Страница:
- Я ўжо не ведала, што i падумаць, - сказала яна. - Не ведала, дзе вас шукаць.
- А мы проста так хадзiлi, глядзелi, - адказала Руцi.
- А Том дзе? Вы яго не бачылi?
Руцi напусцiла на сябе важны выгляд.
- Так, мэм, бачылi. Ён пабудзiў мяне i сказаў, што перадаць. - Дзяўчынка замаўчала, каб падкрэслiць сваю значнасць.
- Ну, што? - нецярплiва запыталася мацi.
- Ён прасiў перадаць табе... - Руцi зноў замаўчала i глянула на Ўiнфiлда, цi бачыць ён, якая ў яе важная роля.
Мацi падняла руку, нiбы замахваючыся:
- Ну што?
- Ён работу атрымаў, - выпалiла Руцi. - Пайшоў працаваць. - Яна з апаскай паглядзела на паднятую руку мацi. Рука апусцiлася, потым пацягнулася да дзяўчынкi. Мацi абняла Руцi за плечы, парывiста прыцiснула да сябе i адпусцiла.
Руцi ў замяшаннi ўставiлася ў зямлю i загаварыла пра iншае:
- У iх там унiтазы. Беленькiя.
- А ты ўжо збегала туды, - занепакоiлася мацi.
- Мы з Уiнфiлдам пабылi там, - адказала Руцi i адразу ж учынiла вераломства: - Уiнфiлд сапсаваў прыбiральню.
Хлопчык пачырванеў. Ён блiснуў вачамi на Руцi.
- А яна туды папiкала, - сказаў ён помслiва.
Мацi захвалявалася:
- Што вы там нарабiлi? Пакажыце. - Яна сiлай павяла малых да дзвярэй санiтарнага вузла i ўштурхнула ўсярэдзiну. - Дык што вы тут натварылi?
Руцi паказала на ўнiтаз:
- Тут як засвiшча, зашыпiць, потым як забулькоча! Цяпер сцiхла.
- Пакажыце, што вы зрабiлi, - патрабавала мацi.
Уiнфiлд нехаця падышоў да ўнiтаза.
- Я толькi слабенька так нацiснуў на вось гэта, - сказаў ён. - Проста ўзяўся рукой вось так, i... - Зноў зашумела вада, i хлопчык адскочыў.
Мацi закiнула галаву назад i засмяялася; Руцi i Ўiнфiлд пакрыўджана пазiралi на яе.
- Так яно i павiнна быць, - сказала мацi. - Я некалi бачыла такiя. Калi скончыш, трэба нацiснуць.
Дзецi адчулi вялiкi сорам за сваю недасведчанасць. Яны выйшлi за парог i пайшлi праходам памiж палатак - падзiвiцца на шматлiкую сям'ю, што сядзела за снеданнем.
Мацi праводзiла дзяцей позiркам. Потым агледзела памяшканне. Падышла да душавой кабiнкi i зазiрнула ў яе. Падышла да ўмывальных ракавiн i правяла далонню па белым фаянсе. Крыху адкруцiла кран, падставiла пад струмень палец i паспешлiва адхапiла руку, калi пайшла гарачая вада. З хвiлiнку разглядала ракавiну, потым уторкнула затычку i напусцiла ў ракавiну вады, крыху з гарачага крана i крыху з халоднага. Тады яна памыла рукi ў цёплай вадзе, умыла твар i ўжо прыгладжвала мокрымi рукамi валасы, як за яе спiнай раптам пачулiся нечыя крокi па цэментавай падлозе. Мацi крута павярнулася. Перад ёю стаяў пажылы чалавек i глядзеў на яе з зусiм зразумелым абурэннем. Ён строга запытаўся:
- Як вы сюды папалi?
Мацi сутаргава глынула слiну, адчуваючы, як вада сцякае з падбародка i праз сукенку дабiраецца да цела.
- Я не ведала, - прамовiла яна прабачлiвым тонам. - Думала, тут для ўсiх.
Пажылы чалавек насупiўся.
- Тут для мужчын, - сказаў ён сурова. Тады падышоў да дзвярэй i паказаў на дошчачку: ДЛЯ МУЖЧЫН. - Ну вось, больш доказаў не трэба. Вы што, не бачылi?
- Не, - пачырванеўшы ад сораму, адказала мацi. - Не заўважыла. А ёсць, дзе мне можна?
Абурэнне пажылога чалавека астыла.
- Вы толькi што прыехалi? - запытаўся ён больш прыязным тонам.
- Уночы.
- Значыць, камiсiя яшчэ з вамi не гаварыла?
- Якая камiсiя?
- Ну як жа - жаночая камiсiя.
- Не, са мной не.
Пажылы чалавек важна сказаў:
- Хутка яна да вас зойдзе i ўсё растлумачыць. Мы клапоцiмся аб навiчках. А калi вам патрэбна жаночая прыбiральня, абыдзiце будынак. Той бок - ваш.
Мацi няўпэўнена запыталася:
- Вы кажаце, што жаночая камiсiя... прыйдзе да нас у палатку?
Чалавек кiўнуў галавой:
- Так, павiнна хутка прыйсцi.
- Дзякуй вам, - сказала мацi, паспешлiва выйшла за дзверы i ледзь не бягом кiнулася да сваёй палаткi.
- Бацька! - крыкнула яна. - Джон, падымайцеся! I ты, Эл. Уставайце ўсе, памыйцеся. - Яе сустрэлi няўцямнымi, соннымi позiркамi. - Уставайце, iдзiце твары памыйце. I валасы прычашыце.
Дзядзька Джон быў бледны i з выгляду нездаровы. На падбародку ў яго чарнеў кровападцёк.
Бацька запытаўся:
- Што здарылася?
- Камiсiя! - выгукнула мацi. - У iх тут камiсiя... жаночая камiсiя... хутка прыйдзе да нас. Уставайце ж, iдзiце мыцца. Пакуль мы тут спалi i храплi, Том на працу ўладкаваўся. Падымайцеся, ну!
Усе выйшлi з-пад брызенту яшчэ сонныя. Дзядзька Джон пахiснуўся на хаду, i па твары яго прабегла хваравiтая грымаса.
- Iдзiце ў той дамок i памыйцеся, - загадала мацi. - Хуценька паснедаем, бо прыйдзе камiсiя. - Мацi прынесла трэсак, што ляжалi кучкай за палаткамi, развяла агонь i дастала кухонны посуд. - Кукурузныя аладкi, - сказала яна сама сабе. - Аладкi з падлiўкай. Так хутчэй. Трэба спяшацца. - Яна гаварыла сама з сабой, а Руцi з Уiнфiлдам стаялi побач i здзiўлена пазiралi на яе.
Над лагерам пацягнуўся дымок ранiшнiх вогнiшчаў, адусюль чулася гамонка.
Ружа Сарона, раскудлачаная, заспаная, вылезла з-пад брызенту. Мацi, мераючы прыгаршчамi кукурузную муку простага памолу, павярнулася да дачкi. Паглядзела на пакамечаную, нясвежую сукенку, на зблытаныя, нечасаныя валасы.
- Прывядзi сябе ў парадак, - вымавiла яна скорагаворкай. - Зараз жа пайдзi i памыйся. Надзень чыстую сукенку, я яе памыла. Прычашыся, пратры вочы. - Мацi вельмi хвалявалася.
Ружа Сарона панура буркнула:
- Я сябе дрэнна адчуваю. Хачу, каб Конi прыйшоў. Без яго я рабiць нiчога не буду.
Мацi крута павярнулася да дачкi. Далонi яе i запясцi былi ў жоўтай кукурузнай муцэ.
- Разашарна, - строга сказала яна, - вазьмi сябе ў рукi. Досыць табе хныкаць. Сюды хутка з'явiцца жаночая камiсiя, што ж, мы на iх спадылба глядзець будзем?
- Дык жа ж мне нездаровiцца.
Мацi ступiла да яе, выставiўшы наперад зацярушаныя мукой рукi.
- Iдзi памыйся, - загадала яна. - Бывае так, што свае хворасцi трэба трымаць пры сабе.
- Мяне нудзiць, - жаласлiва паскардзiлася Ружа Сарона.
- Дык адыдзiся ўбок, i няхай вырве. Канешне, цябе будзе нудзiць. Усiх нудзiць. Адыдзiся ўбачок, потым прывядзi сябе ў парадак, ногi памый i туфлi надзень. - Мацi зноў вярнулася да вогнiшча. - I косы запляцi, - дадала яна.
На гарачай патэльнi сквiрчэла сала, i тук зашыпеў i пырснуў у бакi, калi мацi апусцiла ў яго цеста з лыжкi. Падлiўку яна згатавала ў кацялку - развяла муку ў растопленым сале, дадала вады, пасалiла i разбоўтала. Кава пачала падымацца ў вялiкай, на галон, бляшанцы, i ад яе пацягнула кававым водарам.
Бацька не спяшаючыся вяртаўся да палаткi, i мацi агледзела яго крытычным вокам. Ён запытаўся:
- Ты кажаш, Том атрымаў працу?
- Так, сэр. Пайшоў, яшчэ як мы спалi. Ану, адчынi гэту скрынку, вазьмi чысты камбiнезон i кашулю. I вось яшчэ што, самой мне зусiм няма часу, дык ты памый вушы Ўiнфiлду i Руцi. Там ёсць гарачая вада. Зробiш? Добра патры iм вушы i шыю. Каб дзеткi ў нас былi свежанькiя i аж блiшчалi.
- Во расшчабяталася, такой цябе я яшчэ нiколi не бачыў, - сказаў бацька.
- Трэба, каб у сям'i быў прыстойны выгляд! У дарозе не было як. А цяпер можна. Свой брудны камбiнезон пакiнь у палатцы, я яго потым памыю.
Бацька пайшоў пад навес i неўзабаве паявiўся ў злiнялым ад мыцця сiнiм камбiнезоне i кашулi. Ён павёў пасумнелых i ўстрывожаных дзяцей да санiтарнага блока.
Мацi крыкнула iм наўздагон:
- Добра патры iм вушы!
Дзядзька Джон паказаўся ў дзвярах мужчынскага аддзялення, вызiрнуў, потым вярнуўся, сеў на ўнiтаз i доўга сядзеў там, падпёршы балючую галаву рукамi.
Мацi зняла з патэльнi румяныя аладкi i толькi паспела апусцiць у гарачае сала некалькi лыжак рэдкага цеста, як на зямлю каля вогнiшча ўпаў нечы цень. Яна азiрнулася цераз плячо. Ззаду стаяў маленькага росту чалавек з худым, загарэлым, зрэзаным маршчынамi тварам i вясёлымi вачамi. Ён быў тонкi, як жэрдка. Яго беленькi чысты пiнжак дзе-нiдзе распоўзся ў швах. Чалавек усмiхнуўся ёй i сказаў:
- Добрай ранiцы.
Мацi глянула на яго белы касцюм, i твар яе падазрона нахмурыўся.
- Добрай, - адказала яна.
- Вы мiсiс Джоўд?
- Я.
- Мяне зваць Джым Роўлi. Я адмiнiстратар лагера. Зайшоў паглядзець, як тут у вас, цi ўсё ў парадку. Вам, можа, што-небудзь трэба?
Мацi недаверлiва разглядала яго.
- Не, - адказала яна.
Роўлi сказаў:
- Калi вы прыехалi, я ўжо спаў. На шчасце, у нас аказалася вольнае месца. - Голас яго гучаў ветлiва.
Мацi прастадушна адказала:
- Тут усё вельмi добра. Асаблiва там, дзе мыюць бялiзну.
- Пачакайце, хутка жанчыны збяруцца на мыццё. Вось будзе весела! Як на малiтоўным сходзе. Ведаеце, мiсiс Джоўд, што яны ўчора зрабiлi? Хорам заспявалi. Пяюць гiмны i труць бялiзну ў такт. Было што паслухаць, паверце.
З твару мацi паступова сходзiў недавер да гэтага чалавека.
- Вiдаць, сапраўды прыемна было слухаць. Вы тут за начальнiка?
- Не, - адказаў Роўлi. - Народ тут у нас такi, што пазбавiў мяне неабходнасцi начальстваваць. Падтрымлiваюць чысцiню ў лагеры, глядзяць, каб быў парадак - самi з усiм спраўляюцца. Такiх людзей я зроду не бачыў. У зале, дзе ў нас бываюць сходы, адзежу шыюць, цацкi робяць. Зроду такiх людзей не бачыў.
Мацi паглядзела на сваю нячыстую ўжо сукенку.
- А мы яшчэ ў брудным ходзiм, - сказала яна. - Цяжка сачыць за сабой у дарозе.
- Хiба я не ведаю? - сказаў адмiнiстратар лагера i пацягнуў носам. Скажыце... гэта ў вас кава так смачна пахне?
Мацi ўсмiхнулася:
- Праўда, смачна? На паветры заўсёды ўсё лепш пахне. - I з пачуццём уласнай годнасцi прамовiла: - Мы палiчым за гонар, калi вы паснедаеце з намi.
Ён падышоў да вогнiшча, апусцiўся на кукiшкi i гэтым канчаткова абяззброiў мацi.
- Нам такi госць вялiкая пачэснасць, - сказала яна. - Снеданне ў нас, праўда, не надта каб, але сардэчна запрашаем.
Карантыш усмiхнуўся:
- Я паснедаў ужо, дзякуй. Але ад кубачка кавы не адмоўлюся. Цудоўны пах.
- Ага, ага, калi ласка.
- Вы толькi не ўвiхайцеся так праз мяне.
Мацi налiла ў алавянны кубак кавы з вялiкай кансервавай бляшанкi i сказала:
- Цукру мы яшчэ не дасталi. Сёння, можа, купiм. Калi вы п'яце з цукрам, вам будзе нясмачна.
- З цукрам я не п'ю, - сказаў Джым Роўлi. - Ён толькi смак добрай кавы перабiвае.
- А я люблю крыху з цукрам, - сказала мацi. Яна раптам пiльна паглядзела на яго, каб зразумець, чым ён так лёгка i хутка заваяваў яе прыхiльнасць. Яна шукала разгадкi ў яго на твары i не знаходзiла ў iм нiчога такога, акрамя прыязнасцi. Потым зiрнула на яго белы пiнжак з пасечанымi швамi i зусiм супакоiлася.
Ён папiваў каву з кубка дробнымi глыткамi.
- Жанчыны, напэўна, зойдуць да вас гэтым ранкам.
- Мы яшчэ не прыбралiся, - сказала мацi. - Добра было б, каб яны прыйшлi, калi мы ўжо крышачку спарадкуемся.
- Ну, яны ведаюць, як бывае, - адказаў адмiнiстратар. - Самi так прыехалi. Не, што вы, камiсii ў нас тут добрыя - усё разумеюць. - Ён дапiў каву i падняўся на ногi. - Мне трэба iсцi далей. Калi што вам спатрэбiцца, заходзьце ў кантору. Мяне там заўсёды знойдзеце. Цудоўная кава, дзякуй. - Ён паставiў свой кубак побач з iншымi на скрыню, памахаў рукой i пайшоў уздоўж палатак. Мацi чула, як ён загаворваў з людзьмi, што сустракалiся яму па дарозе. Яна апусцiла галаву, ледзь стрымлiваючы слёзы.
Бацька падышоў да палаткi, ведучы за сабой дзяцей. У вачах у iх яшчэ стаялi слёзыад перанесеных пакут - бацька няшчадна пацёр iм вушы. Яны iшлi прыцiхлыя i чысценькiя. Скура на асмаленым сонцам носе Ўiнфiлда аблупiлася.
- Вось, - сказаў бацька. - Разам з брудам саскроб яшчэ i два пласты скуры. Давялося крышачку патузаць iх - нiяк стаяць спакойна не хацелi.
Мацi акiнула дзяцей крытычным позiркам.
- Цяпер на iх i паглядзець прыемна, - прамовiла яна. - Ешце аладкi з падлiўкай. Трэба паспець яшчэ прыбраць i тут, i ў палатцы.
Бацька паставiў на скрыню талеркi, сабе i дзецям.
- Дзе гэта Том уладкаваўся на працу, хацеў бы я ведаць.
- Не магу сказаць.
- Ну раз ён знайшоў месца, дык i мы знойдзем.
Да палаткi вярнуўся радасна ўзбуджаны Эл.
- Вось гэта лагер! - усклiкнуў ён, узяў аладку i налiў сабе кавы. Ведаеце, чым тут адзiн чалавек займаецца? Прычэп сабе майструе пад жыллё. Вунь там, за тымi палаткамi. У прычэпе ў яго ложкi i печка - усё, што трэба. Жывi сабе ў iм. Вось гэта жыццё! Дзе спынiўся, там i жывi.
Мацi сказала:
- Я хацела б лепш жыць у домiку. Як толькi ў нас будзе на што, адразу купiм домiк.
Бацька сказаў Элу:
- Скончым снедаць, возьмем грузавiк i паедзем шукаць працы - ты, я i дзядзька Джон.
- Ага, - сказаў Эл. - Вось каб устроiцца дзе-небудзь у гаражы, калi б знайшлося свабоднае месца. Нiчога мне больш не трэба. I каб дастаць яшчэ стары ўцэнены "фордзiк". Афарбую ў жоўты колер i буду сабе раз'язджаць прыпяваючы. Бачыў тут прыгожанькую дзяўчынку. Перамаргнуўся з ёю. Прыгожанькая, як чорт ведае што.
Бацька строга сказаў:
- Спярша ты на працу ўладкуйся, а потым ужо катом хадзi.
Дзядзька Джон выйшаў з туалета i паволi падыбаў да палаткi. Мацi зiрнула на яго i нахмурылася.
- Ты ж не памыўся... - пачала яна i раптам убачыла, што ён зусiм хворы, слабы, сумны. - Iдзi пад брызент, паляжы там, - сказала яна. - Ты нездаровы.
Дзядзька Джон пакруцiў галавой:
- Не. Я саграшыў, i гэта мне кара. - Ён паныла прысеў каля скрынi, налiў сабе кавы ў кубак.
Мацi зняла з патэльнi апошнiя аладкi i, нiбы мiмаходзь, сказала:
- Прыходзiў адмiнiстратар лагера, пасядзеў трохi, выпiў кавы кубак.
Бацька паволi падняў на яе вочы:
- Прыходзiў? А што было яму трэба?
- Проста так, час прабавiць, - манерна адказала мацi. - Прысеў, выпiў кавы. Сказаў, добрую каву нячаста даводзiцца яму пiць, а ў нашай вельмi смачны пах.
- Што ён хацеў? - дапытваўся бацька.
- А нiчога не хацеў. Прыйшоў глянуць, як мы тут.
- Нешта не верыцца, - буркнуў бацька. - Напэўна, выведвае, вынюхвае ўсё навокал.
- Ды не! - засердавала мацi. - Я адразу разбяру, хто чаго прыходзiць, мяне вучыць не трэба.
Бацька выплюхнуў на зямлю кававую гушчу з кубка.
- Ты пакiнь гэту прывычку, - выгаварыла яму мацi. - Глянь, якая тут чысцiня.
- Тут яшчэ такую чысцiню навядуць, што i жыцця не будзе, - прабурчаў бацька, зачэплены за жывое. - Ну канчай, Эл. Паедзем шукаць працу.
Эл выцер рот далонню.
- Я гатовы, - сказаў ён.
Бацька павярнуўся да дзядзькi Джона:
- Ты з намi едзеш?
- Еду.
- Табе ж нездаровiцца.
- Нездаровiцца, але я паеду.
Эл залез у кабiну.
- Трэба недзе гаручага дастаць, - сказаў ён i завёў матор. Бацька i дзядзька Джон селi побач з iм, i грузавiк пакацiўся па шырокiм праходзе мiж палатак.
Мацi правяла iх позiркам, потым узяла вядро i пайшла з iм да балеяў пад паветкай санiтарнага блока. Там яна налiла ў вядро гарачай вады i панесла да палаткi. I калi Ружа Сарона вярнулася з туалета, мацi ўжо мыла посуд у вядры.
- Вунь тваё снеданне, на талерцы, - сказала мацi i пiльна паглядзела на дачку. Валасы ў Ружы Сарона былi мокрыя i гладка прычасаныя, твар чысты, ружовы. На ёй была сiняя сукенка ў маленькiя белыя кветкi. На нагах - лодачкi, купленыя яшчэ да вяселля. Ад матчынага позiрку яна пачырванела.
- Ты, я бачу, прыняла душ, - сказала мацi.
Ружа Сарона хрыплавата загаварыла:
- Я стаю там, раптам прыходзiць жанчына i пачынае мыцца. Ведаеш, як гэта робiцца? Заходзiш у такую загарадку, ну як стойла ў хляве, паварочваеш ручкi, i на цябе вада льецца - гарачая i халодная, якая хочаш. I я памылася!
- Я таксама зараз пайду, - ажывiлася мацi. - Толькi вось прыбяру тут. Ты мне пакажаш як.
- Я кожны дзень буду мыцца, - не змаўкала Ружа Сарона. - А жанчына гэтая... яна паглядзела на мяне, убачыла мой жывот... i ведаеш, што сказала? Сказала, што сюды кожны тыдзень медыцынская сястра прыходзiць. I што мне абавязкова трэба да яе схадзiць, i яна раскажа мне, што рабiць, каб дзiця было здаровае. Усе жанчыны, кажа, ходзяць да яе. I я таксама пайду. - Яна проста захлiпалася ад узрушэння. - I ведаеш яшчэ што? На мiнулым тыднi тут адна нарадзiла, i ўвесь лагер урачыста адзначаў гэта, нанеслi дзiцяцi бялiзны i розных падарункаў... нават калыску... такую плеценую. Не зусiм новую, але яе пафарбавалi ў ружовы колер, i яна стала як новенькая. I далi маленькаму iмя, торт спяклi. О госпадзi! - Уздыхнуўшы на поўныя лёгкiя, яна змоўкла.
Мацi сказала:
- Хвала богу, нарэшце мы зажылi сярод сваiх людзей. Зараз пайду прыму душ.
- О, там цудоўна, - сказала Ружа Сарона.
Мацi выцiрала алавяныя талеркi, ставiла iх адна на адну i гаварыла:
- Мы Джоўды. Нiкому ў вочы не зазiраем. Дзед нашага дзеда змагаўся ў рэвалюцыю. Мы былi фермеры, пакуль не запазычылiся банку. I тыя... тыя людзi... яны нядобрае рабiлi з намi. Кожны раз, як хто з iх прыходзiў, мне здавалася, быццам плёткай мяне б'юць... i нас усiх. А ў Нiдлсе той палiсмен?.. Ён нiбы што зрабiў са мною, я азлобiлася. Мяне самую сорам узяў. А цяпер мне няма чаго саромецца. Народ гэты - наш народ... наш. А адмiнiстратар... прыйшоў, пасядзеў, выпiў кавы... i ўвесь час кажа: "Мiсiс Джоўд тое, мiсiс Джоўд гэтае" i "Як вашы справы, мiсiс Джоўд?" - Мацi змоўкла i ўздыхнула. - Я сябе зноў чалавекам адчула. - Яна паставiла на горку талерак апошнюю, пайшла пад брызент i там, пакапаўшыся ў скрынi, дастала з яе свае туфлi i чыстую сукенку. Потым знайшла ў той жа скрынi папяровы пакецiк з завушнiцамi. Выйшаўшы з-пад брызенту, яна сказала Ружы Сарона: - Як прыйдуць жанчыны, скажы, я хутка вярнуся, - i знiкла за вуглом санiтарнага блока.
Ружа Сарона цяжка апусцiлася на скрыню i глянула на свае вясельныя туфлi лакiраваныя лодачкi з чорнымi банцiкамi з матэрыi. Яна працерла наскi лодачак пальцам i выцерла яго аб спод падола. Нагiнаючыся, яна адчула свой жывот, а калi выпрасталася, памацала яго i слаба ўсмiхнулася.
Па дарозе да пральнi iшла высокая поўная жанчына са скрынкай з-пад яблыкаў - у ёй ляжала нямытая бялiзна. Твар у жанчыны быў цёмны ад моцнага загару, вочы чорныя, пiльныя, дапытлiвыя. Паверх паласатай баваўнянай сукенкi на ёй быў прасторны фартух з мешкавiны, на нагах мужчынскiя паўчаравiкi са скуры двух колераў. Яна прыкмецiла, як Ружа Сарона пагладзiла сабе жывот, убачыла слабую ўсмешку на яе вуснах.
- Ну! - крыкнула жанчына i весела засмяялася. - Хто, ты думаеш, будзе?
Ружа Сарона зачырванелася i апусцiла вочы долу, потым глянула на жанчыну спадылба i злавiла на сабе позiрк яе блiскучых чорных вочак.
- Не ведаю, - прамармытала Ружа Сарона.
Жанчына шлёпнула скрынку на зямлю.
- Жывая пухлiна, - засмяялася яна, заквактала, як квактуха. - Каго б ты лепш хацела? - дапытвалася яна.
- Сама не ведаю... можа, хлопчыка... Ага, хлопчыка.
- Вы нядаўна прыехалi, га?
- Ноччу... позна ноччу.
- Застаяцеся тут?
- Не ведаю. Калi знойдзем працу, напэўна, застанемся.
Па твары жанчыны прабег цень, i яе маленькiя чорныя вочкi налiлiся злосцю.
- Калi знойдзецца праца... Так мы ўсе кажам.
- Брат мой сёння раненька ўжо ўладкаваўся.
- Ужо, га? Ну, магчыма, вам i пашчасцiла. Толькi будзь асцеражней са шчасцем. Яму нельга давяраць. - Жанчына падышла да Ружы Сарона амаль ушчыльную. - Шчасця толькi ў адным шукай. Другога табе не трэба. Паводзь сябе прыстойна, - з нейкiм шаленствам сказала яна. - I бездакорна. Учынiш грэх, глядзi, каб з дзiцем чаго не здарылася. - Жанчына прысела на кукiшкi перад Ружай Сарона. - Ганебныя справы творацца ў нашым лагеры, - прамовiла яна злавесна. - Кожную суботу вечарамi ў нас тут танцы бываюць, i не толькi кадрылю тут скачуць. Некаторыя ў абнiмку, у прыцiск. Сама бачыла.
Ружа Сарона асцярожна сказала:
- Я люблю танцы... кадрылю. - I цнатлiва дадала: - А iначай нiколi не танцую.
Жанчына роспачна пакруцiла галавой:
- А вось некаторыя танцуюць. Але гасподзь гэтага не даруе, не. I не думай, не даруе.
- Ага, мэм, - цiха падтакнула Ружа Сарона.
Жанчына паклала загарэлую маршчынiстую руку ёй на калена, i Ружа Сарона здрыганулася ад яе дотыку.
- А цяпер я хачу цябе папярэдзiць. Хто ў Хрысце жыве, такiх цяпер мала засталося. Кожны вечар у суботу ў нас пачынае гэты iхнi струнны аркестр iграць, i, замест таго каб псалмы спяваць, усе пад яго скачуць, вiхляюцца... так, так, любачка, вiхляюцца. На свае вочы бачыла. Блiзка я туды не падыходжу, нi сама, нi сваiм не дазваляю. Танцуюць у абнiмку, упрытык, так, упрытык. Жанчына адкiнулася назад i нахiлiла галаву набок, каб паглядзець, як Ружа Сарона прарэагуе на такi абуральны факт.
- Акторы? - пацiкавiлася тая трапятлiва.
- Не, любачка! Не акторы - тыя даўно ўжо богам праклятыя. Свае ж людзi, з лагера. I дзетак малых, яшчэ неразумных, уцягнулi ў гэта, прымусiлi iх прыкiдвацца, строiць з сябе немаведама каго. Я туды i блiзка не падыходзiла. Але чула ўсё, што яны там гавораць. Сам д'ябал тады гуляе па лагеры.
Ружа Сарона слухала, раскрыўшы рот, шырока расплюшчыўшы вочы.
- У нас у школе аднойчы паказвалi спектакль пра Хрыста-дзiцятка... на Каляды.
- Ну, я не кажу, добра гэта цi дрэнна. Многiя прыстойныя людзi лiчаць, што пра Хрыста-дзiцятка можна. Толькi... толькi я так прама сказаць не бяруся. Але ў нас тут Хрыста-дзiцяткi не было. Тут грэх быў, падман i д'ябальскае насланнё. Так фанабэрыста расхаджваюць, манернiчаюць, гавораць чужымi галасамi. I танцуюць у абнiмку, упрытык.
Ружа Сарона ўздыхнула.
- I такiх не адна-дзве парачкi, а шмат, - не змаўкала жанчына. - А чыстых, як ягня, добрапрыстойных можна на пальцах пералiчыць. Толькi не думай, што гэтым грэшнiкам так усё бог i даруе, нi ў якiм разе. Не, любачка! Ён iхнiя грахi запiсвае на дошку - грэх за грахом, потым падводзiць рысу i складае грэх за грахом. Гасподзь бог наш за ўсiмi сочыць, i я таксама сачу. Дзвюх ён ужо з iх пакараў.
Ружа Сарона, ледзь не задыхнуўшыся, вымавiла:
- Пакараў?
Жанчына загаварыла з яшчэ большым жарам:
- Сама бачыла. Была тут адна маладзенькая такая, дзiця насiла, ну якраз, як ты. У п'есе iграла. I яшчэ скакала ў абнiмку. I раптам... - голас жанчыны загучаў сурова i злавесна, - яна пачала худнець, сохнуць - скура ды косцi... i выкiнула дзiця, мёртвае.
- Ой, што вы! - Ружа Сарона збялела.
- Мёртвае i ў крывi. З ёю пасля гэтага нiхто гаварыць не хацеў. Давялося ёй з'ехаць адсюль. Бо даткнешся да граху i сама яго набярэшся, вось так, любачка. I яшчэ адна была, гэтаксама сябе паводзiла. Высахла - скура ды косцi, а пасля, ведаеш, што было? Вечарам раптам прапала i няма. Праз два днi паяўляецца. У госцi, кажа, ездзiла. А жывата як не было. I ведаеш, што я думаю? Яе, напэўна, адмiнiстратар наш завёз куды-небудзь, там яна i збавiлася ад дзiцяцi. Ён грахоў не прызнае. Сама ад яго чула. Грэх, кажа, - гэта калi людзi ў голадзе жывуць. Грэх, кажа, - гэта калi людзi ў холадзе жывуць. I яшчэ кажа, - паверыш, сам мне сказаў, - у гэтым ён не бачыць боскай рукi. Гэтыя дзве дзяўчыны, кажа, таму так высахлi, што есцi iм не было чаго. Ну i прабрала ж я яго! - Жанчына паднялася i адступiла на крок назад. Вочы ў яе гарэлi. Яна тыцнула напятым указальным пальцам ледзь не ў самы твар Ружы Сарона. - Я кажу яму: "Адыдзi!" Кажу: "Я ведала, што ў нас тут у лагеры д'ябал лютуе. А цяпер ведаю, хто ён, гэты д'ябал. Адыдзi, сатана!" - кажу. I Хрыстом-богам прысягаю, ён адступiў! Закалацiўся ўвесь, пачаў выдыгацца. Кажа: "Калi ласка!" Кажа: "Прашу вас, не прычыняйце людзям няшчасця". А я яму: "Няшчасця? А як наконт душы iхняй? А што вы скажаце пра мёртвых дзiцянятак, пра тых дзвюх няшчасных грэшнiц, што пагубiлi сябе праз вашыя тэатры?" Ён толькi паглядзеў на мяне, выскалiў зубы, нiбы яго занудзiла, i пайшоў прэч. Зразумеў, што перад iм сведка богава. Кажу яму: "Я госпаду нашаму памагаю сачыць за тым, што тут творыцца. Кары яго нiхто не мiне - нi ты, нi ўсе iншыя грэшнiкi". - Жанчына падняла скрынку з бруднай бялiзнай. - Беражыся. Я папярэдзiла цябе. I дзiцятка беднае беражы, што ў цябе ў чэраве, унiкай граху. - Яна велiчна пакрочыла прэч, i вочы яе ззялi дабрачыннасцю.
Ружа Сарона правяла яе позiркам, уткнулася тварам у далонi i цiхенька заплакала. Раптам пачула побач мяккi голас. Яна засаромлена падняла галаву. Перад ёю стаяў маленькi чалавечак у белым - адмiнiстратар лагера.
- Не хвалюйся, - сказаў ён. - Ты не хвалюйся.
Слёзы заслалi ёй вочы.
- I я так рабiла, - сказала яна. - Я танцавала ў абнiмку. Толькi ёй не прызналася. Я ў Салiса так танцавала. З Конi.
- Не хвалюйся, - зноў сказаў адмiнiстратар.
- Яна кажа, я выкiну.
- Ведаю, што яна кажа. Я з яе вока не спускаю. Наогул жанчына яна нядрэнная, толькi людзям ад яе жыцця няма.
Ружа Сарона шмарганула носам:
- Тут, у лагеры, пры ёй дзве жанчыны, кажа, выкiнулi.
Адмiнiстратар прысеў перад ёю на кукiшкi.
- Вось што, - сказаў ён. - Паслухай, што я табе скажу. Гэтых маладых жанчын я ведаю. Яны вельмi галадалi i вельмi стамлялiся. Праца ў iх была цяжкая. I яшчэ яны трэслiся на грузавiках па ўхабiстай дарозе. Здароўе ў iх было няважнае. Вiны за iмi нiякай няма.
- А яна казала...
- Супакойся. Жанчына гэтая любiць людзей трывожыць.
- Але яна кажа, вы - д'ябал.
- Ведаю. Гэта таму, што я не дазваляю ёй атручваць людзям жыццё. - Ён падняўся на ногi i лёгенька паляпаў Ружу Сарона па плячы. - Ты не хвалюйся. У яе словах праўды няма, - сказаў ён i шпарка пайшоў прэч.
Ружа Сарона доўга глядзела яму ў спiну; хударлявыя плечы яго паторгвалiся ў такт крокам. Яна ўсё яшчэ праводзiла вачамi яго тонкую постаць, калi вярнулася мацi - чыстая, ружовая, з вiльготнымi яшчэ валасамi, закручанымi на патылiцы вузлом. На ёй была ўзорыстая сукенка, на нагах старыя, патрэсканыя туфлi, у вушах маленькiя завушнiцы.
- Памылася, - сказала яна. - Стаю пад душам, цёплая вада так i льецца, так i залiвае мяне ўсю. Адна жанчына там была i кажа, калi хочаш, хоць кожны дзень хадзi мыцца. А жанчыны з камiсii... яшчэ не прыходзiлi?
- Не, - адказала Ружа Сарона.
- А ты так i сядзiш без справы, зусiм нiчога не прыбрала! - Мацi падхапiла талеркi са скрынi. - Трэба парадак навесцi. Жвавей паварочвайся! На, мяшок бяры, падмяцi тут хоць трохi. - Яна сабрала ўсё кухоннае начынне, паклала патэльню i кацялок у скрыню, а скрыню засунула пад брызент. - Пасцелi прыбяры, - загадала яна. - Ну i вадзiца, скажу я табе, нiколi я большай асалоды не адчувала.
Ружа Сарона вяла выконвала яе загады.
- Як ты думаеш, ма, Конi сёння вернецца?
- Можа, вернецца... а можа, i не. Сказаць не магу.
- А ён ведае, дзе нас шукаць?
- Пэўна ж, ведае.