў шапцы. Адусюль штурхаліся дбайнікі аб святасці месца.
   — Шапкі далоў! Шапкі прэч! Ану, збіце! — няголасна пакрыквалі яны.
   — Сто-ой! — залямантаваў сівавусы.
   Крычаць, тым больш гарлаць, тут было не паложана, і таму натоўп здзіўлена змоўк.
   — Гэтаму дазволена! Ён татар паграміў! Гэта Хрыстос!
   Цішыня. Аглушальная цішыня. І раптам гурма выбухнула такім крыкам, якога нават у самыя страшныя аблогі і сечы не чулі гэтыя сівыя муры.
   — Хрысто-ос!!!
   Ускінуліся са званіц вароны і груганнё.
   — Прыйшоў! Прый-шоў! — цягнуліся рукі.
   — Зачакаліся мы! Тугой сышлі! — лямантавалі змарнелыя твары.
   — Шкуру з нас апошнюю зажыва здзерлі!
   — Котлішчы, попел вакол! — плакалі закінутыя вочы.
   — Магнаты ды папы ненасытныя!
   — Жыцця! Жыцця дай! Зажыва паміраем!
   Тады ён стаў падымацца на гульбішча. Ён быў упэўнены: правільна ён зрабіў, што нанясе ўдар тут. Ён толькі не ведаў, што тут столькі тых, якія ішлі з ім на татар, якія ведаюць яго, з якімі яму будзе лягчэй.
   Вось яны. Мора.
   Каплан стаў перад ім, загарадзіў дарогу.
   «Маленькі, падобны на бачонак, чалавек. Пэўна ў гэты час павінен правіць тут імшу. А за спіною ягонай — манахі, служкі. Гэтых не пераканаеш, што не хоча ён абразіць святыню, што ён проста хоча зрабіць тое, на што з ахвотаю пайшла б і сама вялікая Жытняя баба, маці ўсяго сутнага, якая толькі трохі змяніла тут свой твар. Маці. Гаспадыня беларускай зямлі.
   Тая, якая дае сілу хлебу. Нашто ёй жыць, калі памруць тыя, хто верыць у яе».
   — Стой, — сказаў каплан. — Ты хто?
   — Хрыстос.
   — Калі ты Хрыстос, дзе маці твая? Дзе сёстры і браты?
   — Я маці яму! — крыкнула з натоўпу старая, што маліла аб карове.
   — І я!… І я!
   — Мы яму браты! Мы сёстры! Мы! Мы!
   І гэты крык прымусіў Братчыка забыць, што за ім палявалі, бо людзі кінулі яго. Гэты крык зрабіў тое, што свет неяк дзіўна затуманіўся ў яго вачах, і ён упершыню не асудзіў свой лёс.
   «Магла ж сапраўды быць хата».
   І ён нібы ўспомніў хату пад яблынямі… Старых на траве… Ціхую рэчку, дзе вадзіліся самы. Самога сябе, які пускаў на купалле вянкі.
   І ўжо разумеючы: так трэба… так трэба дзеля святой прыналежнасці да гора ўсіх гэтых людзей, да радасці іх, да агульнага жыцця ўсіх людзей, ён сказаў (і гэта была праўда):
   — Была ў мяне хата. Далёка-далёка. Там цяпер вогнішча. Попел. Прах. Як ва ўсіх вас. І вінаваты я, ведаю: забыў. У гонары сваім узнёсся, пагарджаў, ніжэй сябе лічыў, даруйце мне. А цяпер успомніў… Ану, гець з дарогі!
   Са звонам вылецела вялізнае акно: як заўсёды, перастараўся Піліп.
   — Даруй, маці Сутнага, Ціоця, Жытняя баба, Маці Божая, — сказаў Братчык. — Табе ж не трэба.
   І ён прыгаршчамі стаў браць з алтара золата і каштоўныя каменні і сыпаць іх між сукнямі. Каплан, убачыўшы святатацтва, пабег, каб разам не загінуць ад немінучай нябеснай маланкі.
   «…і кеды быў да алтара прыведзены, з рук іх вырваўшыся, яка шалёны прыпаў да алтара, на якім было поўна пенязей* і камыкаў, на афяру злажоных, і, хвацяючы пенязі, клаў іх сабе ў распор аж занадта. Мніх-каплан, каторы на той час мшу справоваў, ад страху ўцёк».
    * Грошай.
   Народ на вуліцы чуў крыкі. Пасля сам каплан бачонкам скаціўся з гульбішча, кінуўся прэч:
   — Да алтара прыпаў! Камні хапае! Матка Боска, ды лясні ты яго па галаве!
   …Служкі схапіліся за мячы, — стаў на дарозе ў іх Тумаш. Выставіў наперад даволі магутнае, хаця і падупалае ад галадоўкі, пуза. Напнуў грудзі.
   — За зброю хапаецеся? Пры Маці? Я вам хапану. Я вас зараз так хапану!…
   Тыя сумеліся. І тады на Хрыста кінуліся ашаломленыя было манахі. Схапілі за пояс, здзерлі яго…
   «Па ім (каплану) другі мнішы, адумеўшыся, прыпадуць пояс на ім абарваць, мнімаючы, бы пенязі клаў за кашулю занадта, але ад тамтоля толькі камыкі павыпадалі, а пенязі ся ў распоры, за падшыўкаю сукні засталі. Мніхі, здумешыся… думаючы, бы пенязі ў каменне ся абярнулі справаю дыявальскаю, пачалі заклінаць каменне і малітвы над нім модліць і псалмі спяваць, абы ся знову ў першую форму сваю абярнулі».
   …На падлогу сапраўды высыпаліся каменьчыкі. І ўсе аслупянелі.
   А пасля пачаўся шабаш і садом: стогны, плач, дзікае выццё ад жаху, выгукі. Ледзь не істэрычныя галасы на верхніх нотах выкрыквалі псалмы.
   — Нечасцівыя не будуць прад вачыма тваімі: ты ненавідзіш усіх, хто робіць беззаконне.
   Нехта рыдаў:
   — Бо няма ў вуснах іхніх ісціны… Асудзі іх, Божа, хай падуць яны ад задумаў сваіх; па мноству нячэсця іхняга, адрынь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць цябе.
   Яшчэ адзін гарлаў, як спалоханы змяёю бугай:
   — Сакрушы мышцу нечасціваму і злому так, каб шукаць і не адшукаць ягонага нячэсця.
   Хрыстос стаяў над гэтым стоўпатварэннем і ўсміхаўся. Зараз ён пагарджаў толькі гэтымі.
   Музыка змянілася. Нехта, відаць, зняверыўся ў псалмах і пачаў заклінаць, як цёмныя яго бацькі:
   — Чорт Савул, чорт Калдун — паступіцеся. Пане наш Пяруне, Езус наш найлітасцівы, Вялес, быдлячы Бог і Ўласі святы, рассейце, забурыце падкопы, зрабіце, каб каменні ў першую форму сваю абярнуліся.
   Пасля гэтай дзікай какафоніі звалілася раптоўная цішыня. Мніх схіліўся над каменьчыкамі і асцярожна, як жар, памацаў іх:
   — Н-не памагло.
   Твары былі збянтэжаныя і расчараваныя. І тады мніх узняў евангелле, псалтыр і заклінальную кнігу і шваркнуў іх аб падлогу:
   — Калі такога д'ябла не бачылі — ідзіце з ім самі да ўсіх д'яблаў!
   «…але калі тое каменю нічога не памагло, мніх кнігі свае заклінальныі, разгневаўшыся, кінуў аб зямлю, мовечы: ежасмы такога дыявала не бачылі, пойдзеце там з ніх да ўсіх д'яблаў».
   Гучна, страшна бразнуліся аб каменныя пліты цяжкія тамы ў скуры, дрэве і золаце. Якуб Алфееў заплюшчыў вочы.
   Яму здалося: ударыў пярун, і д'ябал, дзіка зарагатаўшы, з'явіўся ў агні, схапіў кнігі пад пахі, што смярдзелі потам, серай і паленымі грэшнікамі, зрабіў непрыстойны рух у суправаджэнні гэткага ж гуку і пярунападобна ўзляцеў.
   Ён узняў вейкі і зразумеў, што гэта коцяцца сходамі, уцякаюць манахі. Кнігі па-ранейшаму ляжалі на падлозе.
   Хрыстос кідаў з гульбішча ў народ ахапкі караляў і грошы:
   — Спакойна падыходзьце, людзі. Бярыце па залатому або па жамчужыне. Хопіць гэтага на зіму, абы было дзе купіць. Бярыце! Не патрэбна гэта ні Жытняй маці, ні мне. Нясіце дзецям! Жывіце! Дзеля каго, як не дзеля сябе, сабралі ўсё гэта яны?!
   Залаты дождж падаў на рукі людзей. І за ўвесь гэты час ніхто не штурхнуў другога, не наступіў на нагу, не вылаяўся, не ўзяў больш адной жамчужыны, або адной манеты, або — калі сям'я была дужа вялікая — дзвюх. Грошы належалі Жытняй маці, іх нельга было шарпаць.
   — Хіба яны пастыры? Яны аддаліся распусце так, што робяць усялякую нечысціню з ненаеднасцю. Морды іхнія горш за д'яблаў азадак. Мацей яшчэ аб іх сказаў — праўда, Мацей?…
   — Н-но…
   — Любяць, мярзотнікі, прадузляжанні на бяседах і старшынствы ў сінагогах… І прывітанні ў народных сходах і каб людзі звалі іх: «Настаўнік! Настаўнік!»
   Моўчкі, сурова слухаў люд.

РАЗДЗЕЛ ХХХVІ ШТО ЛЮБЯЦЬ ПАСКУДНІКІ, АБО ШПІЁН

   І не дзіва; таму што сам Сатана прыймае выгляд анёла святла.
    Другое пасланне карынфянам, гл. 11, ст. 14
 
   Не еш занадта цукру — завядуцца ў цябе там, дзе не трэба, пчолы.
    Беларуская народная мудрасць
 
   Яны сапраўды любілі тое, аб чым казаў людзям з гульбішча Братчык. Але зараз ім было не да гэтага, таму што больш за ўсё яны любілі свой спакой, сваю ўладу і саміх сябе. Першае паляцела сёння да ўсіх д'яблаў, разам з віленскім ганцом, і можна было меркаваць, што калі так пойдзе і далей, то палятуць другое і трэцяе.