Страница:
I нарэшце бацька, мацi i дзядзька Джон выйшлi з канторы, прыгнечаныя i маўклiвыя. Дзядзька Джон палез наверх. Бацька з мацi занялi свае месцы ў кабiне. Том з Элам вярнулiся, i Том сеў за руль. Ён моўчкi чакаў, што яму скажуць. Бацька глядзеў проста перад сабой, насунуўшы цёмны капялюш нiзка на лоб. Мацi пацiрала пальцамi куткi губ, i позiрк у яе быў адсутны, разгублены, мёртвы ад знясiлення.
Бацька глыбока ўздыхнуў.
- Нiчога не зробiш, - прамовiў ён.
- Я ведаю, - сказала мацi. - А ўсё-такi ёй хацелася, каб яе пахавалi прыстойна. Яна заўсёды пра гэта гаварыла.
Том пакасiўся на iх.
- Як жабрачку? - запытаўся ён.
- Так. - Бацька матнуў галавой, нiбы намагаючыся вярнуцца ў рэчаiснасць. Грошай не хапiла. Не здужалi. - Ён павярнуўся да мацi: - Ты не бяры так блiзка да сэрца. Як нi выкручвайся, што нi рабi, усё роўна нiчога не выйдзе. Няма грошай. Духмянасцi, дамавiна, пастар, месца на могiлках... Мы i дзесятай долi не наскрабём. А што маглi, тое зрабiлi.
- Я ўсё разумею, - сказала мацi. - Проста з галавы не выходзiць, як яна спадзявалася, што яе прыстойна пахаваюць. Трэба не думаць пра гэта. - Яна цяжка ўздыхнула i пацерла куток рота. - А начальнiк гэты - чалавек добры. Фанабэрысты, а ўсё ж добры.
- Яно так, - сказаў бацька. - Ён адкрыта з намi гаварыў.
Мацi адкiнула рукой назад валасы. Моцна сцяла вусны.
- Трэба ехаць, - сказала яна. - Трэба выбраць добрае месца. Знойдзем работу, уладкуемся. Не марыць жа дзяцей голадам. Гэта не па-бабчынаму. Яна i на хаўтурах заўсёды добра наядалася.
- Куды едзем? - запытаўся Том.
- У лагер, - адказаў бацька. - Пакуль не знойдзем работы, апошняе трацiць нельга. Выязджай за горад.
Том запусцiў матор, i грузавiк праехаў некалькi вулiц i пакiнуў горад ззаду. Каля моста яны ўбачылi шмат палатак i халупак.
Том сказаў:
- Давайце тут спынiмся. Паслухаем людзей, даведаемся, цi ёсць дзе работа. - Грузавiк з'ехаў па крутым земляным спуску з шашы i спынiўся на краi лагернай стаянкi.
У лагеры не было нiякага парадку - маленькiя шэрыя палаткi, халупкi, машыны стаялi дзе папала. Як выглядала крайняя халупка, цяжка апiсаць словамi. Паўднёвы бок - тры лiсты ржавага рыфленага жалеза, усходнi бок - стары дывановы палавiк, прыбiты да дзвюх дошак, паўднёвы - паласа толю i абрывак дзiравай парусiны, а заходнi - шэсць кавалкаў мешкавiны. Над квадратным каркасам - пераплёт з вярбовага вецця, на якi накiдана трава, не разасланая, а наваленая кучай. З таго боку, дзе сценка была з мешкавiны, каля ўвахода, быў раскiданы ўсякi скарб. Пяцiгалонавы бiтон з-пад газы, пакладзены набок, служыў печкай, i з яго тырчала ржавая дымавая труба. Бак, каб кiпяцiць ваду, ляжаў каля дзяружнай сценкi, а навокал - цэлы набор скрынак: скрынкi замест крэслаў, скрынкi замест сталоў. Побач з халупкай стаяў стары крыты "форд" мадэлi "Т" з двухколым прычэпам. Усё сведчыла пра тое, што людзi ў гэтым жытле апусцiлiся, заняпалi духам.
За халупкай стаяла маленькая палатка, пашарэлая ад часу i непагадзi, але чысценькая, акуратная; i скрынкi тут былi роўна расстаўлены каля пярэдняй сценкi. Мiж полак палаткi вытыркалася пячная труба, зямля каля ўвахода была добра падмецена i спырскана вадой. На адной скрынцы стаяла вядро з замочанай бялiзнай. Тут панавала ахайнасць i грунтоўнасць. Каля палаткi - легкавая машына мадэлi "А" з маленькiм самаробным прычэпам-спальняй.
А далей вiдаць была вялiзная палатка, iрваная, пашкуматаная, прарэхi былi дзе-нiдзе сцягнуты дротам. Полкi былi расхiнутыя, усярэдзiне ляжалi на зямлi чатыры шырокiя матрацы. На бялiзнавай вяроўцы, нацягнутай уздоўж паўднёвай сценкi, сушылiся ружовыя баваўняныя сукенкi i некалькi пар камбiнезонаў. Усяго ў лагеры было сорак палатак i халупак, i каля кожнага жытла стаяў аўтамабiль якой-небудзь маркi. Некалькi дзяцей высыпала з палатак. Спачатку яны здалёку разглядалi грузавiк, якi толькi што пад'ехаў, потым рушылi да яго ўсёй кампанiяй - басаногiя маленькiя хлопчыкi ў камбiнезонах, з шэрымi ад пылу валасамi.
Том заглушыў матор i зiрнуў на бацьку.
- Непрыгляднае месцейка, - сказаў ён. - Можа, далей паедзем?
- Чаго ехаць, калi мы не разведалi, што i як, - адказаў бацька. Спытаемся, як тут з работай.
Том адчынiў дзверцы i выйшаў з машыны. Верхнiя пасажыры саскочылi з паклажы на зямлю i сталi з цiкаўнасцю аглядаць лагер. Руцi з Уiнфiлдам, ужо прывыклыя за дарогу, адчапiлi ад борта вядро i пайшлi ў вярбняк, за якiм, як яны разумелi, была вада, i ланцужок дзяцей рассунуўся, прапускаючы iх, i зноў самкнуўся.
Мешкавiна крайняй халупкi расхiнулася, i адтуль вызiрнула жанчына ў брудным старамодным квяцiстым капоце. Сiвыя валасы, заплеценыя ў коскi, тупы твар, худы i маршчынiсты, пад пустымi вачамi - вялiкiя шэрыя мяшкi, губы бязвольна адвiслыя.
Бацька запытаўся ў яе:
- Можна тут дзе-небудзь стаць на прывал?
Галава знiкла. Якую хвiлiну за дзяругай было цiха, потым полкi рассунулiся i з халупкi выступiў барадаты чалавек у камiзэльцы. Жанчына выглядала з-за яго пляча, але за iм не выйшла.
Барадач сказаў:
- Дабрыдзень, - i яго неспакойныя вочы агледзелi спачатку людзей, кожнага па чарзе, потым грузавiк i паклажу.
Бацька сказаў:
- Я вось пытаюся ў вашай жонкi, цi нельга нам дзе-небудзь у вас размясцiцца.
Барадач пiльна паглядзеў на бацьку, быццам той сказаў нешта дужа мудрагелiстае, што патрабуе роздуму.
- Дзе-небудзь размясцiцца ў нас? - перапытаў ён.
- Ну так. Цi, можа, тут ёсць гаспадар i трэба спярша схадзiць да яго?
Барадач прыжмурыў у шчылiнку адно вока, не зводзячы позiрку з бацькi.
- Вы хочаце зрабiць прывал?
Бацька пачаў трацiць цярпенне. Сiвая жанчына ўсё выглядала з-за дзяругi.
- Пра што ж я кажу, як па-вашаму? - сказаў бацька.
- Што ж, раз захацелi тут стаць, што вас трымае? Я вам не забараняю.
Том зарагатаў:
- Дайшло нарэшце.
Бацька стрымлiваў сябе як мог:
- Я толькi хачу ведаць, цi ёсць тут гаспадар. Трэба плацiць цi не?
Барадач выпнуў падбародак:
- Цi ёсць гаспадар?
Бацька адвярнуўся ад яго.
- А халера з iм, - сказаў ён. Галава жанчыны нырнула ў халупку.
Барадач пагрозлiва ступiў наперад.
- Цi ёсць гаспадар? - паўтарыў ён. - Хто пасмее выгнаць нас? Не, ты мне скажы.
Том загарадзiў сабой бацьку.
- Iдзi праспiся лепш, - сказаў ён. У барадача адвiсла скiвiца, i ён памацаў нiжнюю дзясну брудным пальцам. Хвiлiну ён прыглядаўся да Тома, па-ранейшаму глыбакадумна i дапытлiва, i раптам крута павярнуўся на абцасах i шмыгнуў у халупку ўслед за сiвой жанчынай.
Том глянуў на бацьку:
- Што за д'ябальшчына?
Бацька пацiснуў плячамi. Ён разглядаў лагер. Перад адной палаткай стаяў стары "б'юiк" са знятым капотам. Нейкi малады чалавек прыцiраў клапаны i, круцячы корбу, раз-пораз кiдаў позiрк на грузавiк Джоўдаў. Яны заўважылi, што ён цiшком пасмейваецца. Калi барадач схаваўся за дзяругай, малады чалавек кiнуў працу i падышоў да Джоўдаў.
- Здарова! - павiтаўся ён, i яго блакiтныя вочы весела блiснулi. - Ну, пазнаёмiлiся з нашым мэрам?
- Што з iм такое? - запытаўся Том.
Малады чалавек хмыкнуў:
- Ды нiчога. Ён такi самы чокнуты, як мы з табой. Можа, трохi горшы, хто ведае.
Бацька сказаў:
- Я толькi спытаўся ў яго, цi можна тут стаць на прывал.
Малады чалавек выцер замасленыя рукi аб штаны.
- Ну, канешне, можна. Чаму ж не? Вы нядаўна сюды прыехалi?
- Ага, - адказаў Том. - Толькi сёння ранiцай.
- Першы раз у Гувервiлi?
- У якiм Гувервiлi?
- Ды вось у гэтым самым.
- А-а... - працягнуў Том. - Мы толькi што пад'ехалi.
Уiнфiлд i Руцi вярнулiся, несучы ўдваiх вядро вады.
Мацi сказала:
- Давайце раскладвацца. Я зусiм знемаглася. Можа, тут адпачнём.
Бацька i дзядзька Джон залезлi на грузавiк i пачалi знiмаць з яго брызент i матрацы.
Том падышоў да маладога чалавека i пайшоў з iм да машыны, якую той рамантаваў. Шлiфавальны станочак ляжаў на блоку, а на вакуумным бачку прымасцiлася бляшанка з наждачным саставам. Том запытаўся:
- А што з iм за чорт, з гэтым барадачом?
Малады чалавек узяў сваю корбу i зноў пачаў прыцiраць клапан да гнязда.
- З мэрам? А бог яго ведае. Напэўна, ачмурэў.
- Як гэта - ачмурэў?
- Яго, пэўна, палiсмены так заганялi, што яшчэ i цяпер у яго ў мазгах кручэнне.
- А нашто ганяць такога?
Малады чалавек адклаў убок корбу i глянуў Тому проста ў вочы.
- А бог iх ведае, - сказаў ён. - Ты толькi што прыехаў. Можа, ты разважыш, у чым тут справа. Адны так гавораць, другiя гэтак. Вось пажывеш крыху на адным месцы, а там заявiцца шэрыфскi памагаты i пагонiць цябе далей. - Ён прыпадняў клапан i змазаў гняздо наждачнай масай.
- А навошта?
- Кажу ж табе - не ведаю. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што яны нiбыта не хочуць, каб мы ў выбарах удзельнiчалi, вось i ганяюць з месца на месца. А iншыя кажуць - каб не даваць нам дапамогi. А яшчэ я такое чуў: каб мы не маглi разам сабрацца i арганiзавацца. Я ўвесь час на колах - адусюль гоняць. Пачакай, на сабе адчуеш.
- Мы не бадзягi якiя, - упарцiўся Том. - Мы працы шукаем. Мы гатовыя на любую работу.
Малады чалавек на момант кiнуў прыладжваць корбу да шлiца клапана i здзiўлена глянуў на Тома.
- Працы шукаеце? А-а... шукаеце працы... А ўсе астатнiя чаго, па-твойму, шукаюць? Алмазаў? Я сабе ўжо ўвесь зад ушчэнт сцёр, а чаго я шукаю, як ты думаеш? - Ён крутнуў корбу ўзад i ўперад.
Том паглядзеў на панылыя палаткi, на розную старызну i хлам каля iх, на дапатопныя машыны, на праляжаныя, камлякаватыя матрацы, вынесеныя на сонца, на закураныя бляшанкi над чорнымi ад дыму ямамi, дзе гатавалi ежу, i цiха запытаўся:
- Дык работы няма?
- Пакуль што не. Можа, пазней. Цяпер тут нiякiх ураджаяў не збiраюць. Вiнаграду рана, бавоўне таксама яшчэ рана. Мы далей едзем, вось толькi клапаны прытру. У мяне жонка i дзецi малыя. Мы чулi, далей на поўнач праца ёсць. На поўнач i паедзем, да Салiнаса, што недалёка ад узбярэжжа.
Том бачыў, як дзядзька Джон, бацька i прапаведнiк нацягваюць на жэрдкi брызент, а мацi, апусцiўшыся пад iм на каленi, змятае пыл з матрацаў. Новых суседзяў кальцом абкружылi людзi, басаногiя, мурзатыя, i моўчкi сачылi, як яны асталёўваюцца. Том сказаў:
- Там у нас раздавалi лiсткi - такiя аранжавыя. У iх пiсалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.
Малады чалавек засмяяўся:
- Тут кажуць, трыста тысяч такiх, як мы, i iду ў заклад, што сярод iх не знойдзецца i адной сям'i, якая не бачыла гэтых лiсткоў.
- Так, але калi iм не патрэбныя людзi, навошта яны друкуюць такое?
- А ты паварушы, паварушы мазгамi.
- Добра, але ўсё ж скажы.
- Слухай, - сказаў малады чалавек. - Дапусцiм, ты прапануеш работу, а ахвотнiк на яе знайшоўся толькi адзiн. Значыць, колькi ён запросiць, столькi ты яму i дасi. А дапусцiм, ахвотнiкаў сотня. - Ён адклаў iнструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: - Дапусцiм, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. I дапусцiм, у iх ёсць дзецi, i дзецi сядзяць галодныя. За паршывы дзесяцiцэнтавiк iх можна накармiць маiсавай кашай. Дапусцiм нават, што i за пяць купiш дзецям мiску чаго-небудзь. I такiх, як ён, цэлая сотня. Прапануй iм пяць цэнтаў, i яны з-за гэтай нiкелевай манеты горла адзiн аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькi мне плацiлi на апошнiм месцы? Пятнаццаць цэнтаў у гадзiну. За дзесяць гадзiн паўтара даляра, а жыць там паблiзу не дазвалялi. На адну дарогу колькi бензiну перапалiш. - Ён душыўся ад гневу, вочы гарэлi нянавiсцю. - Вось таму лiсткi гэтыя i друкуюць. А на тыя грошы, якiя гаспадары зэканомяць, плацячы па пятнаццаць цэнтаў за цяжкую працу ў полi, можна чортаву процьму такiх лiсткоў навыпускаць.
Том сказаў:
- Во дзярмо.
Малады чалавек з'едлiва засмяяўся:
- А ты пажывi тут крыху i, калi ўчуеш дзе водар ружаў, паклiч мяне, я таксама панюхаю.
- Але ж павiнна дзе-небудзь тут быць работа, - не здаваўся Том. - Божа мой, колькi тут усяго - фруктовыя сады, вiнаграднiкi, агароды! Я ж бачыў. На ўсё гэта людзi патрэбныя. Я ўсё сваiмi вачамi бачыў.
З палаткi, каля якой стаяла машына, пачуўся плач дзiцяцi. Малады чалавек пайшоў у палатку, i за брызентам пачуўся яго цiхi голас. Том узяў корбу, прыладзiў яе да шлiца клапана i пачаў прыцiраць яго, водзячы рукой то ў адзiн, то ў другi бок. Дзiця перастала плакаць. Малады чалавек выйшаў з палаткi i стаў каля Тома, сочачы за яго работай.
- А ты ведаеш справу, - сказаў ён. - Гэта добра. Яшчэ прыдасца.
- Ну а ўсё ж такi як наконт таго, што я гаварыў? - напомнiў Том. - Я бачыў, колькi тут усяго расце.
Малады чалавек прысеў каля яго на кукiшкi.
- Вось што я табе скажу, - пачаў ён цiха. - Ёсць тут паблiзу персiкавы сад - вялiзны, канца-краю няма. Я ў iм працаваў. Круглы год яго даглядаюць дзевяць чалавек. - Ён шматзначна памаўчаў. - А калi персiкi паспяваюць, туды патрэбны на два тыднi тры тысячы рабочых. Столькi не знойдуць - усё пагнiе. Дык што яны робяць? Рассылаюць гэтыя лiсткi, куды толькi могуць. Iм патрэбны тры тысячы, а прыязджае цэлых шэсць. I гаспадар колькi захоча, столькi i плацiць. А не хочаш працаваць за такую плату, воля твая - месца тваё гатова заняць тысяча чалавек. I вось ты рвеш i рвеш гэтыя персiкi з дрэў, i нарэшце канец - усе дрэвы голыя. А там паўсюль адны толькi персiкi i растуць. I паспяваюць яны адной парой. Калi фрукты ўжо знятыя, дык усе да апошняга. Больш ва ўсёй акрузе рабiць няма чаго. Гаспадары не хочуць, каб ты там цяпер тырчаў. А такiх, як ты, тры тысячы. Усё, праца скончылася. Хто цябе ведае - можа, ты злодзей, можа, ты п'янiца цi дэбашыр. Да таго ж i выгляд у цябе не вельмi самавiты - тулiшся ў пашарпанай палатцы; край цудоўны, а ад цябе смурод iдзе. Няма чаго тут швэндацца. Ну i гоняць цябе ў шыю - далей, далей. Вось яно як.
Том глянуў у бок сваёй палаткi i ўбачыў мацi - ледзь рухаючыся ад стомы, яна распальвала невялiкае вогнiшча i ставiла на агонь кацялкi. Кола дзяцей падступiла блiжэй, i спакойныя, шырока расплюшчаныя дзiцячыя вочы сачылi за кожным рухам яе рук. Зусiм састарэлы згорблены дзядок выпаўз, як барсук, з адной палаткi i пайшоў да iх, на хаду прынюхваючыся да пахаў. Закiнуўшы рукi за спiну, ён стаў разам з дзецьмi назiраць, што робiць мацi. Руцi з Уiнфiлдам не адыходзiлi ад мацi, ваяўнiча пазiраючы на чужакоў.
Том рашуча сказаў:
- Персiкi трэба адразу абiраць, так? Як толькi паспеюць?
- Ну вядома.
- А што, калi ўсiм згаварыцца i заявiць: "Няхай гнiюць"? Тады яны, як мiленькiя, плату адразу павысяць!
Малады чалавек адарваў вочы ад клапанаў i з'едлiва глянуў на Тома.
- Нiчога не скажаш, прыдумаў! Сваiм розумам дайшоў?
- Я зусiм выматаўся, - адказаў Том. - Усю ноч за рулём сядзеў. Не хочацца ўцягвацца ў спрэчку. Так стамiўся, што ад любой дробязi магу ўскiпець. Ты лепш не задзiрайся. Адказвай, калi ў цябе пытаюцца.
Малады чалавек шырока ўсмiхнуўся:
- Ды я проста так. Ты толькi што прыехаў. А людзi тут ужо ўсё зразумелi. I тыя, у каго персiкавыя сады, таксама ўсё разумеюць. Вось паслухай: каб з'яднацца, важак патрэбен, без яго нiяк нельга - нехта ж павiнен гаварыць i тлумачыць. А варта яму толькi рот раскрыць, яго зараз жа хоп! - i за краты. А вынырне хто другi, яны i яго раз! - i за краты.
Том сказаў:
- Што ж, арыштанта, прынамсi, хоць кормяць.
- А дзяцей яго - не. Табе б так падабалася - ты сядзiш сабе ў турме, а дзецi твае з голаду памiраюць?
- Во-о як, - працягнуў Том. - Во-о як...
- I яшчэ адно. Пра чорныя спiсы ты чуў?
- I што гэта такое?
- А вось палезь у пастку - заiкнiся толькi наконт таго, каб усiм дзейнiчаць заадно, адразу пазнаеш. З цябе зробяць здымак i разашлюць ва ўсе канцы. Тады ўжо работы нiдзе не знойдзеш. А калi ў цябе яшчэ i дзецi ёсць...
Том зняў з галавы кепку i пачаў камечыць яе ў руках.
- Хм... значыць, што падвернецца, тое i бяры або здыхай з голаду. А пасмееш хоць пiкнуць - здохнеш як пiць даць.
Малады чалавек абвёў рукою шырокi круг, паказваючы на падраныя палаткi i пабiтыя ржой аўтамашыны.
Том зноў глянуў на мацi - цяпер яна абiрала бульбу. Дзецi падступiлi да яе яшчэ блiжэй. Ён сказаў:
- Не, я на такое не згодзен. Мы, каб на iх чэрцi, не авечкi. Вось вазьму i дух выб'ю з каго-небудзь.
- Можа, з палiсмена?
- Ды хоць з каго.
- Ты чокнуты, - сказаў малады чалавек. - З табой умомант расправяцца. Нi iмя ў цябе няма, нi маёмасцi нiякай. Знойдуць цябе ў канаве, калi ўжо кроў на твары запячэцца. А ў газеце надрукуюць толькi адзiн маленькi радочак - ведаеш якi? "Знойдзены труп бадзягi".
Том сказаў:
- Каля гэтага бадзягi яшчэ аднаго мерцвяка знойдуць.
- Ты чокнуты, - паўтарыў малады чалавек. - I што ты гэтым дакажаш?
- Ну, а ты што наважыў? - Том паглядзеў на вымазаны тавотам твар; вочы ў маладога чалавека быццам туманам завалакло.
- Нiчога. Вы адкуль?
- Мы? З-пад Салiса, Аклахома.
- Нядаўна прыехалi?
- Толькi сёння.
- I доўга тут думаеце заставацца?
- Хто ведае. Дзе знойдзем працу, так i асядзем. А што?
- А нiчога, - адказаў малады чалавек, i вочы ў яго зноў затуманiлiся.
- Пайду пасплю, - сказаў Том. - Заўтра зрання паедзем работу шукаць.
- Што ж, паспрабуйце.
Том павярнуўся i пакрочыў да сваёй палаткi.
Малады чалавек узяў бляшанку з наждачнай маззю для прыцiркi клапанаў i запусцiў у яе палец.
- Гэй! - раптам крыкнуў ён услед Тому. Той азiрнуўся.
- Што табе?
- Хачу нешта сказаць. - Малады чалавек паманiў Тома пальцам, вымазаным маззю. - Проста хачу табе нешта сказаць. Ты не лезь на ражон. Памятаеш таго ачмурэлага?
- З той вунь халупкi?
- Ага... прыдуркаваты такi... нiчога не цямiць.
- Ну i што?
- Калi сюды заявяцца палiсмены, а яны часцяком да нас наведваюцца, i ты такiм прыкiнься. Маўчы - нiчога не ведаеш, нiчога не разумееш. Палiсмены толькi такiх нас i церпяць. I рукам волi не давай - гэта проста самагубства. Зрабi выгляд, што ты ачмурэў ад страху.
- Дык што - няхай палiсмен што хоча, тое i робiць з табой, а ты маўчы?
- Ды не, што ты. Я зазiрну да цябе вечарком. Можа, i не след мне гэтага рабiць. Паўсюль шпiкi. Я iду на рызыку, у мяне ж малое дзiця. Але ўсё роўна зайду. А ты, калi ўбачыш палiсмена, прыкiнься дурнем, гэткiм Окi, зразумеў?
- Што ж, гэта можна, калi справу рабiць, - адказаў Том.
- Ты не хвалюйся. Мы без справы не сядзiм, толькi на вочы не лезем. Дзiцяцi многа не трэба - два-тры днi пагаладае, i канец. - Ён зноў узяўся за працу, змазаў гняздо клапана, узяў корбу, i рука яго шпарка захадзiла ўзад i ўперад. Пагляд у яго зрабiўся нейкi тупы, бяздумны.
Том няспешна пабрыў да сваёй палаткi.
- Ачмурэлы... - цiха прамовiў ён.
Бацька i дзядзька Джон падышлi да палаткi, несучы бярэмi сухога голля, скiнулi яго каля вогнiшча i прыселi на кукiшкi.
- Тут блiзка ўсё падабралi, - сказаў бацька. - Давялося далёка iсцi. - Ён зiрнуў на дзяцей, што абкружылi вогнiшча i лупiлi на яго вочы. - Божа лiтасцiвы! - усклiкнуў ён. - Адкуль вас столькi набегла? - I дзецi збянтэжана апусцiлi вочы долу.
- Пэўна, пачулi пах ежы, - сказала мацi. - Уiнфiлд, не круцiся пад нагамi. - Яна адштурхнула хлопчыка. - Думаю стушыць трохi мяса. Гарачага мы з самага ад'езду не елi. Бацька, схадзi ты ў краму, вазьмi каркавiны. Я патушу яе, пальчыкi аблiжаце. - Бацька падняўся з кукiшак i пайшоў.
Эл адкiнуў капот грузавiка i пачаў разглядаць запэцканы змазкай рухавiк. Пачуўшы за спiнай крокi Тома, падняў галаву.
- У цябе такi бесклапотны выгляд, як у птушкi, - сказаў Эл.
- Я проста скачу ад радасцi, як жаба ў вясновы дожджык, - адказаў Том.
- Глянь на матор, - Эл паказаў пальцам пад капот. - Здорава, га?
Том зазiрнуў усярэдзiну.
- Ага, як быццам нiчога.
- Нiчога? А па-мойму, цудоўна. Масла зусiм не прапускае. Усё добра прыцёрта. - Ён выкруцiў свечку i засунуў у адтулiну палец. - Нагар крыху ёсць, але сухая.
Том сказаў:
- Што ж, малайчына, правiльна выбраў. Ты гэта хочаш ад мяне пачуць?
- Я ўсю дарогу баяўся: вось зараз рассыплецца ўсё, а вiнаваты буду я.
- Не, ты правiльна выбраў. А зараз правер усё як след, бо заўтра зранку паедзем працу шукаць.
- Яна яшчэ як пакоцiць, - сказаў Эл. - Можаш не баяцца. - Ён выняў з кiшэнi ножык i пачаў ачышчаць электроды на свечцы.
Том завярнуў за палатку i ўбачыў Кейсi. Ён сядзеў на зямлi, засяроджана разглядаючы правую ступню босай нагi. Том цяжка апусцiўся на зямлю каля яго.
- Ну як, працуе?
- Што? - не зразумеў Кейсi.
- Нага твая.
- Ага... Гэта я проста так. Сяджу i думаю.
- Ты, пэўна, толькi ў такой зручнай позе i можаш думаць, - сказаў Том.
Кейсi паварушыў пальцамi нагi - вялiкi палец угору, суседнi ўнiз - i спакойна ўсмiхнуўся.
- Думаць заўсёды нялёгка, як нi выкручвайся - хоць крукам.
- Даўно ўжо не чуў я твайго голасу, - сказаў Том. - Усё думаеш, думаеш?
- Ага, думаю.
Том зняў з галавы сваю баваўняную кепку, цяпер ужо брудную, заношаную, са зламаным пасярэдзiне брылём, адагнуў адварот i выняў доўгую вузкую пракладку з газетнай паперы.
- Збеглася ад поту, цеснаватая стала, - сказаў ён i паглядзеў на голыя пальцы, якiмi не пераставаў варушыць Кейсi. - Можа, ты адарвешся на хвiлiнку ад сваiх думак i паслухаеш, што я скажу?
Кейсi павярнуў да яго галаву на доўгай, як сцябло, шыi.
- Я ўвесь час слухаю. Таму i задумваюся. Паслухаю, што людзi кажуць, i пачынаю разумець, што яны адчуваюць. Я iх увесь час чую, я адчуваю iх; людзi б'юць крыламi, як птушка, што заляцела на гарышча. Скончыцца тым, што паламаюць яны крылы аб пыльныя шыбiны, а на волю так i не вырвуцца.
Том доўга пазiраў на яго шырока расплюшчанымi вачамi, тады адвярнуўся i глянуў на шэрую палатку за дваццаць футаў ад iх. На яе адцяжках сушылiся памытыя штаны, кашулi i сукенкi. Том цiха сказаў:
- Пра гэта я i хацеў з табой пагаварыць. А ты, аказваецца, сам усё бачыш.
- Бачу, - пацвердзiў Кейсi. - Такiх, як мы, цэлая армiя, а аброцi на ёй няма. - Ён апусцiў галаву i паволi правёў па лбе i па валасах рукою. - Я ўсюды гэта бачыў. Усюды, дзе мы нi спынялiся. Людзi згаладалiся, мараць пра кавалак мяса, а як дарвуцца да яго, наесцiся не могуць. А калi ўжо дарэшты згаладаюцца, так згаладаюцца, што ўжо сiлы няма трываць, тады просяць мяне памалiцца. I, бывае, я малюся. - Ён сашчапiў рукi вакол паднятых каленяў i блiжэй падцягнуў ногi. - Раней я думаў, што малiтва памагае. Прачытаеш малiтву - i ўсе нягоды налiпнуць на яе, як мухi на паперу-лiпучку, а малiтва адляцiць i ўсё панясе з сабой. Але цяпер ужо не так.
Том сказаў:
- Малiтва мяса нiколi не давала. На гэта свiння патрэбна.
- Правiльна. I гасподзь усемагутны за працу таксама не плацiць. Усе гэтыя людзi хочуць жыць прыстойна, дзяцей хочуць выгадаваць добрымi людзьмi. А на старасцi год iм хочацца пасядзець на ганку i паглядзець, як сонца заходзiць. А маладым - патанцаваць, паспяваць i злюбiцца адно з адным. Усiм хочацца пад'есцi, калi-нiкалi выпiць i працаваць. Так, так - задаць такую работу мускулам, каб адчуць прыемную стому. Госпадзi! Нашто я ўсё гэта гавару?
- Хто цябе ведае, - сказаў Том. - Слухаць прыемна. Толькi калi ты ўжо кiнеш свае думкi хоць на кароткi час? Трэба ж нам i за працу брацца. Грошы канчаюцца. Бацька пяць даляраў аддаў, каб на бабчынай магiле дошку з надпiсам паставiлi. Зусiм мала засталося.
Худы буры дварняк выбег з-за палаткi, прынюхваючыся да зямлi. Ён трымаўся з асцярогай, гатовы ў любы момант даць цягу. Апусцiўшы нос долу i сапучы, ён падбег амаль ушчыльную да Тома i Кейсi, раптам учуў iх, падняў галаву, убачыў людзей, адскочыў убок i кiнуўся прэч, прыцiснуўшы вушы i падтулiўшы хвост. Кейсi праводзiў яго вачыма, пакуль ён не знiк за палаткай, i цяжка ўздыхнуў.
- Нiкому я дабра не прыношу, - сказаў прапаведнiк. - Нi сабе, нi другiм. Усё думаю: можа, мне лепш пайсцi ад вас. Я ем ваш хлеб, месца займаю. А ўзамен нiчога не даю. Можа, знайду дзе сталую работу, тады выплачу вам хоць частку свайго доўгу.
Том адкрыў рот, выпнуў нiжнюю скiвiцу i пастукаў па зубах сухой сцяблiнкай палявой гарчыцы. Вочы яго глядзелi за лагер - за шэрыя палаткi i халупкi з бляхi i кардону.
- Някепска было б цяпер пачак "Дэрэма" раздабыць, - сказаў ён. - Я не курыў ужо чорт ведае колькi. У Макалестары мы без курыва не сядзелi. Мяне часам назад туды цягне. - Ён зноў пастукаў сцяблiнкай па зубах i раптам павярнуўся да прапаведнiка. - Ты ў турме нiколi не сядзеў?
- Не, нiколi, - адказаў Кейсi.
- Ты так адразу ад нас не iдзi. Пачакай крыху.
- Чым раней пачну шукаць працу, тым хутчэй знайду.
Том пiльна паглядзеў на яго прыплюшчанымi вачамi i зноў надзеў на галаву кепку.
- Слухай, - сказаў ён. - Прапаведнiкi любяць пра малочныя рэкi з кiсельнымi берагамi расказваць, а тут гэтым i не пахне. Тут нядобрыя справы робяцца. Мясцовыя жыхары баяцца тых, хто прыязджае сюды, на Захад, i напускаюць на iх палiцыю, каб напалохаць нас i назад павярнуць.
- Так i ёсць, - сказаў Кейсi. - Я гэта ведаю. А чаму ты пра турму пытаўся?
Том раздумлiва загаварыў:
- Калi ў турме сядзiш... усё загадзя... нейкiм чуццём... угадваеш. Там гаварыць многа мiж сабой не дазваляюць... з адным, з двума можна, а набярэцца больш - разганяюць. Вось i робiшся такiм, што ўсё востра ўспрымаеш. Калi што-небудзь наспявае... ну, скажам, звiхнецца твой сусед па камеры, стукне наглядчыка ручкай швабры па галаве... а ты загадзя ведаў, што так будзе. Уцёкi, бунт... цябе пра гэта папярэджваць не трэба. Сам здагадваешся. Прадчуваеш.
- I што ж?
- Пабудзь тут, - сказаў Том. - Хоць да заўтра пабудзь. Тут нешта наспявае. Я тут з адным хлопцам пагаварыў. Хiтруе, вiляе, як каёт, толькi, здаецца, крыху перабраў. Каёт каётам. Асцярожлiвы такi, цiхманы, быццам у бязвiнную гульню гуляе... а мне ўсё думаецца, нездарма курыца квокча.
Кейсi дапытлiва паглядзеў на яго, адкрыў ужо рот, каб нешта сказаць, але раптам моцна сцiснуў губы. Ён паволi перабiраў пальцамi нагi, потым зняў рукi з калень, крыху выставiў наперад адну ступню i паглядзеў на яе.
- Добра, - сказаў ён, - я пачакаю, адразу не пайду.
Том сказаў:
- Калi цэлы гурт людзей, добрых, цiхамiрных людзей, не ведае, не разумее, што робiцца наўкол... значыць, трэба нечага чакаць.
- Я застаюся, - сказаў Кейсi.
- А заўтра зранку паедзем шукаць работу.
- Добра, - сказаў Кейсi i паварушыў пальцамi нагi, панура пазiраючы на iх. Том адкiнуўся назад, абапершыся на локаць, i заплюшчыў вочы. З-за брызенту да яго слыху данеслiся няясныя галасы Ружы Сарона i Конi.
Пад брызентам быў густы цень, i светлыя трохкутнiкi з абодвух бакоў выступалi рэзка i выразна. Ружа Сарона ляжала на матрацы, а Конi сядзеў побач на кукiшках.