Страница:
О, Калiфорнiя штат вялiкi!
Не такi ўжо i вялiкi. I ўсе Злучаныя Штаты разам - не такая ўжо вялiкая краiна. Зусiм не вялiкая. Нам цесна ўсiм разам - i табе, i мне, i такiм, як ты, i такiм, як я, багатым i бедным - усiм месца не хапае, i жуллю, i сумленным людзям. Галодным i сытым. Можа, ты лепш назад павярнуў бы?
Мы жывём у свабоднай краiне. Чалавек вольны ехаць, куды захоча.
Гэта ты так думаеш. Калi-небудзь чуў пра патрулi на калiфарнiйскай гранiцы? Палiцэйскiя з Лос-Анжэлеса спыняюць вось такiх, як ты, назад заварочваюць. Кажуць: хто не можа купiць нерухомасць, той нам не патрэбен. Пытаюцца: шафёрскiя правы ёсць? Ты iм: парвалiся. А яны: без шафёрскiх правоў уезд забаронены. Мы ў свабоднай краiне жывём. Што ж, пайдзi пашукай яе, свабоду. Мне адзiн гаварыў: свабоды ў цябе столькi, колькi ты яе можаш купiць.
У Калiфорнii добра плацяць. Вось у мяне лiсток, там пра гэта сказана.
Мана! Адтуль уцякаюць - я сам такiх бачыў. Вас абдурваюць: камусьцi так трэба. Ну дык што, бярэш шыну цi не?
Давядзецца браць, але ж, далiбог, мiстэр, гэта моцна б'е нас па кiшэнi! Грошай зусiм мала засталося.
Дык я ж дабрачыннасцю не займаюся. Трэба, бяры.
Што зробiш, вазьму. Давай глянем. Раскрый яе. Глянь, якая камера! Ах ты шэльма, а казаў, камера добрая. Якая ж гэта камера, адны дзiркi.
Што вярзеш? Чорт... праўда! Як гэта я не ўбачыў?
Ты ўсё, сукiн сын, бачыў. За рвань чатыры даляры захацеў. У зубы табе за гэта даць!
Ты не гарачыся, цiшэй. Кажу, не бачыў. Ну добра, аддаю за тры пяцьдзесят.
Ага, падстаўляй кiшэню! Як-небудзь да горада даедзем.
Думаеш, з такой камерай даедзем?
Трэба. На вобадзе паеду, а нi цэнта гэтай сволачы не дам.
А якiм ты ўяўляеш сабе камерсанта? I праўда ж, не здароўе ён сюды прыйшоў папраўляць. Такая ўжо гэта справа - камерцыя. А ты думаў - што? Чалавек хоча... Бачыш - шчыт пры дарозе? "Клуб абслугоўвання. Па аўторках - урачыстае снеданне. Гатэль "Калмада". Шчыра вiтаю, браток! Клуб абслугоўвання... Мне адзiн неяк расказваў. Прыйшоў ён на сход розных там дзялкоў i паднёс iм такую гiсторыю. Калi я, кажа, быў яшчэ хлапчуком, бацька аднойчы вывеў на вяроўцы цялушку i загадвае: завядзi яе да быка, яе трэба абслужыць. Я i завёў, кажа. I з таго дня, як пачую, што якi-небудзь дзялок гаворыць пра абслугоўванне, не магу ўцямiць - хто ж тут каго?.. У гандляроў адзiн клопат - ашукаць i абдурыць, але называецца гэта ў iх iнакш. У тым вось i справа. Калi ўкрадзеш шыну, ты злодзей, а калi ён хоча ўкрасцi ў цябе чатыры даляры - гэта нiчога, гэта можна. У iх гэта называецца камерцыя.
Дэнi там, ззаду, вады просiць.
Пацерпiць. Адкуль тут вада?
Чуеш - стукае?.. Цi не ў заднiм мосце?
Цяжка сказаць.
Праз раму перадаюцца гукi, падобныя на марзянку.
Пракладка ляцiць. Спыняцца нельга. Чуеш - свiшча? Знойдзем добрае месца, зробiм прывал, я падыму капот - праверу. Але харч канчаецца, грошы канчаюцца. А калi не будзе на што бензiну купiць, тады што?
Дэнi там, ззаду, вады просiць. Малы пiць хоча.
Во, чуеш, свiшча? Пракладка.
Госпадзi! Лопнула! Камера, пакрышка - усё к чорту! Трэба рамантаваць. Гэтай не выкiдай - зробiм з яе манжэты: разрэжам i накладзем на слабыя месцы.
Машыны спыняюцца на абочыне дарогi - адкрываюцца капоты, рамантуюцца шыны. Аўтамабiлi цягнуцца па аўтастрадзе No 66, як падраненыя жывёлiны, выбiваючыся з сiл, i хрыпла дыхаюць. Маторы перагрэтыя, аслабленыя цягi, разбiтыя падшыпнiкi, усё ў машыне грукоча.
Дэнi вады просiць.
Людзi ўцякалi па шашы No 66. А бетанаваная дарога блiшчыць на сонцы, як люстра, паветра трымцiць ад спёкi, i здаецца, што наперадзе шаша залiта вадой.
Дэнi просiць вады.
Яшчэ крыху пацерпiць малы. Яму горача. Хутка ўжо заправачная - станцыя абслугоўвання. Там абслужаць, як той хлопец казаў.
На дарозе дзвесце пяцьдзесят тысяч чалавек. Пяцьдзесят тысяч старых машын - параненых, ахутаных парай. Развалiны, кiнутыя гаспадарамi. А з iмi што, з людзьмi? Што было потым з тымi, хто ехаў вось у гэтай, напрыклад, машыне? Пайшлi пеша? Дзе яны цяпер? Адкуль бярэцца гэтая страшная сваёй сiлай вера?
А вось я вам раскажу адну гiсторыю. Вы можаце не паверыць, але гэта праўда. Крыху дзiўная гiсторыя, але цудоўная. Адну сям'ю - дванаццаць чалавек - сагналi з зямлi. Машыны ў iх не было. Яны змайстравалi прычэп з рознай непатрэбшчыны i пагрузiлi на яго ўвесь свой скарб. Потым падкацiлi прычэп да шашы No 66 i сталi чакаць. I неўзабаве iх узяў на буксiр легкавы аўтамабiль. Пяцёра ехалi ў машыне, а сем чалавек з сабакам - на прычэпе. Азiрнуцца не паспелi - ужо Калiфорнiя. Гаспадар легкавой машыны i вёз iх, i кармiў. I гэта ўсё праўда. Але адкуль бярэцца такая мужнасць i такая вера ў людзей? Не многае на свеце можа навучыць такой веры.
Людзi ўцякаюць ад жаху, што ў iх за спiнай, i з iмi здараюцца розныя рэчы - то да жудасцi жорсткiя, то проста дзiвосныя, i ў сэрцах у iх зноў i зноў разгараецца вера i нiколi не гасне.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Дапатопны, перагружаны "гудзон" са скрыпам i крактаннем дабраўся каля Салiса да аўтастрады i пад сляпучым сонцам скiраваў на захад. Але на бетанаванай шашы Эл паддаў газу, бо аслабелым рысорам цяпер нiшто не пагражала. Ад Салiса да Гора дваццаць адна мiля, i "гудзон" iшоў з хуткасцю трыццаць пяць мiль у гадзiну. Ад Гора да Ўорнера трынаццаць мiль, ад Уорнера да Чакоты чатырнаццаць, потым доўгi прабег да Генрыэты - трыццаць чатыры мiлi, затое ў канцы - сапраўдны горад. Ад яго да Касла дзевятнаццаць мiль, а сонца стаяла ў зенiце, i над чырвонымi палямi дрыжэла распаленае сонцам паветра.
Эл засяроджана сядзеў за рулём i ўсёй сваёй iстотай прыслухоўваўся да машыны, раз-пораз пераводзячы позiрк з палатна дарогi на прыборны шчыток. Ён нiбы злiўся з машынай, кожным сваiм нервам ловячы яе хiбы, глухiя стукi цi вiск, хмыканне i шчоўканне - любыя перамены ў яе ходзе пагражалi паломкай. Эл стаў душой машыны.
Бабка, якая сядзела побач з iм, жаласна хныкала ў паўсне, раптам расплюшчвала вочы, утароплiвалася на дарогу i зноў упадала ў забыццё. А каля бабкi сядзела мацi, высунуўшы ў акенца кабiны сагнутую ў локцi руку, на якой пад гарачым сонцам пачырванела скура. Мацi таксама ўставiла вочы наперад, але яны былi цьмяныя i не бачылi нi дарогi, нi палёў, нi заправачных станцый, нi павiльёнчыкаў закусачных. Яна не глядзела на тое, мiма чаго праязджаў iхнi "гудзон".
Эл пакруцiўся на праседжаным сядзеннi i перамясцiў рукi на абаранку руля. Уздыхнуў:
- Здорава тарахцiць, але, думаю, нiчога страшнага. А вось калi прыйдзецца браць пад'ёмы з такiм грузам, адзiн бог ведае, што яна выкiне. Ма, а на дарозе да Калiфорнii ёсць узгоркi?
Мацi паволi павярнула да яго галаву, i вочы яе ажывiлiся.
- Думаю, павiнны быць, - адказала яна. - Напэўна не ведаю. Але помнiцца, людзi казалi, узгоркi ёсць i нават горы. Высокiя горы.
Бабка працяжна застагнала ў сне.
Эл сказаў:
- На першым пад'ёме расплавiм падшыпнiкi. Добра было б сёе-тое скiнуць. Можа, не варта было браць гэтага прапаведнiка.
- Ты яшчэ не раз парадуешся, што мы яго ўзялi, - сказала мацi. - Гэты прапаведнiк паможа нам. - Яна зноў перавяла вочы на блiскоткую стужку дарогi.
Эл кiраваў адной рукой, другая ляжала на дрыгатлiвым рычагу пераключэння скорасцей. Ён усё хацеў нешта сказаць, але не рашаўся. Нарэшце, спачатку бязгучна паварушыўшы губамi, вымавiў:
- Ма... - Мацi паволi скiравала на яго позiрк, галава яе ледзь пагойдвалася ў такт пагойдванню машыны. - Ма, а табе не страшна? Не страшна ехаць на новае месца?
Вочы ў яе зрабiлiся задуменныя, мяккiя.
- Не, - рашуча адказала яна. - Пра гэта не думала. Так немагчыма. Мне нельга так думаць. Гэта вышэй чалавечых сiл - для гэтага трэба пражыць некалькi жыццяў, а жыццё толькi адно. А думаць наперад на некалькi жыццяў мне не пад сiлу. Ты малады, ты глядзi наперад, а я... у мяне цяпер толькi дарога перад вачамi. I думаю я толькi пра тое, цi хутка ўсе прагаладаюцца i папросяць свiных костак. - Твар у яе звяў. - Гэта ўсё, пра што я магу думаць. Больш нi пра што. А забяруся ў думках далёка, вас устрывожу. Вы ўсе тым i трымаецеся, што я думаю толькi пра вас.
Бабка вiсклiва пазяхнула i расплюшчыла вочы. Здзiўлена азiрнулася па баках.
- Мне злезцi трэба, хвала богу, - сказала яна.
- Зараз да кустоў пад'едзем, - адказаў Эл. - Вунь наперадзе зараснiк.
- Кусты-кусты, навошта мне ў кусты. Мне вылезцi трэба, кажу, - заенчыла бабка. - Злезцi мне трэба, злезцi.
Эл газануў i каля нiзкага кустоўя рэзка затармазiў. Мацi шырока расчынiла дзверцы, выцягнула мiтуслiвую старую з кабiны i павяла ў зараснiк.
На версе грузавiка таксама заварушылiся. Твары ва ўсiх iльснiлiся i пачырванелi ад сонца, ад якога не было дзе схавацца. Том, Кейсi, Ной i дзядзька Джон стомлена саскочылi на зямлю. Руцi i Ўiнфiлд пералезлi цераз барты i гайсанулi ў кусты. Конi асцярожна зняў з машыны Ружу Сарона. Дзед прачнуўся, высунуў галаву з-пад брызенту, але вочы ў яго былi п'яныя, слязлiвыя i няўцямныя. Ён утаропiў iх на людзей, ды наўрад цi пазнаў каго.
Том крыкнуў яму:
- Хочаш, дзед, злезцi?
Старэчыя вочы безуважна павярнулiся да Тома.
- Не, - адказаў дзед. На мiг у вачах у яго ўспыхнула лютасць. - Казаў, не паеду. Застануся, як М'юлi. - I ён зноў страцiў усякую цiкавасць да навакольнага.
Мацi памагла бабцы падняцца па насыпе на шашу.
- Том, - сказала яна, - вазьмi там, у самым задзе, пад брызентам, патэльню з косткамi. Трэба падсiлкавацца.
Том дастаў патэльню i абнёс усiх па чарзе. I сям'я, стоячы на абочыне шашы, пачала згрызаць са свiных костак хрумсткае мяса.
- Шчасце, што хоць гэта з сабой узялi, - сказаў бацька. - У мяне ногi як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?
- Хiба не ў вас там? - устрывожылася мацi. - Я цэлы галонавы збан налiла.
Бацька палез на борт грузавiка i зазiрнуў пад брызент.
- Тут няма. Мусiць, забылiся.
Усiх iмгненна апанавала прага. Уiнфiлд захныкаў:
- Пiць хачу. Хачу пiць.
Мужчыны аблiзнулi губы - iм раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая панiка.
- Вады на першай заправачнай дастанем, - заспакойлiва сказаў Эл. - Нам i гаручае трэба.
Тыя, што ехалi наверсе, зноў палезлi на свае месцы; мацi пасадзiла бабку ў кабiну i сама села побач. Эл запусцiў матор, i ўся грамада паехала далей.
Ад Касла да Падэна - дваццаць пяць мiль, а сонца толькi-толькi прайшло зенiт i пачало хiлiцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара з шыпеннем выбiвалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спынiлiся каля заправачнай станцыi; перад хацiнай дзве бензiнавыя калонкi, ля агароджы - водаправодны кран з доўгiм шлангам. Эл падвёў носам да яго свой "гудзон". З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырванi тварам i такiмi ж рукамi i пайшоў насустрач. На iм былi карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках i спартовая кашуля з кароткiмi рукавамi, на галаве - серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамi выступiў у яго на носе i пад вачамi i струменьчыкамi сцякаў па складках шыi. Ён перавальваючыся падышоў да грузавiка з непрыязным, суровым выразам на твары.
- Што-небудзь купляць будзеце? - запытаўся ён. - Бензiн цi дэталi?
Эл ужо вылез на падножку i кончыкамi пальцаў пачаў адвiнчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхоплiваючы руку, каб не апячыся.
- Нам патрэбен бензiн, мiстэр.
- Грошы ёсць?
- А то ж. Вы што думалi, мы пабiраемся?
Твар таўстуна адразу палагаднеў.
- Ну, тады парадак, хлопцы. Налiвайце вады. - I таўстун паспяшаўся растлумачыць: - А то цяпер столькi рознага народу тут праязджае - нальюць вады, набрудзяць у прыбiральнi, ды яшчэ сцягнуць што-небудзь, а купiць нiчога не купляюць. Клянчаць, дай iм хоць галон бензiну, каб з месца зрушыць.
Том гнеўна саскочыў з машыны i падышоў да таўстуна.
- Мы на свае грошы едзем, - са злосцю сказаў ён. - Ты што гэта нас з галавы да ног азiраеш? Мы задарма ў цябе нiчога не просiм.
- Я ж нiчога такога, - паспешлiва адказаў таўстун. Праз кашулю ў яго праступiў пот. - Налiвайце вады, а прыбiральня - вунь яна, каму трэба.
Уiнфiлд схапiў шланг, напiўся, потым падставiў пад струмень галаву i твар i адскочыў убок увесь мокры.
- Зусiм не халодная, - сказаў ён.
- Што ў нас у краiне робiцца, проста розуму не дабяру, - загаварыў таўстун. Ён ужо знайшоў iншую тэму для скаргаў i пакiнуў Джоўдаў у спакоi. Кожны дзень па пяцьдзесят - шэсцьдзесят машын праязджае, народ падаўся на захад з малымi, з усiм сваiм скарбам. Куды ўсе яны едуць? Што там будуць рабiць?
- Туды ж, куды i мы, - адказаў Том. - Едуць на новыя месцы. Трэба ж неяк жыць. Толькi i ўсяго.
- Ну, не ведаю, што ў нас у краiне творыцца. Проста не магу зразумець. Вось i я таксама стараюся неяк жыць. Думаеш, новыя вялiкiя машыны тут спыняюцца? Не, сэр! Яны iдуць далей, у горад, да жоўценькiх заправачных станцый, што належаць кампанii. Шыкоўныя машыны праязджаюць мiма такiх халуп, як мая. Сюды большай часткай адна голь пад'язджае.
Эл адкруцiў каўпачок радыятара, i струмень пары падкiнуў каўпачок угору, а ў радыятары пачулася цiхае бульканне. На версе грузавiка змардаваны сабака падпоўз да самага краю паклажы i заскавытаў, пазiраючы ўнiз на ваду. Дзядзька Джон палез на борт i зняў яго адтуль за загрывак. Спачатку сабака няўпэўнена пераступiў здранцвелымi нагамi, потым падышоў да лужыны пад водаправодным кранам i пачаў хлябтаць з яе. Па шашы, паблiскваючы на яркiм сонцы, з шумам праносiлiся аўтамашыны, i падняты iмi гарачы вецер далятаў да двара заправачнай станцыi. Эл налiў са шланга вады ў радыятар.
- Не тое каб я стараўся зарабiць на багатых клiентах, - гаварыў сваё таўстун. - Я проста хачу, каб справа iшла. Але тыя, што заязджаюць, альбо клянчаць бензiн, альбо выменьваюць яго на што-небудзь. Хочаце, гляньце там, у заднiм пакоi, колькi ў мяне назбiралася непатрэбшчыны, якую мне ўпёрлi за бензiн i масла, - ложкi, дзiцячыя каляскi, рондалi, патэльнi... Адна сям'я дык ляльку дала за галон бензiну - у дачкi забралi. А што мне з усiм гэтым хламам рабiць? Старызнiкам стаць? Адзiн чалавек за галон бензiну чаравiкi з сябе гатовы быў зняць. I каб я быў, як некаторыя, дык мог бы... - Ён зiрнуў на мацi i не дагаварыў.
Джым Кейсi змачыў сабе валасы, i па яго высокiм iлбе ўсё яшчэ беглi кропелькi вады, жылiстая яго шыя была мокрая, кашуля мокрая. Ён падышоў i стаў каля Тома.
- Людзi не вiнаватыя, - сказаў ён. - Табе самому было б прыемна абмяняць ложак, на якiм ты спiш, на бензiн?
- Ведаю, што не вiнаватыя. З кiм нi пагаворыш, без дай прычыны з месца нiхто не знiмаецца. Але ж куды iдзе краiна? Вось што я хачу ведаць. Куды яна iдзе? Цяпер чалавек не можа сябе пракармiць. Зямля людзей таксама не кормiць. I я ў вас пытаюся: куды мы ўсе iдзём? Нiчога не разумею! I ў каго нi спытайся, нiхто нiчога не разумее. Чалавек гатовы чаравiкi з ног зняць, абы праехаць лiшнюю сотню мiль. Розуму не дабяру! - Ён зняў свой серабрысты трапiчны шлем i выцер лоб далонню. Том таксама зняў з галавы кепку i выцер ёю лоб. Тады падышоў да шланга, намачыў кепку, адцiснуў яе i зноў надзеў. Мацi прасунула руку мiж планак борта, дастала алавяную конаўку, налiла ў яе вады i панесла да грузавiка. Напаiла бабку ў кабiне i пайшла да дзеда, якi ляжаў на грузавiку. Стаўшы на нiжнюю планку, яна падала конаўку старому, той толькi змачыў губы i пакруцiў галавой - не захацеў пiць. Ён недаўменна паглядзеў на нявестку тужлiвымi старэчымi вачамi i праз момант зноў упаў у забыццё.
Эл запусцiў матор i заднiм ходам пад'ехаў да бензакалонкi.
- Налiвай, - сказаў ён. - Наогул у яе iдзе каля сямi галонаў, але больш як шэсць не трэба, а то выплюхвацца будзе.
Таўстун уставiў бензiнавы шланг у адтулiну бака.
- Не, сэр, - сказаў ён. - Проста не ведаю, куды iдзе краiна. Дапамога па беспрацоўю i ўсё такое iншае.
Кейсi сказаў:
- Я шмат пахадзiў па краiне. Усе задаюць такое пытанне. Куды мы iдзём? Куды коцiмся, спынiцца не можам? Чаму б людзям сур'ёзна не падумаць пра гэта? Усё ў руху. Людзi едуць i едуць. Мы ведаем, чаму яны едуць i як едуць. Едуць, бо iнакш нельга. Даводзiцца ехаць. Так заўсёды бывае, калi людзi шукаюць лепшага. Седзячы на месцы, нiчога не даб'ешся. Людзi цягнуцца да лепшага жыцця, шукаюць яго i знойдуць. Крыўда прымушае людзей змагацца за свае правы. Я многа пахадзiў па краiне, мне часта даводзiлася чуць тое, што вы гаварылi.
Таўстун пампаваў бензiн, стрэлка на лiчыльнiку круцiлася.
- Дык усё ж такi, куды мы iдзём? Вось што я хачу ведаць.
Том сярдзiта перабiў яго:
- Ну i нiколi не даведаешся. Кейсi стараецца табе растлумачыць, а ты дзяўбеш адно i тое. Я такiх не першы раз сустракаю. Нiчога цябе не цiкавiць. Заладзiў адну i тую песеньку. "Куды мы iдзём?" А ты i ведаць не жадаеш. Уся краiна на колах, людзi едуць кудысьцi. А колькi iх памiрае навокал? Можа, i ты хутка канцы аддасi, а нiчога толкам не дазнаешся. Шмат мне такiх траплялася. Нiчога i ведаць не хочуць. Закалыхваеце сябе песенькай "Куды мы iдзём?". - Том паглядзеў на бензiнавую помпу, старую, iржавую, i на халупу, збiтую з ужываных дошак з дзiркамi ад старых цвiкоў, што праступалi праз фарбу, - некалi бадзёрую жоўтую фарбу, якая храбра намагалася падрабiць сваю заправачную пад выгляд вялiкiх фiрменных заправачных станцый у горадзе. Але фарба не змагла схаваць нi старых дзiрак ад цвiкоў, нi трэшчын у дошках, а зноў фарбаваць халупу гаспадару ўжо не давядзецца. Падробка не ўдалася, i гаспадар гэта добра ведаў. Праз расчыненыя дзверы халупы Том убачыў бляшанкi са змазачным маслам усяго дзве - i прылавак з заляжалымi цукеркамi, пацямнелымi ад часу лакрычнымi ледзянцамi i пачкамi цыгарэт. Убачыў зламанае крэсла i сетку ад мух з дзiркай пасярэдзiне, абведзенай iржой. Ён паглядзеў на гразкi дворык, якi трэба было б пасыпаць жвiрам, на кукурузнае поле ззаду яго, якое высыхала i памiрала пад сонцам. Каля хацiны - горка езджаных i падноўленых шын. I толькi цяпер ён заўважыў на таўстуну старыя, замытыя штаны, танную спартовую кашулю i кардонны шлем. Том сказаў: - Я не хацеў вас пакрыўдзiць, мiстэр. Гэта ўсё ад спёкi. У вас таксама небагата. Хутка i вы апыняцеся на дарозе. Толькi выганяць вас не трактары. Вас выганяць жоўценькiя станцыi ў горадзе. Людзi здымаюцца з месцаў, -цiха дадаў ён, - i вы таксама, мiстэр, падасцеся ўслед за iмi.
Таўстун слухаў Тома, i рука яго ўсё марудней круцiла ручку помпы, пакуль зусiм не замерла. Ён з трывогай пазiраў на Тома.
- Адкуль ты ведаеш? - разгублена запытаўся ён. - Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта - хочам сабраць усе пажыткi i падацца на Захад?
Яму адказаў Кейсi:
- Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краiнай завалодаў яшчэ горшы вораг, i ён не адступiцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкi. Вы бачылi, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, мiстэр? Учэпiцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расцiскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзiцца адвёрткай расшчапляць ёй скiвiцы, толькi тады адпусцiць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. - Ён змоўк i скоса глянуў на Тома.
Таўстун збянтэжана ўтаропiў позiрк некуды ўдалячынь. Рука яго пачала паволi круцiць каленчаты рычаг помпы.
- Проста не ведаю, куды мы iдзём, - цiха прамовiў ён.
Конi i Ружа Сарона стаялi каля вадзянога шланга i па-змоўнiцку перамаўлялiся. Конi спаласнуў алавяную конаўку i, перш чым налiць у яе вады, паспрабаваў струмень пальцам. Ружа Сарона глядзела на машыны, што праносiлiся па шашы. Конi паднёс ёй конаўку.
- Хоць i цеплаватая, ды ўсё ж вада, - сказаў ён.
Ружа Сарона глянула на яго i таямнiча ўсмiхнулася. З тае пары, як яна зацяжарала, таямнiчасць ахiнула ўсю яе iстоту, тайны i недамоўкi, здавалася, мелi для iх абаiх нейкi асаблiвы сэнс. Яна была вельмi задаволеная сабой i пераборлiвая ў самых малаважных дробязях. Яна вымагала ад Конi безлiч непатрэбных паслуг, i абое ведалi, што i без iх можна абысцiся. Конi таксама быў задаволены Ружай Сарона i нiяк не мог нацешыцца з яе цяжарнасцi. Яго радавала, што ён падзяляў з ёю ўсе яе таямнiцы. Калi яна хiтра ўсмiхалася, ён адказваў ёй такою самаю хiтрай усмешкаю, i яны перашэптвалiся мiж сабой. Свет самкнуўся вакол iх у цеснае кола, i яны былi яго цэнтрам, праўдзiвей - Ружа Сарона была яго цэнтрам, а Конi круцiўся вакол яе на маленькай арбiце. Усё, пра што яны гаварылi, было ахутана таямнiцай.
Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.
- Мне пiць не дужа хочацца, - сказала яна манерна. - Але, магчыма, мне трэба пiць.
Конi сцвярджальна кiўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула i выпiла цеплаватую ваду да дна.
- Яшчэ адну? - запытаўся Конi.
- Палову. - I ён налiў паўконаўкi i падаў ёй. Па шашы прашугаў "лiнкольн" мадэлi "зефiр" - серабрысты, нiзкай пасадкi. Ружа Сарона азiрнулася, цi далёка астатнiя члены сям'i, i, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавiка, цiха сказала: - Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?
Конi ўздыхнуў:
- Чаму не... але гэта потым. - I яны абое зразумелi, што мелася на ўвазе. - Калi будзем добра зарабляць у Калiфорнii, займеем машыну. Але вось такiя, ён паказаў рукой на "зефiр", якi знiкаў удалечынi, - такiя каштуюць не менш за вялiкi дом.
- А мне хацелася б мець i дом, i такую машыну, - сказала Ружа Сарона. Толькi, вядома, спярша дом, бо... - I абое зразумелi, што яна хацела сказаць. Iх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.
- Як ты сябе адчуваеш - добра? - запытаўся Конi.
- Стамiлася. Цяжка ехаць пад такiм сонцам.
- Нiчога не зробiш. Iначай мы нiколi не дабяромся да Калiфорнii.
- Ведаю, - сказала Ружа Сарона.
Сабака, прынюхваючыся, абмiнуў грузавiк, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам i пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусцiў нос да зямлi i звесiў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогi, падняў галаву, паглядзеў на шашу i пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранiзлiва закрычала. Мiма, вiскочучы шынамi, iмклiва iмчалася вялiкая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад i, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламi. У акенцах з'явiлiся твары, павярнулiся назад, машына на iмгненне сцiшыла ход, потым зноў набрала хуткасць i знiкла з вачэй. А сабака з вываленымi вантробамi ляжаў акрываўленым камяком на зямлi, слаба падрыгваючы нагамi.
Ружа Сарона ўтаропiлася на яго шырока расплюшчанымi вачамi.
- Мне гэта не пашкодзiць? - жаласна запыталася яна. - Як ты думаеш, не пашкодзiць?
Конi абняў яе.
- Iдзi пасядзi, -сказаў ён. -Гэта нiчога.
- Але я адчула боль. Калi я закрычала, нешта ў мяне ўсярэдзiне нiбы абарвалася.
- Iдзi пасядзi. Гэта нiчога. З табой нiчога не будзе. - Ён падвёў яе да грузавiка, далей ад сабакi, i пасадзiў на падножку.
Том i дзядзька Джон падышлi да акрываўленага камяка. Пакалечанае цела сабакi апошнi раз сутаргава страпянулася i замерла. Том узяў яго за заднiя лапы i адцягнуў на абочыну. Дзядзька Джон стаяў збянтэжаны, быццам на iм ляжала вiна за тое, што здарылася.
- Няхай бы я прывязаў яго, - сказаў ён.
Бацька глянуў на сабаку i адвярнуўся.
- Паехалi далей, - сказаў ён. - Мы ўсё роўна не пракармiлi б яго. Так, можа, i лепш.
З-за грузавiка вынырнуў гаспадар заправачнай.
- Вось шкада, людзi, - сказаў ён. - Каля вялiкай шашы сабачае жыццё кароткае. За год у мяне тут трох раздушыла. Больш iх не трымаю. - I дадаў: Вы не трывожцеся. Я ўсё зраблю. Адцягну ў кукурузу i там закапаю.
Мацi падышла да Ружы Сарона, якая сядзела на падножцы, усё яшчэ калоцячыся з перапуду.
- Ну што з табой, Разашарна? - запыталася яна. - Табе нядобра?
- Усё было на маiх вачах. Я вельмi перапужалася.
- Я чула твой крык. Але цяпер пара ўжо супакоiцца.
- Думаеш, мне гэта не пашкодзiць?
- Не, - адказала мацi. - Калi будзеш глядзець насупай, ад усяго нюнi распускаць i цацкацца сама з сабой, вось тады добрага не чакай. А зараз падымайся, памажы бабку ўсадзiць. I хоць на хвiлiну кiнь думаць пра сваё дзiця. Яно само пра сябе паклапоцiцца.
- А дзе яна, бабка?
- Не ведаю. Недзе тут. Можа, у прыбiральнi.
Ружа Сарона пайшла да будкi i неўзабаве вярнулася, ведучы за руку бабку.
- Яна там заснула, - сказала Ружа Сарона.
Бабка шырока ўсмiхнулася:
- А як там добра! Такое ўсё фiрменнае, i вада яшчэ лiецца згары. - I радасна дадала: - Мне вельмi спадабалася. Я б там добра выспалася, ды вось жа пабудзiлi...
- Не самае гожае месца для спання, - сказала Ружа Сарона i падсадзiла бабку ў кабiну. Тая задаволена апусцiлася на сядзенне i сказала:
- Гожае цi нягожае, а што добра, дык добра.
- Ну, паехалi, - сказаў Том. - Яшчэ шмат мiль наперадзе.
Бацька паклаў два пальцы ў рот i пранiзлiва свiснуў.
- Во, цяпер малыя недзе зашылiся, - сказаў ён i яшчэ раз свiснуў.
Праз момант дзецi выскачылi з кукурузы - Руцi наперадзе, Уiнфiлд за ёю.
- Яйкi! - крыкнула Руцi. - Я мяккiя яйкi знайшла! - Яна падбегла да грузавiка, Уiнфiлд не адставаў. - Гляньце! - На мурзатай далонi ляжаў з дзесятак маленькiх светла-шэрых яек. I калi яна працягнула руку, каб паказаць знаходку, позiрк яе ўпаў на здохлага сабаку, якi ляжаў з краю дарогi. - Ой! крыкнула яна i разам з Уiнфiлдам асцярожна падышла да сабакi. Абое пачалi разглядаць яго.
Бацька паклiкаў малых:
- Ну, хутчэй, а то без вас паедзем.
Дзецi моўчкi павярнулiся i пайшлi да грузавiка. Яшчэ раз глянуўшы на маленькiя яйкi нейкай рэптылii, Руцi скiнула iх з далонi i разам з Уiнфiлдам ускараскалася па борце на машыну.
- У яго яшчэ вочы адплюшчаныя, - здушаным голасам прагаварыла яна.
Але Ўiнфiлд вырашыў трымацца малайцом i храбра сказаў:
- У яго кiшкi ўсе так i вывалiлiся, так i вывалiлiся... - I, крыху памаўчаўшы, зноў: - Вывалiлiся... усе кiшкi. - Раптам ён упаў на жывот над самым краем борта i званiтаваў. Калi зноў сеў, вочы яго слязiлiся, з носа цякло. - Калi свiней рэжуць, тады зусiм iншае, - апраўдваўся ён.
Эл падняў капот "гудзона" i змераў узровень масла ў маторы. Потым дастаў з-пад сядзення ў кабiне бляшанку ёмiстасцю адзiн галон, падлiў у картэр таннага чорнага масла i зноў праверыў яго ўзровень.
Падышоў Том.
- Хочаш, цяпер трохi я павяду? - запытаўся ён у Эла.
- Я не стамiўся, - адказаў той.
- Але ж ты ноччу зусiм не спаў. Я хоць крышачку прыкархнуў ранiцай. Залазь наверх. Я пакiрую.
- Ну давай, - неахвотна згадзiўся Эл. - Толькi за маслам сачы. Не ганi. Я ўсё баюся кароткага замыкання. Паглядай на стрэлку амперметра. Калi яна скокне на нуль, значыць, замыканне. I, Том, не ганi. Машына вельмi перагружаная.