Заходзілі, цягнулі з ложкаў або канчалі проста так. Часам далятаў з пакояў споўнены пакуты крык, але часцей адказам на ўдар было маўчанне: работалі чыста.
   Лотр стаяў у садку над маладой парай, што спала пад вішняй. Ногі маладых лёгка спляліся, на вуснах былі ўсмешкі. Далёка адкінуты ляжаў корд мужчыны, а рука ягоная ляжала на жаночым плячы.
   Кардынал перахрысціўся і два разы апусціў меч.
   Хлебнік, праходзячы паўз вадамёт, запнуўся аб спячага. Той ускрыкнуў, але гандляр паспеў утыркнуць меч яму ў горла і адразу прысесці за агарожу басейна, і непадалёку сонны голас спытаў:
   — Чаго гэта ён?
   — Патрызнілася нешта, — адказаў другі. — Спі.
   Хлебнік трохі счакаў і на дыбачках пайшоў на галасы…
   …Паўсюль, пакуль яшчэ бязгучна, чынілася справа забойства.
   Страшная, нялюдская, кралася над горадам ноч. Аднолькавыя трагедыі адбываліся на Кавальскай, Мечнай, Страменнай, на ўсіх вуліцах, на ўсіх тупіках. Сотні людзей былі па-зверску забіты ў сне імем Збавіцеля.
   У адным з дамоў не спала старая. Калі людзі ў латах уварваліся ў дом, яна зразумела ўсё і працягнула да іх рукі:
   — Не забівайце нас. У нас няма зброі.
   Сын яе, малады хлапец, кінуўся бараніць маці і, мёртвы, упаў на яе труп.
   Па ўсім абшары горада халаднакроўна пазбаўлялі жыцця людзей, а між тым кожны з іх хацеў жыць.
   Чыім імем? Божым? Якога Бога? Свайго. Самага важлівага і вялікага.
   Так разважалі ўсе. Мусульмане вќразалі хрысціян Александрыі, хрысціяне вќразалі іудаістаў Гранады, іудаісты, падчас апошняга паўстання, здзіралі скуру з язычнікаў Кіпра. І ўсе мелі рацыю, і кожны трымаў манаполію на Бога, і лепшых не было сярод іх.
   У тую ноч Гародня папоўніла ганебны спіс усіх гэтых сіцылійскіх вячэрняў, тырольскіх ютраняў і начэй на святога Баўтрамея. Папоўніла, але не закрыла. З гонарам запісала ў аналы свае Ноч Белых Крыжоў. Што ж гэта за гісторыя, калі ў ёй няма такіх вось казусаў, спроб «самаачышчэння народа», прыкладаў «чысткі ад непажаданых»?
   …Урэшце, сп'янелыя ад крыві, яны страцілі асцярожнасць, вылезлі на святло. І тут зараўла дуда на званіцы Дамініканаў.
   Досыць было таіцца. Ярасны, шалёны лямант паляцеў над горадам. Варта, што не чакала нападу са спіны, страпянулася, але ў яе ляцеў ужо дождж стрэл. Атрад унутранага парадку, што спаў у зале рады, прачнуўся, але белыя крыжы былі ўжо ва ўсіх дзвярах. І кінуліся на бяззбройных, бо зброя іхняя стаяла ля сцен.
   Раввуні ўскочыў адным з першых, працягнуў руку да таго месца, дзе ляжаў рукапіс, і… усё зразумеў. На стале ляжаў адзін, выпадкова забыты Мацеем, лісток, на ім былі словы: «Бо маленькія адказваюць за вялікіх, мышы — за каршакоў…» Іосія думаў нядоўга. Нясцерпная трывога за Анею сціснула ягонае сэрца. І ён, нягледзячы на тое, што зусім не мог біцца, кінуўся на вуліцу, у самае пекла.
   А над горадам ужо загаварыў набат. Металічна, дзіка, страшна крычалі званы. Абарона людзей, якіх заспелі знянацку, з самага пачатку рассыпалася на сотні асобных ачагоў. І ўсё ж чалавечыя пылінкі збіраліся разам, стваралі з сябе групы, атрады, невялікія гурмы. Ім было за што біцца. Яны ведалі сваё месца, і, калі ім удавалася туды трапіць, яны змагаліся адчайдушна. Па ўсім горадзе нараджаўся і ўставаў, хай сабе і хістаючыся на нагах, а д п о р.
   Кацілася вуліцамі лава «крыжоў». Палалі паходні. Сям-там ускідвалася полымя ад падпаленых дамоў і асвятляла месцы сутычак, дзе людзі біліся і гінулі, паасобку або ў гурме. Секліся паўсюль: на плошчах і ў тупіках, на вежах і на галерэях лямусаў. Біліся, ляцелі ўніз, на дзіды; зваліўшыся на зямлю, кусалі ворагаў за ногі. Раўлі званы. І паўсюль ішла праца мячэй. Моташны, немы крык ляцеў вуліцамі.
   Ты, наверсе, — як ужо там тваё імя… Дакуль?!

РАЗДЗЕЛ ХLVІІ АПОСТАЛЫ І ІУДА

   …падпаўшы пад пакаранне агнём вечным, пастаўлены ў прыклад. Так дакладна будзе і з гэтымі мрыйнікамі, якія… выракаюцца начальства і зласловяць высокія ўлады.
    Пасланне ап. Іуды, гл. 1, сг. 7, 8
 
   Усе кінулі мяне. І я выскачыў ад яго з акна, і зламаў нагу і, як мог, пабег вуліцамі, а гэты нахабны цырульнік бег за мною і крычаў: «Я цябе не пакіну».
    Арабская казка
 
   Апосталы ішлі да брамы самымі цёмнымі завулкамі, сметнікамі і дварамі. Часам пералазілі цераз платы, ныралі ў падваротні, перахоўваліся і ішлі далей. Яны здзіўляліся, што над горадам усе яшчэ раве дуда і крычаць званы, што нехта ўсё яшчэ змагаецца.
   — Якога чорта! — бурчэў Мацей. — Хто там яшчэ?
   Граў дудар. Здаравіла ў світцы, ласкавы да нудоты «братачка» яшчэ ў самым пачатку, толькі заўважыўшы ўнізе россып людзей, якія біліся, стаў суровы, нібы заглянуў у вочы смяротнай гадзіне:
   — Слухай, Вус, пакуль не позна — бяжы. Ратуй ягоную жонку.
   — А ты?
   Дудар вінавата развёў рукамі:
   — Ну, што я? Яны ж у бойцы мне мяхі жыва праб'юць, папсуюць дуду. То я, мабыць, тут раўці буду. Ваяка з мяне — сам ведаеш. Дык няхай той, хто самотна б'ецца, ведае — астатнія трымаюцца. Пакуль дуда раве — яны трымаюцца… Дык, можа б, ты не так пайшоў, братачка? Можа, развітаемся?
   Залатыя рукі ляглі яму на плечы. Сябры пацалаваліся. Галава Вусава знікла ў люку. «Братачка» наваліў на люк камень, сеў на яго, раздзьмуў мяхі, узяў муштук у рот і, прыкрыўшы павекамі вочы, зайграў: «Тапчыце зямлю, легіёны Божыя».
   Ён ведаў, што не выйдзе адсюль, і быў спакойны.
   Апосталы былі ўжо амаль ля самай брамы, калі з-за павароткі вывернуліся на іх людзі з паходнямі і белымі крыжамі на рукавах. Адзін схапіў загрудкі Піліпа з Віфсаіды:
   — Га-а, здаецца, з тых?
   Піліп маўчаў. Перад тварам Пятра вадзілі паходняй, здзекліва разглядалі:
   — Гэты.
   — Ды не мы ж, — сказаў Пятро. — Дальбог. Мы ад мніха-каплана ідзём. Вось… вось і манета…
   Манета знікла ў кулаку начальніка патруля.
   — Што нам да таго… — пераконваў Пятро.
   — Гэта… не мы.
   — Вы, як хочаце іх злапаць, ідзіце на рог Ростані і Малой Скідзельскай, — сказаў Мацей. — Там «жонка» ягоная, там і ўсе.
   Галоўны над крыжамі павольна ўсміхнуўся:
   — Д-добра, навалач, ідзіце. Ды не ў браму — там бой. Унь фортка.
   І яны пабеглі на Ростань. Апосталы яшчэ з хвіліну стаялі моўчкі. Пасля паспешліва патупалі да форткі, пераступаючы цераз напаўголыя трупы.
   Закрычалі трэція пеўні.
   …У той час, як патруль, што перастрэў апосталаў, бег да Ростані, яшчэ два чалавекі імкнуліся туды ж.
   Вус, выбраўшыся з касцёла, зразумеў, што вуліцамі яму на Ростань не прабіцца. Таму ён, праклаўшы сабе дарогу праз натоўп ворагаў, ускараскаўся нейкай лесвіцай на дахі і пабег імі. Дахі былі збольшага стромыя, і таму бегчы даводзілася жалабамі, амаль над безданню. Некалькі разоў з-пад ног абрываліся чарапіцы, і Ціхон спознена халадзеў. Пасля ён прызвычаіўся і да гэтага; мала таго, калі бачыў, што ўнізе б'юцца, сам спыняўся на хвіліну, аддзіраў некалькі чарапіц, кідаў на галовы забойцам і радаваўся, калі чарапіца была свінцовая. Найбольш вузкія вуліцы ён пераскакваў і таму дабраўся да Ростані даволі хутка. Спусціўся ўніз і ўбачыў, што дзверы хаты сарваныя з завесаў, слюда вокан падраная, а на парозе ляжыць белая жаночая хустка.
   Так ён і стаяў у непаразуменні і адчаі. Такога і ўбачыў яго патруль, якому паказалі дом апосталы. І толькі калі «крыжы» агалілі мячы — залатых спраў майстра апрытомнеў. Цяпер трэба было ратаваць сябе. І ён, перакуліўшы некалькі чалавек, прарваўся праз іхні заслон, згубіўся ў лабірынце завулкаў.
   …Другі чалавек бег да дома Анеі аж з Каложскай слабады. Худы, цёмны тварам, чорны да сіні валасамі. Ён бег, пераступаючы трупы, абмінаючы параненых, якія стагналі, і ў яго змрочных вачах усё мацней разгараліся жах і непаразуменне.
   Вуліцамі валодала разня. Яна панавала над імі ўсеўладна і нястрымна. У зарыве паходняў барвяна мільгалі мячы. Над імі лунаў немы крык, гучалі праклёны, лаянка, бразгат, хрыпатая пераклічка па-беларуску, польску і нямецку (сярод прыведзеных Лотрам было шмат наймітаў, бо ён ведаў: гэтыя не будуць шкадаваць чужых).
   Нападаючыя нібы ашалелі. Звар'яваныя вочы былі налітыя крывёй. Цягнулі, рэзалі. Слабы строй мяшчан і рамеснікаў біўся роспачна і таму страшна. На Старым рынку віравала каша з чалавечых цел, сталі і крыку. На зліцці рынку і Старой вуліцы арудаваў мячом волат Пархвер. Залатыя валасы ў чужой крыві, сінія вочы страшныя. Кроў цякла ў яго з пляча, пена — з вуснаў, але ён не заўважаў гэтага. Ім валодала пана.
   Іуда не ведаў, што Хрыстос у далёкай слабадзе таксама пачуў гукі набата, што зараз ён утрапёна бяжыць садам, ламаючы лаўжы… Ён бачыў толькі, што забіваюць людзей, і адчай, падобны чымсьці на самаахвярнае захапленне, запаланіў усю ягоную істоту.
   Апошнім штуршком было тое, што ён зірнуў у цясніну Старой вуліцы і ўбачыў, як па ёй ідуць проста на яго, да рынку, да замка, некалькі постацяў: чацвёра латнікаў вялі Анею.
   У яго была толькі адна зброя. І ён ужыў яе. Чорным, у свеце паходняў, ценем ён кінуўся ў гурму, проста між шэрагамі, якія змагаліся і забівалі, уздзеў рукі:
   — Людзі! Людзі! Стойце! Вы браты! Нашто вы крыўдзіце адзін аднаго?! Не забі! Чуеце?! Не за-бі!
   Ландскнехт ударыў кагосьці мячом, і той стаў асядаць па сценцы. Кроў біла ў яго з соннай артэрыі. І забойца, як звар'яцелы, падставіў пад струмень далоні, стаў хлябтаць з іх, як з каўша.
   — Не за-бі-і!…
   Іуду схапілі за рукі.
   …У гэты самы момант, далёка за горадам, у сасновым лясочку, апосталы перамотвалі рамяні на поршнях. Быў якраз самы цёмны час перад світаннем, але нават тут, на ўзлессі, было даволі добра відаць: над Гародняй стаяла вялізнае, мігатлівае зарыва. Тадэй займаўся тым, што надрэзваў на сабе нажом адзенні.
   — Ты… гэна… чаго?
   Фокуснік устаў, пакруціўся перад Піліпам, як перад краўцом.
   Дзіркі ў вопратцы былі проста артыстычныя. Ніхто ніколі не бачыў такога прыгожага рыззя.
   — З імі ды з маім талентам нам цяпер срэбра, а не медзь даваць будуць. Зажывём, Піліпе. Я — фокусы, ты — дошкі на галаве ламаць будзеш…
   Рыбакі моўчкі круцілі на запясцях кісцяні. Даўно памірыліся і вырашылі ісці разам. Іліяш маўчаў, пазвоньваючы кантарам. Толькі сказаў нечакана:
   — А дрэнна, што кінулі.
   — Ну і ляжаў бы зараз забіты, — сказаў Пятро. — Не ўжо, трэба аб раскошы забыць. Досыць. Пагулялі, папілі.
   — А хрэн з ім, — зарыпеў Баўтрамей. — Скончана роля. Добра, што падрабілі.
   — Я мянялай буду, — сказаў Мацей.
   І тут усіх здзівіў жанчынападобны Ян. Сказаў Мацею:
   — Евангелля палову мне давай.
   — Н-нашто?
   — Ты сабе нейкага Луку знойдзеш, — аблічча было юродскае. — Я — Марку нейкага. Пойдзем — будзе чатыры евангеллі. Падправім. Што мне вашы мужыцкія заняткі? Я — прарок. Ісціны хачу, благадаці, славы Божай.
   — А дулю, — сказаў Мацей.
   І ўбачыў, што ўвесь хаўрус з кісцянямі, Пятро, Андрэй і Якуб, сталі супраць яго сценкай.
   — Н-ну.
   — Дык… Ну вось, і пажартаваць нельга, — сквапна рухаючы вуснамі, Мацей падзяліў рукапіс Іуды напалам і змахлярыў, падкінуў сабе яшчэ аркушаў дваццаць, раздзёр ніткі. — Бярыце.
   — Пайшлі, — сказаў Піліп. — Скора і разыдземся.
   Усе рушылі дарогаю прэч ад зарыва. Ішлі моўчкі. Толькі Якуб Алфееў, як заўсёды недарэчы, пачаў спрабаваць голас. Бурсацкая світка біла яго па пятах, асавелыя вочкі глядзелі ў чырвонае, дрыготкае неба.
   — М-ма, м-ма-ма, м-мма-ма… кх… кх… Тфу… Горра… Го-о-ра… Гора табе, Серазін… Го-ра… Гора табе, Віфсаіда.
   І так яны зніклі за ўзгоркам. Некаторы час яшчэ даносіўся мядзведжы, яловы голас. Пасля засталіся толькі цішыня і зарыва.

РАЗДЗЕЛ ХLVІІІ СІВАВУСЫ

 
Каля мяне кулі, як пчолкі, гулі,
Ля мяне дружочкі, як мост, ляжалі.
 
    Беларуская песня
 
   …схапіў святое распяцце і так стукнуў ім па чэрапе святога айца, што той адразу адправіўся ў пекла.
    Сярэдневяковая навела
 
   Серазіну і Віфсаідзе, гэта значыць Гародні, сапраўды было гора. Забойства і сеча не спыняліся, а, наадварот, нібыта набіраліся сілы і злосці. Забівалі ўсіх, ледзь не да колавай загваздкі. І калі значная частка жанок і дзяцей уратавалася з дамоў, адзначаных крыжамі, у гэтым была вялікая заслуга сівавусага.
   Гародзенцы ведалі, куды, у выпадку чаго, уцякаць тым, хто не можа трымаць у руках зброі. Пад горадам лабірынтам цягнуліся старыя, даўно спустошаныя і закінутыя каменяломні. Самы блізкі ўваход у іх быў з вуліцы Стрыхалёў, і менавіта туды кінуўся напаўапрануты, спалоханы натоўп жанчын, старых і дзяцей. Толькі б спусціцца пад зямлю, а там — лаві за хвост вецер, за месяц не знойдзеш.
   Лотр, аднак, таксама памятаў аб вуліцы Стрыхалёў і даслаў туды чалавек сорак прыспешнікаў. Безабаронны натоўп сустрэлі мячамі. І, пэўна, бойня не мінула б і слабых, каб не нарваўся выпадкова на брыдоту сівавусы з невялічкім атрадам мяшчан. Яны змялі мечаных, выкінулі іх з вуліцы і сталі заслонам па абодва яе канцы, прапускаючы толькі ўцекачоў. На ўсю даўжыню вуліцы варушыўся, крычаў, плакаў натоўп. Вялікіх сіл каштавала не дапусціць цісканіны: драўляныя дзверы ў каменяломні вялі не з вуліцы, яны былі ў канцы вузкага — рукі расстаў і загародзіш — і доўгага, сажняў на дваццаць, апендыкса, сціснутага між глухіх муроў. Вельмі павольна ўцягваўся натоўп з вуліцы ў гэты апендыкс. А тыя, каго яны прагналі, прывялі між тым дапамогу, процьму людзей з белымі крыжамі на рукавах. Добра, што вуліца Стрыхалёў была вузкая і «крыжы» не маглі скарыстацца са сваёй перавагі.
   На абодвух канцах вуліцы Стрыхалёў віравала сеча. Людзі спінамі прыкрывалі ўцекачоў і павольна, па меры таго як натоўп уцягваўся ў тупік, адступалі. Адступалі і падалі. З таго канца, дзе біўся сівавусы, кіраваў «крыжамі» і сам секся ў першых радах закуты ў сталь Рыгор Гародзенскі, а ў міру Гіляр Балвановіч. Куды падзелася ягоная друзласць. Нездарма яго параўноўвалі з нападаючым кракадзілам: толькі што было бервяно, і вось — страла. Ён арудаваў мячом са спрытам і ўмельствам.
   Сівавусы думаў, што ўсе ўжо забітыя, што яны засталіся адны. Ён не схільны быў дарэмна геройстваваць і вырашыў, што і яны адступяць у катакомбы следам за жанчынамі.
   І якраз у гэты момант зараўла дуда. Раўла няспынна, трывожна, грозна. Значыцца, людзі былі жывыя.
   — Бач, — здзекаваўся Грынь. — У слове ісціны… Са зброяй праўды ў правай і левай руцэ… Карынфянін.
   — Хрэн Вельзевулаў, — выплёўваў лаянку сівавусы.
   Побач з ім біліся мяшчане — майстры з Разьбярнага Кута, пераважна каталікі. І хаця яны спявалі псалмы іншай веры — сівавусы разумеў іх як братоў:
   Не ўбаюся полчышчаў, што абступілі мяне!
   Пачуй мя, Пане Божа, уратуй мя, Божа мой!
   Былі ў іх беларускія твары. Яны біліся разам з ім і гінулі як належыць. Хай сабе словы псалмаў былі лацінскія.
   Узляталі над іхнімі галовамі двухручныя даўжэзныя мячы, і пяціліся яны не ад недахопу мужнасці, а таму, што было іх мала.
   З глыбіні пекла ўзлямантаваў я да цябе,
   і голас мой быў пачуты.
   — Каталіцкія свінні, — лаяўся Балвановіч. — Дзе вашы… мулы ватыканскіх блудніц?!
   — Закрый пашчу, прыблуда, — раўнуў сусед сівавусага.
   Яны сышліся каля тупіка. Сышліся ўдвух. Іншыя перасталі быць. І вось так, плячо да пляча, прыкрываючы апошніх уцекачоў, пачалі адступаць, думаючы аб людзях і яшчэ аб дабрадзейнай цемры, куды за імі не пасмеляцца торкнуцца. Па вусах і грудзях сівавусага сплывала кроў, сусед быў не лепшы. На сярэдзіне завулка ён упаў, прыўзняўся на руках і натужна прахрыпеў апошнія словы псалма:
   І хвалі абступілі мяне.
   Упаў галавою на брук.
   Сівавусы ведаў: бегчы нельга, хаця нікога ўжо не было за яго спіною і дзверы зеўралі чорнай пашчай. Добра, што тут можна біцца — многа што адзін супраць дваіх… Вось зараз адступіць, спусціцца спіною да мяжы між святлом і цемрай, і тады кінуцца ў змрок, і тады…
   …Нейкі грукат аддаўся за ягонай спіною. З аркі над тупіком упалі краты, якімі ў небяспецы перагароджвалі вуліцы: прабраўшыся па дахах, пастараўся нехта з ворагаў. Сівавусы адчуў спіною іхні холад і зразумеў, што гэта канец.
   Балвановіч узнёс меч — сівавусы адбіў яго. Ён не збіраўся танна прадаваць апошнія хвіліны жыцця. І так яны біліся ў звоне і бразгаце, хаця сівавусы слабеў і слабеў.
   — Ты памрэш, пёс. Ты здохнеш.
   Сівавусы пачынаў хрыпець. Чырвонае марыва стаяла перад вачыма. Ён хацеў нешта сказаць, вылаяцца, але чамусьці ўспомніў напышліва:
   — Смелыя не паміраюць.
   Балвановіч ударыў яго мячом пад сэрца, адступіў, апусціўшы меч.
   — Так. Героі не паміраюць. Іх проста аддаюць забыццю, герояў.
   Смех ягоны захлынуўся, таму што сівавусы, сабраўшы апошнія сілы, ударыў яго вастрыём мяча ў глотку, не прыкрытую кальчугай.
   — Мы яшчэ даспрачаемся аб гэтым… Там.
   Пахістаўся трохі і з маху ўпаў ніцма на слізкую ад крыві зямлю. Усталі перад вачыма палі, разор за нарогам, буслы ў паветры, твар Хрыста, царква ў агні. А пасля ўжо нічога не было.

РАЗДЗЕЛ ХLІХ ФАМА, ЗВАНЫ БЛІЗНЮК

   Богам клянуся, модлы сёння непатрэбныя… Хто любіць віно — хай правіцца за мной. Клянуся святым Антоніем, мы не пакаштуем болей вінца, калі не адстаім наш вінаграднік.
    Рабле
 
   Атрад, які вартаваў Лідскую браму, адрэзалі з самага пачатку, і таму яны толькі чулі роў дуды над горадам, але нічога не ведалі пра астатніх. Фама, што праўда, як толькі пачалася разня, кінуў маладому:
   — Бяжы да Хрыста, вядзі сюды. Нас тут болей. Ратуй ты яго.
   І малады прабіўся праз строй. Яго схапілі за плашч, але ён, напаўголы, усё ж вырваўся, пабег.
   Але пабег ён ужо даўно. Паўтары гадзіны абаронцы брамы не ведалі пра іншых. Не ведалі, што за гэты час схапілі Іуду і Анею, што малады выпадкова сутыкнуўся з Хрыстом і яны збіраюць вакол сябе разрозненыя групкі мяцежнікаў. Не ведалі, што забіты сівавусы, што жанчыны з дзецьмі ўратаваліся ў каменяломнях, што Марка Турай і Кляонік з Фаўстынай, адрэзаныя ад усіх, ледзьве адбіліся і зараз конна ўцякаюць ад пагоні. Не ведалі, што схоплены «крыжамі» стары мечнік Гіаў Турай.
   А між тым з пачатку бойні мінула зусім няшмат часу. Ледзь пачало чырванець на ўсходзе, і пажары ў цемры яшчэ асвятлялі ваўсю.
   На забрале, па абодва бакі ад круглай вежы — званіцы, цьмяна кішэла гурма: людзі Кірыка Вестуна і Зянона. Яны пускалі стрэлы ў нападаючых і секліся з тымі, што імкнуліся забралам дабрацца да вежы, апусціць брамныя краты і гэтым самым адрэзаць дарогу ўцекачам з горада.
   Гэтай дарогі нельга было аддаць. Толькі адсюль яшчэ і маглі выбрацца з пасткі, згубіцца ў палях і пушчах параненыя. Менавіта сюды, па думцы Фамы, павінен быў адвесці баяздатныя рэшткі мяцежнага войска адрэзаны Хрыстос.
   Ні Тумаш, ні Вястун не ведалі, што Хрыстос не здолее прабіцца сюды праз магутную сцяну варожых ваякаў, што ў яго мала сілы.
   І менавіта таму, што Тумаш з сябрамі не ведалі гэтага, яны секліся ўтрапёна. Унізе, ля ўвахода ў браму.
   Фамоў твар яшчэ больш пачырванеў, вочы вырачыліся да таго, што здавалася, вось лопнуць. Вусы луналі, шчокі натужна раздзьмуваліся, цяжка варушыўся, вывяргаючы праклёны, вялікі рот, рот аматара выпіць і задзіры. Ён сек, даваў выспяткі магутнымі ступакамі, падстаўляў ножкі, хакаў, біў з ляза і наводмаш, эфесам. Грозна ўзлятаў у паветра двухручны, у паўтара сажня, меч. Нападаючыя каціліся ад яго гарохам.
   — Вялікдзень! Вялікдзень! — ляцела адусюль.
   — А я вось вам, трасца вашай бабулі, дам за тыдзень вялікдзень, за дзесяць дзён пэйсах, — успомніўшы пра Іуду, рыкаў Фама.
   І даў такога выспятка найміту ў форме польскіх уланскіх войскаў (той нападаў пешы, страціўшы, відаць, каня), што той, падаючы, змёў крыламі яшчэ чалавек дзесяць.
   Ён губляў надзею, што Хрыстос прарвецца. Цяпер трэба было толькі як мага долей не даць зачыніць браму. А раптам…
   Падалі вакол сябры.
   — Адступайце, хлопцы! У поле, зямля ім у глотку!… Ах, ты так?! Двар-раніна, рымскае тваё адроддзе, смарчок атрутны?! З'еш, каб цябе зямля ела! Атрымай, каб цябе так д'яблы за нешта трымалі! Падавіся, каб табою ў голад так твае дзеці давіліся!
   Ён біўся, як дэман, але, адрэзаны ад астатніх, вымушаны быў адступаць у дзверы надбрамнай капліцы.
   — Сюды, Тумаш, сюды! — лямантавалі яму з муроў Вястун і Зянон.
   Яны таксама засталіся амаль адны, але трымаліся яшчэ. Фама, адбіваючыся, адступаў вузкай званічнай клеткай. Тут было зручна, і, хаця сходы вывяргалі да яго ўсё новых і новых ворагаў, ён паспеў наваліць іх цэлую кучу.
   Чалавек вытрымліваў. Не вытрымала жалеза. Фама ўдарыў і здзіўлена падняў на ўзровень вачэй доўгі эфес з уламкам клінка дзюймаў у дзевяць даўжынёю. Якраз даўжыня яго вялізнай далоні.
   — Пазычце вашу сківіцу, аслы, — сказаў ён.
   Жарало сходаў, як жарало гразевага вулкана, зноў выціснула, выкінула ў званічную клетку ўзброеных людзей, мечаных знакам крыжа. Яны падступалі. Фама бачыў сярод іх нават манаха-дамініканца з доўгім медным таўкачом.
   Агледзеўся ў адчаі, убачыў цьмяны ад яры, бронзавы бок звона з рэльефнымі фігуркамі святых, высока наверсе паваротную балку і вяроўку, што вяла ад яе ўніз, праз падлогу ў ніжні ярус, у памяшканне званароў.
   Трэба было ратавацца. Яшчэ не ведаючы, што ён будзе рабіць далей, Фама падскочыў і ўсім цяжарам свайго грузнага цела павіснуў на вяроўцы, палез па ёй угору.
   Цяжкая, на многія і многія бэркаўцы, махіна звона варухнулася спадніцай ледзь не над самай падлогай яруса. Ён лез, і яна хісталася трохі мацней. Унізе рагаталі.
   — Малпа. Глядзі, малпа. Ану, зрабіце ёй чырвоны азадак.
   І тут у Фамы перахапіла дых ад раптоўнай радаснай думкі. Дабраўшыся да балкі, ён падцягнуўся на руках.
   — А я вось вам морды чырвоныя зраблю, кныры! — крыкнуў басам.
   І, скурчыўшыся між мурам і звонам, са страшэннай напругай выпрастаўся, штурхануў нагамі агромністы звон:
   — Вялікая Зафея, памажы!
   І без таго разгайданы, звон цяжка і страшна ўздыхнуў. Пагрозны, да раптоўнай глухаты ўдар перапоўніў і прымусіў трэсціся званіцу, паплыў над горадам.
   Звон ударыў, — у ляманце і храбусценні паваліліся, пасыпаліся сходамі тыя, хто нападаў, — узвіўся дыбарам, паказаўшы гораду бронзавае рыкаючае горла. І яшчэ. І яшчэ.
   Цяпер можна было скочыць уніз, зноў падабраць чыюсьці зброю, зноў стаць на старым рубяжы, зноў не даваць хады гэтай свалаце. Тумаш так і зрабіў, падхапіў нечы меч і радасна — унь колькі дабра навараціла Зафея! — зарагатаў.
   У гэтым запале, чымсьці падобным на шчасце, ён забыў пра ўсё, забыў, з якім зверам ён знаходзіцца ў адной клетцы. Адступіў трохі. Звон, на самай крайняй мяжы свайго палёту, закрануў ягоную галаву. Круглую, заўсёды пыхата закінутую галаву ў футравай шапцы.
   Фама ўпаў, апошняй іскрай прытомнасці пачуўшы немы крык Вестуна:
   — Тумаш! Ту-маш!
   Кірык Вястун якраз у гэтую хвіліну застаўся адзін. Зянон спускаў уніз, на абложнікаў, вялікі камень, і тут страла трапіла яму пад сэрца. Спакойны позірк глыбокіх шэрых вачэй спыніўся на Кірыку, пацьмянеў.
   Каваль, адчуваючы, што ён задыхаецца, нібы гэта яму ўдарылі пад дых, узяў з-за пояса ў сябра сякерку-клявец — Зянон так і памёр вольны — і пачаў прабівацца, арудуючы зброяй забітага і ўласным мячом.
   Скочыў з мура ў роў, схаваўся на хвіліну пад смярдзючай вадою, вынырнуў ужо наводдаль, выбраўся на сухое, увесь аблеплены зялёнай тванню, пабег, спаймаў за грыву каня, што хадзіў па полі паміж забітымі, ускінуўся на яго і ахлюпкай паскакаў, знік у лесе.

РАЗДЗЕЛ L «ЗАБІВАЙЦЕ! У ІМЯ БОГА ЗАБІВАЙЦЕ!»

   Хай прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі… Се, пакідаецца дом ваш пусты.
    Мацей, гл. 23, ст. 35, 38
 
   Цяпер бойка ішла, калі не лічыць дробных ачагоў, бадай толькі ў самым цэнтры горада. Хрысту і маладому ўдалося згуртаваць тут вакол сябе сотні тры з нечым узброеных людзей, і яны ўдарылі ў тыл белым «крыжам», пацяснілі, пагналі іх. Паніка, народжаная іх нечаканым з'яўленнем, была такая страшная, што фанатыкі спачатку давалі сябе знішчыць амаль без супраціўлення. Яны гналі, валілі і забівалі іх бесперашкодна і не шкадуючы, бо добра помнілі ўсё, бо яны на кожным кроку бачылі трупы бязвінна зарэзаных.
   Хрыстос меў намер прабіцца да Лідскай брамы, вывесці людзей з горада, уратаваць іх. І спачатку гэты намер абяцаў увянчацца поспехам. Яны гналі ворага амаль да канца Малой Скідзельскай, але тут дарогу іхнюю загарадзілі новыя сілы: да ворага падышло падмацаванне. Якраз у гэты момант некалькі разоў ударыла Вялікая Зафея, а пасля ў раптоўнай цішыні пачулася ракатанне ланцугоў і бразгат брамы. Прабівацца ў той бок больш не было чаго. Яны былі ў пастцы.
   Атрад адступаў. Павольна, але няўхільна. Выхад быў адзін. Нёман. А можа, камусьці і пашанцуе спусціцца з берагавой, амаль адвеснай, стромы і ўратавацца ўплынь.
   «Крыжы» цяснілі іх спачатку па Скідзельскай, пасля Ростанню, Старой вуліцай, Старым рынкам. Вёў іх Пархвер, а за спінамі тых, што наступалі, на адваяванай зямлі мортусы дабівалі параненых.
   — Забівайце! — ляцеў адтуль голас мніха-каплана, у якім ужо не было нічога чалавечага. — У імя Бога забівайце!
   — Лотр, навалач! — голы торс маладога быў заліты крывёй. — Басяцкі, навалач! Выходзьце! Мы вам Божым судом давядзём, хто слугі Пана Бога.
   І ўсё ж супраціўленне мяцежных людзей было такое страшнае, што «крыжы» знемаглі і няздатныя былі ісці наперад. Людзі Хрыста на некаторы час атрымалі перадышку. Скарыстаўшыся з гэтага, ён адвёў іх да ўрвішча, на захад ад замка, загадаў звязаць плашчы і спускацца са стромы ўніз. Сам ён з маладым узначаліў невялікі, даволі слабы людскі ланцуг, што павінен быў прыкрываць тых, якія спускаліся. Ён ведаў: усе спусціцца не паспеюць.