Калi Ўiнстан пасля пра гэта згадваў, яго ўразiла тое, што прамоўца перайшоў ад адной палiтычнай лiнii да другой якраз пасярэдзiне фразы, не толькi не спатыкнуўшыся, але нават не змянiўшы сiнтаксiчнай канструкцыi. Аднак у гэты момант Ўiнстана займалi iншыя справы. Бо якраз пад час хвiлiннага замяшання, калi здзiралi са сцен плакаты, нейкi чалавек, твару якога ён не ўбачыў, паляпаў яму па плячы i сказаў: "Прабачце, здаецца, вы згубiлi партфель". Ён безуважна ўзяў партфель, не сказаўшы нi слова. Ён ведаў, што трэба будзе чакаць некалькi дзён, перш чым ён зможа яго адчынiць. Адразу пасля дэманстрацыi ён пайшоў у мiнiстэрства, хоць было каля дваццацi трох гадзiн. Пайшлi i ўсе iншыя службоўцы мiнiстэрства. З тэлеглядаў гучалi загады, што запрашалi iх заняць свае месцы, але яны былi, бадай што, непатрэбныя.
   Акiянiя ваявала з Усходазiяй. Значыць, Акiянiя заўсёды дагэтуль ваявала з Усходазiяй. Такiм чынам, значная частка палiтычнай лiтаратуры апошнiх пяцi гадоў цяпер поўнасцю састарэлая. Розныя справаздачы i запiсы, газеты, кнiгi, брашуры, фiльмы, дыскi, фатаграфii - усё трэба было выправiць з маланкавай хуткасцю. I хоць не было нiякiх спецыяльных указанняў, усе ведалi, што кiраўнiцтва аддзялення жадае, каб праз тыдзень нiдзе не засталося нiякай згадкi пра вайну з Эўразiяй цi пра саюз з Усходазiяй. Праца была нязносна цяжкая, тым болей што неабходныя дзеяннi нельга было назваць сваiмi iмёнамi. У аддзяленнi дакументацыi кожны працаваў васемнаццаць гадзiн за суткi, з двума трохгадзiннымi перапынкамi для кароткага сну. Са скляпоў прынеслi матрасы i расклалi па ўсiх калiдорах. Елi бутэрброды, пiлi каву "Перамога", якую развозiлi на вазочках работнiкi сталоўкi. Кожны раз, калi Ўiнстан спыняў працу для перапынку на сон, ён стараўся ўсё дарабiць, каб нiчога не пакiдаць на стале. Але калi ён нявыспаны, прадзiраючы вочы, цягнуўся назад у сваю кабiну, ён знаходзiў там новую навалу скручаных трубкай паперак, якiя сумётам закрывалi стол, да паловы завальвалi мовапiс i пачыналi ўжо падаць на падлогу. I таму кожны раз ён мусiў пачынаць з таго, што зграбаў паперы ў кучу i вызваляў трошкi месца. Але найгорш было тое, што праца яго не была цалкам механiчная. Часта дастаткова было толькi замянiць адно iмя другiм, але кожная дэталёвая справаздача патрабавала ўвагi i вынаходлiвасцi. Вельмi iстотна было нават ведаць геаграфiю, каб пераносiць вайну з адной часткi свету ў другую.
   На трэцi дзень у яго ўжо нясцерпна балелi вочы, i ён мусiў штохвiлiны працiраць шкельцы акуляраў. Ён нiбы змагаўся з нейкай невыносна цяжкай фiзiчнай задачай, ад якой можна было i адмовiцца, але якую ён усё ж з раздражнёнай упартасцю iмкнуўся выканаць. Наколькi ён мог памятаць, яго зусiм не бянтэжыла, што кожнае слова, надыктаванае iм на мовапiс, кожная рыска яго чарнакрэса - чыстая хлусня. Ён, як i любы iншы ў аддзеле, дбаў адно пра тое, каб фальшаваннi былi дасканалыя. Ранiцай шостага дня навала папяровых скруткаў сунялася. За цэлыя паўгадзiны з трубкi пнеўматычнай пошты нiчога не з'яўлялася. Пасля выпаў адзiн скрутак, а тады зноў нiчога. Паўсюль амаль адначасова праца спынiлася. Увесь аддзел глыбока i патаемна ўздыхнуў. Была дароблена вялiзная праца, пра сутнасць якое, аднак, нельга было згадваць. Цяпер нiхто ўжо не мог дакументальна давесцi, што некалi адбывалася вайна з Эўразiяй. У дванаццаць нуль-нуль нечакана абвясцiлi, што ўсе супрацоўнiкi мiнiстэрства вольныя ад працы да заўтрашняе ранiцы. Ўiнстан усё яшчэ насiў з сабою партфель з кнiгай. Ён ставiў яго памiж ног, калi працаваў, i накрываў целам, калi спаў. Ён вярнуўся да сябе, пагалiўся i ледзь не заснуў у ваннай, хоць вада была ледзь цёплая.
   З нейкiм пажадлiвым хрустам у суставах ён падняўся па сходах у пакойчык над крамай пана Чэрынгтана. Ён быў стомлены, але спаць ужо не хацелася. Ён расчынiў акно, запалiў маленькi брудны керагаз i паставiў вады на каву. Хутка павiнна была прыйсцi Джулiя, а пакуль што перад iм была Кнiга. Ён сеў у стары праседжаны фатэль i расшпiлiў раменьчыкi партфеля. Гэта быў цяжкi чорны том, пераплецены саматужна, без iмя аўтара i тытула на вокладцы. Друк таксама выглядаў трохi няроўным. Старонкi з краёў абтрапалiся i гарталiся лёгка, быццам кнiга прайшла ўжо праз мноства рук. На першай старонцы стаяў такi надпiс:
   ЭМАНУIЛ ГОЛЬДШТЭЙН
   ТЭОРЫЯ I ПРАКТЫКА АЛIГАРХIЧНАГА КАЛЕКТЫВIЗМУ
   Ўiнстан прачытаў далей:
   Раздзел першы
   Няведанне - гэта сiла
   На працягу ўсiх гiстарычных эпох, па ўсёй верагоднасцi з канца неалiту, у свеце iснавала тры катэгорыi людзей: Вышэйшыя, Сярэднiя i Нiжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзялiлiся на розныя драбнейшыя групы, насiлi незлiчоную колькасць розных найменняў, iх лiчбавыя прапорцыi, а таксама ўзаемныя дачыненнi мянялiся ад стагоддзя да стагоддзя. Аднак фундаментальная будова чалавечага грамадства не мянялася нiколi. Нават пасля вялiзных зрухаў i нiбыта незваротных перамен заўсёды сама па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гiраскоп заўсёды iмкнецца да раўнавагi, у якi бок яго б нi схiлялi.
   Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя памiж сабою...
   Ўiнстан прыпынiў чытанне, каб адчуць усю асалоду таго, што можна вось так утульна i бяспечна сядзець i чытаць. Ён быў адзiн: нi тэлегляда, нi вуха пры дзвярах, нi баязлiвага памкнення азiрнуцца цераз плячо цi прыкрыць рукою старонку кнiгi. Пяшчотнае летняе паветра лашчыла яму твар. Аднекуль здалёк прыглушана чулiся дзiцячыя галасы. У самiм пакоi - анi шолаху, толькi, нiбы нейкi шашаль, цiкаў гадзiннiк. Ўiнстан залез глыбей у фатэль i паклаў ногi на камiнную кратку. То была шчаснасць, то была вечнасць. I раптам, як часам робiш, калi ведаеш, што ўсё роўна прачытаеш i перачытаеш усю кнiгу да апошняга слова, ён разгарнуў яе на iншай старонцы, i яму трапiўся Раздзел трэцi. Ён чытаў далей:
   Раздзел трэцi
   Вайна - гэта мiр
   Падзел свету на тры вялiкiя звышдзяржавы быў падзеяй, якую можна было прадбачыць i якая фактычна была прадказаная да сярэдзiны дваццатага стагоддзя. З далучэннем Эўропы да Расеi i Брытанскай iмперыi да Злучаных Штатаў дзве з трох сучасных вялiкiх дзяржаў - Эўразiя i Акiянiя - па сутнасцi, склалiся. Трэцяя - Усходазiя - вызначылася як выразная адзiнка толькi пасля бязладных баёў наступнага дзесяцiгоддзя. Гранiцы памiж трыма звышдзяржавамi ў некаторых месцах адвольныя, у iншых яны мяняюцца залежна ад ваенных поспехаў, але ў цэлым яны адпавядаюць геаграфiчным абрысам. Эўразiя ахоплiвае ўсю паўночную частку эўрапейскага i азiяцкага кантынентаў, ад Партугалii да Берынгавага пралiва. Акiянiя ўключае ў сябе абедзве Амерыкi, выспы Атлантыкi разам з Брытанскiмi выспамi, Аўстралазiю i Паўднёвую Афрыку. Усходазiя, меншая за дзве папярэднiя, з менш выразнай заходняй гранiцай, уключае Кiтай з паўднёвымi прылегласцямi, Японскiя выспы i вялiкую, але зменлiвую частку Манчжурыi, Манголii i Тыбету.
   Згрупаваныя памiж сабою тым або iншым чынам, гэтыя тры звышдзяржавы на працягу дваццацi пяцi гадоў бесперапынна знаходзяцца ў стане вайны. Аднак вайна болей не з'яўляецца адчайнай барацьбой, скiраванай на знiшчэнне супрацiўнiка, як гэта было ў першыя дзесяцiгоддзi дваццатага стагоддзя. Гэта ўзброеная барацьба з абмежаванымi мэтамi памiж супрацiўнiкамi, якiя не могуць знiшчыць адзiн аднаго, у якiх няма для вайны нiякiх матэрыяльных прычын i якiх не падзяляюць нiякiя iстотныя iдэалагiчныя супярэчнасцi. Гэта, аднак, не значыць, што метады вядзення вайны або агульнае стаўленне да яе сталiся менш крывавыя i больш рыцарскiя. Наадварот, ваенная iстэрыя лютуе няспынна i паўсюдна ва ўсiх краiнах, а гвалт, рабункi, забойства дзяцей, заняволенне цэлых народаў, катаванне палонных, якое даходзiць да таго, што iх вараць i хаваюць жыўцом - усё гэта лiчыцца нармальным. Гэтыя злачынствы, учыненыя сваiмi салдатамi, а не ворагам, лiчацца значнымi заслугамi. Але з матэрыяльнага боку ў вайне занята вельмi мала людзей, пераважна гэта высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты, i яна прыносiць параўнаўча мала ахвяр. Барацьба, калi яна ёсць, iдзе недзе на няпэўных гранiцах, аб праляганнi якiх звычайны чалавек можа толькi здагадвацца, або вакол Плывучых Крэпасцяў, якiя ахоўваюць стратэгiчныя пункты на марскiх шляхах. У цэнтрах цывiлiзацыi вайна выяўляецца найперш праз няспынную нястачу прадуктаў спажывання i перыядычнае скiданне ракетных бомбаў, кожная з якiх можа забiць некалькi дзесяткаў чалавек. Змянiўся, па сутнасцi, сам характар вайны. Дакладней кажучы, змянiўся iерархiчны парадак прычын, якiя выклiкаюць вайну. Матывы, што ўжо iснавалi, хоць i ў меншай меры, пад час вялiкiх войнаў пачатку дваццатага стагоддзя, сталiся цяпер асноўнымi i адкрыта прызнанымi.
   Каб зразумець сутнасць цяперашняй вайны - бо нягледзячы на частыя перагрупаваннi супрацiўнiкаў гэта заўсёды тая самая вайна, - трэба найперш уявiць сабе, што яна не можа мець вырашальнага характару. Нiводная з трох звышдзяржаў не можа быць канчаткова зваяваная, нават дзвюма астатнiмi разам. Занадта роўна падзелены сiлы, занадта магутныя iх натуральныя сродкi абароны. Эўразiя надзейна абаронена сваiмi тэрытарыяльнамi абшарамi, Акiянiя вялiкасцю Атлантычнага i Цiхага акiянаў, Усходазiя - пладавiтасцю i працавiтасцю сваiх жыхароў. Па-другое, з матэрыяльнага пункту гледжання болей няма за што ваяваць. З усталяваннем самадастатковых эканамiчных сiстэм, пры якiх вытворчасць i спажыванне цесна счэплены мiж сабою, барацьба за рынкi збыту, адна з асноўных прычын колiшнiх войнаў, сталася непатрэбная. Разам з тым змаганне за сыравiну перастала быць пытаннем жыцця i смерцi. Ва ўсялякiм разе, кожная з трох звышдзяржаў дастаткова вялiкая, каб здабыць у сваiх межах амаль усе патрэбныя матэрыялы. Калi толькi вайна i мае нейкiя непасрэдныя эканамiчныя мэты, дык гэта вайна за рэсурсы працоўнае сiлы. Памiж гранiцамi трох звышдзяржаў ляжыць тэрыторыя, якою нiводная з iх не валодае пастаянна. Гэта чатырохкутнiк з вяршынямi ў Танжэры, Бразавiлi, Дарвiне i Ганконгу, у якiм жыве прыблiзна пятая частка насельнiцтва Зямлi. Якраз за валоданне гэтымi густанаселенымi раёнамi, а таксама за паўночны полюс, i iдзе няспынная барацьба памiж трыма звышдзяржавамi. Практычна, нiводная з iх нiколi не валодае ўсёй гэтай спрэчнай тэрыторыяй. Асобныя часткi яе пераходзяць з рук у рукi, i жаданне завалодаць тым або iншым рэгiёнам праз раптоўную здраду свайму саюзнiку i прыводзiць да бясконцых перагрупаванняў.
   Усе спрэчныя тэрыторыi маюць каштоўныя мiнеральныя багаццi, i некаторыя з iх вырабляюць важныя раслiнныя прадукты, напрыклад, каўчук, сiнтэз якога ў краiнах з халаднейшым клiматам абыходзiцца параўнаўча дорага. Але перадусiм яны змяшчаюць у сабе невычэрпныя запасы таннай працоўнай сiлы. Дзяржава, якая пануе над Экватарыяльнай Афрыкай, або краiнамi Сярэдняга Ўсходу, або Паўднёвай Iндыяй, або Iнданэзiяй, мае праз гэта ў сваiм распараджэннi сотнi мiльёнаў кулi, якiя за сваю знясiльную працу атрымлiваюць вельмi мала. Насельнiкi гэтых краiн, больш цi менш адкрыта даведзеныя да стану рабоў, пераходзяць увесь час ад аднаго заваёўнiка да другога. Iх выкарыстоўваюць гэтаксама, як вугаль або нафту, у барацьбе за павелiчэнне вытворчасцi зброi, за пашырэнне заваяваных тэрыторый, за павышэнне колькасцi працоўнае сiлы, каб тая вырабляла больш зброi, спрыяла заваяванню тэрыторый i гэтак да бясконцасцi. Трэба адзначыць, што барацьба нiколi не пераходзiць межаў спрэчных тэрыторый. Гранiцы Эўразii перасоўваюцца то ў адзiн бок, то ў другi памiж ракою Конга i паўночным берагам Мiжземнага мора. Выспы Iндыйскага i Цiхага акiянаў увесь час заваёўваюцца Акiянiяй або Ўсходазiяй. У Манголii лiнiя, што аддзяляе Эўразiю ад Усходазii, нiколi не бывае стабiльная. Усе тры дзяржавы аспрэчваюць разлеглыя тэрыторыi вакол Полюса, якiя фактычна не населеныя i не даследаваныя. Але раўнавага сiл заўсёды прыблiзна тая самая, а тэрыторыя, што складае аснову кожнай звышдзяржавы, застаецца заўсёды нязменная. Да таго ж праца зняволеных народаў, што жывуць вакол Экватара, сусветнай эканомiцы, па праўдзе кажучы, непатрэбная. Яна нiчога не дадае да сусветнага багацця, бо ўсё вырабленае выкарыстоўваецца на ваенныя патрэбы. Вайна заўсёды вядзецца дзеля таго, каб лепей узброiцца да наступнай вайны. Сваёй працай заняволеныя масы спрыяюць павышэнню iнтэнсiўнасцi перманентнай вайны. Але калi б iх i не iснавала, структура сусветнага грамадства i прынцыпы, паводле якiх яно падтрымлiвае сваё iснаванне, наўрад цi былi б iстотна адрознымi.
   Галоўная мэта сучаснае вайны (згодна з прынцыпамi двухдумства, кiраўнiчыя галовы Ўнутранай Партыi адначасова прызнавалi i не прызнавалi гэтую мэту) палягае ў тым, каб поўнасцю спажываць прадукты прамысловай вытворчасцi, не павышаючы пры гэтым агульнага ўзроўню жыцця. Пачынаючы з канца дзевятнаццатага стагоддзя праблема выкарыстання лiшкаў прадуктаў спажывання iснавала ў прыхаваным выглядзе ў iндустрыяльным грамадстве. Цяпер жа, калi вялiкая колькасць людзей не забяспечана дастатковым харчаваннем, праблема гэтая, вiдавочна, не стаiць так востра, дый, вiдаць, не стане, нават калi не прыбягаць да штучных сродкаў знiшчэння. Сённяшнi свет - больш убогi, галодны i заняпалы, чым свет, якi iснаваў да 1914 года, а калi параўнаць яго з той фантастычнай будучыняй, аб якой марылi людзi ў тыя часы, дык адрозненне будзе яшчэ страшнейшае. На пачатку дваццатага стагоддзя карцiна будучага грамадства, неверагодна багатага, раскошнага, упарадкаванага i высокапрадукцыйнага блiскучага здаровага свету са шкла, сталi i снежна-белага бетону - жыла ў свядомасцi амаль кожнага адукаванага чалавека. Навука i тэхнiка развiвалiся так хутка, што дух займала, i было натуральна меркаваць, што гэтае развiццё будзе працягвацца i далей. Аднак гэтага не адбылося, часткова праз збядненне, спрычыненае доўгай чарадою войнаў i рэвалюцый, часткова з-за таго, што навукова-тэхнiчны прагрэс залежаў ад эмпiрычнага ладу мыслення, а лад гэты не мог захавацца ва ўмовах сцiсла рэгламентаванага грамадства. Агулам беручы, сённяшнi свет больш прымiтыўны, чым пяцьдзесят гадоў таму. Некаторыя адсталыя рэгiёны дасягнулi прагрэсу, былi ўдасканалены некаторыя прыборы, звязаныя з вайною або палiцэйскiм наглядам, але навуковыя даследаваннi i адкрыццi паступова спынiлiся. Да таго ж страты, спрычыненыя атамнай вайною 50-х гадоў, нiколi не былi цалкам кампенсаваныя. I ўсё ж небяспека, што хавалася ў машынах, усё яшчэ iснавала. Калi з'явiлася першая машына, усiм здольным да развагi людзям сталася вiдавочным, што неабходнасць у цяжкай чалавечай працы, а значыць, у пэўнай меры, i ў чалавечай няроўнасцi, знiкла. Калi б машыны свядома выкарыстоўвалi з гэтаю мэтай, дык голад, знясiльную працу, бруд, непiсьменнасць i хваробы можна было б выкаранiць на працягу некалькiх пакаленняў. I сапраўды, нават калi яны яшчэ не выкарыстоўвалiся з гэтаю мэтай, машыны - вырабляючы столькi прадукту, што яго часам немагчыма было размеркаваць - ўзнялi ўзровень жыцця людзей за нейкiя пяцьдзесят гадоў у канцы ХIХ i на пачатку ХХ стагоддзя.
   Але было таксама вiдавочным, што павелiчэнне агульнага багацця пагражала далейшаму iснаванню iерархiзаванага грамадства, а ў нейкiм сэнсе ўжо нават значыла i знiшчэнне гэтага грамадства. У свеце, дзе працоўны дзень будзе кароткi, дзе ў кожнага будзе дастаткова ежы, кожны будзе жыць у доме з ваннай i халадзiльнiкам, будзе мець аўтамабiль цi нават самалёт, найбольш вiдавочная i найбольш iстотная форма няроўнасцi знiкне. Стаўшы ўсеагульным, багацце перастане быць падставай для няроўнасцi. Можна было, без сумнення, уявiць сабе грамадства, у якiм багацце ў значэннi прыватнай уласнасцi i раскошы будзе падзелена пароўну, тым часам як улада застанецца ў руках малой упрывiлеяванай касты. Але ў сапраўднасцi такое грамадства не магло б доўга заставацца стабiльным. I сапраўды, калi б усе аднолькава жылi ў раскошы i бяспецы, дык вялiкая маса людзей, звычайна здзiчэлых ад беднасцi, магла б атрымаць адукацыю i навучыцца думаць самастойна, i тады б яна раней цi пазней заўважыла, што ўпрывiлеяваная меншасць не мае нiякае рацыi iснавання, i зрынула б яе. Карацей кажучы, iерархiзаванае грамадства магло грунтавацца толькi на беднасцi i невуцтве.
   Зварот да аграрнае мiнуўшчыны, як пра гэта марылi некаторыя мысляры на пачатку дваццатага стагоддзя, не быў бы практычным выйсцем. Ён пярэчыў тэндэнцыi да механiзацыi, якая зрабiлася ва ўсiм свеце амаль iнстынктыўнай. Да таго ж iндустрыяльна адсталая краiна была б бездапаможная ў ваенных адносiнах i хутка падпала б пад панаванне, ускоснае або непасрэднае, сваiх больш iндустрыяльна развiтых супрацiўнiкаў.
   Трымаць масы ў галечы, скарачаючы вытворчасць - i гэта было б не найлепшае выйсце. Гэты сродак быў ужыты ў шырокiм маштабе ў фiнальнай фазе капiталiзму, прыблiзна памiж 1920 i 1940 гадамi. У эканомiцы шмат якiх краiн панаваў застой, палi не ўраблялiся, абсталяванне не абнаўлялася i вялiкiя масы насельнiцтва былi пазбаўленыя працы. Дзяржаўныя дабрачынныя арганiзацыi не давалi iм памерцi з голаду. Але i гэткае вырашэнне цягнула за сабою ваенную слабасць. Усе нягоды i беды былi вiдавочна неапраўданыя, што непазбежна спараджала апазiцыю. Праблема была ў тым, каб круцiць колы прамысловасцi, не павышаючы рэальнага багацця свету. Тавары павiнны былi вырабляцца, але не размяркоўвацца. На практыцы адзiным сродкам дасягнення гэтае мэты была няспынная, перманентная вайна.
   Галоўнае дзеянне ў вайне - гэта знiшчэнне, не абавязкова людзей, але прадуктаў чалавечае працы. Вайна - гэта сродак знiшчыць, распылiць у стратасферы, патапiць на дне мора матэрыяльныя багаццi, якiя ў iншым выпадку маглi б быць выкарыстаныя на тое, каб зрабiць масы занадта заможнымi, а значыць, урэшце, занадта разумнымi. Нават калi зброя i не знiшчаецца ў вайне, яе вытворчасць ужо сама па сабе з'яўляецца лёгкiм сродкам такога выкарыстання працоўнае сiлы, каб не выраблялася нiчога, што можна было б спажыць. Напрыклад, працоўнае сiлы, выкарыстанае на пабудову адной Плывучай Крэпасцi, хапiла б на тое, каб вырабiць некалькi сотняў грузавых суднаў. Пасля, не прынёсшы нiкому нiякай матэрыяльнай карысцi, яна спiсвалася на пераплаўку. I тады, з яшчэ большымi працоўнымi выдаткамi, будавалася новая Плывучая Крэпасць. У прынцыпе ўсе ваенныя дзеяннi скiроўвалiся на тое, каб знiшчыць дадатковы прадукт, якi мог застацца пасля таго, як самыя пiльныя патрэбы насельнiцтва былi задаволеныя. На практыцы пiльныя жыццёвыя патрэбы насельнiцтва заўсёды недаацэньваюцца. У вынiку адбываецца так, што хранiчна не стае нават паловы таго, што неабходна для жыцця. Але гэта разглядаецца як дадатны факт. Шляхам свядомае палiтыкi ўсё насельнiцтва, у тым лiку i ўпрывiлеяваныя яго групы, трымаецца на мяжы галечы. Усеагульная нястача сапраўды павышае важнасць дробных прывiлеяў i тым самым павялiчвае рознiцу памiж адной групай i другой. Паводле стандартаў пачатку дваццатага стагоддзя, нават сябры Ўнутранай Партыi цяпер працуюць цяжка i жывуць, абмяжоўваючы сябе ва ўсiм. Тым не меней тая кропля камфорту, што яны маюць, iх вялiкiя i добра мэбляваныя кватэры, iх адзенне з лепшае тканiны, добрая якасць iх ежы, пiтва, тытуню, iх двое цi трое слугаў, iх прыватныя аўтамабiлi i верталёты даюць iм магчымасць узвысiцца над светам сябраў Знешняе Партыi. А сябры Знешняе Партыi маюць падобныя перавагi ў параўнаннi са знядоленымi масамi, якiя мы называем "проламi". Сацыяльная атмасфера нагадвае абложаны горад, дзе валоданне кавалкам канiны пазначае рознiцу памiж багаццем i беднасцю. Разам з тым усведамленне таго, што iдзе вайна, а значыць, адусюль пагражае небяспека, робiць натуральнай i непазбежнай умовай для выжывання перадачу ўлады ў рукi невялiкае касты.
   Вайна, як мы далей пабачым, не толькi прыносiць неабходныя разбурэннi, але i робiць гэтыя разбурэннi псiхалагiчна прымальнымi. У прынцыпе было б вельмi проста затрацiць збыткоўную працу на пабудову святыняў i пiрамiд, на раскопванне i закопванне ямаў цi нават на вытворчасць вялiзнае колькасцi тавараў, якiя пасля б спальвалiся. Але гэта прыдалося б для стварэння эканамiчных, а не псiхалагiчных падстаў iерархiчнага грамадства. Тут маецца на ўвазе не мараль масаў, думка якiх не мае нiякага значэння, пакуль яны будуць моцна прыкутыя да сваёй працы, а мараль самой Партыi. Нават ад самага простага сябры Партыi патрабуецца, каб ён быў у пэўных вузкiх межах здольны, старанны i нават разумны. Разам з тым неабходна, каб ён быў даверлiвым фанатыкам, галоўнымi пачуццямi якога былi б страх, нянавiсць, лiслiвасць i злараднасць. Iнакш кажучы, ён мусiць мець лад думак, характэрны для стану вайны. Зусiм няважна, была сапраўды абвешчана вайна або не, няважна, iдзе яна паспяхова або не, бо нiякая канчатковая перамога немагчымая. Важна толькi, каб iснавала ваеннае становiшча. Спецыялiзацыя разумовае скiраванасцi, якой патрабуе Партыя ад сваiх сябраў i якая найлягчэй дасягаецца ў атмасферы вайны, цяпер сталася амаль усеагульнаю, але чым вышэйшы ранг, тым адметнейшая гэтая спецыялiзацыя. Якраз ва Ўнутранай Партыi ваенная iстэрыя i нянавiсць да ворага выяўляюцца найбольш яскрава. Пры выкананнi сваёй кiраўнiчай ролi сябру Ўнутранае Партыi часам неабходна ведаць, што той або iншы пункт ваенных навiнаў сфальшаваны, часам яму выпадае даведацца, што ўся вайна - фальшыўка i яе або ўвогуле няма, або прычыны яе абвешчання зусiм не тыя, што паведамлялiся раней. Але гэтае веданне нейтралiзуецца прыёмамi двухдумства. Тым часам нiводзiн сябра Ўнутранае Партыi нi хвiлiны не вагаецца ў сваiм мiстычным перакананнi, што вайна iдзе, што яна мусiць скончыцца перамогаю Акiянii i што Акiянiя стане неаспрэчнай уладаркаю ўсяго свету.
   Усе сябры Ўнутранае Партыi вераць у непазбежнасць гэтае заваёвы, як у рэлiгiйны догмат. Яна адбудзецца або праз паступовы захоп новых тэрыторый, што дазволiць пабудаваць магутную неадольную супердзяржаву, або праз вынаходку новае зброi, супраць якой не знойдзецца абарончых сродкаў. Пошук новых вiдаў зброi працягваецца няспынна. Гэта адна з апошнiх ацалелых галiн разумовае дзейнасцi, дзе дух вынаходнiцтва i даследнiцтва мае нейкi ўжытак. Сёння ў Акiянii навука, у старым сэнсе гэтага слова, амаль перастала iснаваць. У навамоўi нават няма слова для паняцця "навука". Эмпiрычны метад мыслення, на якiм грунтавалiся ўсе навуковыя дасягненнi мiнуўшчыны, пярэчыць найгалоўнейшым прынцыпам Ангсоцу. I нават тэхнiчны прагрэс адбываецца толькi там, дзе ён можа нейкiм чынам паспрыяць абмежаванню чалавечае свабоды. Ва ўсiх вiдах рамёстваў свет стаiць на месцы або адступае назад. Палi ўрабляюцца конным плугам, а кнiжкi друкуюцца на машынцы. Але ў жыццёва важных галiнах - гэта значыць у ваеннай справе i ў палiцэйскiм наглядзе - эмпiрычны падыход заахвочваецца або, прынамсi, церпiцца. Партыя ставiць перад сабою дзве мэты - заваяваць усю зямную паверхню i знiшчыць раз i назаўсёды ўсялякую незалежную думку. З гэтага аынiкаюць дзве задачы, якiя Партыя мусiць вырашыць: як выявiць, супраць волi чалавека, пра што ён думае, i як за некалькi секундаў знiшчыць без папярэджання сотнi мiльёнаў чалавек. Вось галоўныя мэты Партыi, у меру таго як працягваюцца навуковыя даследаваннi. Сённяшнi навуковец - гэта або гiбрыд псiхолага з iнквiзiтарам, якi з незвычайнай стараннасцю вывучае значэннi выразу твару, рухаў, iнтанацый голасу i даследуе вынiкi ўздзеяння на чалавека наркотыкаў, тэрапеўтычнага шоку, гiпнозу, фiзiчных катаванняў з мэтаю дамагчыся паказанняў; або гэта фiзiк, хiмiк цi бiёлаг, зацiкаўлены толькi тымi галiнамi сваёй спецыяльнасцi, якiя маюць дачыненне да адабрання жыцця. У вялiзных лабараторыях Мiнiстэрства Мiру i ў даследчых цэнтрах, схаваных у бразiльскiх лясах, цi ў аўстралiйскай пустынi, цi на выспах, што губляюцца ў Антарктыцы, нястомна працуюць групы экспертаў. Адны займаюцца распрацоўкаю планаў матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння будучых войнаў, другiя вынаходзяць усё большыя ракетныя бомбы, усё магутнейшыя выбуховыя рэчывы, усё больш непрабiвальную браню; iншыя вышукваюць новыя, больш смяротныя газы або растваральныя атруты, якiя можна было б вырабiць у колькасцi, дастатковай, каб знiшчыць раслiннасць цэлых кантынентаў, або вiды вiрусаў, адпорных на любыя вакцыны; iншыя працуюць над стварэннем механiзму, якi б мог перасоўвацца пад зямлёю, як падводная лодка пад вадой, або над пабудоваю самалёта, гэтак жа незалежнага ад сваёй базы, як пярусны карабель; iншыя ж даследуюць нават самыя далёкiя магчымасцi, як, напрыклад, канцэнтраванне сонечных промняў лiнзамi, падвешанымi за тысячы кiламетраў над зямлёю, або выклiканне штучных землятрусаў цi прылiваў i адлiваў праз уздзеянне на тэмпературу ў цэнтры зямлi.
   Але нiводзiн з гэтых праектаў нiколi не наблiжаецца да ажыццяўлення, i нiводная з трох звышдзяржаваў не можа iстотна апярэдзiць астатнiя. Самае важнае тое, што ўсе тры дзяржавы ўжо маюць атамную бомбу - зброю значна магутнейшую за ўсё, што можна вынансцi ў вынiку цяперашнiх даследаванняў. I хоць Партыя, як звычайна, запiсвае гэтую вынаходку на свой рахунак, атамныя бомбы з'явiлiся яшчэ ў 40-я гады i былi першы раз шырока ўжытыя праз дзесяць гадоў. Каля сотнi бомбаў было тады скiнута на прамысловыя цэнтры, асаблiва ў Эўрапейскай частцы Расеi, Заходняй Эўропе i Паўночнай Амерыцы. Гэтыя акцыi мелi на мэце пераканаць кiраўнiчыя колы ўсiх краiнаў, што яшчэ некалькi бомбаў паставiлi б крэс iснаванню чалавецтва, а разам з тым i iх уладзе. У вынiку, хоць i не было нiякiх спецыяльных пагадненняў цi нават прапановаў, болей бомбы не ўжывалiся. Усе тры дзяржавы проста працягваюць вырабляць атамныя бомбы i назапашваць iх, чакаючы вырашальнага моманту, якi, як думаюць усе яны, надарыцца рана цi позна. Тым часам ваенная тэорыя на працягу трыццацi або сарака гадоў не развiвалася. Верталёты ўжываюцца больш, чым раней, бамбавiкi ў большасцi заменены на самарушныя снарады, а рухомыя i нетрывалыя крэйсеры саступiлi месца амаль непатопным Плывучым Крэпасцям. Апроч гэтага, нiякiх удасканаленняў не адбылося. Танкi, падводныя лодкi, тарпеды, кулямёты i нават вiнтоўкi i ручныя гранаты ўсё яшчэ ўжываюцца. I нягледзячы на бясконцыя паведамленнi прэсы i тэлеглядаў аб жорсткiх баях, зацятыя бiтвы мiнулых войнаў, пад час якiх за пару тыдняў гiнулi сотнi тысяч цi нават мiльёны людзей, нiколi ўжо не паўтаралiся.