Ён мог ператварыць прамову ў звычайнае абвiнавачанне здраднiкаў i думзлачынцаў, але гэта было б занадта проста. З другога боку, ён задаў бы шмат працы аддзелу дакументацыi, калi б апiсаў перамогу на фронце цi блiскучае перавыкананне планаў Дзевятай Трохгодкi. Найлепей прыдалася б чыстая фантазiя. I ён уявiў сабе, як жывога, нейкага мiфiчнага таварыша Огiлвi, якi нядаўна ў гераiчных абставiнах загiнуў у баi. Часам здаралася, што Вялiкi Брат прысвячаў свой Загад дня памяцi якому-небудзь простаму сябру Партыi, жыццё i смерць якога ён паказваў як прыклад, варты наследавання. Такiм чынам, 3 снежня ён павiнен быў згадаць пра таварыша Огiлвi. Хоць чалавека з такiм iмем i не iснавала, аднак некалькi друкаваных радкоў i пара падробленых здымкаў маглi хутка i без цяжкасцi яго ажывiць.
   Ўiнстан хвiлiнку паразважаў, пасля падсунуў да сябе мовапiс i пачаў дыктаваць у добра вядомым стылi Вялiкага Брата. Стыль гэты, адначасна ваяўнiчы i педантычны, лёгка было падрабiдь дзякуючы звычцы Вялiкага Брата ставiць пытаннi i адразу на iх адказваць ("Якi ўрок атрымлiваем мы з гэтага, таварышы? Той урок, якi таксама ёсць адным з асноўных прынцыпаў Ангсоцу, а менавiта ...").
   У тры гады таварыш Огiлвi адмовiўся ад усiх цацак, акрамя барабана, аўтамата i верталёта. У шэсць гадоў ён дзякуючы асобнаму дазволу на год раней, чым прадугледжвае статут, уступiў у Шпiёны, у дзевяць гадоў ён стаў важатым групы. У адзiнаццаць гадоў ён выдаў Палiцыi Думак свайго дзядзьку, адчуўшы пад час адной размовы, што той выяўляе нездаровыя тэндэнцыi. У семнаццаць гадоў ён стаў акруговым старшынёй Антысексуальнага Саюза Моладзi. У дзевятнаццаць ён вынайшаў ручную гранату, якая была прынята на ўзбраенне Мiнiстэрствам Мiру i пад час першага выпрабавання забiла адным выбухам трыццаць аднаго эўразiйскага палоннага. У дваццаць тры ён загiнуў у баi. Ратуючыся ад варожых рэактыўрых знiшчальнiкаў, што праследавалi яго, калi ён ляцеў праз Iндыйскi акiян з важнымi дэпешамi, ён скочыў з самалёта ў мора разам з дэпешамi, захапiўшы дзеля вагi бартавы кулямёт, каб адразу пайсцi на дно, - гэткай смерцi, сказаў Вялiкi Брат, можна толькi пазайздросцiць. Вялiкi Брат дадаў яшчэ колькi слоў пра сумленне i беззаганнае жыццё таварыша Огiлвi. Ён нiколi ў жыццi не пiў i не палiў, не ведаў iншага адпачынку, акрамя штодзённай трэнiроўкi на спортпляцоўцы, i склаў абяцанне застацца нежанатым, бо лiчыў шлюбныя i сямейныя клопаты несумяшчальнымi з штодзённай дваццацiчатырохгадзiннай адданасцю абавязку. Ён не меў нiякiх iншых тэм для размовы, акрамя прынцыпаў Ангсоцу, i нiякай iншай жыццёвай мэты, акрамя знiшчэння эўразiйскiх ворагаў i абясшкоднення шпiёнаў, сабатажнiкаў, думзлачынцаў i ўсiх iншых здраднiкаў i падазроных элементаў.
   Ўiнстан вагаўся, цi не ўзнагародзiць таварыша Огiлвi Ордэнам за Асаблiвыя Заслугi. Урэшце вырашыў, што не трэба, бо гэта пацягнула б за сабой зашмат непатрэбных выпраўленняў.
   Ён яшчэ раз зiрнуў на свайго супернiка з нiшы насупраць. Нешта падтрымлiвала яго ўпэўненасць, што Тылатсан займаецца тым самым, што i ён. Невядома, чый варыянт будзе ўрэшце прыняты, але недзе ў глыбiнi душы ён адчуваў, што пераможа. Яшчэ гадзiну таму таварыш Огiлвi быў у цемры невядомасцi, а цяпер ён ужо рэальны факт. Яму падумалася, як лёгка можна ажывiць нежывога. Таварыш Огiлвi, якi нiколi не iснаваў у сучаснасцi, iснаваў цяпер у мiнуўшчыне, i як толькi забудзецца сам факт фальшавання, ён стане гэткiм жа сапраўдным, як Карл Вялiкi або Юлiй Цэзар.
   5
   У сталоўцы, што знаходзiлася глыбока пад зямлёй, чарга рухалася вельмi павольна. Зала была напханая да берагоў i аглушальна шумная. З акенца раздачы валiла пара ад густой полiўкi з кiсламеталiчным пахам, якi, аднак, не мог заглушыць смуроду джыну "Перамога" - у канцы залы быў маленькi бар, простая адтулiна ў сцяне, дзе можна было за дзесяць цэнтаў купiць вялiкую шклянку джыну.
   - Вось каго я шукаў! - пачуўся голас з-за спiны Ўiнстана.
   Ён азiрнуўся. Гэта быў яго сябар Сайм, якi працаваў у аддзеле даследаванняў. Можа, слова "сябар" не надта тут пасавала. Цяпер сяброў не было, былi таварышы; але былi таварышы, з якiмi было прыямней, чым з iншымi. Сайм быў мовазнаўцам, спецыялiстам у навамоўi. Ён належаў да вялiкай групы спецыялiстаў, якiм цяпер было даручана скласцi Адзiнаццатае выданне Слоўнiка навамоўя. Сайм быў дробны, нiжэйшы за Ўiнстана, чалавечак, цёмнавалосы, з вялiкiмi вылупленымi вачыма, што пазiралi адначасна сумна i насмешлiва i, здавалася, даследавалi пад час гутаркi твар размоўцы.
   - Я хацеў спытацца, цi няма ў цябе часам лёзаў для галення, - сказаў ён.
   - Нiводнага! - з вiнаватай паспешлiвасцю адказаў Ўiнстан. - Я шукаў паўсюль. Болей нiдзе няма.
   Увесь час нехта пытаўся пра лёзы. Праўду кажучы, у Ўiнстана заставалiся яшчэ два нечапаныя. Ужо некалькi месяцаў лёзаў нiдзе не было. Цяпер увесь час бракавала якога-небудзь тавару першай неабходнасцi, якога не было ў партыйных крамах. Часам гузiкаў, часам цыравальных нiтак або матузкоў да чаравiкаў. Цяпер жа не было лёзаў. Калi i можна было iх здабыць, дык толькi наведваючы час ад часу "чорны рынак".
   - Я ўжо шэсць тыдняў галюся старымi, - зманiў Ўiнстан.
   Чарга зноў пасунулася наперад. Спынiўшыся, Ўiнстан зноў павярнуўся да Сайма. Кожны з iх узяў тлусты металiчны паднос з высока нагрувашчанага стоса, што стаяў на канцы стала раздачы.
   - Ты хадзiў глядзець учора, як вешалi палонных? - спытаўся Сайм.
   - У мяне было шмат працы, - адказаў безуважна Ўiнстан. - Пагляджу пасля ў кiно.
   - Хiба ж кiно параўнаеш з сапраўднасцю, - сказаў Сайм i дапытлiва паглядзеў на Ўiнстана.
   Яго насмешлiвы позiрк прабег па Ўiнстанавым твары. Здавалася, яго вочы казалi: "Я цябе ведаю! Я бачу цябе наскрозь! Я вельмi добра ведаю, чаму ты не пайшоў глядзець". Сайм быў зацяты артадокс, але з пэўнай дамешкай iнтэлектуальнасцi. Ён мог з нейкай асалодай, з нейкiм агiдным задавальненнем гаварыць пра верталётныя напады на варожыя вёскi, пра судовыя працэсы i прызнаннi думзлачынцаў i пра катаваннi ў сутарэннях Мiнiстэрства Любовi. Каб з iм пагаварыць, трэба было ўхiлiцца ад гэтых тэм i, калi магчыма, перавесцi гаворку на тэхнiчныя асаблiвасцi навамоўя, тэму, на якую ён мог гаварыць цiкава, з захапленнем i веданнем справы. Ўiнстан адвярнуўся ўбок, каб унiкнуць пранiзлiвага позiрку вялiкiх цёмных вачэй.
   - Павешанне было вельмi цiкавае, - сказаў Сайм, прыгадваючы. - Я думаю, вельмi псуе ўсю справу тое, што iм звязваюць ногi. Я люблю глядзець, як яны дрыгаюць нагамi. I вельмi важна, каб пад канец вiдовiшча з рота вылазiў язык, блакiтны, светла-светла-блакiтны. Якраз гэтая дэталь мне падабаецца.
   - Наступны, калi ласка! - рыкнуў прол у белым фартуху з апалонiкам.
   Ўiнстан i Сайм пасунулi свае падносы пад акенца. Кожнаму адным рэзкiм рухам быў накладзены стандартны комплексны абед: мiса, поўная ружова-шэрай полiўкi, што была адначасова i першай i другой стравай, луста хлеба, кубiк сыру, кубачак кавы "Перамога" без малака i гузiк сахарыну.
   - Там пад тэлеглядам ёсць пусты столiк, - сказаў Сайм. - Давай захопiм па дарозе джыну.
   Джын выдаваўся ў фарфоравых кубачках без вушка. Яны прабiлiся скрозь натоўп i разгрузiлi свае падносы на металiчны стол, на якiм нехта перад тым разлiў сваю полiўку - брудную кашу, падобную да ванiтаў. Ўiнстан падняў свой кубачак з джынам, на хвiлiнку затрымаўся, каб набрацца адвагi, i хутка праглынуў пiтво, што смакам нагадвала алей. Перамогшы слёзы, што выступiлi ў вачах, ён раптам адчуў, што хоча есцi. Ён пачаў на поўную лыжку сёрбаць полiўку, на слiзкай паверхнi якое плаваў нейкi сiтаваты ружовы кубiк, напэўна, кавалак штучнага мяса. Абодва маўчалi, пакуль не з'елi ўсё, што было ў мiсах. За столiкам злева ад Ўiнстана, трошкi ззаду, нехта гучна i няспынна гаварыў гэтая непрыемная балбатня, падобная да кракання качкi, прабiвалася скрозь гаману залы.
   - Як пасоўваецца справа са Слоўнiкам? - спытаўся Ўiнстан гучным голасам, каб перакрычаць шум.
   - Пакуль што павольна, - адказаў Сайм. - Я цяпер сяджу над прыметнiкамi. Вельмi цiкава.
   Пры адной згадцы пра навамоўе ён нiбы аджыў. Ён адсунуў мiсу ўбок, схапiў адной сваёй далiкатнай рукою лусту хлеба, другой - кавалак сыру. Каб не крычаць, ён схiлiўся над сталом.
   - Адзiнаццатае выданне - гэта апошняя, канчатковая рэдакцыя Слоўнiка, растлумачыў ён. - Мы наводзiм апошнi глянец, мы надаём навамоўю такую форму, якую яно будзе мець, калi iнакш нiхто ўжо не будзе гаварыць. Калi мы скончым, людзi накшталт цябе будуць вымушаныя вывучаць усю мову спачатку. Ты, напэўна, думаеш, што мы займаемся толькi тым, што вынаходзiм новыя словы? Якраз наадварот! Штодня мы выкiдаем старыя словы, у вялiкай колькасцi. Сотнямi. Мы спрашчаем мову да яе голага касцяка. У Адзiнаццатым выданнi не будзе болей слоў, патрэба ў якiх адпадзе да 2050 года.
   Ён прагна адкусiў хлеба i, праглынуўшы пару кавалкаў, працягваў прамаўляць з фанатычным захапленнем. Яго худы, смуглявы твар ажывiўся, з вачэй знiкла насмешлiвасць, i яны зрабiлiся амаль летуценнымi.
   - I гэтае выкрэслiванне слоў - цудоўная рэч! Вядома ж, больш за ўсё даводзiцца выкiдаць дзеясловы i прыметнiкi, але ёсць таксама сотнi назоўнiкаў, якiя гэтак жа лёгка можна выкiнуць з мовы. Я маю на ўвазе не толькi словы з блiзкiм сэнсам, але i тыя, што перадаюць супрацьлеглае значэнне. Урэшце, якое права на iснаванне мае слова, што з'яўляецца ўсяго толькi супрацьлегласцю iншага слова? Кожнае слова мае ў сабе сваю супрацьлегласць. Напрыклад, слова "добры". Калi ёсць слова "добры", нашто ж тады яшчэ i слова "дрэнны"? Слова "нядобры" выконвае гэтую ролю гэтаксама добра цi нават яшчэ i лепей, бо з'яўляецца дакладнай супрацьлегласцю добрага, чаго не скажаш пра слова "дрэнны". Калi ж, з другога боку, табе патрэбная мацнейшая ступень "добрага", дык у чым сэнс цэлага шэрага няясных, непатрэбных слоў, як, напрыклад, "выдатны", "цудоўны" цi як там яшчэ? Слова "плюсдобры" найлепшым чынам выказвае патрэбны сэнс, а калi трэба нешта яшчэ мацнейшае, тады падыдзе слова "звышплюсдобры". Вядома, мы ўжо i цяпер ужываем гэтыя формы, але ў канчатковым варыянце навамоўя iншых слоў проста не застанецца. Уся сiстэма значэнняў "добры-дрэнны" будзе прадстаўленая шасцю словамi, а ўрэшце i адным словам. Цi бачыш ты, Ўiнстан, усю прыгажосць гэтай iдэi? Вядома ж, iдэя гэтая належыць Вялiкаму Брату, - дадаў Сайм, падумаўшы.
   На згадку пра Вялiкага Брата твар Ўiнстана на iмгненне асвятлiўся. Але Сайм усё ж адразу заўважыў, што не здолеў захапiць Ўiнстана.
   - Ты не можаш па-сапраўднаму ацанiць навамоўе, Ўiнстан, - сказаў ён амаль са смуткам. - Нават калi ты пiшаш на iм, ты ўсё роўна думаеш на старамоўi. Я чытаў некалькi тваiх артыкулаў, што ты час ад часу пiшаш у "Таймз". Яны вельмi добрыя, але гэта ўсяго толькi пераклады. Ты яшчэ вельмi прывязаны да старамоўя з усiмi яго няяснасцямi i непатрэбнымi адценнямi думкi. Ты яшчэ не адчуў прыгажосцi знiшчэння слоў. Цi ведаеш ты, што навамоўе - адзiная ў свеце мова, дзе колькасць слоў з кожным годам памяншаецца?
   Не, Ўiнстан гэтага не ведаў. Ён усмiхнуўся, паспрабаваўшы паказаць на твары разуменне, але не наважыўся адказаць. Сайм зноў адкусiў кавалак чорнага хлеба, хутка праглынуў i казаў далей:
   - Цi ж ты не бачыш, што мэта навамоўя - скарацiць абсяг дзеяння думкi. Урэшце мы зробiм немагчымым само iснаванне думзлачынстваў, бо проста не будзе слоў, якiмi iх можна будзе выказаць. Кожнае паняцце, якое калi-небудзь трэба будзе выказаць, будзе азначацца толькi адным словам, пры гэтым яго сэнс будзе дакладна акрэслены, а розныя дадатковыя адценнi значэння будуць злiквiдаваныя i забытыя. Сёння, у Адзiнаццатым выданнi мы ўжо недалёкiя ад гэтага. Але працэс увесь час будзе працягвацца, яшчэ доўга нават пасля нашай смерцi. З кожным годам будзе ўсё менш i менш слоў, абсяг свядомасцi будзе ўсё вузейшы i вузейшы. Вядома ж, ужо сёння не iснуе нiякiх падстаў для апраўдання думзлачынстваў. Гэта проста пытанне самадысцыплiны, кантролю рэчаiснасцi. Але ўрэшце i гэта не спатрэбiцца. Рэвалюцыя пераможа канчаткова, калi мы створым дасканалую мову. Навамоўе ёсць Ангсоц, Ангсоц ёсць навамоўе, - дадаў ён з таямнiчым задавальненнем. - Цi задумваўся ты калi над тым, што ў 2050 годзе не застанецца нiводнага чалавека, якi ўвогуле здолеў бы зразумець нашу цяперашнюю размову?
   - Акрамя... - хацеў запярэчыць Ўiнстан, але не скончыў.
   Ён збiраўся сказаць: "Акрамя пролаў", але стрымаўся, бо не быў цалкам упэўнены, што такая заўвага не падасца праявай ненадзейнасцi. Аднак Сайм адгадаў, што ён хацеў сказаць.
   - Пролы - не людзi, - сказаў ён безуважна. - У 2050 годзе, а можа, яшчэ i раней, сапраўднае веданне старамоўя будзе немагчымае. Уся лiтаратура мiнулага будзе знiшчана. Чосэр, Шэкспiр, Мiлтан, Байран будуць iснаваць толькi ў навамоўных перакладах i будуць не проста перакладзеныя, а ператвораныя ў супрацьлегласць таму, чым яны былi. Нават партыйная лiтаратура не пазбегне пераробкi. Нават лозунгi будуць гучаць iнакш. Як, напрыклад, захаваецца лозунг "Свабода гэта рабства", калi само паняцце свабоды будзе злiквiдаванае? Увесь сусвет думкi будзе выглядаць iначай. Увогуле не будзе iснаваць нiякай думкi прынамсi, у тым сэнсе, якi мы цяпер укладаем у гэтае паняцце. Добранадзейнасць значыць нядуманне - адсутнасць патрэбы ў думаннi. Добранадзейнасць у бяздумнасцi.
   Калi-небудзь Сайма выпараць, адчуў Ўiнстан у глыбiнi душы. Ён занадта разумны. Ён бачыць занадта ясна i гаворыць занадта шчыра. Партыi такiя людзi не падабаюцца. Калi-небудзь ён знiкне. Гэта ў яго напiсана на твары.
   Ўiнстан даеў хлеб i сыр. Ён павярнуўся на крэсле трошкi ўбок, каб выпiць каву. За столiкам злева ад яго чалавек з пранiзлiвым голасам працягваў сваю бязлiтасную прамову. Нейкая маладая жанчына, напэўна, яго сакратарка, што сядзела спiнай да Ўiнстана, уважлiва яго слухала i, здавалася, заўзята яго падтрымлiвала. Час ад часу да Ўiнстана даляталi заўвагi накшталт: "Вы маеце рацыю. Я цалкам з вамi згаджаюся", прамоўленыя голасам, якi, вiдаць, належаў маладой i не надта разумнай асобе. Але першы голас не сцiхаў нi на хвiлiну, нават тады, калi гаварыла дзяўчына. Ўiнстан ведаў мужчыну з твару, але ведаў пра яго толькi тое, што ён займае нейкую важную пасаду ў аддзеле мастацкай лiтаратуры. Гэта быў чалавек гадоў трыццацi з мускулiстай шыяй i вялiкiм рухавым ротам. Ягоная галава была трошкi адхiлена назад, ён быў павернуты якраз так, што шкельцы акуляраў адбiвалi святло, i таму Ўiнстан бачыў замест вачэй два пустыя блiскучыя круглячкi. Як нi дзiўна, але было амаль немагчыма зразумець хоць адно слова з таго бурлiвага патоку, што вырываўся з яго рота. Толькi аднаго разу Ўiнстан пачуў больш зразумелы ўрывак: "...поўнае i канчатковае выкараненне гольдштэйнiзму", - вылецела вельмi хутка, адным кавалкам, як нейкае цвёрдае цела. Астатняе было незразумелым краканнем: кра-кра-кра... Аднак, нават не чуючы, што кажа гэты чалавек, можна было не сумнявацца ў змесце яго прамовы. Цi ён цяпер абвiнавачваў Гольдштэйна i патрабаваў больш суровых захадаў супраць думзлачынцаў i сабатажнiкаў, цi ён выкрываў зверствы эўразiйскiх салдатаў, цi ён услаўляў Вялiкага Брата або герояў Малабарскага фронту - гэта было ўжо не так iстотна. Што б ён нi казаў, можна было быць пэўным, што кожнае яго слова слушнае, iдэалагiчна вытрыманае i адпавядае прынцыпам Ангсоцу.
   Пакуль Ўiнстан разглядаў бязвокi твар, нiжняя скiвiца якога хадзiла ўверх i ўнiз, у яго з'явiлася дзiўнае пачуццё, што гэта быў не сапраўды чалавек, а нейкi манекен i што яго прамова нараджалася не ў мазгу, а ў ягонай глотцы. Тое, што пры гэтым чулася, хоць i складалася са слоў, аднак не было чалавечай мовай у сапраўдным сэнсе слова; гэта былi несвядомыя, цалкам аўтаматычна вымаўленыя гукi, падобныя да качынага кракання.
   Сайм на хвiлiну замоўк i пачаў кончыкам лыжкi складаць нейкiя ўзоры з рэштак полiўкi. Голас за суседнiм столiкам не сцiхаў, ён быў добра чутны, нягледзячы на гаману навокал.
   - У навамоўi ёсць адно слова, - сказаў Сайм, - не ведаю, цi ты яго калi чуў: качакрак. Гэта адно з найцiкавейшых слоў, бо мае два супрацьлеглыя значэннi. Ужытае ў дачыненнi да ворага яно з'яўляецца лаянкай; сказанае ж аб некiм, хто падзяляе твае погляды, яно з'яўляецца пахвалой.
   Без сумнення Сайма выпараць, зноў падумаў Ўiнстан з нейкiм шкадаваннем, хоць i ведаў дакладна, што Сайм ставiўся да яго з пагардай i мог бы выдаць яго як думзлачынца, калi б на гэта была хоць якая прычына. Нешта ў Сайма было не ў парадку. Яму нечага бракавала: тактоўнасцi, стрыманасцi, нейкай уратавальнай дурасцi. Яго нельга было назваць нядобранадзейным. Ён верыў у прынцыпы Ангсоцу, паважаў Вялiкага Брата, радаваўся перамогам, ненавiдзеў адступнiкаў не толькi з пераканання, зацята i непахiсна, але i свядома, з пранiкнёнасцю, якой бракуе звычайным сябрам Партыi. I ўсё ж было ў iм штосьцi, што выклiкала падазрэннi. Ён казаў такое, чаго лепей было б не казаць. Ён прачытаў зашмат кнiг i быў сталы наведнiк кавярнi "Каштан", улюбёнага прыстанiшча мастакоў i музыкантаў. Не было такога закона, нават неафiцыйнага, якi б забараняў наведваць гэтую кавярню, i ўсё ж гэтая ўстанова мела благую славу. Старыя партыйныя дзеячы, што страцiлi ласку ў кiраўнiцтва, часта наведвалi гэтую кавярню, перш чым знiкалi назаўсёды. Казалi нават, што самога Гольдштэйна бачылi тут часам некалькi гадоў цi дзесяцiгоддзяў таму. Лёс Сайма было няцяжка прадбачыць. I, аднак, не было нiякага сумнення, што Сайм, калi б ён хоць на хвiлiнку даведаўся пра патаемныя намеры Ўiнстана, адразу выдаў бы яго Палiцыi Думак. Магчыма, што гэта зрабiў бы i любы iншы, але Сайм хутчэй за ўсiх. Заўзятай адданасцi на гэта было недастаткова. Добранадзейнасць была ў бяздумнасцi.
   Сайм падняў вочы. "Сюды iдзе Парсанс", - сказаў ён.
   Ён сказаў гэта такiм тонам, што, здавалася, у думках ён дадаў: "Гэты iдыёт". I сапраўды, Парсанс, сусед Ўiнстана ў дамовым блоку "Перамога", прабiваўся скрозь натоўп - тоўсценькi невялiчкi чалавек з бялявымi валасамi i жабiным тварам. У свае трыццаць пяць гадоў ён меў ужо ладны трыбух, але быў яшчэ рухавы i маладжавы. Усiм сваiм выглядам ён нагадваў хлопца-пераростка, ды так моцна, што, нягледзячы на яго цяперашнi камбiнезон, яго цяжка было ўявiць iнакш, як у кароткiх сiнiх шортах, шэрай кашулi i з чырвоным шпiёнскiм гальштукам. Калi спрабуеш уявiць яго, адразу бачыш голыя каленкi i пухленькiя ручкi з закасанымi рукавамi. Як толькi выпадала найменшая нагода, накшталт калектыўнай вандроўкi або нейкай iншай формы фiзiчных практыкаванняў, ён заўсёды надзяваў шорты. Ён бадзёра прывiтаўся i сеў за стол, пры гэтым адразу пачуўся моцны пах поту. Кропелькi поту спрэс пакрывалi яго ружовы твар. Яго здольнасць пацець была неверагодная. У Доме Культуры заўсёды можна было вызначыць па вiльготнай ручцы ракеткi, што Парсанс толькi што гуляў у настольны тэнiс. Сайм дастаў шматок паперы, на якiм была напiсаная доўгая калонка слоў, i пачаў уважлiва iх вывучаць, трымаючы ў руцэ чарнакрэс.
   - Паглядзiце, як ён працуе пад час перапынку! - сказаў Парсанс i штурхнуў Ўiнстана ў бок. - Вось гэта стараннасць! Што ў вас там, стары? Напэўна, штосьцi занадта мудрагелiстае для мяне. Смiт, стары, зараз я вам скажу, чаму я вас шукаю. Гэта наконт складкi, што вы мне яшчэ не здалi.
   - Што за складка? - спытаўся Ўiнстан i аўтаматычным рухам намацаў у кiшэнi грошы. Амаль чвэрць яго заробку iшла на розныя добраахвотныя складкi, якiх было так шмат, што цяжка было iх усе запомнiць.
   - На Тыдзень Нянавiсцi. Ну, вы ж ведаеце, збор складак па кватэрах. Я адказны за наш блок. Мы ўжо шчыруем, як можам, будзе нешта грандыёзнае. Магу сказаць, што я буду не я, калi наш стары добры блок "Перамога" не вывесiць найпрыгажэйшых у горадзе сцягоў. Вы абяцалi мне два даляры.
   Ўiнстан выцягнуў з кiшэнi дзве тлуста-брудныя паперкi i перадаў iх Парсансу, якi адзначыў прынятую складку ў маленькiм нататнiку старанным почыркам малапiсьменнага чалавека.
   - Дарэчы, стары, - сказаў ён, - я чуў, што мой падшыванец стрэлiў у вас учора з рагаткi. Я за гэта добра яго адлупцаваў i сказаў, што, калi такое паўторыцца, я адбяру ў яго рагатку.
   - Ён проста быў не ў гуморы, бо яму не дазволiлi пайсцi на павешанне, сказаў Ўiнстан.
   - Ну, нiчога, але ж якi ў яго добры кiрунак думкi, вам не здаецца? Хай мае малыя трошкi i гарэзныя, але ж заўзятасцi iм не бракуе! У iх у галаве толькi iхнiя шпiёнскiя справы, ну i, вядома, вайна. Ведаеце, што зрабiла ў тую суботу мая дачушка, калi яе атрад хадзiў у вандроўку ў Бэркхэмстэд? Яна i яшчэ дзве дзяўчынкi цiшком уцяклi ад астатнiх i ўвесь вечар iшлi след у след за нейкiм падазроным чалавекам. Яны iшлi гэтак дзве гадзiны, па самай лясной гушчэчы, i калi прыйшлi ў Эмэрсхэм, здалi яго палiцэйскаму патрулю.
   - Чаму яны гэтак зрабiлi? - спытаўся ўражаны Ўiнстан.
   Парсанс урачыста працягваў:
   - Майму дзiцяцi здалося, што той быў нiбыта накшталт варожага агента яго, напрыклад, маглi скiнуць з парашутам. Але што самае галоўнае, стары, што ёй перш за ўсё кiнулася ў вочы? Яна заўважыла, што ў яго былi нейкiя дзiўныя чаравiкi - яна сказала, што раней нiколi не бачыла, каб такiя хто насiў. Тады яна падумала, што гэта быў нейкi замежнiк. Разумная галоўка як на сямiгадовую смаркачку, га?
   - Што сталася з тым чалавекам? - пацiкавiўся Ўiнстан.
   - Ну, гэта я ўжо, напэўна, не здолею сказаць. Але я б не здзiвiўся, калi б... - Парсанс паказаў з пальцаў пiсталет i ляснуў языком, падрабляючы гук стрэлу.
   - Добра, - сказаў няўважна Сайм, не паднiмаючы вачэй з паперы.
   - Вядома, мы не павiнны рызыкаваць, - паслухмяна згадзiўся Ўiнстан.
   - Урэшце, цяпер усё ж iдзе вайна, - адказаў Парсанс.
   Быццам пацвярджаючы яго словы, з тэлегляда, што вiсеў якраз над iмi, грымнулi фанфары. Гэтым разам, аднак, перадавалася не паведамленне пра перамогу на фронце, а ўсяго толькi абвестка Мiнiстэрства Дастатку.
   - Таварышы! - закрычаў з запалам маладжавы голас. - Увага, таварышы! Мы маем для вас вельмi добрую навiну. Мы перамаглi ў працоўнай бiтве! Апошнiя афiцыйныя справаздачы пра вытворчасць тавараў народнага спажывання ўсiх катэгорый паказваюць, што ўзровень жыцця ў параўнаннi з мiнулым годам павысiўся не менш чым на дваццаць адсоткаў. Ва ўсёй Акiянii сёння ранiцай адбылiся стыхiйныя дэманстрацыi, пад час якiх працоўныя прадпрыемстваў i ўстановаў маршыравалi са сцягамi па вулiцах, каб выказаць удзячнасць Вялiкаму Брату за новае шчаслiвае жыццё, якiм надарыла нас яго мудрае кiраўнiцтва. А зараз паслухайце ўдакладненыя лiчбы: харчовыя прадукты...
   Словы "наша новае шчаслiвае жыццё" былi паўтораны некалькi разоў. Апошнiм часам яны сталi ўлюбёным выразам Мiнiстэрства Дастатку. Парсанс, увага якога была абуджана фанфарамi, слухаў з нейкай здзiўленай урачыстасцю, нейкай павучальнай нудлiвасцю. Ён не мог сачыць за лiчбамi, але быў упэўнены, што яны нейкiм чынам давалi падставу для задавальнення. Ён дастаў вялiкую брудную люльку з напалову скураным тытунём. З нормай тытуню сто грамаў на тыдзень рэдка можна было напоўнiць люльку да краёў. Ўiнстан палiў цыгарэту "Перамога", старанна трымаючы яе гарызантальна. Наступная раздача была толькi заўтра, а ў яго заставалася толькi чатыры цыгарэты. На хвiлiнку ён адключыўся ад гаманы ў зале i прыслухаўся да патоку слоў, што валiў з тэлегляда. Як выявiлася, адбылiся нават дэманстрацыi, каб падзякаваць Вялiкаму Брату за павышэнне нормы шакаладу да дваццацi грамаў на тыдзень. Але ж толькi ўчора, як ён памятаў, было паведамлена, што норма скарачаецца да дваццацi грамаў. Цi магчыма, каб прайшло ўсяго толькi дваццаць чатыры гадзiны, а народ ужо праглынуў гэтую хлусню? Так, яны праглынулi. Парсанс праглынуў лёгка, з дурасцю жывёлiны. Бязвокае стварэнне за суседнiм столiкам праглынула фанатычна, з запалам, з шалёным жаданнем знайсцi, выкрыць i выпарыць таго, хто наважыцца сцвярджаць, што на тым тыднi норма складала трыццаць грамаў. Сайм таксама праглынуў, але, вядома ж, больш складаным чынам, не без прысутнасцi двухдумства. Значыць, ён, Ўiнстан, быў адзiны, хто яшчэ меў памяць?
   А казачныя лiчбы ўсё яшчэ гучалi з тэлегляда. У параўнаннi з мiнулым годам было болей ежы, болей адзення,болей дамоў, болей мэблi, болей посуду,болей палiва, болей караблёў, болей верталётаў, болей кнiг, болей дзяцей - болей усяго, акрамя хвароб, злачынстваў i вар'яцтваў. Штогод, штохвiлiны ўсё навокал перажывала бурны росквiт. Як i Сайм, Ўiнстан цяпер узброiўся лыжкай i вырабляў з рэштак полiўкi на стале разнастайныя ўзоры. Ён з прыкрасцю разважаў пра фiзiчныя асаблiвасцi жыцця. Цi заўсёды яно было такое? Цi заўсёды ежа здавалася яму такой смачнай? Ён агледзеў сталоўку. Нiзкая столь, напханая да берагоў зала, сцены, брудныя ад незлiчоных дотыкаў. Паўгiнаныя металiчныя сталы i крэслы, так цесна папрытыканыя адно да аднаго, што седзячы можна было дакрануцца локцем да суседа. Пагнутыя лыжкi, мiсы са шчарбатымi краямi, вялiкiя белыя кубкi, блiскучыя ад тлушчу, бруд куды нi глянь. I над усiм гэтым кiслы смурод ад дрэннага джыну, ад нiзкаякаснай кавы, ад полiўкi з металiчным прысмакам i ад бруднага адзення. I ўвесь час у страўнiку i на скуры адчуванне гiдкасцi, нiбы нейкi пратэст, пачуццё, быццам цябе ашукалi з тым, на што ты меў права. I, аднак, яго памяць не захавала нiчога iншага. Наколькi ёя помнiў, ежы не хапала нiколi, шкарпэткi i споднiкi ў людзей заўсёды былi ў дзiрках, мэбля заўсёды была паламаная i нетрывалая, кватэры недастаткова ацяплялiся, у метро было не ўбiцца, дамы развальвалiся, хлеб быў толькi чорны, гарбата была рэдкасцю, кава смярдзела, цыгарэт было замала. Усё было дарагое, усяго не хапала, удосталь было толькi сiнтэтычнага джыну. I хоць з гадамi ўсё навокал горшала, гэта нiкому не здавалася ненатуральным; не здавалася ненармальным, што ўвесь час балiць сэрца ад няўтульнасцi i бруду, недахопу тавараў, бясконцых зiм, дзiравых шкарпэтак, заўсёды сапсаваных лiфтаў, сцюдзёнай вады, пясочнага мыла, пакрышаных цыгарэт, штучных харчовых прадуктаў з падазроным смакам. Чаму нясцерпнасць усяго гэтага мог адчуць толькi той, хто захаваў нешта накшталт памяцi продкаў пра тое, што калiсьцi ўсё было зусiм iнакшае?
   Ён яшчэ раз агледзеў сталоўку. Амаль усе людзi навокал былi брыдкiя i засталiся б брыдкiмi i тады, калi б насiлi не аднолькавыя сiнiя камбiнезоны, а нешта iншае. У дальнiм канцы залы сядзеў адзiн за столiкам маленькi, надзiва падобны да жука чалавек, i пiў каву, пры гэтым яго вочкi недаверлiва зiркалi то ў адзiн, то ў другi бок. Як лёгка можна было паверыць, калi толькi не глядзець вакол сябе, што абвешчаны Партыяй фiзiчны iдэал - высокiя дужыя хлопцы i паўнагрудыя дзяўчаты, бялявыя, жыццярадасныя, загарэлыя i бесклапотныя - сапраўды iснаваў i нават пераважаў. У сапраўднасцi ж, наколькi можна было меркаваць, большасць людзей ва Ўзлётна-пасадачнай паласе No.1 былi маленькiя, чарнявыя i брыдкiя. Было дзiўна, як гэты жукападобны тып шырока распаўсюдзiўся ў Мiнiстэрствах: маленькiя каржакаватыя людзi, што ўжо ў дзяцiнстве былi тоўстыя, з кароткiмi нагамi, рэдкiмi нервовымi рухамi i азызлымi абыякавымi тварамi з вельмi маленькiмi вачыма. Здавалася, што пад панаваннем Партыi гэты тып людзей дасягаў усё большага росквiту.