Страница:
Арандатар працягваў думаць уголас:
- А калi ў цябе вялiкi зямельны ўчастак, ты яго не можаш нават вокам акiнуць, не маеш часу памацаць зямлю сваiмi пальцамi, адчуць яе пад нагамi, i гаспадаром робiцца не чалавек, а зямля. Чалавек не вольны рабiць тое, што хоча, не вольны думаць, як хоча. Зямля мацнейшая за яго, яна - гаспадар. А чалавек робiцца маленькiм. Уладаннi яго вялiкiя, але ён толькi прыслугоўвае iм. I гэта таксама праўда.
Трактарыст дажоўваў аштампаваны торт i кiдаў скарынку ўбок.
- Час цяпер iншы, хiба не ведаеш? З такiмi думкамi ў галаве дзяцей не пракормiш. Зарабляй свае тры даляры ў дзень, кармi сям'ю. Трывожыцца за чужых дзяцей не твая справа. А то пойдзе пра цябе дрэнная пагалоска, i тады не бачыць табе i гэтых трох даляраў. Думай толькi пра свае тры даляры, нi пра што iншае, а не, дык заправiлы не дадуць табе i iх.
- Праз твае тры даляры мо сотня людзей блукае па дарогах. Куды нам дзецца?
- Добра, што нагадаў, - ажыўляўся трактарыст. - Выбiрайцеся хутчэй. Пасля абеду я заару ваш двор.
- Калодзеж ты яшчэ ранiцай завалiў.
- Ага. Баразну трэба весцi роўна. Вось пад'ем i заару двор. Барозны павiнны быць прамыя. I яшчэ... раз ты ўжо ведаеш майго старога, Джо Дэвiса, дык я, няхай сабе, скажу. На выпадак, калi арандатарская сям'я яшчэ не выехала, у мяне ёсць загад... Ну, усякае бывае... сам разумееш: пад'ехаў крыху заблiзка да дома, лёгенька крануў яго трактарам... i за гэта мне якiя два лiшнiя даляры. Малодшанькi мой яшчэ нiколi не насiў чаравiкаў.
- Я сваiмi рукамi будаваў гэты дом. Выраўноўваў старыя цвiкi на абшыўку. Дротам прыкручваў кроквы да бэлек. Дом мой. Я сам яго будаваў. Пасмей толькi яго павалiць! Я стану ў акне са стрэльбай. Толькi паспрабуй пад'ехаць блiзка, i я падстрэлю цябе, як труса.
- А я тут пры чым? Ад мяне нiчога не залежыць. Калi я не выканаю загаду, мяне з работы прагоняць. А цяпер падумай... Ну, дапусцiм, ты заб'еш мяне. Цябе павесяць, але яшчэ задоўга да таго, як на шыю табе накiнуць пятлю, сюды з'явiцца другi трактарыст i павалiць твой дом. Не таго ты збiраешся забiваць, каго трэба.
- Усё так, - гаварыў арандатар. - А хто даў табе такi загад? Я да яго дабяруся. Вось з кiм трэба канчаць.
- Зноў памыляешся. Ён сам атрымаў такi загад ад банка. Банк сказаў яму: "Усiх прагнаць, а не, дык вас з работы прагонiм".
- Значыць, дырэктар банка... Цi праўленне. Наб'ю магазiн патронамi i пайду са стрэльбай у банк.
Трактарыст гаварыў:
- Ад аднаго чалавека я чуў, што банк атрымлiвае загады з усходу краiны. Апошнi загад быў такi: "Дамажыцеся, каб зямля давала прыбытак, iнакш мы вас закрыем".
- Дзе ж канец? У каго страляць? Перш чым памерцi з голаду, я заб'ю таго, хто давёў мяне да галоднай смерцi.
- Не ведаю. Можа, страляць i няма ў каго. Можа, людзi тут не вiнаватыя. Можа, ты праўду кажаш: зямля сама iмi распараджаецца. Ва ўсякiм разе, я папярэдзiў цябе.
- Трэба падумаць, - гаварыў арандатар. - Усiм нам трэба добра падумаць. Не навальнiца ж гэта i не землетрасенне. Зло ўчынена людзьмi, i людзi павiнны яго выправiць.
Арандатар адыходзiў ад трактара i садзiўся на ганак, а трактарыст запускаў грымлiвы матор i кранаўся з месца. Гусенiцы апускалiся i, выгiнаючыся, падымалiся, барана прачэсвала зямлю, сеялкi гвалцiлi зямлю. Трактар перасякаў двор, i цвёрдая, утаптаная зямля ператваралася ў засеянае поле; трактар паварочваў, i неўзараная паласа звужалася да дзесяцi футаў. Трактар рабiў новы заход, жалезны буфер угрызаўся ў вугал, крышыў сцяну, зрываў дамок з фундамента, i той валiўся набок, расцiснуты, як казюлька. Трактарыст быў у аўтамабiльных акулярах, гумавая маска закрывала яму нос i рот. Трактар iшоў напрасткi, зямля i паветра дрыжалi ад грукату матора. Арандатар пазiраў яму ўслед са стрэльбай у руцэ. Поплеч стаяла жонка, ззаду - прыцiхлыя дзецi. I ўсе пазiралi ўслед трактару.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
З вяршынi ўзгорка прапаведнiк Кейсi i Том Джоўд пазiралi ўнiз, на сядзiбу Джоўдаў. Маленькi нефарбаваны дамок з праламаным вуглом ляжаў на баку, ссунуты з падмурка, i сляпымi пярэднiмi вокнамi глядзеў у неба значна вышэй рысы далягляду. Агароджы як не было, i бавоўна расла на самым двары, шчыльна падступала да паваленага дома, акружала свiран. Прыбiральня таксама валялася на баку сярод кустоў бавоўны. Двор, колiсь утаптаны босымi нагамi дзяцей, конскiмi капытамi i шырокiмi коламi фургона, быў цяпер узараным, уробленым полем, што зарасло цёмна-зялёным запыленым бавоўнiкам. Том Джоўд доўга глядзеў на касмыкаватую вярбу каля рассохлага вадапойнага карыта для коней, на бетонную аснову, на якой раней стаяла помпа вадакачкi.
- О, Езус! - нарэшце вымавiў ён. - Чорт ведае што тут было! Нiдзе нi жывой душы.
Ён паспешлiва спусцiўся па схiле, следам за iм - Кейсi. Зазiрнуў у свiран - пуста, на падлозе рассыпана сечка. Глянуў у кут на стойла мула; калi зазiрнуў туды, нешта зашаргацела па падлозе - гэта мышыны вывадак шмыгнуў, хаваючыся ад яго, пад салому. Джоўд спынiўся каля ўвахода ў паветку для гаспадарчых прылад - нiчога, акрамя зламанага лемяша, клубка зблытанага вязальнага дроту ў кутку, жалезнага кола ад сенавалакушы, згрызенага мышамi хамута для мула, пляскатай бляшанкi з-пад машыннага масла, пакрытай засохлай сумессю масла i гразi, i падранага камбiнезона на цвiку.
- Нiчога не засталося, - сказаў Джоўд. - А ў нас было добрае гаспадарчае начынне. Не засталося нiчога.
Кейсi сказаў:
- Калi б я быў яшчэ прапаведнiкам, я вось бы як разважыў: гэта рука божая вас пакарала. А цяпер проста не ведаю, што i казаць. Даўно я тут не быў. I нiчога такога не чуў.
Яны пайшлi да бетоннага века калодзежа - проста праз бавоўнiк, на якiм завязалiся ўжо каробачкi, усё дварышча было ўзарана i засеяна iм.
- Мы тут нiколi нiчога не садзiлi i не сеялi, - сказаў Джоўд. - Двор быў як двор. А цяпер тут з канём i не павернешся, адразу ўсё патопча.
Яны спынiлiся каля сухога вадапойнага карыта; травы, што звычайна расце ў такiх месцах, ужо не было, i тоўстая старая калода рассохлася i патрэскалася. На веку калодзежа тырчалi балты, да якiх раней мацавалася помпа, разьба заржавела, гаек не было. Джоўд зазiрнуў у калодзеж, плюнуў i прыслухаўся.
- Добры быў калодзеж, - прамовiў ён. - А цяпер без вады. - Яму, вiдаць, не хацелася падыходзiць да дома. Стоячы ля калодзежа, ён кiдаў у яго камяк зямлi за камяком. - Можа, усе памерлi? Дык я пачуў бы пра гэта. Хто-небудзь сказаў бы мне.
- А можа, яны пакiнулi ў доме пiсьмо цi што-небудзь такое. Цi маглi яны дазнацца, што цябе выпускаюць?
- Не ведаю, - адказаў Джоўд. - Малаверагодна. Мне самому толькi тыдзень назад сказалi.
- Давай глянем у дом. Вунь як ён скасабочыўся. Здорава яго дзеўбанулi!
Яны паволi пайшлi да пахiленага дамка. Два слупы, што падпiралi стрэшку над ганкам, былi вывернуты, i стрэшка ўткнулася адным краем у зямлю. Вугал дома быў праламаны, праз расшчэпленыя дошкi вiднеўся кутнi пакой. Уваходныя дзверы адвiслi ўсярэдзiну, а нiзкая моцная загарадка перад iмi адкiнулася на скураных завесах у другi бок.
Джоўд ступiў на нiжнюю прыступку ганка - тоўсты брус дванаццаць на дванаццаць цаляў.
- Ганак на месцы, - сказаў Джоўд. - Але ў доме нiкога... цi, можа, мацi памерла. - Ён паказаў на загарадку. - Калi б мацi была недзе тут, загарадка была б на засаўцы, - позiрк яго пацяплеў. - Усё з таго дня, як у Джэйкабсаў свiння з'ела дзiцянё. Мiлi Джэйкабс пайшла па нешта ў свiран. Вяртаецца, а свiння дзiця ўжо даядае. Мiлi была цяжарная i так зайшлася ад крыку i енку, што з розуму кранулася. Так i засталася ненармальная. А мацi нашай гэта паслужыла перасцярогай. Нiколi загарадку зачынiць не забывалася. Значыць, так... з'ехалi або памерлi. - Ён падняўся на развернуты ганак i глянуў у кухню. Шыбы ўсе паразбiваныя, на падлозе каменне, маснiцы i сцены перакошаныя, на ўсiм тонкi пласт пылу. Джоўд паказаў рукой на асколкi шкла i каменне. Дзецi, - сказаў ён. - Яны дваццаць мiль прабягуць, абы акно дзе выбiць. Я сам такi быў. Яны нюхам чуюць, дзе пустуе дом. Ледзь толькi хто выедзе, яны - раз! - i там. - На кухнi было пуста - нi стала, нi табурэткi, ад плiты толькi след, праз круглую адтулiну комiна свiцiцца неба. На палiчцы над злiўной ракавiнай штопар i вiдэлец без тронкаў. Асцярожна ступаючы, Джоўд прабраўся ў пакой, i пад iм застагналi дошкi. Каля самай сцяны на падлозе валяўся стары нумар штотыднёвiка "Леджэр" з пажаўцелымi, загнутымi ў ражках старонкамi. Джоўд зазiрнуў у спальню - нi ложка, нi крэслаў. На сцяне каляровая iлюстрацыя дзяўчына-iндыянка, подпiс: "Чырвонае Крыло". Каля сцяны жалезная перакладзiна ад ложка, у куце - высокi жаночы чаравiк на гузiках з задраным угору наском i дзiркай у пад'ёме. Джоўд падняў яго, з усiх бакоў агледзеў.
- Яго я памятаю, - сказаў ён. - Ён мамiн. Зусiм развалiўся. Яна яго шмат гадоў насiла. Яе любiмыя чаравiкi. Цяпер ясна - яны паехалi... i ўсё з сабой пазабiралi.
Сонца апусцiлася нiзка, i цяпер яго промнi пранiкалi ў пакой праз верх нахiленых вокнаў i паблiсквалi на вострых тарцах пабiтых шыб. Нарэшце Джоўд павярнуўся i выйшаў. Спусцiўся з ганка, сеў на яго, паставiўшы ногi на шырокую нiжнюю прыступку. Па палях разлiвалася вячэрняе святло, ад кустоў бавоўны падалi на зямлю доўгiя ценi, палыселая вярба таксама адкiдала выцягнуты цень.
Кейсi прысеў каля Джоўда.
- Няўжо яны зусiм нiчога табе не пiсалi? - запытаўся ён.
- Не. Я ж казаў табе. Яны не з тых, што пiшуць пiсьмы. Бацька мог бы, але не хацеў. Ён не аматар пiсаць. Ад адной толькi думкi пра гэта яго ў дрыжыкi кiдала. Бланк якога-небудзь заказу ён запоўнiць табе не горш, чым хто iншы, а каб лiст напiсаць - нiзашто.
Яны сядзелi побач, пазiраючы ўдалячынь. Джоўд паклаў свой згорнуты пiнжак каля сябе. Рукi яго машынальна скруцiлi цыгарку, разгладзiлi яе i запалiлi; ён глыбока зацягнуўся i пусцiў дым праз нос.
- Нешта тут нядобрае, - сказаў ён. - А што такое, даўмецца не магу. Розная дрэнь у галаву лезе. Дом павалены, нiкога няма...
Кейсi сказаў:
- Вунь там канава была, у якой я вас хрысцiў. Ты хлопчык някепскi быў, толькi дужа натурысты. Учапiўся дзяўчынцы той у коскi, як бульдог. Я вас хрысцiць у iмя духа святога, а ты яе не адпускаеш. Стары Том кажа: "Ты яго з галавой". Я i пiхнуў цябе пад ваду, i ты, толькi калi ўжо бурбалкi пачаў пускаць, пальцы расчапiў. Нядрэнны ты быў, толькi вельмi ўпарты. З такiх вось малых часцяком адчайныя мужчыны вырастаюць.
Худая кошка, крадучыся, выйшла са свiрна, прабралася праз кусты бавоўнiку i падышла да ганка, бясшумна скокнула на яго i, нiзка прынiкшы да насцiлу, падпаўзла да людзей. Спынiлася мiж iмi крыху ззаду i распластала на дошках хвост, паторгваючы кончыкам. Яна сядзела, пазiраючы ўдалячынь, - туды ж, куды глядзелi людзi. Джоўд азiрнуўся.
- А божухна! - усклiкнуў ён. - Глянь, хто тут! Выходзiць, усё ж такi нехта застаўся. - Джоўд працягнуў руку да кошкi, але тая адскочыла, села крыху далей, падняла лапку i пачала лiзаць падушачкi. Джоўд здзiўлена пазiраў на яе. - Цяпер я ведаю, што тут было, - раптам сказаў ён. - Кошка падказала мне, якая ў нас тут бяда ўчынiлася.
- Калi б толькi тут... - прамовiў Кейсi.
- Ага. Не толькi ў нас, на нашай ферме. Чаму кошка не пайшла да суседзяў да Рэнсаў? I чаму нiхто не садраў абшыўкi з дома? Ён ужо тры цi чатыры месяцы пустуе, а нiхто нi дошчачкi не ўзяў. Свiран з добрых тоўстых дошак, на доме не горшыя, аконныя рамы на месцы - нiхто не паквапiўся. Так не бывае. Гэта мне i было дзiўна, i я ўсё галаву ламаў - што такое здарылася?
- I да чаго дадумаўся? - Кейсi нахiлiўся, зняў з ног туфлi, паставiў босыя ступнi на прыступку i паварушыў доўгiмi пальцамi.
- Толкам нi да чога. Думаю, i суседзяў нiкога не засталося. Цi ж уцалела б уся гэтая габлёўка, калi б хто з iх астаўся? Дзе там! Неяк раз на Каляды паехаў Альберт Рэнс у горад Аклахому - з усiм кодлам: з жонкай, дзецьмi, з сабакамi i ўсякай там усячынай. У госцi да стрыечнага брата выбраўся. А суседзi падумалi, што Альберт зусiм з'ехаў, нiкому нi слова не сказаўшы, можа, ад крэдытораў ратаваўся цi ад якой помслiвай жанчыны ўцёк. Праз тыдзень вяртаецца, а ў хаце пусценька - нi плiты, нi ложкаў, вокны без рам, у сцяне з паўднёвага боку прарэха ў восем футаў - пакой проста з двара ўвесь перад вачамi. Пад'язджае Альберт да дома, а М'юлi Грэйуз дзверы i калодзежную помпу вывозiць. Потым Альберт тыднi два хадзiў па суседзях - дабро сваё збiраў.
Кейсi з асалодай пачухаў голыя пальцы ног.
- А нiхто не заўпарцiўся? Так усё i аддалi?
- Аддалi, а што? Яны ж не кралi. Думалi, што ён зусiм паехаў, ну i ўзялi хто што. Ён назад усё ў iх забраў, акрамя падушкi ад канапы з вышытым iндзейцам. Альберт усё казаў, што дзед наш яе ўзяў. Маўляў, у жылах у яго iндзейская кроў, вось i пацягнула яго на падушку тую. Што ж, дзед наш i праўда ўзяў яе, толькi напляваць яму было, што там iндзеец. Проста старому яна дужа спадабалася. Паўсюль цягаў яе з сабой - дзе сядзе, там пад сябе i падсоўвае. Так i не аддаў Альберту. Кажа: "Калi яму без падушкi гэтай жыццё не мiла, няхай прыходзiць. Толькi каб са стрэльбай, а не, дык я мазгаўню яму знясу, калi сунецца да мяне па сваю падушку". Пад канец Альберт здаўся i падарыў дзеду падушку. А неяк раз дзеду яшчэ ўбiлася ў галаву. Пачаў курынае пер'е збiраць. Надумаў пярыну сабе на ложак зрабiць. Ды толькi ў яго з гэтага нiчога не выйшла. Якраз завёўся ў нас пад домам скунс - бацька ашалеў ад злосцi. Гакнуў яго брусом два на чатыры, каб не смярдзеў, а мацi ўсё пер'е дзедава спалiла, каб дух паганы адбiць, а то проста хоць з дому ўцякай. - Джоўд засмяяўся. - Дзед у нас крутога нораву. Сядзiць, бывала, на падушцы i кажа: "Няхай Альберт толькi заявiцца. Я, кажа, блазнюка гэтага навыварат выверну, як споднiкi".
Кошка зноў падкралася да людзей i села мiж iмi, выцягнуўшы на дошках ганка хвост i паторгваючы вусамi. Сонца зусiм нiзка апусцiлася да гарызонту, пыльнае паветра здавалася залацiста-чырвоным. Кошка асцярожна выцягнула лапку i кранула Джоўдаў пiнжак. Джоўд азiрнуўся.
- Чорт! Зусiм забыўся пра чарапаху. Навошта яна мне цяпер?
Ён раскруцiў чарапаху i засунуў яе пад дом. Але яна адразу вылезла адтуль i папаўзла, як i раней, на паўднёвы захад. Кошка скокнула i ўдарыла чарапаху лапай па выцягнутай галаве, драпанула кiпцюрамi па нагах. Старая насмешлiвая лускаватая галава схавалася, тоўсты хвост шуснуў убок пад панцыр, i, калi кошка, знудзiўшыся ад чакання, адышла ад яе, чарапаха зноў пакiравала на паўднёвы захад.
Том Джоўд i прапаведнiк Кейсi глядзелi, як чарапаха iдзе, - няспешна перабiрае нагамi i штурхае свой цяжкi выпуклы панцыр дакладна ў адным кiрунку. Кошка нейкi час кралася за ёю, потым тугiм лукам выгнула спiну, пазяхнула i, тоячыся, вярнулася да людзей, што сядзелi на ганку.
- I куды яе панесла? - запытаўся Джоўд. - Колькi я ўжо гэтых чарапах пабачыў на сваiм вяку! Заўсёды некуды паўзуць. Заўсёды iм кудысьцi трэба.
Шэрая кошка зноў села мiж iмi, крыху ззаду. Павекi яе раз-пораз злiпалiся. Шкурка на спiне торгнулася да шыi ад блышынага ўкусу i паволi адышла назад. Кошка падняла лапку, абнюхала яе, выпусцiла кiпцюры, схавала iх i лiзнула падушачкi бледна-ружовым языком. Чырвонае сонца кранулася гарызонту i распаўзлося, як медуза, небасхiл над iм пасвятлеў i нiбы ажыў. Джоўд разгарнуў пiнжак i ўзяў свае новыя жоўтыя чаравiкi. Перш чым надзець iх на ногi, ён змахнуў далонню пыл з голых ступняў.
Раптам прапаведнiк, якi ўглядаўся праз палi ўдалячынь, сказаў:
- Сюды нехта iдзе. Глядзi! Вунь, проста праз бавоўнiк.
Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсi.
- Ага, праўда нехта iдзе, - сказаў ён. - Такi пыл падняў, што i не разгледзiш. Каго гэта чорт нясе? - Яны сачылi за постаццю, што наблiжалася да iх у вячэрнiм святле, i пыл, якi ўзнiмаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань. - Мужчына, - сказаў Джоўд. Чалавек падыходзiў усё блiжэй, i, калi ён параўняўся са свiрнам, Джоўд сказаў: - Гэ, я яго ведаю. I ты яго ведаеш - гэта М'юлi Грэйуз. - I гукнуў: - Гэй, М'юлi! Здарова!
Чалавек раптам спынiўся - спалохаўся воклiку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нiзкаваты ростам. Рухi яго былi рэзкiя i хуткiя. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сiнiя джынсы на каленях i ззаду злiнялi, стары чорны пiнжак ад былога гарнiтура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдралiся з проймаў, на локцях працерлiся да дзiрак. Чорны капялюш быў такi ж брудны, як i пiнжак, i стужка трымалася толькi адным канцом - другi матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлi быў гладкi, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзiцяцi, губы сцялiся ў вузкую шчылiнку, у маленькiх вочках цi то гнеў, цi то горыч.
- Ты памятаеш М'юлi? - запытаўся Джоўд у прапаведнiка.
- Вы хто такiя? - крыкнуў iм на хаду М'юлi Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлi падышоў блiжэй, яшчэ блiжэй i нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку. - Тфу ты, чорт! - выгукнуў ён. - Гэта ж Томi Джоўд! Калi цябе выпусцiлi, Томi?
- Два днi назад, - адказаў Джоўд. - Дабiраўся дамоў на спадарожных машынах. I глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлi? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны?
- Дзякуй богу, што я мiма iшоў, - сказаў М'юлi. - Стары Том вельмi непакоiўся за цябе. Калi твае сабралiся выязджаць, я тут у вас на кухнi сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нiкуды не пайду, так i сказаў, далiбог, праўда, а Том мне кажа: "Баюся я дужа за Томi. Раптам ён вернецца, а нас нiкога няма. Што ён падумае?" Я кажу: "Можа б, ты яму пiсьмо напiсаў?" А Том мне: "Можа, i напiшу. Падумаю. А калi не, дык ты ўжо на ўсялякi выпадак паглядай, калi застанешся: Томi, можа, вернецца". "Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрцi ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзiўся той чалавек, якi згонiць М'юлi Грэйуза з гэтай зямлi". I так i не сагналi пакуль што.
Джоўд нецярплiва перабiў яго:
- Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзелiся?
- Калi банк пачаў усё заворваць трактарамi, яны таксама вырашылi не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць i пацэлiў у фару, а трактар усё роўна iдзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забiваць i не думаў, а гэта быў Уiлi Фiлi, i Ўiлi ведаў, што баяцца яму няма чаго - папёр проста на дом i як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго i перакруцiла. Нешта з iм сталася. З таго часу сам не свой зрабiўся.
- Дзе ж яны цяпер?
- Дык я ж расказваю. Тры разы ганялi фургон дзядзькi твайго Джона. Плiту вывезлi, помпу i ўсе ложкi. Ты толькi паглядзеў бы, як ложкi везлi, - разам з малымi, бабка з дзедам прымасцiлiся ў галавах, а брат твой Ной сядзiць сабе, пакурвае цыгарэтку i сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца. - Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлi апярэдзiў яго: - Яны ўсе ў дзядзькi Джона.
- А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвiлiнку, М'юлi, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць?
- Бавоўну акучваюць - усе, нават малыя i дзед твой. Грошы збiраюць, машыну хочуць купiць i на Захад ехаць - там лягчэй жывецца. Тут зусiм кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ i такую работу трэба вымольваць.
- Яны яшчэ не паехалi?
- Не, - адказаў М'юлi. - Думаю, не. Апошнi раз чуў пра iх днi чатыры назад: Ноя сустрэў - ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збiраюцца ехаць тыднi праз два. Джона таксама папярэдзiлi, каб выязджаў. Ты да Джона iдзi усяго восем мiль. Усе яны там - набiлiся ў хату, як на зiму суслiкi ў нару.
- Ну добра, - сказаў Джоўд. - Цяпер садзiся на свайго канька i давай. Ты нi кропелькi не перамянiўся, М'юлi. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое - тыцкаешся то туды, то сюды.
М'юлi агрызнуўся:
- I ты ж не перамянiўся. Малым як быў развязны нахаба, такi i застаўся. Цi не вучыць мяне, як жыць, сабраўся?
- Не, анi. Калi табе закарцiць усунуцца галавой у кучу бiтага шкла, нiхто ўжо цябе не адгаворыць - усё роўна палезеш. А прапаведнiка нашага ты пазнаеш, М'юлi? Гэта ж яго прападобнасць Кейсi.
- А як жа, вядома, пазнаю. Я на яго адразу проста не паглядзеў. Добра яго памятаю.
Кейсi падняўся з ганка, i яны пацiснулi адзiн аднаму рукi.
- Рады бачыць цябе, - сказаў М'юлi. - Чорт ведае колькi часу ты ў нашых краях не паказваўся.
- Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, - адказаў Кейсi. - А што тут такое нарабiлася? Чаму людзей з зямлi зганяюць?
У М'юлi так моцна сцялiся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навiсла над нiжняй. Бровы насупiлiся.
- Мярзотнiкi! Сукiны дзецi! - сказаў ён. - Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калi яны думаюць уцiхамiрыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваiх-траiх гэтай сволачы за кампанiю. - Ён паляпаў рукой па выпнутай кiшэнi пiнжака. - Нiкуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. I я адсюль нiкуды не пайду.
Джоўд запытаўся:
- А навошта спатрэбiлася iм зганяць людзей з зямлi?
- О, яны тут шмат чаго нагаварылi! Ты ж памятаеш, як было апошнiя гады. Пыл узнiмаўся такi, што ўсё скрозь засыпаў i паганiў, i ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгi залезлi да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалi гаварыць: "Арандатары нам больш не па кiшэнi. Тая доля, якая iдзе iм, - гэта той мiнiмальны прыбытак, якi мы не можам дазволiць сабе страцiць". I яшчэ: "Калi мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык i тады яна ледзь-ледзь акупiцца". I трактарамi ўсiх здольнiкаў з фермаў сагналi, усiх, акрамя мяне, i, далiбог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томi. Колькi жывеш, мяне ведаеш.
- Чыстая праўда, - сказаў Джоўд, - колькi жыву.
- Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмi добрая. I нiколi добрай не была, на ёй толькi скацiну пасвiць. Цалiну тут дарма разворвалi. А пад бавоўнай яна амаль зусiм як мёртвая стала. Калi б мяне нiхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Калiфорнiю - вiнаград там еў бы i апельсiнчыкамi, як захочацца, ласаваўся. Але калi сукiны гэтыя сыны загадваюць мне выбiрацца... дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду!
- Правiльна, - сказаў Джоўд. - Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. I дзiўна, што дзед нiкога не падстрэлiў. Ён нiкому не дазваляў над сабой верхаводзiць. I мацi не цярпела нiякiх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямi жывой курыцай бiла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера - збiралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, i давай яго курыцай лупiць. Курыца гэтая нам так у талерку i не трапiла. Нiчога ад яе не засталося - адны ногi ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца знялiся?
- Ды вось прыехаў да нас сюды адзiн малойчык i пачаў угаворваць i мазгi нам круцiць. "Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькi я тут не вiнаваты". - "Дык хто ж, пытаюся, вiнаваты? Скажыце хто, i я ведаю, што з iм зраблю". - "Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанiя Шоўнi. А я ўсяго толькi загад выконваю". - "А хто ён такi, гэты Шоўнi?" - "Чалавека такога няма. Гэта кампанiя". Проста да шаленства давёў. Выходзiць, i скардзiцца няма на каго. Шмат хто страцiў надзею знайсцi каго-небудзь, на кiм можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваiм. У мяне ўся кроў кiпiць. Я нiкуды адсюль не пайду.
Вялiзная чырвоная кропля сонца памарудзiла над гарызонтам, потым упала ўнiз i знiкла, неба над тым месцам заззяла, i рванае воблачка акрываўленай анучкай павiсла на небакраi. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай iмглой, i на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, паблiскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свiрна i ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы.
Джоўд сказаў:
- Ну, восем мiль да дзядзькi Джона мы сёння ўжо не асiлiм. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлi? Гэта ж усяго каля мiлi.
- Нiякага толку. - Выгляд у Грэйуза зрабiўся збянтэжаны. - Мае ўсе ў Калiфорнiю паехалi - i жонка, i дзецi, i швагер. Не было чаго есцi. Яны не так азлобiлiся, як я, сабралiся i паехалi. Нiдзе тут няма нiякай ежы.
Прапаведнiк нервова заёрзаў на месцы.
- Табе таксама трэба было ехаць, М'юлi, - сказаў ён. - Сям'ю нельга разбiваць.
- Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапiлася ў мяне i не пускае.
- Божа, як я прагаладаўся, - сказаў Джоўд. - Цэлыя чатыры гады еў па гадзiнах - хвiлiна ў хвiлiну. А цяпер кiшкi марш iграюць. Ты што будзеш есцi, М'юлi? Як ты цяпер кормiшся?
М'юлi сарамлiва адказаў:
- Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабiць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сiлкi на праторынах у сухiм хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то i цяцерка пападзецца. Здараецца - скунсы, яноты. - Ён нахiлiўся, падняў свой мяшок i вывалiў з яго ўсё на ганак. Два трусы i заяц глуха шмякнулiся на дошкi мяккiмi пушыстымi камячкамi.
- Божа мiлы! - усклiкнуў Джоўд. - Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзiчыны.
Кейсi падняў аднаго труса i спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:
- Падзелiшся з намi, М'юлi Грэйуз?
М'юлi неяк няёмка пакруцiўся.
- Выбiраць не даводзiцца, - сказаў ён i змоўк, збянтэжаны недалiкатнасцю сваiх слоў. - Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе... - ён запнуўся, - я вось што меў на ўвазе: калi ў аднаго чалавека ёсць харч, а другi стаiць побач галодны... дык тут выбiраць не даводзiцца. Ну дапусцiм, я забяру сваiх трусоў, адыду ўбачок i сам iх праглыну, адзiн... Разумееш?
- Разумею, - адказаў Кейсi. - Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлi да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапiўся, толькi яно задужа цяжкое яго разуменню, i майму таксама.
Том радасна пацёр рукi:
- У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы iх разбяром!
М'юлi ўсунуў руку ў кiшэню штаноў i выняў вялiкi складаны нож з рагавымi тронкамi. Том Джоўд узяў яго, адсланiў адно лязо i панюхаў. Потым некалькi разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну i паспрабаваў вастрыё вялiкiм пальцам.
З задняй кiшэнi штаноў М'юлi дастаў вялiкую пляшку з вадой i паставiў на ганак.
- На ваду не вельмi налягайце, - сказаў ён. - Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалiлi.
Том узяў труса.
- Схадзiце хто ў свiран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалiм з паламаных дошак абшыўкi. - Ён агледзеў труса. - Труса разабраць няма лягчэй. - Ён адцягнуў шкурку на спiнцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзiрку пальцы i рвануў. Скура знялася, як панчоха, - саслiзнула з цельца да самай шыi, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вывалiў на шкурку вантробы i кiнуў усё ў бавоўнiк. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымi мышцамi. Джоўд адсек усе чатыры нагi i разрэзаў удоўж мясiстую спiнку. Калi ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсi са зблытаным скруткам дроту. - Цяпер раскладзiце агонь i ўваткнiце ў зямлю калю, - сказаў Джоўд. - Божа, якi ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! - Ён выпатрашыў другога труса i зайца, парэзаў iх i нанiзаў кавалкi мяса на дрот. М'юлi з Кейсi адарвалi ад развернутага вугла некалькi дошак, распалiлi вогнiшча i з двух яго бакоў усадзiлi ў зямлю па калку для дроту.