Страница:
- Ага, так, што ж... бяры. Вось яшчэ гэта палiчыце. Так... лярду ў нас хопiць.
Падышла Руцi з двума вялiкiмi пачкамi сухога таннага печыва - у запытальным позiрку туга, i ад таго, цi кiўне мацi галавой, цi адмоўна пакруцiць ёю, туга гэтая магла перарасцi ў роспач цi змянiцца радасным узрушэннем.
- Ма? - Руцi падняла абодва пачкi, паказваючы iх i зверху i знiзу, каб яны i мацi спадабалiся.
- Пакладзi на месца...
У вачах у Руцi затрымцела роспач. Бацька сказаў:
- Яны ўсяго па пяць цэнтаў. Малыя сёння добра папрацавалi.
- Што ж, - сказала мацi, i ў вачах у Руцi засвяцiлася радасць, - добра.
Руцi павярнулася i кiнулася да выхаду. Па дарозе яна схапiла Ўiнфiлда i пацягнула яго на двор, у вячэрняе сутонне.
Дзядзька Джон памацаў пальцамi парусiнавыя пальчаткi з нашыўкамi з жоўтай скуры на далонях, прымерыў iх, зняў i паклаў на месца. Потым спакваля наблiзiўся да палiц са спiртным i паглыбiўся ў вывучэнне этыкетак на бутэльках. Мацi заўважыла гэта.
- Бацька, - сказала яна i крутнула галавой у бок дзядзькi Джона.
Бацька няспешна падышоў да яго.
- Што, Джон, у горле перасохла?
- Ды не.
- Пацярпi да канца збору. Тады хоць бочкамi пi.
- А мне не к спеху, - сказаў дзядзька Джон. - Працую старанна, сплю добра. Сны мяне не мучаюць.
- Я бачу, ты вачэй не можаш адвесцi ад бутэлек.
- Я iх амаль не заўважаю. Дзiўная рэч - хочацца ўсё ўсялякае купiць. Нават такое, што мне i не трэба. Вось, напрыклад, бяспечную брытву. Цi вунь тыя пальчаткi. Усё вельмi таннае.
- Бавоўну ж у пальчатках не збiраюць.
- Ведаю. Бяспечная брытва мне таксама без патрэбы. Але тут усё так выстаўлена, што, трэба табе цi не трэба, а так i падмывае купiць.
Мацi крыкнула iм:
- Пайшлi. Цяпер у нас усё ёсць. - У руках у яе была сумка. Дзядзька Джон i бацька ўзялi кожны па пакунку. За дзвярамi iх чакалi Руцi i Ўiнфiлд - вочы выпучаныя, твары ўспухлi ад набiтага за абедзве шчакi печыва.
- Ну вось, цяпер вячэраць не будуць, - сказала мацi.
Да лагера сыходзiўся народ. У палатках загарэлiся лiхтары. З пячных труб валiў дым. Джоўды паднялiся па сходках у вагон i прайшлi ў сваю палову. Каля печкi, у якой ужо гарэў агонь, сядзела на скрынцы Ружа Сарона. Жалезныя сценкi печкi распалiлiся дачырвана.
- Малака купiлi? - патрабавальна запыталася Ружа Сарона.
- Купiлi. Вось.
- Дай мне. З самага поўдня не пiла.
- Яна думае, што гэта як лекi.
- Мне нянечка так гаварыла.
- Бульбы нарыхтавала?
- Ага, аблупiла.
- Дык падсмаж яе, - сказала мацi. - Я свiных адбiўных купiла. Нарэж скрылiкамi на новую патэльню. I цыбулi туды. А вы, мужчыны, iдзiце памыйцеся i вядро вады прынясiце. Дзе Руцi з Уiнфiлдам? Няхай i яны памыюцца. Мы iм купiлi печыва, - сказала мацi Ружы Сарона. - Кожнаму цэлы пачак.
Мужчыны пайшлi да рэчкi мыцца. Ружа Сарона нарэзала на новую патэльню бульбы i перамяшала яе канцом нажа.
Раптам канец брызентавай занавескi задраўся, i ў палову Джоўдаў зазiрнуў тоўсты спацелы твар.
- Ну, як сёння ў вас, мiсiс Джоўд?
Мацi абярнулася.
- А, гэта вы! Добры вечар, мiсiс Уэйнрайт. Зарабiлi добра. Тры даляры з паловай. Дакладней - тры пяцьдзесят сем.
- А мы - чатыры даляры.
- Правiльна. У вас народу больш.
- Ага. Джанас на вачах падрастае. У вас, я бачу, сёння свiныя адбiўныя.
Уiнфiлд прашмыгнуў у дзверы.
- Ма!
- Памаўчы хвiлiнку. Так, мае мужчыны любяць адбiўныя.
- А я бекон падсмажваю, - сказала мiсiс Уэйнрайт. - Чуеце пах?
- Не. У мяне цыбуля ў бульбе - усё перабiвае.
- Ой, падгарэла! - крыкнула мiсiс Уэйнрайт, i галава яе знiкла.
- Ма, - зноў сказаў Уiнфiлд.
- Ну, што табе? Аб'еўся печыва?
- Ма, Руцi расказала.
- Што расказала?
- Пра Тома.
Вочы ў мацi зрабiлiся вялiкiя.
- Расказала? - Мацi апусцiлася перад Уiнфiлдам на каленi. - Уiнфiлд, каму?
Хлопчык сумеўся i адступiў назад.
- Яна толькi крышачку расказала.
- Уiнфiлд! Скажы, што яна гаварыла?
- Яна... Яна печыва сваё не адразу ўсё з'ела. У пачку яшчэ трохi засталося. Адкусвае кавалачак за кавалачкам i паволi жуе i кажа мне: "А ты ўжо шкадуеш, што з'еў усё дарэшты".
- Уiнфiлд! - павысiла голас мацi. - Гавары адразу. - Яна трывожна азiрнулася на занавеску. - Разашарна, iдзi, дачушка, пагавары пра што-небудзь з мiсiс Уэйнрайт, каб яна не падслухала.
- А бульба?
- Я сама пагляджу. Iдзi ж! А то яна падслухоўваць будзе.
Цяжка валочачы ногi, Ружа Сарона пайшла за брызент. Мацi сказала:
- Ну, Уiнфiлд, гавары.
- Я ж гавару. Адкусвае кавалачак за кавалачкам, потым кожнае печыва стала напапалам ламаць, каб даўжэй хапiла.
- Не цягнi, гавары!
- А тут дзецi падбеглi, iм таксама захацелася печыва, але Руцi грызе яго i грызе i нiкога не частуе. Тады яны ўзлавалiся, i адзiн хлопчык выхапiў у яе з рук увесь пачак, i ўсе дзецi разбеглiся.
- Ты не пра гэта, Уiнфiлд, ты пра iншае расказвай!
- Я i расказваю. Руцi таксама ўзлавалася i пабегла за iмi, аднаго ўдарыла, другога, i тады яе адна вялiкая дзяўчынка набiла. Руцi заплакала i кажа: "Я свайго старэйшага брата паклiчу, i ён заб'е цябе". А дзяўчынка тая: "Заб'е? У мяне таксама ёсць старэйшы брат". - Уiнфiлд ледзь паспяваў пераводзiць дыханне. - Яны пачалi бiцца, i бальшуха тая добра ёй усыпала, i Руцi сказала, што наш брат заб'е яе брата. А дзяўчынка кажа: "А што, калi мой брат заб'е твайго?" I тады... тады Руцi сказала, што наш брат дваiх ужо забiў. А... а тая бальшуха кажа: "Ого! Манюка ты, больш нiхто". А Руцi сказала: "Ого? Наш брат цяпер хаваецца, бо забiў чалавека, i твайго брата таксама заб'е". I тады яны пачалi абзываць адна адну рознымi словамi, Руцi кiнула ў бальшуху камень, i тая пагналася за Руцi, а я сюды пабег.
- А мой ты божанька!. Дзiцятка святое ў калысцы! - разгублена ўсклiкала мацi. - Што ж нам цяпер рабiць? - Яна прыцiснула далонь да лба i пацерла пальцамi вочы. - Што ж рабiць цяпер? - Ад печкi, у якой шумна гарэў агонь, пацягнула пахам падгарэлай бульбы. Мацi машынальна паднялася i памяшала ў патэльнi. - Разашарна! - крыкнула яна. - Ружа Сарона выйшла з-за брызенту. Глядзi вячэру. А ты, Уiнфiлд, збегай знайдзi Руцi i вядзi яе сюды.
- Ты яе адлупцуеш, ма? - з надзеяй у голасе запытаўся Ўiнфiлд.
- Не. Лупцоўкай справы не паправiш. I трэба ж было ёй прабалбатацца. Цяпер лупцуй не лупцуй - усё адно. Дык бяжы ж, знайдзi яе i сюды прывядзi.
Уiнфiлд кiнуўся да дзвярэй, наткнуўся на мужчын, якiя падымалiся па сходках, i адступiў убок, прапускаючы iх.
Мацi цiха сказала:
- Бацька, трэба параiцца. Руцi расказала дзецям пра Тома.
- Што?
- Пабiлася з iмi i ўсё расказала.
- Во паскуднiца!
- Яна не наўмысна. Слухай, бацька, ты пабудзь тут, а я паспрабую знайсцi Тома, скажу яму. Трэба яго папярэдзiць, няхай сцеражэцца. Ты адсюль нiкуды не iдзi, паглядзi, што тут будзе. Я i есцi яму занясу.
- Добра, - згадзiўся бацька.
- Ты нiчога Руцi не кажы. Я сама ёй растлумачу.
У гэты момант у вагон увайшла Руцi, за ёю - Уiнфiлд. Дзяўчынка была ўся перапэцканая. Куточкi перасохлых губ злiпалiся, з пабiтага носа яшчэ сачылася кроў. Выгляд у яе быў спалоханы i засаромлены. Твар Уiнфiлда пераможна ззяў. З-пад iлба азiраючыся, Руцi пайшла ў самы кут вагона i села там спiнай да сцяны. Сорам i злосць адначасова валодалi ёю.
- Я сказаў ёй, што яна нарабiла, - абвясцiў Уiнфiлд.
Кладучы на алавяную талерку дзве адбiўныя i смажаную бульбу, мацi сказала:
- Маўчы, Уiнфiлд. Не трэба яе больш чапаць, ёй i так дасталося.
Маленькая постаць кiнулася да мацi. Дзяўчынка абхапiла яе за талiю, уткнулася тварам у жывот i ўся затрэслася ад рыданняў. Мацi спрабавала вызвалiцца, але мурзатыя пальцы ўчэпiста трымалi яе. Мацi пяшчотна правяла рукой па валасах дзяўчынкi i паляпала яе лёгенька па плячы:
- Кiнь плакаць. Ты ж не наўмысна.
Руцi падняла да мацi брудны твар са слядамi слёз i крывi.
- Яны забралi маё печыва! - усклiкнула яна. - А гэтая бальшуха, сукiна дочка, набiла мяне... - I зноў зарыдала.
- Маўчы! - сказала мацi. - Не гавары такiх слоў. Ну, пусцi. Мне iсцi трэба.
- Што ж ты яе не адлупцуеш, ма? Калi б яна не хвалiлася сваiм печывам, нiчога б не было. Ну, дай ёй лупцоўкi.
- А вы, мiстэр, не суньце носа ў чужое проса, - узлавалася на Ўiнфiлда мацi. - Глядзi, каб цябе самога не адлупцавалi. Ну, пусцi, дачушка.
Уiнфiлд рэцiраваўся да скручанага матраца i адтуль скiраваў на сваiх сямейнiкаў халодны, скептычны позiрк. Ён заняў зручную для абароны пазiцыю, бо быў упэўнены, што пры першай магчымасцi Руцi накiнецца на яго. Але Руцi, прыбiтая горам, цiха адышла ў далёкi кут вагона.
Мацi закрыла алавяную талерку газетай.
- Ну, я пайду, - сказала яна.
- А сама не павячэраеш? - запытаўся дзядзька Джон.
- Потым. Як вярнуся. Цяпер не хочацца. - Мацi пайшла да расчыненых дзвярэй i асцярожна спусцiлася па крутых сходках.
На паляне, памiж вагонамi i рэчкай, палаткi стаялi шчыльна адна да адной, адцяжкi iх перапляталiся, калкi былi ўвагнаныя ў зямлю ўсутыч. Праз брызент прасвечвала святло, з усiх труб iшоў густы дым. Мужчыны i жанчыны, стоячы каля ўваходных праёмаў, перамаўлялiся мiж сабой. Дзецi як апантаныя насiлiся навокал. Мацi велiчна iшла ўздоўж лiнii палатак. Час ад часу хто-небудзь яе пазнаваў.
- Добры вечар, мiсiс Джоўд.
- Добры вечар.
- Несяце выкiдаць, мiсiс Джоўд?
- Пазычыла хлеба ў знаёмых. Трэба аддаць.
Нарэшце палаткi засталiся ззаду. Мацi спынiлася i азiрнулася. Лагер выдаваў сябе цьмяным водсветам лiхтароў, чуўся глухi гул галасоў, час ад часу яго пераразаў чый-небудзь гучны воклiч. Паветра патыхала дымам. Нехта цiха iграў на губным гармонiку, стараючыся развучыць мелодыю, i паўтараў адну i тую музычную фразу.
Мацi ўвайшла ў вярбняк на беразе рэчкi. Потым збочыла са сцежкi, села на зямлю i затаiлася, прыслухоўваючыся, цi не iдзе хто следам. Наперадзе на сцежцы паказаўся мужчына, якi iшоў да лагера, на хаду накiдваючы на плечы падцяжкi i зашпiльваючы штаны. Мацi сядзела нерухома, i, праходзячы мiма, мужчына яе не заўважыў. Пачакаўшы яшчэ хвiлiн пяць, яна паднялася з зямлi i асцярожна выйшла на сцежку, што цягнулася берагам. Мацi ступала цiха, так цiха, што шолах апалага лiсця ў яе пад нагамi не заглушаў цурчання вады. Сцежка i рэчка павярнулi налева, потым зноў направа i нарэшце вывелi яе да шашы. Пры шэрым святле зорак мацi ўбачыла дарожны насып i круглую чорную адтулiну маставой трубы, каля якой яна заўсёды пакiдала ежу Тому. Яна асцярожна падышла да трубы, усунула сваю ношу ў адтулiну i ўзяла пустую алавяную талерку, што там стаяла. Потым цiхенька вярнулася ў вярбняк, прабралася ў самы гушчар i, сеўшы, стала чакаць. Скрозь блытанiну вецця ёй вiдаць была чорная пашча трубы. Мацi абняла каленi рукамi i застыла ў чаканнi. Неўзабаве жыццё ў зараснiку зноў ажыло. Палявыя мышы крадком прабiралiся сярод лiсця. Па сцяжынцы бязбоязна пратупаў скунс, ад якога слаба патыхнула смуродам. А потым вецер лёгенька, быццам прымерваючыся, варухнуў вербы, i на зямлю залатым дажджом пасыпалася лiсце. I раптам у зараснiку нiбы закiпела, моцны парыў ветру страсянуў дрэвы, i лiсце хлынула лiўнем на дол. Мацi адчувала, як яно апускаецца ён на валасы i на плечы. Па небе плыла пухлая чорная хмара, адну за адной сцiраючы зоркi. Буйныя кроплi дажджу бязладна пасыпалiся ўнiз, застукалi па апалай лiстоце, а хмара пасунулася далей, i зноў загарэлiся зоркi. Мацi зябка пакурчылася. Вецер памчаўся далей, i ў гушчары стала цiха, але нiжэй па рэчцы яшчэ чуўся шолах лiсця. З лагера данеслiся высокiя, пранiзлiвыя гукi скрыпкi, на якой нехта падбiраў мелодыю.
Мацi пачула асцярожлiвыя крокi недзе злева ад сябе i ўся напялася. Яна расшчапiла рукi на каленях i падняла галаву, прыслухоўваючыся. Шоргат сцiх i толькi праз доўгi час пачуўся зноў. Па сухiм лiсцi рэзка скрабянула нiцая лаза, i мацi ўбачыла, як цёмная чалавечая постаць выбралася з гушчару i падышла да маставой трубы. Круглая чорная адтулiна на момант знiкла, потым чалавек павярнуў назад. Мацi цiха клiкнула яго:
- Том!
Чалавек застыў на месцы, ён так знерухомеў i так нiзка прыгнуўся да зямлi, што яго можна было прыняць за пень. Яна зноў паклiкала:
- Том! Том! - I толькi тады постаць варухнулася.
- Гэта ты, ма?
- Я. Я тут. - Мацi паднялася з зямлi i пайшла насустрач сыну.
- Не трэба было чакаць мяне, - сказаў Том.
- Я мусiла, Том. Трэба пагаварыць.
- Сцежка зусiм блiзка. Хто-небудзь можа тут прайсцi.
- А хiба ў цябе няма якога-небудзь месца, Том?
- Ёсць... але... раптам хто-небудзь убачыць цябе са мной... тады ўся сям'я трапiць у бяду.
- Я мусiла дачакацца цябе, Том.
- Ну дык iдзi за мной. Толькi цiшэй. - Ён асцярожна перайшоў уброд нешырокую рэчку, мацi iшла за iм. Ён павёў яе праз густы лазняк, i абое выйшлi да баваўнянага поля i пайшлi ўскрай яго. На градах выразна абазначалiся пачарнелыя сцяблы бавоўнiку, да якiх дзе-нiдзе прычапiлiся пушыстыя касмылi бавоўны. Яны прайшлi краем поля яшчэ чвэрць мiлi, а потым Том зноў павярнуў у зараснiк. Там ён падышоў да вялiкай купы ажыннiку, нахiлiўся i адвёў убок густа пераплеценае вецце.
- Давядзецца паўзком, - сказаў ён.
Мацi стала на карачкi. Яна адчула пад рукамi пясок, папаўзла, кусты расступiлiся i ўжо не дакраналiся да яе, потым рукi яе намацалi коўдру. Том зноў прыкрыў веццем уваход, i ў схованцы стала зусiм цёмна.
- Ты дзе, ма?
- Я тут. Цiшэй, Том.
- Нiчога, не хвалюйся. Я ўжо прывык - жыву тут, як трус.
Яна пачула, як ён знiмае паперу з алавянай талеркi.
- Свiныя адбiўныя, - сказала мацi. - I смажаная бульба.
- А божачкi, яшчэ i цёпленькiя!
Яна не магла разгледзець сына ў цемры, але чула, як ён адкусвае мяса, жуе i глытае.
- Тут у мяне добрая схованка, - сказаў Том.
Мацi нерашуча пачала:
- Том... Руцi ўсё выбалбатала. - Яна пачула, як Том папярхнуўся.
- Руцi? А чаму?
- Яна невiнаватая. Пабiлася з нейкай дзяўчынкай i прыгразiла ёй: мой брат наб'е твайго брата. Ты ж ведаеш - дзецi. I яшчэ сказала, што яе брат забiў чалавека i цяпер хаваецца.
Том слухаў i пахiхiкваў.
- А я калi быў хлапчуком, дык заўсёды страшыў усiх дзядзькам Джонам, толькi ён не хацеў заступацца. Тут нiчога такога.
- Не, Том, - запярэчыла мацi. - Дзецi раскажуць адно аднаму, дойдзе да дарослых, тыя таксама пачнуць усiм расказваць, а там, глядзiш, людзi пойдуць шукаць. Том, табе нельга тут заставацца.
- Я з самага пачатку так думаў. Я ўвесь час баюся - убачаць, што ты ежу сюды носiш, i высачаць.
- Ведаю. Але мне хацелася, каб ты быў недзе паблiзу. Баялася за цябе. Я там так i не разгледзела твой твар, не бачу яго i тут. Як у цябе з iм?
- Нiчога, зажывае.
- Пасунься блiжэй, Том. Дай я памацаю. Давай блiжэй. - Том падпоўз да мацi. Рука яе знайшла ў цемры яго галаву, пальцы апусцiлiся нiжэй, памацалi нос, потым левую шчаку. - Шрам вялiкi, Том, на носе ўпадзiна.
- Можа, гэта i на лепшае. Нiхто мяне, магчыма, не пазнае. Каб там у iх не было адбiткаў маiх пальцаў, зусiм было б добра. - Том зноў узяўся за сваю вячэру.
- Ш-ш... - сказала мацi. - Слухай!
- Гэта вецер. Усяго толькi вецер.
Парыў ветру пранёсся ўнiз па рэчцы, i дрэвы на беразе зашумелi веццем.
Мацi падсунулася яшчэ блiжэй на голас Тома.
- Дай мне, Том, яшчэ раз дакрануцца. Я як сляпая, так тут цёмна. Хачу запомнiць, няхай хоць пальцы памятаюць. Выбiрайся адсюль, Том.
- Я хацеў гэта зрабiць з самага пачатку.
- Мы добра зарабiлi, -сказала мацi. - Я крыху адклала. Бяры. Тут сем даляраў, Том.
- Я не вазьму. Не трэба, абыдуся i так.
- Падай руку, Том. Я начамi спаць не буду, калi ты не возьмеш. Раптам трэба будзе на аўтобусе праехаць цi што-небудзь такое. Я хачу, каб ты апынуўся далёка адсюль - за трыста, за чатырыста мiль.
- Не вазьму.
- Том, - строга прамовiла мацi. - Ты возьмеш грошы. Чуеш? Ты не маеш права прычыняць мне боль.
- Навошта ты так, ма?
- Я ўсё думала: можа, ты трапiш у вялiкi горад. У Лос-Анжэлес, напрыклад. Там шукаць цябе не будуць.
- Гм... - хмыкнуў Том. - Паслухай, ма. Вось я хаваюся тут, сяджу дзень i ноч адзiн. Ведаеш, пра каго я ўвесь час думаю? Пра Кейсi! Ён многа разглагольстваваў. I часта дакучаў мне гэтым. Але цяпер я думаю пра тое, што ён казаў, i прыгадваю кожнае яго слова. Ён расказваў, што аднойчы пайшоў ад людзей у пустыню, каб пазнаць сваю душу, а аказалася, што сваёй асобнай душы ў яго няма. Яму адкрылася, што ёсць адна вялiкая душа, i толькi часцiнка яе належыць яму. Пустыня, кажа, благое месца, бо часцiнка гэтая павiнна злiцца з усiм астатнiм у адно цэлае. Дзiўна, я ўсё памятаю. А тады, здаецца, нават i не слухаў яго. Але цяпер сам зразумеў: чалавеку аднаму жыць нядобра.
- Ён быў добры, - сказала мацi.
Том гаварыў далей:
- Неяк раз ён пачаў шпарыць па Пiсаннi, але там зусiм не было нiчога пра пякельны агонь i ўсякiя жахi. Ён двойчы паўтарыў, i я запомнiў. З Эклезiяста, сказаў ён.
- А пра што там, Том?
- А вось: "Дваiм лепш, чым аднаму, таму што ў iх ёсць добрая ўзнагарода за працу iхнюю. Бо калi ўпадзе адзiн, другi падыме таварыша свайго. Але гора таму, хто будзе адзiн, калi ўпадзе, бо другога няма, каб памагчы яму падняцца".
- Далей, Том, - сказала мацi. - Гавары далей.
- Яшчэ толькi крышачку засталося. "I зноў-такi, калi ляжаць двое, цёпла iм, а аднаму як сагрэцца? I калi хто пачне адольваць аднаго, двое ўстаяць супраць яго. I ўтрая звiтая нiтка не хутка парвецца".
- Гэта з Пiсання?
- Так Кейсi сказаў. Кажа - Эклезiяст.
- Ш-ш... Чуеш?
- Гэта вецер, ма. Вецер, я ведаю. I вось што я яшчэ думаў, ма: у пропаведзях часцей за ўсё пра бедных гаворыцца, пра тое, што яны будуць заўсёды, i што калi ў цябе нiчога няма, дык ты проста сядзi склаўшы рукi i пашлi ўсё к чорту - калi памрэш, табе на тым свеце падносiць будуць марожанае на залатым сподачку. А ў Эклезiяста гэтага сказана iншае: дваiм больш адплацiцца за працу iхнюю.
- Дык што ты вырашыў рабiць, Том?
Ён доўга маўчаў.
- З галавы не выходзiць урадавы лагер - як там усё было, як людзi там самi пра сябе клапацiлiся. Калi раптам распачнецца бойка, самi ўсё ўладзяць, i нiякiх табе палiсменаў, нiхто рэвальверам не тыцкае, а парадак лепшы, чым з палiсменамi. Зразумець не магу, чаму паўсюль так не могуць зрабiць? Прагнаць палiсменаў - яны нам чужыя. Будзем усе разам працаваць сабе на карысць гаспадарыць на сваёй зямлi.
- Што ж ты вырашыў рабiць, Том? - паўтарыла сваё пытанне мацi.
- Тое, што i Кейсi.
- Але ж яго забiлi.
- Забiлi. Ён не паспеў ухiлiцца ад удару. Супраць закону ён не iшоў, ма. Я тут страшэнна многа думаў. Пра ўсiх нас думаў. Вось мы жывём, як свiннi, а побач добрая, урадлiвая зямля ляжыць неўзараная альбо ў яе адзiн гаспадар на мiльён акраў, а сотня тысяч працавiтых земляробаў жыве ўпрогаладзь. А што, думаю, калi ўсiм нам сабрацца i закрычаць, як тыя крычалi, каля садовай плантацыi Гупера, толькi iх там было мала...
Мацi сказала:
- Цябе зацкуюць, Том, як дзiкага звера. Як з Флойдам было.
- Цкаваць усё роўна будуць. Увесь наш народ зацкаваны.
- Больш ты нiкога не заб'еш, Том?
- Ну што ты. Я вось пра што думаю: раз я ўжо на ўцёках, дык, можа, мне... Чорт, я яшчэ не ва ўсiм разабраўся. Ты цяпер мяне не трывож. Не трывож мяне, ма.
Яны памаўчалi, седзячы ў чорнай, як вугаль, цемры пад кустамi. Потым мацi сказала:
- Як жа я пра цябе даведаюся? Цябе могуць забiць, а я нiчога ведаць не буду. Цi пакалечаць. Як я даведаюся?
Том нявесела засмяяўся:
- Можа, Кейсi праўду казаў: у чалавека сваёй душы няма, а ёсць толькi часцiнка адной агульнай душы... Значыць, тады...
- Што тады, Том?
- Тады ўсё добра. Тады ты i ў цемры мяне адчуеш. Я буду паўсюль - куды ты нi глянеш. Калi галодныя падымуцца на змаганне за кавалак хлеба, я з iмi буду. Дзе палiсмен замахнецца дубiнкай, там буду я. Калi Кейсi ведаў, што гаворыць, значыць, я буду i з тымi, хто не сцерпiць i закрычыць... Я буду разам з дзецьмi смяяцца i радавацца, калi, прагаладаўшыся, яны прыбягуць дамоў i ўбачаць на стале вячэру. I калi нашы людзi будуць есцi тое, што яны самi вырасцiлi, будуць жыць у дамах, якiя самi пабудавалi, - там буду i я. Разумееш? Божа мой, я загаварыў зусiм як Кейсi! Гэта таму, што многа пра яго думаю. Часам мне здаецца, што я бачу яго перад сабой.
- Не разумею, пра што ты гаворыш. Не разбяруся.
- Я таксама яшчэ не зусiм разабраўся, - сказаў Том. - Такiя ў мяне думкi. Калi сядзiш на адным месцы, столькi ўсяго ў галаву лезе. Табе час ужо вяртацца, ма.
- Дык ты грошы вазьмi.
Том памаўчаў.
- Добра, - сказаў ён.
- Том, а потым... калi ўсё ўляжацца, ты вернешся? Ты знойдзеш нас?
- Ну вядома, знайду. А цяпер iдзi. Дай руку. - Том памог мацi знайсцi выхад. Пальцы яе моцна ўчапiлiся ў яго запясце. Ён адвёў убок вецце i вылез за ёю. - Дойдзеш да поля, iдзi краем да явара, а там пераходзь рэчку. Бывай.
- Бывай, - сказала мацi i шпарка пайшла прэч. У вачах у яе стаялi слёзы, але яна не плакала. Яна iшла праз зараснiк, не тоячыся, пад яе нагамi шумна шамацела лiсце. З цёмнага неба пасыпаў дождж, рэдкiя, буйныя кроплi цяжка пляскалi па сухiм лiсцi. Мацi спынiлася, пастаяла ў мокрым гушчары i павярнула назад - зрабiла тры крокi да вялiкай купы ажыннiку i раптам рэзка павярнула i пайшла ў лагер. Перабраўшыся цераз рэчку, яна выйшла да маставой трубы i па насыпе паднялася на шашу. Дождж сцiх, але хмары засцiлалi неба. Раптам яна пачула за спiнай крокi i апаслiва абярнулася. На дарозе цьмяна памiльгваў агеньчык кiшэннага лiхтарыка. Мацi пайшла далей, Неўзабаве яе дагнаў нейкi чалавек. З далiкатнасцi ён не пасвяцiў ёй у твар, а скiраваў прамень лiхтарыка на зямлю.
- Добры вечар, - павiтаўся чалавек.
- Добрага здароўя, - адказала мацi.
- Вiдаць, дажджы пачынаюцца.
- Не хацелася б. Спынiцца збор бавоўны. А нам трэба збiраць.
- I мне таксама трэба. Вы з гэтага лагера?
- Так, сэр.
Яны iшлi ў нагу.
- У мяне дваццаць акраў пад бавоўнай. Я крыху запазнiўся з сяўбой, але цяпер бавоўна паспела ўжо. Дай, думаю, схаджу ў лагер, можа, зборшчыкаў знайду.
- Знойдзеце, вядома. У нас збор ужо да канца падыходзiць.
- Вось i добра. Да мяне ўсяго адна мiля адсюль.
- Нас шасцёра, - сказала мацi. - Трое мужчын, я i двое дзяцей.
- Я павешу аб'яву. За дзве мiлi ад лагера на гэтай шашы.
- Мы ранiцай прыедзем.
- Толькi каб дажджу не было.
- Ага. Дваццаць акраў абабраць нядоўга.
- Чым хутчэй, тым лепш. Запазнiлася мая бавоўна. Зацягнуў я з пасадкай.
- А колькi вы плацiце, мiстэр?
- Дзевяноста цэнтаў.
- Мы пойдзем на збор. Кажуць, у наступным годзе семдзесят пяць будуць плацiць, а то i шэсцьдзесят.
- Я таксама такое чуў.
- Дабром гэта не скончыцца, - сказала мацi.
- Вядома. Я сам ведаю. У такой драбязы, як я, выбару няма. Плату ўстанаўлiвае Асацыяцыя, а з ёю не лiчыцца нельга. Не палiчышся - прапала твая ферма. На дробных гаспадароў увесь час наступаюць.
Яны падышлi да лагера.
- Мы пойдзем да вас, - сказала мацi. - У нас тут бавоўны зусiм ужо мала засталося. - Яна збочыла да крайняга вагона i паднялася па сходках. Цьмянае святло лiхтара кiдала змрочныя ценi навокал. Бацька, дзядзька Джон i трэцi пажылы мужчына сядзелi на кукiшках, прыхiнуўшыся да сцяны.
- Хэло, - сказала мацi. - Добры вечар, мiстэр Уэйнрайт.
Уэйнрайт падняў галаву. Рысы твару ў яго былi тонкiя, быццам вытачаныя, вочы сядзелi глыбока пад густымi брывамi. Мяккiя сiвыя валасы адлiвалi блакiтам. Чэрненае срэбра барады закрывала яго скулы i падбародак.
- Вечар добры, мэм, - адказаў ён.
- Заўтра пойдзем на збор, - паведамiла мацi. - Каля мiлi на поўнач адсюль. Дваццаць акраў.
- Вiдаць, лепш паехаць на грузавiку, - сказаў бацька. - Раней прыедзем больш збяром.
Уэйнрайт парывiста ўскiнуў галаву:
- А што, калi i нам пайсцi?
- Канешне. Мы з гаспадаром разам iшлi сюды. Яму патрэбны зборшчыкi.
- Тут ужо мала што засталося. Другi раз амаль няма чаго збiраць. Нiчога не заробiш. З першага разу ўсё падчыстую бяруць.
- Вы з намi можаце паехаць, - прапанавала мацi. - Бензiн папалам.
- Вось гэта па-сяброўску, мэм.
- I нам i вам выгада, - сказала мацi.
Бацька сказаў:
- У мiстэра Ўэйнрайта праблема - прыйшоў да нас на раду. Мы тут сядзелi, разважалi.
- А што такое?
Уэйнрайт апусцiў вочы.
- Ды вось Эгi, - сказаў ён. - Падрасла дзяўчына... шаснаццаты год канчаецца, зусiм дарослая стала.
- Эгi ў вас прыгожанькая, - сказала мацi.
- А ты перш паслухай, - абарваў яе бацька.
- Эгi i ваш Эл кожны вечар гуляюць. Эгi дзяўчына здаровая, нармальная, ёй мужа трэба, а то бяды чакаць нядоўга. У нас у сям'i нiколi нiчога такога не было. А цяпер мы жывём у нястачы. Вось мы з мiсiс Уэйнрайт i непакоiмся. Што, калi бяда з ёю здарыцца?
Мацi расклала матрац i села на яго.
- Яны разам гуляць пайшлi? - запыталася яна.
- Заўсёды разам, - адказаў Уэйнрайт. - I так кожны вечар.
- Гм... Што ж, Эл хлопец добры. Пеўнiк - гэта ў iм трохi ёсць, але хлопец ён добры, стойкi. Я лепшага сына i не хацела б.
- На Эла мы i не скардзiмся! Як чалавек ён нам падабаецца. Але чаго мы з жонкай баiмся... разумееце, Эгi ўжо дарослая дзяўчына. Вось мы куды-небудзь адлучымся цi вы, а вернемся i... Што тады? У нас у сям'i такой ганьбы нiколi не было.
Мацi мякка прамовiла:
- Мы падумаем, параiмся... Ганьбiць вас не будзем.
Госць паспешлiва падняўся на ногi.
- Дзякую вам, мэм. Эгi ўжо дарослая. Яна дзяўчына добрая... добрая i сцiплая. Калi ўберажаце яе ад ганьбы, мы будзем вам вельмi ўдзячныя. Эгi не вiнаватая - вырасла дзяўчына.
- Бацька наш пагаворыць з Элам, - сказала мацi. - Калi не захоча, дык я пагавару з iм.
Уэйнрайт сказаў:
- Дык добрай вам ночы, i вялiкi дзякуй. - Ён пайшоў за брызентавы полаг. Чутно было, як ён на сваёй палове паведамляў жонцы пра вынiкi перамоваў.
Мацi з хвiлiну прыслухоўвалася, потым сказала мужчынам:
- Перасядзьце сюды, блiжэй.
Бацька i дзядзька Джон цяжка паднялiся з кукiшак. Яны селi на матрац побач з мацi.
- А малыя дзе?
Бацька паказаў на кут:
- Руцi накiнулася на Ўiнфiлда i ўрэзала яму. Я загадаў iм легчы спаць. Пэўна, заснулi. Разашарна пайшла да нейкай знаёмай жанчыны.
Мацi ўздыхнула i цiха прамовiла:
- Я знайшла Тома. I... сказала, каб ён iшоў адгэтуль. Куды-небудзь далёка.
Бацька паволi пакiваў галавой. Дзядзька Джон уткнуўся падбародкам у грудзi.
- Нiчога больш яму не застаецца, - сказаў бацька. - Як ты думаеш, Джон?
Дзядзька Джон падняў галаву.
- Нiчога разумнага я вам не скажу, - адказаў ён. - Апошнiм часам жыву як у сне.