- Паспi крыху, - сказаў яму Джоўд. - Як толькi развiднее, рушым да дзядзькi Джона.
   - Я спаць не буду, - адказаў прапаведнiк. - Ёсць над чым галаву паламаць. - Ён сагнуў ногi ў каленях, абняў iх рукамi, падняў вочы ў неба i ўтаропiўся на яркiя зоры. Джоўд пазяхнуў i закiнуў руку за галаву. Абодва маўчалi, i мала-памалу зноў ажыло мiтуслiвае жыццё зямлi - норак, падземных хадоў i хмызу: зашнарылi суслiкi, асцярожна падкрадалiся да зялёнага лiсця трусы, снавалi мышы памiж камякамi зямлi, а крылатыя драпежнiкi бязгучна ляталi ў небе.
   РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
   У гарадах, на гарадскiх ускраiнах, пасярод палёў, на пустках - паўсюль паркi ўжываных аўтамабiляў, машын, адноўленых пасля аварыi, гаражы з зазыўнымi шыльдамi i плакатамi: Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Танны сродак перавозкi, тры прычэпы. "Форд" 27-га года, новы матор. Правераныя машыны, якасць гарантуецца, бясплатнае радыё. Машына i 100 галонаў бензiну ў прыдачу. Заходзьце, самi пераканаецеся. Ужываныя машыны, накладныя выдаткi ў кошт не ўваходзяць.
   Невялiкi ўчастак i будыначак, у якiм ледзь хапае месца сталу, крэслу i сiняй канторскай кнiзе. Пачак бланкаў, загнутых па ражках i змацаваных сашчэпкамi, побач - акуратны стос яшчэ чыстых, не запоўненых бланкаў. Вечная ручка - сачы толькi, каб у ёй заўсёды было чарнiла i каб пiсала. Здзелка не адбылася толькi таму, што ручка закапрызiла.
   Вунь тыя сукiны дзецi нiчога не купяць. Такiя швэндаюцца па ўсiх гаражах. Проста разявакi. Iм абы падзiвiцца. Машыны такiм не патрэбныя, толькi час забiраюць. Iм напляваць на твой час. А вунь, глянь, парачка - не, тая, што з малымi. Пасадзi iх у машыну. Пачнi з двухсот i паступова збаўляй. З выгляду на сто з чвэрцю пацягнуць. Пракацi iх. Вунь у тым драндулеце. Дай iм жару! Толькi час з iмi марнуем.
   Гаспадары машын з падкасанымi рукавамi. Прадаўцы - акуратненькiя, бесстароннiя, маленькiя ўважлiвыя вочкi нiчога не прапускаюць.
   Зiрнi на твар той вунь жанчыны. Калi жонцы спадабаецца, старога мы абломiм. Пачнi з "кадзiлака". Урэшце навяжы iм "б'юiк". Калi пачаць адразу з "б'юiка", яны яшчэ запатрабуюць "форд". Трэба спяшацца, доўга так не працягнецца. Пакажы iм вунь той "нэш", а я пакуль што падпампую дзiравую камеру "доджа-25". Як будзе гатова, клiкну.
   Машына вам для язды патрэбная, цi ж не так? Не ў цацкi гуляць. Што ж, абiўка працерлася. Ды хiба колы круцяць падушкi?
   Шэрагi машын стаяць насамi наперад - капоты ржавыя, шыны спушчаныя. Стаяць упрытык адна да адной.
   Жадаеце паглядзець вунь тую? Ну якая ж гэта турбота. Зараз я яе выведу.
   Няхай адчуваюць сябе абавязанымi. Няхай забiраюць твой час. Не давай iм забыцца пра гэта. Пакупнiкi - народ большасцю далiкатны. Iм непрыемна турбаваць людзей. А ты прымусь iх турбаваць цябе, потым прыцiснеш iх.
   Шэрагi машын мадэлi "Т" - высокiя, тупарылыя, руль, як павернеш, скрыпiць, тармазныя пракладкi сцерлiся. "Б'юiкi", "нэшы", "дэ-соты".
   Так, сэр, "додж" 22-га. Найлепшая мадэль, якую Додж калi выпускаў. Зносу не мае. Нiзкая кампрэсiя. З высокай кампрэсiяй першы час рэзвасцi многа, але метал нядоўга вытрымлiвае. "Плiмуты", "рокнесы", "стары"...
   Госпадзi! Адкуль узяўся гэты "аперсан" - з Ноевага каўчэга, цi што! А "чалмерс", а "чандлер"? Iх ужо ж колькi гадоў не выпускаюць. Мы не аўтамабiлi прадаём, а жалезны лом на колах. Але чорт! Каб больш такiх драндулетаў. Даражэй за дваццаць пяць цi трыццаць мне не трэба. Iдуць па пяцьдзесят, а то i па семдзесят пяць. Навар неблагi. Бог ты мой, цi шмат настрыжэш на новай машыне? Каб больш такiх драндулетаў. Не паспееш купiць, ужо iх хапаюць. Усё, што хочаш, абы не за дзвесце пяцьдзесят. Заганi ты, Джым, сюды таго старычыну, што на бакавой дарожцы. Ён не адрознiць асла ад калдобiны. Паспрабуй уцiснуць яму "аперсан". А куды ён дзеўся, гэты "аперсан"? Прадаўся? Калi мы не займеем яшчэ такiх драндулетаў, дык хоць кантору зачыняй.
   Сцяжкi - бела-чырвоныя, бела-сiнiя - па абочыне пляцоўкi. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. На памосце - машына, на якую сёння знiжана цана. Не падумай прадаваць яе. Яна - прыманка для публiкi. Калi прадаць гэтую дзяшоўку за такую цану, дык i цэнта лiшняга не пакладзеш у кiшэню. Гавары, што прададзена ўжо. А перш чым аддасi машыну, знiмi з яе наш акумулятар. Пастаў вось гэты хлам. Госпадзi, што iм яшчэ трэба за iхнiя медзякi? Закасай рукавы наляж. Так доўга працягвацца не будзе. Каб больш такiх драндулетаў, i праз паўгода можна было б i на спачын.
   Слухай сюды, Джым. У гэтага "шаўрале" шум у заднiм мосце. Быццам там бутэлькi трушчаць. Засып туды кварты са дзве пiлавiння. I ў каробку скорасцей не забудзь. Гэты гнiлы лiмончык трэба прадаць за трыццаць пяць даляраў. Той прахвост абвёў мяне вакол пальца. Я даваў яму дзесяць, а ён упёр мне яе за пятнаццаць, ды яшчэ, сукiн кот, iнструмент увесь ухiтрыўся забраць. Божа лiтасцiвы! Каб нам штук пяцьсот такiх развалiн! Гэтак доўга не працягнецца. Што, шына яму не даспадобы? Скажы, што ў гэтых шынах запасу яшчэ на дзесятак тысяч мiль, i скiнь паперкi паўтары.
   Груды ржавага лому навалам каля агароджы, у заднiм канцы двара валяюцца ламаныя карпусы, крылы, замаслены хлам, блокi матораў, скрозь цылiндры прарасла трава. Тармазныя цягi, зваленыя ў кучы выхлапныя трубы - як клубкi змеяў. Разлiтая змазка, бензiн.
   Схадзi пашукай, цi няма дзе цэлай запальнай свечкi, а то ўсе трэснутыя. Чорт, каб раздабыць штук пяцьдзесят прычэпаў, даляраў за сотню, вось быў бы прыварак! Чаго гэта ён там скандалiць? Наша справа прадаць машыну, а дадому няхай ён сам яе пiхае. Здорава сказана, ха, мы яе яму дадому не пiхаем! Галаву кладу, можна i ў гумарыстычным часопiсе "Манслi" надрукаваць. Думаеш, ён так нiчога i не купiць? Дык ганi яго ў шыю. У нас тут i так спраў шмат, няма часу важдацца з такiмi, што самi не ведаюць, чаго хочуць.
   Знiмi пярэднюю правую пакрышку з "грэхема", павярнi яе латай усярэдзiну. Астатняе - проста шык! Пратэктар нават яшчэ не сцёрся.
   Абавязкова! Гэтае старое жалеззе яшчэ пяцьдзесят тысяч мiль прабяжыць. Толькi больш масла залiвайце. Бывайце. Шчаслiва.
   Падбiраеце машыну? А што б вам хацелася? Знайшлi што-небудзь прыдатнае? Нешта ў горле суха. Як наконт таго, каб прапусцiць па маленькай? Давайце пойдзем, а жонка ваша няхай пакуль што паглядзiць на гэты "ласаль". Вы "ласаль" не хочаце? Так, падшыпнiкi знасiлiся. Праз меру масла бярэ. Магу прапанаваць "лiнкольн" 24-га года. Вось гэта машына! Вечная. Пераробiце ў грузавiк.
   Гарачае сонца на ржавым жалезе. Зямля ў масленых плямах. Людзi азадачана расхаджваюць, iм патрэбна машына.
   Вытры ногi. Не прыхiнайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькi наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмi. Цiкава, колькi яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць нi на адзiн пяцiцэнтавiк даць не магу, а то да Калiфорнii не дабяромся.
   Госпадзi, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавiн на колах! На хаду цi не на хаду - мне няважна.
   Пакрышкi, старыя сцёртыя пакрышкi, наваленыя высокiмi штабелямi; камеры чорныя, шэрыя - вiсяць, як кiлбасы.
   Латкi на камеры? Парашок для чысткi радыятараў? Iскравы кандэнсатар? Укiньце вось гэту пiлюльку ў бензабак i атрымаеце лiшнiх дзесяць мiль з кожнага галона. Вось палiтура - усяго пяцьдзесят цэнтаў, i кузаў будзе як новенькi. "Дворнiкi", рэмень вентылятара, пракладкi? Ну што для вас значыць адзiн пяцiцэнтавiк?
   Выдатна, Джо. Ты iх яшчэ крыху апрацуй i вядзi да мяне. А я ўжо iх абламаю - уламлю або зламлю. Толькi балбатуноў не прыводзь. Хачу бiзнес рабiць.
   Калi ласка, сэр, заходзьце, заходзьце. Вам гэта проста знаходка. Так, сэр. Усяго восемдзесят даляраў, проста знаходка.
   - Больш за пяцьдзесят я даць не магу. Мне ваш чалавек сказаў - пяцьдзесят.
   Пяцьдзесят... Пяцьдзесят? Ён ачмурэў! Я сам заплацiў за гэту красуню семдзесят даляраў. Ты што, Джо, з глузду з'ехаў? Хочаш пусцiць мяне з торбай? Давядзецца прагнаць гэтага ёлупа. Можа, сыдземся на шасцiдзесяцi? Вось што, мiстэр, дзень кароткi. Я чалавек дзелавы, а не махляр. Можа, у вас ёсць што-небудзь узамен грошай?
   Ёсць пара мулаў, я даплацiў бы iмi.
   Пара мулаў? Гэй, Джо, ты чуеш? Ён прапануе расплацiцца муламi. А вы хiба не ведаеце, што мы жывём у век машын? Мулы цяпер iдуць толькi на сталярскi клей.
   Добрыя, дарослыя мулы - аднаму пяць, другому сем гадоў. Што ж, пашукаю ў iншым месцы.
   У iншым месцы? Прыходзiце да занятых людзей, час забiраеце i iдзяце з пустымi рукамi. Джо, хiба ты адразу не зразумеў, што маеш справу са жмiндам?
   Я не жмiнда. Мне патрэбна машына. Мы ў Калiфорнiю едзем. Мне машына патрэбна.
   Ну добра, няхай я прасцячок. Джо лiчыць мяне прасцячком. Калi будзеце, кажа, здымаць з сябе апошнюю кашулю, з голаду здохнеце. Вось мы як зробiм: я вазьму вашых мулаў па пяць даляраў за галаву на корм сабакам.
   Не, навошта ж на корм.
   Ну, я мог бы раскашэлiцца i даць па сем цi дзесяць. Дык я скажу вам, як мы зробiм. Я бяру вашых мулаў за дваццаць i яшчэ павозку ў прыдачу, згодны? Пяцьдзесят вы заплоцiце наяўнымi, а на астатнiя дасце вэксаль i будзеце пагашаць па дзесяць даляраў у месяц.
   Вы ж сказалi - восемдзесят.
   А хiба вы нiколi не чулi пра накладныя выдаткi i пра страхоўку? Гэта крыху павышае цану. За якiх чатыры-пяць месяцаў вы ўсё выплацiце. Распiшыцеся вось тут. Мы пра ўсё паклапоцiмся.
   Проста не ведаю...
   Паслухайце. Я гатовы аддаць вам сваю апошнюю кашулю, а вы столькi часу ў мяне аднялi. Я ўжо трох пакупнiкоў адпусцiў бы за той час, што на вас патрацiў. Проста прыкра. Ага, так, распiсвайцеся вось тут. Цудоўна, сэр. Джо, схадзi залi бак гэтаму джэнтльмену. Дадзiм яму яшчэ i бензiну.
   Ну, Джо, дасталося ж нам з табой. Колькi я аддаў за гэту калымагу? Трыццаць зялёненькiх... а не трыццаць пяць? Не я буду, калi не заганю гэтую вупражку за семдзесят пяць, а то якi ж я дзялок? Ды яшчэ пяцьдзесят наяўнымi i вэксаль на сорак. Ну так, я ведаю, не ўсе людзi сумленныя, але часам дзiву даешся, як яны ўхiтраюцца заплацiць доўг. Адзiн выплацiў сотню праз два гады пасля таго, як я спiсаў гэтыя грошы ў расход. У заклад iду - гэты выплацiць усё да апошняга. Эх, мне каб толькi раздабыць соцень пяць такiх драндулетаў! Ну, закасвай рукавы, Джо, бярыся за справу. Пайдзi апрацуй яшчэ каго i да мяне прышлi. З гэтай апошняй здзелкi табе перападзе дваццаць зялёненькiх. Ты малайчына, Джо.
   Сцяжкi млява панiклi пад дзённым сонцам. Сёння ўцэненая машына - "форд" выпуску 29-га года - "пiкап", у поўнай спраўнасцi.
   А што вы хочаце за пяцьдзесят даляраў - "зефiр"?
   Конскi волас закручанымi космамi вытыркаецца з падушак, памятыя, аблупленыя крылы. Расхiстаныя бамперы вiсяць коса. Элегантны двухмесны "форд" з маленькiмi каляровымi лямпачкамi - уверсе на радыятары, на крылах i ззаду. Шчыткi ад пырскаў. На рычагу пераключэння скорасцей вялiкi штамп фiрмы. На кажуху для запасной шыны - яркай фарбай прыгожая дзяўчына i надпiс: "Кора". Папаўднёвае сонца iскрыцца на ветравым шкле.
   Госпадзi! Нават пад'есцi няма калi. Джо, пашлi хлопчыка па булачку з катлетай.
   Перарывiсты роў лядашчых машын.
   Вунь нейкi ёлупень вытрашчыў вочы на "крайслер". Схадзi дазнайся, цi ёсць манета ў яго ў штанах. Сярод гэтых фермераў трапляюцца i прайдохi такiя, што ого! Абгаблюй яго i цягнi да мяне. Ты малайчына, Джо.
   Так, яна куплена ў нас. Гарантыя? Мы гарантавалi, што гэта аўтамабiль. А мамку прыстаўляць да яго не бралiся. Слухайце сюды. Вы набылi машыну, а цяпер гарлапанiце. Будзеце пагашаць доўг цi не, мне напляваць. Вашага вэксаля ў нас тут няма. Перадалi яго ў фiнансавы банк. Спаганяць будзе ён, а не мы. У сябе мы вэксаляў не трымаем. Што? Паспрабуйце толькi скандалiць, я зараз жа паклiчу фараона. Нiчога падобнага, пакрышак мы не падмянялi. Ганi яго прэч, Джо. Купiў машыну i яшчэ незадаволены. А што, калi б я купiў кавалак мяса, ад'еў палову, а рэштку панёс бы назад? У нас тут дзелавая ўстанова, а не багадзельня. Як ён табе падабаецца, Джо? Гэй, Джон, зiрнi! У яго бiрулька - ласiны зуб. Знак секты Элка. Даганi яго. Няхай паглядзiць "панцiяк" 36-га года. Ну i ну!
   Квадратныя насы, круглыя насы, iржавыя насы, насы лапатай, прадаўгаватыя абцякальныя формы, плоскiя паверхнi яшчэ "даабцякальных" выпускаў. Сёння шмат уцэненага тавару. Дапатопныя пачвары з мяккай абiўкай - iх лёгка ператварыць у грузавiкi. Двухколыя трайлеры - на восях яркае сонца выразна высвечвае ржу. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Матор перабраны, зусiм спраўны.
   Госпадзi! Ты толькi зiрнi. Да якога стану давялi машыну.
   "Кадзiлакi", "ласалi", "б'юiкi", "плiмуты", "пакарды", "шаўрале", "форды", "панцiякi". Рад за радам, фары паблiскваюць на сонцы. Добрыя ўжываныя машыны.
   Ты iх апрацоўвай, Джо. Эх, каб займець тысячы такiх драндулетаў! Ты iх толькi разахвоць, астатняе ўжо мая справа.
   У Калiфорнiю едзеце? Вось якраз тое, што вам патрэбна. З выгляду з'ездзiлася, але прабяжыць яшчэ тысячы мiль.
   Выстраiлiся адна да адной. Добрыя ўжываныя машыны. За бясцэнак. Матор перабраны, зусiм спраўны.
   РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
   Неба мiж зорак зрабiлася шэрым, ушчэрбны месяц здаваўся бязважкiм i празрыстым. Том Джоўд i прапаведнiк шпарка крочылi па дарозе, праўдзiвей - па каляiнах, пракладзеных праз баваўнянае поле коламi i гусенiцамi трактароў. Толькi няўстойлiвы стан неба выдаваў наблiжэнне досвiтку - на захадзе яно злiвалася з зямлёй, на ўсходзе яго аддзяляла ад зямлi ледзь прыкметная лiнiя. Абодва iшлi моўчкi, уцягваючы праз ноздры пыл, якi ўзнiмалi ў паветры iх чаравiкi.
   - Спадзяюся, ты добра ведаеш дарогу? - сказаў Джым Кейсi. - А то развiднее, i акажацца, што мы забрылi к чорту на балота.
   Баваўнянае поле ажывала разам з жыццём, якое паступова абуджалася, раннiя птушкi перапырхвалi з месца на месца ў пошуках корму, патрывожаныя трусы паспешлiва ўцякалi па камякаватай зямлi. Прыглушаныя пылам гукi крокаў i пахрустванне сухiх камякоў пад нагамi падарожнiкаў злiвалiся з таемнымi шолахамi блiзкага ўжо свiтання.
   Том сказаў:
   - Я з заплюшчанымi вачамi дайду куды трэба. Уся штука ў тым, каб не думаць пра дарогу. Проста забыцца, што яна iснуе, i тады я дайду цюцельку ў цюцельку. Я ж тут як-нiяк нарадзiўся. Малым бегаў па гэтых мясцiнах. Тут павiнна быць дрэва - ага, вунь яно, бачыш? Ужо разглядзець можна. Бацька на iм мёртвага каёта некалi павесiў. Доўга вiсеў, поўсць як расплавiлася, а потым адпала. Зусiм высах. Эх, можа, мама там ужо снеданне гатуе! У жываце бурчыць.
   - У мяне таксама, - сказаў Кейсi. - Хочаш табакi пажаваць? Голад не так чуваць. Дарэмна мы пусцiлiся ў дарогу ў такую рань. Пры святле лепш iсцi. -Ён змоўк i адгрыз кавалак жавальнага тытуню. - Так добра спалася.
   - Гэты вар'ят М'юлi мяне падняў, - сказаў Том. - Я з перапуду як ускочу! Пабудзiў i кажа: "Бывай, Том, мне пара. Трэба сюды-туды наведацца. А вы, кажа, таксама збiрайцеся, каб, як разднее, вас ужо тут не было". Баязлiвы зрабiўся, як суслiк, ад такога жыцця. Нiбыта за iм iндзейцы гоняцца. Па-твойму, ён крануўся з розуму?
   - А хто яго ведае. Ты ж бачыў, як учора машына прыкацiла на наш агеньчык. Развернуты дом бачыў? Тут нядобрыя справы творацца. Не без таго - М'юлi трохi крануўся. Шнырыць, крадучыся, па наваколлi, як каёт, - мiмаволi чокнешся. Яшчэ заб'е каго i дачакаецца, што яго сабакамi зацкуюць. Можаш лiчыць гэта прароцтвам. Чым далей, тым ён усё горшы робiцца. Кажаш, адмовiўся з намi iсцi?
   - Наадрэз, - адказаў Джоўд. - Па-мойму, ён людзей стаў баяцца. Яшчэ дзiва, што ён да нас падышоў. Да свiтання будзем у дзядзькi Джона. - Колькi часу яны iшлi моўчкi, i запозненыя совы праляталi ў iх над галавой, спяшалiся да свiрнаў, да дуплаў, да сваiх гнёздаў на цыстэрнах для вады, каб паспець схавацца ад дзённага святла. Неба на ўсходзе пасвятлела, i ўжо можна было разглядзець кусты бавоўнiку абапал дарогi i яшчэ шэрую зямлю пад нагамi. Проста розуму не дабяру, як яны там у дзядзькi Джона ўсе размясцiлiся, дзе спяць. У яго ўсяго адзiн пакой з летняй кухняй i хляўчук. Цяпер там, пэўна, i не павернешся.
   Прапаведнiк сказаў:
   - Я не памятаю, цi была ў Джона сям'я. Па-мойму, ён жыў адзiн. Я мала што помню пра яго.
   - Самы адзiнокi чалавек на свеце, - сказаў Джоўд. - Вар'ят неймаверны накшталт М'юлi, толькi, бадай што, яшчэ ў сiм-тым горшы. Дзе толькi ты яго не ўбачыш - то ён у Шоўнi аб'явiцца п'яны, то да адной удавы завiтае за дваццаць мiль ад дому, а то раптам пачне капацца ў сябе на ўчастку ноччу з лiхтаром. Зусiм ачмурэў. Нiхто не думаў, што ён так доўга пражыве. У такiх адзiнокiх людзей век кароткi. Дзядзька Джон старэйшы за майго бацьку. Год ад году толькi больш жылiсты робiцца i наравiсты. Ён круцейшы норавам, чым нават дзед.
   - Глядзi, вiднее ўжо, - сказаў прапаведнiк. - Як срэбра. А што, у Джона нiколi жонкi не было?
   - Была. I вось слухай, да чаго давяла яго ўпартасць. Бацька расказваў. Узяў дзядзька сабе маладую жонку. Пражыў з ёю месяцы чатыры. Яна зацяжарала. Неяк ноччу ёй зрабiлася дрэнна, нешта ўсярэдзiне забалела, i просiць яна Джона: "Прывядзi доктара", а ён сядзiць сабе i не шманае. "У цябе, кажа, проста расстройства жывата. Аб'елася. Выпi чаго-небудзь болесуцiшальнага. Набiла жывот, вось i балiць". Ранiцай пачала трызнiць i сканала да чатырох дня.
   - Што з ёю было? - папытаўся Кейсi. - З'ела што-небудзь?
   - Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкi ап... апендзiк. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры i цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга нi з кiм нi слова не прамовiў. Ходзiць, як сляпы, i ўсё малiтвы пад нос сабе мармыча. Толькi праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусiм перамянiўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькi ў каго з малых глiсты завядуцца цi там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лiчыў, што жонка па яго вiне памерла. Дзiвак. Увесь час выкупляў сваю вiну - то малым падарункi нясе, то каму-небудзь на ганак мукi мех падкiне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамi ўсё ходзiць i ходзiць адзiн. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае.
   - Няшчасны чалавек, - сказаў прапаведнiк. - Няшчасны i адзiнокi. А ў царкву ён часта пасля смерцi жонкi хадзiў?
   - Не, не хадзiў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзiноты. А малыя проста ў захапленнi ад яго былi. Бывала, цiхенька прыйдзе да нас ноччу, i мы ранiцай адразу здагадвалiся, што ён прыходзiў, бо кожнаму ўсуне ў ложак пачак жавальнай гумкi - прачнемся, а гумка збоку ляжыць на пасцелi. Мы яго за госпада бога лiчылi.
   Прапаведнiк iшоў, апусцiўшы галаву. Ён нiчога не адказаў. У першых ранiшнiх промнях лоб яго нiбы ззяў, а рукi, якiмi ён размахваў пры хадзе, то высвечвала святло, то паглынаў паўзмрок.
   Том таксама маўчаў, быццам засаромеўся сваёй залiшняй шчырасцi. Ён прыспешыў крок, i прапаведнiк падладзiўся пад яго хаду. Цяпер у шэрым сутоннi яны маглi бачыць крыху далей перад сабой. З радоў бавоўнiку, паволi выгiнаючыся, выпаўзла на дарогу змяя. Том адразу спынiўся i пачаў прыглядацца да яе.
   - Такiя на суслiкаў палююць, - сказаў ён. - Няхай сабе паўзе.
   Яны абышлi змяю i пакрочылi далей. Неба на ўсходзе злёгку паружавела, i амаль адразу над зямлёй разаслалася панылае святло золку. Сям-там зазелянелiся кусты бавоўнiку, зямля набыла буры колер. З твараў людзей сышло шараватае адценне. Пры святле твар Джоўда здаўся цямнейшым.
   - Цудоўная пара! - сказаў Том Джоўд цiха. - Хлапчуком я, бывала, падымаўся на золку i паходжваў адзiн. Што гэта там наперадзе?
   На дарозе ў гонар сучкi сабралася сабачая хеўра. Пяць сабак нечыстакроўныя аўчаркi, шатландскiя колi i iншыя сабакi, чыю пароду нельга вызначыць з прычыны свабоды нораваў у сабачым племенi, - былi занятыя заляцаннем да сучкi. Кожны далiкатна абнюхваў яе, потым цырымонна адыходзiў да куста здзеравянелай хадою, урачыста падымаў заднюю нагу, палiваў яго i вяртаўся назад. Падарожнiкi спынiлiся панаглядаць, i Джоўд раптам весела засмяяўся.
   - О божа! Вось дык вiдовiшча!
   Сабакi сышлiся ў кучку, поўсць у iх на хiбах натапырылася, яны пачалi гыркаць, не кранаючыся з месца, чакаючы, хто першы пачне грызню. Раптам адзiн сабака асядлаў сучку, i астатнiя адступiлi перад неабвержным фактам i сталi з цiкавасцю назiраць, высунуўшы языкi, з якiх капала слiна.
   - Вось дык вiдовiшча, - паўтарыў Джоўд. - Гэта ж, здаецца, наш Стракаты. А я думаў, ён даўно ўжо здох. Стракаты, да мяне! - Джоўд зноў засмяяўся. - Чорт! Калi б мяне паклiкалi ў такi момант, я таксама не пачуў бы. Прыгадаўся мне выпадак з Уiлi Фiлi - быў ён тады яшчэ хлапчуком. А сарамлiвы быў! Страшэнна сарамлiвы. Дык аднаго дня загадалi яму завесцi цялушку да Грэйузавага быка. Дома ў iх нiкога не было, акрамя Элсi, дачкi Грэйуза, а Элсi сарамлiвасцю пахвалiцца не магла. Уiлi стаiць перад ёю, а сам рота раскрыць не можа. Элсi кажа: "Я ведаю, чаго ты прыйшоў. Бык у хляве, на заднiм двары". Ну, завялi яны туды цялушку, самi на паркан палезлi i цiкуюць. Неўзабаве Ўiлi пачаў ёрзаць на паркане. Элсi зiрнула на яго i пытаецца, быццам ёй няўцям: "Што гэта з табой, Уiлi?" А таго так разабрала, ледзь на паркане трымаецца. "Эх, кажа, вось бы мне гэтак!" А Элсi яму: "Ну дык чаго ты? Цялушка ж твая".
   Прапаведнiк цiха засмяяўся.
   - Паверыш, - сказаў ён, - я вельмi рады, што больш ужо не прапаведнiк: нiхто пры мне падобных гiсторый не расказваў, а калi, здаралася, хто-небудзь i расказваў, дык я пасмяяцца не мог. I нават вылаяцца не мог. А цяпер магу аблаяць усё, што хачу i калi хачу, i ад сэрца ў мяне неяк адлягае.
   Небакрай на ўсходзе азарыўся чырванню, на зямлi заскакалi i гучна зацвыркалi птушкi.
   - Глянь, - сказаў Джоўд. - Вунь, наперадзе. Дзядзькава цыстэрна. Ветрака не вiдаць, а цыстэрна вунь стаiць. Бачыш на фоне неба? - Ён пайшоў шпарчэй. Толькi б дома былi ўсе.
   З-за ўзгорка выступiлi абрысы вадзяной цыстэрны. Ад паспешлiвых крокаў Джоўда клубы пылу ўзнiмалiся яму да самых калень.
   - Хоць бы мама...
   Завiднелiся ўжо распоркi цыстэрны, дом - маленькi, падобны да скрынi, нейкi голы, нефарбаваны, i свiран - нiзенькi, пахiлы. З бляшанага комiна iшоў дым. Двор быў увесь беспарадкава застаўлены: зваленая ў кучу мэбля, крылы i механiзм ветрака, ложкi, сталы, крэслы...
   - Э! Яны ладзяцца ехаць! - выгукнуў Джоўд.
   На двары стаяў грузавiк з высокiмi бартамi - нейкi дзiўны з выгляду грузавiк: пярэдняя частка ў яго была, як у лiмузiна, а ззаду верх быў зняты, i кузаў прыстасаваны для перавозкi грузаў. Падышоўшы блiжэй, падарожнiкi пачулi стук, i, калi над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца i яго промнi ўпалi на машыну, яны ўбачылi чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору i апускаючыся, паблiскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбiнах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабiлiся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалi пад адлюстраваным святлом.
   - Не гавары моцна, - сказаў Джоўд. - Непрыкметна падкрадзёмся, - i так пашыбаваў, што клубы пылу падымалiся цяпер яму да пояса.
   Яны апынулiся на краi баваўнянага поля. Увайшлi ў двор. Зямля тут была цвёрдая, утаптаная, як ток, i толькi дзе-нiдзе на ёй прабiвалася трава. Джоўд пайшоў цiшэй, нiбы баючыся чаго. Гледзячы на яго, i прапаведнiк збавiў крок. Потым Том паволi пасунуўся наперад i нерашуча збочыў да машыны шасцiцылiндравага легкавога "гудзона", верх якога быў рассечаны на дзве паловы простым, вiдаць, зубiлам. Стары Том Джоўд стаяў у кузаве i прыбiваў верхнiя планкi бартоў. Твар яго з пасiвелай шчэццю нiзка схiлiўся над дошкай, з рота тырчаў пучок цвiкоў. Ён прыставiў цвiк i з грукатам увагнаў яго малатком у дрэва. У доме бразнула канфорка плiты, пачуўся дзiцячы плач. Джоўд падышоў да машыны i прыхiлiўся да борта. Бацька глянуў на яго невiдушчымi вачыма. Тады паставiў другi цвiк i ўбiў у дошку. Галубы чародкай узляцелi з цыстэрны, зрабiлi вакол яе круг, вярнулiся на месца i, важна ступаючы, падышлi да самага краю, глянулi ўнiз - белыя галубы, блакiтнаватыя, шэрыя, з вясёлкавым адлiвам на крылах.
   Джоўд абхапiў пальцамi нiжнюю планку борта. Глянуў на пастарэлага, з сiвiзною, чалавека, што стаяў на грузавiку. Лiзнуў губы i цiха прамовiў:
   - Тата...
   - Ну чаго там? - буркнуў стары Том, не вымаючы цвiкоў з рота. На iм былi заплямлены капялюш з чорнага фетру з шырокiмi абвiслымi палямi i сiняя кашуля пад камiзэлькай без гузiкаў; штаны падпярэзваў шырокi рэмень з вялiкай меднай спражкай - i скура, i метал блiшчэлi ад заўсёднай носкi; чаравiкi былi патрэсканыя, падэшвы растаптаныя i загнутыя ўгору - шмат гадоў пахадзiлi ў спёку, у слоту, па пыле. Пад рукавамi кашулi, якая шчыльна абцягвала яго плечы, напялiся мускулы. Жывот i сцёгны яго былi худыя, а ногi - кароткiя, масiўныя i моцныя. Абрамлены шчацiннем твар звужаўся да вытырклага валявога падбародка, калючая шэрсць на якiм яшчэ не паспела зусiм пасiвець, што надавала яму большую цвёрдасць i рашучасць. Скулы ў старога Тома былi цёмныя, як пяньковае валакно, скура разбягалася ад куточкаў вачэй праменьчыкамi маршчынак, бо ён жмурыў вочы, цёмна-карыя, як карычневая кававая гушча; прыглядаючыся да чаго-небудзь, ён выцягваў шыю, бо гэтыя некалi зоркiя вочы пачыналi ўжо здаваць. Губы, што сцiскалi доўгiя цвiкi, былi тонкiя i чырвоныя.
   Ён занёс руку з малатком, збiраючыся ўвагнаць у дрэва яшчэ адзiн цвiк, i глянуў цераз борт грузавiка на Тома, глянуў зласлiва, нездаволена, што яму перашкаджаюць працаваць. I раптам падбародак яго выпнуўся яшчэ больш, вочы ўтаропiлiся на твар Тома, i мала-памалу мозг старога Тома Джоўда ўсвядомiў тое, што ўспрынялi яго вочы. Рука з малатком паволi апусцiлася, другая выняла з рота цвiкi, i ён здзiўлена прамовiў, нiбы паведамляючы сабе жыццёвы факт:
   - Гэта Томi... - I зноў паведамiў сам сабе: - Наш Томi вярнуўся дамоў. Рот яго зноў раскрыўся, у вачах мiльгануў спалох. - Томi, - ледзь не шэптам сказаў ён, - уцёк? Ты хаваешся? - Ён напружана чакаў адказу.
   - Не, - адказаў Том. - Я даў падпiску. Мяне выпусцiлi. Дакументы пры мне. - Ён схапiўся за нiжнiя планкi борта.
   Стары Том акуратна паклаў малаток на дно кузава i ўсунуў цвiкi ў кiшэню. Перакiнуў нагу цераз борт i спрытна саскочыў з машыны, але, апынуўшыся побач з сынам, нерашуча замяўся.
   - Томi, - сказаў ён, - мы едзем у Калiфорнiю. Збiралiся напiсаць табе пiсьмо. - I дадаў, быццам не верачы вачам сваiм: - Але ты вярнуўся. Можаш ехаць з намi. Паедзеш з намi! - У доме бразнулi накрыўкай кафейнiка. Стары Том азiрнуўся цераз плячо. - Зробiм iм сюрпрыз, - сказаў ён, i вочы яго заблiшчалi ад захаплення. - Мацi ўсё мучыцца прадчуваннем, што больш цябе не ўбачыць. Вочы ў яе сталi сумныя, быццам у доме нябожчык. I ў Калiфорнiю не вельмi хоча ехаць, бо тады, кажа, я ўжо яго нiколi больш не ўбачу. - На кухнi зноў грукнулi нейкай накрыўкай. - Зробiм iм сюрпрыз, - паўтарыў стары Том. Увойдзем так, быццам ты нiколi з дому не адлучаўся. Паглядзiм, што мацi скажа. - Нарэшце ён дакрануўся да Тома, але толькi да яго пляча, баязлiва, i зараз жа адхапiў руку. Ён зiрнуў на Джыма Кейсi.