Страница:
- Па праўдзе кажучы, гэта нiчога б не змянiла, - сказаў ён.
- Дык чаму ж ты шкадуеш?
- Таму што я прыхiльнiк пазiтыўных рашэнняў, вось i ўсё. У гульнi, у якую мы гуляем, мы не можам выйграць. Ёсць толькi паражэннi, менш балючыя за iншыя паражэннi, i болей нiчога.
Ён адчуў, як плячо Джулii варухнулася на знак пярэчання. Яна заўсёды пярэчыла яму, калi ён казаў штосьцi падобнае. Яна не згаджалася з тым, што iснуе нейкi прыродны закон, згодна з якiм паасобны чалавек заўсёды прайграе. Яна таксама неяк усведамляла, што яна асуджаная, што раней цi пазней Палiцыя Думак схопiць яе i заб'е. Але, з другога боку, яна спадзявалася, што можна пабудаваць свой патаемны сусвет, дзе можна жыць, як хочаш. На гэта былi патрэбныя толькi ўдача, хiтрасць i адвага. Яна не разумела, што шчасця не iснуе ўвогуле, што адзiная перамога чакае ў будучынi, ужо пасля смерцi, i што з таго моманту, як ты абвясцiў вайну Партыi, лепш адразу лiчыць сябе мёртвым.
- Мы мёртвыя, - сказаў ён.
- Мы яшчэ не мёртвыя, - празаiчна адказала Джулiя.
- Не, не фiзiчна, вядома. Можна дапусцiць, што мы пратрымаемся яшчэ шэсць месяцаў, год, пяць гадоў. Я баюся смерцi. А ты маладая, ты, напэўна, баiшся яшчэ болей за мяне. Вядома ж, мы будзем адсоўваць канец, колькi здолеем. Але гэта мала дапаможа. Пакуль людзi застаюцца людзьмi, памiж жыццём i смерцю рознiцы няма.
- Усё гэта лухта! З кiм ты хочаш спаць? Са мною цi са шкiлетам? Цi ты не задаволены, што жывы? Цi табе не падабаецца адчуваць, што гэта ты, гэта твая рука, гэта твая нага, што ты сапраўдны, трывалы, жывы? А вось гэта, скажы, хiба гэта табе не падабаецца? Яна павярнулася i прытулiлася. Ён адчуў праз камбiнезон яе спелыя, пругкiя грудзi. Здавалася, ад цела Джулii яму перадалiся яе маладосць i сiла.
- Гэта мне падабаецца, - адказаў ён.
- Дык перастань тады гаварыць пра смерць. А цяпер слухай, каханы, нам трэба дамовiцца аб наступнай сустрэчы. Мы зноў можам прыйсцi на палянку ў лесе. Ужо мiнула дастаткова часу. Але гэты раз мы пойдзем туды другой дарогай. Я ўсё прадумала. Ты сядзеш на цягнiк... Глядзi, я табе намалюю.
I, са сваёй заўсёднай практычнасцю, яна зграбла грудок пяску, разраўняла яго i, выцягнуўшы з галубiнага гнязда галiнку, пачала маляваць карту.
4
Ўiнстан акiнуў позiркам убогi пакойчык на другiм паверсе крамы пана Чэрынгтана. Вялiкi ложак каля акна быў засланы падранай коўдрай, на iм ляжала падушка без навалачкi. На камiннай палiчцы цiкаў старасвецкi гадзiннiк з дванаццацiгадзiнным цыферблатам. У куце на складным столiку лагодна свяцiлася ў прыцемку шкляное прэс-пап'е, якое ён купiў, калi апошнi раз быў тут.
На камiннай кратцы стаялi керагаз, рондаль i два кубачкi, пазычаныя ў пана Чэрынгтана. Ўiнстан запалiў керагаз i пачаў гатаваць ваду. Ён прынёс з сабою пакецiк кавы "Перамога" i некалькi кавалачкаў сахарыну. Стрэлкi гадзiннiка паказвалi сем дваццаць. А было дзевятнаццаць дваццаць. Яна мелася прыйсцi ў дзевятнаццаць трыццаць.
Вар'яцтва, вар'яцтва, гучала ў яго ў галаве. Свядомае, беспрычыннае, згубнае вар'яцтва. З усiх злачынстваў, якiя мог зрабiць сябра Партыi, гэтае было найцяжэй схаваць. Па праўдзе кажучы, гэтая думка спачатку прамiльгнула ў яго ў галаве, як нейкае вiдмо: шкляное прэс-пап'е, адлюстраванае на гладкай паверхнi стала. Як ён i прадбачыў, пан Чэрынгтан без нiякiх ваганняў здаў яму пакой. Ён быў вiдавочна задаволены, што мог зарабiць некалькi даляраў. Пры гэтым ён не надта здзiвiўся i не выказаў навязлiвага разумення, калi даведаўся, што пакой быў патрэбны Ўiнстану для спаткання з жанчынай. Наадварот, позiрк яго зрабiўся адсутны, ён пачаў гаварыць агульнымi словамi, з такiм далiкатным выглядам, што, здавалася, ён зрабiўся часткова нябачны. Вельмi важна мець магчымасць адасобiцца, сказаў ён. Кожны хацеў бы мець месца, дзе можна час ад часу пабыць аднаму, пры зручнай нагодзе. I калi такое месца знойдзецца, дык найбольшай пачцiвасцю з боку таго, хто пра гэта ведае, было б захоўваць маўчанне. Ён нават дадаў, ужо амаль цалкам растаўшы ў паветры i перастаўшы iснаваць, што ў доме ёсць два ўваходы, другi вядзе праз заднi двор у бакавы завулак.
Пад акном нехта спяваў. Ўiнстан, схаваны за муслiнавай фiранкай, выглянуў на вулiцу. Чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока ў небе, а ўнiзе, у залiтым сонечным святлом дворыку жанчына з грубымi чырвонымi рукамi, з зрэбным фартухом, падвязаным за пояс, хадзiла, кульгаючы, ад вялiкай балеi да вяроўкi з бялiзнай. Пачварная i магутная, як рымская калона, яна вешала на вяроўку белыя чатырохкутнiкi, у якiх Ўiнстан пазнаў дзiцячыя пялюшкi. Як толькi яе рот вызваляўся ад зашчапак, яна спявала магутным кантральта:
То была безнадзейная мара,
Што сплыла, як вясною вада.
Ды ад позiркаў тых i ад слоў дарагiх
Назаўжды ў маiм сэрцы нуда.
Мелодыя была папулярная ў Лондане апошнiмi тыднямi. Гэта была адна з шматлiкiх, падобных адна да адной песенек, якiя падсекцыя музычнага аддзялення выпускала для пролаў. Словы iх складалi без нiякага ўдзелу чалавека прылады, што называлiся версiфiкатарамi. Але жанчына спявала так мiлагучна, што нават самая спрашная лухта ператваралася ў амаль што прыемную песню. Ўiнстан чуў, як спявае жанчына, як стукаюць па бруку яе абцасы, як крычаць на двары дзецi i як недзе далёка, глуха гудзе транспарт. Але пакой дзякуючы адсутнасцi тэлегляда здаваўся надзiва цiхiм.
"Вар'яцтва! вар'яцтва! вар'яцтва!" - зноў думалася яму. Было немагчыма ўявiць сабе, што яны маглi б спакойна наведваць гэтае месца больш чым некалькi тыдняў. Але спакуса мець патаемны прытулак, якi б належаў толькi iм, у памяшканнi, даступны, зусiм побач, была занадта вялiкая для абаiх. Пасля сустрэчы на званiцы нейкi час яны не маглi сустрэцца зноў. Напярэдаднi Тыдня Нянавiсцi працоўны дзень рэзка падоўжыўся. Тыдзень меўся пачацца болей чым праз месяц, але ён вымагаў грандыёзных i складаных падрыхтоўчых мерапрыемстваў, у вынiку чаго ўсiх перагружалi працай. Урэшце iм абаiм удалося выкраiць сабе ў адзiн дзень вольны вечар. Яны дамовiлiся сустрэцца зноў на лясной палянцы. За дзень перад тым яны на хвiлiнку спаткалiся на вулiцы. Як звычайна, Ўiнстан амаль не глядзеў на Джулiю, пакуль iх нёс натоўп. Але аднаго кароткага позiрку хапiла, каб заўважыць, што яна была бялейшая, чым звычайна.
- Нiчога не зробiш, - шапнула яна, як толькi адчула, што можна гаварыць не баючыся. - Я маю на ўвазе заўтра.
- Што?
- Заўтра ўвечары я не змагу прыйсцi.
- Чаму?
- А, звычайная прычына. Гэты раз пачалося раней.
На нейкi момант яго ахапiла шалёная злосць. За гэты месяц, што яны сустракалiся, яго пачуццё да яе змянiлася. Спачатку ў iм было мала сапраўднага жадання. Iх першы палавы кантакт быў проста валявым учынкам. Але пасля другога разу ўсё змянiлася. Пах яе валасоў, смак яе вуснаў, дотык яе скуры, здавалася, напоўнiлi яго самога i паветра вакол яго. Яна стала фiзiчнай неабходнасцю, нечым, чаго ён не проста хацеў, а адчуваў, што мае на гэта права. Калi яна сказала, што не зможа прыйсцi, яму здалося, быццам яна яму здраджвае. Але якраз у гэты момант натоўп прыцiснуў iх адно да аднаго i iх рукi выпадкова сустрэлiся. Яна хуценька пацiснула кончыкi яго пальцаў, каб абудзiць у iм не жаданне, а пяшчотную прыязнасць. Ўiнстану прыйшла думка, што, калi жывеш з жанчынай, гэтыя перыядычныя расчараваннi - звычайная рэч. Глыбокая пяшчота, якую ён яшчэ нiколi да яе не адчуваў, апанавала яго. Яму хацелася б, каб яны былi жанатыя ўжо дзесяць гадоў. Яму хацелася б, каб яны маглi гуляць па вулiцы, так як цяпер, але адкрыта, не баючыся, i гаварыць пра звычайныя рэчы, купляючы нейкую дробязь для гаспадаркi. А больш за ўсё хацеў, каб у iх было месца, дзе яны маглi б заставацца адны, не мусячы пры кожнай сустрэчы займацца каханнем. Але iдэя наняць пакой у пана Чэрынгтана прыйшла яму не тады, а праз дзень. Калi ён сказаў пра гэта Джулii, яна згадзiлася з нечаканай гатовасцю. Абое ведалi, што гэта вар'яцтва. Яны нiбы самахоць наблiзiлiся да магiлы. I пакуль ён сядзеў на краi ложка i чакаў, яму зноў падумалася пра сутарэннi Мiнiстэрства Любовi. Было дзiўна, як гэты непазбежны наканаваны жах то з'яўляўся, то знiкаў са свядомасцi. Ён быў тут, у найблiжэйшай будучынi, ён непазбежна папярэднiчаў смерцi, як дзевяноста дзевяць папярэднiчае сотнi. Пазбегнуць гэтага было немагчыма, можа, толькi адкласцi; аднак жа час ад часу людзi свядома, наўмысна скарачалi час, што iм заставаўся да жахлiвага наканавання.
Са сходаў пачулiся хуткiя крокi. Джулiя ўварвалася ў пакой. Яна трымала ў руцэ торбу з грубага бурага палатна, ён часта бачыў яе з гэтай торбай у мiнiстэрстве. Ён кiнуўся, каб абняць яе, але яна хуценька вырвалася з абдымкаў, усё яшчэ трымаючы торбу.
- Хвiлiнку, - сказала яна. - Я толькi пакажу табе, што я прынесла. Ты прынёс гэтую паскудную каву "Перамога"? Я так i думала. Можаш выкiнуць яе. Яна нам не спатрэбiцца. Глядзi.
Яна ўпала на каленi, адкрыла торбу i выкiнула адтуль ключы i шрубакрут, што ляжалi зверху. Пад iмi было некалькi чыстых папяровых пакецiкаў. Першы пакецiк, якi яна падала Ўiнстану, выклiкаў дзiўнае, але неяк няясна знаёмае пачуццё. У iм было цяжкае сыпкае рэчыва, мяккае навобмацак.
- Што гэта? Цукар? - спытаўся ён.
- Сапраўдны цукар. Не сахарын - цукар. А вось бохан хлеба, сапраўднага белага хлеба, а не гэтага паскудства, а вось - слоiк з варэннем. А вось малако. Але глядзi! Гэта сапраўдная раскоша. Я мусiла нават абгарнуць тканiнай, бо...
Але ёй не трэба было казаць, нашто яна абгарнула. Пах ужо разлiўся ў пакоi - багаты i густы пах, падобны да пахаў ранняга маленства, якi часам сустракаўся нават i цяпер. Часам ён чуўся ў нейкiм праходзе, пакуль з грукатам не зачынялiся дзверы; ён загадкава лунаў у натоўпе людзей, паяўляўся i губляўся зноў.
- Гэта кава, - прашаптаў ён, - сапраўдная кава.
- Гэта кава для сябраў Унутранай Партыi. Тут цэлы кiлаграм, - сказала яна.
- Як ты ўсё гэта дастала?
- Гэта ўсё прадукты для Ўнутранай Партыi. У гэтых свiнняў ёсць усё, абсалютна ўсё. Але, вядома, афiцыянты, слугi, людзi крадуць патроху i... Глядзi, тут яшчэ ёсць пакецiк з гарбатай.
Ўiнстан прысеў побач з ёй. Ён абарваў ражочак пакета i раскрыў яго.
- Гэта сапраўдная гарбата. Не парэчкавае лiсце.
- Нядаўна завезлi вялiкую партыю гарбаты. Яны заваявалi Iндыю цi нейкую iншую краiну, - сказала яна няпэўна. - Але паслухай, любы мой. Адвярнiся, калi ласка, на тры хвiлiны. Сядзь на той край ложка. Не надта блiзка да акна. I не паварочвайся, пакуль я не скажу.
Ўiнстан няўважна глядзеў праз муслiнавую фiранку. Унiзе, у двары, жанчына з чырвонымi рукамi ўсё яшчэ сноўдалася памiж балеяй i вяроўкай. Яна дастала з рота дзве драўляныя зашчапкi i натхнёна заспявала:
Кажуць, з часам загояцца раны
I не ўспомнiш пра боль, пра ману.
Але слёзы i смех тых забытых уцех
Закрануць майго сэрца струну.
Здавалася, яна ведала на памяць усе словы гэтай iдыёцкай песнi. Яе голас, мiлагучны i шчаслiва-сумны, гучаў у цёплым летнiм паветры. Здавалася, што яна i сапраўды шчаслiвая, толькi б гэты чэрвеньскi дзень цягнуўся бясконца, а балея з бялiзнай была бяздонная; яна мела б за шчасце заставацца тут тысячу гадоў, развешваць пялюшкi i спяваць розную лухту. Ўiнстана ўразiў дзiўны факт: ён нiколi не чуў, каб сябра Партыi спяваў адзiн i сам сабе. Гэта здалося б трошкi нядобранадзейным, гэта быў бы небяспечны выбрык, як размова з самiм сабой. Можа, толькi людзям, якiм пагражае галодная смерць, няма чаго баяцца, i яны спяваюць.
- А цяпер можаш павярнуцца, - сказала Джулiя.
Ён павярнуўся i нейкую хвiлiну не мог яе пазнаць. Ён чакаў убачыць яе голую, але яна была не голая. Перамена, што адбылася ў ёй, была значна дзiўнейшая. Яна нафарбавала твар.
Напэўна, яна зайшла ў нейкую крамку ў пролаўскiх кварталах i купiла поўны касметычны набор. Вусны ў яе былi цёмна-чырвоныя, шчокi нарумяненыя, нос напудраны. Нават пад вачыма было нешта, што дадавала iм бляску. Зроблена гэта было не надта ўмела, але Ўiнстанавы веды ў гэтай галiне каштавалi няшмат. Нiколi раней ён не бачыў i не мог сабе ўявiць партыйную жанчыну з нафарбаваным тварам. Перамена ў яе аблiччы была неверагодная. Усяго некалькi штрыхоў там, дзе трэба, i яна зрабiлася не толькi прыгажэйшая, але i больш жаноцкая. Кароткiя валасы i хлапечы камбiнезон толькi ўзмацнялi ўражанне. Калi ён абняў яе, у нос яму ўдарыў пах штучных фiялак. Ён прыгадаў прыцемкi кухнi ў сутарэннi i пусты рот жанчыны. Парфума была такая самая, але цяпер, здавалася, гэта было неiстотна.
- I парфума таксама! - сказаў ён.
- Так, каханы, i парфума. А ведаеш, што я зраблю другiм разам? Я дастану сапраўдную жаночую сукенку i надзену яе замест гэтых iдыёцкiх штаноў. У мяне будуць шаўковыя панчохi i туфлiкi на высокiх абцасах. У гэтым пакоi я буду жанчынай, а не таварышам па Партыi.
Яны раздзелiся i залезлi ў вялiзны ложак з чырвонага дрэва. Упершыню Ўiнстан раздзяваўся перад ёй. Дагэтуль ён саромеўся свайго бледнага i худога цела, разбухлых жыл на нагах i бясколернай плямы над костачкай. Бялiзны не было, але коўдра, на якую яны леглi, была працертая i гладкая. Памеры i мяккасць ложка ўразiлi iх абаiх.
- Гэты ложак, напэўна, поўны клапоў? - сказала Джулiя.
Такiх ложкаў на дваiх болей нiдзе нельга было ўбачыць, хiба што толькi ў пролаў. У дзяцiнстве Ўiнстану даводзiлася спаць у такiм ложку. Джулiя, наколькi яна памятала, нiколi на такiм ложку не ляжала.
Яны на хвiлiнку заснулi. Калi Ўiнстан прачнуўся, стрэлкi на гадзiннiку ўжо перасунулiся на лiчбу "дзевяць". Ён не варушыўся, бо Джулiя спала, паклаўшы галаву яму на плячо. Большая частка касметыкi была цяпер на Ўiнстанавым твары i на падушцы, але лёгкае ружовае адценне яшчэ трымалася, падкрэслiваючы прыгажосць яе твару. Жоўты прамень закатнага сонца ўпаў на ложак i асвятлiў камiн, дзе ў рондалi кiпела вада. Унiзе, у двары, жанчына ўжо не спявала, але адтуль даляталi прыглушаныя крыкi дзяцей. Ўiнстан задумаўся, цi ў скасаванай мiнуўшчыне лiчылася нармальным, калi свежым летнiм вечарам мужчына i жанчына ляжалi вось у такiм ложку раздзетыя i займалiся каханнем, калi хацелi, гаварылi, пра што хацелi, не адчуваючы патрэбы ўставаць, проста ляжалi i слухалi спакойныя гукi з вулiцы. Напэўна, не было такiх часоў, калi б гэта лiчылася натуральным... Джулiя прачнулася, працерла вочы, прыўзнялася i абаперлася на локаць, каб паглядзець на керагаз.
- Палова вады выкiпела, - сказала яна. - Зараз я ўстану i зраблю кавы. У нас яшчэ ёсць гадзiна. Калi ў цябе тушаць святло?
- У дваццаць тры трыццаць.
- У маiм iнтэрнаце ў дваццаць тры. Але табе трэба вярнуцца раней, бо... Гэй! Пайшла прэч, паганая жывёлiна!
Яна перавярнулася ў ложку, схапiла з падлогi туфлiк i з размаху шпурнула яго ў кут, рэзкiм юнацкiм узмахам рукi, зусiм гэтак, як аднойчы ўранку яна кiнула слоўнiк у Гольдштэйна пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi.
- Што гэта было? - здзiўлена запытаўся ён.
- Пацук. Ён высунуў свой паскудны нос з-за шалёўкi. Там дзiрка. Але я добра яго напалохала.
- Пацукi, - прашаптаў Ўiнстан. - У гэтым пакоi!
- Ды яны тут паўсюль, - безуважна сказала Джулiя i легла зноў. - У нас у iнтэрнаце яны ёсць нават на кухнi. У Лондане ёсць раёны, дзе яны кiшма кiшаць. Ты ведаеш, што яны нападаюць на дзяцей? Але, на дзяцей. На некаторых вулiцах жанчыны баяцца пакiнуць дзiця адно на дзве хвiлiны. Вялiкiя бурыя пацукi. А самае жахлiвае, што гэтыя паганыя стварэннi заўсёды...
- Не кажы далей! - закрычаў Ўiнстан, шырока расплюшчыўшы вочы.
- Каханы! Ты ўвесь збялеў! Што з табою? Цi не ад пацукоў табе так блага?
- З усiх жахаў на свеце... пацук!
Яна прытулiла яго да сябе, абняла, нiбы хочучы супакоiць яго цеплынёй свайго цела. Ён расплюшчыў вочы не адразу. Некалькi хвiлiн яму здавалася, што ён зноў перажывае тое страшнае мроенне, што час ад часу наведвала яго праз усё жыццё. Карцiна была амаль заўсёды тая самая. Ён стаяў перад сцяною цемры, а па той бок сцяны было штосьцi невыноснае, штосьцi такое жахлiвае, што i падысцi было страшна. У сваiм сне ён заўсёды ў глыбiнi душы адчуваў самападман, бо, праўду кажучы, ён ведаў, што было за гэтай сцяною. I ён мог бы апошнiм жыццёвым намаганнем, нiбы вырваўшы кавалак мозгу, адкрыць тое святлу. Але заўсёды ён прачынаўся, так i не ўбачыўшы, што там было. Але яно нейкiм чынам было звязана з тым, што хацела сказаць Джулiя, калi ён яе перапынiў.
- Прабач, - сказаў ён. - Усё добра. Я не люблю пацукоў, вось i ўсё.
- Не хвалюйся, любы, гэтыя агiдныя стварэннi сюды не пралезуць. Калi мы будзем адыходзiць, я заткну дзiрку шматком радна, а калi прыйдзем другi раз, я прынясу трошкi алебастру i шчыльна закладу дзiрку.
Хвiлiна сляпога страху ўжо напалову забылася. Трошкi збянтэжаны, Ўiнстан сеў, абапершыся на бiльца ложка. Джулiя ўстала, надзела камбiнезон i зварыла кавы. Пах, што iшоў з рондаля, быў такi моцны i спакуслiвы, што яны зачынiлi акно, баючыся, каб хто з вулiцы не пачуў i не зацiкавiўся. Але яшчэ смачнейшым за каву быў аксамiтна-мяккi смак цукру, пра якi Ўiнстан пасля столькiх гадоў сахарыну амаль зусiм забыўся. Засунуўшы адну руку ў кiшэню, трымаючы ў другой лусту хлеба, намазаную варэннем, Джулiя задуменна хадзiла па пакоi. Яна безуважна агледзела кнiгi, адзначыла, як найлепей адрамантаваць раскладны стол, села ў стары фатэль - цi зручна ў iм сядзець, паглядзела з зычлiвай спагадай на дзiвацкi гадзiннiк з дванаццаццю лiчбамi. Яна прынесла з сабою ў ложак шкляное прэс-пап'е, каб паглядзець на яго пад лепшым святлом. Ўiнстан узяў яго ў яе з рук, як заўсёды, зачараваны мяккасцю i вадкай празрыстасцю шкла.
- Як ты думаеш, што гэта? - спыталася Джулiя.
- Я не думаю, каб гэта магло нечым быць, я маю на ўвазе, не думаю, каб гэтым хтосьцi некалi карыстаўся. Якраз гэта мне ў iм i падабаецца. Гэта маленькi кавалачак Гiсторыi, якi забылiся сфальшаваць. Гэта пасланне з мiнулага стагоддзя, трэба толькi ўмець яго прачытаць.
- А гэтая карцiна, - яна кiўнула галавой на гравюру, што вiсела перад ёй на сцяне. - Ёй таксама сто гадоў?
- Нават болей. Можа, i дзвесце. Цяпер абсалютна немагчыма вызначыць век чаго б там нi было.
Яна падышла да карцiны.
- Вось тут гэтая агiдная жывёлiна высунула нос, - сказала яна, пастукаўшы па шалёўцы пад самай карцiнай. Яна паглядзела на гравюру. - Што гэта за мясцiна? Я ўжо недзе гэта бачыла.
- Гэта царква, цi, прынамсi, некалi гэта было царквой. Яна звалася царквой Святога Клемента.
Яму прыгадаўся ўрывак вершыка, якому навучыў яго пан Чэрынгтан, i ён дадаў летуценна: "Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана..." На ягоны подзiў, яна адказала вершыкам:
Ты тры фартынгi даць мне павiнен - б'юць званы ў Святога Марцiна.
Цi заплоцiш ты мне ў нядзелю - загудзелi званы ў Старым Бэйлi.
Далей я не памятаю. Але памятаю, што гэта канчаецца так:
Вось i свечка, - каб спаткi давесцi,
Вось сякера - галованьку знесцi.
Гэта было як дзве часткi паролю. Але быў яшчэ адзiн радок пасля "званоў Старога Бэйлi". Можа, удасца здабыць яго з памяцi пана Чэрынгтана, добра яе раскатурхаўшы.
- Адкуль ты гэта ведаеш? - спытаўся ён.
- Ад дзеда. Ён звычайна паўтараў мне гэты вершык, як я была малая. Яго выпарылi, калi мне было восем гадоў. Ва ўсякiм разе, ён знiк. Але што ж такое лiмон? - дадала яна знянацку. - Я бачыла апельсiны. Гэта круглыя жоўтыя плады з тоўстай скуркай.
- Я памятаю лiмоны, - сказаў Ўiнстан. - Яшчэ ў пяцiдзесятыя гады яны не былi рэдкасцю. Яны былi такiя кiслыя, што толькi панюхаеш, i ўжо зубы баляць.
- За гэтай карцiнай, напэўна, шмат клапоў, - сказала Джулiя. Калi-небудзь я яе здыму i добра ўсё прыбяру. Здаецца, нам ужо пара iсцi. Мне трэба прыбрацца i змыць з твару пудру. Як шкада! Пасля я адмыю твой твар ад памады.
Ўiнстан паляжаў яшчэ некалькi хвiлiн. У пакоi гусцелi прыцемкi. Ён павярнуўся да святла i ляжаў, не зводзячы вачэй з прэс-пап'е. Невычэрпна цiкавы быў не кавалак каралу, а нутро самога шкла. У гэтым прадмеце была такая глыбiня! I разам з тым ён быў празрысты, амаль як паветра. Здавалася, што паверхня шкла была нябесным скляпеннем, пад якiм хаваўся цэлы маленькi сусвет. Яму здавалася, што ён можа ўвайсцi ў гэты сусвет. Ён уяўляў сабе, што ён i папраўдзе там, у шкле, разам з гэтым ложкам з чырвонага дрэва, з раскладным столiкам, з гадзiннiкам, са старасвецкаю гравюрай i з самiм прэс-пап'е. Прэс-пап'е было пакоем, дзе ён знаходзiўся, а карал быў жыццём Джулii i ягоным уласным, i жыццi iхныя злучалiся ў вечнасцi ў сэрцы крышталю.
5
Сайм знiк. Аднойчы ранiцай ён не прыйшоў на працу. Сёй-той растлумачыў яго адсутнасць легкадумна, без асаблiвай трывогi. Назаўтра нiхто ўжо пра яго не памятаў. На трэцi дзень Ўiнстан зайшоў у вестыбюль аддзела дакументацыi, каб паглядзець стэнд з аб'явамi. У адной аб'яве быў спiс сябраў Шахматнага камiтэта, куды ўваходзiў Сайм. Спiс быў амаль такi самы, як i раней, нiчога не было выкраслена. Але ён быў на адно прозвiшча карацейшы. Гэтага было дастаткова. Сайм болей не iснаваў. Ён не iснаваў нiколi.
Стаяла нясцерпная спёка. У мiнiстэрскiх лабiрынтах, у пакоях без вокнаў, з кандыцыянаваным паветрам, захоўвалася нармальная тэмпература. Але на вулiцы тратуары апякалi ногi, а ў метро ў час пiк стаяў невыносны смурод. Падрыхтоўка да Тыдня Нянавiсцi iшла поўным ходам, i работнiкi ўсiх мiнiстэрстваў працавалi звыш нормы. Дэманстрацыi, сходы, ваенныя парады, лекцыi, выставы васковых фiгур, кiнафiльмы, тэлепраграмы - усё гэта трэба было арганiзаваць. Трэба было паставiць трыбуны, устанавiць партрэты, прыдумаць лозунгi, напiсаць песнi, пусцiць чуткi, сфальшаваць фатаграфii. Секцыю Джулii ў аддзеле мастацкай лiтаратуры знялi з вытворчасцi раманаў, i цяпер яны выпускалi серыю вострапамфлетных брашур. Ўiнстан, апрача сваёй звычайнай працы, кожнага дня гадзiнамi сядзеў над старымi падшыўкамi "Таймз", перарабляючы i прыхарошваючы матэрыялы, што мелiся цытавацца ў прамовах. Позна ўвечары, калi пролы шумлiвымi натоўпамi бадзялiся па вулiцах, горад меў нейкi дзiўны, хваравiты выгляд. Ракетныя бомбы падалi часцей, чым звычайна. Часам аднекуль здалёк чулiся жахлiвыя выбухi, прычыну якiх нiхто не мог растлумачыць i пра якiя хадзiлi неверагодныя чуткi.
Ужо была напiсана новая песня, што павiнна была стаць галоўнай мелодыяй Тыдня Нянавiсцi (яна называлася "Песня Нянавiсцi"), i яна бясконца грымела з тэлеглядаў. Гэта быў рытмiчны дзiкi брэх, якi нельга было назваць музыкай, ён нагадваў хутчэй барабанны грукат. Калi гэтую песню раўлi сотнi глотак пад рытмiчны тупат ног, рабiлася страшна. Пролам яна вельмi спадабалася, i сярод ночы на вулiцах яна спаборнiчала з усё яшчэ папулярнай "То была безнадзейная мара". Парсансавы дзецi дудукалi яе цэлы дзень i ноч на грабенчыку i шматку туалетнай паперы. Вечарамi Ўiнстан быў заняты болей, чым звычайна. Сабраныя Парсансам брыгады добраахвотнiкаў рыхтавалi вулiцу да Тыдня Нянавiсцi. Яны шылi сцягi, малявалi плакаты, ставiлi дзержакi для сцягоў на дахах, рызыкуючы жыццём, нацягвалi праз вулiцу дрот i вешалi на iм транспаранты. Парсанс хвалiўся, што адзiн толькi дамовы блок "Перамога" вывесiць чатырыста метраў транспарантаў. Ён быў у сваёй стыхii i адчуваў сябе бясконца шчаслiвым. Гарачыня i фiзiчная праца далi яму нагоду хадзiць вечарамi ў шортах i кашулi з кароткiмi рукавамi. Ён паспяваў паўсюль - штурхаў, цягнуў, пiлаваў, заганяў цвiкi, iмправiзаваў, падбадзёрваў усiх сяброўскiмi воклiчамi i выдзяляў усiмi складкамi цела невычэрпныя запасы смярдзючага поту.
На сценах паўсюль у Лондане нечакана з'явiўся новы плакат. На iм не было нiякiх надпiсаў, была толькi пачварная постаць эўразiйскага салдата трох-чатырох метраў вышынёй, з безуважным мангольскiм тварам, вялiзнымi ботамi. Ён ступаў шырокiм крокам з нацэленым наперад аўтаматам. Адкуль нi глядзець на плакат, здавалася, што аўтамат нацэлены проста ў цябе. Гэтыя плакаты былi наклееныя на ўсiх свабодных месцах, на кожнай сцяне, iх было нават болей, чым партрэтаў Вялiкага Брата. Пролы, звычайна абыякавыя да вайны, былi ўзрушаныя, iх ахапiла чарговая хваля шалёнага патрыятызму. Нiбы ладзячыся пад агульны настрой, ракетныя бомбы забiвалi людзей болей, чым звычайна. Адна з iх упала ў запоўнены да краёў кiнатэатр у Стэпнi i пахавала пад руiнамi сотнi ахвяр. Усе навакольныя жыхары выйшлi на пахаванне. Яны наладзiлi доўгае шэсце, якое цягнулася гадзiнамi i было, па сутнасцi, дэманстрацыяй абурэння. Другая бомба ўпала на вялiкую пустку, дзе звычайна гулялi дзецi. Дзесяткi дзяцей былi забiтыя i разарваныя на шматкi. Былi i iншыя праявы гневу. Было спалена чучала Гольдштэйна. Сотнi плакатаў з эўразiйскiм салдатам былi сарваныя i кiнутыя ў агонь, а тым часам у агульным замяшаннi было абрабавана нямала крамаў. Пасля разышлася чутка, што шпiёны скiроўваюць бомбы праз радыё, i натоўп падпалiў дом адной старой пары, якую западозрылi ў тым, што яны iншаземнага паходжання. Яны задыхнулiся ў агнi.
У пакойчыку над крамай пана Чэрынгтана Джулiя i Ўiнстан, калi iм выпадала туды прыйсцi, клалiся побач на ложку без коўдры, голыя, пад расчыненым акном, каб уратавацца ад спёкi. Пацук болей не прыходзiў, але клапоў такiм гарачым часам напладзiлася процьма. Ды, як здавалася, гэта не мела значэння. Брудны або чысты, пакой гэты быў раем. Прыйшоўшы, Ўiнстан i Джулiя звычайна насыпалi паўсюль купленага на чорным рынку перцу, раздзявалiся, кахалiся, залiваючыся потам, i засыналi. Прачнуўшыся, яны заўважалi, што клапы вярнулiся i рыхтавалiся на контратакi.
За ўвесь чэрвень яны сустрэлiся чатыры, пяць, шэсць, сем разоў. Ўiнстан страцiў звычку пiць джын абы-калi. Здавалася, ён быў яму болей непатрэбны. Ён памажнеў, язва на назе загаiлася, засталася толькi рудая плямка. Ранiшнi кашаль болей не мучыў яго. Жыццё перастала быць невыносным, яму ўжо болей не хацелася строiць грымасы тэлегляду i крычаць дзiкiм голасам брыдкiя словы. Цяпер, калi ў iх быў патаемны i надзейны прытулак, амаль што дом, iх нават ужо не засмучала, што яны сустракалiся зрэдку i кожны раз толькi на некалькi гадзiн. Важна, што гэты пакойчык над антыкварнай крамай увогуле iснаваў. Ведаць, што ён там, некрануты, было амаль тое самае, што i быць там. Пакойчык быў сусветам, прыстаннем мiнуўшчыны, дзе можна сустрэць даўно вымерлых жывёлiн. Пан Чэрынгтан, думаў Ўiнстан, таксама вымерлая жывёлiна. Перш чым падняцца ў пакойчык, ён звычайна затрымлiваўся на колькi хвiлiн, каб з iм пагаварыць. Здавалася, што стары выходзiць з крамы вельмi рэдка цi нават увогуле не выходзiць, а з другога боку, як выглядала, да яго нiхто не заходзiў. Ён вёў прывiднае iснаванне памiж маленькай цьмянай крамай i яшчэ меншай кухняй, дзе гатаваў сабе ежу. У гэтай кухнi сярод iншага можна было ўбачыць неверагодна стары грамафон з вялiзнай трубою. Пан Чэрынгтан, здавалася, быў вельмi рады пагаварыць. Калi ён хадзiў сярод сваiх нiкому не патрэбных рэчаў, з доўгiм носам, тоўстымi акулярамi, угнутымi плячыма, у аксамiтнай куртцы, ён заўсёды нагадваў хутчэй калекцыянера, чым гандляра. З нейкiм вялым захапленнем ён дакранаўся да тое цi iншае рэчы - фарфоравай затычкi, маляванага вечка зламанай табакеркi, таннага медальёна з пасмачкай валасоў даўно памерлага дзiцяцi. Ён нiколi не прапаноўваў Ўiнстану купiць i задавальняўся тым, што выклiкаў у яго захапленне. Гаварыць з iм было як слухаць старую музычную скрынку. Ён выцягнуў з глыбiняў памяцi iншыя ўрыўкi забытых вершыкаў. У адным з iх гаварылася пра дваццаць чатыры дразды, у другiм - пра карову з адламаным рогам. У яшчэ адным было пра смерць беднага пеўня Робiна. "Мне здалося, што гэта можа вас зацiкавiць", - казаў ён, вiнавата ўсмiхаючыся, пасля кожнага новага ўрыўка. Але ён памятаў толькi некалькi радкоў з кожнага верша.