Каля палаткi Джоўдаў Руцi i Ўiнфiлд наспех праглынулi, што там было на абед, i кiнулiся да пляцоўкi. На воклiк мацi дзецi вярнулiся, i яна задрала iм угору падбародкi, праверыла, цi не брудныя ў iх насы, пацягнула за вушы, зазiрнула ў iх i загадала iсцi ў санiтарны блок i яшчэ раз памыць рукi. Малыя схавалiся за будынкам, пакруцiлiся там, потым сiганулi да танцавальнай пляцоўкi i змяшалiся з гуртам дзяцей, што абкружылi аркестр.
   Эл паабедаў i паўгадзiны галiўся Томавай брытвай. Потым памыўся, надзеў шарсцяныя штаны, якiя шчыльна аблягалi яго сцёгны, змачыў вадой свае прамыя валасы i зачасаў iх назад. Выбраўшы момант, калi ва ўмывальнай нiкога не было, ён абаяльна ўсмiхнуўся сам сабе ў люстра, потым павярнуўся бокам, стараючыся ўбачыць, як гэта ўсмешка выглядае ў профiль. Пасля надзеў на кашулю чырвоныя нарукаўныя гумкi i апрануў свой шчыльна падагнаны пiнжак, працёр жоўтыя чаравiкi кавалкам туалетнай паперы. Раптам ва ўмывальную нехта зайшоў. Эл выскачыў з яе i зухавата пакрочыў да танцпляцоўкi, зiркаючы вачамi па баках у пошуках дзяўчат. Каля адной палаткi блiзка ад пляцоўкi сядзела прыгожанькая бландзiначка. Эл нiбы незнарок падышоў да яе i расшпiлiў пiнжак, каб вiдаць была яго сiняя кашуля.
   - Пойдзеш на танцы? - запытаўся ён.
   Дзяўчына адвярнулася i нiчога не адказала.
   - Што, з табой i словам перакiнуцца нельга? Можа, пойдзем патанцуем? - I нiбы мiж iншым дадаў: - Я вальс умею.
   Дзяўчына нясмела падняла на яго вочы i сказала:
   - Падумаеш. Вальс усе танцуюць.
   - Толькi не як я, - сказаў Эл. На пляцоўцы зноў зайгралi, i ён пачаў прытупваць у такт нагой. - Пойдзем, - сказаў ён.
   З палаткi высунула галаву таўшчэзная жанчына i глянула на яго грозным вокам.
   - Iдзi сваёй дарогай, праходзь, - зласлiва сказала яна. - Дачка мая даўно заручаная. Яна замуж выходзiць - хутка жанiх прыедзе.
   Эл гарэзлiва падмiргнуў дзяўчыне i пайшоў далей, прытупваючы на хаду пад музыку, паводзячы плячамi i памахваючы рукамi. Дзяўчына пазiрала яму ўслед.
   Бацька паставiў талерку на скрыню i ўстаў.
   - Ну, хадзем, Джон, - сказаў ён i растлумачыў мацi: - Хочам пагаварыць тут з аднымi людзьмi, даведаемся, можа, дзе работа ёсць. - Разам з Джонам ён пайшоў да домiка адмiнiстратара.
   Том падабраў кавалкам куплёнага хлеба рэшткi мяснога соўсу на талерцы i адправiў яго ў рот. Тады падаў талерку мацi, i тая апусцiла яе ў вядро з гарачай вадой, памыла i дала выцерцi Ружы Сарона.
   - А ты хiба на танцы не пойдзеш? - запыталася ў Тома мацi.
   - А як жа, пайду, - адказаў Том. - Мяне выбралi ў камiсiю дзяжурыць. Трэба пазабаўляць сяго-таго з гасцей.
   - У камiсiю ўжо выбралi? - здзiвiлася мацi. - Гэта, вiдаць, таму, што ты работу маеш?
   Ружа Сарона нахiлiлася, каб пакласцi талерку ў скрыню. Том, паказваючы на яе, сказаў:
   - А божа, як яна таўсцее!
   Ружа Сарона залiлася чырванню i ўзяла ў мацi яшчэ адну талерку.
   - Чаму ж ёй не таўсцець, - сказала мацi.
   - I прыгажэе, - дадаў Том.
   Ружа Сарона яшчэ гусцей пачырванела i апусцiла галаву.
   - Сцiхнi ты, - прашаптала яна.
   - Чаму ж ёй не прыгажэць, - сказала мацi. - Маладзенькiя, што носяць дзiця пад сэрцам, заўсёды прыгажэюць.
   Том засмяяўся:
   - Калi яна i далей будзе так пухнуць, ёй давядзецца жывот на тачцы вазiць.
   - Ды сцiхнi ты, - сказала Ружа Сарона i схавалася пад брызентам.
   Мацi ўсмiхнулася:
   - Не дражнi яе.
   - Ёй гэта даспадобы, - сказаў Том.
   - Я ведаю, што ёй даспадобы, i ўсё-такi гэта яе трывожыць. Яна i так па Конi тужыць.
   - Ну, на Конi даўно пара рукой махнуць. Ён не iначай як на прэзiдэнта Злучаных Штатаў вучыцца.
   - Пакiнь яе, не чапай. Яе доля i так незайздросная.
   Да палаткi, шырока ўсмiхаючыся, падышоў Уiлi Iтан.
   - Ты Том Джоўд? - запытаўся ён.
   - Я.
   - Я старшыня святочнай камiсii. Ты нам будзеш патрэбны. Мне пра цябе гаварылi.
   - Што ж, мы з табой разам пацешымся, - сказаў Том. - Пазнаёмся, гэта мая ма.
   - Добры вечар, - сказаў Уiлi.
   - Вельмi прыемна, - адказала мацi.
   Уiлi сказаў:
   - Мы паставiм цябе спачатку каля варот, а потым пяройдзеш на танцпляцоўку. Прыглядайся да тых, хто ўваходзiць, i, можа, адразу i высачыш iх. З табой будзе яшчэ адзiн хлопец. А крыху пазней пойдзеш танцаваць i будзеш пiльна прыглядацца.
   - Добра, гэта я магу, - пагадзiўся Том.
   - А хiба можа што здарыцца? - устрывожылася мацi.
   - Не, мэм, - адказаў Уiлi. - Нiчога такога.
   - Зусiм нiчога, - сказаў Том. - Ну пайшлi. Убачымся з табой, ма, на танцах. - Том i Ўiлi шпарка пакрочылi да галоўных варот.
   Мацi паставiла памыты посуд на скрыню.
   - Выходзь! - крыкнула яна i, не пачуўшы адказу, паўтарыла: - Выходзь, Разашарна.
   Ружа Сарона выйшла з-пад брызенту i зноў узялася выцiраць талеркi.
   - Том проста жартаваў, - сказала мацi.
   - Ведаю. Няхай сабе. Толькi мне непрыемна, калi на мяне глядзяць.
   - Ну, тут ужо нiчога не зробiш. Глядзець будуць. Людзям прыемна ж палюбавацца на маладзенькую, калi яна дзiця чакае - прыемна i весела. А ты на танцы не збiраешся?
   - Збiралася... А цяпер не ведаю. Хачу, каб Конi вярнуўся. - Ружа Сарона гучна паўтарыла: - Я хачу, ма, каб Конi вярнуўся. Больш так я не магу.
   Мацi пiльна паглядзела на яе.
   - Я разумею. Толькi глядзi, Разашарна, не асарамацi сям'ю.
   - Ну што ты, ма.
   - Не асарамацi нас. Нам i так цяжка, не хапае яшчэ сораму.
   У Ружы Сарона задрыжалi губы.
   - Я... я на танцы не пайду. Не хачу... Ма, памажы мне! - Яна апусцiлася на скрыню i закрыла твар сагнутымi ў локцях рукамi.
   Мацi выцерла рукi аб кухонны ручнiк, прысела перад дачкой на кукiшкi i паклала абедзве рукi ёй на валасы.
   - Ты, дачушка, у мяне добрая, - сказала яна. - Заўсёды была добрай дзяўчынкай. Я пра цябе паклапачуся. Ты не бядуй. - Мацi ажыўлена загаварыла: Ведаеш, што мы з табой зробiм? Пойдзем разам на танцы, сядзем убаку i падзiвiмся. Калi хто запросiць цябе на танец, я скажу, табе нельга, у цябе здароўе слабае. А ты музыку паслухаеш, на людзей паглядзiш.
   Ружа Сарона падняла галаву:
   - А танцаваць не пусцiш?
   - Не пушчу.
   - I не дазваляй нiкому да мяне дакранацца.
   - Не дазволю.
   Ружа Сарона ўздыхнула i роспачна прамовiла:
   - Не ведаю, ма, як далей будзе. Проста не ведаю.
   Мацi лёгенька паляпала яе па калене:
   - Ну глянь на мяне. Паслухай, што я скажу. Ты пацярпi яшчэ крышачку, а там палягчэе. Яшчэ толькi крышачку. Я праўду кажу. А цяпер падымайся. Мы з табой зараз памыемся, надзенем усё самае прыгожае i пасядзiм на танцах. - Яна павяла Ружу Сарона да санiтарнага блока.
   Бацька, дзядзька Джон i яшчэ некалькi чалавек сядзелi на кукiшках каля ганка канторы.
   - Мы сёння ледзь на працу не ўладзiлiся, - сказаў бацька. - На некалькi хвiлiн спазнiлiся. Перад намi дваiх ужо нанялi. I вось што дзiўна, скажу я вам, - вярбоўшчык кажа: "Па дваццаць пяць цэнтаў мы нанялi дваiх. А па дваццаць цэнтаў яшчэ можам узяць. Па дваццаць мы многа рабочых можам узяць. Вы паедзьце ў лагер, скажыце там, што па дваццаць набор будзе вялiкi".
   Мужчыны неспакойна заварушылiся. Адзiн - шыракаплечы мужчына, твар якога хаваўся ў цянi ад чорнага капелюша, пляснуў далонню па калене.
   - Я гэтыя iхнiя штучкi ведаю! - крыкнуў ён. - I набяруць, колькi iм трэба. Галодных людзей набяруць. За дваццаць цэнтаў у гадзiну сям'ю не пракормiш, але ты пойдзеш на што заўгодна. Як нi круцiся, ты ў iхнiх руках. Яны прадаюць працу, як з таргоў. Далiбог, хутка яшчэ i прыплачваць iм прымусяць, каб работу ў iх атрымаць.
   - Мы б згадзiлiся, - сказаў бацька. - У нас нi ў кога няма нiякай работы. Абавязкова згадзiлiся б, але на нас людзi такiмi вачамi пазiралi, што мы пабаялiся.
   Чалавек у чорным капелюшы сказаў:
   - Крануцца з розуму можна, як падумаеш. Я ў аднаго працаваў, дык ён свайго ўраджаю сабраць не можа. На збор больш грошай пойдзе, чым ён ад продажу атрымае. Проста не ведаю, што рабiць.
   - Вось калi б... - Бацька замяўся. Усе моўчкi чакалi. - Ну, я проста падумаў, калi б у мяне хоць акр зямлi быў... жонка гароднiну б развяла, парачку свiней гадавалi б, курэй трохi. А мы, мужчыны, працавалi б недзе i дамоў вярталiся. Дзецi, можа, у школу хадзiлi б. Я такiх школ, як тут, нiдзе не бачыў.
   - Дзецям нашым у тутэйшых школах нясоладка даводзiцца, - сказаў чалавек у чорным капелюшы.
   - А чаму? Яны даволi добрыя, гэтыя школы.
   - Ну сам падумай... Прыйдзе вось такi абадранец босы, а iншыя дзецi, у шкарпэтках, у добрых штанах, дражняць яго - "Окi, Окi". Мой хлопчык хадзiў у такую школу. Кожны дзень з кiм-небудзь бiўся. Малайчына, не ўступаў. Наравiсты, шальмец. Што нi дзень, то бойка. Дамоў прыйдзе - адзенне пашкуматанае, нос у крывi. А мацi яго лупцуе. Пад канец я заступiўся. Што ж, усе будуць яго, беднага, таўчы? А далiбог, ён здорава iх лупiў, гэтых сукiных сыноў у добрых штонiках. Ну, не ведаю, не ведаю...
   - Што ж нам усё-такi рабiць? - задаў пытанне бацька. - Грошай у нас няма. Адзiн сын атрымаў кароткачасовую работу, але гэтым не пракормiшся. Пайду i на дваццаць цэнтаў. А што рабiць?
   Чалавек у чорным капелюшы падняў галаву, i на святло выступiў яго шчацiнiсты падбародак i гладка, як поўсцю, зарослая па баках жылiстая шыя.
   - Ага, ты гэтак зробiш, - з горыччу сказаў ён. - А мне плацяць дваццаць пяць. Ты забярэш у мяне маю працу за дваццаць. Я пахаджу галодны i забяру яе ў цябе за пятнаццаць. Ну дык iдзi, наймайся.
   - Што ж тады рабiць мне? - дапытваўся бацька. - Не памiраць жа мне з голаду, каб табе плацiлi дваццаць пяць?
   Чалавек у чорным капелюшы апусцiў галаву, i яго падбародак зноў схаваўся ў цянi.
   - Не ведаю, - адказаў чалавек. - Ну не ведаю. Працуеш па дванаццаць гадзiн у дзень i ўсё роўна дасыта не ясi, а тут яшчэ галаву ламай, як быць далей. Хлопчык мой жыве надгаладзь. Не магу я ўвесь час аб адным толькi думаць, хай яно правалiцца. Звар'яцець можна.
   Людзi, што кружком сядзелi на кукiшках, неспакойна заварушылiся.
   Том стаяў каля варот i ўглядаўся ў гасцей, якiя з'язджалiся на танцавальны вечар. Яркае святло пражэктара падала на iх твары.
   Уiлi Iтан сказаў Тому:
   - Глядзi пiльна. Зараз прышлю сюды Джула Вiтэлу. Ён чэракез-паўкровак. Хлапец добры. Ва ўсе вочы глядзi. Магчыма, прыкмецiш каго.
   - Добра, - адказаў Том.
   Ён глядзеў на фермерскiя сем'i, што пад'язджалi да варот, на дзяўчат, якiя заплялi валасы ў косы, на падлеткаў, якiя навялi на сябе глянец дзеля танцаў. Падышоў Джул i спынiўся каля яго.
   - Я буду з табой, - сказаў ён.
   Том узняў на яго вочы - арлiны нос, скуласты смуглы твар, кароткi, нiбы зрэзаны, падбародак.
   - Кажуць, ты напалову iндзеец. А па-мойму, ты поўны iндзеец.
   - Не, - адказаў Джул. - Я паўкровак. Лепш быў бы чыстакроўны. Мог бы ўчастак мець у рэзервацыi. Там жыць можна, некаторым.
   - Зiрнi, колькi народу, - сказаў Том.
   Госцi праходзiлi праз вароты: сем'i фермераў, перасяленцы з прыдарожных лагераў. Дзецi старалiся хутчэй вырвацца з-пад апекi дарослых, але паважныя бацькi стрымлiвалi iх.
   Джул сказаў:
   - Неяк забаўна ў нас выходзiць з гэтымi танцамi. Людзi ў лагеры бедныя, нiчога за душой у iх няма, а ходзяць гордыя, бо могуць запрашаць сюды на танцы знаёмых. I тыя iх за гэта паважаюць. Я тут у аднаго гаспадара на маленькай ферме працаваў. Правёў яго сюды неяк раз на танцы. Запрасiў яго, i ён прыехаў. Потым кажа: нiдзе ва ўсёй акрузе не бывае такiх прыстойных танцавальных вечароў - сюды можна i дочак, i жонку з сабой браць. Гэй, глянь!
   Праз вароты праходзiлi трое маладых людзей - трое рабочых у джынсах. Яны трымалiся разам. Вартаўнiк каля варот спынiў iх, яны адказалi на яго пытаннi i прайшлi ў лагер.
   - Пасачы за iмi, - сказаў Тому Джул i падышоў да вартаўнiка. - Хто iх запрасiў?
   - Нейкi Джэксан, сектар нумар чатыры.
   Джул вярнуўся да Тома.
   - Вiдаць, яны самыя i ёсць, - сказаў ён.
   - Адкуль ты ведаеш?
   - Ды так - здаецца. У iх нейкi выгляд насцярожаны. Iдзi за iмi, пакажы iх Уiлi Iтану, i няхай ён знойдзе Джэксана з чацвёртага аддзялення. Трэба праверыць iх. А я тут пабуду.
   Том пайшоў следам за трыма маладымi людзьмi. Яны падышлi да танцавальнай пляцоўкi i спакойна сталi з краю натоўпу. Каля аркестра Том убачыў Уiлi i паманiў яго рукою да сябе.
   - Ну, што ў цябе? - запытаўся Ўiлi.
   - Вунь тыя трое - бачыш?
   - Ага.
   - Сказалi, што iх запрасiў нейкi Джэксан з чацвёртага.
   Уiлi выцягнуў шыю, адшукаў вачамi Хастана i падазваў яго.
   - Вунь тыя трое, - сказаў ён. - Трэба знайсцi Джэксана з чацвёртага аддзялення i даведацца, цi запрашаў ён iх.
   Хастан павярнуўся на абцасах i пайшоў; праз некалькi хвiлiн ён падвёў да Ўiлi i Тома сухарлявага, з шырокай косцю, тэхасца.
   - Вось ён, Джэксан, - сказаў Хастан. - Паслухайце, Джэксан, бачыце тых трох хлопцаў?
   - Ну.
   - Вы iх запрашалi сюды?
   - Не.
   - Раней калi бачылi iх?
   Джэксан прыгледзеўся больш уважлiва.
   - Ну бачыў. Разам у Грэгорыё працавалi.
   - Значыць, прозвiшча ваша iм вядомае?
   - Ну так. Мы працавалi побач.
   - Добра, - сказаў Хастан. - Вы, хлопцы, да iх не падыходзьце. Калi нiчога дрэннага не зробяць, мы не будзем iх выправоджваць. Дзякуй вам, мiстэр Джэксан. - Тому ён сказаў: - Добра зроблена. Думаю, яны самыя i ёсць.
   - Гэта Джул iх запрыкмецiў, - сказаў Том.
   - Дзiва што! - усклiкнуў Уiлi. - Iндзейская кроў, чуццём бярэ. Ну, пайду пакажу iх сваiм хлопцам.
   З натоўпу выскачыў падлетак гадоў шаснаццацi i спынiўся перад Хастанам, ледзь пераводзячы дух.
   - Мiстэр Хастан, - загаварыў ён, - я зрабiў усё, як вы загадалi. Адна машына стала каля эўкалiптаў - у ёй шасцёра, а яшчэ адна з чатырма пасажырамi спынiлася на дарозе з паўночнага боку. Я падышоў да iх, папрасiў даць прыпалiць. У iх рэвальверы. Сам бачыў.
   Позiрк у Хастана зрабiўся суровы, жорсткi.
   - Уiлi, - сказаў ён, - у цябе ўсё гатова, ты праверыў?
   Уiлi ашчэрыўся вясёлай усмешкай:
   - Будзьце спакойныя, мiстэр Хастан. Усё будзе зроблена як належыць.
   - Толькi нiкога не бiць. Запомнi. Калi зможаце - толькi па-добраму, спакойна, прывядзiце iх да мяне. Я буду ў сваёй палатцы.
   - Пастараемся, - сказаў Уiлi.
   Танцы яшчэ фармальна не пачалiся, i Ўiлi падняўся на пляцоўку.
   - Разбiрайцеся па чацвёра! - крыкнуў ён.
   Аркестр замаўчаў. Юнакi i дзяўчаты, маладыя мужчыны i жанчыны забегалi па вялiкай танцавальнай пляцоўцы i нарэшце выстраiлiся ў восем чацвёрак выстраiлiся i чакалi пачатку. Дамы стаялi, падняўшы рукi перад сабой i сашчапiўшы далонi. Кавалеры нецярплiва пераступалi з нагi на нагу. Старыя i пажылыя сядзелi вакол пляцоўкi, ледзь прыкметна ўсмiхаючыся, не адпускалi ад сябе дзяцей, якiя рвалiся на сярэдзiну пляцоўкi. А там, каля палатак, сядзелi праведныя хрысцiяне i з асуджэннем на суровых тварах высочвалi грэх.
   Мацi i Ружа Сарона селi на лаўку. I калi кавалеры запрашалi Ружу Сарона на танец, мацi гаварыла: - Не, яна нешта дрэнна сябе сёння адчувае. - А Ружа Сарона кожны раз залiвалася чырванню, i вочы ў яе загаралiся.
   Распарадчык танцаў Уiлi Iтан выйшаў на сярэдзiну i падняў рукi:
   - Усе гатовыя? Пачалi!
   Грымнуў аркестр, гулка i пранiзлiва зайграў вiрджынскую кадрылю "Куранё" завiшчала скрыпка, хрыпла загугнiлi гармонiкi, заракаталi на басах гiтары. Распарадчык выкрыкваў фiгуры, чацвёркi паварочвалiся, сходзiлiся, адступалi.
   - Бярыцеся за рукi, кружыце дам. - Разгарачыўшыся, Уiлi сам адбiваў такт нагамi, важна хадзiў узад i ўперад, снаваў сярод танцораў, паказваючы новую фiгуру. - Кружыце дам, i далiкатней. Цяпер кола, шырэй! - Музыка то грымела на ўсю моц, то зацiхала, а падэшвы адбiвалi такт, як барабанны дробат. - Паварот направа, паварот налева, рукi адпусцiць, паварот кругом! - высокiм голасам энергiчна выкрыкваў Уiлi. I ўжо прычоскi ў дзяўчат сталi не такiя гладзенькiя, у кавалераў на лбе выступiлi кроплi поту. I вось ужо хвацкiя танцоры пачалi выкiдваць адмысловыя каленцы. А старыя i пажылыя, што сядзелi па краях пляцоўкi, захопленыя рытмам танца, нягучна пляскалi ў далонi, прытупвалi нагамi, мякка ўсмiхалiся адзiн аднаму, кiвалi галовамi.
   Мацi прашаптала на вуха Ружы Сарона:
   - Хочаш вер, хочаш не, але тата твой быў хвацкi танцор у маладыя гады, лепшага я не бачыла. - Мацi ўсмiхнулася: - Не хочучы, старыя часы прыгадаеш. Усмешкi на тварах астатнiх гледачоў таксама былi народжаныя ўспамiнамi пра даўнейшае.
   - У нас там, у Аклахоме, каля Маскагi, гадоў дваццаць назад быў сляпы скрыпач...
   - Я некалi бачыў аднаго хвата - падскочыць i чатыры разы абцасамi прыстукнуць паспее.
   - А шведы ў Дакоце, ведаеце, што робяць? Насыплюць перцу на падлогу, жанчынам пад спаднiцу трапiць, i яны такiя жвавыя, такiя рэзвыя робяцца, што тая кабылка ўвесну. Шведы часам так робяць.
   А верныя паслядоўнiкi Хрыста здаля сачылi за танцамi i трымалi пры сабе дзяцей, якiм не сядзелася на месцы.
   - Гляньце, вунь якi грэх учыняюць, - гаварылi яны. - Гэтыя людзi так i ўедуць у пекла на качарзе. Проста сорам набожным бачыць такое. - Дзецi iх слухалi i трывожна маўчалi.
   - Яшчэ адно кола, i перадышка, - нараспеў прагаварыў распарадчык Уiлi Iтан. - Задайце жару напаследак. - Распараныя, расчырванелыя дзяўчаты танцавалi, растулiўшы вусны, з урачыстым, пачцiвым выразам на твары, а хлопцы адкiдалi з iлба доўгiя валасы i выраблялi курбеты, разводзячы ногi ў бакi, прыстуквалi абцасамi. Чацвёркi выходзiлi наперад, перасякалi пляцоўку наўскасяк, адступалi назад, кружылiся пад гучную, вiсклiвую музыку.
   I раптам аркестр змоўк. Танцоры застылi на месцы, прагна хапаючы ротам паветра. Дзецi, быццам сарваўшыся з ланцуга, кiнулiся на пляцоўку i сталi бегаць, ганяцца адзiн за адным, коўзацца па падлозе, зрываць адзiн у аднаго кепкi, цягаць за валасы. Танцоры селi, абмахваючыся рукамi. Музыканты паднялiся, расправiлi плечы i зноў селi. Цiха забрынкалi гiтарысты, падцягваючы струны.
   Нарэшце Ўiлi крыкнуў:
   - Разбiрайцеся зноў па чацвёрках, хто яшчэ можа.
   Танцоры цяжка адарвалiся ад лавак, i кавалеры зноў кiнулiся запрашаць дам. Том стаяў блiзка ад траiх маладых людзей, за якiмi сачыў. Ён бачыў, як яны працiснулiся на танцпляцоўку i накiравалiся да адной з чацвёрак. Скрыпач iрвануў смычком па струнах. Дваццаць чалавек лянiвай паходкай выйшлi на сярэдзiну пляцоўкi. Тыя трое ўжо падышлi да чацвёркi. Адзiн з iх сказаў:
   - Я буду танцаваць з гэтай дзяўчынай.
   Бялявы хлапец здзiўлена падняў на яго вочы:
   - Гэта мая дама.
   - Ты мне яшчэ пагавары, сапляк.
   Аднекуль з цемры пачуўся рэзкi свiст. Траiх гасцей iмгненна ўзялi ў кола. I кожны з iх адчуў на сабе моцныя рукi. Цеснае кола людзей пасунулася з пляцоўкi.
   Уiлi крыкнуў танцорам:
   - Пачалi! - Зайграла музыка, Уiлi нараспеў называў фiгуры танца, ногi танцораў гулка тупалi па дашчанай падлозе.
   Да варот лагера падкацiла легкавая машына. Вадзiцель крыкнуў:
   - Адчыняйце! Нам паведамiлi, што ў вас тут бясчынства.
   Вартаўнiк не зрушыў з месца.
   - Нiякага бясчынства ў нас няма, - сказаў ён. - Чуеце, музыка iграе? А вы хто такiя?
   - Шэрыфавы памочнiкi.
   - Паўнамоцтва ёсць?
   - Якое тут паўнамоцтва, калi ў вас бясчынства?
   - Няма ў нас бясчынства, - паўтарыў вартаўнiк.
   Людзi ў машыне прыслухалiся да музыкi, да выкрыкаў распарадчыка, i машына паволi ад'ехала ад варот i спынiлася на скрыжаваннi.
   Трох паломнiкаў, якiя iшлi ў сярэдзiне цеснага кола людзей, моцна трымалi за рукi, раты iм зацiснулi далонямi. Калi ўсе апынулiся ў цемры, кола разамкнулася. Том сказаў:
   - Чыстая работа. - Ён трымаў сваю ахвяру ззаду за рукi.
   Iх дагнаў Уiлi.
   - Здорава! - сказаў ён. - Цяпер вас i шасцярых хопiць. Хастан хоча глянуць на гэтых малойчыкаў.
   З цемры выступiў Хастан.
   - Вось гэтыя?
   - Яны, - адказаў Джул. - Адразу палезлi з кулакамi. Толькi замахнуцца iм так i не давялося.
   - Ану глянем, што за людзi, - сказаў Хастан.
   Затрыманых павярнулi да яго тварам. Яны стаялi, унурыўшыся. Хастан накiраваў святло кiшэннага лiхтарыка на iх хмурныя твары - на кожнага па чарзе.
   - Навошта вам гэта спатрэбiлася? - На яго пытанне адказу не было. - Хто вас падаслаў сюды?
   - Што вы прычапiлiся? Нiчога мы дрэннага не зрабiлi. Проста патанцаваць захацелася.
   - Не манi, - сказаў Джул. - Ты хацеў ударыць таго хлопца.
   Том сказаў:
   - Мiстэр Хастан, як толькi яны паднялiся на пляцоўку, нехта свiснуў.
   - Ага, ведаю. Фараоны пад'ехалi да самых варот. - Хастан зноў павярнуўся да затрыманых. - Бiць вас мы не будзем. Ну, кажыце - хто вас паслаў? - Адказу так i не было. - Вы такiя самыя людзi, як i мы, - з горыччу сказаў Хастан. Ваша месца з намi. Як жа ж так атрымалася? Мы ўсё ведалi, - дадаў ён.
   - Есцi ж нешта чалавеку трэба?
   - Дык хто ж вас падаслаў? Хто заплацiў вам?
   Адзiн з затрыманых сказаў:
   - Што хочаце рабiце. Мы нiчога не скажам.
   Хастан апусцiў галаву i цiха прамовiў:
   - Ну добра. Не трэба. Толькi вось што. Не лезьце з нажом на сваiх людзей. Мы стараемся ўсё як найлепш тут зрабiць, i пазабаўляцца хочам, парадак падтрымлiваем. Не губiце ўсё гэта. Добра падумайце. Толькi самi сабе шкодзiце. Ну вось што, хлопцы, выправадзiце iх задамi. Бiць не трэба. Яны самi не разумеюць, што робяць.
   Маленькi атрад паволi пасунуўся ў глыб лагера. Хастан праводзiў яго позiркам.
   Джул сказаў:
   - Давайце ўсыплем iм трохi.
   - Не, не трэба, - сказаў Уiлi. - Я слова даў.
   - Ну дык хоць выспятка дадзiм, - малiў Джул. - Хоць цераз агароджу перакiнем.
   - Не, сэр! - стаяў на сваiм Уiлi. - А вы слухайце, - звярнуўся ён да палоннiкаў: - На першы раз мы адпусцiм вас цэлымi. А вы перадайце там каму належыць: калi яшчэ хто сюды паткнецца, мы так надаём пад бакi, касцей сваiх не збярэ. Так i перадайце. Хастан кажа, вы такiя самыя людзi, як i мы. Магчыма, i такiя самыя, толькi мне думаць пра гэта агiдна.
   Яны падышлi да агароджы. Двое з аховы паднялiся з зямлi i накiравалiся да iх.
   - Праводзiм гасцей - рана дадому сабралiся, - сказаў iм Уiлi.
   Усе трое пералезлi цераз агароджу i знiклi ў цемры.
   Маленькi атрад шпарка пакрочыў назад, да танцавальнай пляцоўкi. А насустрач яму неслася жаласнае падвыванне i вiск аркестра, якi iграў: "Стары Дэн Тэкер".
   А каля канторы мужчыны ўсё яшчэ гутарылi, седзячы на кукiшках, гукi аркестра даносiлiся i да iх.
   Бацька сказаў:
   - Перамены мусяць быць. Не ведаю толькi якiя. Нам, можа, i не дажыць да таго часу. Але яны будуць. Навокал нейкi неспакой. Толкам нi да чога не дадумаешся, i ўжо вельмi трывожна на душы.
   Чалавек у чорным капелюшы зноў падняў галаву, i яго шчацiнiстая барада трапiла ў паласу святла. Ён падабраў з зямлi некалькi каменьчыкаў i раскiдаў iх вялiкiм пальцам, як у гульнi ў шарыкi.
   - Што я магу сказаць? - загаварыў ён. - Перамены павiнны быць, гэта правiльна. Мне адзiн расказваў, што было ў Акране, у штаце Агаё. На каўчукавых заводах. Рабочых там набралi з горцаў, бо яны iшлi за любую плату. А горцы гэтыя ўзялi ды ў саюз уступiлi. Ну, панове, што тут усчалося! Крамнiкi, легiянеры i да iх падобныя ваенную муштру праходзяць, гарлапаняць: "Чырвоныя!" Патрабуюць выгнаць саюз з Акрана. Прапаведнiкi супраць яго пропаведзi чытаюць, газеты лямант паднялi, каўчукавыя заводчыкi дубiнкi вырабляюць, бомбамi са слёзатачывым газам запасаюцца. Можна было падумаць, што горцы гэтыя не людзi, а д'яблы нейкiя. - Ён памаўчаў i падняў з зямлi яшчэ некалькi каменьчыкаў, каб потым iмi пастраляць з пальца. - Вось так, шаноўныя панове... гэта ўсё было ў сакавiку... I вось неяк у нядзелю пяць тысяч горцаў выправiлiся за горад папрактыкавацца ў стральбе па мiшэнях. Так усе пяць тысяч i прайшлi праз горад, i ва ўсiх у руках стрэльбы. Пастралялi - i назад. Толькi i ўсяго. З тае пары цiха стала. Гарадскiя апалчэнцы здалi дубiнкi назад, крамнiкi сядзяць па сваiх крамах, нiкога не збiлi, нiкога ў смале i пер'i не выкачалi, усе засталiся цэлыя i здаровыя. - Запанавала доўгае маўчанне. Нарэшце чалавек у чорным капелюшы сказаў: - Тут яны ўжо нешта дужа разышлiся. Лагер спалiлi, людзей нашых б'юць. Я ўсё думаю... Стрэльбы ёсць ва ўсiх. Можа, i нам завесцi клуб аматараў стральбы па мiшэнях i збiрацца ўсiм кожную нядзелю?
   Людзi паглядзелi на яго, зноў апусцiлi вочы долу i неспакойна заварушылiся на кукiшках, пераносячы цяжар цела з адной нагi на другую.
   РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
   Вясна ў Калiфорнii прыгожая. У далiнах на фруктовых дрэвах духмяная, бела-ружовая квецень - як хвалi на марскiм мелкаводдзi. Першыя вiнаградныя вусiкi на старых вузлаватых лозах каскадам спадаюць па ствалах. Шырокiя зялёныя ўзгоркi робяцца акруглымi i пяшчотнымi, як жаночыя грудзi, а ў нiзiнах на агародных участках мiля за мiляй цягнуцца градкi бледна-зялёнай салаты, верацёнападобнай цвятной капусты i нейкiх вычварных, быццам незямных, шэра-зялёных артышокаў.
   А потым на фруктовых дрэвах распускаецца лiсце, пялёсткi ападаюць з кветак на зямлю i ўсцiлаюць яе бела-ружовым дываном. Кветаножка набракае, расце, набывае колер: вiшнi i яблыкi, персiкi i грушы, iнжыр, якi замыкае кветку ў сваiм плодзе. Уся Калiфорнiя налiваецца сокам, фрукты цяжэюць, галiны пакрысе згiнаюцца пад iх грузам, i тады пад кожную падстаўляюць падпорку.
   Пра ўрадлiвасць клапоцяцца людзi ўдумлiвыя, дасведчаныя i ўмелыя, яны праводзяць доследы з насеннем, безупынна ўдасканальваюць тэхнiку атрымання высокiх ураджаяў раслiн, карэнне якiх павiнна адолець мiльённую арду ворагаў зямлi: кратоў, насякомых, iржу i цвiль. Людзi гэтыя працуюць старанна i няспынна, паляпшаюць насенне i каранi. А ёсць яшчэ хiмiкi - яны апырскваюць дрэвы, аберагаючы iх ад шкоднiкаў, абкурваюць серай вiнаградныя лозы, змагаюцца з грыбком, гнiллю, з мучнiстай расой i з iншымi хваробамi раслiн. Ёсць яшчэ i медыкi-прафiлактыкi, пагранiчныя iнспектары, якiя высочваюць пладовую муху i японскага жучка; каранцiнныя наглядчыкi, якiя вырываюць хворыя дрэвы з карэннем i паляць iх; усе яны спецыялiсты ў сваёй справе. А тыя, хто прышчэплiвае маладыя дрэўцы i тонкiя вiнаградныя лозы, - самыя ўмелыя, бо iх работа - гэта работа хiрурга, такая ж далiкатная i беражлiвая: трэба мець рукi хiрурга i сэрца хiрурга, каб зрабiць надрэз на кары, укласцi прышчэпак, перавязаць рану, ахаваць яе ад доступу паветра. Гэта выдатныя людзi.
   Уздоўж радоў iдуць культыватары - падымаюць вясновы дзёран, пераварочваюць яго, каб зямля стала ўрадлiвай, праразаюць арашальныя канаўкi, знiшчаюць карэнне пустазелля, каб яно не высмактала вады, прызначанай дрэвам.
   А плады набракаюць сокамi, i на вiнаградных лозах паяўляюцца доўгiя гронкi кветак. I па меры таго як вясна пераходзiць у лета, спёка мацнее, лiсце робiцца цёмна-зялёным. Слiвы становяцца падобныя на маленькiя птушыныя яйкi зялёнага колеру, i галiны ўсiм цяжарам асядаюць на падпоркi. Пачынаюць акругляцца маленькiя цвёрдыя грушы, паяўляецца першы пушок на персiках. Вiнаградны цвет губляе свае малюсенькiя пялёсткi, i цвёрдыя пацеркi ператвараюцца ў маленькiя зялёныя мячыкi, i мячыкi гэтыя цяжэюць. Людзi, што працуюць на палях, гаспадары невялiкiх фруктовых садоў, прыглядаюцца да ўсяго гэтага i робяць разлiкi. Год выдаўся ўраджайны. I людзi ганарацца сабой, бо iхнiя веды дапамаглi iм дамагчыся добрага плёну. Веды iхнiя ператварылi свет. Нiзенькая, кволая пшанiца вырасла i налiлася зернем. Маленькiя кiслыя яблыкi сталi вялiкiмi i салодкiмi, а вунь той дзiкi вiнаград, што вiўся сярод дрэў, сваiмi маленечкiмi ягадкамi кормячы птушак, цяпер нарадзiў тысячу гатункаў чырвоны i чорны, зялёны i бледна-ружовы, лiловы i жоўты, i ў кожнага гатунку свой смак. Людзi, што працуюць на доследных фермах, вывелi новыя фрукты нектарыны, сорак сартоў слiў i грэцкiя арэхi з тонкай, як папера, шкарлупiнай. I людзi безупынна працуюць - селекцыянiруюць, робяць прышчэпкi, перайначваюць, не шкадуючы сябе, не шкадуючы зямлi.