Страница:
- Вось яно як! - сказаў Том. - Разашарна пры мне была яшчэ дзяўчо малое. I вось на табе - радзiць збiраецца. Калi не жывеш дома, чаго толькi не здарыцца за чатыры гады. На Захад калi рушыць думаеш, та?
- Ды вось дабро трэба прадаць. Думаў, як Эл вернецца, пагрузiм усё на машыну, i ён завязе ў горад на продаж, а заўтра цi паслязаўтра i паедзем. З грашыма ў нас тугавата, а тут адзiн казаў, што да Калiфорнii цэлыя дзве тысячы мiль набярэцца. Чым раней паедзем, тым лепш. А то грошы так i цякуць. У цябе ёсць што з сабой?
- Два даляры. А ты як раздабыў?
- Ну, мы прадалi ўсё, што маглi, - адказаў бацька, - а потым усiм гуртам бавоўну акучвалi, нават дзед.
- А чаго ж, - сказаў дзед.
- Усё разам склалi - дзвесце даляраў. Семдзесят пяць вось за гэту машыну аддалi, мы з Элам знялi верх i насцiл зрабiлi.
Сонца вiсела проста над галавой i нясцерпна палiла. Ад грузавiка падалi на зямлю цёмныя палосы ценю, ад яго патыхала нагрэтым маслам, цыратай i фарбай. Куры пайшлi з двара i схавалiся ад спёкi ў павецi. Свiннi, лежачы ў хлеўчуку ля самай перагародкi, дыхалi цяжка i раз-пораз пранiзлiва, нiбы скардзячыся, вiшчалi. Абодва сабакi расцягнулiся ў чырванаватым пыле пад кузавам грузавiка, высунуўшы запыленыя языкi. Бацька насунуў капялюш на вочы i прысеў на кукiшкi. У гэтай, вiдаць, прывычнай яму позе для роздуму i назiрання ён акiнуў Тома крытычным вокам, паглядзеў на яго новую, але ўжо са слядамi старэння кепку, на касцюм, на новыя чаравiкi.
- Усе грошы на гэта патрацiў? - запытаўся ён. - Намучышся ў такiм уборы.
- Мне выдалi, - адказаў Том. - Перад выхадам. - Ён зняў з галавы кепку, замiлавана паглядзеў на яе i выцер ёю лоб, потым зухавата насунуў яе на вуха i пацягнуў за брылёк.
Бацька зазначыў:
- Чаравiкi далi табе нiшто.
- Ага, - пагадзiўся Том. - Даволi добрыя, толькi ў такую спёку ў iх многа не находзiш. - Ён таксама прысеў побач з бацькам.
Ной паволi прагаварыў:
- Можа, калi б ты да канца абладзiў барты, маглi б ужо i грузiцца. Пагрузiм, а тут, можа, i Эл падыдзе, дык мы...
- Я ўмею грузавiком кiраваць, - сказаў Том, - калi толькi ў гэтым справа. У Макалестары я вадзiў грузавiк.
- Вось i добра, - сказаў бацька i раптам уставiў вочы на дарогу. - Калi не памыляюся, гэта ён, шалапут, дадому хвост свой цягне. Ледзь ногi перастаўляе.
Том i прапаведнiк глянулi ў той бок, i шкадлiвы Эл, убачыўшы, што за iм сочаць, расправiў плечы i фанабэрлiвай паходкай, перакiдваючыся з нагi на нагу, як певень, што сабраўся закукарэкаць, увайшоў на двор. Ганарлiва падышоў да людзей зусiм блiзка i толькi тады пазнаў Тома. Пыхлiвасць iмгненна сышла з яго твару, у вачах заззялi захапленне i глыбокая павага, i ад яго фанабэрыстай паставы нiчога не засталося. Нi каляныя джынсы, падкасаныя на восем цаляў, каб вiдаць былi боты на высокiх абцасах, нi рэмень тры цалi шырынёй з меднымi фiгурнымi бляхамi, нi нават чырвоныя рызiнкi на рукавах сiняй кашулi i хвацка ссунуты набакiр стэтсанаўскi капялюш не маглi паставiць яго на адну дошку з братам, бо брат яго забiў чалавека, а гэта нiколi не забудзецца. Эл ведаў, што нават iм самiм захапляюцца яго равеснiкi, бо брат яго забiў чалавека. У Салiсе ён неяк раз пачуў: "Гэта Эл Джоўд. Яго брат улажыў аднаго рыдлёўкай".
I цяпер, цiхмяна падыходзячы да брата, Эл убачыў цёмныя хмурныя вочы i турэмны спакой худога голенага твару, якi прывык нiчым не выдаваць пачуццяў, не выказваць нi супрацiўлення, нi рабскай пакорлiвасцi. I Эл адразу перамянiўся. Падсвядома падрабiўся пад брата, i прыгожы яго твар нахмурыўся, плечы апалi. Ён не памятаў, якi Том быў раней.
Том сказаў:
- Здарова, Эл! Вырас, як ляшчына! Я цябе не пазнаў бы.
Трымаючы руку напагатове на выпадак, калi Том захоча яе пацiснуць, Эл збянтэжана ўсмiхнуўся. Том працягнуў руку, i рука Эла тарганулася насустрач. Яны яўна спадабалiся адзiн аднаму.
- Кажуць, ты грузавiк здорава водзiш, - сказаў Том.
Эл зразумеў, што пахвальбой брату не дагодзiш, i адказаў:
- Ды не, не вельмi.
Бацька сказаў:
- Швэндаешся ўсё недзе. Зусiм, бачу, выматаўся. Ладна, трэба адвезцi сёе-тое ў Салiс на продаж.
Эл паглядзеў на брата.
- Паедзеш? - папытаўся ён як мага больш абыякава.
- Не, не магу, - адказаў Том. - Трэба тут памагчы. Яшчэ будзем разам... у дарозе.
Эл не стрымаўся, запытаў:
- Ты... ты ўцёк? З турмы?
- Не, - адказаў Том. - Адпусцiлi па падпiсцы.
- А-а... - Эл быў крышачку расчараваны.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
У маленькiх дамках людзi варушылi i перабiралi сваё дабро, дабро бацькоў сваiх i дзядоў. Выбiралi, што везцi з сабой на Захад. Мужчыны распраўлялiся са сваiм скарбам бязлiтасна - усё роўна мiнулае жыццё пайшло прахам, але кабеты ведалi, што мiнулае яшчэ не раз горка абзавецца.
Мужчыны iшлi ў свiрны i павецi. Вось плуг, вось барана - не забыў, як сеялi гарчыцу ў вайну? А памятаеш, прыязджаў адзiн, усё ўгаворваў нас каўчукавы хмыз разводзiць - нейкую гваюлу? Разбагацееце, казаў. Ану давай сюды вунь тыя прылады - некалькi даляраў за iх атрымаем. За гэты плуг аддалi васемнаццаць даляраў ды яшчэ за перавозку - па каталогу крамы "Сiрз Роўбак".
Збруя, двухколкi, сеялкi, матыкi ў звязках па некалькi штук. Нясi iх сюды. Валi ў адну кучу. Грузi на фургон. У горад завязеш. Колькi дадуць - аддавай. Коней i фургон таксама прадасi. Больш ужо не спатрэбяцца.
Пяцьдзесят цэнтаў за такi добры плуг малавата. Сеялка каштавала мне трыццаць восем даляраў. Два даляры малавата. Ды не цягнуць жа табе ўсё гэта назад... Добра, забiрай, i маю горыч таксама. Грузi помпу калодзежную i вупраж. Аброцi, хамуты, гужы, пастронкi. I гэтыя шкляныя падвескi на налобнiк, бачыш - пад шклом чырвоныя ружачкi. Гнядому купiў. Памятаеш, як ён падкiдваў ногi на рысi? Старызна, зваленая ў кучу пасярод двара. Ручны плуг цяпер нiхто не купiць. Пойдзе на лом - жалеза цэнтаў на пяцьдзесят пацягне. Цяпер у хаду толькi дыскавыя плугi да трактароў.
Добра, бярыце ўсё... усё гэтае жалеззе i давайце пяць даляраў. Вы купляеце не толькi гэтае ламачча, але i зламанае жыццё. Мала таго... самi пераканалiся... вы купляеце маю горыч у прыдачу. Купляеце плуг, якi засыпае сваiм адвалам вашых дзяцей, вы купляеце зброю i волю, якiя маглi б уратаваць вас. Не чатыры, а пяць. Не цягнуць жа мне ўсё гэта назад... добра, няхай чатыры. Але папярэджваю - вы купляеце тое, што заарэ вашых дзяцей. Не заўважыце, як гэта здарыцца. Не паспееце заўважыць. Бярыце за чатыры... Ну, а колькi дасце за коней з фургонам? Зiрнiце, якiя конi! Абодва гнядыя, масць у масць, i хада ў iх аднолькавая, нага ў нагу. Як нацягнеш лейцы - сцёгны i крыж напружацца ў абодвух у адно i тое ж iмгненне, у долю секунды. А пры ранiшнiм святле адлiваюць золатам. Паглядаюць цераз перагародку, пасопваюць прынюхваюцца, навостраць вушы i стрыгуць iмi - прыслухоўваюцца, цi не iдзе гаспадар. А чубкi зусiм чорныя! Ёсць у мяне дачка. Дык яна любiць заплятаць iм грывы i чубкi - запляце коску i завяжа чырвонай стужачкай. Дужа ёй падабаецца гэта. А цяпер - усё, канец. Я мог бы расказаць вам забаўную гiсторыю пра дачку i таго вунь прыпражнога. Вось вы пасмяялiся б! Прыпражному восем гадоў, а гэтаму гнядому - дзесяць, а зладзiлiся працаваць, быццам жарабкi аднаго прыплоду. Во, бачыце? Зубы. Нiводнага гнiлога. Лёгкiя глыбокiя. Капыты роўныя i чыстыя. Колькi? Дзесяць? За абодвух? I яшчэ фургон?.. О, Езус! Ды лепш я прыстрэлю iх сабакам на корм. Ат, бярыце! Хутчэй бярыце, мiстэр. Вы купляеце заадно i маленькае дзяўчо, якое заплятала iм чубкi - знiмала ў сябе з галавы стужачкi i завязвала iм коскi банцiкам; адыдзе назад, галава набок палюбуецца i патрэцца шчочкай аб мяккiя цёплыя ноздры. Вы купляеце доўгiя гады працы, цяжкай працы на санцапёку, вы купляеце скруху, якую не выказаць словамi. Але беражыцеся, мiстэр. Вы атрымаеце надбаўку за ўсю гэту кучу хламу i за гнядых коней... за маiх прыгажуноў... - пакецiк гневу, якi прымецца ў вашым доме, пойдзе ў рост i калi-небудзь забуяе пышным цветам. Мы маглi б стаць вашымi збавiцелямi, але вы падсеклi нас; настане дзень, калi i ваша жыццё падсякуць, i не будзе каму ратаваць вас.
I арандатары вярталiся пеша дамоў, засунуўшы рукi ў кiшэнi, апусцiўшы капелюшы на самыя вочы. Некаторыя куплялi бутэльку вiскi i тут жа апаражнялi, каб аглушыць сябе адразу. Але, выпiўшы, яны не смяялiся, не пускалiся ў скокi. Не спявалi, не перабiралi струны гiтар. Вярталiся на свае фермы, трымаючы рукi ў кiшэнях i нiзка апусцiўшы галовы, i з-пад iх чаравiкаў узнiмаўся чырвоны пыл.
Мажлiва, пачнём жыццё нанава ў новым багатым краi - у Калiфорнii, дзе растуць фрукты. Пачнём з самага пачатку.
А хiба можна пачынаць спачатку? Спачатку пачынае жыццё толькi дзiця. А мы з табой... у нас ужо ўсё ззаду. Хвiлiнныя ўспышкi раздражнення, тысячы карцiн мiнулага - гэта мы. Палi, чырвоныя палi - гэта мы; дажджлiвыя гады, пыльныя гады, засушлiвыя гады - усё гэта мы. Нам нанава жыццё ўжо не пачаць. Азлабленне, якое мы прадалi скупшчыку старызны, - яно будзе з iм, але i нас не пакiне. I тое, як гаспадары загадвалi нам выбiрацца, таксама з намi; i тое, як трактар з ходу парушыў дом, застанецца з намi да самай смерцi. У Калiфорнiю цi яшчэ куды - мы, як тамбур-мажоры на парадзе, павядзём за сабой нашы крыўды, наша абурэнне. I настане дзень, калi ўсе армii абураных пойдуць адным шляхам. I будуць яны крочыць у нагу, i поступ iх будзе грозны.
Арандатары брылi дамоў, на свае фермы, праз чырвоны пыл.
Калi ўсё, што можна было прадаць, было прададзена - плiты i ложкi, крэслы i сталы, маленькiя кутнiя буфеты, тазы i бакi - засталiся яшчэ кучы хатняга скарбу; i жанчыны сядзелi сярод iх, перабiралi рэч за рэччу, азiралiся назад, у мiнулае - малюнкi, квадратныя люстэркi, а вось ваза...
Ты i без мяне ведаеш, што можна ўзяць з сабой, а што нельга. Мы ж будзем рабiць прывалы ў полi - спатрэбiцца посуд гатаваць яду i мыць бялiзну, матрацы i прашываныя коўдры, лiхтары, i вёдры, i брызент... З яго зробiм навес. I бiтон з-пад газы. Ведаеш, што з яго будзе? Печка. А адзежа - адзежу ўсю бяры. Стрэльба?.. Без стрэльбы як без рук. Калi не будзе ўжо нi чаравiкаў, нi адзення, нi ежы, нi нават надзеi, у нас астанецца стрэльба. Калi дзед прыйшоў сюды, здаецца, я расказваў табе, у яго з сабой былi толькi перац, соль i стрэльба. Больш нiчога. Гэта пойдзе. I яшчэ бутэлька на ваду. Ну, здаецца, больш ужо няма куды. Вышэй бартоў. Малыя залезуць на паклажу, а бабку пасадзiм на матрац. Прылады - рыдлёўку, пiлу, гаечны ключ, абцугi. I яшчэ сякеру. Сякера гэтая служыць гадоў ужо сорак. Бачыш, як лязо сцерлася? I вяроўкi, канешне. Астатняе? Кiнь тут... цi спалi.
Падыходзiлi i дзецi.
Раз Мэры бярэ ляльку, гэту рваную завэдзганую ляльку, дык я вазьму свой iндзейскi лук. Мне без яго нiяк нельга. I яшчэ палку - яна пад мой рост. Раптам спатрэбiцца. Яна ў мяне ўжо даўно - цэлы месяц цi нават год. Я без яе не магу. А якая яна, Калiфорнiя?
Жанчыны сядзелi сярод асуджаных на пагiбель рэчаў, перабiралi iх, глядзелi скрозь iх, вярталiся ў мiнулае. Вось кнiжка. Бацькава кнiжка. Ён любiў чытаць. "Шлях паломнiка". Часта чытаў яе. Вось яго надпiс. I люлька яго - яшчэ i цяпер пахне тытунём. Малюнак - анёл. Я ўсё на яго глядзела перад першымi трыма родамi... ды нешта не памагло. Можа, узяць гэтага фарфоравага сабачку? Яго цётка Сэндзi прывезла з кiрмашу ў Сэнт-Луiсе. Проста на iм i напiсала. Ды не, не варта. Лiст ад брата - за дзень да смерцi напiсаў. А вось капялюшык старамодны. З пер'ем... Не любiла я пер'е i яго не насiла. Не, месца ўжо няма.
Як можна жыць, калi ў нас забралi жыццё? Як мы пазнаем самiх сябе, калi нас пазбавiлi мiнулага? Не. Кiнь. Спалi.
Яны сядзелi, пазiралi на старыя рэчы i старалiся выпалiць iх з памяцi. Як будзеш жыць, калi за парогам дома - незнаёмая зямля? Прачнешся раптам сярод ночы i ведаеш: вярбы той няма. Ты можаш жыць без вярбы? Не можаш. Вярба - гэта ты. Пакуты на гэтым матрацы... жахлiвыя пакуты... - гэта ты.
А дзецi: раз Сэм бярэ свой iндзейскi лук i доўгую палку, дык i я вазьму дзве рэчы. Ляльку i пуховую падушку. Гэта мая падушка.
I раптам усе пачыналi нервавацца. Трэба хутчэй пускацца ў дарогу. Чаго чакаць? I яны навальвалi пасярод двара астатнi скарб i падпальвалi. Нейкi час стаялi, пазiраючы на агонь, потым з лiхаманкавай паспешнасцю грузiлiся на машыну i ехалi, знiкаючы ў клубах пылу. Пыл яшчэ доўга вiсеў у паветры.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Калi грузавiк паехаў, напакаваны даверху розным iнвентаром, цяжкiм iнструментам, ложкамi, спружыннымi матрацамi - усёй рухомай маёмасцю, якую можна было прадаць, Том пачаў бадзяцца па ўчастку. Пастаяў у свiрне, зазiрнуў у апусцелыя стойлы, зайшоў у павець для гаспадарчага начыння, падчапiў нагой розны хлам, што застаўся, перавярнуў чаравiкам адламаны зубец касiлкi. Ён абышоў усе памятныя мясцiны - чырвоны берагавы адхон, дзе гняздзiлiся ластаўкi, вярбу, што навiсала над свiнушнiкам. Дзве чорныя свiннi, разамлелыя на сонцы, з рохканнем пацягнулiся да яго рыламi цераз перагародку. Тут яго паломнiцтва скончылася, i ён вярнуўся да дома i сеў на прыступку, куды толькi што перакiнуўся цень. За яго спiнай на кухнi завiхалася мацi - мыла дзiцячую бялiзну ў начоўках; з локцяў яе моцных вяснушкаватых рук падала мыльная пена. Як толькi Том сеў на прыступку, яна перастала церцi, выпрасталася i доўга глядзела на яго збоку, а калi ён павярнуўся i ўставiўся на залiты сонцам двор, - на патылiцу. Потым зноў узялася за бялiзну.
- Спадзяюся, Том, у Калiфорнii някепска, - сказала яна.
Ён азiрнуўся i глянуў на мацi.
- З чаго ты ўзяла, што там можа быць кепска?
- А нi з чога. Толькi неяк задужа ўсё цудоўна. Тут адзiн чалавек раздаваў рэкламныя лiсткi. Чаго толькi там не напiсана - i працы шмат, i плата высокая, i ўсё такое iншае; потым прачытала ў газеце, колькi народу патрабуецца на зборы вiнаграду, апельсiнаў i персiкаў. Работа прыемная, Том, - персiкi збiраць. Нават калi не дазволяць нiводнага з'есцi, усё ж такi якi-небудзь гнiлы ападак праглынеш. А пад дрэвамi добра працаваць - цень. Так ужо ўсё цудоўна, ажно жах бярэ. Не веру я. Баюся, нешта тут не так.
Том сказаў:
- Не заносся вышэй за арла, не будзеш поўзаць разам з чарвякамi.
- То праўда. Гэта са свяшчэннага Пiсання?
- Здаецца, адтуль, - адказаў Том. - Як прачытаў кнiжку "Перамога Барбары Ўорт", у мяне свяшчэннае Пiсанне мiгам з галавы выбiла.
Мацi цiха засмяялася i зноў узялася церцi i паласкаць бялiзну ў начоўках. Пасля пачала выкручваць рабочыя камбiнезоны i кашулi, i мускулы ў яе на руках напялiся, як вяроўкi.
- Дзед твой з бацькавага боку раней таксама ледзь што - выслоўi з Бiблii прыводзiў. Але блытаў страх як. Усё збiваўся на "Веснiк доктара Майлса" медыцынскi даведнiк. Ён яго ад першага да апошняга слова чытаў нам уголас. Там было шмат пiсьмаў ад бяссоннiкаў i ад тых, у каго ламала паяснiцу. Потым суседзям пераказваў iм на навуку i дадаваў: "Гэта прытча з Пiсання". Твой бацька i дзядзька Джон на смех яго падымаюць, а ён з сябе выходзiць. - Яна кiнула на стол выкручаную бялiзну, як бярэмя дроў. - Кажуць, ехаць нам дзве тысячы мiль. Гэта вельмi далёка, Том? Я бачыла карту - высокiя горы, як на каляровых паштоўках, i прабiрацца нам трэба проста праз iх. Як ты думаеш, Том, колькi часу датуль ехаць?
- Не ведаю. Тыднi два, а калi пашчасцiць, дзён дзесяць. Паслухай, ма, кiнь непакоiцца. Вось я раскажу табе, як людзi жывуць у турме. Пра тое, калi цябе выпусцяць на волю, думаць нельга. З розуму кранешся. Думаць трэба пра сённяшнi дзень, пра заўтрашнi, пра бейсбол якi-небудзь у суботу. Так i трэба жыць. Так жывуць турэмныя старажылы. А навiчкi - тыя лбом аб дзверы б'юцца. Усё лiчаць, колькi iм яшчэ сядзець засталося. Навошта табе гэта? Жывi з дня на дзень.
- I праўда так лепш, - сказала мацi, зняла з плiты i налiла ў начоўкi гарачай вады, кiнула туды брудную бялiзну i пачала мясiць яе ў мыльнай вадзе. - I праўда так лепш. А ўсё ж прыемна думаць, як добра, напэўна, будзе ў Калiфорнii. Халадоў там не бывае. Скрозь - фрукты, людзi жывуць у прыгожых мясцiнах, у маленькiх беленькiх домiках сярод апельсiнавых дрэў. Вось каб i нам так... я хачу сказаць: калi ўсiм нам знойдзецца праца... можа, i мы зажывём у адным з гэтых беленькiх домiкаў. Малыя выйдуць за парог i будуць рваць апельсiны проста з галiн. Паспрабуй стрымай iх - зойдуцца ад плачу.
Том глядзеў, як яна важдаецца з бялiзнай, i вочы яго смяялiся.
- Табе, я бачу, ад адных такiх думак лягчэй робiцца. Я ведаў аднаго з Калiфорнii. Ён гаварыў неяк iнакш, чым мы. Па гаворцы адразу пазнаеш, што ён здалёку, не з нашых мясцiн. Дык ён расказваў, што там дужа шмат народу набралася, усе працы шукаюць. I яшчэ казаў, што зборшчыкi фруктаў туляцца там у брудных старых халупах, жывуць надгаладзь. Плата малая, работу знайсцi цяжка.
Па твары мацi прабег цень.
- Не, гэта не так, - сказала яна. - У бацькi ёсць лiсток з такой жоўтай паперы - i там надрукавана, што патрэбны работнiкi. Нiхто ж не браў бы на сябе такi клопат, калi б работы не было. Лiсткi гэтыя немалыя грошы каштуюць. Навошта ж манiць ды яшчэ плацiць за сваю ману?
Том пакруцiў галавой:
- Што я магу сказаць, ма? Зразумець цяжка, чаму гэтак робяць. Можа... - ён глянуў на двор, на залiтую гарачымi сонечнымi промнямi зямлю.
- Што - "можа"?
- Можа, усё добра будзе, як ты кажаш. А куды дзед знiк? Дзе прапаведнiк?
Мацi пайшла з кухнi, несучы ў абярэмку памытую бялiзну. Том адсунуўся, даючы ёй прайсцi.
- Прапаведнiк сказаў, пахадзiць хоча. А дзед спiць у пакоi. Ён iншы раз сярод дня заходзiць у дом крышачку паляжаць. - Мацi выйшла на двор i стала накiдваць на дрот выцвiлыя сiнiя камбiнезоны i доўгiя шэрыя споднiкi i кашулi.
Том пачуў у сябе за спiнай шаркатлiвыя крокi i азiрнуўся. Са спальнi выходзiў дзед i, як i ранiцай, вазiўся з гузiкамi на штанах.
- Чую, тут гамоняць, - сказаў ён. - Сукiны дзецi, паспаць не дадуць. Калi ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць. - Яго нецярплiвыя пальцы ўхiтрылiся расшпiлiць два ўжо зашпiленыя гузiкi, i ён забыўся, што хацеў зрабiць. Рука забралася ў прарэх i з задавальненнем паскрэбла пад пахвiнай.
Мацi вярнулася на кухню з мокрымi рукамi, далонi ў яе былi набрынялыя i зморшчаныя ад гарачай вады i мыла.
- Думала, ты спiш, - сказала яна. - Дай зашпiлю. - I хоць дзед i адбiваўся, яна ўсё ж утрымала яго i зашпiлiла яму нiжнюю сарочку, кашулю i штаны. - А то ходзiш - адна любата! - сказала яна i адпусцiла старога.
Ён злосна замармытаў:
- Дажыў-ткi, дажыў чалавек - ужо зашпiльваюць яго. Дайце мне самому зашпiльваць свае штаны.
Мацi жартаўлiва сказала:
- У Калiфорнii не дадуць табе расхрыстанаму шпацыраваць.
- Не дадуць? Ха! Дык я iм пакажу! Вучыць яшчэ мяне там будуць, як жыць. Захачу - з голым перадам расхаджваць буду, калi ўжо на тое пайшло.
Мацi сказала:
- Такi вольны стаў на язык! Год ад году ўсё горш i горш. Перад табой, вiдаць, казырыцца, Том.
Стары выпнуў шчацiнiсты падбародак i ўставiў на дачку хiтрыя, калючыя, гарэзлiвыя вочкi.
- Так, сэр, - сказаў ён, - хутка ўжо ў дарогу рушым. I, далiбог, праўда, вiнаград там проста гронкамi вiсiць пры дарозе. Ведаеце, што я зраблю? Нарву яго поўны таз i сяду на яго прама ў штанах ды яшчэ патаўкуся, i няхай сок пацячэ па калашынах.
Том засмяяўся:
- Слова гонару, хоць дзвесце гадоў дзеду будзе, яго ўсё роўна не ўтаймаваць. Значыць, дзед, у дарогу пускаемся?
Стары падцягнуў да сябе скрынку i цяжка апусцiўся на яе.
- Так, сэр, - сказаў ён. - Даўно пара. Брат мой сорак гадоў таму назад туды паехаў. З таго часу ад яго нi гуку. Прайдзiсвет быў, сукiн кот. Нiхто яго не любiў. Уцёк з маiм адназарадным кольтам. Вось сустрэнуся з iм або з яго дзецьмi, калi ён iмi абзавёўся ў Калiфорнii, i запатрабую назад свой кольт. Я яго ведаю, гэтую кукушку: калi дзецi ў яго i былi, дык жывуць яны ў чужых гнёздах, куды ён iх падкiнуў, так у чужых i жывуць. Канешне, я з радасцю паеду ў Калiфорнiю. Там, адчуваю, памаладзею. Як прыеду - адразу на збор фруктаў.
Мацi кiўнула галавой:
- Дзед гэтак i зробiць. Ён толькi апошнiя тры месяцы не працуе - з таго дня, як бядро сабе скруцiў.
- Святая праўда, - пацвердзiў дзед.
Седзячы на прыступцы, Том паглядзеў праз двор.
- Вунь i прапаведнiк iдзе, аднекуль з-за свiрна.
Мацi сказала:
- Нiколi не чула такой незвычайнай малiтвы, як сёння ранiцай. Гэта ж не малiтва была. Проста гаварыў, але гучала, як малiтва.
- Нейкi ён дзiвакаваты. I гаворыць дзiўна. Быццам размаўляе сам з сабой. Але не дзеля таго, каб заваражыць i набiць сабе цану.
- А ты глянь на яго вочы, - сказала мацi. - Быццам ласка боская на яго сышла. Словы яго проста ў душу даходзяць. Ён як богам блаславёны. Ходзiць, апусцiўшы галаву, i ўсё пад ногi сабе пазiрае. На iм нябеснае бласлаўленне. Яна змоўкла, бо Кейсi падыходзiў ужо да дзвярэй.
- Сонечны ўдар схопiш - расхаджваеш па такой спёцы, - сказаў яму Том.
Кейсi адказаў:
- Ага... усё можа быць... - I раптам загаварыў, звяртаючыся да ўсiх разам, - да мацi, да дзеда, да Тома. - Мне таксама трэба на Захад. Абавязкова трэба. Можа, вы возьмеце мяне з сабой? - Ён сам здзiвiўся з сваiх слоў i застыў на месцы перад iмi.
Мацi пытальна паглядзела на Тома, бо адказваць павiнен быў ён - мужчына, але Том маўчаў. Даўшы яму час скарыстаць сваё права, мацi нарэшце сказала:
- Нам гэта вялiкi гонар. Але цяпер, разумееце, я вам нiчога абяцаць не магу. Бацька сказаў, сёння ўвечары мужчыны ўсё абгавораць i вырашаць, калi ехаць. Давайце лепш пачакаем, пакуль усе не збяруцца - i Джон, i бацька, i Ной, i Том, i дзед, i Эл з Конi. Усё i вырашаць, як толькi ўсе вернуцца. Калi месца будзе, нам гэта, вядома ж, вялiкi гонар.
Прапаведнiк уздыхнуў.
- Усё роўна я пакiрую туды, - сказаў ён. - Што тут робiцца! Я пахадзiў дамы пустыя, зямля пустая, усё наваколле апусцела. Тут я не застануся. Пайду туды, куды ўсе iдуць. Буду ў полi працаваць i, можа, зарадуюся.
- А прапаведаваць будзеш? - запытаўся Том.
- Прапаведаваць не буду.
- I хрысцiць не будзеш?
- I хрысцiць не буду. Я ў полi працаваць буду, на зялёных палях, увесь час з людзьмi буду. Вучыць iх болей не стану. Сам лепш павучуся. Дазнаюся, чаму людзi ходзяць у густую траву, прыслухаюся, як яны гавораць, паслухаю iхнiя песнi. Пачую, як дзецi ядуць маiсавую кашу. Як муж з жонкай таўкуць матрацы па начах. Буду есцi з людзьмi, вучыцца ў iх. - Вочы яго былi вiльготныя i блiшчалi. - I сам паваляюся ў траве з той, што пажадае легчы са мной, адкрыта, без хiтрыкаў. I клясцiся буду, i бажыцца, i ўслухоўвацца ў паэзiю людской мовы. Усё гэта святое - раней я не разумеў. Гэта ўсё - даброты жыцця.
Мацi сказала:
- А-мiн.
Прапаведнiк цiхмяна сеў на калоду каля дзвярэй.
- Не ведаю, што яшчэ рабiць адзiнокаму чалавеку.
Том далiкатна кашлянуў.
- Калi чалавек вырашыў больш не прапаведаваць... - пачаў быў ён.
- Ат, я проста занадта гаваркi, - сказаў Кейсi. - Нiяк ад гэтага не магу збавiцца. Але прапаведаваць не буду. Прапаведаваць - гэта значыць нешта тлумачыць людзям. А я задаю iм пытаннi. Хiба гэтак прапаведуюць?
- А я ведаю? - адказаў Том. - Пропаведзь - гэта i тон голасу, i пэўны погляд на рэчы. Пропаведзь - справа добрая, калi толькi пасля яе не хочацца забiць прапаведнiка. У мiнулыя Каляды прыйшлi да нас у Макалестар з Армii Выратавання. Тры гадзiны бiтыя iгралi на карнетах, а мы сядзiм i слухаем. Абыходзiлiся з намi ласкава, а паспрабуй хто з нас падняцца i пайсцi, адразу карцэр заробiш. Вось табе i пропаведзь! Улагоджвалi людзей нявольных, якiя не могуць даць iм па карку за такую пропаведзь. Не, якi ты прапаведнiк! Глядзi толькi не ўздумай тут на карнеце iграць.
Мацi падкiнула голля ў агонь.
- Зараз вы перакусiце, вось толькi малавата ў мяне.
Дзед выцягнуў на двор сваю скрыню, сеў на яе i прыхiнуўся да сцяны. Цень ад дзённага сонца падаў ужо на двор.
Грузавiк вярнуўся пад вечар, падскокваючы i грукочучы ў клубах пылу. Пыл пластом ляжаў на насцiле кузава, i капот быў увесь укрыты iм, а фары слаба свяцiлiся, нiбы зацярушаныя чырвонай мукой. Сонца садзiлася, i ў яго апошнiх промнях зямля была чырвоная, як кроў. Эл сядзеў, прынiкшы да руля, горды, сур'ёзны i дзелавiты, а бацька з дзядзькам Джонам займалi ганаровыя месцы побач з вадзiцелем. Стоячы ў кузаве i трымаючыся за планкi бартоў, ехалi астатнiя: дванаццацiгадовая Руцi i дзесяцiгадовы Ўiнфiлд - мурзатыя i дзiкiя, вочы стомленыя, але поўныя захаплення, пальцы i куткi рота чорныя i клейкiя ад лакрычных ледзянцоў, якiя яны выкленчылi ў бацькi ў горадзе. Руцi, у доўгай, за каленi, сукенцы з ружовага мiткалю, трымалася, як паненка. Але Ўiнфiлд быў яшчэ дзiця - з тых, што бегаюць смаркатыя, падоўгу бавяцца недзе за свiрнам, падбiраюць i кураць чужыя недакуркi. Тады як Руцi ўжо разумела, якую годнасць ёй надаюць, якую адказнасць на яе накладаюць пачаўшыя ўжо прыкметна выдавацца грудзi, Уiнфiлд быў яшчэ гарэзлiвы i дурненькi, як цялятка, хлапчук. Побач з iмi, лёгка абапiраючыся на дошкi борта, стаяла Ружа Сарона. Стараючыся захаваць раўнавагу, яна пагойдвалася на насках, прымаючы штуршкi грузавiка каленямi i бёдрамi. Ружа Сарона была цяжарная i таму вельмi асцерагалася. Яе валасы, заплеценыя ў косы, ляжалi светла-попельнай каронай вакол галавы. На круглявым твары, такiм пачуццёвым i прываблiвым яшчэ толькi некалькi месяцаў назад, цяпер паявiлася ўжо адчужанасць цяжарнасцi, самазадаволеная ўсмешка, упэўнены i горды выраз, i яе поўнае цела - налiтыя мяккiя грудзi i жывот, крутыя клубы i ягадзiцы, якiя раней так спакуслiва пагойдвалiся, нiбы запрашаючы пляснуць па iх далонню цi пагладзiць, - усё яе цела набыло адбiтак стрыманасцi i самавiтасцi. Усе яе думкi былi скiраваныя ў сябе ўнутр, на дзiця, ва ўсiх яе рухах выяўляўся клопат пра яго. Дзеля яго яна цяпер старалася захаваць раўнавагу, стоячы на насках. Ёй здавалася, што ўвесь свет носiць у сваiм лоне плод, i мыслiла яна толькi з пункту гледжання прадаўжэння роду i мацярынства. Яе дзевятнаццацiгадовы муж, Конi, якi ўзяў за жонку пухленькае i палкае дзяўчо-гарэзу, спалохана i недаўменна прыглядаўся да перамены, якая адбылася з ёю, бо цяпер не было ўжо нi кашэчай валтузнi ў пасцелi, нi кусання i драпання, нi прыглушаных смяшкоў i заключных слёз. Ён бачыў перад сабой стрыманую, абачлiвую i мудрую iстоту, якая сарамлiва ўсмiхалася яму, але не ўступала. Конi ганарыўся Ружай Сарона i баяўся яе. Як толькi выпадаў момант, ён дакранаўся да яе рукой, стаяў блiзка, зусiм блiзка, каб адчуць целам яе бядро цi плячо, i гэта жывiла пачуццё блiзкасцi, якое магло зусiм пакiнуць яго. Конi быў хударлявы, з рэзкiмi рысамi твару юнак тэхаскай пароды, i яго блакiтныя вочы то гарэлi пагрозаю, то свяцiлiся ласкаю, то цямнелi ад страху. Ён быў добры, старанны працаўнiк i мог бы стаць добрым мужам. Ён выпiваў, але ў меру, пускаў у ход кулакi, калi iнакш было нельга, нiколi не выхваляўся. На людзях паводзiў сябе цiха, i ўсё ж яго прысутнасць адчувалася, з iм лiчылiся.