Страница:
ВАЙНА ЁСЦЬ МIР
СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СIЛА
Але здавалася, што твар Вялiкага Брата яшчэ заставаўся некалькi секунд на экране, быццам выява адбiлася ўваччу так моцна, што знiкла не адразу. Маленькая жанчына з пясочнымi валасамi кiнулася да тэлегляда. Дрыготкiмi вуснамi яна прашаптала нешта накшталт "О Збавiцель!" i выцягнула рукi да экрана. Пасля яна закрыла твар рукамi. Было падобна, што яна малiлася.
I тады ўсе прысутныя зацягнулi глыбокi, павольны i рытмiчны спеў: "Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.." - яшчэ i яшчэ, вельмi павольна, з доўгай паўзай памiж "Вэ" i "Бэ". Гэта быў цяжкi i гучны шэпт, невымоўна дзiкi, за iм чуўся шоргат босых ног i пошчак тамтамаў. Спеў цягнуўся, можа, паўхвiлiны. Гэтая мелодыя чулася часта, калi вырывалiся на волю неўтрыманыя пачуццi. У нейкiм родзе гэта было нечым накшталт гiмна мудрасцi i велiчы Вялiкага Брата, але яшчэ хутчэй гэта быў акт самагiпнозу, самазгоднае затлумленне свядомасцi начэпным рытмам. У Ўiнстана ад спеву пахаладзела ў жываце. Пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi ён не мог паўстрымацца ад удзелу ў агульным шаленстве, але гэты нялюдскi спеў "Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.." заўсёды поўнiў яго дзiкiм страхам. Вядома ж, ён спяваў разам з усiмi. Iнакш было немагчыма. Прыхоўваць пачуццi, апаноўваць свае рухi, паводзiць сябе так, як iншыя, - усё гэта рабiлася iнстынктыўна. Але на працягу нейкай пары iмгненняў яго вочы маглi яго выдаць. Якраз у гэты момант адбылося штосьцi вельмi важнае - калi яно ўвогуле адбылося.
Яго позiрк на момант сустрэўся з позiркам О'Браэна. О'Браэн устаў. Ён прыўзняў акуляры i характэрным рухам падправiў iх на носе. Але на нейкае iмгненне iх вочы сустрэлiся, i ў гэты адцiнак часу Ўiнстан адчуў - амаль з абсалютнаю пэўнасцю, - што О'Браэн думаў гэтаксама, як i ён. Адбылася перадача думак. Быццам iх душы расчынiлiся i думкi пераляцелi ад аднаго да другога праз вочы. "Я з вамi, - здавалася, казаў О'Браэн. - Я дакладна ведаю вашыя адчуваннi. Я ведаю вашу пагарду, вашу нянавiсць, вашу агiду. Але не бойцеся, я з вамi!" Прамень разумення раптам згас, i твар О'Браэна зноў зрабiўся гэткi ж непранiкальны, як i ўсе iншыя.
Больш нiчога не было, i Ўiнстан пачаў ужо сумнявацца, цi было што ўвогуле. Такiя выпадкi нiколi не мелi нiякiх вынiкаў. Адзiным вынiкам была жывая вера, надзея, што ў Партыi, апроч яго, ёсць яшчэ ворагi. Можа, i праўда, што недзе iснуе шырокi канспiратыўны рух! Можа, i праўда, што iснуе Братэрства! Нягледзячы на шматлiкiя арышты, прызнаннi i пакараннi, было немагчыма ведаць напэўна, што Братэрства не з'яўляецца ўсяго толькi мiфам. Часам ён верыў у гэта, часам - не. Не было нiякiх доказаў, толькi слабыя проблiскi, якiя маглi значыць усё або нiчога: падслуханыя ўрыўкi размоў, неразборлiвыя крамзолi на сценах у прыбiральнях або нават лёгкi рух рукой пры сустрэчы двух незнаёмых людзей, якi мог быць паролем. Усё гэта былi толькi здагадкi. Магчыма, ён усё сам сабе навыдумляў. Ён вярнуўся ў свой кабiнет, не зiрнуў болей на О'Браэна. Думка працягнуць iх iмгненны кантакт ледзь закранула ягоны мозг. Гэта было б занадта небяспечна, нават калi б ён ведаў, як гэта зрабiць. За адну-дзве секунды яны абмянялiся двухсэнсоўным позiркам, i на гэтым усё скончылася. Але ў той невымоўнай адзiноце, у якой усе мусiлi жыць, нават такая падзея надоўга западала ў памяць.
Ўiнстан устаў i выпрастаўся. Яму адрыгнулася - джын паднiмаўся са страўнiка.
Яго ўвага зноў засяродзiлася на паперы. Ён убачыў, што пакуль ён лунаў у летуценнях, яго рука аўтаматычна пiсала. Гэта быў ужо не той нязграбны сцiснуты почырк. Пяро пажадлiва слiзгала па гладкай паперы, выпiскаючы вялiкiя выразныя лiтары:
ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА
I гэтак была спiсана палова старонкi.
Ён не здолеў перамагчы прыступ панiкi. Сэнсу ў гэтым не было, бо напiсаць гэтыя словы было не больш небяспечна, чым пачаць весцi дзённiк, але на нейкi момант яго ахапiла жаданне вырваць спiсаныя старонкi i ўвогуле кiнуць гэтую задуму.
Але ён не зрабiў гэтага, бо ведаў, што ў гэтым не было сэнсу. Напiсаў бы ён або не "ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА" - было не iстотна. Працягваў бы ён або не пiсаць свой дзённiк - было не iстотна. Ва ўсялякiм разе, ад Палiцыi Думак яму не ўцячы. Ён учынiў - i ўчынiў бы, нават калi б нiколi не ўзяў у рукi пяра i паперы, - найстрашнейшае злачынства, якое змяшчала ў сабе ўсе iншыя. Злачынства думкi, або, як казалi, - думзлачынства. Думзлачынства немагчыма было хаваць вечна. Нейкi час, можа, нават некалькi гадоў яшчэ можна было неяк выкручвацца, але раней цi пазней наступала расплата.
Арыштоўвалi заўсёды ўначы. Нечаканае абуджэнне, дужая рука, што трасе за плячук, лiхтары асляпляюць вочы, суровыя твары вакол ложка. У пераважнай большасцi выпадкаў не адбывалася нiякiх судоў, не складалася нiякiх пратаколаў. Людзi проста знiкалi, i заўсёды ўначы. Iмя выкрэслiвалi са спiсаў, усе сляды чалавека знiшчалi, усё папярэдняе жыццё выкасоўвалi, i яно забывалася. Чалавека сцiралi з памяцi, ператваралi ў нiшто, рабiлi параю, яго выпарвалi - так гучала звычайна ўжыванае слова.
На хвiлiну яго ахапiла нiбы iстэрыка, i ён зноў пачаў пiсаць крывымi нязграбнымi лiтарамi:
яны прыкончаць мяне мне напляваць яны стрэляць мне ў патылiцу напляваць далоў вялiкага брата яны заўсёды страляюць у патылiцу мне напляваць далоў вялiкага брата...
Трохi збянтэжаны, ён выпрастаўся i адклаў пяро. Раптам ён здрыгануўся: нехта пагрукаў у дзверы!
Няўжо так хутка! Ён сядзеў цiха, як мышка, песцячы марную надзею, што той, хто стаiць за дзвярыма, пойдзе пасля няўдалай спробы. Але ж не, пагрукалi яшчэ раз. Цяпер ужо нельга было марудзiць. Сэрца бiла, як барабан, але Ўiнстанаў твар, напэўна, ад доўгай звычкi, заставаўся абыякавы. Ён падняўся i пайшоў, цяжка ступаючы, да дзвярэй.
2
Ўiнстан ужо ўзяўся за ручку, каб расчынiць дзверы, калi раптам убачыў, што пакiнуў разгорнуты дзённiк на стале. ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА - было там напiсана на палову старонкi такiмi вялiкiмi лiтарамi, што можна было прачытаць нават ад дзвярэй. Гэта была недаравальная памылка. Ўiнстан, аднак, адзначыў, што, нават так спалохаўшыся, ён не наважыўся закрыць дзённiк, пакуль не высахла чарнiла, каб не забрудзiць чыстую паперу.
Стаiўшы дыханне, ён адчынiў дзверы. I адразу па целе прайшла цёплая хваля палёгкi. За дзвярыма стаяла бледная, памятая з выгляду жанчына з рэдкiмi раскудлачанымi валасамi i зморшчаным тварам.
- Ой, таварыш, - пачала яна хваравiта-пiсклявым голасам, - мне падалося, што я чула, як вы прыйшлi. Цi не зойдзеце вы на хвiлiнку паглядзець, што з нашай ракавiнай на кухнi? Яна забрудзiлася i...
Гэта была панi Парсанс, жонка суседа па паверсе. (Зварот "панi" не надта ўхваляўся Партыяй, патрабавалася, каб усе звярталiся адзiн да аднаго "таварыш", але ў дачыненнi да некаторых жанчын слова "панi" неяк само прасiлася на язык.) Ёй было гадоў трыццаць, хоць выглядала яна значна старэйшай. Здавалася, што ў зморшчынах яе твару збiраўся пыл. Ўiнстан прайшоў з ёй праз калiдор. Такая саматужная рамонтная праца была ледзь не штодзённым заняткам. Дамовы блок "Перамога" быў старым, пабудаваным у 30-я гады комплексам будынкаў, што з часам самi па сабе паволi руйнавалiся. Гадамi ад сцен i столяў адвальвалася тынкоўка, вадаводныя трубы лопалiся пад час добрых маразоў, дах прапускаў ваду, як толькi пачынаў падаць снег, цэнтральнае ацяпленне звычайна працавала на палову напругi, калi яго ўвогуле не выключалi дзеля ашчаднасцi. Рамонтам, апроч таго, што можна было зрабiць самому, мелi займацца нейкiя далёкiя таямнiчыя ўстановы, якiя, каб, напрыклад, памяняць шыбы ў вокнах, марудзiлi часам па два гады.
- Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы, - няясна прамармытала панi Парсанс.
Кватэра Парсансаў была большая за Ўiнстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькi што наведаў нейкi вялiкi драпежны звер. Спартовыя прылады - хакейныя клюшкi, баксёрскiя пальчаткi, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартовыя штаны - усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымi школьнымi падручнiкамi. На сценах побач з партрэтам Вялiкага Брата ў поўны рост вiселi чырвоныя сцяжкi Саюза Моладзi i гэтак званых Юных Шпiёнаў. Тут, як i ва ўсiм доме, у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкi пах поту, якi - гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму, - належаў некаму, каго якраз цяпер не было. У другiм пакоi нехта спрабаваў на грабенчыку, абкручаным туалетнай паперай, утараваць вайсковым маршам, што ўсё яшчэ грымелi з экрана тэлегляда.
- Гэта дзецi... - сказала панi Парсанс, баязлiва зiрнуўшы на дзверы. - Яны сёння не выходзiлi з дому. I вядома ж...
Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзiне. Кухонная ракавiна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай больш, як што iншае. Ўiнстан стаў на каленi i агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ён страшэнна гiдзiўся ручной працы, i яму было непрыемна нахiляцца, бо амаль заўсёды ў гэткiх выпадках ён заходзiўся кашлем. Панi Парсанс бездапаможна глядзела на яго.
- Вядома ж, калi б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзiў, - сказала яна. - Ён любiць такую працу. Ён жа такi здольны, мой Том, у яго залатыя рукi...
Парсанс, як i Ўiнстан, працаваў у Мiнiстэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькi, але вельмi жвавы чалавечак, неверагодна дурны i поўны iдыёцкага энтузiязму, - адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлiн, якiя нiколi не ставяць лiшнiх пытанняў i ад якiх - нават болей, чым ад Палiцыi Думак залежала трываласць Партыi. Хоць яму было ўжо трыццаць пяць гадоў, ён толькi нядаўна i з вялiкай неахвотай развiтаўся з Саюзам Моладзi, а перад тым, як стаць сябрам Саюза Моладзi, ён схiтрыўся на цэлы год болей прадугледжанага статутам тэрмiну затрымацца ў шэрагах Юных Шпiёнаў. У Мiнiстэрстве ён займаў нейкую другарадную пасаду, дзе не патрабавалася шмат розуму, аднак разам з тым ён быў адным з чынных дзеячоў Спорткамiтэта i ўсiх iншых камiтэтаў, што займалiся арганiзацыяй калектыўных вандровак, спантанных дэманстрацый, тыдняў ашчаднасцi i ўсiх iншых добраахвотных мерапрыемстваў. Поўны спакойнага гонару, пыхкаючы люлькай, ён любiў пахвалiцца, што апошнiя чатыры гады ён кожны вечар праводзiў у Доме Культуры. Незнiшчальны пах поту спадарожнiчаў яму паўсюль, бы неадступны сведка яго напружанага грамадскага жыцця, пах гэты заставаўся ў пакоi нават тады, калi Парсанс выходзiў.
- Цi ёсць у вас гаечны ключ? - спытаўся Ўiнстан, патузаўшы гайку на пераходным калене.
- Гаечны ключ, - сказала панi Парсанс, iмгненна губляючы адвагу. - Не ведаю. Можа, дзецi..
Пачуўся тупат ног i дудзенне на грабенчыку - у пакой уварвалiся дзецi. Панi Парсанс прынесла гаечны ключ. Ўiнстан спусцiў ваду i, стрымлiваючы агiду, дастаў з трубы камяк валасоў, якiя забiлi праход. Ён вымыў начыста рукi халоднаю вадой i вярнуўся ў другi пакой.
- Рукi ўгору! - закрычаў дзiкi голас.
Прыгожы, здаровы з выгляду хлопчык гадоў дзевяцi выскачыў з-за стала i навёў на яго цацачны аўтамат, а ягоная сястрычка, на два гады маладзейшая, паўтараючы за братам, наставiла на Ўiнстана кавалак дрэва. Абое былi ў кароткiх блакiтных портачках, шэрых кашулях, з чырвонымi хусткамi на шыi гэта была ўнiформа Шпiёнаў. Ўiнстан падняў рукi над галавой з нейкiм непрыемным пачуццём, бо хлопчык трымаўся так злавесна, быццам усё гэта было нешта большае, чым проста гульня.
- Ты здраднiк! - закрычаў хлопчык. - Ты думзлачынец! Ты эўразiйскi шпiён! Я заб'ю цябе, я выпару цябе, я сашлю цябе на саляныя капальнi!
Абое пачалi скакаць вакол Ўiнстана i крычаць: "Здраднiк! Думзлачынец!", пры гэтым дзяўчынка паўтарала за братам кожны рух. Ўiнстану зрабiлася страшна - гэта было падобна да вясёлых гульняў маладых тыграў, што неўзабаве зробяцца людаедамi. Вочы хлопчыка блiшчэлi нейкай разважлiвай жорсткасцю, вiдавочным жаданнем ударыць Ўiнстана, i ён адчуваў сябе дастаткова дарослым для гэтага. Добра, што ў яго не сапраўдны аўтамат, падумаў Ўiнстан.
Панi Парсанс з неспакоем пазiрала то на Ўiнстана, то на дзяцей. У вялiкiм пакоi пад ярчэйшым святлом Ўiнстан заўважыў, што ў зморшчынах яе твару сапраўды сабраўся пыл.
- Ад iх такi вэрхал, - сказала яна, - яны вельмi злуюцца, што iх не пускаюць паглядзець, як будуць вешаць, таму i дурэюць. Я вельмi занятая, каб пайсцi з iмi, а Том сёння позна вяртаецца з працы.
- Чаму нам нельга пайсцi паглядзець, як вешаюць? - зароў хлопчык сваiм магутным голасам.
- Паглядзець, як вешаюць! Паглядзець, як вешаюць! - залапатала малая, што ўсё яшчэ скакала навокал.
Ўiнстан згадаў, што гэтым вечарам у парку павiнны былi павесiць некалькi эўразiйскiх палонных, абвешчаных ваеннымi злачынцамi. Такiя публiчныя пакараннi адбывалiся прыблiзна раз на месяц i былi папулярным вiдовiшчам. Дзецi заўсёды прасiлiся, каб iх бралi з сабою паглядзець. Ён развiтаўся з панi Парсанс i пайшоў да дзвярэй. Аднак ён не паспеў яшчэ спусцiцца на шэсць прыступак па сходах, як нешта балюча ўдарыла яго ў шыю. Быццам у цела ўваткнулi распалены дрот. Азiрнуўшыся, ён яшчэ паспеў убачыць, як панi Парсанс запiхвае ў дзверы сына, якi хавае рагатку.
- Гольдштэйн! - крыкнуў хлопчык яму ўслед, i дзверы зачынiлiся. Больш за ўсё Ўiнстана ўразiў бездапаможны спалоханы твар жанчыны.
Вярнуўшыся ў сваю кватэру, ён праскочыў мiма тэлегляда i зноў сеў за стол. Ён пачухаў шыю, што ўсё яшчэ балела. Музыка ў тэлеглядзе сцiхла. Замест яе зухаваты вайсковы голас пачаў з нейкай грубай асалодай зачытваць апiсанне ўзбраення новай Плывучай Крэпасцi, якая толькi што стала на якар памiж Iсландыяй i Фарэрскiмi выспамi.
З гэтымi дзецьмi ў беднай жанчыны не жыццё, а пекла, падумаў Ўiнстан. Пройдзе яшчэ год або два, i яны ўдзень i ўначы пачнуць высочваць паўсюль праявы нядобранадзейнасцi. Цяпер амаль усе дзецi былi такiя. Найгорш было тое, што пад уплывам такiх арганiзацый, як Шпiёны, яны непазбежна вырасталi неўтаймоўнымi дзiкунамi. I, аднак, гэта нiякiм чынам не спараджала ў iх iмкнення паўстаць супраць партыйнай дысцыплiны. Наадварот, яны горача любiлi Партыю i ўсё, што з ёй было звязана. Маршавыя песнi, дэманстрацыi, сцягi, вандроўкi, ваенныя практыкаваннi з драўлянай зброяй, выкрыкванне лозунгаў, услаўленне Вялiкага Брата - усё гэта было для iх займальнай гульнёй. Усё iхнае дзiкунства накiроўвалася вонкi, супраць ворагаў Радзiмы, супраць чужынцаў, здраднiкаў, сабатажнiкаў, думзлачынцаў. Было ўжо амаль звычайна, што людзi, якiм за трыццаць, баялiся ўласных дзяцей. I на гэта былi сур'ёзныя падставы, бо не праходзiла i тыдня, каб у "Таймз" не друкавалi паведамлення, што якi-небудзь чуйны маленькi даносчык - звычайна iх называлi "дзецi-героi" падслухаў нейкiя падазроныя выказваннi i выдаў сваiх бацькоў Палiцыi Думак.
Боль у шыi суняўся. Ўiнстан нерашуча ўзяў пяро i падумаў, што б яму яшчэ запiсаць у дзённiк. Раптам яму зноў прыгадаўся О'Браэн.
Неяк аднойчы - колькi ж прамiнула часу? гадоў сем таму - ён прыснiў, што iдзе праз цёмны пакой. I нехта, хто сядзеў побач у цемры, сказаў, калi Ўiнстан праходзiў мiма: "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры". Гэта было сказана цалкам спакойна, неяк мiж iншым - гэта было сцверджанне, не загад. Ўiнстан прайшоў, не спынiўшыся. Дзiўна было тое, што тады, у сне, гэтыя словы не зрабiлi на яго нiякага ўражання. I, напэўна, толькi пазней яны пачалi паступова набываць значэнне. Цяпер ён ужо не мог згадаць, калi ён упершыню ўбачыў О'Браэна - да гэтага сну цi пасля, гэтаксама ён не памятаў, калi ён упершыню атаясамiў голас у сне з голасам О'Браэна. Ва ўсялякiм разе, цяпер гэта быў для яго голас О'Браэна. З цемры да яго гаварыў О'Браэн.
Ўiнстан нiколi не мог дакладна вызначыць - нават пасля двухсэнсоўнага позiрку гэтай ранiцай - быў О'Браэн сябрам цi ворагам. Але, здавалася, гэта не мела нiякага значэння. Памiж iмi iснавала разуменне, нешта значна важнейшае за прыхiльнасць або супольнiцтва. "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры", сказаў ён. Ўiнстан не ведаў, што б гэта магло значыць, але верыў, што гэтыя словы нейкiм чынам некалi спраўдзяцца.
Голас у тэлеглядзе змоўк. Чысты i прыгожы гук фанфараў прарэзаў застаялае паветра. Скрыгатлiвы голас працягваў:
- Увага! Увага! Толькi што мы атрымалi надзвычайнае паведамленне з Малабарскага фронту. Нашыя войскi ў Паўднёвай Iндыi дасягнулi блiскучай перамогi. Звесткi дазваляюць меркаваць, што вайсковая аперацыя, пра якую мы толькi што паведамiлi, значна наблiзiла канец вайны. А цяпер паслухайце надзвычайнае паведамленне...
Гэта не вяшчуе нiчога добрага, падумаў Ўiнстан. I сапраўды, пасля крывавага апiсання поўнага знiшчэння адной з эўразiйскiх армiй, пасля абвяшчэння велiзарнай лiчбы забiтых i палонных была прачытана абвестка пра тое, што з наступнага тыдня норма шакаладу паменшае з трыццацi да дваццацi грамаў.
Ўiнстану яшчэ раз адрыгнулася. Уздзеянне джыну прайшло, ад яго засталося толькi пачуццё млявасцi. З тэлегляда загрымелi гукi гiмна: "За цябе, мая Акiянiя.." - у гонар перамогi, а можа, каб прымусiць забыцца пра шакалад. Мелася на ўвазе, што ўсе гледачы мусяць устаць па стойцы "смiрна". Але Ўiнстана ўсё роўна нiхто не бачыў.
Гiмн змянiла лёгкая музыка. Ўiнстан падышоў да акна i стаў спiнай да тэлегляда. На вулiцы ўсё яшчэ было светла i холадна. Недзе ўдалечынi грымнула глухое рэха ад выбуху ракетнай бомбы. Цяпер iх падала на Лондан дваццаць трыццаць штук за тыдзень.
Унiзе на вулiцы вецер шкуматаў падраны плакат, i слова АНГСОЦ на iм то з'яўлялася, то зноў знiкала. Ангсоц. Свяшчэнныя прынцыпы Ангсоцу: навамоўе, двухдумства i зменлiвасць гiсторыi. Ўiнстану здавалася, што ён блукае ў густых лясах на марскiм дне, заблудзiўшы ў нейкiм пачварным свеце, дзе ён i сам быў пачварай. Ён быў адзiн. Мiнуўшчына была мёртвая, а ўявiць будучыню было немагчыма. Цi мог ён быць пэўны, што хоць адзiн жывы чалавек стаяў на яго баку? I як ён мог ведаць, цi панаванне Партыi не будзе цягнуцца вечна? Нiбы адказ, яму прыгадалiся тры лозунгi на белым фасадзе Мiнiстэрства Праўды:
ВАЙНА ЁСЦЬ МIР
СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СIЛА
Ён выцягнуў з кiшэнi 25-цэнтавую манету. На ёй таксама выразнымi маленькiмi лiтарамi былi выбiты тыя самыя лозунгi, на другiм баку манеты была выява Вялiкага Брата. Нават з манеты за табою сачылi вочы. З грошай, паштовых марак, вокладак кнiг, сцягоў, плакатаў, цыгарэтных пачкаў - вочы сачылi адусюль. Адусюль глядзелi вочы, адусюль гучаў голас. Удзень i ўначы, на працы i за абедам, дома i на вулiцы, у ванне i ў ложку - нiдзе ад iх нельга было схавацца. Табе не належала нiчога, акрамя пары кубiчных сантыметраў мозгу, схаванага пад тваiм чэрапам.
Сонца перайшло на другi бок, i незлiчоныя вокны Мiнiстэрства Праўды, на якiя ўжо не падалi яго промнi, пахмурлiва чарнелiся, нiбы байнiцы крэпасцi. Ўiнстан адчуваў роспач i бездапаможнасць перад гэтай вялiзнай пiрамiдай, што пагрозлiва высiлася над iншымi дамамi. Яна была непахiсная, тысячы ракетных бомбаў не здолелi б яе разбурыць. Ўiнстан зноў спытаўся ў сябе, дзеля каго ён пiша свой дзённiк. Дзеля будучынi, дзеля мiнуўшчыны - дзеля той эпохi, якая, можа, iснуе толькi ў марах. Яго чакала не толькi смерць, але i поўнае знiшчэнне, выкараненне памяцi аб iм. Дзённiк ператворыцца ў попел, а сам ён у струменьчык дыму. Толькi Палiцыя Думак прачытае напiсанае iм, перш чым яно знiкне са свету i з памяцi. Як можна было звяртацца да будучынi, калi ад цябе магло не застацца нi следу, нi шматочка паперы з парай накрамзоленых на ёй безыменных слоў?
У тэлеглядзе прабiла чатырнаццатая гадзiна. Праз дзесяць хвiлiн яму трэба было выходзiць. У чатырнаццаць трыццаць ён мусiў быць на працы.
Са здзiўленнем ён адчуў, што бой гадзiннiка зноў надаў яму адвагi. На гэтай зямлi ён быў самотным прывiдам, што абвяшчае праўду, якую нiхто не пачуе. Але пакуль ён будзе яе абвяшчаць, нiтка iснавання не перарвецца. Спадчына перадаецца чалавецтву не тады, калi дамагаешся, каб цябе слухалi, а калi здолееш застацца жывы. Ён зноў вярнуўся да стала, абмакнуў пяро i напiсаў:
Будучынi або мiнуўшчыне, у якой запануе свабода думкi, у якой людзi будуць рознiцца адзiн ад аднаго i не будуць жыць самотна - таму часу, у якiм будзе iснаваць праўда, у якiм з iснага нельга будзе зрабiць няiснае, - з эпохi аднастайнасцi i адчужанасцi, эпохi Вялiкага Брата, эпохi двухдумства прывiтанне!
"Я ўжо мёртвы", - падумаў ён. Яму здалося, што толькi цяпер, калi ён адчуў здольнасць выкладаць свае думкi, ён зрабiў вырашальны крок. Вынiк кожнага дзеяння прысутнiчае ўжо i ў самiм дзеяннi. Ён напiсаў:
Думзлачынства не цягне за сабою смерць: думзлачынства само ўжо ЁСЦЬ смерць.
Аднак цяпер, калi ён прызнаў сябе за мёртвага, зрабiлася вельмi важным як мага даўжэй заставацца ў жывых. Два пальцы правай рукi запэцкалiся ў чарнiла. Якраз такая дробязь магла яго загубiць. Якi-небудзь пранiклiвы фанатык у Мiнiстэрстве (хутчэй нават жанчына - тая маленькая з пясочнымi валасамi або чарнявая з аддзела мастацкай лiтаратуры) мог бы зацiкавiцца, чаму ён нешта пiсаў пад час перапынку на абед, чаму ён ужыў для гэтага старасвецкае пяро i што ён пiсаў - а пасля даў бы знак адпаведным органам. Ён пайшоў у ванны пакой i старанна адмыў плямы цёмна-рудым пясочным мылам, якое драла рукi, як наждачная папера, i таму цяпер як найлепей прыдалося.
Ён засунуў дзённiк у шуфляду стала. Хаваць яго не было сэнсу, але ён мог, прынамсi, прыняць захады, каб даведацца, цi хто пад час яго адсутнасцi не знайшоў яго дзённiк. Закладзены мiж старонак волас занадта б кiдаўся ў вочы. Ён падчапiў кончыкам пальца ледзь бачны белы драбочак пылу i паклаў яго на рог вокладкi - ён адразу ўпадзе, калi хто возьме альбом.
3
Ўiнстан снiў мацi.
Яму было гадоў дзесяць-адзiнаццаць, калi яго мацi знiкла. Гэта была высокая, самавiтая, даволi спакойная жанчына з павольнымi рухамi i цудоўнымi светлымi валасамi. Бацька прыгадваўся яму невыразна: чарнявы i худы, заўсёды ў густоўным чорным гарнiтуры (асаблiва добра Ўiнстану запомнiлiся вельмi тонкiя падэшвы бацькавых чаравiкаў) i ў акулярах. Праўдападобна, абое сталiся ахвярамi адной з першых хваляў вялiкiх чыстак 50-х гадоў.
У сне мацi сядзела недзе далёка ўнiзе i трымала на руках яго маленькую сястрычку. Ён помнiў сястру толькi кволым, хваравiтым, заўсёды маўклiвым дзiцём з вялiкiмi ўважлiвымi вачыма. Абедзве глядзелi з долу на яго. Яны былi глыбока ўнiзе - на дне шахты або ў вельмi глыбокай магiле, i лапiк зямлi, на якiм яны сядзелi, апускаўся ўсё глыбей i глыбей. Яны былi ў каюце карабля, што iшоў на дно, i глядзелi ўгору на яго скрозь ваду, што ўсё болей i болей цямнела. У каюце яшчэ было паветра, яны яшчэ маглi бачыць яго, а ён iх, але ўвесь час яны апускалiся ўсё глыбей i глыбей у зялёныя воды, што праз нейкi момант павiнны былi пахаваць iх назаўсёды. Вакол яго было святло i паветра, а яны памiралi, яны былi ўнiзе, таму што ён застаўся наверсе. I ён i яны гэта ведалi, ён мог прачытаць гэтае веданне ў iх тварах. Але нi ў iх тварах, нi ў iх сэрцах не было папроку, толькi ўсведамленне таго, што яны павiнны памерцi, каб ён застаўся жыць, i што гэткi быў непазбежны лад рэчаў.
Ён не мог згадаць, што адбылося ў сапраўднасцi, але ў сваiм сне ён ведаў, што мацi i сястра ахвяравалi сваiм жыццём дзеля яго. Гэта быў адзiн з тых сноў, якiя, хоць i захоўваюць уласцiвыя снам атрыбуты, з'яўляюцца працягам свядомых разумовых працэсаў i ў якiх выяўляюцца факты i думкi, што i пасля абуджэння здаюцца арыгiнальнымi i каштоўнымi. Раптам Ўiнстан зразумеў, што смерць мацi амаль трыццаць гадоў таму несла з сабою трагiзм i смутак пачуццi, якiя сёння ўжо не iснавалi. Смутак, думаў ён, - гэта нешта з тых даўнiх часоў, калi яшчэ iснавалi чуллiвасць, каханне i сяброўства i калi сямейныя дапамагалi адзiн аднаму, не маючы на гэта асаблiвае прычыны. Успамiны пра мацi былi балючыя, бо яна памерла праз любоў да яго, калi сам ён яшчэ быў занадта малы i эгаiстычны, каб адказаць на гэтую любоў. I яшчэ таму, што яна нейкiм чынам - ён ужо не ведаў як - ахвяравала сабой дзеля непахiснае вернасцi. Цяпер штосьцi падобнае было немагчымае. Цяпер iснавалi страх, нянавiсць i боль, але не было годных пачуццяў, не было глыбокага i сапраўднага смутку. Здавалася, ён бачыў гэты смутак у вачах у мацi i сястры, калi яны глядзелi на яго скрозь зялёную ваду, ужо далёка ўнiзе, апускаючыся ўсё глыбей i глыбей.
Раптам ён апынуўся на пругкiм дзiрване, быў летнi вечар. Косыя промнi сонца залацiлi зямлю. Краявiд гэты так часта вяртаўся да яго ў снах, што ён ужо не быў пэўны, цi не бачыў ён яго ў рэальным жыццi. Ён зваў яго Залатой Краiнай. Гэта быў стары трусiны выган, сям-там паточаны кратавiннем, пасярод яго ў траве гублялася сцежачка. У здзiчэлым жываплоце па той бок поля пяшчотна гайдалiся пад цёплым ветрыкам галiнкi вязу, i лiсце калыхалася густымi хвалямi, нiбы валасы жанчыны. Недзе зусiм блiзка павольна цякла нябачная ручаiнка, у якой пад нiцымi вербамi мiтусiлiся маленькiя рыбкi.
Чорнавалосая дзяўчына iшла да яго праз поле. Адным рухам яна сцягнула з сябе адзенне i рашуча адкiнула яго ўбок. Цела яе было белае i гладкае, аднак яно не абуджала ў iм нiякага жадання, ён нават не надта ўважлiва на яго глядзеў. Ён быў зачараваны тым рухам, якiм яна адкiнула адзенне. Здавалася, што яе павабнасць i бестурботнасць здольныя знiшчыць цэлую цывiлiзацыю, цэлую сiстэму iдэй, быццам ад аднаго гэткага ўзмаху рукi могуць знiкнуць назаўсёды i Вялiкi Брат, i Партыя, i Палiцыя Думак. Гэты ўзмах рукi таксама быў са старых часоў. Ўiнстан прачнуўся са словам "Шэкспiр" на вуснах.
З тэлегляда чуўся пранiзлiвы свiст, бесперапынны аднастайны сiгнал, што цягнуўся трыццаць секунд. Было нуль сем пятнаццаць - час пад'ёму службоўцаў. Ўiнстан саскочыў з ложка - голы, бо сябра Знешняй Партыi атрымлiваў на год толькi тры тысячы талонаў на адзенне, а пiжама каштавала шэсцьсот - i схапiў з крэсла зашмальцаваную майку i трусы. Праз тры хвiлiны пачыналася Ранiшняя гiмнастыка. Але раптам ён зайшоўся моцным кашлем, якi амаль заўсёды нападаў на яго, адно ён прачынаўся. Кашаль спустошыў лёгкiя, i ён мусiў ляжаць пластом на спiне i прагна хапаць ротам паветра. Ад напружання напухлi жылы i засвярбела язва на назе.