Страница:
Том засмяяўся:
- Я буду сама ўвага. Можаш спаць спакойна.
Верхнiя пасажыры занялi свае месцы. Мацi зноў уселася каля бабкi, Том сеў за руль, нацiснуў стартэр.
- Ледзь лiпее, - прамармытаў ён, адпусцiў счапленне i выехаў на шашу.
Матор гуў роўна, сонца свяцiла ў ветравое шкло, хiлячыся на захад. Бабка моцна спала, i нават мацi задрамала, апусцiўшы галаву. Том насунуў кепку на вочы, каб не сляпiла сонца.
Ад Падэна да Мiкера - трынаццаць мiль; ад Мiкера да Хары - чатырнаццаць, а потым Аклахома-Сiцi - вялiкi горад. Том павёў машыну напрасткi праз горад. Мацi прачнулася i стала глядзець на вулiцы, па якiх яны праязджалi. I тыя, што сядзелi наверсе, таксама глядзелi на ўсе вочы на крамы, на высокiя жылыя дамы, на будынкi розных кантор i ўстаноў. А потым дамы i службовыя будынкi пачалi сустракацца радзей, рабiлася ўсё менш крамаў. Пацягнулiся аўтамабiльныя звалкi, сасiсачныя, загарадныя дансiнгi.
Руцi i Ўiнфiлд пазiралi на ўсё гэта i дзiвiлiся, моцна ўражаныя, - якi вялiкi горад, як тут усё незвычайна, колькi на вулiцах прыгожа апранутых людзей! Стаiўшы дыханне, яны не перакiнулiся нiводным словам. Потым нагаворацца, а цяпер маўчалi. Нафтавыя вышкi i ў горадзе, i на ўскраiне чорныя нафтавыя вышкi, i пах нафты i бензiну. Дзецi нават нi разу не ўскрыкнулi ад здзiўлення: усё тут было такое вялiзнае i такое незвычайнае, што iх узяў страх.
На адной вулiцы Ружа Сарона ўбачыла чалавека ў светлым касцюме. На iм былi белыя чаравiкi i пляскаты саламяны капялюш. Яна тыкнула Конi ў бок i вачамi паказала на гэтага дзiўнага чалавека, i абое сталi перасмейвацца мiж сабой, спачатку цiха, а потым мацней. Яны зацiскалi сабе рот далонню. Iм так было забаўна, што яны пачалi шукаць вачамi, з каго б яшчэ пасмяяцца. Руцi з Уiнфiлдам убачылi, як яны душацца ад смеху, i таксама паспрабавалi пахiхiкаць, але нiчога не выйшла - проста не маглi. А Ружа Сарона i Конi сядзелi чырвоныя i ледзь пераводзiлi дух, стараючыся стрымацца. Пад канец варта было iм толькi глянуць адно на аднаго, як яны зноў пырскалi ў кулак.
Прыгарад раскiнуўся шырока. Том вёў грузавiк паволi, асцярожна праз густы вулiчны рух i нарэшце выехаў на вялiкi заходнi шлях - шашу No 66, да палатна якой апускалася сонца. Ветравое шкло зацерушылася пылам. Том насунуў кепку яшчэ нiжэй на вочы, i цяпер яму даводзiлася задзiраць галаву назад, каб бачыць дарогу. Бабка так i не прачыналася, хоць сонца бiла ёй проста ў заплюшчаныя павекi; жылы на скронях былi блакiтныя, а тонкiя прожылкi на шчоках чырвоныя, як вiно, застарэлыя карычневыя плямы на твары яшчэ больш пацямнелi.
Том сказаў:
- Па гэтай дарозе так да канца i паедзем.
Мацi доўга маўчала i нарэшце сказала:
- Можа, пашукаем зручнага месца для прыпынку, пакуль сонца яшчэ не зайшло. Трэба свiнiны зварыць i хлеба спячы. На гэта пойдзе час.
- Ата, - пагадзiўся Том. - Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзiць.
Ад Аклахома-Сiцi да Бэтанi - чатырнаццаць мiль.
Том сказаў:
- I праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабiць прывал. Эл абяцаў паставiць тую штуку наверсе. А то яны там зусiм спякуцца.
Мацi зноў задрамала, але раптам ускiнула галаву, сказала:
- Трэба вячэру прыгатаваць. - I дадала: - Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.
Ён доўга не адказваў ёй.
- Праўда? Ну i што ж, ма? - нарэшце сказаў ён.
- Я баюся за цябе. Выходзiць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавiць.
Том засланiў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё нiжэй.
- Ты не хвалюйся, - сказаў ён. - Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпiсцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калi там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак i адбiткi пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калi за мной нiякiх правiнак не будзе, дык iм на мяне напляваць.
- I ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробiш i нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Калiфорнii многае такое лiчыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабiць, думаеш, усё законна, а ў Калiфорнii за гэта караюць.
- Тады ўсё роўна, што з падпiскай, што без, - сказаў Том. - Праўда, такiм, як я, больш перападае, чым каму. Але кiнь непакоiцца. У нас i без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лiшнi.
- А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу - вось табе i злачынства.
- Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Салiса i з голаду здыхаць, - сказаў Том. - Давай пашукаем месца для прывалу.
Праехалi Бэтанi з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзiла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскiнута палатка, над якой з комiна, прасунутага праз брызент, вiўся дымок. Том паказаў на палатку.
- Вунь нехта спынiўся. Бадай што, нядрэннае месца.
Ён збавiў газ i затармазiў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкi быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На iм былi таннае саламянае самбрэра, сiняя кашуля, чорная, у крапiнку, камiзэлька i зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокiя i доўгiя маршчыны на худых шчоках рабiлi больш кiдкiмi яго вострыя скулы i падбародак. Ён падняў галаву i паглядзеў на грузавiк Джоўдаў, i ў яго позiрку адлюстравалiся заклапочанасць i раздражненне.
Том высунуўся з акенца:
- Тут спыняцца нанач не забаронена?
Дагэтуль чалавек бачыў толькi грузавiк. Цяпер яго позiрк перабег на Тома.
- Не ведаю, - адказаў ён. - Мы спынiлiся тут толькi таму, што далей ехаць не можам.
- А вада тут паблiзу ёсць?
Чалавек паказаў на хiбарку заправачнай, што вiднелася мо за чвэрць мiлi наперадзе.
- Вада вунь дзе - вядро налiць дадуць.
Том быў у нерашучасцi.
- А нiчога, калi мы таксама тут спынiмся?
Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.
- Я тут не гаспадар, - адказаў ён. - Мы толькi таму тут сталi, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.
Том не здаваўся:
- Усё ж такi вы ўжо тут, а мы толькi прыехалi. Ваша права вырашаць перашкодзяць вам суседзi цi не.
Заклiк да гасцiннасцi падзейнiчаў iмгненна.
- Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогi. Вельмi будзем радыя. - I паклiкаў: - Сэйры, тут людзi спынiцца каля нас хочуць. Выйдзi паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, - паведамiў ён Тому.
Полкi палаткi расхiнулiся, i з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы лiст, i на iм гарэлi вочы - чорныя вочы, у глыбiнi якiх затаiўся страх. Маленькую жанчыну калацiла. Яна трымалася за адкiнутую полку палаткi, i рука яе нагадвала руку шкiлета, абцягнутую сухой скурай.
Яна загаварыла нiзкiм, прыгожым, мяккiм пявучым голасам, у якiм прабiвалiся звiнючыя ноткi.
- Скажы iм: з добрым прыбыццём, - прамовiла яна. - Скажы: сардэчна запрашаем.
Том з'ехаў з шашы i паставiў машыну ў полi побач з легкавой. Пасажыры выплюхнулiся з грузавiка, як кiпень з гаршка. Руцi i Ўiнфiлд так паспешлiва саскочылi, што ў iх ледзь не падкасiлiся замлелыя ногi, i ўзнялi вiск, калi ў лытках пачало паколваць, як iголкамi. Мацi адразу ўзялася за справу. Адвязала вялiкае вядро, што было прывязана ззаду грузавiка, i падышла з iм да дзяцей, якiя ўсё яшчэ вiшчалi.
- Iдзiце па ваду - вунь туды. Папрасiце далiкатна. Скажыце: "Будзьце ласкавыя, цi нельга нам налiць вядро вады?" I не забудзьцеся, скажыце: "Вялiкi дзякуй". Назад панесяце ўдваiх, толькi не расплюхайце па дарозе. А трапiцца на вочы сухое голле, захапiце з сабой - касцёр распалiм.
Дзецi патупалi да хацiны.
А каля палаткi адбылася маленькая замiнка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:
- Вы не з Аклахомы?
Эл, якi стаяў каля легкавушкi, паглядзеў на нумарны знак.
- Канзас, - сказаў ён.
Хударлявы чалавек растлумачыў:
- Мы з Галены, з яе наваколля. Уiлсан, Айвi Ўiлсан.
- А мы Джоўды. З-пад самага Салiса.
- Што ж, мы вельмi радыя пазнаёмiцца, - сказаў Айвi Ўiлсан. - Сэйры, гэта Джоўды.
- Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзiўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.
- Гавораць усе па-рознаму, - сказаў Айвi. - Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусiм дзiўна гаварыла. Ледзь разумелi яе.
Ной, дзядзька Джон i прапаведнiк узялiся разгружаць машыну. Спачатку памаглi дзеду злезцi i пасадзiлi яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставiўшы вочы проста перад сабой.
- Табе што, дзед, нядобра? - запытаўся Ной.
- Вельмi, - слабым голасам адказаў стары. - Страх як дрэнна.
Паволi i асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўiлсан.
- Можа, вам лепш зайсцi ў палатку? - запыталася яна. - Паляжыце там на матрацы, адпачнiце.
Пачуўшы яе мяккi голас, дзед падняў галаву.
- Хадзем, - сказала Сэйры. - Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.
Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцялiся, ён хрыпла ўсхлiпваў. Мацi кiнулася да яго i абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спiну, i павяла, пацягнула яго ў палатку.
Дзядзька Джон сказаў:
- Вiдаць, сапраўды дзед наш расхварэўся. Раней з iм гэтага не бывала. У жыццi не бачыў, каб ён слязу пусцiў. - Джон хуценька залез на грузавiк i скiнуў унiз матрац.
Мацi выйшла з палаткi i падышла да Кейсi.
- Вам даводзiлася даглядаць хворых, - сказала яна. - Дзед занядужаў. Можа, пойдзеце глянеце на яго?
Кейсi паспешлiва пайшоў у палатку. На зямлi ляжаў двухспальны матрац, акуратна засланы коўдрамi, у маленькай жалезнай печцы на ножках няроўна гарэў агонь. Вядро вады, драўляная скрынка з харчам, яшчэ адна замест стала - i ўсё. Заходняе сонца прасвечвала ружовым скрозь сцены палаткi. Сэйры Ўiлсан стаяла на каленях каля матраца, на якiм расцягнуўся на спiне дзед. Яго шырока расплюшчаныя вочы глядзелi ўгору, на твары гарэў румянец. Ён цяжка дыхаў.
Кейсi ўзяў яго кашчавае запясце ў пальцы.
- Крышачку стамiўся, дзед? - сказаў ён.
Шырока расплюшчаныя вочы пакасiлiся на голас i не знайшлi таго, хто гаварыў. Вусны заварушылiся, бязгучна вымаўляючы нейкiя словы. Кейсi памацаў дзеду пульс, адпусцiў яго руку i паклаў яму на лоб далонь. У целе старога iшло змаганне, ногi безупынна варушылiся, рукi не ведалi спакою. З вуснаў зрывалася неразборлiвае мармытанне, шчокi пад белай шчэццю налiлiся чырванню. Сэйры Ўiлсан цiха запыталася ў Кейсi:
- Вы ведаеце, што з iм?
Кейсi глянуў на яе маршчынiсты твар i агнiстыя вочы.
- А вы?
- Здаецца, ведаю.
- Што?
- Магчыма, я памыляюся. Не хочацца дарэмна гаварыць.
Кейсi азiрнуўся на старога, у якога ўвесь час паторгваўся твар.
- Думаеце... можа... апаплексiчны ўдар?
- Думаю, што так, - адказала Сэйры. - Мне тры ўжо разы даводзiлася бачыць такое.
А звонку даносiлiся гукi бiвачнага жыцця - секлi сухое голле, бразгалi посудам. Мацi ўсунула галаву мiж полкамi палаткi.
- Бабка хоча зайсцi. Можа, ёй не варта?
Прапаведнiк сказаў:
- Не пусцiш, яна разнервуецца.
- Як ён - нiчога?
Кейсi паволi пакруцiў галавой. Мацi кiнула хуткi позiрк на дзедаў налiты крывёю твар, якi скажалi пакутлiвыя грымасы. Яна адышла ад палаткi, i пачуўся яе голас:
- Яму лепш, бабка. Цяпер няхай крыху адпачне.
Але бабка зласлiва сказала:
- А я ўсё роўна гляну. Ён хiтры чорт. Ад яго праўды нiколi не дазнаешся, i хуценька прашмыгнула ў палатку. Яна спынiлася каля матраца i глянула ўнiз на дзеда. - Што з табой? - Дзед зноў павёў вачамi на голас, i губы яго скурчылiся. - Гэта ён ад злосцi, - сказала бабка. - Я ж гаварыла вам, ён хiтры, як чорт. Ранiцай надумаў уцячы, каб не ехаць. Але раптам бядро ў яго разбалелася, - з пагардай прамовiла бабка. - Гэта ён проста ад злосцi. З iм i раней такое бывала, калi ён не захоча нi з кiм размаўляць.
Кейсi далiкатна сказаў:
- Гэта не ад злосцi, бабка. Ён захварэў.
- А! - яна зноў глянула ўнiз на старога. - Цяжка захварэў, ты думаеш?
- Вельмi цяжка, бабка.
На хвiлiну яна завагалася.
- Ну дык чаго ты не молiшся? - таропка загаварыла яна. - Ты прапаведнiк цi не?
Моцныя пальцы Кейсi нерашуча пацягнулiся да дзедавага запясця i абхапiлi яго.
- Я ўжо казаў табе, бабка. Не прапаведнiк я.
- Усё роўна малiся, - загадала старая. -Ты справу гэту на памяць ведаеш.
- Не магу, - сказаў Кейсi. - Я не ведаю, за што малiцца i каму малiцца.
Бабка адвяла ад яго вочы i спынiла позiрк на Сэйры.
- Ён не хоча малiцца, - сказала яна. - А я не гаварыла вам, як малiлася Руцi, калi была яшчэ зусiм маленькая? "У пасцельцы спачываю, богу душу ўручаю. А туды як прыляцiць, там буфет пусты стаiць, а бедны сабачка галодны сядзiць. Аман". Вось як яна малiлася.
Па брызенце палаткi з сонечнага боку пасунуўся цень - нехта прайшоў мiма.
А дзедава цела ўсё яшчэ змагалася, б'ючыся ў сутаргах. Раптам яно здрыганулася, быццам ад раптоўнага ўдару, i дзед зацiх i перастаў дыхаць. Кейсi глянуў на твар старога i ўбачыў, што ён робiцца чарнавата-барвовы. Сэйры дакранулася да пляча прапаведнiка:
- Язык, хутчэй язык!
Кейсi кiўнуў галавой.
- Засланiце яго ад бабкi, - сказаў ён цiха i разняў дзеду сцятыя скiвiцы, прасунуў пальцы ў самае горла, каб дастаць язык. I калi ён адцягнуў яго, з горла вырваўся раскацiсты хрып i дзед перарывiста ўздыхнуў, як усхлiпнуў. Кейсi падабраў з зямлi тонкую палачку i прыцiснуў ёю язык, услухоўваючыся ў вуркатлiвае, няроўнае дыханне.
Бабка насiлася па палатцы, як напалоханая курыца.
- Малiся! - патрабавала яна. - Малiся ж! Малiся, табе кажуць! - Сэйры дарэмна спрабавала яе суняць. - Малiся, каб цябе чорт! - закрычала бабка.
Кейсi глянуў на яе. Вуркатлiвае дыханне рабiлася ўсё гучнейшым i больш перарывiстым.
- Ойча наш, якi ёсць у небе, свяцiся Iмя Тваё...
- Слава! - выгукнула бабка.
- ...прыйдзi валадарства Тваё, будзь воля Твая... як у небе... так i на зямлi.
- Аман.
З адкрытага рота старога вырваўся сутаргавы ўсхлiп i хрыплы працяглы выдых.
- Хлеба нашага штодзённага... дай нам сёння... i адпусцi нам грахi нашы. Дыхання не стала чуваць. Кейсi глядзеў на дзедавы вочы - яны былi ясныя, глыбокiя, пранiклiвыя, у iх затаiлася спакойная ўсёведнасць.
- Алiлуя! - крыкнула бабка. - Гавары далей.
- Аман, - сказаў Кейсi.
Бабка маўчала. З таго боку палаткi панавала цiшыня. Толькi па шашы прашумела коламi машына. Каля матраца Кейсi не падымаўся з кален. Звонку людзi ў напружаным маўчаннi прыслухоўвалiся да гукаў, што абвяшчалi смерць. Сэйры ўзяла бабку пад руку i вывела з палаткi. Старая iшла, поўная годнасцi, з высока ўзнятай галавой. Яна iшла так напаказ усёй сям'i. Сэйры падвяла яе да матраца, што ляжаў на зямлi, i ўсадзiла яе. I бабка сядзела, пазiраючы проста перад сабой, сядзела горда, бо ведала, што ўсе позiркi скiраваны на яе. У палатцы было цiха. Нарэшце Кейсi рассунуў брызент i выйшаў.
Бацька цiха запытаўся:
- Што з iм было?
- Апаплексiчны ўдар, - адказаў Кейсi. - Удар, i адразу канец.
А жыццё iшло па сваiх законах. Сонца дакранулася да лiнii гарызонту i сплюшчылася. Доўгая калона вялiкiх чырвоных грузавiкоў паказалася на шашы. Машыны iшлi з грукатам, скаланаючы зямлю, а iх вертыкальныя выхлапныя трубы выплёўвалi сiнi дым дызельнага палiва. У кабiне сядзеў толькi вадзiцель, яго зменны спаў на ложку, падвешаным пад самым верхам. Грузавiкi грукаталi няспынна, пад iх цяжкiм поступам увесь дзень i ўсю ноч дрыжэла зямля.
Сям'я з'ядналася ў адно цэлае. Бацька апусцiўся на кукiшкi, побач з iм прысеў дзядзька Джон. Галавой сям'i цяпер быў бацька. Ной, Том i Эл таксама селi на кукiшкi, а прапаведнiк апусцiўся проста на зямлю i потым лёг, абапёршыся на локаць. Руцi i Ўiнфiлд бадзёра прытупалi з вядром вады, але адразу адчулi нядобрае, запаволiлi крок i, паставiўшы вядро на зямлю, цiха падышлi да мацi.
Бабка сядзела горда, спакойна, пакуль уся сям'я не сабралася, пакуль на яе не перасталi глядзець, а тады лягла, закрыла твар сагнутай у локцi рукой. Чырвонае сонца схавалася, i над зямлёй разлiлося мiгатлiвае сутонне; твары людзей здавалiся зусiм светлымi, а вочы паблiсквалi, адлюстроўваючы вячэрняе неба. Вечар збiраў святло адусюль - дзе толькi мог.
Бацька сказаў:
- Гэта здарылася ў палатцы мiстэра Ўiлсана.
Дзядзька Джон пацвярджальна кiўнуў галавой:
- Ён уступiў сваю палатку.
- Добрыя, сардэчныя людзi, - цiха прамовiў бацька.
Уiлсан стаяў каля сваёй папсаванай машыны, а Сэйры сядзела каля бабкi на матрацы, стараючыся не дакранацца да яе.
Бацька паклiкаў:
- Мiстэр Уiлсан!
Уiлсан няспешна падышоў да iх i апусцiўся на кукiшкi. Сэйры таксама падышла i стала каля яго.
Бацька сказаў:
- Мы вам вельмi ўдзячныя, людзi.
- Мы радыя, што хоць чым-небудзь змаглi памагчы вам, - адказаў Уiлсан.
- Мы вельмi абавязаныя вам, - сказаў бацька.
- Перад тварам смерцi не варта лiчыцца, - прамовiў Уiлсан, i Сэйры падхапiла:
- Не варта лiчыцца.
Эл сказаў:
- Я адрамантую вам машыну... мы з Томам яе адрамантуем. - I Эл адчуў прылiў гордасцi, што ён можа заплацiць доўг, якi лёг на яго сям'ю.
- Ад дапамогi мы не адмовiмся. - Уiлсан прызнаў, што прымае такую плату.
- Трэба вырашыць, як нам быць далей, - сказаў бацька. - Ёсць закон: пра нябожчыкаў неабходна паведамiць уладам, а яны возьмуць сорак даляраў для гаспадара пахавальнага бюро або пахаваюць яго як жабрака.
- У нас у сям'i жабракоў нiколi не было, - умяшаўся дзядзька Джон.
Том сказаў:
- Можа, i не тое яшчэ будзе. З зямлi нас раней таксама нiколi не зганялi.
- Мы дрэннага нiчога не рабiлi, - сказаў бацька. - Нас няма чым папракнуць. Без грошай нiчога не бралi, чужой ласкаю нiколi не карысталiся. Калi з Томам здарылася бяда, мы галаву трымалi высока. На яго месцы кожны так зрабiў бы.
- Дык што ж рабiць будзем? - запытаўся дзядзька Джон.
- Зробiш па закону, цела забяруць. У нас усяго паўтары сотнi даляраў. Сорак пойдзе на пахаванне, i тады мы не даедзем да Калiфорнii. А не заплацiш, яго пахаваюць як жабрака.
Мужчыны заварушылiся i ўставiлi вочы ў зямлю, што цямнела ў iх пад нагамi.
Бацька цiха сказаў:
- Дзед пахаваў свайго бацьку сам, сваiмi рукамi, зрабiў усё, як належыць, i сам рыдлёўкаю зрабiў магiльны насып. У тыя часы чалавек меў права легчы ў магiлу, выкапаную яго сынам, а сын меў права пахаваць свайго бацьку.
- Цяпер законы ўжо не тыя, - сказаў дзядзька Джон.
- Часам цяжка прытрымлiвацца закону, - сказаў бацька. - Асаблiва калi хочаш, каб усё было па сумленнi. Такiх выпадкаў хапае. Калi Флойд хаваўся, як дзiкi звер, закон патрабаваў, каб мы выдалi яго, але нiхто не выдаў. Iншы раз даводзiцца абыходзiць закон. Вось я i кажу: я маю права пахаваць роднага бацьку. Хто-небудзь хоча што сказаць?
Прапаведнiк прыўзняўся на локцi.
- Законы мяняюцца, - сказаў ён, - а людскiя патрэбы застаюцца. Ты маеш права рабiць тое, што табе трэба рабiць.
Бацька павярнуўся да дзядзькi Джона:
- Гэта i тваё права, Джон. Ты маеш што-небудзь супраць?
- Нiчога, - адказаў дзядзька Джон. - Толькi атрымлiваецца так, быццам мы хочам хаваць яго пад сховай начной цемры. Пры жыццi дзед рабiў усё адкрыта.
Крыху прысаромлены, бацька сказаў:
- Гэтак, як ён рабiў, нам цяпер нельга. Трэба даехаць да Калiфорнii, пакуль грошы яшчэ ёсць.
I Том уставiў сваё слова:
- Бываюць выпадкi, калi дзе-небудзь капаюць зямлю, знаходзяць нябожчыка i ўзнiмаюць гвалт - забiлi чалавека. Нашы ўлады цiкавяцца мёртвымi больш, чым жывымi. Пачнуць дазнавацца, хто ён такi i як памёр. Я вось што прапаную: давайце пакладзём у бутэльку запiску i закапаем разам з iм. Там усё будзе сказана - хто ён, як памёр i чаго яго тут пахавалi.
Бацька ў знак згоды пакiваў галавой.
- Правiльна. Толькi трэба прыгажэй напiсаць. I дзеду не так самотна будзе, калi з iм будзе яго iмя, а то закапалi - i ляжы адзiн, стары, пад зямлёй. У каго-небудзь ёсць яшчэ што сказаць?
Усе маўчалi.
Бацька павярнуўся да мацi:
- Ты ўбярэш яго?
- Убяру, - адказала мацi. - А хто вячэру згатуе?
- Я прыгатую вячэру, - сказала Сэйры Ўiлсан. - Мы з вашай старэйшай дачкой усё зробiм.
- Вялiкi дзякуй. Ты, Ной, пайдзi дастань з якой бачуркi свiнiны. Яна як след яшчэ не прасалiлася, але есцi можна.
- А ў нас ёсць паўмяшка бульбы, - сказала Сэйры.
- Дай мне дзве манеты па паўдаляра, - папрасiла мацi ў бацькi; той пакапаўся ў кiшэнi i падаў ёй срэбра.
Мацi адшукала таз, налiла ў яго вады i панесла ў палатку. Там было амаль зусiм цёмна. Сэйры ўвайшла следам, запалiла свечку, прыткнула яе на скрынку i пакiнула мацi адну. Мацi паглядзела на нябожчыка, i ў яе сцiснулася сэрца. Яна адарвала палоску ад свайго фартуха i падвязала дзеду нiжнюю скiвiцу. Выпрастала яму ногi, склала рукi на грудзях. Потым апусцiла яго павекi i паклала на iх па сярэбранай манеце, зашпiлiла яму кашулю i абмыла твар.
Сэйры зазiрнула ў палатку:
- Можа, чым дапамагчы?
Мацi паволi падняла галаву.
- Зайдзiце, - сказала яна. - Хацела б з вамi пагаварыць.
- Старэйшая дачка ў вас упраўная, - сказала Сэйры. - Колькi ўжо бульбы абабрала! Дык кажыце, што трэба рабiць?
- Я хацела абмыць яго, ды вось няма ў што пераапрануць. А коўдра ваша цяпер сапсаваная. Мёртвы дух нiчым з яе не вытравiш. Памятаю, у нас сабака панюхаў матрац, на якiм памерла мая мацi, i аж затросся i пачаў гыркаць, хоць два гады прайшло пасля яе смерцi. Мы загорнем яго ў вашу коўдру, а вам аддадзiм другую, у нас ёсць.
Сэйры сказала:
- Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было... так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба - памагаць адзiн аднаму.
Мацi кiўнула галавой.
- Ёсць, - адказала яна i доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай скiвiцай i сярэбранымi вачнiцамi, якiя паблiсквалi пры святле свечкi. - Так ён сам на сябе не падобны, - сказала яна. - Трэба закруцiць яго з галавой.
- Ваша старая добра трымалася.
- Яна зусiм старэнькая. Магчыма, i не разумее толкам, што здарылася. I, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: "Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам". У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю. - Мацi акуратна захутала ногi i плечы нябожчыка, закiнула адзiн ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, i насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькi вялiкiх ангельскiх шпiлек, i яна старанна i акуратна зашпiлiла з усiх бакоў гэты доўгi пакунак. Нарэшце паднялася з кален. - Пахаванне будзе прыстойнае, - сказала яна. - З намi едзе прапаведнiк, ён адпяе яго, i сям'я ўся ў зборы. - Яна пахiснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасцi. - На хаду засынаю... - сумелася мацi. - Не, нiчога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруцiцца.
- Выйдзем на паветра, - сказала Сэйры.
- Ага, я ўсё, што трэба, зрабiла.
Сэйры задзьмула свечку, i жанчыны выйшлi з палаткi.
На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнiшча. Том убiў у зямлю калкi, падвесiў на дроце два кацялкi, i вада цяпер у iх бурна кiпела, з-пад накрывак выбiвалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што мацi выйшла з палаткi, яна паднялася i падышла да яе.
- Ма, - сказала яна, - хачу ў цябе пра нешта спытацца.
- Зноў спалохалася? - запыталася мацi. - Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.
- А дзiцяцi не пашкодзiць?
Мацi адказала:
- Ёсць такая прымаўка: "Дзiця, што ў смутку родзiцца, у жыццi са шчасцем водзiцца". Здаецца, так, мiсiс Уiлсан?
- Чула такую, - адказала Сэйры. - А яшчэ я ведаю i другую: "У залiшняй радасцi радзiцца, увесь свой век смуцiцца".
- У мяне ўсё ўсярэдзiне падскочыла ад страху, - сказала Ружа Сарона.
- Ад весялосцi ў нас нiчога не скача, - прамовiла мацi. - Ты лепш глядзi кацялкi.
Мужчыны сабралiся на краi светлага круга ад вогнiшча. З прылад у iх была рыдлёўка i матыка. Бацька адмераў месца для магiлы - восем футаў у даўжыню i тры футы ў шырыню. Працавалi па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкiдаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Конi. Работа iшла без перапынку, i магiла рабiлася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:
- На якую глыбiню капаць, та?
- Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзi напiшы тую запiску.
Том вылез, i яго месца заняў Ной. Том падышоў да мацi, якая падтрымлiвала агонь.
- У нас, ма, ёсць папера i пяро?
Мацi пакруцiла галавой:
- Н-не. Што iншае, а гэтага з сабой не ўзялi. - Яна глянула на Сэйры, i маленькая жанчына паспешлiва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бiблiяй у руках i напалову спiсаным алоўкам.
- Вось, - сказала яна. - Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напiшы на ёй i вырвi. - Сэйры падала Бiблiю i аловак Тому.
Том сеў каля вогнiшча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы i нарэшце няспешна вывеў буйнымi выразнымi лiтарамi на чыстай частцы старонкi: "Тут спачывае Ўiльям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусiм старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго нiхто не забiваў. З iм здарыўся ўдар, i ён памёр". - Том адняў аловак ад паперы. - Паслухай, ма, - сказаў Том i паволi прачытаў услых напiсанае.
- Што ж, гучыць нядрэнна, - ухвалiла мацi. - А ты яшчэ што-небудзь i набожнае падабраў бы з Пiсання. Пагартай Бiблiю, пашукай якое выслоўе.
- Трэба, каб карацей, - сказаў Том. - А то месца амаль не засталося.
Сэйры сказала:
- А што, калi напiсаць: "Супакой, госпадзi, душу яго"?
- Не, - запярэчыў Том. - Атрымлiваецца, быццам ён вiсельнiк. Я спiшу што-небудзь адсюль. - Ён гартаў старонкi Бiблii i чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамi. - Ну вось, i добра, i коратка, - сказаў ён уголас. - "I Лот сказаў iм: не, Уладыка".
- Нiякага сэнсу, - сказала мацi. - Калi ўжо пiсаць, дык каб хоць сэнс якi быў.
Сэйры параiла:
- Пагартай далей, там, дзе псалмы. З iх заўсёды ёсць што выбраць.
Том хутка перагортваў старонкi i прабягаў вачамi вершы.
- Ёсць! - нарэшце сказаў ён. - I прыгожа, i так i дыхае набожнасцю: "Шчаслiвы той, каму адпушчаны беззаконнi i чые грахi выкупленыя". Ну як?
- Сама раз, - сказала мацi. - Спiшы.
Том старанна перапiсаў радок на паперу. Мацi спаласнула i выцерла фруктовы слоiк. Том шчыльна закруцiў крышку.