Уласна кажучы, гэтая гiсторыя сягае пачаткамi ў сярэдзiну 60-х гадоў, час вялiкiх чыстак, калi былыя правадыры Рэвалюцыi раз i назаўсёды былi злiквiдаваныя. Недзе каля 1970 года нiкога з iх ужо не засталося, акрамя самога Вялiкага Брата. Усе астатнiя былi тым часам выкрытыя як здраднiкi i контррэвалюцыянеры. Гольдштэйн паспеў уцячы i недзе схаваўся, з iншых некаторыя проста знiклi, а большасць была пакараная смерцю пасля сенсацыйных паказальных працэсаў, дзе яны прызналiся ў сваiх злачынствах. Сярод апошнiх ацалелых былi тры чалавекi - Джоўнз, Эрансан i Радэрфорд. Каля 1965 года гэтых трох таксама арыштавалi. Як часта здаралася, яны знiклi на нейкi год цi болей, так, што было невядома, цi яны яшчэ жылi, а тады зноў нечакана з'явiлiся i, як звычайна, выступiлi з самаабвiнавачаннямi. Яны прызналi сябе вiнаватымi ў змове з ворагам (тады таксама ворагам была Эўразiя), у растраце грамадскiх грошай, у забойстве некаторых старых сябраў Партыi, у змове супраць Вялiкага Брата, якую яны рыхтавалi яшчэ задоўга да Рэвалюцыi, i ўрэшце ў актах сабатажу, якiя пацягнулi за сабой смерць сотняў тысяч людзей. Пасля гэткiх прызнанняў iм даравалi вiну, аднавiлi ў Партыi i даверылi пасады з гучнымi назвамi, якiя ў сапраўднасцi былi толькi сiнекурай. Усе трое надрукавалi ў "Таймз" аб'ёмныя нiзкапаклонныя артыкулы, дзе падрабязна тлумачылi прычыны сваёй здрады i абяцалi выправiцца.
   Праз нейкi час пасля iх вызвалення Ўiнстан нават сустрэў усiх трох у кавярнi "Каштан". Ён памятаў тое пачуццё страху i захаплення, з якiм ён скоса на iх пазiраў. Яны былi значна старэйшыя за яго, гэтыя рэшткi мiнулага свету, амаль апошнiя вялiкiя постацi з гераiчных часоў нараджэння Партыi. Вакол iх яшчэ трымаўся арэол герояў падпольнага руху i грамадзянскай вайны. У яго з'явiлася пачуццё - хоць ужо i тады пачалi блытацца факты i даты, - што ён ведаў iх iмёны яшчэ раней за iмя Вялiкага Брата. Але ў той самы час яны былi адрынутыя, ворагi Партыi, якiм з абсалютнай пэўнасцю праз год або два пагражала знiшчэнне. Нiводнаму чалавеку, якi хоць раз трапляў у рукi Палiцыi Думак, не ўдавалася выбавiцца ад яе назаўсёды. Яны былi жывыя мерцвякi, што чакалi часу, каб сысцi ў магiлу.
   Усе столiкi побач з iмi былi пустыя. Было б вялiкай неасцярожнасцю сесцi блiзка да такiх людзей. Яны сядзелi моўчкi, перад iмi стаялi шклянкi з джынам, прыпраўленым гваздзiкай - гэта быў фiрменны напой кавярнi. Найбольшае ўражанне зрабiў на Ўiнстана выгляд Радэрфорда. Раней Радэрфорд быў вядомым карыкатурыстам, яго бязлiтасныя малюнкi да Рэвалюцыi i пад час яе спрыялi актывiзацыi грамадскай думкi. Нават яшчэ i цяпер у "Таймз" часам з'яўлялiся яго карыкатуры. Але яны былi толькi iмiтацыяй яго ранейшай манеры i заставалiся надзiва нежывымi i непераканаўчымi. Гэта было вечнае перабiранне старых тэм: убогiя кватэры, галодныя дзецi, вулiчныя бойкi, капiталiсты ў цылiндрах - нават на барыкадах капiталiсты чаплялiся за свае цылiндры, бясконцыя безнадзейныя спробы зноў аджывiць мiнулае. Гэта быў нязграбны высокi чалавек з тлустымi сiвымi валасамi, прышчавым азызлым тварам i тоўстымi, як у мурына, губамi. Напэўна, некалi ён быў страшэнна дужы; цяпер жа яго цяжкае цела было сагнутае, разбiтае, распоўзлае. Здавалася, што ён рассыпаецца на вачах, як гара пяску.
   А пятнаццатай гадзiне паўсюль было цiха. Ўiнстан ужо не мог згадаць, чаму ён прыйшоў у кавярню менавiта ў гэты час. Зала была амаль пустая. З тэлеглядаў лiлася духавая музыка. Тыя трое сядзелi амаль нерухома ў сваiм куце i маўчалi. Без нiякiх замоваў афiцыянт прыносiў шклянкi з джынам. Побач з iмi на стале стаяла шахматная дошка з расстаўленымi фiгурамi, але нiхто з трох не гуляў. I тады адбылося нешта незвычайнае з тэлеглядамi - цягнулася гэта не болей за паўхвiлiны. Нешта зрабiлася з музыкай - змянiлася не толькi мелодыя, але i тэмбр. У яе быццам нешта ўлезла - але цяжка было апiсаць, што гэта было. Нейкiя дзiўныя, рэзкiя, пранiзлiвыя, з'едлiвыя ноты. I тады голас з тэлегляда заспяваў старую песню:
   Там, пад раскiдзiстым каштанам,
   Ты здрадзiў мне, а я табе.
   Мы i яны жылi з маны
   Там, пад раскiдзiстым каштанам.
   Нiхто з трох не варухнуўся. Але калi Ўiнстан употай глянуў на старэчы твар Радэрфорда, ён убачыў, што яго вочы былi поўныя слёз. I тады ён упершыню заўважыў - i нешта ўнутры яго здрыганулася, - што i ў Эрансана, i ў Радэрфорда былi перабiтыя насы.
   У хуткiм часе пасля гэтага ўсiх трох зноў арыштавалi. Выявiлася, што з моманту iх вызвалення яны пачалi рыхтаваць новыя падкопы. Пад час свайго другога працэсу яны прызналiся яшчэ раз у сваiх старых злачынствах, а таксама ў цэлым шэрагу новых. Яны былi пакараныя смерцю, а iх лёс як папярэджанне наступным пакаленням быў занесены ў партыйныя аналы. Гадоў праз пяць пасля гэтага, у 1973 годзе, калi Ўiнстан аднойчы разгарнуў скрутак дакументаў, што выпаў з трубкi пнеўматычнай пошты на яго пiсьмовы стол, ён наткнуўся на выразку з газеты, якая, вiдаць, згубiлася мiж iншых папер i была забытая. Разгледзеўшы яе, ён адразу зразумеў, што яна значыла. Гэта была палова старонкi, выдраная з "Таймз" прыблiзна дзесяцiгадовай даўнасцi - верхняя палова старонкi, нават дата была вiдна - на ёй быў здымак дэлегатаў на нейкiм партыйным мерапрыемстве ў Ню-Ёрку. У цэнтры групы выразна вылучалiся Джоўнз, Эрансан i Радэрфорд. Iх было лёгка пазнаць, тым болей што iх iмёны стаялi ў подпiсе пад здымкам.
   Самае цiкавае было тое, што на абодвух працэсах усе трое сцвярджалi, што былi якраз у гэты час на эўразiйскай тэрыторыi. З патаемнага лётнiшча ў Канадзе яны вылецелi на сустрэчу, што мусiла адбыцца недзе ў Сiбiры, правялi нараду з сябрамi Эўразiйскага Генеральнага Штаба i выдалi iм важныя ваенныя сакрэты. Дата выразна адбiлася ў памяцi Ўiнстана, бо выпадкова супала з днём сонцавароту. Але гэта можна было праверыць па шматлiкiх iншых крынiцах. Заставалася толькi адна магчымая выснова: прызнаннi былi хлуснёй.
   Вядома, само па сабе гэта не было нейкае адкрыццё. Нават тады Ўiнстан нi на хвiлiну не верыў, што пакараныя ў вынiку чыстак людзi сапраўды ўчынiлi злачынствы, у якiх iх абвiнавацiлi. Тут жа гаворка iшла пра вiдавочны доказ; ён трымаў у руках кавалак выкараненага мiнулага, як нейкую скамянелую костку, што трапiлася не ва ўласцiвым земляным пласце i таму абвяргала пэўную геалагiчную тэорыю. Калi б нейкiм чынам можна было апублiкаваць гэты дакумент i растлумачыць яго значэнне, гэтага б хапiла, каб разбiць Партыю на кавалачкi.
   Ён спакойна працаваў далей. Як толькi ён убачыў здымак i зразумеў, што гэта значыла, ён накрыў выразку аркушам паперы. На шчасце, калi Ўiнстан разгарнуў выразку, яна была павернутая другiм бокам да тэлегляда.
   Ён паклаў папку з паперамi на каленi i адсунуў крэсла назад, каб як мага болей аддалiцца ад тэлегляда. Захоўваць безуважны выраз твару было няцяжка, а адпаведным напружаннем волi можна было нават кантраляваць дыханне; але немагчыма было кантраляваць бiццё сэрца, а тэлегляд быў дастаткова адчувальны, каб гэта заўважыць. Прайшло, паводле яго падлiкаў, хвiлiн дзесяць, увесь гэты час яго мучыў страх, бо любы выпадак - напрыклад, нечаканы павеў ветру над сталом - мог бы яго выдаць. I толькi тады ён, нават не здымаючы аркуша, кiнуў выцiнку разам з iншым папяровым смеццем у дзiру памяцi. Праз хвiлiну яна ўжо напэўна ператварылася ў попел.
   Гэта адбылося дзесяць-адзiнаццаць гадоў таму. Сёння ён, можа, i захаваў бы той здымак. Было дзiўна, што сам факт трымання яго ў руках яшчэ i сёння меў для яго значэнне, хоць i сам здымак, i падзея, якую ён адлюстроўваў, так далёка адстаялi ў часе. Цi ўлада Партыi над мiнулым не меншала, пытаўся ён у сябе, калi нейкi маленькi доказ, якi ўжо болей не iснаваў, прынамсi, некалi ўсё ж iснаваў?
   Аднак сёння той здымак, нават калi б яго можна было аднавiць з попелу, напэўна ўжо не мог быць нiякiм доказам. Ужо тады, калi ён яго знайшоў, Акiянiя болей не ваявала з Эўразiяй, i такiм чынам усе тры забiтыя мусiлi б здрадзiць сваёй Бацькаўшчыне на карысць агентаў Усходазii. З таго часу стан рэчаў мяняўся ўжо колькi разоў, два цi тры, ён ужо не памятаў дакладна. Зусiм верагодна, што iх прызнаннi былi ўжо не раз перапiсаныя, аж пакуль першапачатковыя факты i даты перасталi мець найменшае значэнне. Мiнулае не проста зменьвалася, яно зменьвалася бесперапынна. Найболей, як нейкi кашмарны сон, яго прыгнятала тое, што ён нiколi не мог да канца ўсвядомiць, нашто ўвогуле рабiлася ўся гэтая велiзарная хлусня. Непасрэдная карысць фальшавання мiнулага была вiдавочная, але галоўная, асноўная прычына заставалася таямнiцай. Ён зноў узяў пяро i напiсаў:
   Я разумею ЯК, я не разумею ЧАМУ.
   Ён усё часцей пытаўся ў сябе, цi ён не звар'яцеў. Можа, вар'яты былi меншасцю, што складалася толькi з аднаго чалавека. Некалi знакам вар'яцтва было лiчыць, што Зямля круцiцца вакол Сонца, сёння ж лiчылася вар'яцтвам верыць, што мiнулае нязменнае. Можа, ён быў адзiны, хто ў гэта верыў, калi ж ён быў адзiны, дык ён i быў вар'ятам. Але думка пра тое, што, можа, ён вар'ят, непакоiла яго значна меней, чым боязь, што, можа, ён не мае рацыi.
   Ён узяў у рукi падручнiк гiсторыi для дзяцей i пачаў разглядаць партрэт Вялiкага Брата на тытульным аркушы. Гiпнатычныя вочы нязводна глядзелi ў вочы Ўiнстана. Яго быццам прыгнятала нейкая гвалтоўная сiла, нешта ўваходзiла ў яго чэрап, свiдравала мозг, выганяла ўласныя перакананнi, амаль вымушала не давяраць болей сведчанням сваiх пачуццяў. Урэшце Партыя калi-небудзь абвесцiць, што двойчы два ёсць пяць, i ў гэта трэба будзе верыць. Раней цi пазней яны непазбежна гэта сцвердзяць: гэтага патрабавала ўся логiка iх пазiцыi. Партыйнай фiласофiяй практычна адмаўлялася не толькi вартасць практычнага досведу людзей, але ўвогуле наяўнасць дадзенай рэчаiснасцi. Найвялiкшай ерассю быў здаровы людскi розум. I самым жахлiвым было не тое, што яны забiвалi таго, хто думаў iнакш, а тое, што яны маглi мець рацыю. Бо сапраўды, цi можам мы быць пэўныя, што двойчы два чатыры? Або што закон прыцягнення слушны? Або што мiнулае нязменнае? Калi i мiнулае, i навакольны свет iснуюць толькi ў нашым уяўленнi, а само ўяўленне знаходзiцца пад пiльным кантролем - што тады?
   Але ж не! Яго адвага, здавалася, узмоцнiлася сама па сабе. Ён мiжволi згадаў твар О'Браэна. З яшчэ большай пэўнасцю, чым раней, ён ведаў, што О'Браэн быў на яго баку. Ён пiсаў дзённiк для О'Браэна - ён пiсаў яго О'Браэну; гэта быў нiбы бясконцы лiст, якi нiхто нiколi не прачытае, якi, аднак, адрасаваны пэўнаму чалавеку i напiсаны з думкай пра яго.
   Партыя патрабавала не верыць сваiм вачам i вушам. Гэта было яе галоўнае, самае iстотнае патрабаванне. Адвага пакiдала Ўiнстана, калi ён думаў пра гэтую велiзарную моц, што была нацэлена супраць яго, пра лёгкасць, з якой любы партыйны iнтэлектуал пад час якой-небудзь спрэчкi мог абвергнуць усе яго доказы, пра тыя мудрагелiстыя аргументы, якiя ён не здолеў бы нават зразумець, не тое што аспрэчыць. I ўсё ж ён меў рацыю! Не яны, а ён меў рацыю! Вiдавочнае, простае i сапраўднае неабходна абараняць. Элементарныя iсцiны сапраўдныя, за гэта ён мусiў трымацца! Матэрыяльны свет iснуе, i яго законы не мяняюцца. Камянi цвёрдыя, вада мокрая, кожны прадмет, выпушчаны з рук, падае ў кiрунку цэнтра Зямлi. Нiбы размаўляючы з О'Браэнам i высоўваючы нейкi важны закон, ён напiсаў:
   Свабода - гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры. Як толькi гэта будзе гарантавана, усё астатняе прыйдзе само па сабе.
   8
   Недзе з дна праходу пацягнула водарам смажанай кавы - сапраўднай кавы, не кавы "Перамога". Ўiнстан мiмаволi спынiўся. На нейкiя пару iмгненняў ён зноў апынуўся ў паўзабытым свеце дзяцiнства. Але раптам дзверы зачынiлiся, i водар абарваўся, так хутка i раптоўна, як спыненая на паўслове песня. Ён прайшоў некалькi кiламетраў па тратуары, i язва не давала яму спакою. Ужо другi раз за тры тыднi ён прапусцiў вечар у Доме Культуры: рызыкоўная неабачлiвасць, бо без нiякага сумнення ў Доме Культуры старанна адзначалася колькасць наведванняў. У прынцыпе, у сябры Партыi не было вольнага часу, i ён нiколi не быў адзiн, калi толькi не ў ложку. Меркавалася, што, калi ён не працуе, не есць або не спiць, ён мусiць браць удзел у якiм-небудзь мерапрыемстве калектыўнага адпачынку, i рабiць нешта такое, што магло б выдаць схiльнасць да адзiноты, хоць бы проста гуляць аднаму, было заўсёды трошкi небяспечна. У навамоўi iснавала слова самажыт, якое азначала iндывiдуалiзм i дзiвацтва. Але тым вечарам, калi ён выйшаў з Мiнiстэрства, пяшчотнасць красавiцкага паветра спакусiла яго. Неба ўпершыню за той год свяцiлася нейкiм цёплым блакiтам, i раптам доўгi, тлумны вечар у Доме Культуры, нудныя ўтомныя гульнi, лекцыi, балбатлiвае, падагрэтае джынам сяброўства здалiся яму невыноснымi. У нейкiм раптоўным парыве ён павярнуў ад аўтобуснага прыпынку ў другi бок i згубiўся ў лабiрынце лонданскiх вулак; спачатку ён пайшоў на поўдзень, пасля на ўсход, пасля на поўнач. Ён блукаў незнаёмымi вулiцамi, не зважаючы на напрамак.
   "Калi ёсць надзея, - напiсаў ён калiсьцi ў дзённiку, - дык толькi сярод пролаў". Гэтыя словы не выходзiлi з галавы, яны былi нiбы сцверджаннем таямнiчае iсцiны i вiдавочнае бязглуздзiцы. Ён быў у нейкiм закiнутым брудным жабрацкiм квартале на паўночны ўсход ад колiшняга вакзала Сэйнт-Пэнкрас i iшоў па брукаванай вулiцы з маленькiмi двухпавярховымi дамкамi паабапал, перакошаныя дзверы якiх адчынялiся адразу на брук. Дамкi гэтыя моцна нагадвалi пацучыныя норы. Сям-там мiж брыламi бруку стаялi брудныя лужыны. З цёмных брам дамоў i з завулкаў, што з абодвух бакоў выходзiлi на вулiцу, цёк туды i сюды незлiчоны натоўп людзей - пышныя дзяўчаты з густа нафарбаванымi вуснамi, маладыя хлопцы, што цягнулiся за iмi, i азызлыя нязграбныя кабеты, што паказвалi сабой, як будуць выглядаць праз дзесяць гадоў тыя дзяўчаты; апроч iх старыя сагнутыя стварэннi, што няспешна шоргалi па вулiцы, i занядбаныя босыя дзецi, што гулялi ў лужынах i iмгненна разбягалiся, як толькi чулiся раз'юшаныя крыкi iх матак. Амаль чвэрць вокнаў на вулiцы павыбiваныя, замест шыбаў дошкi. Большасць людзей зусiм не зважала на Ўiнстана, толькi некаторыя паглядвалi на яго з асцярожнай цiкаўнасцю. Праходзячы мiма дзвюх вялiзных кабецiн, што стаялi пад брамай аднаго дома, склаўшы пад фартухамi свае цагельна-чырвоныя рукi, i пляткарылi, Ўiнстан пачуў урыўкi размовы:
   - Так, кажу я ёй, ну добра, хай ужо так, кажу. Але калi б вы былi на маiм месцы, вы б зрабiлi тое самае, што зрабiла я. Ганiць лёгка, кажу, але ў вас няма гэткага клопату, як у мяне.
   - Во i праўда, - адказала другая, - а як жа ж, так i ёсць.
   Пранiзлiвыя галасы раптам сцiхлi. Жанчыны разглядалi яго з варожым маўчаннем, пакуль ён не прайшоў. Уласна кажучы, гэта была нават не варожасць, а толькi нешта накшталт асцярожнасцi, хвiлiнная напружанасць, як пры сустрэчы з невядомым зверам. Сiнi камбiнезон сябры Партыi мог на гэтай вулiцы выглядаць незвычайна. Папраўдзе, было неразумна без пiльнай патрэбы паказвацца ў гэткiм месцы. Калi б выпадкам надарыўся патруль, ён мог бы затрымаць. "Вашыя дакументы, таварыш? Што вы тут робiце? Калi вы выйшлi з працы? Цi заўсёды вы ходзiце дадому гэтай дарогай?" I гэтак далей, i гэтак далей. Хоць i не было нiякага закону, якi забараняў бы iсцi дадому iнакш, чым звычайнай дарогай, але калi б Палiцыя Думак пра гэта даведалася, гэтага было б дастаткова, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.
   Раптам уся вулiца ўспудзiлася. Адусюль пачалi даносiцца засцярожлiвыя крыкi. Людзi, нiбы трусы, заскоквалi ў дзверы. Проста перад Ўiнстанам нейкая маладая жанчына вылецела з дому, схапiла маленькага хлопчыка, што гуляў у лужыне, загарнула яго ў фартух i скочыла назад у дом, i ўсё гэта адзiным рухам. У той самы момант з бакавога завулка проста на Ўiнстана выскачыў чалавек у чорным гарнiтуры i ўзрушана паказаў пальцам угору.
   - Паравiк! - закрычаў ён. - Паберажыся, спадар! Зараз як лясне! Уцякай хутчэй!
   "Паравiк" - гэтым словам пролы чамусьцi называлi ракетныя бомбы. Ўiнстан адразу ўпаў нiцма. Пролы амаль нiколi не памылялiся ў сваiх прагнозах. Здавалася, у iх быў нейкi iнстынкт, якi папярэджваў iх за некалькi секунд, што наблiжаецца ракетная бомба, хоць самi бомбы даляталi хутчэй, чым iх гук. Ўiнстан закрыў галаву рукамi. Пачуўся страшэнны трэск, здалося, што брук раскалоўся, i цэлы град лёгкiх прадметаў пасыпаўся на спiну Ўiнстану. Калi ён падняўся, ён убачыў, што ўвесь абсыпаны асколкамi шкла з блiжэйшых вокнаў.
   Ён пайшоў далей. Бомба разбурыла купку дамоў за дзвесце метраў вышэй па вулiцы. Чорны слуп дыму ўзнiмаўся ў неба, пад iм стаяла воблака пылу ад тынку. Вакол руiнаў ужо сабралася гурма людзей. Перад iм на бруку ляжала кучка тынку, у сярэдзiне якой вiднелася пунсовая ручаiнка. Калi ён падышоў блiжэй, ён заўважыў, што гэта адарваная да запясця чалавечая рука. Уся кроў з рукi выцекла, i яна нагадвала гiпсавы злепак.
   Ён адкiнуў руку нагой у канаву i павярнуў направа ў завулак, каб абмiнуць натоўп. Праз тры-чатыры хвiлiны ён пакiнуў раён выбуху за сабою, тут бруднае капашлiвае жыццё працягвалася, быццам нiчога асаблiвага не адбылося. Было ўжо амаль дваццаць гадзiн, i ўсе пролаўскiя пiтныя крамы ("пабы", як яны iх называлi) былi перапоўненыя. Праз брудныя закураныя дзверы, што без супыну адчынялiся i зачынялiся, даносiўся пах мачы, пiлавiння i кiслага пiва. У кутку за выступам фасада стаялi ўсутыч адзiн да аднаго тры чалавекi, i той, што стаяў пасярэдзiне, трымаў у руцэ разгорнутую газету, а два астатнiя глядзелi яму цераз плячо. Яшчэ перад тым, як падысцi дастаткова блiзка, каб убачыць выразы iх твараў, Ўiнстан заўважыў засяроджанасць у iх паставе. Вiдаць, яны чыталi нейкае надзвычай важнае паведамленне. Ён мiнуў iх i не паспеў прайсцi пары крокаў, як група раптоўна распалася, i двое з iх пачалi злосна сварыцца. На нейкi момант здалося, что зараз пачнецца бойка.
   - Расчынi свае вушы, калi я табе што кажу! Нiводзiн нумар на сем не выйграў нi разу за апошнiя чатырнаццаць месяцаў.
   - Ды далiбог, выйграваў!
   - Ну што ты мне кажаш! Я запiсваў два гады на паперку. Я заўсёды запiсваю ўсе вынiкi. Кажу табе, нiводзiн нумар, што канчаецца на сем...
   - А я кажу, нумар на сем выйграваў! Я магу табе дакладна сказаць нумар, канчалася на 4, 0, 7. Гэта было ў лютым, другi тыдзень лютага.
   - Сам ты люты! У мяне ўсё запiсана. Кажу табе...
   - Заткнiся! - сказаў трэцi.
   Яны гаварылi пра Латарэю. Прайшоўшы трыццаць метраў, Ўiнстан азiрнуўся. Яны яшчэ спрачалiся з чырвонымi, узрушанымi тварамi. Латарэя з штотыднёвымi выплатамi вялiзных выйграшаў была адзiнай грамадскай падзеяй, на якую пролы звярталi сур'ёзную ўвагу. Цалкам верагодна, што для мiльёнаў пролаў Латарэя была галоўным, калi не адзiным сэнсам iснавання. Яна была iх захапленнем, iх вар'яцтвам, iх суцяшэннем, iх духоўным натхненнем. Як толькi справа тычылася Латарэi, людзi, што ледзь маглi чытаць i пiсаць, рабiлiся здольнымi да найскладанейшых падлiкаў i надзвычайных цудаў памяцi. Цэлая катэгорыя людзей зарабляла сабе на жыццё выключна продажам сiстэм, прагнозаў i абярогаў. Сам Ўiнстан не меў нiякага дачынення да Латарэi, арганiзаванай Мiнiстэрствам Дастатку, але ён вельмi добра ведаў (у Партыi ўсе гэта ведалi), што выйгрышы збольшага iснавалi толькi на паперы. Толькi маленькiя сумы выплачвалiся ў сапраўднасцi, галоўныя ж выйгрышы даставалiся асобам, якiх нiколi не iснавала. Зрабiць гэта было няцяжка, бо памiж асобнымi часткамi Акiянii не iснавала нiякай сувязi.
   I ўсё ж, калi i была надзея, дык толькi ў пролаў. За гэта трэба было трымацца. На словах гэта гучала разумна, але, калi паглядзець на людзей на вулiцы, тэзiс гэты рабiўся справай веры. Вулiца, на якую ён павярнуў, спускалася з узгорка. Яму здалося, што ён ужо аднойчы быў у гэтым месцы i недзе непадалёку павiнна праходзiць галоўная вулiца. Аднекуль спераду да яго данёсся шум галасоў. Вулiца паварочвала i канчалася прыступкамi, што вялi ў вузенькi завулак, у якiм стаяла пара латкоў з звялай гароднiнай. У гэты момант Ўiнстан згадаў, дзе ён быў. Завулак выходзiў на галоўную вулiцу, i за наступным паваротам, менш чым за пяць хвiлiн адсюль, была антыкварная крама, дзе ён купiў альбом з чыстымi старонкамi, што цяпер быў яго дзённiкам. А ў маленькай папяровай краме непадалёк адсюль ён купiў пяро i бутэлечку чарнiла.
   Ён пастаяў нейкi момант на верхняй прыступцы. На тым баку завулка быў невялiчкi брудны шынок, вокны якога выглядалi заледзянелымi, напраўду ж былi пакрытыя тоўстым слоем пылу. Нейкi надта стары чалавек, пахiлы ад часу, але яшчэ бадзёры, з белымi вусамi, што тырчалi наперад, як у рака, штуршком расчынiў дзверы i ўвайшоў. Пакуль Ўiнстан стаяў i глядзеў, яму ў галаву прыйшла думка, што гэты стары, якому было сама меней восемдзесят гадоў, быў пад час Рэвалюцыi ў самым сталым веку. Ён i нешматлiкiя iншыя людзi яго пакалення былi апошнiм злучвом са светам капiталiзму, што знiк назаўсёды. У Партыi ўжо амаль не засталося людзей, светапогляд якiх склаўся да Рэвалюцыi. Старэйшыя пакаленнi былi знiшчаныя пад час вялiкiх чыстак 50-х i 60-х гадоў, а тыя нешматлiкiя, што ацалелi, даўно стэрарызаваныя да поўнай духоўнай пакоры. Калi яшчэ заставаўся хоць адзiн жывы чалавек, якi б мог паведамiць што-небудзь праўдападобнае пра жыццё ў першай палове стагоддзя, дык гэта мог быць толькi прол. Раптам Ўiнстан зноў згадаў урывак, што ён перапiсаў з падручнiка гiсторыi ў свой дзённiк, i яго ахапiла вар'яцкае жаданне. Ён зойдзе ў шынок, пазнаёмiцца са старым i распытае яго. Ён скажа яму: "Раскажыце мне пра сваё жыццё, пра сваё дзяцiнства. Як тады ўсё выглядала? Цi было ўсё лепш, чым цяпер, - цi, можа, горш?"
   Хутка, толькi каб не паспець спалохацца, ён спусцiўся па прыступках i перайшоў вузкi завулак. Натуральна, гэта было чыстае вар'яцтва. Як заўсёды, не было нiякай канкрэтнай забароны гаварыць з проламi або наведваць iх шынкi, але гэтыя дзеяннi былi болей чым нязвыклыя, каб застацца незаўважанымi. Калi б з'явiўся патруль, ён мог бы прыкiнуцца, што яму зрабiлася блага, але было непраўдападобна, што яму паверылi б. Ён расчынiў дзверы, i жахлiвы сырны пах кiслага пiва ўдарыў яму ў нос. Калi ён зайшоў, шум галасоў напалову прыцiшыўся. Ён адчуваў, як за спiнай усе ўтаропiлiся ў яго сiнi камбiнезон. Партыя гульнi ў "дроцiкi", што адбывалася на другiм канцы залы, спынiлася на нейкiя паўхвiлiны. Стары чалавек, за якiм ён зайшоў, стаяў каля стойкi i за нешта сварыўся з бармэнам, каржакаватым дзецюком з вялiзнымi рукамi. Iншыя стаялi з куфлямi ў руках i назiралi за сцэнай.
   - Я вас прыстойна папрасiў, што, не? - казаў стары, ваяўнiча распростваючы плечы. - А вы кажаце, што ў вашым няшчасным будане няма куфля ў адну пiнту?
   - А што за трасца гэтая пiнта? - пытаўся бармэн i нахiляўся цераз стойку, абапiраючыся на яе кончыкамi пальцаў.
   - Паглядзiце на яго! Лiчыць сябе бармэнам, а сам не ведае, што такое пiнта! Пiнта - гэта палова кварты, а чатыры кварты - гэта галон. Можа, яшчэ навучыць цябе чытаць?
   - Нiколi ў жыццi не чуў, - рэзка адказаў бармэн. - Лiтр i паўлiтра - усё, чым мы мераем. Вунь куфлi на палiцы.
   - А я хачу пiнту, - упарта паўтараў стары. - Гэтак жа вы можаце мне налiць i адну пiнту. Калi я быў малады, мы гэтых дурных лiтраў не ведалi.
   - Калi вы былi малады, мы ўсе яшчэ жылi на дрэвах, -сказаў бармэн, скоса паглядзеўшы на клiентаў.
   Пачуўся выбух смеху, i збянтэжанасць, выклiканая Ўiнстанавым прыходам, здавалася, рассеялася. Парослы белай шчэццю твар старога злёгку пачырванеў. Мармычучы нешта сабе пад нос, ён павярнуўся ад стойкi i наткнуўся на Ўiнстана. Той асцярожна ўзяў яго пад руку.
   - Цi магу я вас запрасiць выпiць са мной? - спытаўся ён.
   - Вы джэнтльмен, - адказаў стары i зноў расправiў плечы. Здавалася, ён не заўважыў Ўiнстанавага сiняга камбiнезона. - Адну пiнту! - крыкнуў ён ваяўнiча бармэну. - Адну пiнту светлага.
   Бармэн налiў два паўлiтры цёмна-бурага пiва ў тоўстыя куфлi, якiя ён папаласкаў у цэбры пад стойкай. Пiва было адзiным напоем, якi можна было атрымаць у пролаўскiх шынках. Пролам не дазвалялася пiць джын, хоць на практыцы яны даволi лёгка маглi яго здабыць. Кiданне дроцiкаў зноў было ў разгары, а група людзей каля стойкi пачала абмяркоўваць вынiкi розыгрышу Латарэi. Пра Ўiнстана на нейкi час забылiся. Пад акном стаяў маленькi столiк, дзе ён i стары маглi спакойна пагаварыць, не баючыся, што iх падслухаюць. Гэта было надзвычай небяспечна, але, ва ўсялякiм разе, у зале не было тэлегляда. У гэтым Ўiнстан упэўнiўся адразу, як толькi ўвайшоў.
   - Ён мог спакойна налiць мне адну пiнту, - бурчаў стары, займаючы месца за столiкам. - Гэтага мне будзе замала. А цэлы лiтр - замнога. Будзе цiснуць мне на мачавы пузыр. Не кажучы ўжо пра цану.
   - З таго часу, як вы былi малады, шмат чаго, напэўна, змянiлася, - сказаў Ўiнстан, нiбы прымерваючыся.
   Позiрк пабляклых блакiтных вачэй старога перайшоў ад круга для кiдання дроцiкаў да стойкi, ад стойкi да дзвярэй з надпiсам "М", быццам гаворка iшла пра змены, што адбылiся ў шынку.
   - Пiва было лепшае, - урэшце сказаў ён. - I таннейшае! Калi я быў малады, пiва каштавала - мы называлi яго "светлае" - чатыры пенсы за пiнту. Гэта было недзе перад вайной.
   - Перад якой вайной? - спытаўся Ўiнстан.
   - Вайна ёсць вайна, - неяк незразумела адказаў стары.
   Ён падняў куфаль, яго плечы зноў выпрасталiся.
   - Ваша здароўе!
   Востры кадык на схуднелай шыi старога незвычайна рэзка таргануўся, i пiва знiкла. Ўiнстан схадзiў да стойкi i вярнуўся з яшчэ двума паўлiтрамi. Здаецца, стары забыўся пра свае перасцярогi што да цэлага лiтра.
   - Вы значна старэйшы за мяне, - сказаў Ўiнстан. - Калi я нарадзiўся, вы былi ўжо дарослым чалавекам. Вы яшчэ памятаеце старыя, дарэвалюцыйныя часы. Людзi майго веку, па сутнасцi, нiчога пра тыя часы не ведаюць. Мы можам толькi прачытаць пра iх у кнiгах, але там можа быць няпраўда. Я б хацеў пачуць, што вы пра гэта думаеце. Падручнiкi гiсторыi сцвярджаюць, што жыццё да Рэвалюцыi было зусiм iншае, чым цяпер. Тады панаваў жахлiвы прыгнёт, несправядлiвасць, беднасць - горш, чым мы сабе можам уявiць. Тут, у Лондане, большасць людзей ад нараджэння да смерцi нiколi не елi ўдосыць. Палова з iх не мела нават чаравiкаў на нагах. Яны працавалi дванаццаць гадзiн на дзень, кiдалi школу ў дзевяць гадоў, спалi па дзесяцёра ў адным пакоi. I ў той самы час былi таксама некаторыя, iх было зусiм мала - усяго пару тысяч, iх называлi капiталiстамi што былi багатыя i магутныя. Яны мелi ўсё, што толькi можна было мець. Яны жылi ў вялiкiх шыкоўных дамах, мелi па трыццаць слуг, ездзiлi на аўтамабiлях i на чацвёрках коней, пiлi шампанскае, насiлi цылiндры...